Майсеня Анатоль

images

З кнігі "Асобы"

НЯЗГАСНАЯ ЗОРКА АНАТОЛЯ МАЙСЕНІ

Традыцыйна мы не часта пішам пра калегаў па прафесіі, таму я вельмі здзівіўся, калі самыя папулярныя ў Беларусі інтэрнэтаўскія пашукавікі выдалі па Майсені даволі шмат спасылак. Гэта абрадавала, бо давала падставы без праблем знайсці нейкія чыста біяграфічныя звесткі. Але я памыліўся, радасць была заўчаснай. Большасць інфармацыі датычылася цытат з артыкулаў самога Майсені.

На мой погляд, гэта і ёсць адзнака якасці працы чалавека, якога не стала амаль дванаццаць гадоў таму. Мяркую, што многім сучасным публіцыстам ад улады гэта не пагражае.

Каб пацвердзіць такую выснову, дазволю сабе адну цытату. Былы кіраўнік Нацыянальнага банка вядомы і аўтарытэтны эканаміст Стані­слаў Багданкевіч дзесяць гадоў таму ў «Беларускай газеце» пісаў: «Анатоль Майсеня, значны дзеяч беларускага адраджэння, называў Беларусь краінай мараў, якія не ажыццявіліся. І гэта сапраўды так».

А вось больш бліжэйшая да нас па часу (20.12.06 ) цытата з той жа газеты: «…Пакойны палітолаг Анатоль Майсеня заўважыў, што Пазьняк, стварыўшы БНФ, сам жа яго пахаваў — разам с марамі прыхільнікаў».

Адлегласць паміж гэтымі выказваннямі, амаль дзесяць год і датычацца яны абсалютна розных рэчаў, аднак ёсць тое, што іх яднае — пацверджаная гісторыяй адпаведнасць ісціне. І падобных прыкладаў пры жаданні можна прыгадаць даволі шмат.

Аднак пачнём з трагічнага. 12 лістапада 1996 года ў 7 гадзін 30 мінут на 286-ым кіламетры трасы Брэст — Мінск аўтамабіль «Джып Чарокі», які належаў прэзідэнту Нацыянальнага цэнтра стратэгічных ініцыятываў «Усход-Захад» вядомаму журналісту і палітолагу Анатолю Майсені на вялікай хуткасці каля вёскі Яблонаўка сутыкнуўся з «Газ-53». Па версіі БЕЛТА, што цалкам пабудавана на высновах супрацоўнікаў Стаўбцоўскага РАУС, вінаваты ў аўтаздарэнні Майсеня, бо менавіта ён «не справился с управлением». Калі гаварыць прасцей, то Анатоль Іосіфавіч, які па дарозе ў бальніцу памёр, банальна заснуў за рулём. Падкрэсліваю, гэта кропка гледжання следства. Аднак ёсць і неафіцыйная. Згодна з ёй смерць Майсені не была выпадковай.

І пэўных падстаў для такіх думак нямала. Справа ў тым, што Майсеня быў у некаторым сэнсе мосцікам паміж Еўропай і Беларуссю. Гэта цяпер беларускія чыноўнікі і дэпутаты ходзяць толькі туды, куды ім ісці кажа выканаўчая ўлада, а тады яны былі ў нейкай разгубленасці, не ведалі, як і што трэба рабіць. Нагадаю, асноўная дзейнасць створанай Майсенем структуры прыходзіцца на пачатак дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Анатоля Іосіфавіча не без падстаў лічылі тым, хто апазіцыйна ставіц­ца да ўлады, але ў той час яшчэ ніхто нікога па-хамску не называў «вырадкам» альбо «адмарозкам» . Атрымлівалася, што дыялог паміж беларускай уладай і Захадам ажыццяўляе апазіцыянер.

Сапраўды, цэнтр «Усход-Захад», дакладней мерапрыемствы, якія ён праводзіў, былі месцам, дзе кантактавалі прадстаўнікі Еўропы, НАТА і Беларусі. Лідар АГП Анатоль Лябедзька менавіта там і пазнаёміўся з Майсенем. Сярод дэпататаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання Анатоль Уладзіміравіч быў сярод самых актыўных, таму логіку, што кіравала Майсенем, зразумець не цяжка. Іронія лёсу. Аднак менавіта Анатоль Лябедзька шмат гадоў пазней стане лаўрэатам прэміі імя Анатоля Майсені. Менавіта па яго прапанове Аб’яднаная грамадзянская партыя ў 2001 годзе звернецца да кіраўніцтва Мінска з прапановай назваць адну з вуліц беларускай сталіцы ў гонар трагічна загінуўшага палітолага і журналіста.

Адразу пасля аварыі на месца катастрофы прыехаў былы следчы і былы першы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка. Яго высновы былі адназначнымі — забойства. Яны і сталі каталізатарам шматлікіх чутак пра тое, што новая ўлада банальна «ўбрала» ўплывовага апанента. Аднак чуткі не сталі вырашальнымі: большасць людзей яшчэ не верылі ў тое, што такое магчыма ўвогуле.

У мінулым годзе ў бібліятэцы радыё «Свабода» выйшла кніга вядомага пісьменніка Уладзіміра Арлова. З 261 палітычных партрэтаў ёсць і партрэт Майсені. І ёсць там такія словы: «Лепшыя з ягоных публікацыяў, на жаль, дагэтуль не страцілі сваёй актуальнасці, гэтаксама як не заціхлі спрэчкі вакол самога яго імя і Анатолінай гібелі. Сястра Людміла і сёння прыгадвае апошнюю размову з братам, калі той сказаў: «Хутка рэжым пойдзе ва-банк, і ў мяне ёсць звесткі, што першым, каго яны знішчаць, буду я…»

Анатоль Майсеня нарадзіўся 4 студзеня 1959 года ў вёсцы Вялікая Ліпа Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. На гэты дзень прыходзяцца народзіны каля пяцідзесяці вядомых людзей, з якіх выдзяляюцца прозвішчы двух нашых сучаснікаў — скульптар Зураб Цэрэтэлі і кінарэжысёр Цігран Кеасаян добра знаёмы па фільму «Ландыш серабрысты». Ёсць там і больш значныя фігуры. Напрыклад, Ісаак Ньютан.

Гэта, канешне, звычайнае супадзенне, аднак у жыцці Майсені (як і ў гэтых людзей) было шмат экспромтаў. Так, на пачатку васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя ён нечакана для многіх вырашыў паспрабаваць сябе ў журналістыцы. Пагадзіцеся, для таго, хто мае дыплом знакамітага «ін’яза», крок нетыповы.

Эканаміст Леанід Заіка па маёй просьбе прыгадаў як у 1985 годзе ён вёў на беларускім тэлебачанні свае праграмы і першы раз запрасіў на адну з іх Анатоля Майсеню. Таму дэбют спадабаўся і Анатоль Іосіфавіч літаральна кінуўся ў тэлевізійны акіян. Тым больш, што ў тыя часы яшчэ быў прамы эфір.

«Выказваць сваю кропку гледжання атрымлівалася нават у самым пачатку перабудовы. Гэта захоплівала, павялічвала сілы. І для Толі тэлебачанне стала першым моцным трамплінам у кар’еры».

Потым былі газетныя артыкулы, публіцыстыка. Але галоўны, як лічыць Заіка, крок Майсеня зрабіў падчас жнівеньскага путчу 1991 года. Мена­віта тады Майсеня разам з сябрамі і вырашыў ставарыць незалежную недзяржаўную арганізацыю — Нацыянальны цэнтр стратэгічных ініцыятываў «Усход-Захад».

Як піша ў прыгаданай кніжцы У. Арлоў: «Ён знайшоў у сабе мужнасць публічна прызнацца, што звязваў з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі пэўныя надзеі. Але ён жа стаў аўтарам ідэі правядзення Кангрэса супраць дыктатуры ў абарону Канстытуцыі і напісаў бязлітасны артыкул «Беларусь у імгле», дзе падвёў вынікі першых двух гадоў кіравання Лукашэнкі.

У 1996-м за гэтую публікацыю Беларуская асацыяцыя журналістаў прысудзіла Анатолю прэмію ў намінацыі «Лепшы аналітычны матэрыял». Прысудзіла пасмяротна».

А праз год з’явілася і прэмія яго імя.

З самага пачатку многія (у тым ліку і аўтар гэтага нарыса) сталі лічыць, што ўручаць яе можна не толькі за публікацыі ў адной газеце, аднак ніхто тады прыслухоўвацца не стаў. Не хачу злараднічаць, але я нешта не магу прыпомніць лаўрэатаў апошніх гадоў…

У 1995 годзе Майсеня і сам паспрабаваў стаць прафесійным палітыкам. Балатаваўся ў родным Нясвіжскім раёне на выбарах у Вярхоўны Савет 13-га склікання і нечакана прайграў Марыі Худой.

У ракавым лістападзе 1996 года Майсеня ездзіў на канферэнцыю ў Рым, пасля якой завітаў да знаёмых у Германію. Вярнуцца ён сапраўды спяшаўся, таму і начаваць на Нямеччыне не стаў. Аварыя здарылася зусім недалёка ад роднай вёскі Майсені. А праз два тыдні адбыўся сумна вядомы рэферэндум.

Першы «Ланцуг неабыякавых людзей» каля будынка прэзідэнцкай адміністрацыі стварылі дэпутаты Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Ён быў цалкам прысвечаны знікненню Віктара Ганчара. А надалей з’явіліся і іншыя партрэты. У тым ліку Анатоля Майсені.

…Першы нумар газеты «Свободные новости» выйшаў у лютым 1991 года. За гэты час быў толькі адзін выпадак, калі пад артыкул выдзелілі адразу дзве паласы. Выключэнне рэдактар зрабіў толькі для публіцыстыкі Анатоля Майсені

18.02.08