Ліхавід Мікіта

 

%d0%bb%d0%b8%d1%85%d0%b0%d0%b2%d0%b8%d0%b4-1

  •  З кнігі “Супраць плыні”

СЭРЦА МАЦІ       

Даведка: Мікіта Ліхавід нарадзіўся 27 мая 1990 года ў Мінску. Пасля сканчэння сярэдняй школы № 177 паступіў на юрыдычны факультэт недзяржаўнага Мінскага інстытута кіравання.

У няпоўны 21 год паспеў стаць актывістам руху “За свабоду”. Затрыманы 19 снежня на Плошчы Незалежнаці, асуджаны на 15-сутачны арышт, але 23 снежня пастанова аб арышце адменена, і ён пераведзены ў статус абвінавачанага па справе аб масавых беспарадках.  29 сакавіка асуджаны Партызанскім судом Мінска да 3,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прызнаны “Міжнароднай амністыяй” вязнем сумлення.

Не ведаю, колькі іх будзе на момант паяўлення  гэтай кнігі, але на сёння ён пяць (!!!) разоў  паспеў пабываць у штрафным ізалятары (ШЫЗА) і правёў там  пяцьдзесят пяць сутак.  Цалкам не згодны з тымі, хто гаворыць пра ўпартасць Міколы Ліхавіда. На мой погляд, гэта іншае –  Пазіцыя.

 

Звычайная біяграфія

 

Мабыць, як і іншыя, я не раз задумваўся над тым, адкуль у гэтага маладога хлопца столькі прынцыповасці і моцы? Падчас размовы з Аленай Ліхавід зразумеў – ад маці.  Пра сюррэалізм калоніі, дзе сядзеў Андрэй Клімаў (Мазыр, ВК-20), мне расказвала яго жонка Таццяна Леановіч, і я думаў, што нічога падобнага (для тых, хто адбывае пакаранне)  у пеніцытарнай сістэме  Беларусі больш няма. Аказалася ёсць. Наваполацкая папраўчая калонія №10.

Няма сумненняў, што яе начальнік Аляксандр Сівоха думае не так. Як і тое, што там не  служаць выключна  пачвары.  Месціцца калонія  паміж вядомымі гігантамі айчынай прамысловасці – “Нафтанам” і “Палімірам”. І слова “гіганты” тут ўзятае не з афіцыйнай ідэалагічнай палемікі. Яго агучыла Алена Ліхавід, каб больш яскрава апісаць  свае ўражанні  ад тых мясцін.

Прашу прабачэння за такую гульню слоў, але “зона” сапраўды знаходзіцца ў прамзоне. З двух бакоў – велічэзныя трубы і ёмістасці, колькасці якіх, здаецца, няма межаў. Такое нават цяжка ўявіць. Знаёмыя з “Паліміра” расказвалі Алене, што ад прахадной, дзе яны звычайна пакідаюць сваё аўта, да рабочага месца 20 хвілін пехам. Невыпадкова Мікіта калісьці сказаў, што яго калонія знаходзіцца “ў цэнтры самагоннага апарата”.

А паветра там хімічна-кіслае. Праз пару гадзін пачынаеш адчуваць у горле нейкі непрыемны прысмак, а яшчэ праз пару гадзін – прызвычайваешся.  Расказваюць, што шмат дзяцей, якія нараджаюцца і жывуць у Наваполацку, маюць ад самага нараджэння  пэўныя алергічныя рэакцыі. Таму бацькі  ікнуцца “вывезці” іх з гэтага горада адразу ж.

Словам, для эколагаў там вельмі шмат “аб’ектаў”. І дзякуй Богу, што зараз крызіс (якога афіцыйна няма). Ён  амаль спыніў вытворчасць, а значыць, і хімічныя выкіды.

Дарэчы, калі Алена Ліхавід паспрабавала  перадаць у калонію фільтр для вады, ёй адказалі: мы ж таксама яе п’ем. Прыйшлося патлумачыць, што яны ваду кіпяцяць, а асуджаныя не.  Фільтр усё роўна не прынялі: не дазволена. Яго можна толькі падарыць канкрэтнаму атраду, але для гэтага трэба сабраць шмат паперак-дазволаў.  Гэтым жанчына зараз і займаецца.

Яна хацела  перадаць туды і вентылятар, але папярэдзілі, што шансаў амаль нуль: па прэзідэнцкаму ўказу  эканомяць святло.

Нарадзілася Алена Ліхавід 21 жніўня 1969 года.  Яе бацька Уладзімір Аляксандравіч усё жыццё працаваў  на “Гарызонце”. Зараз інвалід другой групы, амаль страціў зрок, і таму лісты ад унука  яму чытала жонка Антаніна Рыгораўна. Дарэчы, яна увесь час  (і зараз) працуе на “Мілавіцы” і вельмі добра шые. Магчыма, гэта якасць перадалася і дачцэ, якая стала інжынерам-канструктарам  дзіцячых лялек.

Шмат гадоў таму Алена Ліхавід скончыла звычайную (без “ухілаў”) 107 школу і паступіла ў Віцебскі тэхналагічны інстытут (зараз універсітэт) лёгкай прамысловасці, але была вымушана яго пакінуць адразу ж. Тут і праявілася тая самая “ўпартасць”, пра якую казалася на пачатку нарыса. Праз шмат гадоў Алена паступіла туды паўторна. Толькі на гэты раз завочна.

Было ў яе жыцці і яшчэ адно выпрабаванне. З бацькам Мікіты яны разышліся, калі хлопчыку было толькі тры гады, аднак Алена прынцыпова рабіла ўсё магчымае, каб дзіцё гэтага не адчула. Нават працавала ў звышурочны час.

Паявіўся Мікіта Ліхавід на свет 27 траўня 1990 года. Было вельмі спякотна. Калі немаўля першы раз прынеслі  да маці, ён спаў і тая ўвесь час імкнулася падняць векі, каб паглядзець, якога колеру ў сына вочы.

Ён  быў такім спакойным, што маці нават пачала нервавацца, чаму дзіця не плача.   Будзіла — паесць — зноў спіць. Аднак гэта быў толькі вонкавы спакой. Гледзячы на дзіцячыя фота  сына, Алена Ліхавід прыйшла да высновы, што ў яго ўжо тады быў “недзіцячы позірк”. Сэрца маці адчула ў іх нейкую праекцыю на сённяшнія падзеі. Быццам бы ўжо тады яе сын казаў вачамі тое, што праз шмат год прывядзе яго да штрафнога ізалятара Наваполацкай калоніі нумар  дзесяць.

З самага дзяцінства хлопец пачаў нешта прыдумляць. Імкнуўся не толькі зразумець, “як, што працуе”, але і прыстасаваць гэта да хатніх патрэб. Напрыклад, аднойчы разабраў пыласос, выняў з яго матор і скотчам прыкруціў да швабры. Хацеў зрабіць так, каб яна ў кватэры  ўсё чысціла сама.

З гадамі прыбавілася і яшчэ адно захапленне – энцыклапедыі. Ён чытаў іх як звычайныя кніжкі і “даставаў” настаўнікаў, калі тыя ў чым-небудзь памыляліся. Яны нават прасілі Алену правяраць, што сын кладзе ў свой партфель, бо той у школу  нёс энцыклапедыі замест звычайных падручнікаў.

Мабыць, таму і апынуўся за кратамі, што хацеў усё зразумець сам.  Не палічыце банальнасцю, але я ўпэўнены ў тым, што каб Мікіта Ліхавід  не задаваў пэўных пытанняў, то зараз быў бы не ў турме, а ў якім-небудзь  бэрэсэме…

 

Незвычайны працяг

 

Мікіта Ліхавід скончыў 177 школу, дзе вучыўся ў класе з паглыбленым вывучэннем ангельскай мовы. Дарэчы, на “валадарку” сярод іншага перадалі і кнігі на ангельскай мове. Каб той яе не забываў.  І працягваць вучобу далей вырашыў менавіта на завочным аддзяленні, бо не хацеў каб маці яшчэ пяць год плаціла за яго навучанне. Выпадак  не зусім тыповы для нашага часу. Большасць моладзі прывыкла “сядзець на карку” бацькоў да самага дыплома аб вышэйшай адукацыі.

Ні ў адну дзяржаўную вышэйшую навучальную ўстанову на “бюджэт” ён не праходзіў, а плаціць дзяржаве за ідэалогію, з якой не пагаджаўся прынцыпова, было нелагічна, таму Мікіта Ліхавід абраў юрыдычны факультэт недзяржаўнага Мінскага інстытута кіравання.  Чаму? Адказ вельмі просты: юрысту “лапшу”  на вушы не павесіш.

Працаваць ён уладкаваўся на фірму маці звычайным грузчыкам, але пратрымаўся там  нядоўга. І прычынай таму сталі не цяжкасці, бо яны як раз і не пужалі юнака. Прычына іншая. Яго аднакласніца і каханка паступіла  ў ЕГУ. Пастаянна ездзіць у Вільню на выходныя было складана,   і тады Мікіта перабраўся ў літоўскую сталіцу канчаткова. Працаўладкаваўся  і жыў там разам са сваёй сяброўкай да самага сусветнага крызісу. Разам з ім пачаліся складанасці, пра якія не хацелася б расказваць падрабязна, скажу толькі тое, што ў рэшце рэшт адбылося тое, што Маякоўскі меў на ўвазе, калі пісаў “любовная лодка разбилась о быт”. Як кажуць у падобных выпадках, “засталіся сябрамі”.

Палітыкай Мікіта Ліхавід пачаў займацца ў пятнаццацігадовым узросце. Менавіта тады яны з маці першы раз пайшлі на чарговы “Чарнобыльскі шлях”. Юнака гэта  моцна і пазітыўна ўразіла. Тым больш, што ён на той час пачаў шчыльна займацца вывучэннем гісторыі нашай краіны.  Таму цалкам лагічна: ужо праз хуткі час Мікіта стаў сябрам руху “За свабоду”. Маці вельмі добра памятае  момант, калі яе сын першы раз павітаўся з Аляксандрам Мілінкевічам. Быў такі горды, што маці дзеля жарту прапанавала “не мыць руку”.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ён не ўваходзіў ні ў адну з камандаў, хаця і сімпатызаваў Андрэю Саннікаву. Прагаласаваў пасля абеду, і пасля яны з сябрам у іх доме пілі гарбату, размаўлялі. Некалькі разоў  цікавіўся ў маці наконт паходу на Плошчу. Праз пару гадзін абяцаў вярнуцца, бо было даволі зімна.  Не атрымалася…

Па суседству з Аленай жыве міліцыянт. Па дарозе дамоў ён зайшоў да іх і спытаў: “Дзе Мікіта?”. Пачуўшы адказ пра  Плошчу, папрасіў яму патэлефанаваць, бо ў іх тэрмінова вызвалілі ад людзей усе камеры. Было гэта за некалькі гадзін да “хапуна”…

Сэрца маці адразу адчула нешта нядобрае. З сувяззю пачаліся  незразумелыя праблемы,  але Алене пашанцавала пачуць сына. Той адказаў, што “пакуль усё ціха” і няма нават намёкаў на нешта экстраардынарнае. Ён не ведаў і не мог ведаць, што на той момант да Плошчы Незалежнасці ўжо пачалі пад’язджаць машыны са спецназам у аўтазаках.

Па гэты дзень у “мабільніку” Алены Ліхавід захоўваюцца тры SMS ад сына. Першае паведамленне прыйшло ў 23.39. Пісалася пра тое, што сын знаходзіцца ў міліцыі,  хвалявацца не трэба,  ён цалкам здаровы.

Другая SMS расказала, што ён  ўжо на Акрэсціна.

Можна толькі здагадацца, якія  эмоцыі  ў той час перажывала маці (прэцэдэнтаў у законапаслухмянага хлопца не было), але панавала разгубленасць. Знаёмыя параілі дачакацца новага працоўнага дня, бо нешта шукаць ноччу не мела сэнсу. Ніхто нічога не сказаў і на наступны дзень. Нават у так званым Доме правасуддзя.  Там Алена Ліхавід ўпершыню ўбачыла сумна вядомага палкоўніка Яўсеева і была шакавана яго хамствам і  колькасцю нянавісці ў вачах. Такога звярынага полымя яна ў сваім жыцці яшчэ не бачыла.

З самага рання на Алену выйшлі актывісты руху “За свабоду”, прапанавалі сваю дапамогу  і далі праваабаронцам нумар  яе тэлефона. Гэта значна  спрасціла  пошук сына: быць адначасова ў розных судах немагчыма фізічна, таму жанчына вельмі ўдзячна ім усім і асабліва праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

У тры гадзіны дня ёй па  тэлефоне сказалі, што ў Кастрычніцкім, Ленінскім і Маскоўскім судах Мікіты Ліхавіда няма, а сама  яна “дзяжурыла” у Першамайскім судзе (па месцы жыхарства). Дарэчы, гэта быў першы суд, дзе жанчыну (і астатніх маці затрыманых) пусцілі ў будынак “пагрэцца”.   Ва ўсіх астатніх іх прымушалі дрыжаць ад холаду на вуліцы.

Калі было ўжо 18 гадзін, ёй паведамілі, што яшчэ адну “партыю” прывезлі ў Савецкі суд. Алена паехала туды. Там сказалі, што за ўвесь дзень у іх ніякіх судоў не было і нікога  не прывозілі. Не засмуціў нават аўтазак, які стаяў за будынкам. Патлумачылі гэта тым, што ён стаіць там цэлы дзень.

Алена паехала дамоў, а праз гадзіну ёй патэлефанаваў Мікіта. Сказаў, што ў яго ў тэлефоне сеў акумулятар, таму ён ўзяў апарат сябра, знаходзіцца ў аўтазаку,  судзілі яго у Савецкім судзе. А праз некалькі гадзін прыйшло трэцяе SMS: “Я ў Жодзіна”.

Каментаваць гэты момант не хочацца, бо без “моцных” слоў тут не абысціся. Адно хачу сказаць: Бог бачыць усё і вельмі часта тыя, хто цынічна адмовіў маці ў праўдзе пры яе дзіцяці, самі трапляюць у  падобныя сітуацыі. І вельмі хутка ўспамінаюць пра “чалавечае аблічча”…

 

Сардэчнае сяброўства

 

Тады  Мікіту “далі” традыцыйныя 15 сутак і ўсе спадзяваліся хутка  ўбачыць яго дома. Маці нават збіралася святкаваць Новы год не першага студзеня, а трэцяга.  Больш за тое, праз адваката сын Алены перадаў просьбу абавязкова паставіць дома елку. На жаль, убачыць яе яму так і не давядзецца.

27 снежня дамоў да Ліхавідаў прыйшлі з вобыскам.  Пачалі яго без Алены (дома былі яе маці і бацька), а праз паўгадзіны яна даведалася, што Мікіту цяпер  вінавацяць  у іншым – удзеле і арганізацыі  масавых беспарадкаў. У пастанове  было напісана, што Мікіта ўсё гэта ажыццявіў, згаварыўшыся адразу з усімі экс-кандыдатамі ў прэзідэнты. Жанчына пачала тлумачыць, што ён іх нават не ведае, але гэта нікога не цікавіла. Следчыя забралі  інфармацыйныя носьбіты (ноутбук, сістэмны блок) і пакінулі паперу, якая нагадвала пра іх страшную вестку.

Праз паўгадзіны ў яе былі прадстаўнікі руху “За свабоду”,  а на наступны дзень  з дапамогай праваабарончага цэнтру “Вясна” жанчына ўжо падпісвала адпаведную дамову з адвакатам.  Як пазней высветлілася, абвінавачванне прагучала яшчэ 23 снежня.  Чатыры дні маці думала зусім пра іншае, і ніхто ёй не сказаў, што на самой справе чакае яе сына.

Зноў не хочацца ўжываць “моцныя” словы, але мабыць, зусім без гэтага не абысціся.

На жаль, сёння ў нашай краіне  пабудавана сістэма “стабільнай” агіднасці. З глыбіні чалавечых душ  на паверхню выцягнутыя самыя змрочныя чалавечыя інстынкты, і   падаюцца яны за  “норму жыцця”. Мякка кажучы, гэта не так. І тыя, хто сёння “пры ўладзе”,  добра ведаюць  сапраўдную рэчаіснасць.

Магчыма, некаторыя не пагодзяцца з такой высновай, але мне шчыра шкада тых, хто “не ведае, што робіць”… Прыйдзе час, і ім будзе сорамна за асабістыя дзеянні, а многім сённяшнім катам прыйдзецца памяняцца месцамі з іх ахвярамі…  Свае ўчынкі яны апраўдваюць неабходнасцю “карміць дзяцей”, але гэта не можа быць нейкай індульгенцыяй, бо такія, як Мікіта Ліхавід, таксама нечыя дзеці, і іх бацькі пакутуюць не менш…

31 снежня 2010 года Алене Ліхавід патэлефанавалі з КДБ і прапанавалі паразмаўляць. Сустрэліся на “нейтральнай тэрыторыі” і спыталіся пра адносіны да таго, што адбываецца ў краіне. Даволі хутка зразумелі, што “давіць” на яе бессэнсоўна і цынічна пажадалі “шчаслівага Новага года”.

Каментаваць што-небудзь тут нельга, скажу толькі, што аўтар  зараз таксама агучыў тыя ж словы, што і чытачы…

А вось бацька Мікіты Ліхавіда аказаўся больш падатлівым. Імя гэтага чалавека не хачу называць ні я, ні Алена Ліхавід. Менавіта ён агучыў прапанову КДБ  абылгаць апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ў замен на свабоду, чым яшчэ раз пацвердзіў, што вельмі блага ведае свайго сына. А той з гэтага моманту не хоча ведаць і свайго бацьку.

А вось прозвішча іншага чалавека я ўсё ж назаву. Гэта былы класны кіраўнік Мікіты Ліхавіда Алена Уладзіміраўна Казачок.   У школе яна ставілася да Мікіты вельмі добра. Як і ён да яе. Нечакана настаўніца адмовілася ісці ў суд сведчыць з боку абароны, таму што “ў яе работа ў дзяржаўным ліцэі, а справа тут – палітычная”.  Аднакласнікі былі моцна шакаваныя гэтым, а Мікіту расказаць пра  яе адказ Алена мае намер толькі пасля яго вызвалення.  Не хоча  хваляваць.

Банальна, але страх – асноўны падмурак гэтай улады. Аднак  пакрысе адыходзіць і ён. Толькі час ад часу вельмі балюча назіраць за тым, як адных “травяць газам”, а іншыя ставяцца беражліва да асабістай скуры і здольныя пратэставаць толькі на сваіх кухнях. Такія людзі і  баяцца сведчыць  у судах.

Але гэта выключэнне з правілаў. Ні адзін чалавек, з кім Алена  мела стасункі раней, не змяніў сваё стаўленне да яе пасля арышту сына. Больш за тое,  стала вельмі шмат тых, хто адкрыта пачаў казаць, што ганарыцца сяброўствам з Аленай, Мікітам. Уразіла і тое, што да яе сталі прыходзіць абсалютна незнаёмыя людзі і выказваць сваю падтрымку.

Пра тое, як Алена Ліхавід сустракалася са сваім сынам, напісана шмат, таму паўтарацца няма сэнсу. На месцы Жодзінскай турмы хлопец  марыць пасадзіць яблыневы сад, а ахоўнікаў  зрабіць садоўнікамі.

А ў Наваполацкай калоніі Алена Ліхавід  убачыла іншага чалавека. З юнака яе сын ператварыўся  ў сапраўднага Мужчыну.

 

Голас сэрца

 

З доўгай размовы з Аленай Ліхавід я асобна хачу выдзеліць адзін маналог.   Раблю гэта па той прычыне, што быў літаральна шакаваны ім:

 

“Свята Вялікадня гэтага года выдалася самым сумным ў маім жыцці. Асвечаныя ў царкве булачкі мы перадалі Мікіту. Хацелі перадаць і чырвонае яйка, але браць яго  адмовіліся – нельга, бо такога харчу няма (чаго я цалкам не разумею) у адпаведным  спісе. Так,  адну просьбу Мікіты   мы з маёй маці тады выканаць не змаглі.

Аднак самае балючае было не гэта. Нейкі мужчына прынёс для сына перадачу, якая складалася выключна з адной велікоднай булкі.  Яе  не прынялі, бо гэтыя некалькі соцень грамоў былі звыш устаноўленага на месяц ліміту ў 30 кг. З “валадаркі” той мужчына пайшоў са слязьмі на вачах…

Старыя  расказваюць, што такога падчас вайны не рабілі нават фашысты. Няўжо там працуюць толькі людзі, у душах якіх не засталося нічога святога? Можа іх нарадзілі не маці, а вырошчвалі ў  лабараторных прабірках?

Не, не ўсе яны  такія, і я заўсёды ўспамінаю міліцыянта, які пусціў  нас пагрэцца ў Першамайскі суд, але  ў большасці культывуюць менавіта  пачварныя інстынкты.

Калі я з раніцы іду на работу, то ад выгляду маладых хлопцаў, якія з бутэлькай піва стаяць каля крамы і лаюцца матам, становяцца крыху крыўдна, бо мой сын  пакутуе за кратамі не дзеля гэтага.

 А калі па серадах іду на “маўклівыя” акцыі”,  на душы становіцца значна лягчэй. Там зусім другая моладзь. І яе вельмі багата.

Магчыма, гэта звычайныя “жаночыя слабасці”,  але бываюць моманты, калі перастаеш верыць у нешта светлае.   Потым яны адступаюць, бо я павінна быць моцнай. Каб змагацца тут за тое, за што Мікіта змагаецца там.

 Сумна бачыць, як “брытагаловыя” хапаюць людзей, якія мірна гуляюць, толькі за тое, што яны трымаюць у руках мабільныя тэлефоны, альбо пляскаюць у далоні. На маіх вачах каля будынка Нацыянальнай  бібліятэкі  “зачышчалі” хворага эпілепсіяй чалавека. Брутальна, па-звярынаму.  Калі ўзгадваю той момант,  заўсёды кружыцца галава. 

У аднаго з іх я спытала: “У цябе маці ёсць? Ты памятаеш, калі ты ёй глядзеў у вочы?” У адказ ён прашаптаў: “Я Вас прашу — не стойце, проста куды-небудзь ідзіце”. Мабыць, той, хто кажа ім “Фас!”, загадаў хапаць усіх, хто спыняўся.

Нармальнаму чалавеку такую “логіку” зразумець немагчыма.  Калі гэта будзе працягвацца яшчэ нейкі час, мы прыйдзем да канцлагераў.”

 

Спадзяюся, нічога падобнага ў нашай краіне не адбудзецца па той прычыне, што на гэта банальна не хопіць грошай. Аднаго хворага жадання тут мала. Раб не можа шчыра любіць свайго гаспадара. Пакуль корміць – любіць. Перастае – паяўляюцца спартакі.

Да таго ж, не ўсё ў жыцці вымяраецца прымітыўнымі“чаркай і шкваркай”.  Мікіта Ліхавід – яскравы таму прыклад.

 

 

Замест P.S.

Па папярэдняй  дамоўленасці я паслаў гэты нарыс Алене Ліхавід  у 7 гадзін раніцы 21 ліпеня. А праз некалькі гадзін суддзя Вайцюховіч прысудзіў ёй 10 сутак за ўдзел у чарговай “маўклівай” акцыі, што яшчэ раз пацвердзіла тое, адкуль у Мікіты Ліхавіда столькі моцы і прынцыповасці.

 

P.S. №2

Мікіта Ліхавід вызвалены 14.09.11

 

21.07.11

%d0%bb%d0%b8%d1%85%d0%be%d0%b2%d0%b8%d0%b42 %d0%bb%d0%b8%d1%85%d0%be%d0%b2%d0%b8%d0%b43 %d0%bb%d0%b8%d1%85%d0%be%d0%b2%d0%b8%d0%b44 %d0%bb%d0%b8%d1%85%d0%be%d0%b2%d0%b8%d0%b45 %d0%bb%d0%b8%d1%85%d0%be%d0%b2%d0%b8%d0%b46%d0%bb%d0%b8%d1%85%d0%be%d0%b2%d0%b8%d0%b47