Малафееў Эдуард

4116d3eda729026b21d8497cc6714cc6-malofeev_1

З  кнігі "Асобы"

АПОШНІ САКРАТАР ЦК — АНАТОЛЬ МАЛАФЕЕЎ

Пра гэтага чалавека пісаць даволі цяжка. У многіх людзей я пытаўся, што, на іх погляд, зрабіў адметнага Анатоль Малафееў? Ніхто дакладна на маё пытанне адказаць не змог. Хаця адмоўнага і было больш чым станоўчага. Таму гэты нарыс у пэўным сэнсе будзе падобны на біяграфію з анкеты, што былым партыйным лідарам, якім і з’яўляўся Малафееў, вельмі добра знаёма.
Кар’ерны шлях Анатоля Аляксандравіча Малафеева тыповы для партыйнай наменклатуры. Нарадзіўся 14 мая 1933 года ў Гомелі. Скончыў знакаміты наргас, які на той час быў хоць і вельмі прэстыжным, але ўсё ж не ўніверсітэтам, а толькі інстытутам. Потым завочную Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС.
Працаваў слесарам на Мінскім і Гомельскім вагонарамонтных заводах. З 1962 года быў на розных ніжэйшых партыйных прыступках у Гомелі, а ў 1970 годзе стаў інструктарам аддзела хіміі і лёгкай прамысловасці ЦК КПБ. Адтуль Малафеева накіравалі працаваць першым сакратаром Мазырскага гаркама партыі. З Мазыра ён паехаў у Гомель на пасаду старшыні аблвыканкама, але пратрымаўся ў выканаўчай уладзе нядоўга. Спачатку Анатоль Аляксандравіч узначаліў Гомельскі, а потым і Мінскі абкамы кампартыі. Там яго і сустрэлі сумна вядомыя «Дзяды».
На наступны дзень пасля бойкі адбыўся тэрміновы сход беларускага Саюза пісьменнікаў, а 4 лістапада закрыты сход пісьменнікаў, якія былі партыйцамі. На апошняе мерапрыемства і прыехалі розныя «бонзы». Сярод іх быў Анатоль Малафееў. Не будзем аналізаваць увесь яго выступ. Каб зразумець сэнс, дастаткова адной цытаты.
«Абстаноўка складаная. Ёсць экстрэмісты. Ёсць эмоцыі. На шчыт падымаецца Пагоня, бел-чырвона-белы сцяг. А навошта гэта? Няўжо гэта галоўнае ў перабудове? У гарвыканкама былі падставы забараніць мітынг на «Дзяды».
Пісьменнікі паскардзіліся, што ён называе іх бандай, але Малафееў ад сваіх слоў адмовіўся. Надалей такое будзе паўтарацца даволі часта, а сёння і ўвогуле зрабілася амаль галоўнай рысай афіцыйнай палітыкі.
У 1990 годзе Малафеева выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, якая з 1991 года стала Рэспублікай Беларусь. У тым жа годзе ён узначаліў Камуністычную партыю рэспублікі і стаў апошнім кіраўніком КПБ, калі яна была яшчэ «руководящей и направляющей».
І непахісным партнаменклатурным кансерватарам. Можа, таму ён і найлепш, чым хтосьці іншы, адчуў небяспеку, што сыходзіла ад новага курсу новага кіраўніцтва КПСС, ад генсека Міхаіла Гарбачова. Адчуў тое схаванае, што несла так званая перабудова, і ў чым толькі праз шмат гадоў прызнаецца ў мемуарах адзін з яе архітэктараў — другі сакратар ЦК Аляксандр Якаўлеў: «Оставался, кроме гражданской войны, единственный путь перехватить кризис до наступления его острой, быть может кровавой стадии — это путь эволюционного слома тоталитаризма через тоталитарную партию с использованием ее принципов централизма и дисциплины, но в тоже время опираясь на ее протестно-реформаторское крыло».
Не ў апошнюю чаргу намаганнямі Малафеева беларуская прэса, нягледзячы на абвешчаную галоснасць, выглядала на фоне маскоўскай куды больш стрыманай у адносінах да перабудовы і куды больш агрэсіўнай у адносінах да дэмакратычных тэндэнцый. Асабліва да БНФ, да яе лідара Зянона Пазьняка. Да сваіх заслуг ідэйнага барацьбіта Малафееў можа з поўным правам аднесці той адмоўны стэрэатып успрыняцця БНФ, які да гэтага часу трымаецца ў свядомасці значнай часткі насельніцтва. Як і тыя аргументы, на якіх ён быў пабудаваны — адвольнай, бяздоказнай трактоўцы падзей мінулага, штучным мантажу розначасовых і рознапланавых падзей, а часта і адкрытай хлусні. Гэтыя аргументы і сёння выкарыстоўваюцца афіцыйнымі прапагандыстамі.
Гісторыі Малафееў не ведаў, але значэнне яе разумеў. Ён быў ці не адзіным з усіх сакратароў ЦК КПБ, які склікаў да сябе ў кабінет на нараду вядучых гісторыкаў Інстытута гісторыі партыі, каб даць ім устаноўкі як трэба асвятляць мінулае. Нарады, як гэткай, не было. Быў двухгадзінны маналог, пабудаваны на бязграматнай крытыцы рамана «Дети Арбата» .
Але спыніць лавіну перамен Малафееву было ўжо не па сілах. Прэса разняволілася. Гісторыкі былі першымі, хто не толькі ў службовых даведках, але публічна (на дакументальнай базе закрытых архіўных фондаў) узнялі тэму рэпрэсій і рэабілітацыі ахвяр сталінізма. У залах партыйных устаноў — ад ЦК да райкама — на сходах партгасактыву загучалі дысідэнцкія прамовы з вуснаў навукоўцаў і партыйцаў з таго самага пратэстна-рэфарматарскага асяродку.
Спыніць не змог, а знівеліраваць, замарудзіць працэс і тым самым даць магчымасць партыйным апаратчыкам перагрупіраваць свае сілы, перайсці з партыйных пасад у дзяржаўныя структуры — удалося. Мноства пустых кабінетаў, ціхія калідоры — карцінка апошніх месяцаў ЦК. Гэта стала адным з фактараў, які спрыяў адкату назад, аднаўленню аўтарытарнага рэжыму ў форме прэзідэнцкай рэспублікі. Вось яна заслуга Малафеева, за якую ён і быў аддзячаны новым гаспадаром будынка ЦК і яго кабінета на пятым паверсе.
Лагічна, што Малафееў быў адным з кіраўнікоў краіны, які адкрыта падтрымаў жнівеньскі путч 1991 года.
Памятаеце, як яму перашкаджала падысці да мікрафона дэпутат фракцыі БНФ Галіна Семдзянава? Фотаздымак, які зафіксаваў гэты момант, ведаюць амаль усе. Пазней Галіна Георгіеўна прызналася, што такім чынам хацела папярэдзіць магчымае самагубства, бо Малафееву, як яна лічыла, за той момант пазней павінна было быць вельмі сорамна. Наіўная.
Праз некалькі дзён пасля паразы путчу, калі актывісты БНФ дазволілі апаратчыкам забраць свае рэчы, Малафееў у фае ЦК з прыступкаў лесвіцы трымаў сваю апошнюю прамову перад падначаленымі. Разгубленым не выглядаў. Выказаў упэўненасць, што рана, ці позна ўсё вернецца да парадку.
Як вядома, дзейнасць кампартыі тады часова забаранілі. Магчыма па гэтай прычыне Малафееў пачаў працаваць у Галоўным упраўленні па дзяржаўных матэрыяльных рэсурсах. Адзначым, толькі намеснікам начальніка, што для былога першага чалавека ў краіне, мякка кажучы, не ёсць добра.
Ён увогуле з таго моманту пэўны час быў толькі чыімсьці намеснікам. Напрыклад, з сакавіка 1996 года намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі ВС Рэспублікі Беларусь па эканамічнай палітыцы і рэформах. Але самую галоўную «рэформу» правёў не ён, а Лукашэнка, які ў лістападзе 1996 года прызначыў яго Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
У нейкім сэнсе гэта было вяртанне ў былы СССР, але справа не толькі ў ідэалогіі. Намеснікам Малафеева стаў Уладзімір Канаплёў. Даўні сябар і паплечнік Лукашэнкі. Апошні добра ведаў узровень былога сельскага міліцыянера. Таму, на мой погляд, Лукашэнка прызначыў Малафеева спецыяльна, каб у яго чаму-небудзь навучыўся Канаплёў, які ўзначальвае Палату прадстаўнікоў зараз.
На жаль, вучань быў не вельмі таленавіты. У пачатку гэтага стагоддзя мне давялося пабываць у Страсбургу. Напярэдадні там на сесіі ПАРЕ выступаў Канаплёў. Гаварыў так хутка і невыразна, што перакладчыкі за ім не паспявалі. Урэшце афіцыйная прапаганда зноў пацярпела фіяска. Упэўнены, што Лукашэнка чакае падобных эксцэсаў заўсёды, таму справа не толькі ў вяртанні камуністычных прывідаў тыпу Малафеева. З іх дапамогай Лукашэнка хоча навучыць сваіх стаўленнікаў палітэсу.
Улады выкарыстоўвалі А. Малафеева для ўнутранага спажывання. Ён ездзіў па краіне, а за мяжой Беларусь прадстаўляў В. Канаплёў.
Малафеева можна без перабольшвання назваць адным з самых фанатычных прыхільнікаў ставарэння Саюзнай дзяржавы, што зразумела, бо ён амаль усё жыццё жыў у Савецкім Саюзе. І жыў, нядрэнна.
Магчыма менавіта таму, калі была сфарміравана другая Палата прадстаўнікоў, ён і ўзначаліў там камісію па сувязях з краінамі СНД і замежжам. Натуральна, нічога канкрэтнага зроблена не было. Замежныя кантакты беларускіх парламентарыяў былі толькі з тымі, хто альбо лічыцца адыёзнай фігурай, альбо быў вымушаны заехаць у Беларусь па службовай неабходнасці.
Пасля чарговых так званых парламенцкіх выбараў 2004 года Малафееў зноў нешта ўзначаліў. На гэты раз Пастаянную камісію Савета Рэспублікі Нацыянальнага Схода Рэспублікі Беларусь па рагіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. Словам, займаецца тым, чаго, па вялікім рахунку, не існуе.
Але я б акцэнтаваў вашу ўвагу на іншым. У мінулым годзе А. Малафееў, хутчэй за ўсё, быў адным з тых, хто хацеў аб’яднаць усіх камуністаў і зрабіць іх толькі «чэснымі». Інакш, тымі, хто падтрымлівае прэзідэнта. Ён не іграў першыя ролі, але па кандовасці дзеянняў можна было ўбачыць і яго почырк.
Матыў тут вельмі зразумелы. Некоторыя палітыкі нездарма называюць Лукашэнку левым папулістам. Камуністычныя ідэі, лозунгі яму добра знаёмыя і зразумелыя. Больш за тое, мадэль створанай ім улады можа існаваць толькі ў камуністычна-таталітарным асяроддзі. Таму на аснове КПБ і хацелі зрабіць «партыю ўлады».
Тады ўсе ўбачылі поўны правал. 15 ліпеня «объединительный» сход адбыўся, але нікога з апазіцыйных камуністаў Калякіна там не было. Больш за тое, «калякінцы» правялі ў гэты дзень свой сход. Амаль як у гістарычнай фразе пра два сходы і дзве партыі. Як заўжды ўлады пайшлі на фальсіфікацыі. Але іх памер, цынізм былі такімі вялізнымі і відавочнымі, што ад апоры на «верных ленинцев» давялося адмовіцца.
Упэўнены, стварэнне «Белай Русі» стала вынікам правалу ў мінулым годзе. А прыпыненне дзейнасці апазіцыйнай ПКБ — звычайная помста.
Па ўзросту А.А. Малафееў ужо 14 гадоў пенсіянер, але працягвае працаваць. Уладзе гэта вельмі патрэбна.

25.08.07