Лойка Гэнік

%d0%9b%d0%9e%d0%99%d0%9a%d0%90

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Не ведаю, як іншым, а мне ўявіць скульптара Гэніка Лойку без бел-чырвона-белай стужкі на галаве вельмі цяжка, таму адно з першых пытанняў і было: “Навошта?”

Аказалася, прычын дзве.

Па-першае, так лягчэй спраўляцца з доўгімі валасамі, якія час ад часу “лезуць у вочы”.

Па-другое, так здалёку бачная яго прыналежнасць да беларускіх нацыяналістаў.

Пачатак бунтарства

“На мой погляд, пачынаць трэба не з пашпартнай даты народзінаў, то бок 9 сакавіка 1962 года, а з таго моманту, калі я стаў нацыяналістам, дзякуючы настаўніку Генадзю Генадзевічу Сакалову-Кубаю. Ён пачаў выкладаць у мастацкай школе, якую мы называлі Парнатам, з 1977 года.

Генадзь Генадзевіч выкладаў гісторыю мастацтваў. У параўнанні з Кірылам Уладзіміравічам Зеляным (выхаванцам піцерскай мастацкай школы), які ўсё расказваў коратка і ясна, тут было нешта несістэмнае. Але з кожным выпускным класам ён займаўся пазаўрочна, прыходзіў па вечарах у майстэрню, і яны падоўгу пра нейкія рэчы размаўлялі. На трэці год настала чарга майго класа. З намі працаваў больш эфектыўна, бо ўжо меў досвед з ранейшымі выпускамі.

Урокі ў яго праходзілі вельмі арыгінальна.

Напрыклад, настаўнік піша на дошцы шэраг датаў накшталт 1410 ці 1514. Для нас гэта пустыя лічбы. Максімум, што маглі дапусціць: “Гэта звязана з Іванам Грозным?” Генадзь Генадзевіч загадкава пасмяяўся, а потым цэлы год вучыў: “Паглядзіце, як вас абалваньваюць — у вашых галовах суцэльная Масква. Вам пастаянна талдычаць пра “русское”. Калі чалавеку ўвесь час казаць, што ён свіння, то той зарохкае. Атрасіце з вушэй “развесистую клюкву”. Урэшце вучні так уведалі родную гісторыю, што маглі назваць кожную харугву Грунвальдскай бітвы.

На многае раскрыў вочы. Бацькоў гэта крыху насцярожвала, але нашу прагу пошуку праўды было ўжо не спыніць.

У Парнаце мелася традыцыя. Тройчы вучням ладзілі вандроўныя паездкі — Кіеў, Масква, Ленінград. Паездкі арганізоўвалі ў храналагічным парадку, таму для выпускнога класа “свяціла” вандроўка ў “горад на Няве”, аднак Сакалоў-Кубай нас павёз у Вільню, што значна бліжэй для беларусаў.

Расказаў там шмат цікавага, а калі нехта спытаў наконт валодання роднай мовай, без праблем пачаў размаўляць на ёй. Ды так прыгожа, што для многіх (па-добраму) гэта стала сапраўдным шокам. Асабліва таму, што гучала яна не з нейкага абстрактнага радыё, а з вуснаў жывога чалавека.

Менавіта тады ён сказаў, што летам у Вільні адбудзецца спеўны фэст, які праходзіць кожныя пяць гадоў. Мы паехалі і на яго, і былі літаральна ўражаны колькасцю нацыянальных строяў, і тым, што кожны абавязкова адрозніваецца ад іншых.

Аказалася, шмат тых строяў шылі ў Маладзечна, бо Літва не спраўлялася з замовамі.

Як гэта прыгожа! Людзі ідуць і спяваюць! І ніхто іх не прымушае!

На жаль, неўзабаве Генадзя Генадзевіча з выкладчыкаў “турнулі”. Начальству не спадабалася яго шчырая любоў да ўсяго нацыянальнага.

Аднак крыху вернемся да дзяцінства.

Мае бацькі – простыя сяляне. Тату звалі Станіславам Зыгмундавічам, а маму — Ганнай Міхайлаўнай Маўдук. Гэта яе дзявочае прозвішча.

Родная вёска — Мікелеўшчына Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці. У нашай сям’і расло пяцёра дзяцей. Я — сярэдні. Ясь і Ядзя – старэйшыя. Валя і Стась – малодшыя.

Па пашпарце мяне таксама завуць Генадзем, але ў штодзённым жыцці — Гэнікам. Так гучыць больш па-нашаму.

Падчас вучобы ў школе ўсе дзеці вельмі добра малявалі. Брата Яся маці павезла паступаць у наш Парнат, але не атрымалася, і ён пайшоў у ПТВ будаўнікоў. Аднойчы брат убачыў, што пачаўся чарговы набор вучняў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, прывёз дамоў іх афішу. І маці зноў павезла ў Мінск сына. На гэты раз — мяне.

У 1973 годзе я скончыў чатыры класы вясковай школы і з пятага па 11-ты вучыўся ўжо ў Парнаце.

Памятаю, як пасля ўступнага экзамену па матэматыцы прыбег да мамы і пачаў пытацца: “У канцы задачы я правільна напісаў “ответ”? Гэта “адказ”?”

Пашанцавала. Паступіў на аддзяленне скульптуры. Праз пэўны час у Парнаце апынулася і мая сястра Валя.

Дарэчы, калі мы ў 1980 годзе заканчвалі школу, дамовіліся ўсе выпускныя экзамены здаваць на беларускай мове.

Чаму Парнат? Гэтую назву прыдумалі самі вучні. Напэўна, так было прасцей, чым “інтэрнат”. А можа, за аснову быў узяты знакаміты Парнас.

Цяпер да афіцыйнай назвы дадалі яшчэ і “імя Ахрэмчыка”, але гэта, што называецца, “прыцягнутае за вушы”, бо ён да нашай школы не мае ніякага дачынення. Пры жаданні можна назваць адразу некалькі прозвішчаў мастакоў, якія заслугоўваюць гэтага больш…

Крокі сталення

Да паступлення ў Тэатральна-мастацкі інстытут я таксама рыхтаваўся выключна на беларускай мове. А яшчэ раней у Вільні пазнаёміўся з Вінцуком Вячоркам. Пад час новай вучобы кантакты з ім аднавіліся напоўніцу.

Як толькі я стаў студэнтам (зноў аддзялення скульптуры), мы (першакурснікі) пачалі шукаць моўных аднадумцаў.

Ужо пад час першай “бульбы” пачуўшы гутарку на беларускай мове, да нас падышоў Ігар Марачкін. Шчыра ўзрадаваліся – свой.

Аказалася, што сярод студэнтаў тыя, хто размаўляе на беларускай мове, ёсць яшчэ. Хутка ўсе перазнаёміліся. І былыя выпускнікі ўзгаданага раней Сакалова-Кубая, якія вучыліся ўжо на трэцім курсе, у сваёй майстэрні прапанавалі правесці агульную сустрэчу.

Сабраліся і дамовіліся, што нешта трэба рабіць і па крыху адраджаць беларускую мову і культуру. Вырашылі пачаць з насценгазеты. Неўзабаве сабраліся яшчэ раз, і на сустрэчу прыйшлі два хлопцы, якія былі ў пэўным сэнсе дэлегатамі філалагічнага аддзялення БДУ — Сяргей Запруцкі і ўжо знаёмы Вінцук Вячорка. Узнікла прапанова нешта рабіць разам. Нягледзячы на размовы пра адсутнасць музычных талентаў, яны запрасілі нас на народныя спеўкі. Прыйшлі і ўбачылі, што вядзе гэтыя імпрэзы выпускніца нашай жа школы Ларыса Сімаковіч.

Напэўна, некаторыя рэчы пачаліся на год раней, але ясна і канкрэтна “Майстроўня” заявіла пра сябе менавіта позняй восенню 1980 года, а зімою 1980–81 года мы ўпершыню праспявалі Уладзіміру Караткевічу калядныя песні.

Добра памятаю, як разгубілася міліцыя. Яны не ведалі, што трэба рабіць, як сябе з намі паводзіць, з якога боку падступіцца. А кадэбэшнікі эмацыянальна казалі, што іх “телефоны накалились докрасна”. Указваючы на калядную зорку, патрабавалі: “Уберите солнышко!”

Пазней яны навучыліся з любым іншадумствам змагацца дубінкамі амапаўцаў…

Як вядома, моладзі заўсёды ўласцівы нейкі максімалізм, таму цалкам зразумела наша жаданне распаўсюдзіць беларушчыну як мага шырэй. Памятаю, як адбываліся спрэчкі на гэты конт. Я прытрымліваўся плыні, якая лічыла, што ў гэтым кірунку трэба рухацца паступова і абмяжоўвацца крокамі накшталт калядных спеваў.

А, напрыклад, Віктар Івашкевіч заклікаў паўсюды ствараць Таварыствы беларускай школы, чыімі сябрамі (галоўнае) могуць быць ТОЛЬКІ тыя, хто размаўляе ТОЛЬКІ па-беларуску. Апошняя частка гэтай тэзы мне тады і падавалася непрымальнай.

Самае цікавае, што з часам мы як бы памяняліся месцамі.

У пачатку новага стагоддзя я стаў больш радыкальным, а ён, як адзін з кіраўнікоў БНФ, пачаў ставіцца да моўнай праблемы больш талерантна, бо ведаў, што ў тым жа рабочым асяродку немагчыма дабіцца нечага раптам, а трэба вырашаць усё паступова.

Калі 13 чэрвеня 1984 года адбыўся пікет супраць зносу першага беларускага тэатра, улады ўзяліся за “Майстроўню”, як кажуць, напоўніцу. Супраць невялікай групы пратэснай моладзі была скарыстана ўся моц рэпрэсіўнага апарату савецкіх часоў, і ўжо восенню таго ж года “Майстроўня” спыніла сваё існаванне.

Нягледзячы на гэта, кадэбісты нас працягвалі “круціць”. Кожнага паасобку. Закранула гэта і мяне. Я нават хацеў стаць “шцірліцам”. Параіўся з Вячоркам. Ён сказаў: “Рабі, як хочаш сам, але, на маю думку, не трэба з д’яблам гуляць у гэтыя гульні, не сунь палец ім у пашчу – паглыне”.

Вінцук – вельмі талерантны чалавек. Ён заўсёды агучвае максімальна дакладную асабістую ацэнку, але дае чалавеку зрабіць выбар самастойна. На мой погляд, менавіта за гэту якасць ён і кіраваў “Майстроўняй”, а потым і БНФ.

Словам, нягледзячы на моцны ціск КДБ, прымітыўны шантаж, спробы запужаць, я так і не стаў іх сексотам. Больш за тое, атрымаў абяцанне вайсковай службы “на Крайняй Поўначы”.

На шчасце, тая пагроза не спраўдзілася. Дзіва, але я трапіў служыць на сталічную вуліцу Каліноўскага, дакладней у батальён абслугоўвання вайсковага палітычнага вучылішча. Там рабілі новы вучэбны корпус, для афармлення якога і патрабаваліся мастакі. Адзін з нашых выпускнікоў рабіў па ім сваю дыпломную работу. Разам з ім і прызвалі яшчэ шасцёра.

Спачатку сямёра мастакоў жылі асобна ад астатніх салдат, проста на месцы працы. У казарму нас перавялі толькі пасля таго, як яе адрамантавалі.

А як выйшаў загад тагачаснага міністра абароны Язава ўсіх “блатных” накіраваць у месцы службы, што не менш за сто кіламетраў ад пункту прызыву, мяне накіравалі ў Гародню, гэта недалёка ад маёй вёскі.

Да “дэмбелю” заставалася ўсяго некалькі месяцаў, але звальнялі ўжо з блакітнымі пагонамі дэсантных войскаў. Хоць я нашу акуляры і не падобны да нейкага Рэмба…

Але вернемся да “Майстроўні”. Яна скончылася, пачалася “Талака”, бо прага да актыўных дзеянняў засталася. Спевы пад кіраўніцтвам Ларысы Сімаковіч працягваліся. Планы на гэты конт у яе былі даволі вялікімі. Вельмі хутка ўтварылася суполка “Дзянніца”. Але адных песняў мала. Утварылі Таварыства беларускай школы і пачалі ладзіць у Траецкім прадмесці суботнікі.

Да ідэі вельмі хутка “прымазаўся” камсамол. Пра нас нават напісала маладзёвая “Чырвоная змена”.

На адным з суботнікаў я спытаў хлопца, які ведаў літоўскую мову, як гэта называецца там. Ён адказаў – “талка”. Вельмі ўзрадаваўся, бо ў нас таксама ёсць падобнае слова — “талака”. Усім гэта надзвычай спадабалася, і хутка ўслед за мінскай “Талакой” пачалі ўзнікаць падобныя аб’яднанні па ўсёй Беларусі.

Неўзабаве ўтварылася Канфедэрацыя беларускіх суполак.

Так што ў “Талацэ” я паспеў пабыць яшчэ да вайсковай службы. А калі вярнуўся, убачыў, што ў краіне пачала актыўна развівацца гарбачоўская перабудова. Жыццё віравала. Узнік Беларускі народны фронт, і да ідэй нацыянальнага адраджэння падключыліся (не толькі маладыя рамантыкі) шмат знаных, знакавых людзей.

Як і многім, мне падалося, што ўсё тут будзе ў парадку, таму вырашыў крыху “адысці ўбок”.

Пясок памяці

Сярод жыццёвых арыенціраў грамадскае саступіла месца асабістаму.

Перад вайсковай службай мяне размеркавалі ў Бярэсце, але папрацаваць там не паспеў. Пасля арміі хацеў паехаць у Гародню, аднак з дапамогай аднаго з сяброў прапісаўся ў сталіцы і пачаў працаваць тут.

Дакладней, у музеі народнага дойлідства і побыту, што месціцца ў вёсцы Азярцо, побач з Мінскам. Праз хуткі час працаваў у такім жа музеі-запаведніку ў Заслаўі.

Потым на тры гады я пайшоў у тое, што мы называлі “азгурантурай”, то бок стаў працаваць пад кіраўніцтвам Заіра Азгура ў Акадэмічных творчых майстэрнях.

У гэты ж перыяд (1983 год) я ажаніўся.

Жонку завуць Алена Каравай. Яна мая аднакласніца па Парнаце, мастацкім інстытуце і поўная аднадумца.

Пачаў працаваць настаўнікам у родным Парнаце. Спачатку па сумяшчальніцтве з “азгурантурай”, а потым на поўную стаўку. Працаваў даволі доўга. Спачатку завучам быў Валер Піменавіч Свістуноў. Пад яго “капалі” і хутка замянілі чалавекам, які нават маладзейшы за мяне, але “палітыку, разумее, як след”.

Лукашэнка пачаў “закручваць гайкі”, а рэжым паўсюды стаў як бы крышталізавацца. Сістэма падбірала людзей, якія будуць верна ёй служыць. Іншыя з яе пакрыху выцясняліся. У кожным кіруючым крэсле сёння сядзіць свой МАЛЕНЬКІ дыктатар, які не прымае іншых думак. А кіруе ўсімі імі самы ГАЛОЎНЫ дыктатар.

Пакуль Пеця Багданаў яшчэ не быў завучам, на праглядах любіў выбраць для сябе нейкую ахвяру і “разнесці” ў пух і прах. Я не вытрымаў і сышоў.

Адбылося гэта так.

У 1999 годзе ў мяне была вельмі цікавая практыка – скульптура з пяску. Сваіх вучняў я завёз у Заслаўе, і там на кар’еры з пяску выразалі скульптуры. Гэтую новую плынь, на мой погляд, трэба было падтрымаць, але Багданаў паставіўся варожа і на праглядзе ўчыніў такі разнос, што дырэктарка вымушана стала на яго бок.

Я вельмі раззлаваўся і ў 2000 годзе (тысячагоддзе са дня смерці Рагнеды) вырашыў правесці яшчэ адзін аналагічны пленэр. Вучняў пачаў падбіраць яшчэ зімой, а галоўным крытэрам адбору вызначыў валоданне беларускай мовай.

Так ім і сказаў: “Летам плануецца акцыя. Вельмі цікавая. Таму я ўжо зараз пачну прыслухоўвацца да таго, хто размаўляе па-беларуску, таго і вазьму”.

Бліжэй да лета расказаў і тэму – зробім Рагнеду, якая будзе сорак метраў даўжынёй. Маўляў, можаце прыдумляць эскізы. Дзеці крыху разгубіліся, таму ўсё прыйшлося тлумачыць ім, як кажуць, на пальцах.

Не зусім яны зразумелі сутнасць маёй задумы і пасля прыезду на пясочны на кар’ер. І не толькі яны. Фатограф, які павінен быў здымаць усе этапы нашай работы, таксама нічога не разумеў.

Канешне, мне было лягчэй. У першую чаргу таму, што я ўжо ведаў тую мясцовасць і добра бачыў, што і як трэба рабіць. Убілі калочкі для арыенціраў, нацягнулі паміж імі адпаведныя стужкі, пачалі капаць.

Капалі трое сутак. Жылі ў намётах. Дзецям было вельмі цікава. З часам пясочная скульптура пачала вырысоўвацца.

У той жа час узнікла ідэя зрабіць у Магілёве “магілу льва”, бо па легендзе гэты горад на ёй і паўстаў. Больш за тое, пачалі марыць пра тое, каб зладзіць цэлую серыю пленэраў, назваць яе “Легенды з пяску”, звязаць іх з беларускай гісторыяй і беларускімі паданнямі. Выключна!

У выніку пленэр цягнуўся дзесяць гадоў, і знойдзеная тады канцэпцыя з кожным разам станавілася ўсё больш яснай і бескампраміснай – БЕЛАРУШЧЫНА.

Неаднаразова даводзілася чуць, што мы не павінны “біць у лоб”, што прасоўваць у грамадства ўсё беларускае трэба паступова. Як мне казалі, “прыгажосць пясочных скульптураў і прывядзе дзяцей да беларускай мовы”. Вельмі спрэчны тэзіс. А чаму не да оперы, напрыклад?

На мой прынцыповы погляд, да вырашэння гэтага пытання трэба падыходзіць НАДЗВЫЧАЙ прынцыпова і рашуча.

Дзесяць гадоў на пленэрах я пагаджаўся на нейкія моўныя кампрамісы. І што? Прывяла наша прыгожая скульптурная творчасць да росту цікавасці да беларускай мовы? Не. Тут няма аніякай залежнасці.

З 2001 года я не магу назбіраць на пленэр “Шлях з варагаў у грэкі” 30 “спартанцаў”, то бок удзельнікаў з беларускага боку, бо ён плануецца, як нацыяналістычны, і аніводнага слова там не прагучыць на рускай мове.

Бел-чырвона-белая будучыня

З Парната я звальняўся, як кажуць, “па асабістым жаданні”.

Шчыра кажучы, адважыцца на такі крок складана. 14 гадоў педагагічнага стажу як-ніяк. Зразумела, што некаторыя творцы працуюць “на вольных хлябах”, але асабіста мне гэта падавалася чымсьці некамфортным.

На шчасце, часу для сумневаў было няшмат. Амаль адразу запрасілі ў 185-ю школу, якая мае “мастацкі ўхіл”. Працаваць давялося ўсяго некалькі гадоў. На гэты раз мяне звольнілі “за палітыку”.

Калі ўдзел у выбарчай кампаніі Мілінкевіча яны яшчэ сцярпелі і абмежаваліся рэакцыяй на маю бел-чырвона-белую стужку (дырэктарка папрасіла яе зняць, бо тая “оскорбляет русскоязычных”), то тут не вытрымалі.

Справа ў тым, што на адным з заняткаў я заклікаў вучняў прыйсці на акцыю па святкаванні Дня Волі і раздаў ім адпаведныя ўлёткі. Мабыць, нехта ёй пахваліўся…

Мяне звольнілі за два месяцы да заканчэння вучэбнага года. Сыходзячы, я “грымнуў дзвярыма”, гэта значыць, выказаўся ў прэсе. Некаторыя калегі па той рабоце казалі, што “так нельга, такім шляхам ісці не трэба”.

Я таксама баюся. Страх мае ўласцівасць маляваць вельмі рэалістычную будучыню. Прадбачыш усе негатыўныя варыянты. А вось магчымых пазітыўных акалічнасцей нават не ўяўляў.

А яны былі. Самае “цікавае”, што восенню таго ж года Лукашэнка прыказаў скасаваць “ухілы”, і ўсіх “памяркоўных” мастакоў без шуму скарацілі. Выйшла так, што я змог выказаць нейкі пратэст, а ад іх пазбавіліся “ціхай сапай”…

Праз некаторы час прынялі на работу ў мастацкую вучэльню імя Глебава. Там якраз ішоў рамонт, магчыма, менавіта таму дырэктар і “прагледзеў”, каго прымае на працу. Год я правучыў дзяцей без якіх-небудзь дысцыплінарных заўваг, аднак гэта не перашкодзіла зноў звольніць.

Напэўна, начальства зноў раздражняла бел-чырвона-белая стужка на галаве…

Дарэчы, калі адбылося чарговае звальненне, я напісаў на гэты конт ліст міністру культуры, дзе сярод прычын звальнення ўказаў патрабаванне да банка выдаць картку на беларускай мове, да настаўніцы беларускай мовы – размаўляць са мной па-беларуску, а то ёй за межамі ўроку “проще разговаривать по-русски”, да дырэктара – патрабаванне перавесці навучанне на беларускую мову.

Потым я крыху вёў мастацкія гурткі, пару гадоў працаваў у “Белрэстаўрацыі”, дзе, падчас афармлення новай прэзідэнцкай рэзідэнцыі, заробкі былі вельмі добрымі, а зараз — “вольны мастак”.

Мабыць, асноўнай працай апошняга часу стаў выраб мемарыяльнай дошкі для дома ў Празе, дзе жыла Ларыса Геніюш. На жаль, яна не ўстаноўлена па наш дзень. Не ўмею я нешта “прабіваць”…

І ўвогуле. Зараз я лічу сябе больш не скульптарам, а беларускім нацыяналістам.

Нават “адсядзеў” пяць сутак за пікет пратэсту, які зладзіў каля “беларускамоўнай” гімназіі, дзе вучыцца мой сын. У дзяржаве знікае беларускамоўная адукацыя. Працэс незаўважны, ціхі. А я не захацеў, каб усё было ціха.

У мяне з Аленай трое дзяцей – Яраш (1994 г. н.), Кіра (1999 г. н.) і Любарт (2001 г. н.). Усе добра вучацца, выдатнікі. Размаўляем паміж сабой толькі на беларускай мове. Прынцыпова!”

13.05.2015

%d0%9b%d0%9e%d0%99%d0%9a%d0%90-fotka1 %d0%9b%d0%9e%d0%99%d0%9a%d0%90-fotka2 %d0%9b%d0%9e%d0%99%d0%9a%d0%90-fotka3 %d0%9b%d0%9e%d0%99%d0%9a%d0%90-fotka4 %d0%9b%d0%9e%d0%99%d0%9a%d0%90-fotka5 %d0%9b%d0%9e%d0%99%d0%9a%d0%90-fotka7 %d0%9b%d0%9e%d0%99%d0%9a%d0%90-%d1%84%d0%be%d1%82%d0%ba%d0%b08 %d0%9b%d0%9e%d0%99%d0%9a%d0%90-%d1%84%d0%be%d1%82%d0%ba%d0%b0-10 %d0%9b%d0%9e%d0%99%d0%9a%d0%90-%d1%84%d0%be%d1%82%d0%ba%d0%b0-12 %d0%9b%d0%9e%d0%99%d0%9a%d0%90-%d1%84%d0%be%d1%82%d0%ba%d0%b014 %d1%84%d0%be%d1%82%d0%ba%d0%b015