Клінаў Артур

%d0%9a%d0%9b%d0%86%d0%9d%d0%90%d0%8e

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Мастака Артура Клінава (не без падстаў) называюць самым інтэлігентным «партызанам» Беларусі. Я б яшчэ дадаў – і самым крэатыўным. І не толькі таму, што ён рэдагуе альманах сучаснай беларускай культуры з прышпільнай назвай “pARTisan”. З крэатыўных момантаў складаецца ўсё яго неардынарнае жыццё.

Першы выбар

Першыя крокі па зямлі ў Артура Клінава былі самымі звычайнымі, хаця і тут у кагосьці могуць узнікаць пытанні. Нарадзіўся ён у беларускай сталіцы ў 1965 годзе. Рэальна гэта адбылося 5 студзеня, а «па пашпарце» – 5 верасня. Звычайна рабілася наадварот і дыктавалася жаданнем больш хуткай пенсіі.

Яго маці, Валянціна Васільеўна, была праграмістам і працавала з электроннымі вылічальнымі машынамі, якія тады толькі-толькі з’явіліся ў Савецкім Саюзе. Гэта была новая і вельмі цікавая прафесія, таму Артур заўсёды з вялікім задавальненнем прыходзіў да яе на працу. Спачатку маці працавала на абутковай фабрыцы, а потым узначальвала адпаведны цэнтр на тонкасуконным камбінаце.

Гледзячы на сучасныя «персаналкі», вельмі цяжка ўявіць, што некалі падобная тэхніка была памерамі з вялікія шафы. Асабліва ў той шостай частцы свету, дзе будавалі камунізм.

Прынцыповай камуністкай засталася ў памяці і маці Артура. Але не ў сэнсе вернасці «запаветам Ільіча». У кампартыі заўсёды знаходзіліся людзі, якія дамінавалі на трыбунах. І тыя, хто рабіў «чарнавую справу». Менавіта да апошніх яна і адносілася. Сёння такіх называюць працаголікамі – з раніцы да позняга вечара прападала на рабоце.

А бацька Артура Клінава «загінуў на вайне». Але зноў жа не ў тым сэнсе, як гэта некалі сказаў пляскаючым у далоні ветэранам адзін усім вядомы персанаж. Апошні хацеў гэткім танным папулісцкім чынам спадабацца пэўнаму электарату. У Клінава прычына іншая. Так з крыўдай казала сыну маці, што даволі тыпова для жанчын, якія развіталіся з мужамі.

Аляксандр Аляксеевіч з сям’і сышоў, калі сыну было толькі два гады.

Той быў вельмі неардынарным чалавекам, бо «сумяшчаў» у сабе званне майстра спорту па боксе і работу мастаком. Спалучэнне і на сённяшні дзень вельмі цікавае. Звычайна людзі абіраюць нешта адно: альбо «спартыўны мардабой», альбо захапленне жывапісам, аднак у той час гэта было нярэдкай з’явай. Напрыклад, у Клінава-старэйшага сябрам быў вядомы скульптар Канстанцін Сарока – майстар спорту па стральбе з лука.

Словам, кола сяброў бацькі складалася з дзіўнага міксту мастакоў і спартсменаў, і жыў ён (у фінансавым сэнсе), мякка кажучы, няблага. Можна нават сказаць – прыгожа. Ён працаваў мастаком-афарміцелем.

А замовы ад дзяржпрадпрыемстваў тады былі даволі важкімі. За афармленне «пад ключ» аднаго калгаса, то бок з поўнай нагляднай агітацыяй (стэлы, помнікі, дошкі гонару і г.д.) плацілі такія грошы, пра якія многія цяперашнія мастакі могуць толькі марыць.

Са сваім бацькам Артур па-сапраўднаму пазнаёміўся толькі ў сярэдзіне вучобы ў школе. Маці на той момант ужо расказала праўду, і ён ведаў, што з’яўляецца нашчадкам мастака. Таму без якіх-небудзь ваганняў-сумненняў з самага дзяцінства Артур Клінаў марыў стаць мастаком і сам. І справа не толькі ў тым, што пры першай сустрэчы бацька падарыў яму набор вельмі дарагіх (і па кошце, і па якасці) пэндзляў для малявання. Як казаў адзін з булгакаўскіх герояў – кроў. То бок – гены.

Артур Клінаў вучыўся адразу ў дзвюх школах. «Звычайнай» (сярэдняй агульнаадукацыйнай) была школа №61, што месціцца на вядомым усяму Мінску бульвары Шаўчэнкі і стала цяпер гімназіяй №3. А «незвычайнай» (мастацкай) была школа №1, якая знаходзіцца на не менш вядомай вуліцы Валадарскага. На шчасце, абедзве і сёння працуюць «па профілі».

Дзеля справядлівасці, трэба назваць яшчэ і трэцюю навучальную ўстанову.

Першыя чатыры гады Артур Клінаў адвучыўся ў школе №6, і толькі потым яны пераехалі на Старажоўку, якую раней усе ведалі па знакамітым птушыным рынку. Зараз там пабудаваны мемарыял у гонар герояў Першай сусветнай вайны.

І ўвогуле, ад былой Старажоўкі ўжо так мала засталося, што шмат у каго выклікае абурэнне. Ва ўсім свеце людзі спрабуюць захаваць элементы гарадской аўтэнтычнасці, а ў нас, наадварот, яе знішчаюць. Так звычайна бывае толькі тады, калі кіраваць пачынаюць людзі з яўным дэфіцытам адукаванасці. Альбо тыя, хто не нарадзіўся ў тым месцы, аднак каму там выпала «руліць»…

Раён лічыўся «габрэйскім». Для Беларусі гэта было вельмі распаўсюджанай з’явай (колішняя мяжа аседласці), таму няма нічога дзіўнага, што большасць сяброў Артура мелі адпаведную «пятую графу». Як вядома, габрэі ў тыя часы вельмі крытычна ставіліся да камуністычнай ідэалогіі. «Антысаветчыкам» стаў і Артур Клінаў.

Як і яго бацька, дарэчы, які ненавідзеў камуністычны лад «усімі фібрамі душы».

Цікава, што за адной школьнай партай Артур сядзеў з вядомым спецыялістам па беларускай філалогіі Змітром Саўкам, якога і зараз з павагай называе «акадэмікам». Прыблізна ў сёмым–восьмым класе яны пачалі адкрываць для сябе беларушчыну, што было падобным да набыцця новага свету. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што вельмі хутка іх сталі лічыць галоўнымі антысаветчыкамі класа. А потым і галоўнымі нацыяналістамі.

Пасля заканчэння школы Артур Клінаў падаў дакументы ў Беларускую мастацкую акадэмію, якая на той момант з’яўлялася яшчэ інстытутам. Але з першага разу не паступіў – Тэатральна-мастацкі інстытут лічыўся вельмі прэстыжным. Трапіць туды без пратэкцыі было амаль немагчыма.

Першы перфоманс

Каб не губляць час, Клінаў год правучыўся на архітэктурным факультэце палітэха, плануючы потым  паўтарыць спробу атрымаць мастацкую адукацыю. Аднак, як кажуць, «люди предполагают, а Бог располагает». Вучоба на архітэктурным так спадабалася Артуру, што наступным летам ён вырашыў нічога ў сваім жыцці не мяняць. І не паступаць зноў «на мастака», бо ім можна стаць і з архітэктурнай адукацыяй. Сумежныя сферы – відавочна.

Дарэчы, вучыўся ён у тым самым «Парусе», які ў савецкія часы быў своеасаблівай візіткай беларускай сталіцы і ўражваў усіх, хто прыязджаў у Мінск з боку Масквы. Новы корпус тады толькі-толькі пачаў працаваць.

Акрамя таго, што архітэктура ў нейкім сэнсе лічыцца галіной, якая стаіць даволі блізка да мастацтва, было яшчэ два важкія аргументы на карысць БПІ.

Самы галоўны – наяўнасць у інстытуце ваеннай кафедры, што ў далейшым пазбаўляла ад тэрміновай вайсковай службы. Артур Клінаў на той момант ужо быў перакананым пацыфістам – зусім не дзіўна ў сувязі з прыходам у Савецкі Саюз ідэалогіі хіпі.

Напэўна, ён мог бы «закасіць», як гэта зрабілі некаторыя сябры, але ў тыя гады падобнае было не толькі нечым экстраардынарным, але і не зусім нармальным. Гэта цяпер «косяць» усе, хто не лянуецца, а раней усё наадварот! У грамадскай свядомасці тыя, хто не выканаў «священный долг», мякка кажучы, не карысталіся папулярнасцю. І ставіліся да гэтага вельмі сур’ёзна: каб «закасіць», трэба было (як мінімум) паляжаць у вар’ятні.

Клінаву такое не пасавала.

Другі сур’ёзны аргумент «за» архітэктурны факультэт БПІ — «вольнае паветра», якое там панавала. Напэўна, гэта быў адзін з самых дэмакратычных факультэтаў Беларусі таго часу. Хаця і ішла перадфінальная стадыя развіцця СССР, але гэта быў САВЕЦКІ САЮЗ. З усімі ідэалагічнымі атрыбутамі і правіламі. Ніхто нават уявіць не мог, што ўсяму гэтаму праз дзесяць гадоў прыйдзе канец.

На архітэктурным факультэце дух свабоды быў непараўнальна мацнейшым, чым на іншых, і Артуру гэта таксама вельмі падабалася.

Па-іншаму проста і быць не магло, бо ў юнацкія гады «школьны базіс» стаў прынцыповымі перакананнямі.

Яшчэ раз падкрэсліваю, што Артур Клінаў увесь час вучобы ў ВНУ марыў стаць мастаком і ніводнага дня не збіраўся працаваць па спецыяльнасці. Таму, калі яго размеркавалі ў Зэльву галоўным архітэктарам раёна, гэта ўспрынялося нейкай недарэчнасцю.

Менавіта яна і стала глебай для першага ў жыцці перфомансу. Каб лепш перадаць усе дэталі гэтага прышпільнага эпізоду, перайду да расказу самога «первоисточника»:

«Натуральна, што ў Зэльве ўжо быў свой галоўны архітэктар, таму маё паяўленне ў гэтым горадзе ўспрынялі, скажам так, без асаблівай радасці. Гэта было дарэчы, бо працаваць архітэктарам і не збіраўся.

Яшчэ ў школе я насіў даволі доўгія валасы, за што не раз меў праблемы. Хто жыў у той час, ведае, аб чым гаворка. Ідэалогія хіпі не пасавала да марксізму-ленінізму, таму мой “хаяр” турбаваў не толькі школьных настаўнікаў і міліцыянтаў. Часам гэта адбывалася нават на вуліцы. Нападнікамі былі звычайныя прахожыя.

 Калі дадаць яшчэ модныя тады клёшы і завушніцу, няцяжка ўявіць, што выгляд у мяне быў цалкам “антысавецкі”.

У Зэльве я перасягнуў нават такі варыянт. Спецыяльна замест больш-менш прыстойнага “прыкіду” надзеў нейкія лахманы. Намаляваў сабе некалькі часовых татуіровак, на вуха – цыпель, ледзь не крыж на шыю павесіў. Словам, пачвара.

Уявіце, у такім выглядзе заходжу ў кабінет галоўнага архітэктара Зэльвы і кажу: “Мяне па размеркаванні прызначылі на ваша месца, але працаваць тут не хачу!” У яго сківіца адвісла. Адмацаванне ён падмахнуў тут жа.

Тое ж самае было і ў Гародні, у абласной установе. Маўляў, нам такія “кадры” не патрэбныя…»

Вольнае паветра

З таго часу Артур усё жыццё быў фрылансерам. Сёння – ёсць, заўтра (якое можа цягнуцца да месяца) – няма.

Амаль адразу ён запакаваў кнігі, пэндзлі і г.д. і паехаў у Піцер, які тады называўся Ленінградам. Горад вельмі цікавы, Клінаў нават хацеў туды эмігрыраваць. Паехаў, што называецца, «у белы свет, як у капеечку». Маляваў, жыў у майстэрнях сяброў.

1987 год. З усіх гарадоў Савецкага Саюза Піцер быў самым прагрэсіўным. Пачалася перабудова. Нават паветра здавалася вольным.

Сяброў у Артура там набралася вельмі шмат, аднак увесь час туляцца па нейкіх тусоўках – не ў кайф. Напэўна, калі б у Піцеры ў Клінава было нешта сваё, ён там бы і застаўся. А так – ні кала, ні двара. Качэўна-багемнае жыццё хутка стаміла.

Праз паўгода Артур зразумеў, што трэба крыху «адпачыць», і вярнуўся ў Мінск. Канешне, Піцер яшчэ наведваў, але ўжо без спробы канчатковай эміграцыі. Такой ідэі больш не ўзнікала ў прынцыпе.

І не толькі да Піцера. Калі адчыніліся межы, шмат хто з’ехаў у Нямеччыну, Польшчу, Швецыю, але Клінаў зразумеў: лёсам яму наканавана толькі Беларусь.

Канец 80-х гадоў мінулага стагоддзя можна назваць фантастычным часам для ўсіх творчых людзей, а для мастакоў асабліва. Перабудова, што называецца, адчыніла ім усе дзверы. Мажлівасці з’явіліся неверагодныя.

Класічны жывапіс ніколі не цікавіў Артура Клінава. Яшчэ ў школе ён цвёрда вырашыў стаць авангардыстам, хоць уяўленне пра сутнасць гэтага слова меў даволі туманнае.

Менавіта для нонканфармісцкага мастацтва наступіў тады свой «залаты век». Творчае жыццё літаральна бурліла. Падобнае бывае даволі рэдка. Напэўна, раз у сто гадоў.

У мастацкім асяроддзі панавала сапраўдная эйфарыя, якая, на жаль, для некаторых потым скончылася вялікім расчараваннем.

Цікавасць да «рускага авангарда» тады была проста неверагоднай. Прычым ва ўсім свеце. Замежныя калекцыянеры скуплялі ўсё, што рабілі мастакі гэтага кірунку. Нагадаю, яшчэ існаваў Савецкі Саюз, які ў замежных светапоглядах атаясамліваўся з Расіяй, таму нейкіх умоўных нацыянальных падзелаў не існавала. Усе былі «рускімі»…

Словам, авангардысты тады мелі і грошы, і магчымасці ствараць. Дазваляць сабе большае, чым, напрыклад, савецкі мастак, які працуе на фабрыцы.

Бліжэй да сканчэння «авангарднага рэнесансу» ў грамадстве стала з’яўляцца новая хваля жыццёвых арыенціраў – уласны бізнес. Маладых і актыўных гэтая «хвароба» закранула асабліва. У тым ліку і Артура Клінава. Усе адкрывалі нейкія фірмы, кааператывы.

На змену эйфарыі вярталіся рэаліі.

З сябрам, якога Клінаў прывёз у Мінск з Піцера, яны займаліся народнымі промысламі – гжэль, палех, хахлама, матрошкі і г. д. Нічым падобным у Беларусі ніхто тады не гандляваў, таму ў першых была ўнікальная магчымасць працаваць, як кажуць, з чыстага аркуша. Першым тады ўвогуле неверагодна шанцавала. Зараз жа ўсім гэтым літаральна забіты кожны буйны магазін.

Кампаньён Клінава — Аляксандр Русанаў (графскае прозвішча). Артур так і называе яго: «граф Русанаў». Пазнаёміліся ў Піцеры. Клінаў перацягнуў яго да нас. Атрымалася «эміграцыя наадварот».

З нязменным поспехам яны наадкрывалі сваіх гандлёвых «кропак» амаль ва ўсіх топавых гатэлях Мінска («Планета», «Юбілейная», «Беларусь») і да моманту з’яўлення вялікай колькасці канкурэнтаў вельмі добра сябе адчувалі.

Калі нехта пытаецца, чым тагачасныя бізнесмены адрозніваюцца ад сучасных, адказваю: раней шукалі нешта сваё, эксклюзіўнае, новае, а цяпер – толькі «блізкасць да цела».

Эксклюзівам створанай Клінавым і яго сябрам фірмы сталі паўтараметровыя ядвабныя хусткі з ручным роспісам.

Калі спачатку бізнес і мастацтва можна было сумяшчаць, то потым узнікла патрэба выбару. У 1995 годзе Артур Клінаў аддаў перавагу мастацтву.

Зачыстка свабоды

І ніколі пра гэта вяртанне ў культуру не пашкадаваў. Калі ён «агледзеўся», то зразумеў, што гадоў пяць у ёй адсутнічаў. Усё вакол змянілася. У тым ліку і ў мастацтве. Займацца (як раней) авангардным жывапісам ён не мог. Трэба рушыць наперад. Артур Клінаў абраў для сябе новы кірунак – канцэптуальныя праекты, бо зразумеў, што «нерв жыцця» ўжо там. Безумоўна, заняткі жывапісам працягваліся, але ў сэнсе «галоўнасці» адыходзілі на другі план.

Першым праектам, які быў на мяжы паміж жывапісам і канцэптуальным мастацтвам, стала знаная навагодняя паштоўка з прэзідэнтам. Няма сумнення, што яе запомнілі многія, бо нічога падобнага раней ніхто не рабіў і не бачыў.

Далей былі чыста канцэптуальныя праекты – інсталяцыі, выкарыстанне розных аб’ектаў поп-арту, нечаканых матэрыялаў накшталт саломы, стварэнне перфомансаў і да т.п.

Потым для ўсёй беларускай культуры наступілі даволі змрочныя часы, калі тэрыторыя свабоды імкліва звужалася (для «чужых» мастакоў усе дзверы банальна зачыніліся), і яму прыйшлося ад канцэптуальнага мастацтва рушыць у бок журналістыкі.

Для новай улады культура, якая прымушае чалавека думаць, рухацца, шукаць, — непатрэбная. «Новыя» імкнуліся як мага найхутчэй закансерваваць грамадства, для чаго патрабавалася вярнуцца ў савецкія гады з іх «людзьмі працы» і застарэлымі «працоўнымі подзвігамі».

У культурным асяроддзі ўзнікла амаль пустэльня. Эмігрыравала цэлая генерацыя мастакоў. Усё наватарскае рабілася маргінальным, падпольным, можна нават сказаць, партызанскім. Так у 2001 годзе і ўзнік альманах сучаснага мастацтва «pARTisan».

У першым жа нумары дэкларавалася: ён стане трыбунай незалежнай «партызанскай» культуры. Дадзены арыенцір вытрымліваецца па наш час, што дае шанец – у будучым гэта мастацтва абавязкова заменіць тую савецкую культуру, якую сёння рэанімавалі тыя, хто пачаў «кіраваць» думкамі.

Новы арыенцір паявіўся і ў жыцці самога Артура Клінава. Ён стаў пісаць не толькі карціны, але і тэксты, што (па вялікім рахунку) цалкам лагічна. Канцэптуальны мастак больш працуе з ідэямі, чым з нейкімі матэрыяламі, а яны нязменна прыводзяць да разумення таго, што самай аптымальнай формай іх ажыццяўлення з’яўляецца вербальная, то бок слова.

Выданне “pARTisan’а” прымусіла Клінава часткова змяніць мальберт на аркуш паперы і па яшчэ адной вельмі трывіяльнай прычыне. Для любога новага часопіса (асабліва з такой спецыфікай), як вядома, заўсёды не хапае аўтараў, таму рэдактар проста вымушаны кампенсаваць гэты дэфіцыт уласнымі намаганнямі.

Як прызнаецца сам Артур Клінаў, спачатку было вельмі цяжка, але разуменне таго, што рабіць гэта проста няма каму, настойліва стымулявала новы від творчасці. Больш за тое, даволі хутка прыйшло разуменне: спыняцца нельга.

Трэці нумар альманаха цалкам прысвечаны Мінску. Для яго Артур і напісаў эсэ з назвай «Горад СОНца».

А яшчэ раней пачаў збіраць фотаматэрыялы, якія ілюструюць унікальнасць беларускай сталіцы, бо планаваў зрабіць (для памятнага прэзента) альбом. «Лубачна-савецкія» здымкі не перадавалі сапраўдны гарадскі каларыт, таму Клінаў вырашыў усё зрабіць сам і гадзінамі хадзіў па Мінску з фотаапаратам.

Спалучэнне эсэ для “pARTisan’а” і гэтых фота прывялі да з’яўлення ў 2005 годзе альбома «Горад СОНца. Візуальная паэма ў трох частках». Яго заўважылі, потым тэкст некалькі разоў перадрукавалі розныя выданні, а неўзабаве самога аўтара запрасілі ў Берлін, на літаратурны сімпозіум, прысвечаны Усходняй Еўропе, выступіць з адпаведнай лекцыяй. Менавіта там і ўзнікла ідэя зрабіць кнігу пра Мінск, цікавую нямецкім чытачам. Такі праект прапанавала рэдактар “Suhrkamp Verlag”, аднаго з самых топавых выдавецтваў Старога Свету.

Некалькі месяцаў Артур Клінаў напружана працаваў «на немцаў». У рэшце ў ФРГ выйшла кніга “Sonnenstadt der Trдum”, а потым выдавецтва «Логвінаў» надрукавала яе беларускамоўны варыянт «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца», які затым выйшаў у Польшчы, Швецыі, Венгрыі, Расіі. І атрымаў вельмі станоўчую літаратурную крытыку.

Потым з’явіўся яшчэ адзін альбом з назвай «Дванаццаць».

У 2011 годзе літаратурны шлях Артура Клінава працягнуў вядомы «Шалом. Ваенны раман». Не буду пераказваць змест кнігі. Нагадаю толькі, што яна цікава расказвае пра духоўны бунт мастака і метафарычны шалом, якім ён абараніў сябе ад навакольнага свету і перш за ўсё ад шоу-бізнесу. Кніга была сярод верагодных прэтэндэнтаў на адну з самых галоўных літаратурных прэмій Беларусі – імя Ежы Гедройца.

Варта адзначыць і яшчэ адзін даволі паспяховы дэбют. Назва яму – кіно. У 2008 годзе сябра Артура Андрэй Кудзіненка прапанаваў яму стаць мастаком-пастаноўшчыкам фільма «Масакра», які планаваўся ў якасці першага беларускага хорара. Клінаў пагадзіўся і вельмі хутка «захварэў» магіяй кіно.

На жаль, у біяграфічным нарысе немагчыма прыгадаць усе акалічнасці тых здымкаў. Але ж галоўнае – фільм адбыўся. А калі ён не адпавядае нейкім чаканням, тое сведчыць толькі пра адно: мастак ніколі не можа задаволіць усе чаканні… Асабліва калі ў яго ёсць пэўныя абмежаванні…

Адразу пасля заканчэння працы над «Масакрай» «Беларусьфільм» прапанаваў Кудзіненку працягнуць работу над новай версіяй экранізацыі знакамітай кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях». Калісьці Віктар Тураў ужо ажыццявіў нешта падобнае, але гэта быў апошні фільм рэжысёра, яго вельмі цяжка назваць шэдэўрам…

Як аўтар сцэнарыя міcтыку Яна Баршчэўскага Артур Клінаў вырашыў творча аб’яднаць з гістарычнымі фактамі акалічнасцяў забойства расійскага імператара Аляксандра II, якое ажыццявіў тэрарыст Ігнат Грынявіцкі. Сцэнар паспяхова прайшоў экспертную Раду пры міністэрстве культуры і нават быў гатовы для запуску, але потым яго раптам «замарозілі».

Палітычную падаплёку гэтага рашэння бачылі ўсе – пад час «інтэграцыі» нельга нагадваць пра тое, што рускага цара некалі забіў беларускі шляхціц. Калі спачатку яшчэ жылі нейкія надзеі на «размарозку», то пасля падзей 19 снежня 2010 года стала цалкам зразумела: пры сённяшняй уладзе ажыццяўленне праекта немагчыма.

Але вернемся зноў да літаратуры.Тыя, хто прачытаў новы раман Артура Клінава «Шклатара», скажуць, што менавіта сцэнар «Шляхціца Завальні» і лёг у аснову адной з сюжэтных ліній твора. Другой сталі падзеі, блізкія кожнаму з нас (19 снежня 2010 года) і вельмі гарманічна перапляліся з чарговым каханнем галоўнага героя, у якім многія пазнаюць самога аўтара.

Як і трэба было чакаць, рэакцыя на яго вельмі неадназначная. Адны ўбачылі ў кнізе сапраўдны бестселер. Другія даволі моцна пакрыўдзіліся. Чаго тут болей – пакажа час. Бясспрэчна толькі тое, што адносіны да любой творчасці не могуць быць адназначнымі па вызначэнні. Інакш яна перастае быць творчасцю…

Можа быць, менавіта па гэтай прычыне Артур Клінаў у нейкім сэнсе і падзяляе сучасную Беларусь на два праекты – палітычны і культурны. І прынцыпова лічыць апошні больш галоўным і значным, бо калі ён не адбудзецца, няма шанцаў на нейкія палітычныя зрухі. Змена ўлады не зменіць грамадства.

Пра планы Артура Клінава на бліжэйшую будучыню лепш за ўсё распавядзе сам Артур Клінаў, таму я зноў змяняю жанр нарыса на жывую мову героя:

– Праектаў вельмі шмат. Перш за ўсё яны звязаны з актывізацыяй працы над нашым альманахам. Калі раней выходзілі нумар–два на год, то зараз іх будзе чатыры. Да таго ж, мы пачалі новы праект – «Калекцыя pARTisan». Для Беларусі ён унікальны, гэта серыя, якая складаецца з усяго самага выбітнога, яскравага, цікавага, што адбывалася ў беларускім культурным жыцці мінулага дзесяцігоддзя. Па нашай версіі, канешне.

 Атрымаецца своеасаблівая энцыклапедыя сучаснага беларускага мастацтва ў 32 альбомах. Кожны мае сваю літару. 10 мы ўжо выдалі. Некаторыя з іх проста ўнікальныя. Напрыклад, «Беларускае мастацтва 80-х». Ніхто гэтую тэму тады не даследаваў.

Словам, работы – не на адзін год.

07.04.14

%d0%9a%d0%9b%d0%86%d0%9d%d0%90%d0%8e-1

%d0%9a%d0%9b%d0%86%d0%9d%d0%90%d0%8e-2 %d0%9a%d0%9b%d0%86%d0%9d%d0%90%d0%8e-3 %d0%9a%d0%9b%d0%86%d0%9d%d0%90%d0%8e-4

gorbaciou-3-45_30 kli_lus_gula_piesin-red-45_30 lus_vilnia-r2-45_30 gorbaciou-3-45_30 kli_lus_gula_piesin-red-45_30 lus_vilnia-r2-45_30 %d0%9a%d0%9b%d0%86%d0%9d%d0%90%d0%8e-5 %d0%9a%d0%9b%d0%86%d0%9d%d0%90%d0%8e-6 %d0%9a%d0%9b%d0%86%d0%9d%d0%90%d0%8e-7 %d0%9a%d0%9b%d0%86%d0%9d%d0%90%d0%8e-8 %d0%9a%d0%9b%d0%86%d0%9d%d0%90%d0%8e-10 %d0%9a%d0%bb%d1%96%d0%bd%d0%b0%d1%9e-11 %d0%9a%d0%9b%d0%86%d0%9d%d0%90%d0%8e-12