Кудзіненка Андрэй

%d0%9a%d0%a3%d0%94%d0%97%d0%86%d0%9d%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Калі я ўпершыню ўбачыў фільм “Акупацыя. Містэрыі”, то вельмі здзівіўся таму, як яго “праглядзела” сучасная беларуская цэнзура, бо там было зусім не тое, за што так дбае афіцыйная ідэалогія. Аказалася, ніхто нічога не прапускаў, і фільм 6 гадоў “ляжаў на паліцы”. Калі ж пазнаёміўся з ці не лепшым маладым рэжысёрам беларускай сучаснасці Андрэем Кудзіненкам, то зразумеў, што па-іншаму ён і не мог зрабіць, бо сам жыве надзвычай неардынарна.

Першыя кадры

“У маім жыцці іх “знялі” ў Брэсце 20 кастрычніка 1971 года. Айцец, Анатоль Дзмітрыевіч, быў архітэктарам. На жаль, у 2010 годзе яго не стала. А маці, Галiна Данілаўна, слава Богу, па наш час жывая, некалі працавала тавараведам. У мяне ёсць старэйшая на пяць гадоў сястра Таццяна. Яна не мае ніякага дачынення да мастацтва. Працуе ў Гародні эканамістам, падлічвае каштарысы для будаўніцтва. Ужо ёсць два пляменнікі.

Бацька быў у мясцовым універсітэце загадчыкам кафедры архітэктуры. Пачынаў у праектным бюро, а потым перайшоў у педагогіку, бо зразумеў, што гэта тое, што трэба. На яго магіле і зараз можна сустрэць шмат студэнтаў. Яны яго вельмі любілі.

Вучыўся я ў школе №7 з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы.

Калі паступіў у Кіеўскі політэхнічны ўніверсітэт, сярод студэнтаў з тэхнічных ВНУ праходзіла рэспубліканская алімпіяда па нямецкай мове ў Харкаве. Нягледзячы на тое, што я збег датэрмінова (пасля першага тура), заняў на ёй пятае месца.

Тлумачылася ўсё вельмі проста.

Другі тур праходзіў на наступны дзень, а тады ў футбол у Кіеве гулялі “Спартак” і кіеўскае “Дынама” (расійскі клуб, на жаль, выйграў 4:1). Мне гэта было больш цікава. Таму і збег, а так стаў бы адным з першых.

Футболам я займаўся даволі даўно, нават хадзіў у спартовую школу.

Цікава, што ў дзяцінстве бацькі забаранялі займацца спортам наогул. У мяне чулі “шумы ў сэрцы”, што, мякка кажучы, небяспечна, таму трэніраваўся падпольна.

Два першыя класы гэта была вольная барацьба, бо бацькі падманулі наконт таго, што ў футбольную секцыю бяруць толькі з чацвёртага класа. Два гады я страціў.

Дарэчы, нягледзячы на лепшыя, чым у іншых паказчыкі, спартовыя дактары да розных спаборніцтваў не дапускалі. Мабыць, яны працавалі лепш і больш сумленна за калег з ваенкамата, дзе на шмат што “закрываюць вочы”…

У футболе з большага я гуляў нападаючым альбо паўабаронцам. І вельмі рэдка — “чыстым” абаронцам. Пад час вучобы ва Украіне, уваходзіў у склад юнацкай каманды “Арсенал “, якая лічыцца ў Кіеве другой пасля “Дынама”.

Аднак хутка зразумеў, што футбол (у сэнсе кар’еры) — не самае галоўнае ў маім жыцці. Хоць дапамагаў ён даволі часта. Асабліва ў студэнцкіх атрадах. Для мясцовых хлопцаў я вельмі хутка станавіўся сваім.

Ды і ў час школьнай вучобы, калі дваровыя каманды гулялі “на интерес” (звычайна дзве скрыні піва альбо пяць вядзёр піва), за мяне ішла барацьба, бо наша каманда заўсёды перамагала.

Па характары я сацыяпат, то бок чалавек, якому не проста кантактаваць з іншымі. Цяпер гэта кампенсуе алкаголь, а тады не ўжываў ні кроплі. Так што “пераможнае” піва нават не каштаваў.

Бадай, адным з самых сумных успамінаў дзяцінства можна назваць нашы шматлікія паездкі ў Славянск, адкуль родам мой бацька. Дворыка майго дзяцінства больш няма. Яго разбамбілі, а справакавалі гэта сепаратысты, якіх падтрымлівае імперскі сверб Расіі.

Калісьці расіянам будзе сорамна за зробленае, але сёння яны не чуюць нікога.

Як чалавек, які жыве ў Маскве, я гэта ведаю дакладна…

У 1988 годзе з сярэбраным медалём я скончыў сярэднюю школу. Часта пытаюцца, навошта было ехаць у Кіеў, калі палітэх ёсць і ў Беларусі? Тым больш, што яго скончылі і мая сястра, і мой бацька. Гэта сапраўды так.

Па нацыянальнасці бацька — украінец, але вырас у сям’і вайскоўца. Беларусь абраў, напэўна, таму, што гэта радзіма яго маці, таму і стаў тут студэнтам.

Дарэчы, падчас вучобы ён і пазнаёміўся з маёй маці. Яна родам з Барысаўскага раёна, вучылася ў Мінску ў Гандлёвым тэхнікуме.

Калі я працаваў над сцэнаром фільма пра Лі Харві Освальда, пісаў менавіта пра тыя часы і месцы, дзе яны сустракаліся. Больш за тое, мая цётка разам працавала з той Марынай, з якой Освальд потым і ажаніўся.

А абраў Кіеў я па вельмі простай прычыне — гэта горад футбола, база клуба “Дынама”. А палітэх таму, што мне лягчэй было здаваць уступныя экзамены па фізіцы і матэматыцы.

Дарэчы, па матэматыцы ў нас настаўніцай была Роза Львоўна, якая “строила” так, што яе прадмет выдатна ведалі ўсе. І гэта яшчэ раз наглядна пацвярджае выснову — у педагогіцы многае залежыць ад АСОБЫ выкладчыка.

Шчыра кажучы, я думаў, вучыцца ў палітэху будзе прасцей, а высветлілася, што там шмат чарчэння, якое, літаральна, ненавідзеў. Чарцяжы банальна “стеклил”, то бок праз шкло пераводзіў чужыя работы на паперу.

Хацеў кінуць вучобу ўжо на першым курсе, але “дацягнуў” да чацвёртага. А потым не вытрымаў..

Прыблізна ў сакавіку 1992 года перастаў хадзіць на заняткі і цвёрда захацеў змяніць жыццёвы накірунак. Вырашыў стаць сцэнарыстам і паступіць у знакаміты УДІК.

Сцэнары юнацтва

Назваць з чаго пачалася мая цікаўнасць да кінематографа даволі цяжка. Напэўна, наканаванне.

Многія памятаюць, што ў савецкія часы пасля праграмы “Час” звычайна паказвалі нейкае добрае кіно. Стараўся заўсёды глядзець і я. Да таго ж, у Брэсце “цягнула” польскае тэлебачанне, якое значна адрознівалася ад савецкага. Калі не было пільнага дагляду бацькоў, я глядзеў нават эротыку.

У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя адкрыліся шлюзы паміж СССР і Захадам. Адкрылася новая літаратура, кіно.

Паўтаруся, нягледзячы на поспехі ў матэматыцы і фізіцы (нават гарадскія алімпіяды выйграваў), я ніколі не быў тэхнаром, аднак і “духоўных лідараў” накшталт славутага мінскага Кіма Хадзеева таксама не было.

Набірала абароты перабудова, і наша жыццё імгненна змянялася. У Кіеве з’явіўся новы тэлеканал, дзе кожны дзень сталі паказваць фільмы так званай “новай хвалі” — французскай, брытанскай. Усе афігевалі.

Пасля сыходу з палітэха, я займаўся самаадукацыяй. Менавіта ў той час з’яўлялася новая для савецкіх людзей літаратура – Велімір Хлебнікаў, Ніцшэ, Шапенгаўэр і г.д.

Бібліятэка нашага ўніверсітэта (вучылася 13 тысяч чалавек) была адной з лепшых ва Украіне і набывала шмат навінак. Я чытаў запоем.

Да таго ж, кнігі можна было ўзяць на пракат. На кніжных ”развалах” існавала такая паслуга. Пакідаеш за яе залог, і, калі праз суткі кнігу вяртаеш, забіраеш свае грошы.

У той час і адбыўся выпадак, які падштурхнуў да новых жыццёвых арыенціраў. Сябры з мяне захацелі пажартаваць, і адзін хлопец прапанаваў два квіткі ў кіно. Маўляў, добрае кіно, але без сваёй дзяўчыны, якая занятая іншымі справамі, ён не пойдзе. Я папрасіў скласці кампанію аднаго знаёмага, аднак у таго ў той час была трэніроўка. Прыйшлося пайсці аднаму.

Паказвалі фільм Сакурава “Дні забыцця”. Пазней высветлілася, што той хлопец ведаў: прыйдзецца глядзець “нейкую муць”, таму квіткі банальна “впарил”. Фільм мяне вельмі ўразіў, я ледзь не звар’яцеў. Да гэтага ўжо даводзілася бачыць карціны Андрэя Таркоўскага, але гэта было некалькі гадоў таму і прайшло “міма”, бо я іх банальна “праспаў”.

Цікава, што праз шмат гадоў, калі ўжо вучыўся ў Віктара Турава, я пераглядзеў гэты фільм і ён мне вельмі не спадабаўся…

Так атрымалася, што яшчэ год пасля сыходу з палітэха, я жыў у нашым інтэрнаце, бо вярнуцца ў родны Брэст не мог — моцна пасварыўся з роднымі, маці нават са мной не размаўляла з-за таго, што кінуў інстытут на чацвёртым курсе.

Бацька тайком уладкаваў у будатрад сваіх студэнтаў, на лета ў Польшчу. Каб я зарабіў там грошы, якіх потым і хапала на жыццё. Калі хто памятае (1992 год), суадносіны рубля і даляра былі тады такімі “смешнымі “, што я мог на 11 даляраў пражыць цэлы месяц. Хапала нават на тое, каб час ад часу выпіць гарэлкі…

Сусед па пакоі Вова Залескі з Сумаў, чый брат вучыўся “на актора” і расказваў нам (за “кілішкам” гарбаты) шмат цікавых гісторый пра норавы тэатральна-кіношнага жыцця, таксама хацеў пайсці яго шляхам і паступіць “на рэжысуру”. Ён шмат чытаў кніжак гэтай тэматыкі, а потым перадаваў іх мне. Мы разам хадзілі на розныя прэм’еры, абмяркоўвалі фільмы.

Кінематаграфічны шлях мяне моцна зацікавіў. Я нават з’ездзіў у Маскву, і пахадзіў па УДІКу. На рэжысёрскае аддзяленне патрабавалася прадставіць фотаработы, якіх у мяне не было, таму прыйшлося выбраць сцэнарнае.

Творчы конкурс я прайшоў без праблем, час ехаць на іспыты, аднак на той момант беларусы, як і ўсе іншаземцы, за вучобу павінны былі плаціць грошы. І немалыя для мяне.

У родным Брэсце я паспрабаваў знайсці спонсара, аднак даволі хутка высветлілася, што нешта падобнае на УДІК з’явілася і ў Мінску. Да таго ж, у нас на рэжысуру (значны плюс) не патрабаваліся ніякія фатаграфіі. Толькі ўжо напісаныя літаратурныя работы.

Урэшце выбар змяніўся на Мінск. Усе ўступныя іспыты я паспяхова здаў і стаў студэнтам Тэатральна-мастацкай акадэміі. Дакладней, вучнем майстэрні аднаго з лепшых беларускіх рэжысёраў Віктара Цімафеевіча Турава.

1993 год.

Містэрыі творчасці

Значная перавага нашай вучобы была ў тым, што мы амаль увесь час праводзілі на “Беларусьфільме”, а ў акадэмію прыходзілі толькі на некаторыя заняткі, накшталт “Гісторыі тэатра”.

У групе першапачаткова вучылася 12 чалавек. Потым адна дзяўчынка заўчасна памерла, аднаго хлопца выгналі…

І ўвогуле. З той студэнцкай групы кіно сталі прафесійна займацца толькі тры чалавекі – Ваня Паўлаў, Сашка Колбышаў (памёр 3 гады таму) і я.

У адрозненне ад маскоўскага УДІКа, дзе студэнты дзесяць гадоў нічога не здымалі, бо не мелі дзяржаўнага фінансавання, у нас яно было. Беларусь недарэмна называюць краінай, дзе “затрымаўся Савецкі Саюз”… Масквічы нам нават зайздросцілі…

Падчас вучобы кожны студэнт здымаў па некалькі кароткаметражак. У мяне гэта “Жарцік”, які потым атрымліваў прызы на фестывалях, і дыпломная работа “Гульня ў хованкі”. Дарэчы, гэта карціна вельмі спадабалася другому мэтру айчыннага кіно Міхаілу Пташуку: ён пасля смерці Віктара Турава хацеў узяць мяне ў свае наследнікі і прадаўжальнікі (тады яшчэ не набраў курс рэжысёраў).

Усе тыя работы – дзіцячыя гісторыі. Прычым гісторыі ў стылі рэтра, зробленыя па творах Фёдара Сулагуба і Міхала Кузьміна. Нешта старамоднае, павільённае, з добрым грымам і элементамі трылера, містыкі.

Пастаяннае знаходжанне на студыі дазваляла больш глыбока зразумець сутнасць і змест кінематаграфічнай вытворчасці, бо мы ўвесь час кантактавалі з мантажорамі, асвятляльнікамі і г.д. Да таго ж там пастаянна нешта здымалі (пераважна рэкламныя ролікі), і маглі назіраць, як кажуць, “працэс знутры”.

Акрамя гэтага Тураў перыядычна зваў нас вучыць сваіх сяброў і знаёмых.

На жаль, мы сталі апошнімі вучнямі Віктара Цімафеевіча. Першы курс ён намі займаўся вельмі шчыльна, прыходзіў кожны дзень, потым паехаў здымаць “Шляхціца Завальню”, і ўжо мы час ад часу ездзілі на здымачную пляцоўку.

Па пэўных прычынах ніякіх адзнак гэтай рабоце даваць не буду. Скажу так — Тураў ужо даволі моцна хварэў…

На жаль, у 1996 годзе яго не стала.

Да выпуску нас “давёў” Аляксандр Яфрэмаў, якога шмат хто ведае па фільмах і тэатральных работах. Трэба адзначыць, што студэнтамі ён займаўся зусім не халтурна. Наадварот, ставіўся да гэтай справы шчыра і зацікаўлена. Словам – усё, як мае быць.

Сваю дыпломную работу я зрабіў задоўга да афіцыйнага сканчэння вучобы і адразу пачаў працаваць у “Белвідэацэнтры”, часоў дырэктарства выдатнага рэжысёра Сяргея Лук’янчыкава.

Грошай там вялікіх ніколі не было, бо відэа значна больш танная справа, чым звычайнае кіно, і, напэўна, менавіта па гэтай прычыне панавала атмасфера шчырасці і прыязнасці. Усе любілі адзін аднаго, сябравалі, ахвотна ішлі на эксперыменты і дапамагалі патэнцыйным канкурэнтам.

Там я зрабіў першы фільм “Сны Валянціна Вінаградава”, які спадабаўся крытыкам розных кінафестываляў. Зрабіў таксама багата эксперыментальных ролікаў, музычных кліпаў.

На мой погляд, “Белвідэацэнтр” мог стаць пляцоўкай нейкіх творчых эксперыментаў, але гэтага, на жаль, не атрымалася. З часам яго аб’ядналі з “Беларусьфільмам”. Адабралі будынак на Карла Маркса, як раней у Саюза кінематаграфістаў. Зразумела – цэнтр горада. Сёння гэта называецца “аджаць” нерухомасць…

Эксперыменты мне заўсёды былі да спадобы, але яны далёка не заўсёды добра ўспрымаліся кінематаграфічным начальствам. Пачаліся даволі сур’ёзныя праблемы.

У 1999 годзе быў зроблены кароткаметражны фільм “Баран”. Намеснік міністра культуры, які курыраваў пытанні кіно, Цвяткоў, спачатку не хацеў яго прымаць, а потым прымусіў значна “парэзаць”.

А “Планету XX” ён увогуле “закрыў”. То бок “паклаў на паліцу”. Потым я гэты фільм “цішком” вазіў на кінафестывалі, і ніхто ў ім не бачыў нічога крамольнага.

Больш за тое, Цвяткоў “сутыкнуў” мяне з аўтарам “Белых Рос” Ігарам Дабралюбавым. Маўляў, я выкарыстаў яго кадры. Дабралюбаў публічна (праз артыкул) абвінаваціў мяне ў крадзяжы…

Сапраўды, некалькі яго кадраў там было (46 СЕКУНД!!!), але ў цітрах напісалі і прозвішча майстра, і фільм, з якога я браў кадры. Калі я ўсё гэта паказаў і патлумачыў Ігару Міхайлавічу, больш ніякіх прэтэнзій да мяне не стала.

Словам, надышлі цяжкія часы, поўны вакуум – ні работы, ні перспектыў.

Памятую, у кніжцы Козінцава “Чорныя дні” я прачытаў фразу: “пачаўся глухі павучы час”. Быццам пра мяне…

У той атмасферы і пачаліся здымкі “Акупацыя. Містэрыі”. Першую частку (26 хвілін) знялі яшчэ ў 2001 годзе. Яна называлася “Партызанская містэрыя” і шмат каму вельмі спадабалася. Менавіта тады і з’явілася ідэя зрабіць працяг.

У канцы ж 2002-га Ратэрдамскі кінафестываль выдзеліў мне невялікую дапамогу з умовай, што “Акупацыя. Містэрыі” ўпершыню будзе паказаны ў іх.

Увесь 2003 год праходзілі здымкі, фільм быў цалкам гатовы, але па ўмовах з прадзюсарамі мы паказалі яго толькі ў 2004 годзе.

У Ратэрдаме ўсе ў захапленні, а ў Беларусі фільм забаранілі. Афіцыйная прычына – газетная публікацыя Сяргея Маліноўскага ў “Камсамолцы”. Справа ў тым, што фільм запрасілі ў конкурс на прэстыжны (самы вышэйшы клас “А”) Маскоўскі кінафестываль, і мы шукалі грошы, каб “перагнаць” яго на стужку — яшчэ адна ўмова ўдзелу ў конкурсе.

З раніцы мне тэлефануе Цвяткоў (фільму далі пракатны ДАЗВОЛ у час яго адпачынку) і раз’юшана крычыць: “Ты што, звар’яцеў?!” Аказалася, газета дала назву “Міхалкоў супраць Лукашэнкі”.

У гэты ж дзень у нас банальна забралі “пракатнае пасведчанне” і па савецкай традыцыі фільм забаранілі. На доўгія шэсць гадоў.

А на імя Міхалкова прыйшоў ліст ад ветэранаў, за якіх падпісаўся нейкі генерал. Сутнасць – мы супраць фільма, які супраць Лукашэнкі, што абсалютны абсурд.

Дарэчы, фільм усё ж даехаў да фестывалю, але паказы праходзілі разам з пікетамі абураных бабулек. Тады такое яшчэ дазвалялі, бо Пуцін толькі-толькі прыйшоў да ўлады. Сёння падобнае кіно паказаць у Расіі немагчыма.

Рэжысура жыцця

Разам з забаронай фільма, “забаранілі” і мяне. Некаторы час я на чвэрць стаўкі выкладаў у інстытуце, потым па мастацкай праграме крыху пажыў і павучыўся ў Польшчы.

Асабліва цяжкім стаў 2006 год. У пошуках грошай я вырашыў папрацаваць у Расіі, дакладней у Цверы, дзе праходзілі здымкі другой часткі серыяла “Кадэцтва”.

Серыялы, дарэчы, вельмі небяспечная ў сэнсе творчага развіцця рэч. Рэжысёр пачынае працаваць штампамі, за якія добра плацяць. Слава Богу, нягледзячы на тое, што ў 2006 годзе я зняў яшчэ і адну з серый (11-ю) “Оперы-2. Хронікі забойнага аддзела”, атрымалася адысці ад гэтага канфармізму.

Праз некалькі месяцаў, дзякуючы Андрэю Курэйчыку, пашанцавала трапіць у майстэрню Паўла Лунгіна. Там зняў прэзентаваны ў 2008 годзе фільм “Розыгрыш”. Некаторыя лічаць яго рэмейкам вядомага з савецкіх часоў фільма Уладзіміра Мяншова.

Скажу так — гэта абсалютна новая карціна, якая, сапраўды, створана па матывах зробленай раней…

У гэты ж час у Беларусі пачалося тое, што потым назавуць лібералізацыяй. Цікава, што тады “Беларусьфільмам” кіраваў сумна вядомы Замяталін, якога цяжка абвінаваціць у нейкай любові да дэмакратызацыі.

Але трэба ўмець трымаць “нос па ветру”…

Я прывёз у Мінск адразу тры сцэнары. Сам хацеў здымаць нешта жорстка-моладзевая, але ім гэтага дабра сто гадоў не трэба. Як і якой-небудзь відавочнай палітычнай крамолы, усё павінна быць сказана “эзопавай мовай”.

На мой погляд, ад гэтага “Масакра” пацярпела больш за ўсё.

Нагадаю, падзеі фільма адбываюцца пасля жорсткага падаўлення расійскімі войскамі паўстання Кастуся Каліноўскага. У беларускім грамадстве пануе атмасфера страху і разгубленасці. Усё гэта накладваецца на містычную гісторыю мядзведзя-пярэваратня з вытокамі ў старабеларускіх паданнях і навеле Праспера Мэрыме.

Яе жанр я вызначыў як “бульба-хорар”.

Першапачаткова там было шмат “закадравага” тэксту, ад якога мяне потым вымусілі амаль цалкам адмовіцца. Спрацавала прымітыўная цэнзура. Выказванні пра грузінскага цара, напрыклад, “выразалі” толькі таму, што на той час ужо была вайна з Грузіяй…

Па прычыне наплявацельскіх адносін і нізкай кваліфікацыі “Беларусьфільм” не змог зрабіць ніводнага спецэфекту…

І ўвогуле. Праблемы з вытворчасцю былі жудаснымі.

Пачалося з таго, што групе не плацілі грошы некалькі месяцаў на падрыхтоўку здымачнай пляцоўкі, хоць адразу і абяцалі зрабіць для фільма асобны рахунак. Для айчыннага кінематографа гэта не ўласціва. Звычайна на фільм дзяржава выдзяляе грошы, іх “кідаюць у агульны кацёл” “Беларусьфільма”, адкуль потым і “кормяцца” ўсе, каму не лянота. Самае сумнае, што непасрэдна тым, каму яны і выдзелены, сродкі прыходзіцца літаральна выпрошваць. І даходзяць тыя ў апошнюю чаргу, значна “схуднелымі”.

Такая ў нас “эканоміка”…

Памятаю, як у Міністэрстве культуры (пасля заканчэння работы над фільмам) здзіўляліся, чаму мы так шмат вярнулі грошай. Прыйшлося тлумачыць, што я да гэтага не маю ніякага дачынення.

У беларускай кінематаграфічнай сферы адбываецца незразумелае. Нейкі мікст старой савецкай сістэмы і спробаў быць сучаснымі. Адзін адміністратар з “Беларусьфільма” мне неяк хваліўся, што яго фільм зняты аж за 600 тысяч даляраў — рэкорд таннасці, а я адказаў, што за гэтыя грошы можна зрабіць дзясятак падобных карцін. А то і ўсе дваццаць, 2–3 з іх нават канкурэнтаздольнымі.

І грошы б трапілі на вытворчасць, а не на незразумелыя “студыйныя расходы”, якія з’ядаюць вялікую частку бюджэту. Сутнасць гэтых самых “расходаў” нармальнаму чалавеку зразумець вельмі цяжка – “скарацілі” ўсіх творчых работнікаў, але захавалі ў поўным складзе бухгалтэрыю і планавы аддзел!!!

Не разумею, як можна “аптымізаваць вытворчасць” без звальнення тых, хто нічога не робіць, а зарплату (за кошт розных надбавак і каэфіцыентаў) яны атрымліваюць нашмат вышэйшую за астатніх. Рэжысёры тады мелі па 300 даляраў, а “начальства” ў пяць разоў больш…

Калі я працаваў у Паўла Лунгіна, там у вытворчасці было тры фільмы. Тое ж самае адбывалася пад час майго вяртання на “Беларусьфільм”. Толькі ў Лунгіна — адзін бухгалтар і адзін эканаміст-студэнт, а тут – аж дзясяткі чалавек.

Самае сумнае, што на барацьбу з гэтай бюракратыяй марнуецца ўся энергія. Ты, як кажуць, выходзіш з сябе, амаль вар’яцееш. Здаецца, нікому, акрамя цябе, ну яшчэ 2-3 чалавекам ды акцёрам гэта непатрэбна. Для астатніх ты — вораг, бо яны працуюць не на камерцыйнай рабоце, дзе маглі б зарабіць значна больш.

Памятаю, напрыклад, выпадак, калі прама пад час здымак чарговага кадра, вадзіцель святлабазы выключаў святло, таму што яго змена скончылася…

Даходзіла амаль да бойкі. Для апошняга кадра “Масакры” мне быў патрэбны снег. Раптам “нябесная канцылярыя” пачула гэтую просьбу і ён паваліў. Проста казка! Але на той час працоўны дзень ужо быў фармальна скончаны. Прыйшлося некаму купляць каньяк, з некім сварыцца, запужваць і г. д.

Каб сёння была магчымасць усё вырашаць самому, а не гуляць па чужых правілах, то “Масакру” я б зняў зусім па-іншаму. І справа не толькі ў нейкіх эканамічных, арганізацыйных і ідэалагічных абмежаваннях, — праблема ў падыходзе да справы.

Зноў прыклад. На студыі накупілі тэхнікі, якой банальна не ўмелі нармальна карыстацца. І ўсё таму, што там не разумеюць тэндэнцый сучаснасці. Ім здаецца, што сёння самае галоўнае — тэхніка.

Мякка кажучы, гэта не так. У свеце зараз самым галоўным лічыцца іншае – талент, здольнасці, людзі. Калі сказаць больш радыкальна – мазгі. “Жалеза” становіцца больш танным з кожным днём, і калі нехта лічыць, што з дапамогай нейкіх пакупак можна ўсё вырашыць, то ён глыбока памыляецца.

На нашых вачах адбываецца татальная тэхналагічная рэвалюцыя. Усё імгненна змяняецца. Зараз на камеру за 300 даляраў можна зняць з якасцю, раней даступнай толькі прафесіяналам з надзвычай дарагім абсталяваннем.

Абсурд! Яны закупілі новы праявачны цэх, хоць “на стужку” ўжо нічога не здымаецца. Усё лічбавае, з “лічбай” працуюць нават кінатэатры. Пытанне — навошта набывалі абсталяванне за сотні тысяч даляраў?

Афіцыйны адказ – “інакш цэх праяўкі стужкі трэба звальняць”… І тое, што закуплена састарэлае, не патрэбнае, нікога не хвалюе…

Правільна сказаў на сустрэчы з Лукашэнкам паспяховы расейскі прадзюсар Сяргей Сяльянаў: не тыя прыярытэты выбраны ў кінавытворчасці. Стаўку трэба рабіць не на тэхніку, а на людзей.

Памятаю, як закупілі новы карэктар колеру. Суперсучасны! Такога нават на “Масфільме” няма. Ніхто не ведаў, як з ім трэба працаваць. Адзін хлапец усяму навучыўся і… збег у Расію ў камерцыйную структуру, бо тут атрымліваў капейкі.

Такое ўражанне, што на “Беларусьфільме” супрацоўнікі “заточаны” на нейкае супрацьстаянне здароваму сэнсу. Фактаў, якія пацвярджаюць гэтую выснову, вельмі-вельмі багата.

Самыя абуральныя звязаныя з тэхнічнымі якасцямі здымачнага матэрыялу, калі, каб даказаць сваю праўду, мне прыйшлося зрабіць тую ж працу з тэстам у Маскве і толькі пасля гэтага ўдалося нечага дабіцца тут. І гукам, які наладжваць нашы “спяцы” адмаўляліся, бо на выклік майстра той фірмы, якая прадала абсталявання, у іх няма грошы. А далей высветлілася, што згодна з дамовай, такая паслуга для пакупніка не каштуе ўвогуле нічога і прадстаўляецца за кошт прадаўца.

То бок, беларускія “начальнікі ад кіно” нават уважліва не прачыталі дамову, якую самі ж і падпісалі…

Замяталін яшчэ неяк мог (часта матам) нечага дабіцца, бо яго баяліся. Усе астатнія дырэктары “Беларусьфільма” – не.

На жаль, ён моцна захварэў, калі мяне з “Масакрай” даволі подла падманулі і сталі патрабаваць, каб “закрыў год”.

Па існуючых нарматывах я мог у спакойным рэжыме здымаць яшчэ паўмесяца, але “ўламалі” ўсё фарсіраваць, каб завершыць здымкі да канца года. Я здуру пагадзіўся, а калі працягнуў іх на адзін дзень, які быў вольным (у свой выхадны), і паўзмены разам з аператарам і каскадзёрам здымаў сцэну пажару, яны пазбавілі прэміі нашу здымачную групу.

Пры гэтым усёй студыі, то бок самім сабе, заплацілі за выкананне гадавога плана студыі, які і зрабіла наша здымачная група… Абсурд і бязмежжа!

І пры тым я “зэканоміў” некалькі здымачных тыдняў, даў ім магчымасць выпісаць вялікія прэміі самім сабе… Падобнае свінства нават уявіць цяжка…

Напэўна, у такіх людзей у крыві стэрэатып асабістай перавагі, вышыні над творцамі, лічаць тых, мякка кажучы, прыдуркамі. Такое ўражанне, што яны нас люта ненавідзяць.

Успамінаю, як адна з бухгалтараў (пасля шматлікіх просьбаў) “праз зубы” выдзяляла грошы на рэкламу майго фільма з майго ж бюджэту, які я зэканоміў. І пагадзілася крыху скараціць тое, што і так было вернутае ў мінкульт, як “зэканомленае”. Там, дарэчы, ад гэтай “эканоміі” схапіліся за галаву…

Падобных выпадкаў было шмат, але адзін – поўны “абзац”. Дама з планавага аддзела не пускала мяне на здымкі старажытнай капліцы ў Грушаўцы (Пружанскі раён), бо могілак і пад Мінскам хапае.

Аргумент пра старажытнасць, дарэчы, не перашкодзіў ёй мяне, як хлопчыка, адчытаць… Такі вось “узровень”…

Творчы ракурс

Пасля “Масакры” мы яшчэ паспелі запусціцца са “Шляхціцам Завальняй”, але, як вядома, у снежні 2010 года лібералізацыя скончылася. Фільм, дзе беларускі тэрарыст з “Народнай волі” Ігнацій Грынявіцкі забівае рускага цара Аляксандра II, адразу стаў “крамольным”.

У маім жыцці змянілася амаль усё. Памёр бацька. Не стала лепшага сябра Сашы Колбышава. Няпраўда, што ў 2012 годзе тагачасны гендырэктар “Беларусьфільма” Алег Сільвановіч не працягнуў са мной кантракт па сваёй ініцыятыве. Наадварот, яго настойліва “прасілі” падпісаць. Я сышоў сам, таму што атрымаў адмову (“па прычыне адсутнасці сродкаў”) працягнуць фінансаванне фільма. Фармальна “Шляхціц Завальня” па наш дзень “у запуску”, толькі зараз на “кансервацыі”.

Амаль адразу з’явілася шмат прапаноў наконт здымак камерцыйных серыялаў, што мне не цікава. З сябрамі мы паспрабавалі адкрыць у Маскве новую студыю, аднак хутка разышліся ў поглядах на кіно, а адзін інвестар “адкалоўся” ўвогуле.

Праз некаторы час я зняў фільм з Іванам Аляксеевым, хлопцам, які дэбютаваў у маім “Розыгрышы”. Стужку можна аднесці да жанру псіхадэлічнага трылера, а называецца ён «Hard Reboot», што адпавядае назве аднаго з трэкаў гурту “Noize MC“.

Сёння гэта даволі папулярны ў Расіі калектыў.

Тады ў іх былі, калі сказаць вельмі карэктна, не самыя лепшыя часы. Група знаходзілася на мяжы распаду, Іван пасварыўся з прадзюсарамі. Мы вырашылі зняць фільм за вельмі невялікія грошы.

Паехалі ў лес і пачалі працаваць. Спачатку была задума зрабіць нешта дакументальнае, каб падрабязна расказаць пра гурт, даць кожнаму выказацца, што магло стаць своеасаблівай псіхатэрапіяй.

Падчас здымак, дзе не было зробленага раней сцэнарыя, сталі ўзнікаць розныя сюжэты і атрымаўся паўнавартасны фільм. Хачу падкрэсліць: ён прызначаўся выключна для інтэрнэту.

На жаль, кіраўніка гурту не засмуціла, што прынцып работы быў кардынальна іншы. Яму захацелася атрымаць прыбытак, патрафіць гледачу, крыху перарабіць зробленае і “пусціць” карціну ў кінатэатры. Папросту, “срубить бабло”, сапсаваўшы галоўны канцэпт.

На гэтай глебе мы і разышліся…

Зараз у мяне новы праект, які прасоўваецца метадам дабрачынных ахвяраванняў, бо ў асноўным ён трымаецца на людскім энтузіязме. Унікальны праект! Вельмі добры! Называецца “Хронотопь”. Гэта як бы палітра сучаснай беларускай міфалогіі.

Я называю яго твітар-серыял. Складаецца з вельмі кароткіх гісторый па 5-7 хвілін, якія абавязкова звязаны з нейкімі абрадамі альбо рытуаламі нашай штодзённасці. Па сутнасці, гэта сучасны фальклор – нейкія міфалагічныя гісторыі, парадоксы, выпадкі і нават “страшылкі”.

Гэтую ідэю і ўдзел я прапанаваў многім пісьменнікам. Усім вельмі спадабалася. А некаторыя нават вырашылі выступіць і ў якасці рэжысёраў сваіх сюжэтаў. Па сутнасці, тут бессвядомы, інтэрактыўны міфалагічны каляндар сучаснага беларуса.

Праект, хаця і будзе выкананы на прафесійным узроўні, вельмі цяжка назваць нечым чыста камерцыйным. Гэта не “хлеб з маслам”. Наадварот, мы ўкладаем свае грошы.

Матэрыяльны складнік, канешне ж, вельмі важны, але ён не можа дамінаваць над творчым. Інакш, атрымаецца нешта банальнае, няякаснае”.

13.08.2015

%d0%9a%d1%83%d0%b4%d0%b7%d1%96%d0%bd%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%b0-1 %d0%9a%d0%a3%d0%94%d0%97%d0%86%d0%9d%d0%95%d0%9d%d0%9a%d0%90-2 %d0%9a%d1%83%d0%b4%d0%b7%d1%96%d0%bd%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%b0-3 %d0%9a%d1%83%d0%b4%d0%b7%d1%96%d0%bd%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%b0-4 %d0%9a%d1%83%d0%b4%d0%b7%d1%96%d0%bd%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%b0-5 %d0%9a%d1%83%d0%b4%d0%b7%d1%96%d0%bd%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%b0-6 %d0%9a%d1%83%d0%b4%d0%b7%d1%96%d0%bd%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%b0-7 %d0%9a%d1%83%d0%b4%d0%b7%d1%96%d0%bd%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%b0-8