Коктыш Аляксандр

%d0%9a%d0%9e%d0%9a%d0%a2%d0%ab%d0%a8

  • З кнігі “Інтэрв’ю, якіх не было”

 

                                          Я сам расскажу

                                          О времени и о себе.

                                                В. Маяковский

       

 

 

  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

 

Уладальнік Ганаровага дыплому Беларускай Асацыяцыі журналістаў (1999), дыплому выканкама Рады Федерацыі прафсаюзаў Беларусі (2002), лаўрэат прэміі незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў  (2001), пераможца міжнароднага конкурсу “Насуперак” імя Л.Юдзінай (2003).

 

 

1

Сказаць, што гэты выбар пралічваўся на тыдні, месяцы, гады наперад, з усімі магчымымі наступствамі, cтратамі ці выгодамі, не выпадае.

Усе атрымалася само сабой. Восенню 1994 года, пасля абрання першага беларускага прэзідэнта, мой былы калега па інфармацыйнаму агенцтву “Інтэрфакс” Пеця Раманчук, які тады ж стаў намеснікам старшыні Белдзяржтэлерадые, прапанаваў мне ўзначаліць інфармацыйную службу гэтай кампаніі. Нядоўга думаючы, я адмовіўся.

Дарэчы, перад гэтым у мяне была яшчэ адна цікавая адмова.

У маі таго ж года я ліхаманкава шукаў сабе грашовую працу. У “Звяздзе”, у якой я прапрацаваў пяць год і якой буду ўдзячны да скону сваіх дзён, на той момант плацілі ў пераліку на даляры 35 “зялёных”, а мае даўгі за аднапакаёвую кватэру ў Шабанах складалі дзве тысячы  – шалёныя грошы па тых часах! У Міністэрстве замежных спраў, куды прыйшоў са “Звязды” у красавіку таго ж 1994 года, і дзе мне абяцалі вельмі неблагія грошы, я прапрацаваў аж палову дня. Пасля абеду сышоў са свайго працоўнага кабінета, і больш туды ўжо не вярнуўся (думаю, у мяне есць неблагія шанцы патрапіць з-за гэтага ў сусветна вядомую Кнігу рэкордаў Гінеса). Мне было шкада марнаваць сваю маладосць і імпэт на выкананне нязначных і нецікавых абавязкаў, якія ў асноўным зводзіліся да складання штодзённых невялічкіх аглядаў беларускага друку. І ўсе!

Таму я і сышоў у амаль поўную невядомасць.

Праўда, гэтая невядомасць цягнулася нядоўга. Праз выпрабавальны месячны тэрмін уладкаваўся ў “Інтэрфакс”, дзе мне і прыспела прапанова паспрабаваць сябе ў Белдзяржтэлерадыёкампаніі на не самай апошняй кіраўніцкай пасадзе. Як я ўжо сказаў вышэй, гэту прапанову разглядаў нядоўга.

Па-першае, тэлебачанне мяне ніколі не вабіла. Я дагэтуль сябе лічу газетчыкам ці, калі так можна, выразіцца, часопіснікам.

Па-другое, маладыя ваўкі, ліха прыскакаўшыя да ўлады, мне былі незразумелыя і далёкія па большасці жыццёвых пазіцый.

Па-трэцяе, вельмі цікавыя гарызонты адкрываліся ў газеце “Свободные новости”, у якой я прапрацаваў у агульнай колькасці дзесяць год. Вельмі розныя па свайму матэрыяльнаму і творчаму зместу гады. Але пакуль гэта лепшы кавалак майго жыцця…

 2

Калі ў “Свободных новостях» пачаліся сур’езныя матэрыяльныя цяжкасці, то кіраўнік “Інтэрфакса” Вячэслаў Зеньковіч неаднаразова прапаноўваў мне вярнуцца ў “Інтэрфакс” ужо намеснікам кіраўніка эканамічнага блоку гэтага агенцтва. Калі шчыра, я дастаткова доўга вагаўся, але ўсе ж вырашыў застацца ў сваім штотыднёвіку. Не думаю, што ў дадзеным выпадку перада мною стаяў выбар – “чэсны”-“нячэсны”. Хутчэй, яго можна было выразіць так: грашовая праца, але без паўнавартаснай мажлівасці самарэалізоўвацца ў творчым плане і неграшовая праца, але з поўнай творчай свабодай. Я выбраў апошняе, таму што выдатна разумеў: сыду ў “Інтэрфакс” – і больш ніколі не вярнуся ў тую журналістыку і публіцыстыку, якія мне блізкія і дарагія па сутнасці.

А разважаць на тэму “чэсныя” і “нячэсныя” журналісты” вялікага жадання няма. Заўважу толькі, што і ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі есць дастойныя прадстаўнікі нашай прафесіі, а есць брахуны без тармазоў і намёкаў на прыстойнасць.

3

Бацька па вялікаму рахунку дастаткова часта не падзяляў да, пэўна, і не падзяляе асноўных квінтэнсенцый маіх артыкулаў. Напрыклад, калі я ў свой час напісаў у “Свободных новостях» артыкул “Шпіён Паша”, ён з пэўнай з’едлівасцю ў голасе заўважыў: “Хай не лезе!” Маўляў, якога-такога-растакога тэлежурналіст Павел Шарамет палез на незаконны пераход беларуска-літоўскай мяжы.

Маці больш лагодна ставілася і ставіцца да маёй журналісцкай дзейнасці. Праўда, калі-нікалі просіць: “Саша, ты ўжо не так рэзка крытыкуй. У цябе так добра атрымліваецца, калі ты пішаш пра нешта станоўчае”.

А сябры, знаёмыя, абсалютна чужыя людзі…

Даволі паказальны ў гэтым плане адбыўся “разбор палётаў” на адным банкеце, у якім удзельнічалі 25-30-гадовыя хлопцы і дзяўчаты – пераважна бізнесоўцы, юрысты, менеджэры і г.д.(так званы сярэдні клас).

Толькі адзін прысутны выказаў нязгоду з тым, што я пішу і на што раблю націск у сваіх публікацыях…

4

З’явіўся на гэты свет 19 красавіка 1967 года ў радзільным доме невялічкага, але вельмі акуратнага гарадку Ляхавічы Брэсцкай вобласці. Але да маіх сямі год мы ўсей сям’ёй жылі ў вёсцы Ганчары Ляхавіцкага раёну, а ўжо потым пераехалі ў райцэнтр.

Дарэчы, менавіта з гэтым пераездам звязаны самы яскравы эпізод майго дзяцінства. Мне абсалютна не хацелася пераязджаць у велізарныя, чужыя Ляхавічы, дзе я нікога не ведаў, акрамя радні. Таму даволі доўгі час пагражаў бацькам “узарваць сябе”, калі мы ўсе ж накіруемся у раённы цэнтр на пастаянную дыслакацыю.

Сваю пагрозу не выканаў. Так ва мне памер падрыўнік.

У старэйшым узросце спачатку хацеў стаць настаўнікам гісторыі, якая з трэцяга класа ўразіла сваёй веліччу і таямнічасцю на ўсе астатняе жыццё. Але маці, настаўніца рускай мовы і літаратуры, на мае прафесійныя намеры сказала як адрэзала: “Толькі праз мой труп”. Даводзіць любімую маці да такога стану абсалютна не хацелася, таму перакінуўся марыць аб прафесіі астранома. Падабалася выходзіць увечары на вуліцу і доўгі час назіраць за таямнічым зорным небам. Але пазней вельмі хутка развітаўся з гэтым дзіцячым трызненнем. Не спадабаўся сам прадмет “Астраномія”, які выкладаўся ў дзесятым класе. Занадта шмат розных формул, схем і сухіх разлікаў, якія ну аніяк не стасаваліся з маім тагачасным рамантычным уяўленнем аб гэтай навуцы.

5

Думкі аб журналістыцы як будучай прафесіі выпадковымі не назавеш. Мой дзед па мацярынскай лініі – Аляксандр Астапаў – быў першым галоўным рэдактарам раённай газеты “Савецкі патрыёт”, створанай яшчэ падчас вайны. Ён вельмі хацеў, каб хто-небудзь з яго ўнукаў выбраў прафесію журналіста. У рэшце рэшт, дзедаву мару здзейснілі аж два яго ўнукі. Мой дваюрадны брат Сяргей Куркач дагэтуль працуе ў газеце “Звязда”, у якой пяць год калісьці прапрацаваў і я.

А першыя намёкі на тое, што я магу нешта рабіць “такое” са словам, з’явіліся пасля напісання у чацвёртым класе сачынення на вольную тэму “Мая любімая жывёліна”. Я напісаў пра нашага любімага пеўніка Цімку.

Маці яе калегі са школы, дзе я вучыўся, сказалі, што гэта сачыненне чыталі ў настаўніцкай, і большасць расчуленых педагогаў нават дасталі насоўкі, каб выціраць слёзы замілавання і суперажывання лесу няўрымслівага гарэзы Цімкі. А выкладчыца матэматыкі, таксама праслухаўшы тую творчую “працу”, пры ўсім класе звярнулася да мяне і выдала: “Калі б ты так ставіўся да матэматыкі…”

Шчыра кажучы, я нічога тады не зразумеў, таму што па матэматыцы ў мяне была цвёрдая “пяцёрка”, да таго ж падмацаваная рэгулярным наведваннем матэматычнага кружку.

А у дзевятым класе з дапамогай сваёй настаўніцы ўжо па беларускай мове і літаратуры я ўпершыню надрукаваўся ў раёнцы, якая на той час ужо называлася  “Будаўнік камунізму” (цяпер “Ляхавіцкі веснік”). Подпіс пад тую нататку пад назвай “Восеньскія старты” – Аляксандр Коктыш, вучань 9 “Б” класа сярэдняй школы № 2 г. Ляхавічы – быў ледзь не большы за саму нататку. Але мяне літаральна распіраў гонар за тое, што я ўшчыльную наблізіўся да цэху майстроў друкаванага слова. Да таго ж я атрымаў першыя ўласныя грошы – ганарар 1 рубель 18 капеек.

6

Вось так і пачаўся шлях у прафесію. Да паступлення на журфак Белдзяржуніверсітэта я надрукаваўся дзесьці дзесяць разоў у “Будаўніку камунізму” і адзін раз ў тады надзвычай папулярнай “Знамёнцы”. Нататка ў “Знамени юности” была надзвычай пафаснай – нешта пра сувязь пакаленняў, якая пачыналася з подзвігаў майго знакамітага дзеда-партызана-галоўрэда і заканчвалася сённяшнімі піянерамі, якія пераймаюць эстафету “мужнасці і беззапаветнага служэння Радзіме”. Але я выразаў тую нататку з газеты і яшчэ доўгі час цягаў у сваім кішэнным нататнічку.

Далей усе складвалася не так “пераможна”. Падчас першай практыкі ў “Будаўніку” намеснік галоўнага рэдактара даручыў мне напісаць рэпартаж пра чарговы пленум раённай камсамольскай арганізацыі, якая падводзіла прамежкавыя вынікі запушчанай Гарбачовым перабудовы. Прачытаўшы маю справаздачу пад назвай “Працяг будзе”, намеснік са стомлена-самотным выразам твару толькі вымавіў: “Што за х…ю ты мне напісаў”?

Той матэрыял неўзабаве ў поўным аб’ёме і амаль без правак надрукавала другая папулярная на той час маладзёвая газета – “Чырвоная змена”. Пасля таго, як пабачыў на старонках “Чырвонкі” свой артыкул, зразумеў, што журналістам стану адназначна.

7

Цяпер працую на кіеўскую газету “Дзень”. Працягваю рэгулярна друкавацца ў “Свободных новостях». Калі-некалі мае артыкулы з’яўляюцца на старонках часопісу Беларускай Асацыяцыі журналістаў “Абажур”.

Зараз распрацоўваюцца некалькі буйных медыйных праектаў з маім непасрэдным удзелам.