Колас Уладзімір

%d0%ba%d0%be%d0%bb%d0%b0%d1%81-1

 З кнігі "Лёсы"

Наша размова адбылася ў момант, калі вакол Рады беларускай інтэлігенцыі ўзнікла новая інфармацыйная хваля. Не хачу займаць чыйсьці канкрэтны бок, бо гэта кніга зусім пра іншае. Скажу толькі, што калі палітыкай пачынаюць займацца неінтэлігентна, то інтэлігенцыя час ад часу сама пачынае займаецца палітыкамі.

З чаго пачалася Бацькаўшчына

У нейкім сэнсе я зрабіў па Мінску “кола”. Нарадзіўся 22 верасня 1951 гола на вуліцы Чкалава. Пасляваенная атмасфера — драўляны Мінск. Жылі ўсе разам. Бацькі мае былі тады яшчэ студэнтамі тэатральна-мастацкага інстытута, а бабуля працавала галоўным бухгалтарам у Доме ўрада. Звалі яе Марыя Емяльянаўна. Пасля вайны яна прыехала ў Мінск і без праблем уладкавалася сакратаркай, бо спецыялістаў у тыя часы не хапала. Па гэтай жа прычыне стала бухгалтарам, а потым паднялася па службовай лесвіцы да “галоўнага”. Добра памятую, як гулялі каля Заходняга моста, які захаваўся і сёння. Там стаяла наша хата.

Пакінуць мяне не было з кім, таму бабуля часта брала мяне “на работу”. Там прыходзіла незнаёмая жанчына, брала мяне за ручку і адводзіла ў нейкі пакой, дзе былі чырвоныя скрыначкі з узнагародамі — зоркі Героям Савецкага Саюза, розныя ордэны і медалі. З гэтымі “цацкамі” я і гуляў.

Бацькі майго бацькі (Даніла Іванавіч і Ганна Апанасаўна) з-пад Чэрвеня, а сам ён (Георгій Данілавіч) нарадзіўся ў 1929 годзе на хутары Куцень. У 1930 годзе іх сям’ю “раскулачылі” і саслалі на Урал, дакладней, кудысьці пад Кудымкар у Комі-Пярмяцкую АССР. Са “ссыльных” там стварылі калгас, які вельмі хутка стаў лепшым ва ўсёй акрузе, бо людзі ўмелі працаваць. Неўзабаве ўсё мужчынскае насельніцтва арыштавалі. Майго дзеда абвінавацілі як польскага шпіёна, які хацеў зрабіць замах на жыццё Сталіна. З Урала…

Бабця расказвала, што аднойчы яна ў мужчынскай шапцы пайшла па ваду. Збеглася ўся вёска, думалі, з’явіўся мужчына, бо там пакінулі толькі жанчын і дзяцей. А калі гналі працаваць на лесапавал, то свайго сына (майго будучага бацьку) яна проста прывязвала да пня. Вярталася і бачыла, што ён аб’ядаў вакол увесь мох.

У такіх жудасных успамінах я і гадаваўся.

Маці звалі Алена Паўлаўна.

Па акцёрскай лініі бацькі не пайшлі. Маці стала рэжысёрам спачатку на тэлебачанні, а потым — на кінастудыі “Беларусьфільм”. Бацька ж — тэатральны крытык. Працаваў спачатку ў Міністэрстве культуры, затым — у розных рэдакцыях. Рэцэнзіі і сцэнары дакументальных фільмаў у яго атрымліваліся вельмі добра.

Потым мы пераехалі на Бранявы завулак, пасля — на вуліцу Натуралістаў, што побач з паркам Чалюскінцаў. Затым былі вуліцы Кахоўская і Варанянскага. Такім чынам, я зноў вярнуўся ў тыя мясціны, з якіх пачынаў. “Кола” замкнулася.

Натуральна, разам з пераездамі мяняліся і школы, што, на мой погляд, не вельмі добра. Ды і тое, што адбывалася ў тых школах, — як там выкладалі гісторыю, трактавалі пэўных аўтараў, пэўныя творы і апісаныя ў іх падзеі, як убівалі ў галовы дзяцей фальшывыя лозунгі — усё гэта пакінула далёка не светлыя ўспаміны. Можа, менавіта таму і з’явілася жаданне стварыць школу, гады навучання ў якой вучні ўзгадвалі б як самыя светлыя ў сваім жыцці. Так узнікла першая думка пра беларускі ліцэй.

З чаго пачалося кіно

Яшчэ ў школьныя гады я займаўся ў аматарскай кінастудыі “Юнацтва” пры Палацы прафсаюзаў. Потым Аляксандр Сабаташ, які кіраваў ёю і працаваў аператарам на тэлебачанні, перайшоў у іняз, у “Лабараторыю кіно”. Там была прафесійная кінакамера. Гэта і “вызначыла” мой выбар ВНУ, бо ў ВГИК пасля школы не бралі.

Першапачаткова думаў правучыцца ў Інстытуце замежных моў тры гады, а потым пайсці “па лініі кіно”, але вырашыў давесці справу да канца і атрымаў дыплом. Першай у мяне была французская мова, другой — англійская.

Калі ішло размеркаванне, вырашыў “панюхаць жыццё”, ды і бацька параіў менавіта гэта. Ні на ёту не шкадую. Працаваў настаўнікам замежнай мовы ў школе вёскі Ухлё Чашніцкага раёна. Там месцілася торфапрадпрыемства пасёлка Першамайскі. Праехаць можна было па адзінай дарозе толькі летам і ўзімку. Паміж сезонамі на “вялікую зямлю” можна было трапіць толькі на матавозе, які вазіў з Чашнікаў рабочых торфапрадпрыемства ў 6 раніцы і 12 ночы, альбо пешшу — 15 кіламетраў. Аўтобусы не хадзілі, захрасалі нават трактары.

Запомнілася, як патрапіў туды першы раз. Спачатку мяне накіравалі ў Браслаўскі раён, але там “не было французскай мовы”, і мне давялося ехаць у Чашнікі. Прыляцеў туды на “кукурузніку”. Аўтобуса няма, а матавоз толькі ў поўнач. Вырашыў ісці пешшу. Тады для мяне гэта была не адлегласць, бо “бегаў” значна больш — займаўся спортам.

У дарозе мяне заспела навальніца. Тады там была пясчаная дарога, а з двух бакоў — балоты. Навальніца раптоўна скончылася, і над узгоркам на тле цёмна-сіняга неба яскрава заззялі адна над адной дзве вялізныя вясёлкі. А дарога, па якой я крочыў, ішла дакладна па цэнтры гэтай своеасаблівай аркі. Адчуў вялікае захапленне і падумаў, што гэта добры знак.

Праз год мяне хацелі прызваць у войска, але ў той прызыў не трапіў, бо падвярнуў нагу. Затое папрацаваў на кінастудыі асістэнтам аператара. Потым быў Белполк, пасля якога паступіў на Вышэйшыя рэжысёрскія курсы.

Прызвалі мяне ў Вільню, потым адазвалі ў Мінск, бо тады пры Доме афіцэраў дзейнічала вайсковая кінастудыя, пры якой я мусіў служыць. Але ў Мінску пра мяне “забылі”. Паўгода я “цягнуў лямку”, як усе: страляў, бегаў крос і г.д. Дарэчы, я не выходзіў за агароджу часці і не адчуваў ніякай розніцы — ці ў Мінску я, ці недзе ў Сібіры.

Потым мяне “адшукалі”з Дома афіцэраў. Я пачаў здымаць фільм пра свой полк, хадзіў на кінастудыю манціраваць. Словам, служба стала спалучацца з творчай работай.

Пачала хваляваць праблема нашай тоеснасці ў былым Савецкім Саюзе, асабліва падчас вучобы ў Маскве. Кожную савецкую рэспубліку, альбо кінастудыю на Вышэйшых рэжысёрскіх курсах “прадстаўлялі” па 2-3 чалавекі. Памятаю, там я адчуў, што СССР — азіяцкая краіна. Нават ад кіеўскай кінастудыі імя Даўжэнкі прыехаў бурат Саша Іцігілаў, а Свярдлоўскую кінастудыю прэзентаваў калмык Клім Чымідаў. Абодва зрабіліся маімі найлепшымі сябрамі, як і туркмен Сапараў, і казах Аман Тажбаеў. На жаль, Саша ўжо нябожчык. Да нашых курсаў ён ужо быў вядучым аператарам студыі Даўжэнка, а Клім Чымідаў у свае 26 год быў галоўным рэжысёрам Калмыцкага нацыянальнага тэатра. Да гэтага ён прайшоў школу тэатральнай рэжысуры ў знакамітага Талстаногава ў Ленінградзе. Калі выключыць нешматлікіх прыбалтаў (сярод якіх таксама былі сапраўдныя зоркі: Ёзас Будрайціс, Ёнас Вайткус, кіраўнік Каўнаскага тэатра), а таксама грузін і армян, то амаль усе астатнія былі ўжо “чыстымі” прадстаўнікамі азіяцкіх кінастудый.

Для мяне гэта было цікавым адкрыццём іншых культур, своеасаблівым самаўзбагачэннем. Я ўбачыў, што кожны мой сябар прадстаўляе культуру сваёй краіны. Там абсалютна не было нічога рускамоўна-аморфна-сярэднеарыфметычнага, як у нас. Яскрава праступала нацыянальная культура. У нейкім сэнсе для мяне гэта было дакорам.

У прынцыпе, на тым жа “Беларусьфільме” народ таксама быў з усяго Савецкага Саюза, як у той песні — “мой адрес не дом и не улица…”. Пераважная большасць з іх прыехалі ў Мінск па размеркаванні. Некаторым было цалкам “пляваць”, дзе яны знаходзяцца — ці тут, ці ў Петрапаўлаўску-Камчацкім. Яны нічога не хацелі ведаць — ні мовы, ні гісторыі. І гэта было вельмі непрыемна.

На мой погляд, кіно і тэлебачанне — гэта тое, што павінна стварыць у нас моду на беларушчыну.

Дарэчы, маёй дыпломнай работай быў “Малады дубок” па Якубу Коласу. Ёй папярэднічала навэла па “Дзяніскавых апавяданнях”, але гэта было, хутчэй, вучэбнай практыкай.

Дэбютам жа стала “Багровая трава” па сцэнарыі Аляксея Дударава. Карціна была прызнана лепшым дэбютам у былым СССР, і я атрымаў свой першы прыз “Надзея”. Далей ішлі “Дрэвы на асфальце” з Галінай Макаравай, Леанідам Кулагіным і Святланай Кузьміной у галоўных ролях і “Хочаце любіце, хочаце не” зноў жа з Макаравай, а таксама з Алегам Булдаковым і Неёле Ажэлітэ. Потым зняў “Адну ноч” паводле Васіля Быкава і шмат дакументальных фільмаў.

У 2008 годзе на прэстыжным Берлінскім фестывалі, у якім бяруць удзел амаль усе галоўныя тэлеканалы Еўропы, мая стужка “Галерэя Ады” атрымала “Прыз Еўропы” як лепшы дакументальны фільм. У карціне распавядаецца пра мастацкую галерэю, якую наладзіла ў сваёй вёсцы падзвіжніца беларускай культуры Ада Райчонак. Тое, што фільм пра невялікую беларускую вёску і яе жыхароў перамог фільмы, створаныя на самых буйных еўрапейскіх тэлеканалах, такіх як “АРТЭ”, “Бі-Бі-Сі” і г.д., дае падставу ганарыцца. Дарэчы, фільм быў зроблены дзякуючы падтрымцы тэлеканала “Белсат”, які працуе ў Варшаве для Беларусі. Дзякуючы названаму каналу мы маем магчымасць асэнсоўваць сваё існаванне праз аб’ектыўную інфармацыю і незаангажаванае кіно.

З чаго пачаўся ліцэй

Менавіта неабходнасць садзейнічаць падрыхтоўцы “сваіх” кадраў і стала для мяне своеасаблівым штуршком. Да таго ж кансультантамі на некаторых карцінах у мяне былі Алег Трусаў, Эрнэст Лузгін і іншыя, хто з энтузіязмам займаецца нацыянальным адраджэннем. Апроч гэтага, у сярэдзіне 1998-га я трапіў на Беласточчыну — здымаў там фільм пра беларускую мову, яе праблемы. І пабачыў там беларускія школы, ліцэі.

У 1989 годзе Алег Трусаў, які працаваў тады ў археалогіі, папрасіў мяне дапамагчы яму ў выбарчай кампаніі. Мы папрацавалі даволі добра і пасадзейнічалі таму, што ён стаў дэпутатам. На мой погляд, гэта былі першыя і, мабыць, перадапошнія справядлівыя выбары. Трусаў тады ўзначальваў адну з раённых суполак Таварыства беларускай мовы, пры якой ён прапанаваў стварыць ліцэй. Першапачаткова мы не будавалі вялікіх планаў — збіраліся вучыць дзяцей у пазаўрочны час, не надта адрываючыся ад сваіх асноўных прафесійных спраў. На наша запрашэнне далучацца адгукнуліся вельмі салідныя людзі — Міхась Ткачоў, Алег Лойка, Вінцук Вячорка ды іншыя. Словам, узровень быў высокі.

Новая назва гучала звыш значна — ЛІЦЭЙ. Нягледзячы на тое, што навучанне было платным, займалася даволі шмат людзей. І не толькі дзеці. У нас было некалькі груп дарослых. Лекцыі нашых выкладчыкаў прыходзілі слухаць нават тыя, хто і сам быў аўтарытэтным спецыялістам у сваёй галіне. Тая ж доктар навук Высоцкая з Мастацкага музея, напрыклад.

Нагадаю, што ўсё гэта было пры ТБМ Савецкага раёна. Каб заахвоціць больш шырокае кола людзей, мы звярнуліся ў Міністэрства адукацыі за дазволам залічваць нашы заняткі як заняткі школьнага ВВК (была такая творчая практыка раз на тыдзень). Заняткі ў ліцэі праходзілі па суботах і нядзелях, таму мы і папрасілі лічыць гэта нечым накшталт ВВК, заняткі ў якім таксама адбываліся ў гэты час.

Тагачаснага міністра Мікалая Дземчука я ведаў раней, бо браў у яго інтэрв’ю для аднаго са сваіх фільмаў. Разам з ім быў Аляксандр Казулін. Там мы і пазнаёміліся. Па пытанні ўсяго нацыянальнага ў грамадстве тады адзначаўся вялікі энтузіязм, і дазвол нам далі без праблем.

Праз пэўны час Казулін запрасіў мяне да сябе і прапанаваў стварыць адукацыйна-культурны цэнтр, дзе можна было б распрацоўваць методыкі навучання і выхавання на беларускай мове. Падкрэсліваю, што спачатку гутарка ішла толькі пра пазакласнае выхаванне. “Выбіваць” усё гэта я паехаў у Маскву, хаця сам працаваў яшчэ на “Беларусьфільме”. І “выбіў”.

Навучанне ў ліцэі вельмі падабалася нашым вучням, а бацькі ўвогуле былі “ў экстазе”. Каб арганізаваць “стацыянар”, пачалі ціснуць на мяне. Прыйшлося рабіць выбар. Шчыра кажучы, думаў, што гэта часова: “запушчу карабель” і вярнуся назад у кіно. “Запускаю” дагэтуль…

Потым былі пошукі памяшкання, блуканні па розных “чужых кутах”. Мне нават прапаноўвалі зрабіцца дырэктарам школы. Маўляў, павесіш на ёй шыльду “ліцэй”, і ўсё будзе добра. Мае ж прапановы былі іншымі: бяру школу і па конкурсе набіраю туды вучняў і выкладчыкаў. Зразумела, што калектывы школ на гэта не ішлі. Я ж таксама не пагаджаўся на іх умовы, бо добра разумеў, што ў такім выпадку сапраўднага ліцэя не атрымаецца, а будзе “вайна” за пасады.

Змагаліся вельмі доўга, але ў рэшце рэшт нам далі будынак на Кірава, 21. Было гэта ў 1992 годзе. Прабылі мы там 11 год, да 2003-га, калі наш ліцэй закрылі пастановай Савета Міністраў (“ліквідаваць з мэтай аптымізацыі навучальнага працэсу”). У тым жа будынку абяцалі адкрыць “новы гарадскі ліцэй”. “Прычапіліся” да таго, што ліцэй быццам бы не можа быць нацыянальным, хаця самі нас так і назвалі. Карацей кажучы, звольнілі нас усіх, нават вахцёра. Прызначаная новым дырэктарам нейкая кабета прасядзела там пэўны час і ўцякла. Так яны нічога і не стварылі.

Парадокс, але атрымліваецца, што ўлады закрылі нас за сваю ж памылку. “Аптымізавалі”…

А наш будынак не пасаромеўся “ўзяць” суд Цэнтральнага раёна. Цяпер там час ад часу судзяць былых нашых вучняў. Тых, хто хоча, каб Беларусь была такой, як пра яе пішуць у падручніках, — дэмакратычнай, прагрэсіўнай, незалежнай. У класах, дзе яны калісьці вучыліся, міліцыянты пакорліва паўтараюць фальшывыя абвінавачанні: “лаяўся матам”, “чапляўся да мінакоў”… Гнюсна, хаця і сымбалічна.

З таго часу працуем, як і раней, у рэжыме грамадскай суполкі. Па сутнасці, вярнуліся да таго, з чаго пачалі.

З чаго пачалася Рада

У 1998 годзе Замяталін, які быў тады віцэ-прэм’ерам краіны, падчас чарговага моцнага “наезду” зрабіў нас Нацыянальным дзяржаўным ліцэем імя Якуба Коласа. Іезуіцкая іронія тут відавочная, хаця я заўсёды кажу, што ў адрозненне ад знакамітага паэта ў мяне не псеўданім, а сапраўднае прозвішча.

“Каталізатарам” стала тое, што яшчэ ў 1994 годзе мне паказалі ўказ (адзін з першых указаў новай улады), які загадваў знішчыць усе падручнікі, выдадзеныя пасля 1991 года. Іншымі словамі, знішчалася ўсё тое, што тычылася перыяду, калі можна было гаварыць праўду. Потым гэты ўказ “паклалі пад сукно”, бо пад яго падпадала амаль усё, што было выдадзена, а нічога іншага не было, і школа засталася б увогуле без падручнікаў. Быў ужо жнівень, і рабіць відавочнае глупства чыноўнікі ад адукацыі не сталі.

Далейшыя падзеі прымусілі падумаць пра неабходнасць нешта рабіць, займаць актыўную пазіцыю, а не стаяць убаку. Стала відавочна: калі мы не будзем “рухацца”, то заслугоўваем таго, што з намі будзе далей. Асабіста я не мог зразумець, чаму нашы продкі дазволілі падчас рэпрэсій так сябе катаваць. Не мог прыняць логіку таго часу, але добра ўсведамляў: усё можа вярнуцца вельмі хутка. Таму мы і вырашылі паказаць, што інтэлігенцыя не абыякавая да таго, што з намі адбываецца. На жаль, ёсць і такія, хто жыве па прынцыпе “абы ціха” і лічыць, што гэтым займацца не трэба, галоўнае — сумленна выконваць сваю працу. Спачатку прыйдуць за аднымі такімі “сумленнымі”, потым за другімі… Словам, “давыконваюцца” і апынуцца ўсе разам за калючым дротам.

Мы вырашылі правесці сход інтэлігенцыі, каб данесці сваю пазіцыю не толькі да ўлады, але і да палітычнай апазіцыі, бо яна тады была, калі можна так сказаць, у нейкім расхрыстаным стане. Вельмі ўразіла тое, што нашы палітыкі, ў тым ліку і БНФ, замест таго, каб кансалідаваць грамадства і аб’ядноўваць людзей, адштурхоўвалі іх, пастаянна кланіраваліся.

І самае галоўнае, у чым я абвінавачваў сваіх калег і сяброў: яны не парупіліся аб тым, каб вылучыць годную перспектыўную кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары, знайсці сапраўднага канкурэнта тагачаснаму і сённяшняму кіраўніку краіны. Асабліва гэта было бачна ў 2001 годзе. Асабіста я нічога не маю супраць спадара Ганчарыка. Ён падаецца вельмі добрым і годным чалавекам, аднак наша грамадства тады яшчэ было надта захоплена рамантычным духам дэмакратычных перамен. І калі людзям у якасці адзінага дэмакратычнага кандыдата прапаноўвалася асоба, якая сымбалізавала абрыдлы саўковы крывадушны і фальшывы “клопат” аб “працоўных масах” (а менавіта так успрымаліся пагалоўна ўсімі “савецкія прафсаюзы”), узнікала заканамернае пытанне: аб чым думалі тыя, хто выставіў такую кандыдатуру? І чаму дэмакраты не парупіліся, каб загадзя выставіць моцнага кандыдата са сваіх шэрагаў і мець час на ягоную “раскрутку”?

Напярэдадні наступных выбараў сітуацыя была падобная — ні кандыдата, ні адзінства. Таму ў траўні 2003 года ў Палацы мастацтваў мы сабралі гарадскі сход інтэлігенцыі, а потым у Доме культуры ААТ “Сукно” — і нацыянальны. Галоўны наш пасыл — кансалідацыя. Мы звярнуліся і да ўлады, і да апазіцыі, і да народа з заклікам шукаць тое, што нас яднае, а не раз’ядноўвае, разам будаваць дэмакратычнае грамадства, што немагчыма без свабоды сумлення, слова і выбару. Гэтыя прапановы былі накіраваны ўладам і палітычным лідарам.

Неўзабаве пасля гэтага Лукашэнка выступіў на нарадзе вышэйшых кіруючых кадраў у канцэртнай зале “Мінск” з прамовай. Працытаваў мяне і з уласцівай яму лоўкасцю ўсё падаў “як трэба” — маўляў, інтэлігенцыя імкнецца раскалоць грамадства на розныя тыпы беларусаў, хаця гутарка ішла пра супрацьлеглае. І ўпершыню абвясціў пра неабходнасць стварэння дзяржаўнай ідэалогіі. Ніколі не ведаеш, да якіх наступстваў прывядзе тое, што ты робіш…

Атрымліваецца, што наш сход інтэлігенцыі стаў штуршком для актыўнасці ў гэтым напрамку. Па сённяшні дзень гэтая “ідэалогія” не дала ніякага плёну і не можа даць, бо тое, што яны практыкуюць, — гэта эклектыка і нешта штучнае. Ідэалогіяй павінны быць праўда і імкненне да яе, а не кампіляцыя старой брэжнеўска-сталінскай прапаганды…

Мы пачалі збірацца рэгулярна. Партыю альбо рух не сталі ствараць па розных прычынах. Асноўная ў тым, што нашы палітычныя аднадумцы прасілі не ствараць нічога новага, бо баяліся “перабежчыкаў”. Іншымі словамі, тады магло адбыцца тое, што назіраецца цяпер. Кожны новы рух на чале з выбітным чалавекам пачынае “высмоктваць” кадры з іншых. Новае з’яўляецца даволі рэдка.

Таму мы і вырашылі існаваць толькі як грамадская ініцыятыва. На згаданым сходзе была створана адпаведная рада, у якую ўвайшлі знакавыя людзі. Рада пастаянна абнаўляецца, застаецца толькі “ядро”. Збіраемся з нагоды нейкіх падзей, выпрацоўваем сваю пазіцыю, выказваем нейкія прапановы, накіроўваем іх грамадству, а калі трэба — кіраўніцтву краіны і лідарам палітычных партый.

З чаго пачнецца “адзіны”

 Сёння з нашымі дэмакратычнымі сіламі адбываецца тое, што з імі было амаль дзесяць гадоў таму, і мы вымушаны зноў заклікаць да кансалідацыі. Безумоўна, палітыкі самі павінны прымаць пэўныя рашэнні,  вызначаць адзінага апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, але калі выніку няма, то трэба падумаць чаму, і прыслухацца да іншых. Прыходзяць. Слухаюць. Выказваюцца.

Выснова з гэтых сустрэч наступная: ёсць сапраўды выбітныя і дасведчаныя палітыкі, але паасобку яны могуць рэалізавацца толькі ў нармальным дэмакратычным грамадстве. Паасобку ж стварыць яго ніхто не здолее. Таму аб’яднанне — адзіная надзея на поспех. Прапанавалі каардынаваць круглы стол, на якім яны імкнуцца дамовіцца аб адзінстве. Прагрэс пакуль невялікі. Галоўная перашкода — уласныя амбіцыі. Таму хацелася б заклікаць усіх дэмакратычных актывістаў, усіх сяброў партый мацней націснуць на сваіх босаў, каб прымусіць іх зрабіць адказны крок і ператварыцца ў адну каманду. Хаця б на гэты вырашальны час.

Аўтарскае пасляслоўе

Мая сустрэча са старшынёй Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімірам Коласам шмат разоў адкладвалася. І не таму, што ён гэтага не жадаў. Проста Колас вельмі заняты чалавек. І тут няма нейкай “рысоўкі”. Так бывае заўсёды, калі чалавек “хварэе” на канкрэтнаую справу.

Нарэшце 14 красавіка 2010 года мы запісалі гэтую размову. І я вельмі спадзяюся, што яе змест дасць адказ на пытанне “Чаму ўсё не адбылося хутчэй?”


%d0%ba%d0%be%d0%bb%d0%b0%d1%812

%d0%ba%d0%be%d0%bb%d0%b0%d1%81

%d0%ba%d0%be%d0%bb%d0%b0%d1%811

OLYMPUS DIGITAL CAMERA