Кобец Уладзімір

 

%d0%ba%d0%be%d0%b1%d0%b5%d1%86-1

%d0%ba%d0%be%d0%b1%d0%b5%d1%86-1

 

 

  •  З кнігі “Супраць плыні

ШТО СНІЦЦА Ў КДБ  

Даведка: Уладзімір Кобец нарадзіўся 7 лістапада 1971 года ў Слоніме. У 1989 годзе скончыў БДУ па спецыяльнасці “географ-эколаг”. У 2000 годзе з адзнакай скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Адзін   з заснавальнікаў і каардынатараў руху “Зубр”. Кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава. Арыштаваны 21 снежня 2010 года. Прад’яўлена абвінавачванне па 1 і 2 частках артыкула “Масавыя беспарадкі”. У ноч на 27 студзеня 2011 года адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

Ад многіх даводзілася чуць, што добрых сноў  у “амерыканцы” амаль не бывае.  Маўляў,  аура  такая, бо раней там НКУС страляў “ворагаў народа”. Уладзіміру Кобецу заўсёды снілася нешта змрочнае і трывожнае. Адзіны светлы сон (сям’я) прысніўся толькі перад самым вызваленнем…

  Нечаканы ракурс

 Ва ўсякім выпадку менавіта  для мяне такім ён і стаў, бо сярод сучаснікаў такога  ўзросту  падобных прэцэдэнтаў  не ведаю. І тым больш іх амаль няма сярод прыхільнікаў  існуючай улады, бо “паказуха” там значна бліжэй, чым нешта шчырае. Ужо шмат гадоў Уладзімір Кобец збірае сведкі пра свайго дзеда Васіля.

Васіля Івлеевіча (у пасведчанні аб узнагародзе ён стаў Іванавічам) прызвалі ў савецкае войска (як і многіх “заходнікаў”) ужо пасля вызвалення Беларусі, у жніўні 1944 года. З вайны ён не вярнуўся і значыўся як “згінуўшы без весткі”.  Звесткі пра яго сын і ўнук спачатку збіралі разам, але ў  1988 годзе бацька Уладзіміра Кобеца памёр і той далей працягваў пошук самастойна.

А праз некалькі год прыйшла “ордэнская кніжка”, якая сведчыла аб тым, што “загадам 175 сд №0132 ад 05.10.1944 г. стралок 2 стр. роты 277 стралковага  палка 175 стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронту (палявая пошта 53440)  Кобец В.І. узнагароджаны ордэнам “Славы 3 ступені”.

Падпісаў гэтую паперу М.С. Гарбачоў амаль праз паўстагодзя пасля  баёў за Варшаву. Гэта я да таго, што папулярны лозунг часоў СССР пра тое, што  “нішто і ніхто не забыты” раней меў не толькі ідэйна-пафасны сэнс. На жаль, зараз даволі часта прыходзіцца сутыкацца з адваротным:  за прыгожымі словамі пра “вечную памяць” стаяць могілкі, дзе з-за бур’яну і прайсці немагчыма.

З дапамогай розных архіваў Уладзімір Кобец “працягнуў” жыццё свайго дзеда больш чым на месяц. Па дадзеных Жабінкаўскага раённага ваенкамату  апошні ліст быў напісаны 22 жніўня 1944 года (больш ніякай інфармацыі радня не мела), а паранілі яго (так у “ордэнскай кніжцы”)  14 кастрычніка 1944-га. І займаецца Уладзімір гэтым не дзеля нейкіх “бонусаў”, як гэта часцей за ўсё бывае ў  БРСМ, а згодна з асабістым сумленнем. Уладзімір цвёрда вырашыў давесці да канца тое, што не паспеў зрабіць яго бацька.

З дапамогай інтэрнэту атрымаў  дадзеныя ўсіх ваенных могілкаў  Заходняй Еўропы  і знайшоў тры, дзе на камянях выбітыя літары яго прозвішча. У  адным выпадку нават ініцыялы сышліся,  але час пахавання не супадаў з мяркуемым.

Адказ на свой першы запрос ён чакаў больш за год, і я толькі шчыра магу пазайздросціць такой вытрымцы, бо ведаю шмат выпадкаў, калі падобныя першыя “перашкоды” станавіліся апошнімі.

Яго бацька Аляксей Васільевіч Кобец нарадзіўся на хутары Сілішча, што пад Жабінкай. Магчыма, некаторыя ведаюць гэта месца. Там стаіць манумент спаленай фашыстамі вёсцы Драмлёва, дзе загінула шмат  родных Аляксея Васільевіча. Ды і сам ён не загінуў тады толькі дзякуючы лёсу і Божай волі. Напярэдадні  дня, калі ў Драмлёва прыехалі карнікі,  Лёша з дарослымі   павінен  быў прыйсці туды да сваякоў збіраць яблыкі, але гэта супадала з нейкім рэлігійным святам, і яны вырашылі пайсці праз дзень. Гэта і выратавала. Па дарозе  ўбачылі дым, а насустрач бег паранены хлопчык. Ён і расказаў пра карнікаў. Астатнім пашанцавала менш. Усіх, хто з суседніх вёсак з вёдрамі прыбег “на пажар”, расстралялі альбо спалілі жыўцом. Адбылося ўсё 11 верасня 1942 года.

Цікавая прычына  гэтай трагедыі. Немцы  падазравалі, што жыхары вёскі дапамагаюць партызанам, і вырашылі зрабіць адпаведную правакацыю:  пераапранулі сваіх памагатых. Лжэпартызан пакармілі, а потым туды прыехалі карнікі. Спалілі амаль усіх. Нават сем’ю таго паліцая, які “здаў” інфармацыю пра партызан. Ім было, як кажуць, “па барабану”.

Дарэчы, назва вёскі Драмлёва ёсць ў сумным мартыралогу Хатыні.

Маці Уладзіміра Кобеца Вера Фёдараўна  пазнаёмілася з  Аляксеем Васільевічам  у Слоніме, куды ён прыехаў з  Усходняй Германіі, дзе дапамагаў  будаваць “новую дзяржаву”. Родам яна  з Клецкага (зараз) раёна, з самай мяжы з Брэсцкай вобласцю.

І яшчэ. Падчас шматчасовай размовы ў кватэры Кобецаў сярод мноства іншых дакументаў мне паказалі “першы “шэнгенскі” пашпарт”. Гэты сумны жарт адносіцца да аўсвайса, які  прабабцы Уладзіміра Кобеца Феадоры Феадораўне выдалі ў “трэцім рэйху”.  Дзякуючы яму, захаваўся і яе фотаздымак.

Нечаканы выбар

Для нашага часу сапраўды  нечаканы. Можа  быць, блага ведаю гэтае жыццё, але мне здаецца, што сучасныя ўлады менш за ўсё клапоцяцца праблемамі экалогіі. Ва ўсякім выпадку не ставяць  пытанне на першыя месцы. Гэта я да таго, што выбар Уладзімірам Кобецам сваёй прафесіі ў любым выпадку прывёў бы яго да канфлікту з дамінуючымі сёння падыходамі.

Так што палітыка –  другасны фактар. Рызыкну дапусціць, што, калі б у нашай краіне ўважліва прыслухоўваліся да эколагаў, многія з  іх не сталі б займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю ўвогуле. Але, даруйце “прапісную ісціну”, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу.

На самой справе Уладзімір Кобец нарадзіўся 6 лістапада, за 20  хвілін да прыхода новага дня, але акушэры-гінеколагі тады былі ідэалагічна-ўстойлівымі, таму  прапанавалі напісаць у метрыцы 7 лістапада. А імя падказалі таго, хто і зрабіў гэты дзень календара “чырвоным”. Так што хутчэй за ўсё мая першая версія пра памерлага дзядзьку Уладзіміра, як кажуць, не вытрымлівае элементарнай крытыкі.

Летам 1988 года  ў  жыцці Уладзіміра Кобеца адбыўся першы самастойны паход. Толькі не па зямлі, а па вадзе, таму больш правільна назваць яго першым сплывам. З сённяшняга пункту гледжання паход падаецца рызыковай авантурай, якую  моцна палілі валер’янкай. Мяркуйце самі, на зробленым сваімі рукамі плоце (гумовыя балоны знізу, а наверсе драўляная рама, з рулявым  вяслом, па цэнтру якой высілася мачта са сцягам) непаўналетнія юнакі, калі ўлічыць ўсе “выкрунтасы” іх маршруту, праплылі па Шчары  да Нёмана (ад Слоніма да Цэнтральных Мастоў) больш за сто кіламетраў.

На гэтым незвычайная вандроўка  скончылася. Хлопцы  не разлічылі, што там цячэнне стане вельмі павольным і плыць далей будзе немагчыма. А ў планах было дасягнуць Балтыйскага мора…

Бацькі ведалі пра гэтую задуму, але глядзелі на яе крыху скептычна. Думалі, нічога не атрымаецца.  У “экспедыцыі”, на якую мясцовыя рыбакі глядзелі “адкрыўшы раты”, бо такога “цуда” там яшчэ не бачылі, нават быў свой судовы часопіс, дзе Уладзімір Кобец праходзіў як капітан.

Так пачыналася турыстычнае жыццё. Менавіта яно праз шмат гадоў пазнаёміць Уладзіміра ў Саянах з будучай жонкай Ульянай.

Але аб  усім па парадку.

У 1989 годзе Уладзімір Кобец паступіў на геаграфічны факультэт БДУ. Дакладней, на яго экалагічнае аддзяленне, дзе конкурс быў нават большым, чым у “чыстых географаў”.  У тыя гады  (перабудова) гэта стала дастаткова модным.

І адразу з галавой акунуўся ў палітычную дзейнасць. Дастаткова сказаць, што менавіта на іх факультэце першым у краіне “ліквідавалі” камсамол. То бок, афіцыйна “паставілі крыж” на яго структурах. І зрабілі гэта публічна, на чарговым сходзе. У памяшканні былога камітэта ВЛКСМ з’явіліся бел-чырвона-белы сцяг,  герб “Пагоня” і шыльда “Клуб незалежных моладзевых арганізацый”.

Паралельна працягвалася захапленне турызмам.  Розных паходаў было нямала, але той стаў сапраўды лёсавызначальным. Усе падрабязнасці вандроўкі на Саяны распавядаць няма сэнсу і часу. Адзначу  толькі, што яна была вельмі насычанай рознымі падзеямі і цікавай па зместу, а галоўнае пазнаёміла студэнтку трэцяга курса Іркуцкага ўніверсітэта Ульяну Несцярэнка з беларускім хлопцам Уладзімірам Кобецам.

Госці з далёкай Беларусі спыніліся пажыць у актавай зале іх інтэрната. Суседка па памяшканні, дзе жыла Ульяна, расказала, што пазнаёмілася з  цікавымі “альпіністамі з вялікім сабакам” і паклікала схадзіць да іх ізноў. Там і прагучала прапанова  “пайсці ў паход разам”. Самае цікавае, што прынятая яна была без якіх-небудзь ваганняў.

Так “маршрут чацвёртай катэгорыі складанасці” стаў пачаткам агульнага жыццёвага маршруту.

Нечаканы акцэнт

Няцяжка здагадацца, што ім стала палітыка. Віры яе літаральна  захапілі Уладзіміра Кобеца. Напрыклад, на другім курсе ўніверсітэта ён трапіў у студэнцкі стачкам, які ўтварыўся пасля адмовы здаваць экзамен па гісторыі КПСС. Самае цікавае, студэнты  (такі быў час) дабіліся станоўчых вынікаў.  Прадмет зрабілі “палітычнай гісторыяй”, а экзамен замянілі звычайным залікам.

Пасля атрымання  дыплома (1994 год) Уладзіміра размеркавалі ў Мінскі абласны камітэт па экалогіі. Сёння такое цяжка ўявіць, аднак  “дзяржаўная служба” не перашкодзіла яму стаць сябрам Управы БНФ і ўзначаліць адну з раённых структур фронту.

Пасля расколу 1999 года многія ў БНФ ўспрынялі гэта даволі балюча. У тым ліку  і Уладзімір Кобец. Таму ён цалкам адышоў ад усіх “партыйных” спраў, сканцэнтраваўся выключна на прафесійнай галіне.  Паступіў у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і быў пераведзены на работу ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Пасля сканчэння ў 2000 годзе вучобы трапіў (за кошт свайго адпачынку) у ЗША па дзяржаўнай праграме трохтыднёвых абменаў. Там  пазнаёміўся са Зміцерам Бандарэнка і Мікалаем Халезіным, якія тры гады таму былі сярод тых, хто ствараў “Хартыю-97”.  І менавіта там ўбачыў, што палітыка можа быць сэнсам жыцця чалавека. Больш за тое, яна бывае (не ў нас) не толькі карыснай для грамадства, але і бяспечнай для асобы.

І яшчэ. З Амерыкі былі прывезеныя (акрамя звычайных сувеніраў) шэсць тамоў падручнікаў па валанцёрскай рабоце. Зразумела, напісаны яны былі на англійскай мове,  але потым перакладзены на беларускую  і выдадзены асобна. Пазней (2001 год) гэта сярод іншага і ляжа ў аснову стварэння “Зубра”.

Як да ўсяго неардынарнага стаўленне да новай структуры было і застаецца неадзначаным. Адны ўсхваляюць ідэю, другія яе крытыкуюць. Бясспрэчна толькі тое, што гэта была вельмі неардынарная з’ява ў нашым грамадска-палітычным жыцці. Усяго за некалькі месяцаў існавання  “Зубр” стаў сярод моладзевых структур брэндам нумар адзін.

Калі  ў верасні 2010 года кандыдат  у прэзідэнты Андрэй Саннікаў прапанаваў Уладзіміру ўзначаліць свой выбарчы штаб, у нейкім сэнсе гэта было крыху нечакана. Перш за ўсё таму, што вакол  было  шмат людзей з больш прапіяранымі прозвішчамі. Тлумачылася ўсё даволі проста. Саннікаву быў патрэбны не “вясельны генерал”, а “пахар”. Такога ён і бачыў у  Кобецу.  І не памыліўся.

Подпісы яны сабралі хутка і без праблем. Пытанне было толькі ў памерах перабольшвання, бо рызыка росту так званага “браку” таксама ўзрастае. Акрамя гэтага, яны добра разумелі, што самае цяжкае пачнецца падчас назірання за хадой галасавання. Па-добраму радавала толькі адчуванне таго, што людзі сапраўды прагнуць пераменаў і   вельмі “згаладаліся” па рэальнай альтэрнатыве. Усе сустрэчы кандыдата ў  прэзідэнта Андрэя Саннікава праходзілі ў перапоўненых залах. Бывалі выпадкі, калі  жадаючыя па гэтай прычыне не змаглі туды трапіць фізічна.

Як вядома, пасля крывавых “выбараў” 2010 года выбарчыя штабы  амаль усіх кандыдатаў у прэзідэнты аказаліся ў “амерыканцы”. Паказушная “лібералізацыя” скончылася сюррэалістычным  “хапуном”.

Уладзіміра Кобеца арыштавалі пазней за астатніх – 21 жніўня. Тлумачылася гэта тым, што ён банальна не начаваў дома. “Злавілі” на выхадзе з “Акадэмкнігі”, дзе той сустракаўся з жонкай. Па яе тэлефоне  і “вылічылі”.

Чаканыя непрыемнасці

Праз тры дні пасля арышту, якраз напярэдадні каталіцкіх (і не толькі) Каляд, Уладзіміра Кобеца ледзь не адпусцілі на волю. І нават сказалі пра такі намер яго адвакату. Сапраўды, без адпаведнага дазволу пракурора затрымаць чалавека на большы тэрмін следчыя не маюць права.

Не ведаю ўсіх нюансаў псіхалогіі садыстаў, але, на мой погляд, нармальны чалавек так ніколі рабіць не будзе. За гады журналістскай практыкі мне шмат разоў (асабліва апошнім часам) давялося размаўляць з тымі, хто пабываў за кратамі. Амаль усе распавядалі пра падобныя “коткі –мышкі”. Мабыць, як у “дазорах” пісьменніка-фантаста Сяргея Лук’яненкі, “цёмныя”, то бок следчыя, увесь час “подпитываются” энергіяй сваіх ахвяр. Такое ўражанне, што магчымасць рабіць розныя “бякі” прыносіць ім асаблівую асалоду.

Уладзіміру Кобецу нават дазволілі патэлефанаваць жонцы і папярэдзіць, каб нічога з адзення не несла, бо ён выходзіць на волю. А потым пачалі “мурыжыць”, што засмуціла  адваката: звычайна так не адбываецца. Пад самы вечар адвезлі да пракурора, які замест “свабоды” дадаў яшчэ “сем сутак”. І няма ніякіх ваганняў наконт таго, што пра падобны фінал усе яны ведалі з самага пачатку спектаклю, які быў замаскіраваны пад “падпіску аб нявыездзе”…

Да і ўвогуле. Тое, што адбываецца за сценамі будынка КДБ, больш нагадвае нейкае Залюстэркаўе, чым “стабільную і квітнеючую” Беларусь. Напрыклад, Уладзімір Кобец быў вельмі ўражаны, калі першы раз пачуў, як ахоўнікі папярэджваюць сваіх калег аб тым, што каго-небудзь вядуць у пастарунак, звычайным свістам, і тым трэба зачыніць “кармушкі”. Як бы мовіць, такая ў іх “птушыная мова”.

Вельмі шмат там  нязвыклых “мясцовых” назваў і адбываюцца “дзіўныя” рэчы. Напрыклад, начное святло яны называюць “месяцам”, а правы і абавязкі арыштаваных — “каранам”, таму што мае вокладку зялёнага колеру. Практычна ва ўсіх   “палітычных” “шконкі” (на іх спалі) былі пераноснымі, збітымі з дошак. З камеры ў камеру арыштаваныя “вандравалі” з імі. Называлася гэта — “заехаць на сёрфінгу”.

Са з’яўленнем “палітычных” у звычайных ахоўнікаў-кантралёраў за плячамі з’явіліся “дублёры” – грамілы ў масках.  Менавіта яны ажыццяўлялі большасць катаванняў і аказвалі на арыштаваных (білі па сценах гумовымі дручкамі і крычалі страшным голасам) псіхалагічны ціск.

Магчыма, усё гэта мела б патрэбны эфект, каб ахвяры не прыдумлялі для сябе нейкую “аддушыну”. Уладзімір Кобец маляваў. Старонка ў турэмным дзённіку выглядала так: сонца, чатыры сэрцы (Ульяна, Яна, Часлаў, Маці) пад малюнкам подпіс “Усе цябе любяць і чакаюць. Усе змагаюцца і моляцца за цябе”, а далей стоўбцам “Ты – жывы!” “Ты – не вінаваты!” “Ты – не адзін!”, і потым “Не ныць!”, “Не прасіць!”, “Не галасіць!”.

Ад следчага ізалятара КДБ да дома, дзе жыве Уладзімір Кобец, не менш паўгадзіны на “маршрутцы” і яшчэ болей  грамадскім транспартам. Аднак  тое, што ў яго  не будзе ні такой магчымасці, ні тэлефона, ні пашпарта, ні грошай, нікога з “рыцараў плашча і кінжала”, не засмуціла.

Адпусцілі   позняй ноччу. Дабрацца дамоў дапамаглі знаёмыя, якія жывуць побач.

Чаканая інтуіцыя

Ульяна Кобец родам з Улан-Удэ. Пасля сумеснай вандроўкі ў Саяны Уладзімір прапанаваў ёй з Іркуцкага ўніверсітэта перавесціся ў БДУ. Так  і зрабіла. Да палітычных “ухілаў” мужа Ульяна з самага пачатку  ставілася насцярожана, а удзел у апошніх прэзідэнцкіх выбарах  і ўвогуле не прыйшоўся да спадобы цалкам, бо яна добра разумела, чым усё гэта можа скончыцца…

Да таго ж жанчына (як і многія) не вельмі высокай думкі наконт так званай беларускай “памяркоўнасці” і лічыць, што не варта змагацца за тых, каму  абсалютна “да лямпачкі” ўсялякія маральныя прынцыпы і каштоўнасці. Такія людзі прывыклі да таго, што ўсё нехта зробіць за іх.

Упэўнены, некаторым такі вывад пакажацца  спрэчным, але рацыю на існаванне ён мае бясспрэчную. Усім, хто думае інакш,  раю яшчэ раз уважліва перачытаць п’есу Янкі Купалы “Тутэйшыя”.

Арышт мужа адбыўся літаральна на вачах у Ульяны. Адразу была нават прапанова “адбіць”, але Ларыса Караленка (давераная асоба Андрэя Саннікава і памочніца кіраўніка яго выбарчага штаба) адгаварыла: будзе яшчэ горш.  Потым сазванілася з жонкай Зміцера Бандарэнка Вольгай, якая расказала, што на наступны дзень у КДБ прымаюць перадачы, і журналісты расійскага тэлеканалу НТБ будуць усё гэта здымаць.

Калі праз тры дні пасля арышту мужа паабяцалі “адпусціць”, Ульяна не паверыла гэтаму адразу, бо чула, як неаднаразова людзей пасля таго, як адпускалі, адразу ж арыштоўвалі зноў. На жаль, яна аказалася правай.

Старэйшую дачку Ульяны завуць Янай. Ёй 15 год. У дванаццацігадовага сына імя Часлаў. “Пашанцавала” ў тым сэнсе, што ўсе снежаньскія падзеі адбываліся перад зімовымі канікуламі, і  прозвішча дзяцей ніхто  гучна не “мусіраваў”. Не было ніякіх “наездаў” і пасля канікул, хаця Яна Кобец да іх  рыхтавалася маральна. Больш за тое, бацькі аднакласнікаў тэлефанавалі і прапаноўвалі дапамогу. Не было аніводнай негатыўнай рэакцыі.

Так што акрамя пастаяннай ілжы беларускіх уладаў і думак пра мужа за кратамі нічога Ульяну Кобец моцна не турбавала. А ілжы гэтай хапала амаль кожны дзень. Міжнародныя ўстановы  пераконвалі ў тым, што ў арыштаваных усё ёсць, з адвакатамі яны сустракаюцца пастаянна, усе здаровыя і задаволеныя, а лісты ад родных атрымліваюць рэгулярна. На самой справе ўсё было з дакладнасцю наадварот і гэта прышлося тлумачыць ва ўсіх замежных амбасадах.

Першай вестачкай  ад мужа стала навагодняе віншаванне, а сам ён атрымаў першы ліст ад жонкі 24 студзеня, хаця абодва пісалі амаль штодзённа.

Адзінае, што даходзіла рэгулярна, – перадачы.  Разумеючы, што ў “кэдэбэшных”  умовах усмешка для мужа будзе не менш каштоўнай, чым кавалак каўбасы, Ульяна Кобец імкнулася перадаць за краты нешта прышпільное. Напрыклад, звычайныя дзіцячыя размалёўкі.

 

…У ноч перад вызваленнем  Ульяна Кобец таксама прысніла мужа, з якім  ішла побач па нейкай вялікай, але абмежаванай прасторы. Праз некалькі гадзін яна зразумела, што гэта і была “падпіска аб нявыездзе”…

14.07.11

 

  •  З кнігі “Жыццё пасля кратаў”

 

МАНАЛОГ З-ЗА МЯЖЫ

 

Магчыма, гэты тэкст некаму падацца вельмі рэзкім і радыкальным. Магчыма, нават нехта  нават скажа пра “вяканне з-за мяжы”. Магчыма, некаторыя параяць паглядзець у люстэрка і успомніць асабісты  “фінт з КДБ”.

Аднак аўтар гэтай кнігі вырашыў даць яго практычна без зменаў па вельмі простай прычыне. Уладзімір Кобец мае рацыю так думаць. Як маюць права на існаванне і супрацьлеглыя думкі.  Менавіта гэта нам гарантуюць беларускія законы. Альбо я не правы?

” Першыя дні на волі  пакінулі адчуваньне пустэльні, выпаленай зямлі.

Маштаб трагедыі 19 сьнежня 2010 года стаў зразумелым толькі па выхадзе з СІЗА КДБ пасля амаль двухмесячнай ізаляцыі. Пасля інфармацыйнага вакууму «амерыканкі» хваля навінаў, літаральна, агаломшыла.

З розных краінаў пасыпаліся тэлефанаваньні сяброў і знаёмых — людзі, што працавалі ў кампаніі і пазьбеглі арышту і катаваньняў коштам ад’езду з краіны, тэлефанавалі на хатні нумар і ў іх голасе, іх словах быў такі моцны подых Волі, што ён, нібы за вушы, выцягваў з ліпкага павуціньня навязанай рэчаіснасьці.

На некалькі будучых месяцаў кропкай апоры для мяне стаў беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна».

Алесь Бяляцкі, які прысвяціў сваё жыццё дапамозе і ратаванню ахвяраў рэпрэсій ня толькі ў Беларусі, але і ў цэлым сьвеце, кінуты хунтаю Лукашэнкі за краты. Алесь высунуты на Нобелеўскую прэмію. Імя гэтага чалавека будзе прапісана ў падручніках новай свабоднай Беларусі, яго імём назавуць вуліцы і плошчы. Але гэта — потым. Зараз мусім вызваліць з турмы гэтага Вялікага Беларуса!

Але вернемся ў зіму 2011 года Па абшарах палітычнай пустэльні, што засталася пасля 19 снежня сноўдаюць «тэрмінатары» рэжыму, некаторыя з іх някепска імітуюць працяг палітычнай барацьбы (як кура з адсеченай галавой усё яшчэ кудысьці бяжыць).

Яшчэ да арышту — 20 і ў першай палове 21 снежня я меў інфармацыю ад міжнародных назіральнікікаў. Тое, што яны распавядалі, тлумачыць рэакцыю Лукашэнкі на пратэст 19 снежня: Лукашэнка альбо адставаў ад Саньнікава, альбо апярэджваў яго на лічаныя галасы.

Нават кароткая — усяго каля месяцу — перадвыбарчая кампанія, калі дазволілі троху болей, чым звычайна, так змяніла беларускае грамадзтва, што спалоханая хунта дзеля захавання ўлады брутальна падавіла пратэст у Мінску і фактычна ўвяла ў краіне надзвыяайнае становішча, пагрузіла грамадства ў атмасферу жывёльнага страху.

Нянавісць да «неблагадарнага» народу — рыса, аднолькавая для ўсіх тыранаў, якія плануюць правіць вечна, але аднойчы знаходзяць на цэнтральнай плошчы сталіцы шматтысячны натоўп.

Тырану цяжка паверыць у тое, што народ, які ён лічыў сваім уласным, можа асмялець і указаць яму яго сапраўднае мейсца.

Далейшая логіка простая — чым больш брутальныя захады прымае тыран супраць апазыцыі, тым больш незайздросны ягоны лёс.

Сітуацыя, што склалася напярэдадні выбараў 2010 года, дала Лукашэнку магчымасьць атрымаць заходнія крэдыты, далучыцца да праграмы «Усходняе партнэрства», пазбавіцца ізаляцыі (візіты ў Мінск Вэстэрвэлле, Сікорскага, Саланы, іншых) у абмен на імітацыю дэмакратызацыі ў Беларусі. З’явіліся апалагеты такой палітыкі, структуры, закіпела работа.

Зразумела, што мяняць нешта ў пабудаванай вертыкальнай сістэме ўлады Лукашэнка не зьбіраўся — выцягнеш адзін каменчык і ўся жорсткая канструкцыя абваліцца.

«Дэмакратызацыю» вырашыли з’імітаваць, а надзвычай кароткая кампанія мусіла засьцерагчы рэжым ад незваротных працэсаў у грамадзтве.

Акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў галасаваньня 19 сьнежня 2010 г. зламала гульню імітатараў дэмакратызацыі і іх еўрапейскіх лабістаў. Увесь сьвет пабачыў сапраўднае аблічча звычайнай беспрасьветнай тыраніі.

Рэчаіснасць змянілася — час падзяліўся на «да 19 снежня» і «паьля 19 снежня». Шок беларусаў ад гэбэшна-міліцэйскага гвалту над людзьмі быў такі моцны, што вочы паадчыняліся нават у тых, хто перад гэтым сапраўды верыў у «лукашэнкава цуда».

Прэзыдэнцкая кампанія аспрэчыла міт пра апалітычнасьць беларусаў. Як толькі распачаўся збор подпісаў, і, з-за гульні ў імітацыю, улады далі людзям магчымасць збіраць і ставіць подпісы адкрыта — у кампанію імгненна ўключыліся тысячы людзей па ўсёй краіне.

Можна толькі ўявіць, як бы змянілася грамадства, калі б кампанія трывала не адзін месяц, а болей…

Прайшоў час пасля «пагрому» 19 снежня і загучалі галасы агентуры — тых, хто «засумаваў» па часе «да 19 снежня». Аб чым сумуем? Хіба ня меў Лукашэнка шанец у 2010? Меў. Мала хто меў такі шанец, які Лукашэнка меў. Сама апазыцыя, Еўразьвяз і іншыя падказвалі гэты бяспечны выхад, Дык у чым жа справа?

Справа ў тым, што ў цэлым свеце няма ніводнага прыкладу дабраахвотнай дэмакратызацыі дыктатыры. Сама яе (дыктатуры) сутнасць ня можа прыняць дэмакратыю, бо свабода слова, правы чалавека і вяршэгства закона знішчаюць дыктатуру.

Наадварот, падзеі ў Тунісе, Егіпце, драматычныя падзеі ў Лівіі прывялі да звяржэньня навязаных народам «усенароднаабраных» рэжымаў, нават да забойства лівійскага тырана Маамара Кадафі.

Арабская вясна змяніла палітычны ландшафт паўночнай Афрыкі, а зараз мы назіраем за бязслаўным і ганебным падзеньнем Асада — тырана, што пасылае авіяцыю бамбіць жылыя кварталы сірыйскіх гарадоў, забівае сірыйскіх жанчын і дзяцей.

З кожным з гэтых катаў у свой час спрабавалі дамовіцца, Кадафі нават амаль адкупіўся ад збітага па яго загадзе над Вялікай Брытаніяй авіялайнера. Але — безвынікова. Дыктатуры не рэфармуюцца, дыктатары ня робяцца бацькамі-заснавальнікамі дэмакратый. Яны зневажаюць дэмакратыю як такую, успрымаць пакорливасць палітыкаў волі выбарцаў як слабасць.

Дыялогі прадстаўнікой дэмакратычнага свету з прадстаўнікамі рэжыму — дрэнны сыгнал як чыноўнікам, так і апазіцыі. Канец у кожнай дыктатуры ўсё-роўна будзе адзін і той жа. Але змарнаванага часу і ахвяраў будзе значна болей.

«Ура-кампанія», што захапіла ўладу ў нашай краіне, пахавала надзеі цэлага пакалення, а, магчыма, і некалькіх пакаленняў беларусаў, на ўдзел у будаўніцтве ўласнага ўтульнага дому — еўрапейскай краіны, якая б мела ўсе шанцы быць прыкладам поспеху і дэмакратыі для цэлага рэгіёну, быць тут лідэрам, а не парыяй.

Хачу звярнуцца да гісторыі. Вось, што здзіўляе — пасля больш як 200 гадоў расійскага імперскага панавання, пасля сусветных войнаў і татальнай русыфікацыі, Беларусь, што паўстала на руінах Вялікага княства Літоўскага, як і раней, працягвае нараджаць лідэраў, дзяржаўных і грамадзкіх дзеячаў сусветнага ўзроўню.

Але людзі, па сваіх асабовых якасцях пакліканыя быць элітай краіны, адказнай за яе развіцьцё, мардуюцца, кідаюцца ў турмы, падвяргаюцца катаванням і шальмаванню, знішчаюцца фізычна тымі, каго нельга было б за сто міль дапусаць нават да кіраўніцтва задрыпаным калгасам.

Забіты (як лічаць многія – заўвага аўтара) Генадзь Карпенка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Юры Захаранка, Дзмітрый Завадзкі, Андрэй Зайцаў, Алег Бебенін ды іншыя.

Прайшлі праз турмы альбо застаюцца за кратамі Андрэй Саньнікаў, Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч, Дзмітры Бандарэнка, Натальля Радзіна, Аляксандр Атрошчанкаў, Ірына Халіп, Алесь Міхалевіч, Дзмітры Дашкевіч, Наста Палажанка, Павал Севярынец, Эдуард Лобаў, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч, Сяргей Каваленка, Анджэй Пачобут, Аляксандр Казулін, Андрэй Клімаў, шмат іншых.

Але спыніць гэты натуральны гістарычны працэс хеўра Лукашэнкі як не магла, так і ня можа. Немагчыма ў XXI стагоддзі спыніць эвалюцыю цэлай еўрапейскай краіны…

Добра памятаю 1994 год — Аляксандр Лукашэнка, які перамог на першых прэзыдэнцкіх выбарах, сабраў журналістаў і заявіў, што да ўлады прыйшла каманда прагматыкаў.

Праз 18 год лукашэнкава Беларусь варагуе з усімі дэмакратыямі свету — краінамі, якія валодаюць перадавымі тэхналогіямі і асноўнымі фінансавымі рэсурсамі, эканомікамі, якія забяспечваюць самы высокі ўзровень і, як вынік, самую высокую працягласць жыцця насельніцтва.

Гэтыя краіны знаходзяцца ў працэсе складанай, але вызначальнай для будучыні ўсёй цывілізацыі інтэграцыі на грунце супольных каштоўнасцяў і, найперш, на грунце шанавання правоў і свабод чалавека.

У сябрах жа “прагматыка” Лукашенкі — сусветная набрыдзь — афрыканскія людаеды, бліскаўсходнія царкі і заакіянскія клоўны. У іх уласных краінах катастрафічна нізкі ўзровень жыцця, іх грамадзяне праўдамі і падманамі ўцякаюць у вольны свет, праклінаючы “усенароднаабраных” ідыётаў.

Здаровы прагматызм мусіў быў падказаць Лукашэнку ня ставіць над уласным народам эксперымент па працягласці існавання авўтарытарызму ў адзінай еўрапейскай краіне — Беларусі.

Вынікам такога кіравання стане безнадзейная адсталасць цэлай краіны, галеча і ўцёкі беларусаў з уласнай дзяржавы.

Дзеля працягу кіравання «лукашэнак» у ахвяру і надалей будзе прыносіцца сістэма вышэйшай адукацыі Беларусі. Ну што значаць для конюха, які атрымоўвае кайф ад усёдазволенасці, такія словы, як «Йель», «Оксфард», «Кембрыдж», «Сарбона»? Які такі Балонскі працэс?

За словамі пра скарачэнне тэрмінаў адукацыі рушаць услед і канкрэтныя захады. Калі ж прасачыць логіку Лукашенкі, то і ўвогуле можна ў перспектыве чакаць адмовы ад сістэмы вышэйшай адукацыі. Яе смела можа замяніць вайскова-страявая падрыхтоўка і палявыя зборы са стрэльбамі па нізкалётным паветраным цэлям.

Усе тыраны і аўтакраты ў наш час сканчваюць аднолькава, і не істотна, ці то сусветная «закуліса» прадвызначае іхны лёс, ці то ва ўласным атачэнні знаходзіцца сапраўдны афіцэр альбо троху больш дальнабачны чалавек, які адным дзеяньнем спыніць падзеньне краіны ў нікуды.

Сапраўднай падставай нежадання Лукашэнкі “дэмакратызавацца” з’яўляюцца “знікненні”. апанэнтаў — Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага, акалічнасці смярцей і арыштаў целага шэрагу іншых дзяржаўных і грамадзкіх дзеячаў, бізнэсоўцаў, разбудаваная пад кіраўніцтвам Лідзіі Ярмошынай сістэма фальсіфікацыі ўсіх выбараў і рэферэндумаў пасля 1994 года, падзеі 19 снежня 2010 году.

Чаша рана ці позна перепоўніцца і ўсе ахвяры будуць на сумленні дыкатара і ягоных памагатых, лёс якіх незайздросны, бо ня ўсе паспеюць збегчы з карабля, які тоне.

Тым, хто яшчэ не паспеў уляпацца ў злачынствы, што плануюцца і здзяйсьняюцца тымі, каму губляць ужо няма чаго, хочацца параіць бегчы як можна далей ад Лукашэнкі, ягоных сыноў і ўвогуле ад усіх, хто саджае, забівае і фальсіфікуе ягоным імём…

…Турма застаецца ў душы назаўсёды. З часам, калі сыходзяць начныя кашмары, яна апускаецца глыбей, і здаецца, што ты ўвогуле пазбавіўся яе. Але на сам рэч, у самым цмяным кутку свядомасьці турма будзе драмаць, час ад часу прабуджаючы да жыцця брудна-зялёныя малюнкі камер-трунаў, лязк мэталічных дзьвярэй, трэск электрашокераў, крыкі «чорных масак».

Але хіба гэта можна параўнаць з тым, што адчуваюць і чаго баяцца самазваныя «бацькі» народаў ва ўсім свеце?

Штык-нож у дупе Кадафі — гэта іх начны кашмар і гэта — іх верагодная рэчаіснасць.”

 

 

%d0%ba%d0%be%d0%b1%d0%b5%d1%861

%d0%ba%d0%be%d0%b1%d0%b5%d1%862 %d0%ba%d0%be%d0%b1%d0%b5%d1%86-6 %d0%ba%d0%be%d0%b1%d0%b5%d1%86-7 %d0%ba%d0%be%d0%b1%d0%b5%d1%863 %d0%ba%d0%be%d0%b1%d0%b5%d1%864

SAMSUNG DIGITAL CAMERA

SAMSUNG DIGITAL CAMERA

%d0%ba%d0%be%d0%b1%d0%b5%d1%861 %d0%ba%d0%be%d0%b1%d0%b5%d1%862-3 %d0%ba%d0%be%d0%b1%d0%b5%d1%863