Мальдзіс Адам

%d0%9c%d0%90%d0%9b%d0%ac%d0%94%d0%98%d0%a1

 

З кнігі "Найноўшая гісторыя ў асобах"

 Падрыхтавана да друку 10.10.2013

У дзяцінстве Адам Мальдзіс акрамя журналістыкі захапляўся астраноміяй, нават вагаўся, які жыццёвы шлях выбраць. Бацька параіў першае і не ведаў, што на гэтым шляху яго сын некалі дасягне Зорак першай велічыні.

Пра іншых

Да майго прыходу Адам Восіпавіч падрыхтаваўся вельмі грунтоўна. Каб не губляць час на адпаведныя размовы, раздрукаваў шэраг сваіх біяграфічных дадзеных,  а гутарку параіў пачаць з тых клопатаў, якімі займаецца ў дадзены момант.  Ведаючы, што ён адзін з аўтарытэтаў у нашай прафесіі, я так і зрабіў. Аднак адразу  сам Мальдзіс быў вымушаны адвабіцца на вырашэнне штодзённых спраў і патлумачыў:

“Мая калега ўдакладняла некаторыя рэчы. Не можам толкам зрабіць ганаровае пасведчанне пра тое, за што чалавек намінаваны на званне “Гаспадыні-беларусачкі”.

А было гэта так. У наша міністэрства культуры прыйшоў ліст ад адной жанчыны–рэжысёркі, якая звярнула ўвагу на тое, што на розных конкурсах прыгажосці журы глядзіць толькі на ножкі альбо грудкі. А трэба перш за ўсё глядзець на галаву жанчыны, у сэнсе прысутнасці там мазгоў. Яна спыталася: “А ці не прыдумаеце Вы нешта сваё, у піку розным “міскам”?”

Я ўзгадаў, што ёсць карціна аднаго беларускага мастака, які жыў у латышскай Латгаліі, а потым пераехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі, з назвай “Беларусачка”. І мне падумалася, што гэта можа быць сімвалам нашага конкурсу. Конкурсу сапраўдных гаспадынь. А адпавядаць яны павінны наступным крытэрыям: а) разумнае, б) беларускае, в) добрая гаспадыня і маці, г) жанчына павінна займацца карыснай работай. А галасаваць за гэта будуць не на нейкім шоу,  людзі таго калектыву, дзе жанчына працуе.

Зараз я з’яўляюся метадыстам у аддзеле міжнароднай і соцыякультурнай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі. Таму ўсе клопаты носяць пераважна навуковы характар.

Пачнём з нашых суайчыннікаў за мяжой. Лічыцца, што зараз беларуская дыяспара складаецца з трох з паловай мільёнаў. Мая суседка па пакоі рыхтуе адпаведны даведнік пра нашы суполкі за мяжой. Іх неверагодна шмат, і раскіданы яны па ўсім свеце.

На жаль, ніхто дакладна пра гэта не ведае. Мабыць, статыстыка ёсць толькі ў нейкіх уплывовых структурах (і то абмяжоўваецца толькі канкрэтнай краінай).

Бывае, яны нават не ведаюць адзін пра аднаго. Скажам, жыве чалавек у Тальяці і не ведае пра тое, ці ёсць беларусы, напрыклад, у Саратаве. А ў даведнік паглядзіць — там кароткая інфармацыя, адрас і кантактны тэлефон.

Аказваецца, толькі ў Федэрацыі грамадска-культурных асацыяцый Беларусі і Расіі можна налічыць па самых розных гарадах 49 суполак. Асабліва добра працуюць яны ў сібірскіх абласцях, і таму ёсць разумнае тлумачэнне. У Томскую, Навасібірскую, Цюменскую, Іркуцкую воласці беларусы перасяліся яшчэ падчас сталыпінскай аграрнай рэформы.

Часам у людзей амаль няма ніякіх камунікацый, да суседняй вёскі некалькі сотняў кіламетраў. Там захавалася чыстая беларуская мова, сапраўдныя этнічныя абрады.

Як паехалі туды цэлымі вёскамі, так і жывуць імі ў тайзе. І мовы сваёй не забылі, і пра свае абрады памятаюць. І пішуць да нас у газету “Голас Радзімы” (цяпер маю да яе непасрэднае дачыненне).

Добра працуе такая аўтаномія і ў Пецярбурзе. Называецца яна “Белыя росы”.

У той жа Сочы едзе адпачываць шмат беларусаў, і фактычна ніхто з іх не ведае, што там ёсць нашы суродзічы. Іх суполка актыўна працуе.

Словам, даведнік патрэбны, таму і клопат на гэты конт. На жаль, не ўсё ідзе там так лёгка, як бы таго хацелася…

Другая актуальная зараз справа — стварэнне базы дадзеных (а потым і сайта) пра беларускае замежжа, дзе будзе спецыяльная падборка пра беларускія дыяспары. І пра культурныя сувязі, канешне, калі ў нас на гэта хопіць людзей і фінансавых магчымасцей. Паўтаруся, за мяжой Беларусі сёння знаходзіцца даволі шмат скарбаў нашай  матэрыяльнай і духоўнай культуры. Беларусь мае маральнае права ўсё (хаця б частку)  гэта вярнуць.

Найперш гаворка пра страты ваенных часоў. Многае тады было вывезена насуперак волі беларусаў і знаходзіцца зараз у розных музеях. Лагічна нешта з гэтых рэчаў абмяняць, але гэта цалкам залежыць ад добрай волі новых уладальнікаў.

Дарэчы, мы таксама маем шмат чаго, што можна аддаць узамен. Перш за ўсё гэта расійскія і ўкраінскія каштоўнасці.

Калі ўсё будзе максімальна сістэматызавана, кожны жадаючы зможа даведацца, што яшчэ захавалася і дзе пакуль знаходзіцца.

Акрамя гэтага зараз выходзіць даведнік “Сузор’е беларускага замежжа” з падзагалоўкам “Беларусы і ўраджэнцы Беларусі”. Думаю, наяўнасць слова “ўраджэнцы” цалкам зразумелая, таму што сярод іх ёсць не толькі этнічныя беларусы, але і рускія, габрэі, татары, немцы і г.д. Хто толькі не нарадзіўся на нашай зямлі…

Галоўная ідэя — паказаць, як наша донарская кроў памагала культурам іншых народаў. Ад Сібіры да Амерыкі..

Своеасаблівым працягам гэтай кнігі стане “Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў далёкім замежжы”. Тут ужо другія крытэрыі. Калі раней мы разглядалі карэннае беларускае насельніцтва, якое жыве, напрыклад, у Беластоку, Віленскім краі, Смаленшчыне або ў Латгаліі, то  тут гаворка пойдзе пра іміграцыю.

Напэўна, за гэтую кнігу возьмецца ўжо новае пакаленне. Яго прадстаўнікам будзе значна прасцей, бо там шмат людзей “з грахамі”. Маюцца на ўвазе тыя ўчынкі, якія пры нас ацэньваліся неадназначна.

Напрыклад, там будуць такія людзі, як скажам, Наталля Арсеньева. Мы ведаем, што  яна супрацоўнічала з немцамі, выконваючы ў той жа час і даручэнні партызанскай разведкі. Сёння ў Беларусі яе не друкуюць і многія лічаць, што прозвішчы падобных людзей не трэба даваць у такія даведнікі. А іх падчас акупацыі былі сотні.

Той жа малодшы  брат Якуба Коласа Міхась, якога больш ведаюць па псеўданіму Антось Галіна і які памёр у Амерыцы.  Падчас вайны ён жыў у родным Стаўбцоўскім раёне. Там працавалі школы. Спачатку ён працаваў настаўнікам, а потым стаў школьным інспектарам. Калі ў 1944 годзе набліжалася вызваленне, яму людзі гаварылі: “Не паглядзяць, што твой брат народны пісьменнік. Паедзеш ты “на белыя мядзведзі”.  Той доўга вагаўся, думаў эміграваць ці не? Урэшце рэшт яму прысніўся сон: стаіць высокае дрэва, дзьмуюць вятры з усходу і захаду, а на вяршыні галава Сталіна, якая хістаецца ў залежнасці ад накірунку ветру.

Алегорыя з Беларуссю відавочная, бо, як у той песні, “паміж Польшчай і Расіяй — полька беларуская”. І ён паехаў. Спачатку ў Чэхаславакію, дзе працаваў дрывасекам і цалкам не займаўся палітыкай, потым былі Злучаныя Штаты Амерыкі.

У 1990 годзе я быў у ЗША на сесіі ААН, хацеў яго наведаць, але мне сказалі, што гэта ўжо вельмі хворы чалавек…

Здаецца, у даведніку гэты чалавек павінен быць па вызначэнні, аднак нехта кажа — дык ён жа з немцамі “сотрудничал”… Як тут быць… А не было б адукацыі ўвогуле, што тады?..

А Барыс Кіт, які жыў ў Франкфурце-на-Майне. Сусветна вядомы вучоны! Некалькі гадоў таму я быў у яго па справах. Разам ездзілі ў маленькі гарадок Ляйман, дзе адзін беларус зрабіў у сваёй кватэры музей і завяшчаў яго пасля смерці гораду. Я прапаноўваў зрабіць там Дом беларускай культуры. Кіт вельмі заахвоціўся гэтай ідэяй.

Па дарозе, нягледзячы на салідны (цяпер 104 гады) узрост, Барыс быў бадзёры і энергічны. Мяне хіліла на сон, а ён — хоць бы што. Вось гэта здароўе!!!

Дык вось. На першы даведнік асабіста я затраціў каля дзесяці гадоў жыцця. У ім будзе больш як 1500 асоб. За мяжой жа была наша кроў!

Узяць, напрыклад, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Жарэса Алфёрава. Альбо вядомага авіяканструктара  Паўла Сухога. Ці легендарнага дыпламата Андрэя Грамыку.

Можна ўспомніць таксама “хрыбет Чэрскага” і нагадаць, што нарадзіўся ён у сучасным Верхнядзвінску? Ці, скажам, Пекарскага, які дапамагаў якутам старыць сваю пісьменнасць, а родам з-над Бярэзіны. Альбо нагадаць нашага Пальмбаха, які дапамагаў тувінцам.

Тая ж Сібір была б крыху іншай, каб не беларусы.

І так шмат дзе.

Трэба ўсё гэта сабраць.

Словам, нам ёсць чым ганарыцца і гэта можа вылечыць ад галоўнай беларускай хваробы — самапрыніжэння. Маўляў, у беларусаў не было нічога вартага. Толькі “калтун у галаве” і лапці. Другая справа — палякі, рускія, украінцы, літоўцы і г.д.

Мякка кажучы, гэта не так. Успомніць можна таго ж Дамейку, які стаў нацыянальным героем Чылі і чатыры разы ўзначальваў галоўны ўніверсітэт гэтай краіны. Ён жа родам з вёскі Мядзьведка Карэлічскага раёна.

З Ашмянскага раёна родам Зыгмунд Мінейка, а вёска, дзе ён нарадзіўся, цяпер называецца Зялёны Бор. Адзін з продкаў хацеў прыехаць на яго радзіму. Аднак адмовілі з матывацыяй, што вёскі з назвай Балванішкі ў раёне няма. Аказваецца, за савецкім часам яе перайменавалі ў Зялёны Бор, бо розных “Балванішак” у СССР быць не можа.

Потым мне пазванілі з ЦК КПБ і сказалі, што прозвішча гэтага нашчадка Папандрэу, і ён мае самае непасрэднае дачыненне да грэчаскіх кіраўнікоў. Аказваецца, ён праўнук ашмянскага Зыгмунда Мінейкі, які пасля паўстання 1863 года быў сасланы ў Сібір, аднак паспяхова ўцёк адтуль у Пецярбург.

Потым перабраўся ў Грэцыю, дзе пабудаваў першы алімпійскі стадыён пасля адраджэння гэтага руху, удзельнічаў у яе абароне ад Турцыі, выдаў мемуары, якія мы зараз друкуем у перакладзе на беларускую мову, і г.д., і г.д. Словам, ён стаў нацыянальным героем Грэцыі.

Такім чынам, Беларусі ёсць чым ганарыцца. Настолькі, што галоўная складанасць нашай працы заключалася ў тым, каб правесці нейкую класіфікацыю, бо герояў і заслужаных беларусаў было вельмі шмат.

У даведніку  “акрэслілі планку”. Калі гэта вайсковец, то мы бяром не ніжэй генерала, калі гэта вучоны — не ніжэй доктара навук. Выключэннем стаў адзін рабочы, які мае сорак два вынаходніцтвы.

На дадзены момант ідзе карэктура двух кніжак.  Падлічыць з улікам перавыданняў і перакладаў мае асабістыя кнігі вельмі цяжка. Тым больш, што ў мяне больш часу займае рэдагаванне чужых прац.

Мару безвынікова ўжо гадоў дваццаць паехаць на родную Астравеччыну, “адвязацца” ад усяго гэтага і  пісаць сваё.  Распачатыя ляжаць ужо чатыры кніжкі”.

Пра сябе

Да сказанага можна  дадаць, што, калі верыць афіцыйнай аўтабіяграфіі, на сёння выдадзена 17 кніг і надрукавана звыш трохсот навуковых і публіцыстычных артыкулаў, напісана некалькі сцэнарыяў дакументальных фільмаў, а сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Мальдзіс з’яўляецца аж з 1967 года.

Працяг павінен быў пачацца са дня народзінаў прафесара Адама Мальдзіса — 7 жніўня 1932 года, аднак сам Адам Восіпавіч успомніў больш старажытныя часы.

“Мае продкі мелі літоўскія дваранскія карані.  У Вітаўта Вялікага ў якасці блазана служыў  чэшскі дваранін з прозвішчам Мальджык. Гэта задакументавана. У той час блазаны значылі нешта накшталт міністраў замежных спраў і пад відам жартаў маглі атрымаць альбо агучыць карысную для іх гаспадароў інфармацыю.

Зразумела, яны інтэграваліся ў тое грамадства, у якім жылі. Напрыклад, жаніліся на мясцовых жанчынах. Для літоўцаў было цяжка вымаўляць слова, дзе так шмат назыўных гукаў, і яны перарабілі яго ў Мальдзіс. Тым больш, што гэта сугучна з  назвай іх малітваў.

А зараз для тых, хто крыху ведае Вільню. У месцы, дзе некалі  быў планетарый,  зараз працуе кафэ “Мальдзіс”. Падумалася, што яго ўладальнік мой зямляк, бо з такім прозвішчам людзі жылі аж у чатырох вёсках нашых мясцін.  Заходжу, паказваю свае дакументы, пытаюся наконт гаспадара. Аказалася, ён адначасова гандлюе меддзю і на той момант паехаў у Казахстан.

Тады я папрасіў адміністратара прадаць мне меню. Гэта было немагчыма, а вось сурвэтку з адпаведнай бліскучай вышыўкай  набыў. Прыязджаю з літоўскай камандзіроўкі  і кажу  нябожчыцы жонцы Марыі, якая была таксама з Астравеччыны, з суседняй вёскі: “У мяне з’явіліся лішнія грошы, я ўзяў і купіў рэстаран. Не везці ж грошы дахаты”.

Яна добра ведала, што я сябраваў з Караткевічам, які жыў праз дом насупраць, і мы часам “перамігваліся” настольнымі лямпамі.

Жонка кажа: “Наслухаўся ад яго розных міфаў, прызвычаіўся…” Тады я дастаў сурвэтку…

Зразумеўшы жарт, яна дадала: “Трэба было б адкрываць рэстаран тут, у Мінску…”

Я адказаў, што ў Беларусі такога заможнага Мальдзіса могуць не зразумець…

Не трэба дзяліць спадчыну Вялікага Княства Літоўскага!

У нас была агульная дзяржава. Ніхто нікога не заваёўваў. Я жартую, што “вінаватыя” ва ўсім жанчыны. Літоўскія князі, якія тады былі малаадукаванымі паганцамі,  жаніліся з беларускімі ўжо праваслаўнымі і пісьменнымі князёўнамі. Той жа Альгерд, які ваеннымі паходамі даходзіў аж да Чорнага мора. Беларусы з літоўцамі ішлі побач. Ды і пад Грунвальдам не было б перамогі, калі б не аб’ядналі сілы.

Бывае, літоўскія сябры з гэтай нагоды жартуюць. Як “ніхто нікога не заваёўваў”, калі ў адным спеве ёсць “Ой наехала Літва, будзе ў нас бітва. Будзем Літву біць і Вольку бараніць”.

Памятаю, гэтую песню мне нагадала адна вядомая фалькларыстка Ванда Місявічэне  Нагадала і глядзіць з усмешкай. А я ж ведаю, што песня тая вясельная. “Біць” — змагацца за выкуп, “Літва” — адтуль прыехаў малады, а Волька — жаночае імя Вольга.

Так што гэта песня толькі яшчэ раз пацвярджае думку пра тое, што нам няма чаго дзяліць. Ніводнага гістарычнага факта бітвы беларусаў і літоўцаў не зафіксавана.

Аднак вернемся да асветніцкай ролі жанчын. Гэта не толькі мае высновы. Да іх жа прыйшоў літоўскі даследчык Людас Гіра. Калі беларускія жонкі, то бок князёўны, прыязджалі “на двор” да літоўскіх мужоў, з імі ехалі сёстры, сяброўкі, прыслуга. Многія  потым выходзілі замуж за літоўскіх ваяроў. Урэшце атрымлівалася тое, што зараз называецца інтэграцыяй.

Чаму беларуская мова загадкава для саміх літоўцаў была дзяржаўнай у ВКЛ? Я не раз пісаў пра тое, што “вінаватыя” ва ўсім жанчыны… І ў тым, што мы з’явіліся на свет, і ў мове, на якой пачынаем размаўляць…

Маю маці звалі Марыяй Мацвеяўнай. Яна родам з суседняй ад нас вёскі Задворнікі. Дзявочае прозвішча Вянгроўская. Хацела, каб вучыўся ў Вільні на  доктара альбо на ксяндза. Не выпала.

Дарэчы, у мяне была старэйшая сястра Станіслава, 1921 года нараджэння.

Увогуле ж у нашай сям’і нарадзілася шасцёра дзяцей, але ўсе паміралі ў малым узросце.

На Астравеччыне зараз жывуць толькі мае пляменнікі з іх дзецьмі і ўнучатыя пляменнікі.

Мальдзісаў у тых краях вельмі шмат.

А бацькавы (Іосіф Людвігавіч — заўвага аўтара) карані, як я ўжо казаў, сыходзяць з атачэння Вітаўта Вялікага. Патомкі таго блазана былі вольнымі сялянамі, мелі шмат сваёй зямлі. След аднаго з іх захаваўся ў архівах.

Як вядома, недалёка ад Гервятаў у вёсцы Гіры па наш дзень існуе літоўская анклава. У 1762 годзе там жыў і валодаў валокай зямлі вольны (не прыгонны) селянін з прозвішчам Мальдзіс…

Часта пытаюцца, чаму ў вёскі Расолы такая назва? Там што, многа агурочнага расолу?

Не, канешне. Этымалогія ў слова зусім іншая. Па-літоўску расавас значыць ‘цёмны, чорны’. Такія ў тых мясцінах лясы.

Увогуле, там вельмі шмат назваў літоўскага паходжання. Тыя ж Ашмяны азначаюць ‘меч’, а вось у слова Астравец — чыста славянскае паходжанне.

Раней гэта была вёска ў 26 двароў, аднак перад вайной у 1940 годзе ў Ашмяны прыехаў чыноўнік, які павінен быў стварыць  яшчэ два раёны. Са Смаргонню было даволі проста, таму што гэта ўжо быў горад. У нас першапачаткова хацелі зрабіць райцэнтр у вёсцы Варняны, якая за польскім часам была цэнтрам гміны, то бок невялікай сельскай адміністрацыйнай адзінкі.

Чыноўнік у такую глухамань даехаць не змог (перашкодзілі не то бандыты, не то ваўкі), і яны вырашылі зрабіць райцэнтр у Астраўцы. Пачалі звозіць туды з былых маёнткаў драўляныя дамы. Некаторыя з іх стаяць дагэтуль. Мураванымі былі толькі млын і дом коўзана.

Здаецца, ужо ў сёмым класе я пісаў у газеты “Піянер Беларусі”, “Зорка” розныя інфармацыйныя паведамленні. Тады былі так званыя ўчкоры. А ў Гудагаі школу расфармавалі, і нас перавялі ў Астравец. Жыў там на кватэры, бо кожны дзень дзевяць кіламетраў у адзін бок не находзішся.

Аднойчы падышла дырэктар школы і перадала, што мяне тэрмінова патрабуе да сябе рэдактар раённай газеты, і спыталася, што я натварыў. Пажаў плячыма.

Першым пасляваенным рэдактарам там быў такі Беркутаў. Ён пацікавіўся наконт таго, ці не я пішу ў “Піянер Беларусі”. Я пацвердзіў. Тады ён кажа: “Чаму ты не пішаш нам? Вось табе заданне. Набліжаецца Новы год. Напішы верш!” Я паспрабаваў патлумачыць, што вершаў ніколі не пісаў, але ён быў вельмі настойлівы.

Словам, мая першая публікацыя  ў раённай газеце была вершам “Добры дзень, 47-мы!”

Пазней прыйшло таксама захапленне астраноміяй. Хацеў паступаць у Маскву. Нават ліст па нейкіх пытаннях напісаў самому Ота Юльевічу Шмідту.

Аднак бацька прагматычна сказаў, што “ў Маскве зоркі не накормяць хлебам”, і параіў больш звярнуць увагу на журналістыку. Маўляў, там таксама можна паглядзець свет і зарабіць “на хлеб”.

Вершаваны літаратурны дэбют быў заўважаны, і я стаў сябрам літаб’яднання. Свайго ў нас не было, таму ездзілі ў Маладзечна, дзе ўсім кіраваў Мікола Ермаловіч. Там надрукаваў яшчэ адзін верш, а потым зразумеў, што гэта не маё, і з першага курса ўніверсітэта пішу толькі прозу.

Да таго ж, на першы ганарар “раёнкі” я купіў дэтэктарны прыёмнік. Ні ў каго ў вёсцы такога не было. У наш дом правялі антэну, і па начах мы слухалі розныя “галасы”. І тыя, што глушылі, і тыя, што не.  Менавіта тады я і зразумеў, што свет не такі адназначны і не ўсё там так аднолькава, як пра гэта гаворыцца. Мабыць, гэта і вызначыла жыццёвы выбар.”

Пералічваць усе прыступкі кар’еры Адама Восіпавіча Мальдзіса няма патрэбы па той прычыне, што ўсе яны добра вядомыя, а калі патрэбна, лёгка адшукваюцца з дапамогай інтэрнэтаўскіх пашукавікоў. Я ж зрабіў акцэнт на тым, што Мальдзіс “у адпачынку” расказаў мне сам. Упэўнены, усім гэта спадабаецца больш.