Лабадзенка Глеб


%d0%bb%d0%b0%d0%b1%d0%b0%d0%b4%d0%b7%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%b0

З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было"
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа (першы падпольны выпуск), Беларускі калегіум (аддзяленне філасофіі/літаратуры), курсы Бі-бі-сі ў Празе, курсы радыёжурналістаў у Вышэйшай школе журналістыкі імя Мельхіёра Ваньковіча ў Варшаве. У журналістыцы з 2000, за гэты час надрукаваў больш за тысячу артыкулаў. Сябра БАЖа з 2002 года. У 2005-м выдаў кнігу “Pager-вершы”. У 2008 годзе атрымаў прэмію БАЖа “Вольнае слова” ў намінацыі “Рэпартаж”. Мае некалькі літаратурных прэмій. Сябра незалежнага Саюза пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Вядзе “Блог Глеба Лабадзенкі” www.labadzenka.blog.tut.by.

1-6

Я дакладна ведаю дзень, калі так было вырашана – пісаць мне вершы і артыкулы. Гэта 19 красавіка 2000 года, калі я пазнаёміўся з Рыгорам Барадуліным. Знаёмства мела цікавую гісторыю.У нас у школе з’явілася новая выкладчыца беларускай мовы — Алена Сцяпанаўна Шпакоўская. Ёй было 65 год, і іначай як “бабка” яе ніхто не называў. Мая 126-я школа на той момант з перадавой у раёне ператварылася ў самую звычайную: у настаўніка працы мой аднакласнік Міша Руды на ўроку кідаў напільнікі, а найвышэйшым пілатажам лічылася выдурыць у вахцёркі ключ ад гардэроба і ўцячы раней з урокаў. Пра тое, што мая школа такая, я даведаўся толькі ў пятым класе, калі нас выпусціла геніяльная настаўніца пачатковых класаў Ірына Мікалаеўна Кульбіцкая і з’явіліся розныя настаўнікі па розных прадметах. Замест свайго 25-га кабінета на другім паверсе мы сталі швэндацца па ўсёй школе і пабачылі, што на чацвёртым паверсе мужчынская прыбіральня зачынена, бо нехта ўзарваў унітаз петардай, а на перапынках у калідорах чуваць мацюкі не горшыя, чым у Фрунзенскім РУУС. Вось у такі заапарк і прыйшла выкладаць Алена Сцяпанаўна. Каб хоць неяк злавіць увагу вучняў, яна распавяла, што ва універсітэце вучылася разам са славутым паэтам Рыгорам Барадуліным, які зараз жыве ў Мінску і якога яна нядаўна бачыла ў трамваі. Здаецца, гэтае паведамленне злавіла ўвагу толькі аднаго навучэнца. І прычын было некалькі. Па-першае, у мяне выклікала культурны шок навіна, што нехта з беларускіх паэтаў увогуле яшчэ жывы. Улічваючы той узровень, на якім выкладалася беларуская мова і літаратура ў маёй школе (чытай: у большасці беларускіх школ), падобнае паведамленне і зараз можа здзівіць многіх школьнікаў. Забягаючы наперад, згадаю эпізод у тэму. У 2003 годзе, калі мы стаялі ў пікетах, баронячы ліцэй, адзін з міліцыянтаў спытаўся: “А, гэта той ліцэй, дзе Якуб Колас дырэктар?” “Так, — не разгубіліся ліцэісты, — а Янка Купала – завуч”. Пазней, калі ў ліцэй прыехаў разрульваць сітуацыю тагачасны міністр адукацыі Пётр Брыгадзін, мы сядзелі на ліцэйскай лесвіцы і спявалі “Gaudeamus igitur”. Намеснік міністра ціхенька (але мы пачулі) запытаўся ў Брыгадзіна: “На каком языке они поют?”

Другой акалічнасцю, якая шакіравала мяне ў аповедзе Алены Сцяпанаўны, быў той факт, што Рыгор Барадулін (які на той момант па індэксе пазнавальнасці быў на аднолькавых правах з Купалам-Коласам-Багдановічам, бо мы паспелі вывучыць ажно два ягоныя вершы) жыве ў адным горадзе са мной (!) і ездзіць на трамваі (!!). Прыйшоўшы дадому, я праз даведку высветліў нумар Григория Ивановича Бородулина, які неадкладна набраў. Распавёўшы паэту, што з’яўляюся гарачым прыхільнікам ягонай творчасці, папрасіў аб сустрэчы — маўляў, паказаць вершы. Насамрэч мне проста карцела паглядзець на жывога беларускага паэта, чые два вершы мне давялося вывучыць у школе.

Да сустрэчы я падрыхтаваўся грунтоўна — выкраў у школьнай бібліятэцы барадулінскую кніжку “Слаўлю чысты абрус”, каб прынесці аўтару на подпіс (у той час твораў “нячэснага” Барадуліна ўжо было не знайсці ў кнігарнях). У дзядулі на працы настукаў адным пальцам на камп’ютэры ды раздрукаваў на струменным прынтэры свае шэсць беларускамоўных вершаў — расейскамоўных у мяне тады было мо ў тры разы больш, але іх я абачліва не панёс.

Мы сустрэліся з народным паэтам на прыступках Палаца мастацтва, прайшлі разам у ПЭН-цэнтр, дзе і мелі размову. Яе вынікамі я быў акрылены. “Вам трэба пісаць і друкавацца”, — сказаў мне дзядзька Рыгор. І падпісаў выкрадзеную кніжку: “Таленавітаму паэту Глебу Лабадзенку — на поспех!” Пісаць і друкавацца я вырашыў адразу ж. Каля метро пабачыў шыльду “Вечерний Минск”. Шыльда выклікала давер, бо згаданую газету доўгія гады выпісвалі дзядуля з бабуляй. У рэдакцыі мяне выслухалі і сказалі, што вершы па-беларуску не друкуюць, а мне лепей падняцца паверхам вышэй: там, маўляў, месціцца газета “Голас Радзімы”, якая друкуе вершы па-беларуску. 3 траўня 2000 года выйшла мая першая публікацыя — падборка вершаў у газеце “Голас Радзімы”; 14 чэрвеня — першы журналісцкі матэрыял, інтэрв’ю з апошнім жыхаром Хатыні Віктарам Жалабковічам.

Гісторыя таго інтэрв’ю цікавая. Нас класам павезлі на экскурсію па маршруце “Раўбічы — Хатынь — Курган Славы”. Там экскурсаводка распавяла, што ў Мінску жыве адзін з трох людзей, які выжыў пасля жудаснай трагедыі. Мяне гэта ўразіла прыкладна так, як і паведамленне Алены Сцяпанаўны пра Барадуліна. Я апынуўся ў сапраўднай рэдакцыі, быў акрылены сваёй першай публікацыяй — усё склалася якраз пад тое інтэрв’ю. Для яго я выдурыў на дзянёк дыктафон у журналісткі “Мінскай праўды” (шкада, не памятаю яе імя). Не паспеў дайсці да хатынца, як тая журналістка, уцяміўшы, што пазычыла дыктафон хлопчыку, якога бачыла ўпершыню, ужо тэлефанавала мне дадому і казала бацькам, што дыктафон ёй тэрмінова спатрэбіўся. Дарэчы, я ім так і не скарыстаўся: Жалабковіч сказаў, што ён чалавек просты, гаварыць не ўмее, таму “пытайся аб тым, што цікавіць, а пасля сам напішаш”.

У рэдакцыі “Мінскай праўды” я апынуўся невыпадкова. Усцешаны імгненнай публікацыяй сваіх вершаў (19 красавіка прынёс, а 3 траўня выйшла), я раздрукаваў у дзядулі на працы шмат асобнікаў і адправіўся ў Дом прэсы. Пачаў з першага паверха — скончыў апошнім. У кожнай газеце я ішоў выключна да галоўнага рэдактара. І крыху здзіўляўся, што ўсюды мяне скіроўвалі да намеснікаў і загадчыкаў аддзелаў. Нумар быў аднолькавы: спачатку я дэманстраваў кнігу, дзе рукой Барадуліна было пазначана, што я “таленавіты паэт”, затым пакідаў камплект вершаў і ішоў далей. Як ні дзіўна, але гэтае юнацкае нахабства дзе-нідзе пракаціла — некалькі газет вершы надрукавалі. Памятаю, як дайшоў да чацвёртага паверха — рэдакцыі “СБ”. Сакратарка накіравала мяне да намесніка рэдактара (ён працуе і зараз і сядзіць у тым жа кабінеце). Той ваяжна паліў люльку (толькі праз некалькі год я зразумеў, пад каго ён касіў), глянуў адным вокам мае вершы і вынес вердыкт: нічога арыгінальнага, усё гэта ўжо недзе было. Відаць, журналісцкі Бог уратаваў мяне тады, пасадзіўшы ў крэсла намрэдактара “СБ” глухога да паэзіі чалавека.

Пабегаўшы па рэдакцыях, я зразумеў, што “Голас Радзімы” — найлепшы варыянт: друкуюць хутка, правяць мала (для майго самалюбства гэта было вельмі важна). Зразумела, што тады, у 13 гадоў, я не падазраваў, што ёсць “чэсныя” і “нячэсныя” журналісты, “правільныя” і “няправільныя” газеты. У “Голасе Радзімы” я друкаваўся чатыры гады, паралельна заносячы матэрыялы ў “Вечерний Минск”, “Переходный возраст” ды іншыя газеты. Да гонару галоўнай рэдактаркі “Голасу Радзімы” Наталлі Уладзіміраўны Салук, за ўвесь час працы ў газеце я ні разу не адчуў цэнзуру, не зведаў, што ёсць забароненыя тэмы і персоны для згадкі. Пісаў і пра NRM, і пра “Рок-каранацыю”, рабіў інтэрв’ю з Барадуліным, Сёмухам, Бураўкіным… І ўсё гэта пры тым, што газета з’яўлялася дзяржаўнай і выдавалася Міністэрствам замежных спраў. Упершыню я зразумеў, што я “нячэсны”, калі падчас абароны ліцэя Наталля Уладзіміраўна сказала мне, што газета часова не будзе друкаваць мае артыкулы, бо “так трэба”. Я быў ужо дастаткова дарослым хлопчыкам, каб зразумець прычыну і не крыўдаваць на рэдактарку. Праз пэўны час гэтак жа нечакана Наталля Уладзіміраўна сказала, што друкавацца мне зноў можна. Я напісаў яшчэ колькі артыкулаў, а пасля сышоў па-ангельску, не жадаючы ствараць вялікія праблемы любімай рэдактарцы перад яе выхадам на пенсію.

Сышоў у “Камсамолку”. Юлія Вітальеўна Слуцкая — вось другі чалавек, які адыграў агромністую ролю ў маім канчатковым выбары прафесійнага шляху і арыенціраў. Я шматкроць дзякаваў Богу, што ён паслаў мне такіх двух настаўнікаў у жыцці — найлепшага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна і найлепшага рэдактара Юлію Слуцкую. Гэтыя два чалавекі і па сёння з’яўляюцца маім сумленнем. Маральным чыннікам, які не дае ссучыцца і перакрочыць пэўныя межы.

У “Камсамолку” я прыйшоў адразу пасля паступлення на журфак БДУ, куды мяне прынялі без уступных іспытаў — на алімпіядзе “Абітурыент журфака” я здабыў абсалютнае першае месца, бо меў на той час 174 публікацыі. 15 чэрвеня 2004 года тагачасны дэкан Васіль Пятровіч Вараб’ёў уручыў мне адпаведны дыплом, і ў той жа дзень выйшаў мой першы рэпартаж у “Камсамолцы” — з галадоўкі дэпутатаў Фралова, Скрабца і Парфяновіча. Намесніца рэдактара Вольга Улевіч сказала тады, што я “зразумеў, чаго ад мяне патрабуюць”. Для мяне гэта было высокай ацэнкай, бо Вольгу Улевіч я ведаў завочна яшчэ з часу газеты “Имя”, якую выпісваў мой бацька. Дарэчы, менавіта бацька падсвядома сфарміраваў мой “нячэсны” выбар, яшчэ задоўга да таго, як я пайшоў у журналістыку. Проста пералічу ў храналагічнай паслядоўнасці газеты, якія ён выпісваў (а іх закрывалі адну за адной): “Свабода”, “Имя”, “БДГ”, “Наша Ніва”. Размовы на кухні вяліся адпаведна выпісаным газетам. Параўнальна нядаўна бацька паказаў мне свае чорна-белыя здымкі пачатку 90-х, якія ён рабіў “Зенітам”. На тых здымках перад Домам урада Зянон Пазьняк, Віктар Ганчар, Аляксандар Лукашэнка… Бацька распавядаў, што яскрава запомніў момант, калі была прынята Дэкларацыя аб суверэнітэце. Ён быў у адпачынку ў нашых Бабовішчах і якраз ехаў на ровары ў Слуцк, каб набыць свежыя газеты (15 км у адзін бок. Во што значыць інтэлінент!). У яго на грудзях вісеў маленькі прымач “Юность”, па якім перадавалі навіны. І, кажа, недзе каля Грэска яго напаткала навіна, якую дыктар прачытаў усхваляваным урачыстым голасам: “Толькі што на пасяджэнні Вярхоўнага савета была прынята дэкларацыя, якая абвяшчае Рэспубліку Беларусь незалежнай дзяржавай. Мне тады было 8 гадоў, таму сэнс гэтага словазлучэння я зразумеў значна пазней. А напамінам з таго часу засталіся граматы за другі і трэці клас, дзе стаіць пячатка з “Пагоняй”.

Чатыры гады працы ў “Камсамолцы” далі мне неймаверна шмат у плане прафесіі і проста ў плане будавання чалавечых зносін. Гэта цудоўная школа, лепшую мне і прыдумаць цяжка. Зрэшты, школа гэтая ў многім грунтавалася на адным чалавеку — Юліі Слуцкай. Пасля яе адстаўкі паступова, паціху-памалу ўсё змянілася, хаця, здаецца, і людзі ў асноўным засталіся тыя ж. Яе мудрасць, як разумею я цяпер, была яшчэ і ва ўменні не даводзіць да шараговага журналіста ўвесь імперскі маразм, які ішоў у мінскую рэдакцыю з маскоўскага кіраўніцтва. Я быў першы чалавек, які ў рэдакцыі размаўляў выключна па-беларуску. Таму, калі да нас мусіў прыехаць з інспекцыяй сам Сунгоркін (у маштабах мінскай “Камсамолкі” гэта прыкладна як Буда для індыйцаў), мяне ці то жартам, ці то ўсур’ёз папрасілі не прыходзіць у той дзень на працу. Крый Божа, Сам пачуе ў рэдакцыі беларускую мову і падумае, што тут развялі гняздо нацыяналістаў!.. У адзін з наступных прыездаў Сунгоркіна Алега Улевіча папрасілі зняць са сцяны сцяг Еўразвяза.  Гэта была гульня, якая давала вельмі добры вынік. Друкуючы на вокладцы цыцкастых дзевак з “Віягры” або тайну новай пасіі Жанны Фрыске, Юлія Вітальеўна рабіла газеце наклад 330 тысяч асобнікаў. І пад гэтую марачку ўстаўляла туды матэрыялы з Барадуліным, Някляевым, Вайцюшкевічам… Як жа гэта мудра!..

Апошняя мая публікацыя выйшла ў “Камсамолцы” ў верасні 2008 года. Пасля гэтага я сышоў. Называць прычыны ўголас не лічу этычным, бо гэта датычыцца ўнутраных спраў рэдакцыі.

Змяніўшы статус журналіста папулярнай газеты на статус фрылэнсера, я зразумеў адну рэч: тая тысяча ці больш артыкулаў, якія я напісаў за 9 гадоў працы ў газетах, уся знікне і не застанецца — такая ўжо спецыфіка нашай з вамі працы. І трэба рабіць нешта больш даўгавечнае, пры гэтым ні на дзень не пакідаючы журналістыку. Такая ўстаноўка ўвасобілася для мяне ў складанні кнігі пра 92-гадовую князёўну Эльжбету Радзівіл, дачку апошняга ўладара Нясвіжскага замка.

7

На апошняе пытанне дасланай мне анкеты “Дзе я працую зараз?” адкажу як нармальны беларускі “нячэсны” журналіст: зараз я працую дома.