Класкоўскі Аляксандр

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было" 
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?

У прафесійнай журналістыцы больш за трыццаць гадоў. Працаваў у самых розных амплуа. Пачынаў рэпарцёрам, быў зменным і адказным сакратаром, рэдагаваў маладзёвы часопіс “Парус”.

Падчас гарбачоўскай галоснасці, у 1988—1991 гадах, узначальваў газету “Знамя юности”. Быў намеснікам галоўнага рэдактара “Народнай газеты” часоў І.Сярэдзіча. Вёў “прамыя лініі” на тэлебачанні з тагачасным кіраўніком Вярхоўнага Савета Беларусі С.Шушкевічам. Быў першым рэдактарам першай у краіне грамадска-палітычнай інтэрнэт-газеты Naviny.by.

У апошнія гады — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, вядучы блога на сайце “Нашай нівы”.

1

Ведаеце, я пачну з таго, што нам, журналістам, не варта трапляць ў палон той біпалярнасці, якую накідаюць асобныя палітычныя дзеячы.

Журналістыка — яна адна. Іншая рэч, што назіраюцца небяспечныя мутацыі. Асабліва ў нашай палітычна выродлівай рэчаіснасці. Вялікая спакуса стаць на бок адной з сіл, узброіцца просценькай чорна-белай схемай. Але не трэба блытаць газету з барыкадай.

Ну, зразумела, дзяржаўныя СМІ — у пракруставым ложку ідэалагічнай вертыкалі. Але ж у супрацоўнікаў недзяржаўных медый — патэнцыйна шырэйшы абсяг для творчага падыходу. На жаль, некаторыя з іх апынаюцца ў пастцы стэрэатыпаў, самі для сябе вызначаюць вельмі вузкае рэчышча.

Ніколі не імкнуўся быць рэвалюцыянерам. Але мне зусім не падабаецца, што цяперашняя сістэма нахабна замахваецца на мае прафесійныя правы. Свабода мне патрэбная і як чалавеку (бо свабода ў прынцыпе лепшая за несвабоду), і як журналісту. Ужо каторы год над намі вісіць праклён самацэнзуры. Іншым разам перачытаеш уласны артыкул, напісаны гадоў пяць-сем таму, — і сам сабе мусіш прызнавацца: сёння вось у гэтым месцы так рэзка, бадай, не напісаў бы, ужыў бы нейкі эўфемізм ці эзопаву мову… Самацэнзура душыць думку, падкошвае прафесіяналізм.

З іншага боку, засмучае і ўзровень мыслення асобных апазіцыйных правадыроў. Маўляў, паколькі мы змагаемся за святыя ідэалы дэмакратыі, то вы, недзяржаўныя медыі, мусіце нас ўсяляк піярыць і не крытыкаваць. Фактычна яны недалёка адышліся ад працы Леніна “Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура”.

Ад эксплуатавання ў медыйнай прасторы біпалярнага падыходу ў абываталя застаецца ўражанне, што кіроўная каманда і яе палітычныя праціўнікі б’юцца за пусты мех, паліваючы адно аднаго па поўнай праграме. У медыях бракуе дыскусіі, асэнсавання шляхоў змены сітуацыі. Варта даводзіць паспалітаму люду простую ісціну: праблема не толькі ў тым, што Лябедзьку з Вячоркам не пускаюць у парламент — гэта ж найперш вас, шаноўныя, пазбаўляюць права выбару!

Але асэнсоўваць цяжэй, чым выгукваць лозунгі. Увогуле, каб быць цікавым чытачу (гледачу, слухачу, юзеру), журналіст мусіць сам трохі варушыць звілінай. Перыядычна ладзіць сабе апгрэйд, кажучы камп’ютэрнай мовай.

І вось вам інфармацыя для роздуму. Трохі нагружу лічбамі, якія акурат у мяне пад рукой. Мы шаблонна дзяўбем, што “грамадства задыхаецца без праўды”. Між тым, паводле НІСЭПД (Вільнюс), з 2001 года доля нашых суграмадзян, якія заяўляюць, што маюць дастатковы доступ да інфармацыі аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі, — падвоілася! У чэрвені 2008 года такіх было 63,3%. Заўважце: гаворка не аб прагнозе надвор’я, а менавіта аб палітычнай інфармацыі!

Другі трэнд: за гэтыя ж сем гадоў колькасць актыўных карыстальнікаў інтэрнэту вырасла ў 12 разоў: з 1,9% да 22,8%.

Здавалася б, выснова на паверхні: народ пайшоў у сеціва і там наталяе інфармацыйны голад. Часткова гэта так. І не выпадкова вастрыё новага закона аб СМІ скіравана супраць сеціўнай вольніцы.

Але як вам такая дынаміка: за гэты самы перыяд з 39,3% да 46,9% вырасла доля тых, хто давярае беларускаму тэлебачанню! Вось вам і “народ стаміўся ад хлусні”!

Але і тут не ўсё так проста. Доля тых, хто не давярае БТ, вырасла яшчэ прыкметней: ад 33,6% да 43,5%.

Такім чынам, за гэтыя сем гадоў проста рассмакталася “балота”, якое ўхілялася ад выразных адказаў. Іначай кажучы, грамадства яшчэ болей палярызавалася. У сітуацыі расколу адзін бок не хоча слухаць іншы. На жаль, медыі і журналісты становяцца закладнікамі гэтай сітуацыі і часта толькі дадаюць дэцыбелаў бессэнсоўнаму дыялогу глухіх.

Іншая рэч, што ты мусіш вызнаваць пэўныя прынцыпы — прафесійныя ды грамадзянскія. Я заўжды імкнуўся быць найперш прафесіяналам (пра грамадзянскасць прамаўчу, бо не люблю зашмальцаванага пафасу). Таму абраў недзяржаўную журналістыку. Бо, як казаў Камю, “свабодны друк бывае добрым ці кепскім, гэта слушна. Але яшчэ болей слушным ёсць тое, што несвабодны друк бывае толькі кепскім”.

Добра вядома, як “любіць” нашае чынавенства недзяржаўную прэсу. Можна трапіць пад раздачу ні за панюх табакі. Разам з тым, кладучы руку на сэрца, варта прызнаць, што часам калегі з незалежных СМІ нажываюць ліха на сваю галаву і праз недахоп прафесіяналізму. Дэмакратычныя погляды не мусяць быць нейкай індульгенцыяй. Кепска, калі жаданне любой цаной уесці рэжым штурхае кагосьці да некарэктнага абыходжання з фактамі, хамскага тону. Крытычнасць і хамства — розныя рэчы.

Канечне, калі камусьці падабаецца займацца “прапагандай наадварот” — гэта ягоная асабістая справа. Але варта разумець, што гэта ўжо зусім іншае амплуа. І не бэсціць калегаў за імкненне датрымліваць чысціню жанру, узнімацца над палітычнай бойкай, калі таго патрабуюць прафесійныя прынцыпы. Гэта не аморфнасць і не бесхрыбетнасць, а жаданне працаваць паводле цывілізаваных стандартаў.

Ну а калі прынцыповы выбар зроблены, то далей ужо твой лёс вызначае вось гэтая максіма: рабі, што належыць, і хай будзе, што будзе.

2

Пасыпаць галаву попелам і папрасіцца ў ідэалагічную абслугу? Стары ўжо я для такіх сальта-мартале (хаця прэцэдэнты сярод нашых калегаў былі). Калі ж сур’ёзна, то ў створанай цяперашняй уладай сістэме дзяржаўных СМІ не бачу магчымасці датрымліваць вызначаныя для сябе прафесійныя прынцыпы. Хіба што пісаць пра рададэндраны ў батанічным садзе.

Але ж я не аматар батанікі. Я хачу займацца палітычнай журналістыкай. Канечне, найлепей было б пры гэтым не адчуваць над сабой дамоклавага мяча. Аднак цяперашняя ўлада выбрала менавіта такую методу: прыдушыўшы многія незалежныя медыі, пакінула каліва дзеля вітрыны, а над жменькай іх супрацоўнікаў падвесіла той меч.

Што ж да дзяржаўных СМІ, то там палітычнай журналістыкі ў нармалёвым сэнсе не існуе. Суцэльная прафанацыя.

Чым працаваць ў медыях, падначаленых дзяржаўнаму апарату, дык лепей у дворнікі. Паколькі я паспеў захапіць ладны кавалак савецкай эпохі, то выразна бачу, што зараз дзяржаўная манаполія на СМІ — гэта паўтарэнне гісторыі ў выглядзе фарсу. Адна рэч — калі была жалезная заслона, і мы, савецкія людзі сапраўды не ведалі, напрыклад, як жыве Захад, як працуюць механізмы правоў і свабод. Сёння ж, калі свет глабалізаваўся, калі грамадства мае доступ да плыняў альтэрнатыўнай інфармацыі, для журналіста выбіраць позу страуса — гэта поўны адстой.

Ну а шкадаваў я іншым разам хіба што пра колішнія магчымасці друкаваць артыкулы накладам 700-800 тысяч асобнікаў. Такія наклады мела газета “Знамя юности”, калі я рэдагаваў яе падчас гарбачоўскай перабудовы. Амаль такой жа папулярнай была “Народная газета” часоў Іосіфа Сярэдзіча. Там я працаваў намеснікам на пачатку 90-х, у кароткі перыяд нацыянальна-дэмакратычнага ўздыму. Калі выходзіў добры артыкул — лісты з водгукамі табе прыносілі ахапкамі, а калі ты пісаў рэгулярна, то прозвішча ведалі ў кожным кутку краіны.

Гаворка тут не пра славалюбства, хаця калі творчы чалавек кажа, што гэтыя рэчы яму па барабане, то ён проста какетнічае. Гаворка — пра грамадскую запатрабаванасць нашай працы. Трэба глядзець праўдзе ў вочы: зараз недзяржаўная журналістыка ў андэграўндзе. Адны выштурхнутыя з сістэмы пішуць пра (і ў значнай ступені для) такіх жа выштурхнутых.

І таму іншым разам можа накаціць хваля — не, не адчаю, а, мусіць, нейкай стомы. Столькі гадоў біцца як рыба аб лёд — і нуль па фазе! У тым сэнсе, што да тых ідэалаў дэмакратыі, павагі да правоў і свабод (і найперш да свабоды слова) у нас па-ранейшаму як да Месяца.

І тут зноў ратуе адно з маіх улюбёных выслоўяў: рабі, што належыць, і хай будзе, што будзе.

3

Маці, пакуль была жывая, непакоілася, каб у мяне не было непрыемнасцей праз крытычныя артыкулы: “Ты ж глядзі там, асцярожней…”. Карацей, ставілася, як і любая маці. Зрэшты, ніколі не адгаворвала ад працы ў недзяржаўнай журналістыцы. Можа, таму, што сама была чалавекам прамым. Не трывала несправядлівасці, магла сказаць непрыемную праўду і начальству ў вочы. Так што яна мяне разумела.

З іншага боку, прызнаюся, сам казаў дачцэ Вользе: не спяшайся ўлазіць у палітычную журналістыку, пакуль не скончыла вучобу. Але ж так яна і паслухала! Стала супрацоўнічаць з “Народнай воляй”, лезці ў гушчу розных мітынгаў ды маніфестацый. У выніку пачаліся непрыемнасці на дзяржаўным журфаку, што скончылася выключэннем…

Ненармалёва, калі журналістаў робяць закладнікамі палітыкі. І не варта кідаць камяні ў калегаў па цэху за тое, што выбіраюць ціхую затоку. Калі гаворка не ідзе, канечне, пра зарабленне на хлеб з маслам праз элементарную подласць, чорны піяр. Ненармальная тая краіна, тая палітычная сістэма, дзе ад журналіста раз-пораз патрабуецца ледзьве не геройства, каб проста заставацца сумленным.

Увогуле ж удзячны сваім блізкім за разуменне. Іншым разам я мог пачуць папрок за тое, што праца з’ядае увесь мой час. Але за сам выбар не дакаралі. Яны ведаюць, што я не магу прыніжацца.

4

Нарадзіўся 12 верасня 1958 года ў вёсцы Новы Двор Рагаўскога сельсавета Мінскага раёна. Цікавыя мясціны: не надта тыповыя для нашай краіны крутыя пагоркі (“беларуская Швейцарыя”), побач — Вязынка, дзе нарадзіўся Купала, а таксама месца гібелі Гастэлы.

І яшчэ — лінія дотаў, па якіх мы шасталі ў маленстве, не ведаючы, што потым яе міфалагізуюць як “Лінію Сталіна”. Дзяды распавядалі, што ніякіх баёў на ёй не было: немцы прайшлі як нож скрозь масла.

Побач — партызанская пушча, дзе месцілася брыгада “Штурмавая”. Як быў малы, жыло яшчэ шмат былых партызан і франтавікоў, што распавядалі пра вайну зусім не так, як распісвала савецкая прапаганда. Тады і зарадзілася пачуццё, што афіцыёз  многае скажае “дзеля прыгажосці”.

Ад дзяцінства засталіся ўспаміны аб прыроднай чысціні: у рэчцы лавілі ракаў, з таполяў пры канцы вясны страсалі безліч хрушчоў (яны моцна шамацелі ў запалкавай каробцы — мы гэта называлі “радыё”), зграямі лёталі матылькі… Потым дзеля выканання грандыёзных сацыялістычных планаў усё гэта было патручана дустам, смуроднымі сцёкамі жывёлагадоўчых комплексаў, здратавана калгаснай механізацыяй.

Выразнай мары, кім стаць (менавіта з дэталізацыяй да канкрэтнай прафесіі, спецыяльнасці) у дзяцінстве не было. Проста было цікава вучыцца. Чытаў з чатырох гадоў. Глытаў кнігі. Цягам першага-другога класаў перачытаў усю бібліятэку нашай школы-васьмігодкі і стаў ездзіць на аўтобусе ў суседнюю Рагаву, дзе пры сельсавеце была большая бібліятэка.

Купіўшы ў жніўні новыя падручнікі, што смачна пахлі друкарскай фарбай, праглытваў іх за пару дзён — усё было страшэнна цікава! — і потым цягам навучальнага года проста асвяжаў у памяці засвоенае.

З тае пары пах друкарскае фарбы ап’яняе. Для мяне гэта знак навіны, адкрыцця. Можа, гэта падсвядома і падштурхнула да працы газетчыка?

5

У мяне быў найперш літаратурны падыход да пісання ў раёнку. Пачынаў не з нататак пра перадавікоў, як многія, з кім потым пазнаёміўся на журфаку, а з гумарэсак, замалёвак. Гэтыя жанры не былі так абмежаваныя ідэалагічна і давалі абсяг для гульні словамі, адточвання стылю. І па сёння асабліва цаню літаратурны бок журналістыкі, культуру пісьма, вобразнасць і густоўнасць стылю.

З іншага боку, я не хварэў на рыфмаванне, не будаваў планаў пра напісанне раманаў. Таму менавіта газета, дзе твае творы маглі хутка пабачыць свет і быць прачытаныя тваімі ж аднакласнікамі, аднавяскоўцамі, была для мяне найлепшым варыянтам. Пазней гэтае жаданне як мага хутчэй данесці свае думкі і пачуцці да іншых, выказацца, пакуль не перагарэў нейкай тэмай, прывяло ў інтэрнэт.

6

У старэйшых класах пачаў пісаць гумарэскі ў раённую газету. Гэты быў найболей разняволены жанр, які даваў магчымасць трохі паіранізаваць над рэчаіснасцю эпохі брэжнеўскага застою. Хаця, канечне, я не пачуваўся нейкім дысідэнтам. Проста было выразнае ўсведамленне, што ёсць два паралельныя сусветы — савецкая міфалогія і рэальнае жыццё. І што гэты дуалізм — надоўга, калі не назаўсёды.

Абвал камуністычнай сістэмы, распад СССР спарадзілі пачуццё дынамізму гісторыі. З тае пары засталося стойкае перакананне: дыктатуры не вечныя!

7

Аналітык інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.