Макушына Наталля

   %d0%9c%d0%90%d0%9a%d0%a3%d0%a8%d0%ab%d0%9d%d0%90                                     

 

З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было"
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

Да 1988-га амаль 20 гадоў працавала гукарэжысёрам на Гарадзенскім тэлебачанні. Былая рэдактарка сацыяльнага аддзела газеты “Біржа інфармацыі” да закрыцця выдання ў красавіку 2005 года.Публікавалася ў выданнях “Народная воля”, “БДГ”, “Для службовага карыстання”, “Пагоня”, “Дзень”, “Беларускі рынак”, “Салідарнасць”, “Магазын польскі ў выгнанні”, “Труд” у Беларусі”, “Абажур”, , Euramost.org, у інтэрнэт-штодзённіку “ej.by”.Узнагароджана дыпломам БАЖа “За адданасць прафесіі” (2005), дыпломам імя Зміцера Завадскага “За мужнасць і прафесіяналізм” (2007). Ніколі, ні адну хвілінку не думала аб тым, каб пайсці ў “чэсныя”. Нават калі ў 2005-м закрылася наша “Біржа інфармацыі” і ў кішэні не было ані грошыка, і мяне тройчы запрашалі ў адну вялікую дзяржаўную газету. Катэгарычна адмовілася, нягледзячы на абяцаныя вялікія ганарары ды зарплату.

“Чэсны” ці “нячэсны” журналіст? Гэтая класіфікацыя ўзнікла толькі сёння паводле прэзідэнцкага выказвання. А калі ў 1979 годзе паступіла на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ, усё ўяўлялася вельмі рамантычным: сустрэчы з цікавымі людзьмі, артыкулы, якія б зачытваліся да дзірак. Тады былі свае куміры: савецкія журналісты, ад якіх чакалі праўды, — Юры Шчакачыхін, Таццяна Тэс. У той час я ўжо 10 гадоў як працавала гукарэжысёрам на гарадзенскім тэлебачанні. Разам з маёй аднакурсніцай і сяброўкай Аленай Раўбецкай, будучым выдаўцом Гарадзенскай недзяржаўнай газеты “Біржа инфармацыі”, мы абмеркавалі на будучыню маральныя прынцыпы працы. Прытрымліваюся толькі ўнутранага адчування, як трэба рабіць, нічога не пралічваю, за што неаднойчы атрымлівала па галаве (у пераносным і прамым сэнсе).

Каб патрапіць у рэдакцыю пасля заканчэння журфака, трэба было ўступаць у камуністычную партыю, а гэтага катэгарычна не хацелася. Тым больш пасля правядзення першага журналісцкага даследавання на тэму таго, чым падчас перабудовы займаюцца асобныя партыйныя таварышы з тэлецэнтра. Кралі яны, як кажуць, з размахам, але гэтага чамусьці ўпарта ніхто не заўважаў. І я даведалася “чаму”: старыя тэлевізары, дываны, нават мэблю “кантралёраў” у тэлецэнтры мянялі на новыя, а старызну спісвалі.

Як я разумею цяпер, даследаванне было якаснае. Але справа скончылася тым, што злачынцаў ціха адправілі на пенсію, а мяне ў 1988-м, за тры гады да развалу СССР, камуністы асудзілі на сваім адкрытым партыйным сходзе ды звольнілі з тэлебачання як удзельніцу “антыпартыйнай групоўкі”. Разам са мной звольнілі яшчэ некалькі тэлевізіёншчыкаў з выдатнымі прафесійнымі характарыстыкамі і амаль 20-гадовым стажам працы як “праціўнікаў перабудовы” — менавіта так нас назвалі ў смешнай паперы ідэалагічнага сектара Гарадзенскага абкама партыі.

Вось цікавая тэма для даследавання: у сярэдзіне 80-х хваля звальненняў спецыялістаў з тэлебачання, радыё, тэатраў пракацілася праз увесь Савецкі Саюз. Газета “Известия” нават падрыхтавала матэрыял “Іркуцкая гісторыя” пра самазабойства звольненага тэлеаператара. Я была ў рэдакцыі ў Маскве і бачыла набраны тэкст, але друкаваць артыкул не дазволілі. Тады я зразумела, што сістэме не патрэбны людзі, якія ведаюць справу, патрэбны толькі падпявалы. Было вельмі цяжка без любімай працы, але я зачыніла за сабою дзверы і пайшла з тэлебачання, нават адмовіўшыся ад выхадной дапамогі.

А тыя, хто рабіў перабудову ад імя КПСС, засталіся. Да гэтага часу “сядзяць на ідэалогіі” ў Гарадзенскім аблвыканкаме і нават сунуцца ў парламент. Вельмі жывучая гэтая бальшавісцкая ўлада. Ніколі б не падумала, што яна так моцна будзе трымацца на паверхні.

Ну, і як пасля такога досведу пайсці ў “чэсныя”? Не жадаю працаваць у сродках “масавай агітацыі ды прапаганды”. Не жадаю быць нічыім “рупарам”. Не лічу дзяржаўную ідэалогію галоўнай. Дарэчы, у поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй, “дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і думак”.

На мой погляд, абавязковымі ўмовамі перамен у нашым грамадстве павінна быць раздзяржаўленне СМІ, закрыццё 5-га аддзела ў КДБ, які сочыць за незалежнымі журналістамі, і ліквідаванне інстытута ідэолагаў у вытворчасці ды выканкамах. Закрыць гэтыя аддзелы да чортавай бабулі, а “ідэолагаў” прымусіць вывучыць на памяць 4-ты артыкул Канстытуцыі пра разнастайнасць ідэалогій і думак.

Гэтую разнастайнасць мы з калегамі штотыднёва сцвярджалі ў газеце “Біржа інфармацыі”, дзе рэдактарам была Алена Раўбецкая. У рэдакцыі панавала дзіўная атмасфера ўзаемаразумення і абсалютнай унутранай свабоды. Цікавы, я вам скажу, быў час, калі ў несвабоднай краіне мы працавалі так, як казала наша сумленне. За гэта нам усялякае было — не толькі тэлефанаванні ды лісты ўдзячных чытачоў. Былі і судовыя іскі, і пагрозы “галаву адарваць”, і газету закрыць, якая “перашкаджае развіццю малога прадпрымальніцтва” (гэта пра нашу “Біржу”, якая фіксавала ўсе парушэнні правоў прадпрымальнікаў!).

Між іншым, калі ў 2004 годзе з’явіўся ўказ № 111 аб ідэалагічнай працы (аб узнаўленні, як у савецкі час, пасад “палітрукоў”), мы з Раўбецкай узгадалі, як гарэзнічалі на журфаку ды хвацка здавалі марксізм-ленінізм з дапамогай хатняй загатоўкі са словамі “цытадэль, платформа, стаўбавы шлях ды сусветны рэвалюцыйны працэс у цэлым”. Тады Алена выдала асабісты ўказ па рэдакцыі і афіцыйна прызначыла мяне “намеснікам рэдактара па ідэалогіі, каб “ніякі наваяўлены месія не прасачыўся ў нашы рэдакцыйныя шэрагі”. І, канешне, мы напісалі пра гэта ў газеце. Такім вось чынам адказалі на захады ідэолагаў “прычасаць нашы мазгі”.

Дагэтуль здзіўляюся, як у 2004 годзе ўлада дазволіла “Біржы” адпрацаваць выбары і рэферэндум. Да гэтага часу намаганнямі ідэолагаў усе недзяржаўныя грамадска-палітычныя выданні ў Гародні былі прыкрыты. Затое не было адкрыта ніводнай газеты. Але пра БІ таксама не забыліся. Алену Раўбецкую судзілі за “абразу прэзідэнта”. Улада знайшла небяспечнай яе малую заметачку “Здрада імем народа”, дзе была выказана пазіцыя рэдакцыі на прызначаны рэферэндум аб трэцім тэрміне. “У Гародні судзяць журналістаў!” За кожнае слова з гэтага лозунга на пікеце пратэсту міліцыя пацягнула ў суд таксама і нас, сябраў Гарадзенскай філіі БАЖ.

Адразу пасля рэферэндуму ў лістападзе выхад “Біржы” прыпыніла Міністэрства інфармацыі. Усяго на 3 месяцы, але эканоміцы газеты была нанесена непапраўная шкода. Тады ж Гарадзенскае ўпраўленне па ідэалогіі накіравала на прадпрыемствы “сакрэтную паперу” пра забарону на рэкламу для недзяржаўных СМІ. Назва “Біржа інфармацыі” была ў ёй прапісана асобна. Ідэолагі дакладна ведаюць, як можна знішчаць газеты.

А праз тры месяцы нумар БІ, які быў падрыхтаваны пасля прыпынення, адмовіліся друкаваць у Беларусі. Гэта быў сакавік 2005-га. У Гародні баставалі прадпрымальнікі, адбываліся драматычныя падзеі вакол Саюза палякаў Беларусі. Мы паведамлялі аб гэтым у інтэрнэт-версіі “Біржы”. Але з’яўленне друкаванага варыянта газеты вельмі не падабалася гарадзенскім уладам.

Узгадваю, у той дзень, калі мне патэлефанавала Раўбецкая, я была ў натоўпе “іпэшнікаў”, якія ўжо каторы дзень страйкавалі каля аблвыканкама. Алена паведаміла, што наша апошняя надзея — прыватная друкарня ў Мінску — не жадае супрацоўнічаць. Вельмі хацелася плакаць, але побач на плошчы стаяў кіраўнік упраўлення ідэалогіі Гарадзенскага аблвыканкама (дарэчы, з тых — з ідэолагаў абкама КПСС). І я жыццярадасна заявіла яму: “Можаце нас павіншаваць, нас надрукавалі”. Добра памятаю ягоную збянтэжаную фізіяномію: “Дзе?”

Нейкі час рэдакцыя яшчэ трымалася. Амаль на грамадскіх пачатках выдавалі “Біржу” ў інтэрнэце. Нас пакідалі напалоханыя ідэолагамі рэкламадаўцы, а чытачы-пенсіянеры неслі нам грашовыя ахвяраванні і не маглі зразумець, чаму мы адмаўляемся. Мы чакалі цуду, але ён не адбыўся. Алена паклікала рэдакцыю на сход і паведаміла, што ад гэтай хвіліны кожны асабіста вольны вызначаць свой лёс. Вось тут мы з ёй і зараўлі на вачах у нашай цудоўнай рэдакцыйнай моладзі…

Я зноў засталася без працы і пэўны час — калі за малыя ганарары, а калі і задарма — працавала на розныя небагатыя СМІ. Канешне, незалежныя ад дзяржавы. Пачынаўся чарговы “новы” перыяд у жыцці, пачатак невядомага. І такіх вось “пачаткаў” было шмат. Памятаю, як мой муж Анатоль больш за два гады (з 2001-га) біўся з гарвыканкамам за адкрыццё моладзевай газеты-студыі ў Гародні. Колькі было спадзяванняў у нашых некалькіх дзесяткаў маладых карэспандэнтаў! Гэта быў бізнес-праект. Анатоль атрымаў пасведчанне прадпрымальніка і планаваў узяць у арэнду цэх, каб стварыць вытворчасць — працоўныя месцы для моладзі. Мы, яшчэ не зарэгістраваныя, друкавалі газету “Новый век” у друкарні, 8 палос, фармат А3. “Усё як у дарослых”. Суд у выканкама Анатоль выйграў, але ўлады так і не далі газеце права на жыццё, не ўзгаднілі юрыдычны адрас. “З прозвішчам Макушын газету не зарэгістраваць”, — паведамілі яму ў гарвыканкаме.

Сапраўды, мы з Анатолем неяк ідэалагічна не супадаем з бальшавісцкай уладай яшчэ з 1969 года. Калі нам не было і 20 гадоў, кадэбэшнікі звольнілі Анатоля з Гарадзенскага тэлебачання “за ўдзел у антысавецкай моладзевай групоўцы”. Тады ж высветлілася, што Анатоль — не камсамолец і “прасачыўся” на дзяржаўнае тэлебачанне. Уяўляеце дыверсанта?

З тых савецкіх часоў у ідэалогіі нашай дзяржавы нічога не змянілася. Тыя ж людзі “рубяць” галовы ўсім нязгодным. Толькі сёння гэта адбываецца на фоне першапачатковай стадыі развіцця капіталізму. Таму незалежныя СМІ так палохаюць уладу, якая жадае дзейнічаць без кантролю. І гэтая небяспека хаваецца ў сферы цалкам матэрыяльных адносін.

Вось, напрыклад, гістарычна-экалагічная тэма — абарона Старога цэнтра Гародні ад разбурэнняў ды высечка дрэў у горадзе. Але яна цягне за сабой няёмкія для ўлады пытанні. Чые фірмы масава пастаўляюць на замену імпартныя саджанцы? Каму выгадна руйнаванне будынкаў у гістарычнай частцы? “Чэсныя” журналісты пра гэта не пытаюць, а “нячэсным”затыкаюць рот.

Дарэчы, менавіта руіны ў цэнтры Гародні — адно з першых моцных уражанняў у дзяцінстве. Гэта быў зруйнаваны ў лістападзе 1961 года па ўказе мясцовых улад адзін з найвялікшых касцёлаў Гародні — Фара Вітаўта. Памятаю, як падаў снег на кучу цэглы, пакрытую дзіравым дахам, як спыняліся жанчыны, хрысціліся і хуценька сыходзілі. Тады “археалагічная” група хлапчукоў ды дзяўчынак з майго дома вельмі моцна дапякала кіраўніцтва Гарадзенскага музея. Мы паперакопвалі палову горада, шукалі скарбы ды цягнулі ў музей рэшткі посуду, жалеза, нейкія старыя паперы, фотаздымкі — усё, што падавалася нам вельмі таямнічым. Напэўна, ужо тады мяне вабілі даследаванні.

Потым марыла здымаць дакументальнае кіно, хацела вучыцца ў майстэрні Міхаіла Рома, калі паглядзела яго фільмы “Звычайны фашызм” ды “І ўсё ж такі я веру”. А з Усесаюзнага інстытута кінематаграфіі прыйшоў адказ, што 17-гадовых паненак у рэжысёры не прымаюць. Трэба было папрацаваць пару гадоў, вось так і трапіла на тэлебачанне. Але дакументальны фільм усё ж зрабіла, разам з калегам атрымала дыпломы на пяці міжнародных фестывалях і Вялікі сярэбраны прыз фэсту Unica ў Галандыі.

Чым я толькі не займалася: здымалася ў кіно і рабіла гуказапісы “Песняроў”, калі яны былі “Лявонамі”; працавала на ТБ, у газетах і радыё; іграла на віяланчэлі і назірала за выбарамі; выступала перад еўрапарламентарыямі і была сакратаром-машыністкай у кааператыве; шыла курткі і чахлы для мэблі. А яшчэ гойсала ў Кітай за пухавікамі і гандлявала на рынку, вырошчвала персікі і гадавала каўказскіх аўчарак. Як кажам мы з Раўбецкай, “толькі хатнія тапачкі не шылі”. Але падаецца, што і гэта б здолелі зрабіць. І вельмі якасна. А хочацца выдаваць газету і займацца ўнукамі, распавесці пра жыццё і смерць Фары Вітаўта і дапісаць гісторыю гарадзенскіх хіпі — “антысавецкай моладзевай групоўкі” з гарадзенскага сквера Элізы Ажэшкі часоў 1969 года.