Лобава Марына

%d0%bb%d0%be%d0%b1%d0%be%d0%b2%d0%b02-%d0%9c%d0%b0%d1%86%d1%96

 

  •  З кнігі “Супраць плыні”

НАВІНЫ  КОЛЕРУ ХАКІ

 

Даведка: Эдуард Лобаў нарадзіўся  1 снежня 1988 года ў Вільні.  Праходзіў тэрміновую службу ў спецназе Віцебскага дэсанту.

Затрыманы 18 снежня разам з лідэрам МФ Зміцерам Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве (арт. 339 ч.3 КК).

24 сакавіка асуджаны ў судзе Маскоўскага раёна да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У падобнае сёння цяжка паверыць. У той час, калі амаль усе яго  равеснікі па розных прычынах “косяць” ад вайсковай службы, і гэта лічыцца ў маладзёвым асяроддзі “нармальнай” з’явай, Эдуард Лобаў пайшоў служыць з вялікім задавальненнем. І зрабіў гэта амаль па асабістаму жаданню.

 

Жыццёвы  выбар

 

Вайскоўцам ён марыў стаць з самага дзяцінства. Дакладней – насіць форму. Тлумачылася гэта тым, што бацька Эдуарда Лобава Анатоль на той момант  вучыўся  ў вільнюскай школе МУС. Маці Марына і ўвогуле родам з Вільнюса.

Пасля заканчэння бацькавай вучобы  сям’я пераехала ў Паставы, дзе хлопчык і пайшоў у школу. Бацькава служба (участковы, следчы) і тое, што дзядзя  быў намеснікам начальніка аднаго з расійскіх ваенных вучылішч, безумоўна, налажылі свой адбітак на  жыццёвыя арыенціры Эдуарда Лобава.

Апроч гэтага былі яшчэ заняткі каратэ ў ваенна-патрыятычным клубе “Азімут”, якім кіраваў сапраўдны прыхільнік мужнага вайсковага жыцця Сядых. Сам былы ваенны, ён прывіваў  выхаванцам павагу да аскетычнага афіцэрскага лёсу.

Вайскоўцаў у тыя часы вельмі паважаліся. Прафесія была  прэстыжнай (не тое што зараз) у грамадстве, таму цалкам невыпадкова, што Эдуард  (паля сёмага класа быў яшчэ адзін пераезд – Мінск) вырашыў паступаць у Ваенную Акадэмію. Амаль два месяцы занялі розныя медыцынскія абследаванні.

У дзяцінстве ён разам з бацькамі трапіў у аўтамабільную аварыю, што стала прычынай заўважнага толькі для апаратуры скрыўлення  пазваночніка. З гэтай нагоды і “забракавалі”.

Ваенкам, які бачыў шчырае жаданне стаць афіцэрам, прапанаваў адразу пайсці служыць. Маўляў, адтуль паступіць будзе значна лягчэй. Але маці прытрымлівалася іншага погляду. Яна параіла пайсці вучыцца і атрымаць нейкую спецыяльнасць. Аднак моладзь на тое і моладзь, каб рабіць усё па-свойму. Вучыцца Эдуард пайшоў, але туды, дзе гэтай вучобы менш за ўсё.  Ліцэі раней называліся не так пафасна – ПТВ, а спецыяльнасцю стала – “слесар-рамонтнік кантрольна-вымяральных прыбораў”.

Перад прызывам на вайсковую службу Эдуард  паспеў крыху папрацаваць, але ўсе ведалі, што гэта рэч даволі ўмоўная, бо мара ў юнака іншая – стаць афіцэрам.  У ваенкамаце прапанавалі толькі элітныя дэсантныя войскі і выбар – Брэст, Мар’іна Горка, Віцебск. Апошні спадабаўся больш за ўсё.

Цікава, што раней ён быў згодны  і на міліцэйскія (прыклад бацькі) пагоны, але пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года паглядзеў, чым на самай справе займаецца гэты “спецназ”… Разганяць мірныя акцыі не хацелася, таму Мар’іна Горка адпала адразу. Да Брэста далёка, таму лагічна быў абраны Віцебск. Тым больш, што там была самая лепшая “дэсантура”.

Гэта, калі верыць афіцыйнай прапагандзе, а калі асабістым вачам, то вельмі хутка разумееш: “не ўсё тое золата, што блішчыць”. І салдаты займаюцца не толькі вайсковым навучаннем, але і тым, што пераносяць ваду з адной лужы ў другую альбо капаюць “адсюль і да абеду”, а потым выкапанае засыпаюць зноў…

Эдуард быў  моцна расчараваны.  Сваёй маці ён тады сказаў: “У такой арміі я заставацца не буду!”

Праз пэўны час у знакамітую гвардзейскую брыгаду трапіў і вядомы гомельскі “палітпрызыўнік” маладафронтавец Андрусь Цянюта. Больш за тое, з Эдуардам яны аказаліся ў адной роце і вельмі хутка сталі сябрамі, бо ўбачылі адзін у адным аднадумца.

Вось і не вер пасля гэтага ў наканаванасць чалавечага лёсу. Армія ў нас складаецца амаль з 80 тысяч “штыкоў”, а кожны прызыў – каля 10 тысяч юнакоў. Гэта я напісаў для тых, хто кажа пра нейкую выпадковасць. Прынцыпова перакананы – нічога выпадковага ў нашым жыцці не бывае!

Да гэтага моманту Эдуард Лобаў хаця і быў супраць брутальных разгонаў мірных дэманстрацый, палітыкай асабіста не займаўся ніколі, бо быў “накіраваны” толькі на вайсковую службу. А тут зразумеў, што  ўсе нашы недахопы (армейскія і цывільныя)  звязаныя наўпрост з няўмелым кіраўніцтвам краіны.

Як былы вайсковец, я добра разумею ўсю экстраардынарнасць сітуацыі, бо ва ўмовах адзінаначалля любому іншадумству існаваць, мякка кажучы, цяжка. Тым больш, калі гутарка ідзе пра нейкія ўлёткі. З’яўленне іх на тэрыторыі вайсковай часткі – ЧЗ, якое можа каштаваць  зорак на пагонах.

Думаю, усе падобныя выпадкі можна пералічыць па пальцах адной рукі, але і гэтага будзе за шмат, калі далей гутарка пойдзе пра  “чыстасардэчнае прызнанне”. Такія выпадкі адзінкавыя. З Эдуардам Лобавым менавіта так і адбылося.

Пасля таго, як пасадзілі на гаўптвахту  Андруся Цянюту, Эдуард Лобаў расклеіў па частцы адпаведныя лістоўкі і не стаў гэтага адмаўляць, калі  пачалося “службовае даследаванне”. Дарэчы, тое ж самае ён зрабіў адносна  “альтэрнатыўнай службы”, але тады суровага пакарання не было. На гэты раз – 10 сутак “губы”.  Адбылося ўсё за некалькі дзён да “дэмбеля”.

Апошні, вядома, непазбежны, “як крах капіталізму”. Звольніўшыся ў запас, Эдуард адразу ўступіў у “Малады фронт”, дзе і пазнаёміўся са Зміцерам Дашкевічам. Вельмі хутка яны сталі лепшымі сябрамі.

 

Жыццёвыя іспыты

 

Няма сумнення, што афіцыйная версія будзе адрознівацца ад аповеду Марыны Лобавай, але я спыніўся менавіта на ёй па вельмі простай прычыне: маці ўмеюць бачыць  не толькі вачыма, але і сэрцам:

 

“ – Пра тое, што яго хутчэй за ўсё “пасадзяць” пасля выбараў, Эдзік папярэдзіў задоўга да таго, як гэта адбылося на самой справе.  Падрыхтаваў. Памыліўся толькі ў тэрмінах. Арышт быў “прэвентыўным”.

Напярэдадні выбараў, для таго каб яго “не адсочвалі”,  купіў новую сім-картку.

Загадаў званіць  толькі з чужых тэлефонаў, альбо аўтаматаў. 

17 снежня ён сышоў з нашай кватэры, але абяцаў яшчэ “зазірнуць”, бо забраў яшчэ не ўсе свае рэчы. Вечарам сын не прыйшоў. Як і на наступным дзень. Я пачала хвалявацца і пабегла на пошту тэлефанаваць. Новы нумар   быў “не даступны”.

 Такі ж вынік быў, і калі я звярнулася за дапамогай да знаёмых…

Вечарам 18 снежня даведалася, што затрымалі Зміцера Дашкевіча, але прозвішча майго сына пакуль не ўзгадвалася ў інтэрнэце. Мяне гэта ніяк не супакойвала: хутчэй за ўсё ён быў з ім.

На наступны дзень стала вядома, што разам з Дашкевічам затрыманы і мой сын. Пачала шукаць у яго блакноце якія-небудзь кантакты. Ад Паўла Севярынца даведалася, што сын сапраўды затрыманы. Павел параіў звязацца з ім у панядзелак: маўляў, раскажа, куды везці перадачу.

Натуральна, на выбары мы ўжо не пайшлі, хаця першапачаткова я хацела перад самым закрыццём выбарчага ўчастка паглядзець: прагаласаваў  нехта за мяне альбо не.

19 снежня былі на плошчы, дзе адразу пачала шукаць сцягі “Маладога фронту”, каб даведацца што-небудзь пра сына. Ніякіх падрабязнасцяў там не пачула. Маладзёны мяне толькі супакойвалі: пасля выбараў усіх адпусцяць.

Цудам змагла вырвацца з плошчы Незалежнасці і пазбегнуць “хапуна”. Потым некалькі гадзін сачыла па інтэрнэту за хваляй арыштаў і вобыскаў.

 

З раніцы не змагла дазваніцца ні да Паўла Севярынца, ні да лідараў “Маладога фронту”, ні да “Вясны”. З Настай Лойка (праваабаронца “Вясны” – заўвага аўтара) атрымалася звязацца толькі вечарам. Тая прапанавала сустрэцца на наступны дзень і запэўніла, што яны неадкладна зоймуцца пошукамі адваката.

 Не адпусцілі сына і праз дзесяць дзён, і праз дваццаць. Ніякіх абвінавачванняў пры гэтым не высоўвалася.  Адвакат сказала, што ў яе практыцы (18 год) такое ўпершыню, бо звычайна абвінавачванне гучыць (так па законе) у першую дэкаду арышту.

Як вы ведаеце, майго сына вінавацілі ў нападзе на двух “звычайных прахожых”. Потым высветлілася, што гэта былі няштатныя супрацоўнікі міліцыі.  Нешта падобнае мы падазравалі з самага пачатку, бо пасля “вочнай стаўкі” адвакат адразу сказала, што яны “няпростыя людзі” і паводзяць сябе ў міліцыі даволі самаўпэўнена, калі не сказаць – нагла.

Праз дваццаць дзён адпусцілі Дзяніса Лазара, які таксама “праходзіў” па гэтай справе. Спадзявалася, што вызваляць і Дзіму з Эдзікам. Нават пад’ехала да Акрэсціна. Адвакат патэлефанавала следчаму і атрымала адмоўны адказ. Замест выхаду на волю ім было прад’яўлена абвінавачванне, па якому “свяціла” да 8 гадоў зняволення, хаця звычайна такія рэчы заканчваюцца банальнай “хіміяй”.

Суд цягнуўся тры дні. Я вельмі ўдзячна  шведскім, нямецкім, амерыканскім, украінскім дыпламатам, амбасадзе Вялікабрытаніі за тое, што яны ўвесь час былі ў судовай зале.

Сведкі абвінавачвання не прывялі ніякіх доказаў супраць майго сына і Зміцера Дашкевіча. Ніхто з іх не бачыў ні воднага ўдару, ніхто не сказаў пра  нейкі супраціў пры арышце. Наадварот, наручнікі надзелі на аднаго з “пацярпелых”, бо ён паводзіў сябе даволі буйна.

На судзе “пацярпелых” ніхто акрамя суддзі не бачыў. Іх пасадзілі за сценкай, адкуль яны нешта і гаварылі. Не паказалі нават пашпарты гэтых людзей, таму да гэтага дня могуць быць сумненні наконт таго, што  ў судзе былі менавіта яны.

Словам, увесь працэс, на мой погляд, быў падобны на нейкі камічны фарс, бо суддзя адхіліла ўсе хадайніцтвы абароны, якія наўпрост сведчылі пра невінаватасць падсудных. Мабыць, гэта было непатрэбна, бо прысуд шакаваў  – чатыры гады пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму.

 

Жыццёвыя іспыты — 2

 

Час ад часу я спрабую зразумець логіку падобных дзеянняў і кожны раз пераконваюся, што ўвесь здаровы сэнс тут абмежаваны знакамітай крылоўскай цытатай “ты виноват лишь тем, что хочется мне кушать”, бо толькі ў такіх выпадках можна праігнараваць сведкі пра тое, што на снезе ляжалі  выключна “нападнікі”, а не “пацярпелыя”, а кроў (згодна з экспертызай) прыналежала Эдуарду Лобаву, якому рассеклі губу, а не яго “ахвяры”, як даказвала следства.

 

Аднак працягнем:

 

“– Кватэру яны знялі за некалькі дзён да выбараў. Спадзяваліся прыйсці на Кастрычніцкую плошчу менавіта з яе, бо былі ўпэўненыя, што ўсё астатняе жытло знаходзіцца пад пільным наглядам спецыяльных службаў і міліцыі.  Але і тут памыліся. Маладосць часта бывае наіўнай, а прафесійны вопыт –  цынічна-практычным.

Новую кватэру ўзялі пад пільны “кантроль” адразу ж. У двары з’явіліся нейкія людзі і сіні мікрааўтобус “Фальксваген” без нумароў. Было зразумела – рыхтуецца правакацыя.  Сын з Дашкевічам і Лазарам вырашыў паехаць да яго сябра, але за аўтобусам адразу крочыла нейкае аўто. Цягнуць туды “хвост” яны не хацелі, таму на Брылеўскай сышлі. Адразу ўбачылі, што за імі ідуць чатыры чалавека. Сталі рухацца больш хутка – пераследнікі таксама. Пачалі бегчы – і тыя  пабеглі. Стала відавочна, што не адарвацца. Спыніліся на вуглу  нейкага дома. Эдзік пачаў даставаць новую сім-картку і ўстаўляць яе ў тэлефон, каб паведаміць пра затрыманне – не паспеў. Да іх падышлі двое з “хваста” і спыталі нейкі адрас. Пачулі  “не ведаем”, папрасілі цыгарэты і амаль адразу пачалі хлопцаў збіваць. 

Сыну  рассеклі губу і разам са Зміцерам Дашкевічам і маладзечанцам Дзянісам  Лазарам збілі з ног. Чатыры нападніка цудоўным чынам “ператварыліся” ў двух “ахвяр”.

Нагадаю, што было гэта 18 снежня 2010, а першы ліст я ад сына атрымала толькі ў студзені 2011 года. Адразу пасля арышту  Эдзіка трымалі на Акрэсціна, дзе любыя кантакты забараняліся. На Новы год зрабілі “падарунак” — перавялі ў Жодзіна. Прычым зрабілі гэта цалкам “у стылі” нашага часу. Першага  студзеня я прынесла на Акрэсціна віншавальныя перадачы сыну,  Дашкевічу і Лазару і толькі там даведалася пра перавод….

Кажуць, што ізалятар часовага ўтрымання ў Жодзіна крыху горшы, чым на Акрэсціна, але адно станоўчае там усё ж такі ёсць  – дазваляюць ліставанне.

 Калі я ўбачыла почырк сына, як кажуць, радасці і шчасцю майму не было межаў. Настрой у Эдзіка  бадзёры, як і зараз.

Амаль адразу ён папрасіў прыехаць туды  адваката. Аказалася, нягледзячы на яўнае (яе адсутнасць) парушэнне закона, яго штодзённа дапытвалі супрацоўнікі КДБ і пагражалі ў выпадку адсутнасці “патрэбных”  паказанняў  супраць кандыдатаў у прэзідэнты і “кампрамату” на “Малады фронт” забіццём у так званай “прэс-хаце”.

Калі інфармацыю пра гэта я размясціла ў інтэрнэце, пагрозы спыніліся, але допыты працягваліся. Да звычайных кэдэбэшнікаў далучыліся нават вышэйшыя афіцэры Вайсковай контрразведкі. Па гэты дзень не магу зразумець, якое ўсе яны маюць дачыненне да “звычайнай крымінальнай справы”…

Магчыма, за тое, што не змаглі атрымаць  “патрэбных” паказанняў,  і пасадзілі…

  Звычайна пасля таго, як абвінавачаны знаёміцца са сваёй справай і тая перадаецца ў суд, следчыя дазваляюць спатканні з самымі блізкімі, але мне гэта не дазволілі. Мабыць, не спадабалася тая праўда, якую я выказала, калі забірала рэчы сына.

Спатканне дазволілі толькі пасля прысуду.  Першы раз убачылася і змагла паразмаўляць з сынам толькі 24 сакавіка 2001 года — адна гадзіна размовы праз шкло.

Двойчы сустракалася з ім на “валадарцы”, а потым — “Воўчыя норы”. Была там тры разы. Адразу пасылала  толькі лісты і адну бандэроль, а потым прыйшло запрашэнне на “Дзень адчыненых дзвярэй”. Разам з сынам сядзелі на канцэрце асуджаных, а потым амаль паўтары гадзіны размаўлялі. За паўгады першы раз не “праз шкло”.

 Сын увесь  час мяне супакойвае: “Не трэба  хвалявацца. Я не на вайне”.

 Як і раней хоча быць вайскоўцам, але толькі ў новай Беларусі”.

 

Жыццёвыя парадоксы

 

На жаль, бацькі Эдуарда Лобава не стала праз 13 год пасля яго нараджэння. У 2003 годзе Марына пазнаёмілася з Юрыем Якубоўскім, які неўзабаве стаў айчымам Эдуарда .

Па яго біяграфіі  пры жаданні можна вывучаць найноўшую гісторыю нашай краіны. Дакладней тое, як   самыя гучныя падзеі новага часу адбіліся на лёсе звычайнага чалавека.

Нарадзіўся ён ў Мядзелі. Закончыў там школу. З шаснаццаці гадоў працаваў слесарам на  вытворчасці рухавікоў. Потым была вайсковая служба ў Асіповічах. Пасля звальнення ў запас год працаваў на былым месцы, а калі СССР разваліўся, што аўтаматычна азначала адсутнасць зарплат і запчастак, паехаў у вёску да сваёй бабулі. Год працаваў калгасным трактарыстам, потым на два гады паехаў на заробкі ў Маскву. Пасля вяртання ў Мядзель ажаніўся, зноў працаваў слесарам, займаўся прыватным возніцтвам. Затым быў пераезд ў Паставы, дзе неўзабаве адбыўся развод.

Там ён і сустрэўся з Марынай Лобавай, якая у той момант збіралася пераязджаць у Мінск. Пераехалі разам.

Шчыра кажучы, я не вельмі паважаю словазлучэнне “грамадзянскі муж”, бо лічу гэтую фразу даволі “абстрактнай”. На мой погляд, муж альбо жонка даюцца чалавеку Богам, таму  эпітэт, ад якога адразу аддае пашпартным штампам, варта замяніць нечым больш высакародным  і мілагучным. Тым больш, калі той з’яўляецца і духоўным аднадумцам, і палітычным…

І гэта напісана не толькі таму, што Юрый цалкам “у  тэме” Эдзікавых пакут.   “Пад дубінкі” (на розныя мітынгі і апазіцыйныя мерапрыемствы) яны з жонкай пачалі хадзіць, яшчэ  калі Эдуард Лобаў быў цалкам “апалітычным”, дакладней, вучыўся ў  школе.

Падчас працы над  нарысам адбыліся падзеі, якія не толькі пацвердзілі гэтую выснову, але і далі надзею на даволі хуткае вырашэнне праблемы “ў цэлым”.

Пачалося ўсё 3 ліпеня 2011, калі ўлады “святкавалі” Дзень Незалежнасці. Двукоссе тут ужытае невыпадкова, бо нават самы апантаны прыхільнік Лукашэнкі разумее, наколькі “шчырым” было гэта свята. Як вядома, скончылася яно вельмі брутальным “хапуном”   і “пярцовым газам” на подступах к Чыгуначнаму вакзалу беларускай сталіцы. Былі там і Юрый Якабоўскі з Марынай Лобавай, якая ішла  побач са сваім малодшым сынам Уладзіславам.

Мабыць, многія бачылі “хапун”, які адбыўся на прыпынку грамадскага транспарту па  вуліцы Кірава, бо тады ён стаў амаль “хітом” усіх неафіцыйных навін. Менавіта там і папалі “пад раздачу” героі  нарыса.

Пачалося ўсё з таго, што нейкі “лысы амбал” накінуўся на  непаўналетняга сына Марыны Лобавай. Тая  пачала  гучна пратэставаць, атрымала ўдар па галаве і імгненна аказалася ў “аўтазаку”. Юрыю Якубоўскаму, які спрабаваў абараніць жонку, “прыснулі” ў вочы газам, і ён перастаў што-небудзь бачыць увогуле.

Марына пазваніла Юрыю з “аўтазака”. Думала, яго таксама забралі. Высветлілася – не. Нехта з прахожых  завёў яго ў першую ж кватэру, дзе Якубоўскаму гаспадыня дазволіла прайсці ў ванную і памыць вочы.

Пасля “вандровак” у розныя РУУС “аўтазак” з  Марынай Лобавай спыніўся каля Маскоўскага. Затрыманых на “маўклівай акцыі” было каля 50-ці чалавек, але, калі Юрый спытаў пра сваю жонку, яму адказалі, што такой у іх няма.

Далейшае нагадвала вельмі танны дэтэктыў. Па тэлефоне Марына казала, што яна знаходзіцца менавіта ў Маскоўскім РУУС,  а  ў “дзяжурцы” бубнілі – няма. Самае цікавае, што размовы праходзілі прама на вачах саміх міліцыянтаў, але нікога гэта не засмуціла. Напэўна,  апошнім часам любая вадкасць здаецца для іх “божай расой”…

Якубоўскага “выкінулі” з РУСС, а потым  запрасілі туды зноў, дзе “далучылі” да жонкі, абвінавацілі ў “незаконном проникновениі в помещение РУВД и оказании сопротивления выполняющему служебные обязанности милиционеру” і амаль у поўнач  адпусцілі.

Марыне Лобавай пашанцавала менш. На яе (як і на іншых) склалі пратакол за “лаянку матам”   і  “адсутнасць рэакцыі на шматлікія заўвагі міліцыянтаў”. Начаваць павезлі на Акрэсціна.

З раніцы “далі” “20 базавых велічынь”, бо па законе не маюць права (непаўналетні сын) пазбаўляць волі за адміністрацыйнае парушэнне.

А Юрыя “судзілі двойчы”.   25 ліпеня  справу “перанеслі” на 22 жніўня, а 22 жніўня цалкам апраўдалі.

Чым абумоўлена такая літасць, цяжка сказаць. Магчыма, да суддзяў дайшлі чуткі пра  4–5 мільёнаў амапаўскай зарплаты, і тыя (для самапавагі) патрабуюць цяпер больш  якасных “белых нітак”. Шчыра хачу  абвергнуць “плёткі” і надрукаваць ведамасці зарплат тых, хто пачаў “травіць  газам”.

Як бы там ні было, аднак апошнім часам падобныя прэцэдэнты назіраюцца  ўсё часцей і часцей. Як казаў Сенека, “адна ластаўка яшчэ не робіць вясны”. Да і “ластаўкамі” іх назваць пакуль вельмі цяжка. Зусім не хачу выдаваць пажаданае за рэчаіснае. Адназначна толькі тое, што прэцэдэнты з’явіліся, а гэта азначае хуткі канец клубку з “белымі ніткамі”, бо “колькі вяровачцы ні віцца”…

 

26.08.11

 

  •  З кнігі “Жыццё пасля кратаў”

 

 

 

…Так атрымалася, што новы фільм пра Эдуарда Лобава (http://nn.by/?c=ar&i=84362) мы ўпершыню  глядзелі разам з Марынай , бо  паяўленне відэароліка ў Інтэрнеце супала з яе прыходам да мяне. Уразіла не толькі добрая якасць работы, але і тое, як дастойна там выглядзіць маці палітвязня. Гаварыла па сутнасці, лагічна, канкрэтна. Як і пад час нашай размовы.

 

Якія падзеі, з моманту нашай мінулагодняй сустрэчы адбыліся ў жыцці Вашага сына?

— Турма не тое, месца, дзе адбываецца шмат нечага цікавага. Па вялікаму рахунку, нічога ў нас не змянілася: як сядзелі, так і сядзім. Адзінае пра што можна расказаць, як пра нешта грунтоўнае, гэта амністыя. Дакладней, яе чаканне. Некаторыя, напэўна, разлічвалі, што палітвязні выйдуць на свабоду, але ў рэальнасці вынік быў супрацьлеглым. Практычна на ўсіх “палітычных”  “навесілі” целы стос новых парушэнняў. Зразумела, зроблена гэта было для таго,  каб ніхто з іх не мог на  нешта разлічваць.

– У тым ліку і Ваш сын?

— Так. Эдуарда не кідалі ў ШЫЗА (штрафны ізалятар — заўвага аўтара), але “дробных” спагнанняў ён атрымаў аж сем штук. Толькі два прыклада.

Калі ідзе дождж альбо снег, зняволеныя па законе маюць права ісці ў сталовую не строем, а па аднаму. Цалкам лагічна — так хутчэй. Аднак менавіта гэта і было прычынай для прычэпкі, бо якім павінна быць інтэнсіўнасць ападкаў там нічога не сказана…

Зразумела таксама, што зняволеныя ходзяць у другія атрады. Звычайна, адміністрацыя калоніі ўсё добра ведае і “закрывае” на гэта вочы. З маім сынам так не адбылося. Злавілі і наказалі…

Як “злоснага парушальніка” сына хацелі пазбавіць  спатканняў альбо перадач, але абмежаваліся тым, што значна скарацілі грошы “на атаварку”. Раней іх было пяцьсот тысяч беларускіх рублёў, стала сто.

Для тых, хто не ведае патлумачу, што гэта спецыяльны грашовы рахунак, які зняволены можа выкарыстоўваць для куплі нейкіх рэчаў, ежы. Як вядома, ў калоніях павары не адрозніваюцца нейкімі кулінарнымі талентамі…

Ды і магчымасць заўсёды купіць канверт ці зубную пасту — вельмі важная рэч.

“Сто тысяч” распаўсюджваецца на год. Калі за гэты тэрмін няма парушэнняў, то яго павінны “зняць”.

Тое, што адбывалася вакол амністыі, з самога пачатку ні ён ні я  не ўспрымалі, як нейкую сур’езную надзею. Добра разумелі — яна зроблена не для зняволеных, а дзеля піяру сярод насельніцтва. Маўляў, паглядзіце, які я добры, выпускаю “зэкаў”.

Выпусцілі тых, хто не звязаны ні з якой палітыкаў. У большасці так званых “эканамічных”. То бок   парушальнікаў Закону  ў эканамічнай сферы.

Скарацілі на год тэрміны і сур’ёзным злачынцам.

Нікому з “палітычных”, паўтаруся, ніякага паслаблення не было.

Так што тут распавядаць няма чаго, Як кажа сын, адзін дзень падобны на другі. Нават у лістах пісаць пра нешта новае амаль не выпадае. Нічога асаблівага не адбываецца.

Акрамя ліставання час ад часу бываюць яшчэ тэлефонныя званкі. Вельмі кароткія і нечаканыя. У тым сэнсе, што ты не ведаеш, калі ён адбудзецца. “Спіс” таго, пра што трэба спытаць, у галаве збіраецца даволі вялікі, але ты настолькі рада пачуць голас сына, што забываеш пра ўсе запланаваныя пытанні.

Практычна заўсёды нашы размовы пачынаюцца з тэмы здароўя і практычна заўсёды я чую “усё нармальна”. Гэтай восенню  паказалася, што ў яго нейкі вельмі сумны голас. Як заўсёды (каб я не хвалявалася), сын сказаў, што ніякіх праблем няма. І толькі потым я даведалася, што прычынай была хвароба.

Ён заўсёды імкнецца мяне не засмучаць. Пра тыя ж спагнанні я даведалася толькі пасля  таго, як ў калонію не з’ездзіў адвакат.

— Памятую, што ў яго не так даўно быў папскі нунцый?

— Так.

Для сына (католіка па веравызнанню) прыезд спадара Гуджэроці быў  не толькі сюрпрызам, але і аграмаднай маральнай падтрымкай. Перш за ўсё таму, што ён у мяне вельмі веруючы хлопец.

 Пасля гэтай сустрэчы, да яго для споведзі нават дазволілі прыйсці каталіцкаму ксяндзу. Больш за тое, ксёндз потым напісаў прашэнне на пастаяннае наведванне калоніі. вельмі важны момант. Калі праваслаўны бацюшка наведваецца туды кожны дзень, бо там у яго будуецца царква, то каталіцкага свяшчэнніка “прабіць”  — вельмі складана.

Дзякуй Паўлу Севярынцу і Юлі Фраловай з Чырвонага касцёла. Год назад перад Раством, “Воўчыя норы” наведаў ксёндз. Гэта быў адзіны выпадак — не дазваляюць. Вельмі спадзяюся, што пытанне будзе вырашана станоўча.

Для верніка гэта мае вельмі вялікае значэнне. Перш за ўсё ў плане споведзі, бо дзе бы ты не знаходзіўся, нейкія грахі ёсць у любога чалавека. Нават мысленныя.  Чалавек павінен спавядацца, тады нашмат лягчэй на душы.

Арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроці , хаця і італьянец па паходжанню, гаворыць і па-руску, і па-беларуску. Са мной спачатку ён размаўляў праз перакладчыка, і патлумачыў гэта тым, што такім чынам  лепш выкажа свае эмоцыі і ўражанні, а потым мы гутарылі ўжо без  пасрэднікаў.

Расказваў, што сваёй стойкасцю сын вызывае павагу, спачуванне, і папскаму нунцыю нават хацелася Эдзіка “забраць з сабой”.

Сын спачатку быў маўклівым, бо не ведаў, хто прыехаў і хоча з ім пагаварыць. Потым адаптаваўся, і калі Гуджароці спытаў пра тое, што хацелася б перадаць паплечнікам на свабодзе, Эдуард адказаў — каб не прыпынялі барацьбу за вызваленне Радзімы. А мне, што ў яго усё добра. Прыемна, хаця я добра разумею, што яго калонія не санаторый.

 — Хутка будзе два гады пасля арышту. Колькі разоў за гэты час Вы з ім бачыліся?

— Было тры доўгатэрміновых спаткання , чатыры кароткатэрміновых, два   “праз шкло” на “валадарцы” і “Дзень адчыненых дзвярэй у калоніі”.

Доўгатэрміновыя  праходзяць у спецыяльным будынку . Там ёсць пакой для адпачынку, дзе можна паглядзець тэлевізар, але мы  ім амаль не карыстаемся.

Ведаю, што другія зняволеныя пакідаюць там сваіх маці і “п’юць гарбату” з сябрамі У нас гэтага не бывае. Не расстаемся ні хвіліну. Напэўна,не можам нагаварыцца…

Па законе доўгатэрміновыя спатканні праходзяць на працягу трох сутак. У “Воўчых норах” так і ёсць, але гэтага правіла прытрымліваюцца не паўсюды. Напрыклад, Валі Аліневіч (маці палітзняволенага Ігара Аліневіча — заўвага аўтара) “далі толькі суткі.

Кіраўніцтва кожнай калоніі ўводзіць свае “правілы”.

На мой погляд, каб не было такога “самадурства”, трэба ўсе строга рэгламентаваць і прыбраць шчыліны накшталт “на усмотрение администрации”. Строга  наказваць за парушэнні ў гэтай галіне. І гутарка не толькі пра спатканні.  Тое ж самае адбываецца з тэлефоннымі размовамі, перадачамі.

А то ў нас рэгламентуюць усё, акрамя таго, што канкрэтна патрэбна людзям…

Кожны раз вяртаешся са слязьмі на вачах і даволі доўга “адыходзіш” пасля спаткання…             Цалкам разбіты, стомлены… Здаецца, трэба дні была разам з сынам трэба радавацца, а атрымліваецца наадварот… Цяжка пакідаць яго там…

18 снежня ў нас “свята” — палова тэрміна пакарання. Два гады атрымаліся “выкінутымі” з жыцця. За гэты тэрмін сын мог шмат, што зрабіць..

Эдзіку “далі” чатыры гады, а Дзіме Дашкевічу два. Дашкевічу дадалі год. Ён (у лістах) спадзяваўся, што па амністыі майму сыну  год  “скінуць”, і яны разам выйдуць на волю. Не атрымалася…

 

 

 

%d0%9b%d0%9e%d0%91%d0%9e%d0%92-6%d0%9b%d0%9e%d0%91%d0%9e%d0%92-4

 

%d0%9b%d0%9e%d0%91%d0%9e%d0%92-2 %d0%9b%d0%be%d0%b1%d0%be%d0%b2-3 %d0%9b%d0%9e%d0%91%d0%9e%d0%92-5