Корбан Алег

 

%d0%9a%d0%9e%d0%a0%d0%91%d0%90%d0%9d-5

 

 

 

  •  З кнігі “Супраць плыні”

 

БУРАК” СВАБОДЫ

 

Даведка: Алег Корбан нарадзіўся 4 лютага 1985 года. Сябра Нацыянальнага камітэта Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі АГП. Старшыня арганізацыі “Маладыя дэмакраты” — моладзевага крыла АГП.

Затрыманы ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 г. пасля акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска. Абвінавачаны па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках). Утрымліваўся ў следчым ізалятары КДБ. 7 студзеня вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. 31 студзеня на вуліцы ў Мінску быў затрыманы паўторна, але адпушчаны праз 2 гадзіны пасля допыту ў КДБ.

Гэтая гісторыя стала самай галоўнай байкай “амерыканкі”. Дакладней не байкай, а быллю, таму што адбывалася на самой справе. Калі Алега Корбана вызвалялі, прынеслі “пайку”, таму выйшаў ён толькі пасля таго, як даеў свой бурак.

Многія “сядзельцы”перш за ўсё ўбачылі ў гэтым нешта неардынарна-смешнае. На мой жа погляд, не спяшацца на волю можа толькі той, хто ўпэўнены ў тым, што за кратамі апынуўся цалкам без віны.

 

Крок ў жыццё

 

Бацькі Алега Корбана родам з Віцебшчыны, а сам ён нарадзіўся ў Мінску, куды сям’я пераехала ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Міхаіл Васільевіч і Кацярына Вячаславаўна пазнаёміліся на вяселлі агульных знаёмых, а хутка і самі пачалі жыць разам. Спачатку працавалі на фабрыцы ў Чашніках, потым на сталічным “Гарызонце”.

Пасля пераезду Корбаны жылі ў вялікім драўляным доме прыватнага сектара. Яго знеслі, а ўсім, хто там жыў, далі асобныя кватэры ў “Серабранцы”. Зараз на тым месцы стаіць прэстыжны “Дом над Свіслаччу”, у якім месціцца не менш прэстыжная “Панарама”.

У “Серабранцы” Алег Корбан і нарадзіўся. Быў у яго і старэйшы (на тры гады) брат Васіль, які, на жаль, трагічна памёр каля года таму.

Праз некалькі год сям’я Корбанаў атрымала трохпакаёвую кватэру (побач з Трактарным заводам), дзе яны жывуць і па гэты дзень. Нягледзячы на салідную адлегласць, ездзіць (кожны дзень на трамваі) прыйшлося ў дзіцячы садок, які знаходзіцца недалёк ад “Гарызонту”.

З тым перыядам і звязаны яго першыя ўспаміны. Галоўным у іх было тое, што дзяцей выхоўвалі цалкам на савецкай ідэалогіі, дзе дамінавала ўсё рускае. І толькі ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў свядомасць хлапчука пачало ўваходзіць нешта роднае – беларускія фразы, песні, вершы.

22-я сярэдняя школа была самай звычайнай, то бок, без якіх-небудзь “ухілаў”. Першыя чатыры гады хлопец вучыўся ў беларускамоўным класе. Зразумела, што цікавіцца палітыкай у такім узросце не выпадае. Яна сама пачынае цікавіцца намі.

Перад тым як шкаляры пайшлі ў пяты клас, бацькам сказалі: у нас палітыка з’мяняецца, таму пажадана, каб вашы дзеці вучыліся далей на рускай мове, інакш у іх будуць складанасці з навучаннем. Маўляў, новыя падручнікі выдаюцца выключна па-руску. Практычна ўсе аднакласнікі Алега Корбана прынеслі адпаведныя заявы.

Першая цікавасць да падзей, якія адбываюцца ў роднай Беларусі, з’явілася ў восьмым класе, бо менавіта ў 1999 годзе прайшоў першы “Марш свабоды”. Алег пачаў цікавіцца гуманітарнымі навукамі, гісторыяй сваёй краіны і нават прымаць удзел у адпаведных алімпіядах.

Пасля сканчэння дзявятага класа стала відавочна, што хлопец ператварыўся ў чалавека з канкрэтнай грамадзянскай пазіцыяй, таму ўступленне ў “Малады фронт” было цалкам лагічным. Адбылося ўсё ў 2000 годзе.

Дарэчы, кіраваў арганізацыяй тады Павел Севярынец. Менавіта з ім лёс звядзе Алега Корбана пасля падзей 19 снежня 2010 года ў адной камеры следчага ізалятара КДБ. Сустрэчу праз дзесяць год можна патлумачыць толькі наканаванасцю чалавечага лёсу…

 

Крок у палітыку

 

Менавіта тады ў самым разгары была кампанія па байкоту чарговых парламенцкіх выбараў, таму ўвесь вольны час пачаў праходзіць у офісе “Маладога фронту” і менавіта на гэты час прыходзіцца першае затрыманне Алега Корбана.

Забралі яго за распаўсюд улётак акцыі “Пераменаў”. Разам з іншым актывістам затрымалі супрацоўнікі міліцыі, збілі і склалі пратакол. Зразумела, што школьнаму кіраўніцтву гэта, мякка кажучы, не спадабалася. Пачаліся праблемы, юнак зразумеў: вучыцца далей у той жа самай школе будзе вельмі складана. І пайшоў у ліцэй № 3 машынабудаўніцтва, які раней называўся менш пафасна – ПТВ №133. Стаў вучыцца на спецыяльнасці “аператар станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем”.

Свае першыя “суткі” ён атрымаў у 2003 годзе. Як заўсёды, святкавалі Дзень волі. На сталічную плошчу Якуба Коласа Алег Корбан прыйшоў да пачатку акцыі, бо хацеў там сустрэцца з сябрамі і нешта важнае з імі абмеркаваць. Аднак у міліцыянтаў былі іншыя планы. Людзі ў цывільным затрымалі юнака амаль адразу ж, адвезлі ў Савецкае РУУС, а на наступны дзень – у суд. За “нецэнзурную брань” “далі” пяць сутак арышту.

Так на асабістым прыкладзе Корбан зразумеў сутнасць беларускай судовай сістэмы, адсутнасць справядлівасці і неабходнасць усё змяніць.

Было гэта на апошнім курсе вучобы ў ліцэі і магло каштаваць дорага. Выратавала тое, што Алег прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемствах вучэбнай установы (КВЗ, розныя святы, конкурсы і г.д.), да таго ж вучыўся няблага. Усё гэта і дало магчымасць атрымаць дыплом.

Па размеркаванню Корбан пачаў працаваць на Трактарным заводзе.

21 ліпеня 2004 года адбылася акцыя наконт 10-годдзя кіравання краінай А.Г.Лукашэнкам. Для Алега яна скончылася чарговымі “суткамі”, але іх колькасць на гэты раз узрасла да дзесяці. Як заўсёды, пачаліся “праблемы” на рабоце. У двукоссе я ўзяў гэтае слова невыпадкова, бо гаворка тут ідзе выключна пра “мелкія пакасці”, якія апошнім часам сталі візітоўкай правячага ў Беларусі рэжыму. Такое ўражанне, што яны зараз з’яўляюцца часткай натуры кіраўнікоў. “Западло” цалкам складаецца з нейкіх дробязей, часам агідных і вельмі прымітыўных, накшталт падкладання кнопкі на стул настаўніка. На нешта больш арыгінальнае ў іх банальна не хапае мазгоў…

Пералічваць “мелкія пакасці” няма сэнсу, бо яны сёння добра вядомы. Напрыклад, Алега Корбана маглі пазбавіць прэміі за тое, на што для ўсіх астатніх заплюшчваюць вочы.

У гэты ж перыяд жыцця ён паступіў завочна вучыцца ў прыватны Міжнародны гуманітарна-эканамічны ўніверсітэт, дзе вучыўся “на юрыста”. Скончыць яго не далі – выключылі. І зрабілі гэта даволі подла.

Як і многім іншым, Алегу Корбану прыйшлося працягваць вучобу за мяжой.

Неаднойчы даводзілася чуць крытыку такіх праграмаў. Маўляў, пасля іх большасць моладзі з’язджае з Беларусі. Прыклад Корбана сведчыць аб тым, што гэта далёка не так.

Нагадаю, той час быў вельмі насычаны падзеямі, якія праходзілі пад знакам прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Цалкам лагічна., што Алег знаходзіўся ў іх эпіцэнтры. Невыпадкова і тое, што 16 лютага 2006 года за чарговую акцыю салідарнасці (на мой погляд, у самым пачатку яна была адной з самых крэатыўных ідэй беларускай апазіцыі) яго зноў затрымалі міліцыянты. А “самы гуманны суд у свеце” асудзіў на традыцыйныя 10 сутак.

Пасля вызвалення актыўна ўключыўся ў падрыхтоўку Плошчы, якая пачалася 19 сакавіка. Раніцай у дзень прэзідэнцкіх выбараў метадам брутальнага ламання дзвярэй яго зноў затрымалі і зноў за “нецэнзурную брань” “закрылі” на пяць сутак.

24 сакавіка Алег Корбан у чарговы раз выйшаў на свабоду і адразу ж даведаўся пра начны разгром “намётавага гарадка”. “Госці” з КДБ прыйшлі праз некалькі дзён. Ад іх Алег даведаўся, што пачаў дзейнічаць новы артыкул нумар 193 Крымінальнага кодэкса, які забараняў дзейнічаць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Першым пад “жарнавы” беларускай Феміды трапіў “Малады фронт”.

Працягваць аповед пра чарговыя “зачысткі” іншадумцаў няма сэнсу па той прычыне, што, як заўсёды, “пакасці” не адрозніваліся арыгінальнасцю. Але на адной трэба спыніцца асобна па прычыне найбольш яскравага цынізму сённяшніх беларускіх уладаў.

4 лютага 2007 года Алег Корбан з сябрамі святкаваў свой дзень народзінаў. Каля дзесяці гадзін вечара ў яго кватэры адбыліся “маскі-шоў” з вобыскам і трохдзённым затрыманнем КДБ. Сумненняў ў тым, што гэта быў “падарунак”, не існавала ніколі.

Тады яго адпусцілі. Мабыць, нехта “адклаў” доўгатэрміновыя краты на 2010 год…

 

Крок на Плошчу

 

Тлумачыць пераход з “Маладога Фронту” ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю немэтазгодна — узрост і новыя палітычныя прыярытэты. Двойчы Корбан рабіў спробы трапіць у дэпутацкія шэрагі, двойчы гэтаму перашкаджала ўлада. А калі ад АГП на прэзідэнцкія выбары 2010 года “дэлегавалі” Яраслава Раманчука, Алег Корбан у яго штабе стаў “курыраваць” сталіцу.

Шлях на Кастрычніцкую плошчу не быў для яго вынікам выпадковасці альбо нейкага эмацыйнага ўсплёску. Крок быў абумоўлены ўсім папярэднім жыццём, дакладней, палітычным складальнікам гэтага жыцця. Маршрут з адной плошчы на другую (Кастрычніцкая–Незалежнасці) прайшлі тады дзясяткі тысяч людзей, і кожны з іх бачыў яго сваімі вачамі, як і тое, што адбывалася далей:

 

— Калі мы пачалі рух да плошчы Незалежнасці, стала відавочна, што ў акцыі пратэсту прымаюць удзел дзясяткі тысяч людзей. Нехта кажа пра трыццаць тысяч, нехта – пра семдзесят, але галоўнае не гэта. Вельмі парадавала тая атмасфера, якая панавала сярод людзей – шчырыя радасныя твары. Было відавочна, што яны не жадаюць праз гадзіну-другую разысціся, а настроены на кардынальна пазітыўныя перамены ў беларускім грамадстве.

Агульнавядомы факт – да плошчы Незалежнасці мы дайшлі без якіх-небудзь правакацый. Кіраўнікі акцыі пачалі гуртавацца каля помніка Леніна. Былі спадзяванні на нейтралітэт міліцыі, памяркоўныя адносіны некаторых вышэйшых чыноў, станоўчую рэакцыю Расіі. Але даволі хутка стала зразумела, што ўсё гэта ілюзіі.

Замест пачуліся гукі разбітага шкла. З гэтага моманту ўсё і пачалося.

Як і многія, я лічу: сярод удзельнікаў мітынгу панавала неразбярыха. З аднаго боку, частка кіраўнікоў апазіцыі і былых кандыдатаў у прэзідэнты казала, што трэба ісці на перамовы, якія павінны адбыцца ў гэтым будынку. З другога, людзі пачалі крычаць — дзверы закрытыя. Было незразумелым, па якой прычыне: няма ключа альбо не пускаюць? Мабыць, некаторыя захацелі дапамагчы іх адкрыць, таму частка дэманстрантаў падышла бліжэй.

Так я аказаўся каля дзвярэй. Невядома адкуль з’явіліся людзі ў чорным з нейкімі прыладамі ў руках, справакавалі натоўп на агрэсію і невядома куды зніклі зноў. Актывісты і прыхільнікі дэмакратычнага руху засталіся каля пашкоджаных дзвярэй і пабітых вокнаў у красамоўным адзіноцтве…

Асабіста ў мяне ніякіх планаў (як і ў іншых прадстаўнікоў нашага штаба) на радыкальныя сцэнары не было. У нашым асяроддзі гэта нават не абмяркоўвалася.

На тым, што адбывалася далей, падрабязна спыняцца не буду. Кадры той беспрэцэдэнтна жорсткай “зачысткі” сёння добра знаёмы амаль кожнаму. Выкажу толькі меркаванне наконт звярынай лютасці “касманаўтаў”.

На мой погляд, бязлітаснасць тлумачыцца тым, што большасць “цэрбераў” спецыяльна для гэтай акцыі прывезлі з розных рэгіёнаў Беларусі і правялі з імі адпаведную ідэалагічную “апрацоўку”. Сярод мітынгуючых у іх не было знаёмых, пратэставалі выключна “адмарозкі”. Адсюль і такі брутальны “беспредел”.

У выніку “абароны канстытуцыйнага ладу” я апынуўся спачатку каля гатэлю Crowne Plaza, а потым каля Данькаў-клуба. Тыя, хто ведае Мінск, пацвердзіць: між імі мінімум кіламетр.

Там мы з сябрамі селі ў тралейбус і паехалі да бліжэйшай станцыі метро, якім аказалася “Няміга”. Зайсці ўнутр не ўдалося. Як драпежнікі на ахвяру, на нас накінуліся амапаўцы, крыкамі загадалі легчы тварам уніз, а потым пагналі ў аўтобусы, якія пад’ехалі да прыпынку грамадскага транспарту. Хутка да іх “далучыўся” аўтазак. Мяне “запакавалі” ў адзін з аўтобусаў. Людзей нагналі вельмі шмат. Праз шкло было бачна, што хапалі ўсіх запар, нават абсалютна выпадковых прахожых.

Спачатку нас прывезлі на Акрэсціна, аднак па колькасці тых, хто быў перад намі (15–20 аўтобусаў і аўтазакаў), было зразумелым, што столькі людзей размясціць там не змогуць.

Дарэчы, на працягу 4–5 гадзін нікога з затрыманых (у тым ліку і жанчын) нікуды не пускалі. Нават у туалет.

Не ведаю, адносіцца гэта да катаванняў ці не, але было вельмі бачна, што адчуванне сваёй улады над іншымі людзьмі прыносіла ім асаблівую асалоду…

Неўзабаве мяне прывезлі ў Ленінскае РУУС, а адтуль (у наручніках) разам з Алесем Арэстовічам у “ амерыканку”.

Першы допыт адбыўся раніцай 20 снежня. Там я даведаўся пра тое, што за “арганізацыю масавых беспарадкаў” мне“свеціць” да 15-ці гадоў пазбаўлення волі. Гэта было шокам, але яшчэ большым шокам стаў выступ Яраслава Раманчука па Беларускаму тэлебачанню і тое, як ён ціснуў прэзідэнцкую руку. Такога я не чакаў.

Сярод першых сукамернікаў быў анархіст Ігар Аліневіч, але на наступны дзень мяне перавялі ў іншую камеру, дзе знаходзіўся Павел Севярынец. Жыццёвае кола як бы замкнулася, бо менавіта ён быў першым, з кім я пазнаёміўся ў “Маладым фронце”.

Мабыць, лёс у самы цяжкі момант жыцця зноў звёў мяне з гэтым чалавекам невыпадкова. Побач з такімі мужнымі людзьмі значна лягчэй пераносіць усе выпрабаванні. А яны ўзмацніліся літаральна на наступны дзень, калі да штатных ахоўнікаў далучыліся невядомыя ў масках – велізарнага целаскладу, высокага росту, злыя, вельмі агрэсіўныя. Хутчэй за ўсё галоўнай мэтай у іх было ператварэнне нашага жыцця ў сапраўднае пекла. Вельмі хутка з іх “дапамогай” следчы ізалятар КДБ ператварыўся ў канцлагер.

У тым ліку і наконт камунікацый. Я пісаў лісты амаль кожны дзень, аднак яны (як і ва ўсіх) нікуды не даходзілі. Рабілася гэта для таго, каб следчыя або супрацоўнікі КДБ маглі сказаць: вось бачыш, ніхто табе не піша, ніхто на волі пра вас не памятае, нікому вы больш не патрэбныя.

Пра тое, што гэта адна з формаў псіхалагічнага ціску, я зразумеў, калі заўважыў: у Паўла Севярынца таксама няма лістоў, а гэтага не можа быць па вызначэнню.

Амаль з самага пачатку катэгарычна адмовіўся ад прапаноў выступіць перад тэлекамерай Беларускага тэлебачання, а ў паказаннях даказваў сваю абсалютную невінаватасць.

Па гэтай прычыне першы раз у жыцці Новы год прыйшлося сустракаць у турэмнай камеры. 5 студзеня мне прапанавалі прайсці паліграф, які больш вядомы як “дэтэктар ілжы”. Пагадзіўся, бо быў упэўнены ў выніках. Да і не магло яно быць інакш, бо толькі не зусім адэкватным людзям можа прыйсці ў галаву пытанне пра супрацоўніцтва іншадумцаў з замежнымі разведкамі.

Вызвалілі мяне 7 студзеня, а напярэдадні правялі апошні “шмон”, пра які шмат расказвалі многія палітзняволеныя, у тым ліку і падчас судоў, як гэта зрабіў Андрэй Саннікаў. Паўтарацца не буду, скажу толькі, што пра больш цынічныя катаванні пішуць толькі ў благіх авантурных раманах.

Да таго, што я займаюся палітыкай, стаўленне бацькоў было ў розныя перыяды розным. Калі прыйшоў у “Малады фронт”, у іх настроях прысутнічаў негатыў, бо яны бачылі ў сваім сыне выключна сярэднестатыстычнага працоўнага, які не мае ніякіх адносінаў да іншадумства. Асабліва, калі ўлічыць тое, што ў нашых умовах яно даволі моцна “прэсінгуецца” афіцыйнай уладай. Сімпатыі бацькоў тады схіляліся менавіта ў той бок.

З часам яны прызвычаіліся. Стала відавочна – гэта не ўзроставае.

19 снежня 2010 года вектар сімпатый змяніўся на супрацьлеглы, бо тое, што адбываецца ў краіне ўвогуле, стала праецыравацца на падзеі вакол іх дзіцяці. Зразумела, бацькі вельмі моцна перажывалі.

Паўплывала і тое, што я не застаўся ў адзіноцтве, сам-насам з бядой. Да іх прыходзілі праваабаронцы з “Вясны”, актывісты нашай партыі, тэлефанавалі журналісты незалежных медыяў. Было відавочна: мая “тэма” знаходзіцца ў эпіцэнтры грамадскай увагі і калі-небудзь усё скончыцца. У прынцыпе, так яно і адбылося.

У мяне часта пытаюцца наконт асабістых адносін да Яраслава Раманчука. Аб гэтым цяжка судзіць, бо невядома, як сябе павядзе ў тых умовах любы з нас. Аднак, як кандыдат у прэзідэнты, ён павінен быць гатовы да ўсяго. Асабліва, калі ўлічыць, у якой краіне і ў які час мы жывем. Сапраўды, лідэр павінен ісці да канца і быць прыкладам для ўсіх астатніх. На жаль, у Раманчука мы гэтага не ўбачылі. А самае вялікае расчараванне было пасля прэс-канферэнцыі 20 снежня.

Кардынальна мае адносіны да яго не змяніліся, бо і да гэтага я пазіцыяніраваў Раманчука толькі як спецыяліста ў галіне эканомікі. Не лічу яго тым, хто можа ўзначаліць усе працэсы дэмакратычнага грамадства.

Дзяржаўная рэпрэсіўная машына можа зламаць амаль любога чалавека, а Яраслаў ніколі з ёй асабіста не сутыкаўся. Ніколі не затрымліваўся, не адбываў “суткі”, не быў на допытах у КДБ. Усё гэта ён ведаў выключна з чужых словаў, дзякуючы інтэрнэту. І быў цалкам не падрыхтаваны для такіх выпрабаванняў.

Пасля вызвалення мы сустрэліся з ім не адразу. Мяне тады вельмі пакрыўдзіла, што Раманчук знаходзіўся на адпачынку ў Аўстрыі. Калі сустрэча ўсё ж такі адбылася, яна была даволі ветлівай.

Пашпарт мне аддалі ў апошнія дні вясны 2011 года, а крымінальную справу закрылі 23 жніўня”.

 

17.10.11

 

  • З кнігі “Жыццё пасля кратаў”

АЛЬТЭРНАТЫВА АЛЬТЭРНАТЫВЕ

Шчыра кажучы, я крыху здзівіўся, калі перад чарговым з’ездам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алег Корбан, як кажуць, кінуў пальчатку выкліку больш вядомаму і дасведчанаму Анатолю Лябедзьку. І не толькі таму, што з самага пачатку было зразумела наконт мізэрнасці  шансаў. І зусім не таму, што аднаму ўсяго 27 год, а другому ўжо палова стагоддзя.

Не зразумеў (акрамя піяру)  была сама матывацыя   ўчынку, яго карані. Менавіта з  гэтага пытання і пачалася наша гутарка.

 

— Чаму Вы ўсё ж такі пайшлі на гэты крок?

— Менавіта на час пасля вызвалення прыходзіцца найбольш актыўны перыяд маёй дзейнасці па развіццю моладзевай арганізацыі пры Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) “Маладыя дэмакраты”. Разам з іншымі мы арганізоўвалі розныя акцыі і кампаніі.  Тады і ўзніклі некаторыя супярэчнасці і складаныя пытанні ў узаемаадносінах з кіраўніцтвам партыі. Што мы і вырашылі скарыстаць пад час чарговага з’езду партыі, дзе я высунуў сваю кандыдатуру на вышэйшую партыйную пасаду. Гэта ў першую чаргу звязана з тым, што хацелася данесці сваю пазіцыю, сваё бачанне на тое, як трэба нейкім чынам змяніць, рэфармаваць дзейнасць АГП. Асабіста  бачыў (і бачу сёння) ёсць пэўныя хібы, недапрацоўкі, якія не даюць зрабіць партыю больш належнай ды эфектыўнай у сваёй дзейнасці. Можа быць, партыяй нумар адзін. Той арганізацыяй, якую чакаюць людзі.

З большага я свае планы здзейсніў, данёс сваю пазіцыю. На жаль яна не была пачутай большасцю.  Можа быць, была незразумелай…Можа быць, асноўная частка партыйцаў пакуль яе проста не можа ўспрыняць, а дарэмна. Так жа яны ў свой час былі не ў стане ўспрыняць думкі іншых некаторых партыйцаў і прыхільнікаў, якія мелі шмат цікавых і карысных ідэй. З-за таго , што партыйнае кіраўніцтва не хоча чуць і успрымаць гэта, АГП сёння страчвае свае пазіцыі, губляе час адведзены Богам для справы, усё далей і далей аддаляецца ад беларускай рэальнасці.

 — Так у чым жа яе сутнасць?

— Кораценька.

Па бачанню значнай часткі моладзі нашай партыі, АГП павінна стаць больш народнай партыяй, больш адкрытай і зразумелай для простага чалавека. На мой погляд (быў адпаведны план), трэба рабіць акцэнт на “вулічныя акцыі”, быць бліжэй да народу. Рабіць так, каб наша дзейнасць была больш бачнай для ўсяго грамадства, ладзіць кампаніі па абароне найбольш прыгнечаных сацыяльных груп і г.д. Апроч таго, асноўны акцэнт мусіць быць на інфармацыйнай працы з грамадствам. Пры гэтым на ўсіх узроўнях трэба аказваць падтрымку двум  асноўным крылам АГП  – моладзевай і жаночай арганізацыі.

Калі нават сыходзіць з таго, што АГП засяроджваецца на прадпрымальніках, на бізнесоўцах, то і тут у прынцыпе бачныя недапрацоўкі. Прадпрымальнікі амаль не адчуваюць нашай ідэйнай блізасці.

Моладзь гэта, так бы мовіць, рухавік пераменаў. Мы хочам змяняць і палепшыць тое, што вакол нас. Таму імкненне да перамен зразумела і натуральна.

—   А чаго Вы на з’ездзе далі “задні ход” і адмовіліся ад барацьбы?

—  З большага я разумеў, што не прадстаўляю рэальнай канкурэнцыі Анатолю Лябедзьку і вылучаўся перш за ўсё каб данесці сваю пазіцыю. Канешне, таксама было жаданне патрапіць у намеснікі, тады б паўплываць на адпаведныя рэформы было б больш шансаў, але гэтага не адбылося. Як лічыць Анатоль, такія пытанні трэба вырашаць па-іншаму. Але як можна па-іншаму, калі нас не чуюць?!

—   Што адбылося ў Вашым жыцці за год пасля нашай размовы?

—  На пачатку верасня мінулага года  прыйшла пастанова аб спыненні  маёй крымінальнай справы і аб тым, што я зноў магу перасякаць мяжу. На жаль гэта не стала перашкодай для ўзнікнення пэўных недарэчнасцей. Напрыклад, 23 верасня  2011 года  (першая спроба) мяне знялі з цягніка і не пусцілі ў Літву. Я доўга тэлефанаваў з мяжы следчаму, але безвынікова.   Відаць, бюракратычны механізм айчынай юрыспрудэнцыі яшчэ як след не спрацаваў.

Па-сапраўднаму “выяздным” я стаў толькі праз некалькі тыдняў. І тое, шмат у чым дзякуючы таму, што пастаянна “педаліраваў” гэтае пытанне. Думаю, калі б не рабіў апошняе,  знаходзіўся б адпаведных спісах па гэты дзень.

На працу не ўладкоўваўся, бо спачатку хацеў атрымаць вышэйшую адукацыю.  Я завочна навучаўся на кафедры псіхалогіі і сацыяльна-палітычных навук Кіеўскага міжнароднага універсітэту. Не так даўно атрымаў дыплом. Спадзяюся, у бліжэйшы час знайсці адпаведную працу.

 — Даводзілася чытаць пра сыход з АГП?

— Гэта не зусім так.

Пасля з’езду стаўлянне кіраўніцтва партыі да “Маладых дэмакратаў” не змянілася. І ўвогуле,  на актывізацыю дзейнасці “маладзёвага крыла” яны глядзелі вельмі своеасабліва. Можа бачылі тут нейкую канкурэнцыю… Можа адносіліся з нейкім недаверам.

Пасля з’езду мы абмеркавалі гэтую сітуацыю і прышлі да высновы, што нішто не замінае дзейнічаць асобна. Канешне, ёсць пагроза трапіць пад “знакаміты” артыкул №193, які забараняе дзейнасць ад імя не зарэгістраванай арганізацыі, але мы пайшлі на гэты крок свядома.

Я напісаў паперу на пазбаўленне пасады кіраўніка “Маладых дэмакратаў”, на выхад са складу Палітсавету партыі і Нацыянальнага камітэту. З АГП ж канчаткова не выйшаў, толькі напісаў паперу на прыпыненне дзейнасці.

З аднаго боку ёсць пытанне ў канкрэтных асобах, але справа далёка не гэтым.  Справа не толькі ў асобах, але і ў каштоўнасцях.

Тое ж самае зрабілі некалькі дзесяткаў маіх паплечнікаў.  Дарэчы, большасць з іх выйшла са складу партыі.

Яны і стварылі новую грамадскую арганізацыю “Альтэрнатыва”, якая будзе засяроджвацца ў першую чаргу на працы са студэнтамі, а таксама на раскрыцці грамадству рознастайных з’яў, вырашэнне актуальных сацыяльных праблем і г.д. На наш погляд, сёння па гэтых сферах іншыя дэмакратычныя арганізацыі не працуюць належным чынам.

На жаль, зараз складана вызначыць сярод дэмакратычнай апазіцыі тых, хто працуе эфектыўна і тым больш мае якія-небудзь дасягненні. Магчыма, пасля падзей 19 снежня 2010 года ў настроях людзей яшчэ пануе расчараванне, страх, апатыя…

Як бы там не было, ужо сёння пэўны кавалак працы мы возьмем на сябе. Тое, што  можам  і абавязаны рабіць у такой сітуацыі.

Думаю, праз год можна будзе агучваць высновы і даваць адзнакі нашай дзейнасці.

 — Наколькі я зразумеў, пэўныя расчараванні ёсць у апазіцыйным асяроддзі? А ў грамадстве?

— Канешне.

У большасці людзей назіраецца пэўны недавер, апатыя да любой палітыкі, да любой актыўнасці. Большасць не чакае, што сітуацыя ў краіне зменіцца і пачнуцца рэформы, рэальна вырастуць заробкі, палепшацца стасункі з Захадам. Гэта было бачна па настроях, якія панавалі пад час так званай парламенцкай выбарчай кампаніі.

— З кропкі гледжання сённяшняга дня, што ў недалёкім мінулым трэба было зрабіць па-іншаму?

— Даволі складанае, нават філасофскае пытанне…

На мой погляд, трэба было любымі спосабамі захаваць еднасць апазіцыі.

Можа, праблема ў тым, што у свой час у кіраўцтве партыі БНФ, змянілі Вінцука Вячорку, бо ён  стрымліваў раз’яднальныя настроі іншых, цэментаваў кааліцыю…

На жаль, сёння яе няма.

Мне вельмі не падабаецца, што апазіцыянеры сёння як ніколі раздроблены і не могуць дамовіцца між сабой. Што ствараюць кааліцыі толькі на пэўны час..  Тым больш, што тыя рэальна  не працуюць…

На масавыя акцыі, ад якіх шмат што залежыць (напрыклад, лёс краіны), трэба прадугледжваць іх фармат і тое, што будзе пасля.

19 снежня 2010 года ўсяго гэтага належным чынам не было зроблена.  Урэшце супрацьстаяць правакацыям не атрымалася, што потым прывяло (стала повадам) да рэпрэсій і зверскага стаўлення да мясцовага дэмакратычнага грамадства і Захаду ўвогуле.

– З мінулым — усё зразумела. А што трэба рабіць на будучыню?

— На першае месца я бы паставіў еднасць. Усім, хто прагне нейкіх зменаў у беларускім грамадстве, трэба аб’яднацца.

— Але гэта мы чуем ужо даўно…

— Так.

Я лічу, праблема ў тым, што яны збіраюцца за стол перамоваў, але ніхто з іх рэальна не працуе і не выконвае прынятыя рашэнні… Ва ўсіх партыях слабыя структуры… Таксама, не хапае веры, моцнага жадання дасягнуць перамогі ў канкрэтных пытаннях. Не выключаю і тое, што асноўная частка гэтых лідараў ужо стамілася і не гатова да кадравага абнаўлення ўнутры сваіх структур, да дзейнасці ў адпаведным рытме…

Анатоля Лябедзьку я сюды не адношу, бо ён як раз гатовы да такой працы. Гутарка пра іншых.

Магчыма, патрэбны новы фармат аб’яднання, з прыцягненнем да новай кааліцыі найбольш моцных грамадскіх арганізацый.

Другім арыенцірам магла бы стаць  сумесная праца накіраваная на паляпшэнне працэнта даверу і пазнавальнасць з боку грамадства. Упэўнены,  для гэтага спатрэбіцца шэраг сацыяльных кампаній. Трэба пайсці людзям насустрач.  Асабліва там, дзе не дапрацоўвае дзяржава. Стаць больш бачнымі для людзей.

Акрамя гэтага неабходна карпатліва працаваць унутры сваіх структур. Рабіць іх больш моцнымі. Рыхтаваць людзей ужо сёння да наступных выбараў. Дабіцца такой колькасці прыхільнікаў, каб можна было “пакрыць” усе выбарчыя ўчасткі.

Сёння такая праблема з наяўнасцю структур стаіць вельмі востра. Асабліва ў рэгіёнах.

 

 

16.09.12

%d0%9a%d0%9e%d0%a0%d0%91%d0%90%d0%9d-2 %d0%9a%d0%9e%d0%a0%d0%91%d0%90%d0%9d-3

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA