Курэйчык Андрэй

%d0%9a%d0%a3%d0%a0%d0%ad%d0%99%d0%a7%d0%ab%d0%9a

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Напэўна, гэта самы малады ўдзельнік майго праекта, хаця біялагічны ўзрост чалавека далёка не заўсёды гаворыць пра жыццёвы шлях. Андрэй Курэйчык паспеў ужо зрабіць так шмат, што сапраўды вельмі цяжка паверыць у яго пашпартныя даныя. Некаторыя з зайздрасці на гэты конт нават распускаюць шматлікія плёткі, якія я пакіну “за дужкамі”, а на безліч іх слоў адкажу адным сваім — талент.

Дзіцячы пралог

“Я чалавек, які першую частку свайго жыцця правёў яшчэ ў СССР, таму маё дзяцінства цалкам “саюзнае”. Нарадзіцца выпала ў беларускай сям’і, якая толькі ў першым пакаленні прыехала ў Мінск. Было гэта 14 студзеня 1980 года.

Амаль усе мае сваякі – з наваколля вёскі Смілавічы.

За некалькі кіламетраў побач знаходзіцца вёска Дукоршчына. Адтуль бацька Валянцін Сяргеевіч. Ён цяпер працуе ў кантрольным аддзеле БДУ, таму што ўсё жыццё быў фінансістам, бухгалтарам, рэвізорам. Раней рабіў рэвізіі ў сістэме Міністэрства ўнутраных спраў (тылавыя ўстановы, калоніі), а больш за дзесяць гадоў таму перайшоў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Займаецца ўнутраным аўдытам.

У дзяцінстве мне было даволі цяжка зразумець усе нюансы яго работы, а вось хобі бацькі заўсёды падавалася цалкам зразумелым і блізкім. Гаворка пра ўсходнія адзінаборствы.

Яшчэ да майго нараджэння, у 1979 годзе, калі каратэ афіцыйна дазволілі, ён быў чэмпіёнам Беларусі. У дзяцінстве я літаральна трызніў гэтай справай, займаўся ў розных школах. Дарэчы, сваю секцыю на сталічным стадыёне “Тарпеда” адкрыў і бацька.

А да гэтага ён кіраваў ваенна-патрыятычным клубам “Каскад”, які аб’ядноўваў былых дэсантнікаў, каратыстаў, кунгфуістаў і г.д. Апроч гэтага бацька цікавіўся рознымі практыкамі (японскімі, кітайскімі, в’етнамскімі) і меў па іх розныя паясы.

Нейкі пояс меў нават я, калі ў адзінаццаць гадоў стаў чэмпіёнам Мінска і ўсёй Беларусі па паказе так званых ката. Дзецям не дазвалялі кантакты, таму мы паказвалі (як тыя манахі з кітайскіх манастыроў) розныя дзівосы, якія і называюцца ката.

Калі пайшла сур’ёзная вучоба, я быў вымушаны адмовіцца ад гэтага хобі. З цягам часу адышоў убок і мой бацька – работа. Ён напісаў па ўсходніх адзінаборствах некалькі кніг. Я па гэты дзень (і ў Маскве, і ў Мінску) сустракаю яго вучняў, якія ўжо маюць свае секцыі.

Напэўна, шмат хто будзе цікавіцца, адкуль у звычайнага бухгалтара-эканаміста такое захапленне, таму адразу адкажу – з арміі. Ён служыў у добра вядомай брыгадзе дэсанту ў Мар’інай Горцы і цудам не трапіў у Афганістан. Іншым пашанцавала менш… З наступнага прызыву “за рэчкай” загінулі фактычна ўсе…

Захапленне ўсходнімі адзінаборствамі адчувальна дапамагае будаваць характар. Перш за ўсё мудрасць (у дзяцінстве я шмат чытаў Лао-цзы, Канфуцыя, іншых кітайскіх і японскіх філосафаў) і пэўную патрабавальнасць – калі табе балюча, нельга плакаць, трэба заўсёды быць мужчынам.

Таксама з’яўляецца нейкая цяга да эстэтыкі. Добра памятаю, як у дзяцінстве мы шукалі падпольныя відэаклубы, дзе паказвалі адпаведныя фільмы, і як убачанае ўздзейнічала на дзіцячыя погляды.

Бацька прывіў характар байца, таму я не баюся прымаць выклікі, не баюся жорсткіх дыскусій. Тыя заняткі пазбавілі ад многіх страхаў.

А маці, Святлана Вячаславаўна, родам з саміх Смілавічаў. Яна была настаўніцай інфарматыкі, якая тады толькі-толькі прыходзіла ў школы і стала як бы другой часткай майго жыцця – бабіны, перфакарты, першыя камп’ютарныя гульні… Нават не верыцца, што прайшло ўсяго 25 гадоў… Тэхналагічная рэвалюцыя праляцела на маіх вачах, праляцела імгненна…

На жаль, маці ўжо няма на гэтым свеце. Мне было толькі дванаццаць, калі яна пайшла з жыцця – няшчасны выпадак. Успамінаю даволі часта, бо менавіта маці развіла творчы пачатак.

Нягледзячы на матэматычную адукацыю, што асацыюецца з сухой строгасцю і дакладнасцю, унутрана яна была вельмі творчым чалавекам. Займалася маім пазакласным жыццём, рознымі гурткамі, прывучыла шмат чытаць. Я цяпер столькі не чытаю, колькі чытаў у дзяцінстве, і тымі поспехамі, якія ёсць сёння, я абавязаны ў першую чаргу маці.

Мне пашанцавала застаць сваю прабабку Ганну. Калі не памыляюся, 1907 года нараджэння. Яна яшчэ памятала тых самых паноў, чый знакаміты палац захаваўся ў Смілавічах. Як і многія беларускія сяляне таго часу, у Ваньковічаў працавала служкай.

А свайго малодшага (на два гады) брата Аляксандра я заўсёды ўзгадваю з асаблівымі пачуццямі. Ён быў сапраўдным міліцыянтам, “операм”, рэальна змагаўся са злачыннасцю, то бок лавіў наркадылераў, сядзеў у засадах, затрымліваў бандытаў і да т.п., аднак пайшоў у іншы свет зусім не ад гэтага. Памёр на аперацыйным стале…

Я не хачу нікога ні ў чым абвінавачваць. Проста нагадаю, што гэта здарылася ў Дзень міліцыі і ў шпіталі МУС нікога з сур’ёзных спецыялістаў тады не было… Ад падобных аперацый на падстраўнікавую залозу ва ўсім свеце амаль не паміраюць… 28 гадоў…

Ад другога шлюбу бацькі ў мяне ёсць яшчэ адзін брат, Яраслаў. Зараз ён вучыцца ў гандлёвым каледжы і, хутчэй за ўсё, па жыцці пойдзе фінансавым шляхам.

Сцэны вучобы

Мае бацькі пазнаёміліся і пабраліся шлюбам яшчэ ў Смілавічах. Бацька паступіў у наргас, маці – у педагагічны.

Даводзілася чуць некаторыя сумневы на гэты конт, а я проста абагаўляю родны аўтазаводскі раён. Лічу яго лепшым у Мінску.

Я пражыў там усё жыццё і жыву цяпер. Раён лічыцца “пралетарскім”, бо з большасці там раней жылі работнікі МАЗа, аднак, на мой погляд, ён заўсёды быў амаль самым бяспечным у сталіцы.

Старыя “нямецкія” дамы, пабудаваныя палоннымі ў 50-х гадах мінулага стагоддзя…

Так, рабацягі пасля змены маглі крыху выпіць, але ў “ліхія дзевяностыя” ў нас (у адрозненне ад іншых мікрараёнаў) не было ніякай “шпаны”. Таму што саракагадовыя мужыкі, якія прастаялі за станкамі па восем гадзін, маглі за адну хвіліну скруціць у бараноў рог любога хулігана. У нашым раёне заўсёды былі парадак, чысціня і спакой. Нават дзіцем я не баяўся адзін хадзіць па вуліцах.

Школа № 25 спецыялізавалася на паглыбленым вывучэнні англійскай мовы і з часам стала гімназіяй. Напэўна, яна лічылася найлепшай навучальнай установай раёна, бо там заўсёды была проста цудоўная ангельская мова. Цяпер я шмат езджу па свеце, і нідзе не могуць дакладна вызначыць, з якой краіны мой нязначны акцэнт.

У нас былі, без перабольшванняў, выдатныя педагогі. Закладзеная імі база дазваляе мне без праблем разумець усе спектаклі, свабодна кантактаваць з людзьмі, прымаць актыўны ўдзел у дыскусіях, хоць пасля заканчэння школы ангельскую мову мэтанакіравана я нідзе не “давучваў”.

Сёння школьны будынак стаіць на рэканструкцыі, але тая атмасфера адчуваецца на ўзроўні падсвядомасці. Я там нават зняў моладзевую стужку “Вышэй за неба”. Працягваю любіць і ўспамінаць і школу, і педагогаў з вялікай цеплынёй. Гэта была МАЯ школа.

У школе я складаў вершы, пісаў расказы і нават фантастычны раман, але гэта адбывалася не дзякуючы нейкай вучобе, а дзякуючы вялізнай колькасці прачытаных самастойна кніг. Перачытаў усяго Талстога, Дастаеўскага, Чэхава, Купрына.

Не ведаю, адкуль гэта, але ў мяне тады да чытання была нейкая паталагічная цяга. У адрозненне ад брата, я вельмі рэдка далучаўся да дваровых кампаній. Маці і бацька працавалі, і я амаль увесь час заставаўся дома адзін. І ў гэтай сваёй адзіноце (не ведаю чаму) амаль маніякальна чытаў кнігі.

Калі браць за адлік сённяшні дзень, то ў нейкім сэнсе гэта можна лічыць мінусам, бо цяпер шмат чаго прыходзіцца перачытваць нанова. Становяцца бачнымі нюансы, якія дванаццацігадовы хлопчык не мог разумець у прынцыпе.

Чытанне стала глебай для пісання. У мяне не было любімых жанраў, а крытычны рэалізм без праблем спалучаўся з фантастыкай.

Чаму фантастыка? Усё вельмі проста – будзіла дзіцячую фантазію. Таму і пісаць пачаў менавіта пра космас.

Да таго ж знікла “жалезная заслона”, і на экранах з’явілася амерыканскае фантастычнае кіно. З небывалымі для савецкага гледача спецэфектамі. У 1989 годзе на вялікім экране кінатэатра я ўпершыню ўбачыў “Зорныя войны” Джорджа Лукаса. Уражвае! Зусім не тое, што мы бачылі ў класіцы савецкага кінематографа – “Госці з будучыні” альбо “Масква — Касіяпея”.

Пасля дзявятага класа я пайшоў у ліцэй. Дакладней, першыя паўгода не ў сам ліцэй, а ў яго філіял, які месціўся тады на вуліцы Жудро. Другой веткі метро яшчэ не было, таму кожную раніцу прыходзілася ездзіць праз увесь горад з трыма перасадкамі…

Менавіта там на маім жыццёвым шляху і сустрэўся цудоўны настаўнік беларускай літаратуры і мовы Сяргей Скурат. Чалавек, які першым улюбіў мяне ў прафесію, навучыў разумець літаратуру.

Прычым менавіта беларускую, бо раней я лічыў яе (калі сказаць вельмі мякка) нечым несур’ёзным. Тут жа руская і сусветныя літаратуры адышлі на другі план, і для мяне адкрыліся глыбіні літаратуры беларускай. Мы заўсёды называлі яго “спадар Серж”. Цяпер ён час ад часу дае бардаўскія канцэрты, а таксама выступае з Касяй Камоцкай.

Другім настаўнікам, які прымусіў сур’ёзна паставіцца да сваёй творчасці (дакладней – настаўніцай) стала Святлана Віктараўна Багранцава, якая выкладала рускую мову і літаратуру, калі я перайшоў з філіяла ў асноўную ўстанову.

Настаўніца выдзялялася неверагодным сарказмам і страшэнна высмейвала ўсе мае літаратурныя “опусы”. Магчыма, яна бачыла там талент і таму, напэўна, наўмысна абірала вельмі жорсткую іронію.

Раней, як любы графаман, я лічыў, што ўсё напісанае геніяльна.

Сапраўдны пісьменнік думае наадварот. Яго адрознівае ад усіх астатніх здольнасць крытычна паглядзець на свой твор, прыбраць лішняе, дадаткова папрацаваць над тэкстам.

Да гэтага нічога падобнага ў мяне не было. Пісаў, як пісалася, і ніколі нічога не перапрацоўваў.

Святлана Віктараўна навучыла іншаму падыходу да напісанага. Сутнасць яго ў крытычным сумневу. Трэба заўсёды ў нечым сумнявацца. У асабістай геніяльнасці, альбо ў геніяльнасці іншых, напрыклад. Цалкам правільны падыход. Інакш “забурэеш”, “забранзавееш”, страціш хватку. І проста не зразумееш, калі ў табе скончыцца літаратар, а пачнецца заштампаваны графаман.

Безумоўна, гэта была надзвычай цяжкая навука. Я злаваўся і нават вар’яцеў ад таго, што нехта не прызнае зробленага. Я і так, я і сяк, а – не прызнаюць.

У выніку такая крытыка аказалася правільным шляхам і выратавала ад “зоркавай хваробы”, бо прафесійную кар’еру я пачаў вельмі рана і ўжо на чацвёртым курсе БДУ меў пастаноўкі ў Маскоўскім мастацкім акадэмічным тэатры імя Чэхава. Такога ў гісторыі гэтага знакамітага тэатра не было ніколі.

Аднак усё па парадку.

Пасля заканчэння ліцэя я паступіў на паліталагічнае аддзяленне юрыдычнага факультэта БДУ, што і тлумачыць інтарэс да палітыкі. Напэўна, цяпер гэтага няма, але тады яшчэ можна было публічна прытрымлівацца адрозных ад афіцыйных поглядаў. Мы нават хадзілі наглядальнікамі на выбары і дазвалялі сабе потым вельмі крытычныя ацэнкі. Памятаю, адна з маіх курсавых нават мела доўгую назву, частка з якой гучала так: “Класіфікацыя і метадалогія дыктатур”. І выкарыстаны для напісання быў менавіта беларускі досвед…

Спектаклі жыцця

Пры “палітычным вальнадумстве” мы вельмі скрупулёзна вывучалі ўсё, што датычыцца непасрэдна юрыспрудэнцыі – крымінальнае, гаспадарчае, адміністрацыйнае права, працэс, тэорыю права і г.д. На мой погляд, спалучэнне нейкай “вольніцы” з юрыдычнай дакладнасцю і нават жорсткасцю дало даволі цікавы эфект.

Дысцыплінавала думкі і адначасова прывучала думаць самастойна. У мяне ўзнікла структураванасць мыслення, што вельмі важна для драматургіі, бо любая п’еса альбо кінасцэнар маюць канкрэтную структуру і дакладную логіку.

І ў той жа час дазволіла не “зашорыцца”. У адрозненне ад іншых ВНУ, у БДУ тады не прымушалі жорстка крочыць услед афіцыйнай ідэалогіі.

Вучоба дазволіла захаваць пэўную (з большага крытычную) свабоду мыслення наконт развіцця краіны. Не пайсці ў адкрытую апазіцыю і не пачаць служыць уладзе. Застацца вольным ад выразнай ідэалогіі, ва ўсім сумнявацца.

Адначасова з вучобай (пачынаючы з другога курса) я пачаў працаваць. Юрыстам адной з лепшых юрыдычных фірм нашай краіны “Власава і партнёры”, якая (адна з нямногіх) убудавана ў сістэму міжнароднай юрыспрудэнцыі. Ёй рабілі заказы сусветна вядомыя канцэрны, накшталт “Макдональдса”, нафтавыя карпарацыі, структуры Еўрасаюза і нават беларускі ўрад.

Мне пашанцавала два гады працаваць побач з самымі лепшымі юрыстамі Беларусі. Натуральна, што студэнту з большасці прыходзілася выконваць не самыя важныя функцыі. Напрыклад, я сядзеў у чэргах у райвыканкам, калі была патрэба зарэгістраваць фірму альбо зрабіць нешта іншае.

Дарэчы, з гэтай нагоды ўпершыню сутыкнуўся з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам і пазнаёміўся з тагачасным рэктарам Міхайлавым. Іх “юрыдычным суправаджэннем” займалася менавіта наша фірма.

Паралельна з гэтым развівалася творчае жыццё. Яшчэ на першым курсе я пайшоў у тэатр філфака БДУ. А паспрыяла такому выбару – Ірына Камінская. З ёй мы пазнаёміліся яшчэ ў ліцэі, сядзелі за суседнімі партамі. Потым Іра паступіла на філалагічны факультэт універсітэта і запрасіла мяне ў тэатр.

Вечарамі хадзіў на іх рэпетыцыі, нават пачаў выконваць нейкія ролі. Зразумеў, як усё працуе і кіруецца, адчуў сувязь з публікай і, як кажуць, палюбіў сцэну.

Менавіта там я і напісаў сваю першую п’есу, і сам (з акцёрамі студэнцкага тэатра) яе паставіў. Гэта быў сапраўдны фурор. Зала літаральна разрывалася ад апладысментаў. Мы яе ігралі разоў дзесяць. П’еса называлася “Споведзь Пілата” і атрымала станоўчую прэсу.

Я зразумеў, што магу і ўмею гэта рабіць.

Па сутнасці ў тэатры было два кіраўнікі – маці і сын. Былая жонка вядомага кампазітара Яўгена Глебава Людміла Ярмак і яго сын Сяргей Яўгенавіч Глебаў. На жаль, абаіх ужо няма на гэтым свеце. Спачатку (як і мой брат) на аперацыйным стале памёр ён. Маці гэта вельмі балюча перажывала і праз некалькі гадоў пайшла з жыцця сама.

Для мяне яны далі некалькі вельмі важных жыццёвых урокаў. Першы з якіх – дэбют у якасці драматурга.

Будучы глыбока праваслаўным, Сяргей Яўгенавіч адкрыў яшчэ невялікі тэатр пры Петрапаўлаўскай царкве. Гледачамі былі прыхаджане, а п’есы ставіліся выключна філасофска-рэлігійнага плана. Так у маёй творчасці ўпершыню ўзнікла тэма рэлігіі і духоўнасці.

Для чалавека, прызвычаенага да пастаяннага сумневу і сарказму, гэта было цалкам новым і значна пашырала светапогляд. Паявіліся адпаведныя п’есы. Напрыклад, “Понцій Пілат”, які потым быў пастаўлены ў тэатры беларускай драматургіі, альбо “П’ямонцкi звер”, дзе фабулай стала жыццё манастыра.

Гэтую п’есу потым паставілі ў розных тэатрах СНД (больш за пятнаццаць). Па сутнасці, яна і зрабіла мяне вядомым ў Беларусі драматургам.

Такім чынам, адначасова супалі адразу чатыры пласты: свабода паліталогіі, жорсткая структураванасць юрыспрудэнцыі, нейкае заліхвацкае жыццё ў прасторы студэнцкага тэатра-лабараторыі і рэлігійны накірунак творчасці.

У рэшце рэшт з’явіўся шэраг п’ес, якія сталі своеасаблівым пераломным момантам майго жыцця. Было гэта ў 1999–2000 гадах.

Менавіта ў гэты час па пошце я паслаў свае творы ў розныя тэатры. Спачатку патэлефанавала памочніца Табакова, сказала, што іх тэатр мае намер паставіць маю п’есу, і запрасіла прыехаць у Маскву. Алег Паўлавіч са мной пагаварыў і даў “дабро”.

Пасля той пастаноўкі па праграме атрымання другой вышэйшай адукацыі і па пратэкцыі САМОГА Табакова мне пашчасціла скончыць (пасля БДУ) Маскоўскі інстытут перападрыхтоўкі работнікаў мастацтва і культуры. Так я афіцыйна стаў рэжысёрам.

У Маскве пражыў амаль год і мог бы без праблем застацца, але зразумеў – не мой горад.

Масква – энергетычна вельмі цяжкі, жорсткі Вавілон, які прымушае людзей жыць па сваіх правілах, а я чалавек, які вельмі любіць свабоду.

Аднак вернемся да часоў маладосці. Паралельна з маскоўскім трыумфам яшчэ адну маю п’есу пачалі ставіць у Мінску, потым – у Гародні. Я зразумеў, што фармуецца новая прафесія і кінуў юрыспрудэнцыю (у сэнсе звальнення з работы ў фірме “Власава і партнёры”).

У 2002 годзе з чырвоным дыпломам я скончыў БДУ. Ужо ў той час працаваў у беларускім Саюзе тэатральных дзеячаў, таму патрэбы ў размеркаванні не было. Адразу паступіў у аспірантуру на тэатральную крытыку, то бок журналістыку.

На жаль, абараніцца не здолеў па той прычыне, што тэатр (фестывалі, п’есы, прэм’еры) хутка стаў асноўнай часткай майго жыцця, і ўжо праз год з аспірантуры “ганебна збег”.

Хаця і паспеў даволі шмат напісаць – больш за трыста артыкулаў, у асноўным рэцэнзіі на спектаклі. Яны былі вельмі крытычнымі, таму ворагаў за той год у мяне стала значна больш. Пасля таго як убачыў, што нічога не мяняецца (вакол адзін застой), перастаў пісаць увогуле.

Пра тое, што вырашыў развітацца з аспірантурай, я шчыра сказаў свайму навуковаму кіраўніку, вядомаму беларускаму крытыку Таццяне Дзмітрыеўне Арловай. Маўляў, не быць мне кандыдатам навук і дацэнтам. Не маё гэта.

На пачатак новага тысячагоддзя прыпадае яшчэ некалькі буйных праектаў, да якіх я меў самае непасрэднае дачыненне.

Першы звязаны са стварэннем тэлеканала АНТ. Дарэчы, задумваўся ён як часткова прыватны і часткова дзяржаўны і больш свабодны, чым афіцыйнае беларускае тэлебачанне.

Спачатку так яно і было. Прыйшла маладая каманда, дзе я быў галоўным рэдактарам тэлеканала і прыдумаў ток-шоу “Выбар”, куды першым вядучым быў пакліканы палiтолаг Уладзімір Мацкевіч. Потым яго звольнілі, а ўсіх прыватных інвестараў кіраўнік АНТ Рыгор Кісель проста “адсунуў”. Канал пачаў ператварацца ў другое БТ, і я сышоў.

У 2003 годзе прапанаваў стварыць у Мінску Міжнародны тэатральны фестываль “Адкрыты фармат”, стаў яго арт-дырэктарам, але і яго дзяржава даволі хутка ўзяла пад кантроль. Мяне выключылі са складу аргкамітэта, а сам фестываль перайменавалі ў “Панараму”.

Паралельна мы спрабавалі адкрыць у Беларусі Цэнтр драматургіі і рэжысуры і нават рыхтавалі першы спектакль. Дзяржава спачатку ідэю падтрымала, а ў апошні момант зноў “кінула”. На базе таго, што ўжо было створана, узнік “Свабодны тэатр”.

Акрамя гэтага пэўны час я рэдагаваў газету “Веснік культуры”, якую па наш дзень выпускае адзін са старэйшых пісьменніцкіх саюзаў “Полоцкая ветвь”. Іх усяго 140–150 чалавек, таму і ўдалося захаваць пэўную творчую незалежнасць, што мне надзвычай падабалася.

Пасля таго, як газету “выкінулі” з кіёскаў, прыйшлося сысці, бо рэпутацыя незалежнага чалавека моцна ім шкодзіла.

Кіно будучыні

У 2006 годзе ў маім жыцці адбыўся яшчэ адзін кардынальны паварот. Маецца на ўвазе кіно, дакладней “Любовь-морковь”. Поспех быў ашаламляльным. Карціну паказалі амаль ва ўсіх кінатэатрах СНГ. У звычайным тэатры такога не бывае, бо там толькі адна зала, а тут – тысячы экранаў.

Мяне гэта вельмі зацікавіла і захапіла. Пайшлі камедыі, дэтэктывы, ваенныя драмы і г.д. На сёння іх ужо больш як дваццаць.

Тры гады таму першы трыумф быў паўтораны “Елкамі”, якія аказаліся суперпаспяховымі і запусцілі працэс. Зараз кожны новы год будзе нешта падобнае.

Хутка ўсё гэта (камерцыйны поспех) крыху надакучыла, бо я марыў, мару і буду марыць пра кіно нацыянальнае. Беларускае.

Напэўна, з гэтай нагоды я вельмі крытычна выказваўся ўжо тысячу разоў. У нас усё ёсць. Грошы, магчымасці, таленты. Няма палітычнай волі, цікавай тэмы, сапраўднай творчасці, то бок усяго, што можа “запусціць махавік”.

На мой погляд, іх няма, таму айчынны кінематограф існуе толькі намінальна. Здымаем не самыя лепшыя расійскія серыялы, спрабуем займацца нейкай ідыёцкай прапагандай тыпу “Авеля”, а нацыянальнага беларускага кіно няма. У Расіі — ёсць, у Польшчы — ёсць, а ў нас – няма.

Адзін Андрэй Кудзіненка, які арганізаваў мой акцёрскі дэбют у фільме “Акупацыя. Містэрыі”, не можа за ўсіх цягнуць “воз” рэжысуры. Міхаіл Пташук загінуў і, на жаль, не пакінуў пасля сябе дастойных вучняў, якія маглі б працягваць яго справу. Новага моцнага (у гэтым сэнсе) пакалення пакуль не з’явілася, таму і добрай беларускай рэжысуры катастрафічна не хапае. Акрамя гэтага, не хапае творчай свабоды.

За “Вышэй за неба” я біўся як звер, бо прынцыпова лічу, што калі мы гаворым пра кіно як пра мастацтва, яно павінна быць смелым, цэласным, непадцэнзурным і г.д. У нейкім сэнсе, бітва была амаль крывавай. І я вельмі спадзяюся, што змог праз свой фільм паказаць: мы пабудавалі такую краіну, што свабодным у ёй можа быць толькі хворы на СНІД…

Паміж маім фільмам і кудзіненкаўскім “Акупацыя. Містэрыі” – дзесяцігадовы інтэрвал. Пасля “Вышэй за неба” ён наступіў зноў.

Дарэчы, той фільм Андрэй Кудзіненка зрабіў за вельмі невялікія грошы галандскага Фонду па падтрымцы кіно, таму і змог пазбегнуць беларускай цэнзуры.

Некаторы час я выкладаў ва Універсітэце культуры. Матэрыяльна гэта падобна на гуманітарную дапамогу, але галоўным было іншае. Як і казаў, Беларусі вельмі патрэбны свае сцэнарысты, рэжысёры. Трэба іх вучыць, а вучыць няма каму. Таму я і пагадзіўся, але выкладчыцкі перыяд быў вельмі кароткім. Ад мяне проста пазбавіліся.

Калі нехта лічыць, што беларускія ўлады станоўча ставяцца да Курэйчыка, то гэта абсалютная хлусня. Насамрэч мне не даюць тут ні зняць кіно, ні паставіць спектакль.

З апошняй буйной пастаноўкі (“Пане Каханку”) прайшло больш за тры гады, і нічога іншага рэалізаваць у Мінску ў мяне не атрымалася. Многія кажуць, што (асабліва пасля выказванняў пра прэзідэнцкія выбары 2010 года) з маім прозвішчам “ёсць праблемы”…

Адзін плюс – я ў іх нічога не прашу. На мяне немагчыма “наехаць”. Таму пастаянна і кажу рэчы, якія не падабаюцца беларускім уладам. Яны ўжо прызвычаіліся да таго, што ўсе вакол лісліва “глядзяць у рот”, а тут Курэйчык са сваёй праўдай…

Добрыя п’есы, калі яны сапраўды таго вартыя, перажывуць усіх чыноўнікаў. Шэкспір напісаў свае п’есы чатыры стагоддзі таму, а “Гамлета” на розных сцэнах ставяць і сёння.

Спадзяюся, што і ў мяне ёсць нешта вартае для нашчадкаў…

А вось з кіно ўсё значна складаней.

Гэта мой боль. Кіно – калектыўнае мастацтва, аднаму (нават самаму таленавітаму) тут нічога не зрабіць. Каб атрымалася годна, трэба агульнае супадзенне высокай прафесійнасці – рэжысёр, сцэнарыст, аператар, акцёры, дэкаратары, здымачная група. Словам, патрэбны моцны калектыў.

Па гэтай прычыне я і імкнуся выкладаць – кінасцэнарыстыку ў ЕГУ і прыватнай мінскай школе. Кіно гэта не толькі грошы. Пры жаданні яго можна зняць і на мабільнік, толькі трэба, каб здымачная пляцоўка літаральна бурліла ад ідэй.

На жаль, зараз у Беларусі на іх адчувальны крызіс. Такое ўражанне, што людзям сёння няма што сказаць, альбо яны баяцца рабіць гэта. Таму я не проста выкладаю. Я шукаю”.

10.12.2014

%d0%9a%d0%a3%d0%a0%d0%ad%d0%a7%d0%ab%d0%99%d0%9a-1 %d0%9a%d0%a3%d0%a0%d0%ad%d0%a7%d0%ab%d0%9a-2 %d0%9a%d0%a3%d0%a0%d0%ad%d0%99%d0%a7%d0%ab%d0%9a-3 %d0%9a%d0%a3%d0%a0%d0%ad%d0%99%d0%a7%d0%ab%d0%9a-4 %d0%9a%d0%a3%d0%a0%d0%ad%d0%99%d0%a7%d0%ab%d0%9a-5

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

%d0%9a%d0%a3%d0%a0%d0%ad%d0%99%d0%a7%d0%ab%d0%9a-7 %d0%9a%d0%a3%d0%a0%d0%ad%d0%99%d0%a7%d0%ab%d0%9a-8 %d0%9a%d0%a3%d0%a0%d0%ad%d0%99%d0%a7%d0%ab%d0%9a-10-img_2654 %d0%9c%d0%90%d0%a6%d0%86-%d0%9c%d0%90%d0%a6%d0%86-2014-11-08-15-13-03