Марачкін Аляксей

%d0%9c%d0%90%d0%a0%d0%90%d0%a7%d0%9a%d0%86%d0%9d

 

З кнігі “Лёсы”

 

Магчыма, так гучыць  банальна, але лёс кожнага чалавека  можна злажыць з нейкіх карцінак. А  гэтую метафару я нагадаў не таму, што для мастака Аляксея Марачкіна (Алеся Мары) падобнае больш зразумела. Проста яго жыццё, сапраўды, нагадвае цікавую галерэю.

 

Колеры дзяцінства

 

Мае бацькі – Антон Мікалаевіч і Хадора Хролаўна. Імя маці даволі рэдкае. Я з дзяцінства прывык да таго, што літару “ф” у нашай мясцовасці не вымаўлялі. Яе як бы не было ўвогуле: Хведзя, хвасоля…

Сям’я была вялікая. У мяне дзве сястры і два браты. Усе, слава Богу, жывыя. Я нарадзіўся  30 сакавіка 1940 года, на рэлігійнае свята мучаніка Аляксея (у гонар яго і назвалі), але памылкова ў пашпарце напісана – 10 сакавіка. Справа ў тым, што пад час ваенных закалотаў пасведчанне аб нараджэнні не захавалася. І ў школе дзень сваіх народзінаў я назваў амаль наўгад, бо дакладна ведаў толькі год. Пазней спытаў у маці, калі адзначаецца “святы Аляксей” і пачуў – напрыканцы сакавіка, а калі паглядзеў царкоўны каляндар, то ўбачыў – 30.

Мая родная вёска — Папоўшчына (Чэрыкаўскі раён Магілёўскай вобласці). Яе назва паходзіць з таго, што тут некалі былі надзелы папоў. Яны былі не дурныя, ведалі, дзе вырошчваць бульбу, сеяць жыта і ўсё такое — зямля ўрадлівая. Для савецкай улады, яе ваяўнічага атэізму  Папоўшчына гучала не мілагучна, і вёску перайначылі ў Новую Слабаду, але ніхто так і не пачаў называць па-новаму.

Трэба сказаць, што часы вайны я помню, як праз сон, але дзіцячыя ўспаміны, тым не менш,   ёсць. Помню, як мы беглі ў лес, калі  адступалі немцы. Я бег з маці праз поле, дзе ляжалі кімсьці забітыя каровы. Многія з іх былі ўжо даволі “брухатыя”. Відаць яны там праляжалі даволі доўга. Мы схаваліся ў лесе. Дзеці, жанчыны, старыкі. Усе астатнія мужчыны былі на вайне. Была ноч. Над нашымі галовамі праляталі самалёты. Вяскоўцы распалілі невялікае цяпельца. А я  браў нейкую сухую галінку, падпальваў яе ў цяпельцы  і кідаў уверх. Вугольчыкі іскрыліся, і мне было дужа цікава глядзець на гэтыя зорачкі. Нехта ўшчуваў маю маці: “Супакой дзіцёнка. Што ён немцам сігналы падае?.. Бамбіць будуць.”

Памятаю таксама, што пад час нейкай страляніны, я схаваўся ў жыта, каб лепш паглядзець на бойку паміж нямецкімі самалётамі і савецкімі “стракозамі” (іх называлі менавіта так).   Яны ляталі так нізка, што мне малому здавалася быццам бы іх  можна  нават рукамі злавіць.

Раптам я ўбачыў, як за адным самалётам з’явіўся чорны дым. Яго закруціла, самалёт узвіўся вышэй, а потым пачаў падаць за нашу вёску. Выбуху не было. Прайшло больш за сорак год, і калі пачалі асушаць балоты, знайшлі той самалёт. Мужыкі расказвалі, што, як паднялі яго з вады, то ўбачылі – у торфу захавалася амаль усё.  Загінуўшы савецкі лётчык быў, як жывы. Зразумела, пасля вельмі хутка ён спарахнеў.

Малодшы брат Мікола працаваў тады ў Чэрыкаве і многае ведаў. Ён неяк паказваў мне, старога механіка, апранутага ў куртку таго самага лётчыка. Карычневая такая. Мне было ніякавата…

Пазней пра імя загінуўшага дазналіся і  паставілі яму помнік.

Акрамя Міколы, які нарадзіўся пасля вайны, з намі жылі сёстры Валя, Аня, якую мы звалі Нютай і старэйшы брат Васіль. Канешне, яны мяне даглядалі. А ў другой хаце, што побач з нашай, жыла бабуля Хрысціна з сынам Васільком. Муж Хрысціны Нікіпар загінуў на вайне.

Непадалёк ад нас была хаціна дзеда Андрэя. Гэта была легендарная таямнічая асоба. Менавіта ён разбудзіў у мяне фантазію. Пад час Першай імперыялістычнай вайны быў у палоне ў Аўстрыі. Ведаў іх мову, любіў спяваць, расказваць казкі. Валодаў незвычайнай фізічнай сілай. Яго чамусьці празывалі так: Магніт-Балабуй. Іншыя звярталіся да яго паважліва – Марцінавіч.

А яшчэ ён мог лячыць вадой і загаварваў яе. Аднойчы гэтую чарадзейную  моц пазнаў і я. Помню, нечым сур’ёзна захварэў і папрасіў  маці пазваць дзеда. Ён нешта пашаптаў над вадой, якую я выпіў і …заснуў. Прачнуўся цалкам здаровым.

Першае ўражанне пасля вайны – вяртанне майго бацькі. Помню, было гэта раніцай. Ён прыйшоў з палявой вайсковай торбай за плячыма. Ніякіх трафеяў там, мабыць, не было. Адзінае, што з’явілася ў доме новае – вялізны стос каляровых паштовак. Гэта былі рэпрадукцыі розных карцінаў.

Захапленне карцінамі

 

Седзячы на печцы я  любіў гэтыя паштоўкі разглядаць. Мне было вельмі цікава. Леанарда да Вінчы, Цыцыян, Рэмбрандт… Пазней арыгіналы гэтых мастакоў я  ўбачу  ў розных музеях свету і заўжды буду ўспамінаць дзяцінства, тыя паштоўкі.

Маляваць хацелася заўсёды.  Хаця і нарадзіўся ранняй вясной, называю сябе “зімовым чалавекам”. Зімы тады былі выключна  марозныя і снежныя. Мяне заўсёды заварожвала тое, што малявала прырода. На хатніх акенцах марозам былі зробленыя  розныя ўзоры. Падоўгу  глядзеў на іх, абводзіў пальцамі. Неверагодна прыгожае відовішча. Асабліва, калі хатняе цяпло іх пачынае мяняць!

Памятаю, аднойчы, калі я, седзячы на печы, у чарговы раз перабіраў тыя паштоўкі,  прыйшлі так званыя “старцы”. Так звалі тых,  хто хадзіў ад хаты да хаты ў пошуках нейкай ежы, бо пасля вайны наступілі вельмі галодныя гады… Гэтыя людзі жабравалі. Ведама, у некага хата згарэла. Нечым карміць дзяцей. Захар’я (цалкам сляпы) хадзіў са сваёй жонкай Маланняй. Ён граў на ліры і спяваў песні. Я вельмі любіў іх слухаць і заўсёды выбягаў сустракаць. Аднойчы сустрэў Маланню на вуліцы. Падалі першыя сняжынкі. Яна ўбачыла маё захапленне і пачала па памяці чытаць верш Змітрака Бядулі: “Сняжыначкі-пушыначкі, як матылькі ляцелі…”

У такім асяроддзі я і рос. Любіў святло, і баяўся цемры. Калі  хадзіў за чатыры кіламетры ў школу і вяртацца прыходзілася цемнатой (бо, як вядома, дні перад Новым годам былі кароткімі), то заўсёды радаваўся таму, што я не адзін, а нас цэлая кампанія: Віцька, Каця, Шурка, Валодзька….  чалавек 10-15 з вёскі. Зараз гэтай вёскі няма. Засталіся толькі прысады.

Маці была непісьменным чалавекам, не скончыла ні воднага класа. Нарадзілася ў сям’і, дзе было шмат дзяцей – 12. Была пастушкай і дужа прыгожа спявала старадаўнія беларускія песні. А бацька вучыўся ў царкоўнапрыхадской школе. Больш за тое. Пасля вайны ён скончыў Магілёўскае (як звалі тады) культасвет вучылішча, якое рыхтавала сельскіх клубных работнікаў. Яго прызначылі бібліятэкарам у суседнім калгасе.  А гэта значыць, дома заўсёды былі кніжкі, было што пачытаць.

Мне вельмі падабаўся часопіс “Огонек”, бо там друкаваліся рэпрадукцыі з карцін розных мастакоў. Я разглядаў іх з вялікім захапленнем, але зразумець подпісы не мог. Сястра Валя ўжо хадзіла ў школу і ўмела чытаць. Прасіў яе памагчы. Яна адказвала – пойдзеш у школу, навучышся чытаць сам. Але  чакаць не хацелася. Такім чынам, ужо да школы я нармальна чытаў і, калі мне бацька прынёс кніжку казак Пушкіна, то з ёй не ўзнікла амаль  ніякіх праблем. Чытаць мне вельмі падабалася.

У школе дыктоўкі, сачыненні, ізлажэнні  пісаў  добра. Быў толькі адзін “дэфект”. Школа ў нас была беларуская, і я ніяк не мог уцяміць:  на рускай мове слова “малако” трэба пісаць “молоко”, бо прызвычаіўся да таго, што “як чуецца, так і пішацца”. Калі за дыктанты па рускай мове я атрымліваў “тройку”, гэта ўжо было вялікім дасягненнем… У беларускіх словах, тэкстах памылак фактычна не рабіў.

Вучыўся ў Язёрскай сярэдняй школе. Вучыўся добра. Канешне, у першых класах было нецікава, бо там  вучаць чытаць па складах, і я “тармазіў” разам з усімі. Адзіная  радасць – малюнак. Настаўніцу звалі Марыяй Ільінічнай. Яна мяне выклікала да дошкі,  казала: сёння будзем маляваць каня. І прасіла мяне яго намаляваць, каб усе астатнія маглі скапіраваць. Гэтак ад мяне вучыліся малюнку аднакласнікі.

Найбольш светлы ўспамін – настаўнік беларускай мовы і літаратуры Пётр Рыгоравіч Плісікаў. Геніяльны быў педагог. Ён даваў нам значна больш, чым прадугледжвала школьная праграма. Мабыць, на  таго ж Якуба Коласа там даюць толькі некалькі дзён, а мы вывучалі “Новаю зямлю” амаль што паўмесяца.  Больш за тое, калі ў паэме падыходзілі да нейкіх дыялогаў, то ён рабіў  сапраўдны спектакль. Даваў дзецям чытаць па ролях, стаць на 45 хвілін тым, альбо іншым героем. Светлая памяць гэтаму светламу чалавеку. Гаварыў ён толькі па-беларуску. Не па вясковаму, а на літаратурнай мове. Таму ў школе гуманітарныя навукі мне падабаліся больш, чым дакладныя.

Фарбы юнацтва

Яшчэ ў школе я марыў паступіць у Мінскую вучэльню, якая рыхтуе мастакоў. Так і зрабіў. У Мінску ўжо тады жыла мая старэйшая сястра Нюта. Пасля ўступных экзаменаў нас (чалавек пяць-шэсць) сабраў   тагачасны дырэктар Краснеўскі і кажа: усіх  у вучэльню прыняць не магу, тым больш, што па конкурсу вы не праходзіце. Ён параіў   нам узяць  экзаменацыйныя лісты і паехаць у Віцебск у мастацкі тэхнікум (дарэчы, там некалі спрабаваў вучыцца Васіль Быкаў). На той час там пачалася рэарганізацыя. Былы тэхнікум ператваралі  ў  мастацка-графічны факультэт Віцебскага  педагагічнага інстытута.

Я быў  шчаслівейшым чалавекам у свеце, калі летам на вачах бабці Хрысціны паштальён прынёс мне ліст з паведамленнем аб тым, што  стаў студэнтам.  Дадам,  разам са мной імі сталі ўсе, хто прыехаў з Мінска, у тым ліку,  геніяльны мастак Антон Валатовіч, унікальны скульптар Валодзя Хмызьнікаў (на жаль, яны рана пакінулі гэты свет), вядомы скульптар Лёня  Зільбер, які зараз жыве і працуе ў Ізраіле.

На апошнім курсе (усяго 4) пабраўся шлюбам з Ірынкай, якая пасля скончыла біялагічны факультэт педінстытута. Вучыцца хацелася далей, але добра ўяўляў, што наперадзе чакае армія і таму, як настаўнік па малюнку і чарчэнню, паехаў па размеркаванні  ў глыбокае Палессе. Вёска Рубель Столінскага раёна. 1962 год. Самая вялікая вёска ў Беларусі. Палешукі вельмі каларытны і цікавы народ. Калі паказваў ім малюнкі (у тым ліку і свае), яны казалі: ”Ой, як хвайна!», а  я не мог зразумець, што гэта такое і толькі пазней даведаўся — “Добра!”

Служыў пад Барысавам, у знакамітых Пячах. А калі прызываўся, на плячах трымаў эцюднік з фарбамі, не мог яго пакінуць. Адзін з сяржантаў на размеркавальным пункце спытаў – ты што на рыбалку сабраўся ці ў армію? Мабыць гэта нагадала яму “скрыню” для зімовай рыбалкі.  Прыйшлося патлумачыць.

У “вучэбцы” мяне навучылі  вадзіць танкі, аднак больш часу маляваў плакаты ў Доме афіцэраў. І маляваў добра, таму  далей нікуды не адправілі. На адным з плакатаў замест “воин – будь бдителен» напісаў “воин – будь спокоен”. Ніхто гэтага не заўважыў.  Арганізаваў для   афіцэрскіх дзяцей студыю выяўленчага мастацтва. Дарэчы, сярод іх быў рыжы хлопчык  Мікола Ісаёнак. Сёння гэта вядомая прозвішча ў беларускім мастацтве.

Пасля войска вырашыў перабрацца бліжэй да Мінску. Працаваў два гады  настаўнікам у СШ № 4 у горадзе Жодзіна. Чатыры гады вучобы ў Віцебску мяне не задавальнялі. Таму паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Вельмі цікавы тады быў час. З аднаго боку — пасляхрушчоўская адліга. З другога  — пачатак брэжнеўскага застою.

Ўся творчая інтэлігенцыя была ўражана  выставай “Архітэктура Злучаных Штатаў Амерыкі”, якая адбылася ў Оперным тэатры.  У нейкім сэнсе савецкі “железный занавес” крыху прыпадняўся. Мы нават выпісвалі чэшскае фота-ревю і румынскую літаратуру, дзе друкаваліся даволі цікавыя рэчы.

Тады  ў наша жыццё толькі-толькі прыходзіў дызайн. Многія бачылі ў ім будучыню сваёй новай прафесіі. Мой сябра Валеры Кісялёў, з якім вучыўся яшчэ ў Віцебску, паступіў на аддзяленне дызайна БДТМІ і агітаваў мяне пайсці разам з ім. А я так думаю – навошта  той дызайн, калі да душы жывапіс. Як раз к гэтаму часу, так атрымалася, што  народны мастак Беларусі Іван Восіпавіч Ахрэмчык неафіцыйна (аб гэтым мы даведаліся пасля), тайна ад Масквы (знала толькі беларускае кіраўніцтва) адкрыў у БДТМІ, дзе быў загадчыкам кафедры, факультэт жывапісу. Афіцыйна мы паступалі на “дызайн і інтэр’ер”, а неафіцыйна вучыліся зусім іншаму.

Выбар сюжэту

 

Так, Ахрэмчык вырас на “сацрэалізму”, але ў нас часы ўжо былі іншымі. Будучы студэнтам і прачытаўшы Салжаніцына, я напісаў сваю першую грунтоўную працу “На лесапавале”. 1967 год. Я ўвогуле быў там завадатарам усяго, што не ўкладваецца ў існуючыя рамкі. За гэтую карціну мяне хацелі выключыць, але дзякуючы Ахрэмчыку, які сказаў, што гэта ўжо не так і кепска зроблена, мяне пакінулі ў інстытуце. Пазней яе купілі амерыканцы з Нью-Джэрсі ў мясцовы музей нонканфармізму. Яна зараз знаходзіцца там у пастаяннай экспазіцыі.

Ахрэмчык ведаў, што я “ціхі дысідэнт”, але імкнуўся не звяртаць на гэта асаблівай увагі. Наадварот, папярэджваў. Маўляў, трэба быць асцярожным, бо інакш вучобы не закончыць. На жаль, у гэтым сэнсе я не быў паслухмяным. Дух супраціву натхняў і ўзбуджаў.

Цікавы выпадак. Усім студэнтам загадалі напісаць што-небудзь да 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна. Я зрабіў … “Смаленне чорнага кабана”. Можна толькі ўявіць, які вэрхал тады падняўся. У рэктарат патэлефанавалі з міністэрства асветы, і мяне выклікалі ў адпаведныя інстанцыі. Але я застаўся на сваіх пазіцыях, бо не бачыў  ніякай крамолы ў сваім творы. Хапіла нахабства сказаць чыноўнікам, што “вождь” пралетарыяту любіў таксама паесці сала.

На дыплом мяне “вывеў” Натан Майсеевіч Воранаў, які быў вучнем  знакамітага Асьмёркіна (піцерская школа жывапісу). У той час я жыў з сям’ёй  у Жодзіна (жонка і сын), дзе меў кватэру, а ў Мінск ездзіў толькі дзеля вучобы. Перад дыпломам я паказаў майму кіраўніку эскізы да карціны “Гуканне вясны”, бо хацеў напісаць менавіта гэты твор. Традыцыйная беларуская тэма. Вельмі прыгожы вясновы абрад. Бачыў яго на роднай Магілёўшчыне шмат разоў. Не  тое, што мне рабіць яе забаранілі, проста “параілі” намаляваць іншае. Дакладней, Жодзінскі аўтазавод з яго магутнымі БелАЗамі . З цяжкасцю змушаны быў пагадзіцца.  На абароне атрымаў вышэйшую адзнаку.

“Гуканне вясны” я потым ўсё ж такі намаляваў. Сустрэлі яе вельмі  добра. Доўгі час яна была сярод пастаянных экспанатаў нашага Нацыянальнага  мастацкага музея, але прыйшлі “новыя кіраўнікі дзяржавы”, і яе схавалі. Гэтак жа адбылося і з карцінай “Вераніка і Максім”, якую перад візітам Лукашэнкі ў “новы корпус музея”, адданыя паслугачы рэжыму хуценька  прыбралі з экспазіцыі.

Падобнае было і раней. Не гледзячы на нейкія творчыя дасягненні,  чыноўнікі ад мастацтва заўсёды не спяшаліся браць мае палотны на нейкія буйныя выставы. У той жа Маскве  быў не вельмі пажаданым госцем. Мабыць, камусьці не вельмі падабалася тое, што было намалёвана. Канкрэтны прыклад – “Воблака” (1984 г.),  тэма – экалагічная катастрофа на Палессі, куды я некалькі разоў з’ездзіў. Карціна была на агульнасаюзнай выставе, але яе паказалі не ў “манежы”, цэнтральнай выставачнай залі, як іншых, а ў нейкім клубе. Было гэта за два гады да Чарнобыльскай аварыі. Вазьміце таго ж Міколу Селяшчука. Яго таксама не “балавалі” Масквой, бо бачылі сапраўдны талент, а, значыць, патэнцыйнага канкурэнта. А якую знішчальную крытыку ў адрас Міколы мы пачулі з’ездзе Саюза мастакоў з вуснаў самога Міхаіла Савіцкага! Жудасна слухаць было.

Увогуле, я – прадстаўнік незапатрабаванага пакалення, бо трэба было працаваць толькі так, як загадала КПСС. Магчыма, менавіта па гэтай прычыне мае равеснікі так цяжка “прабіваліся” у мастацтва. Выжывалі толькі мацнейшыя. Іншых пасылалі на перыферыю, дзе яны співаліся, паміралі ад гарэлкі…

Ніколі не працаваў “на заказ”. Не маляваў ні Леніна, ні Маркса з Энгельсам.  На маіх карцінах – іншыя героі: Францыск Скарына, Кірыла Тураўскі, Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Вітаўт Вялікі, Іван Луцкевіч, Цётка…. Сёння за гэта, магчыма, атрымаў бы (калі б сябраваў з уладай) дзяржаўную прэмію. Але як-небудзь абыдуся без такой ласкі. У 90-я гады, калі Саюз мастакоў вылучаў мяне на званне заслужанага дзеяча мастацтва, я прынцыпова адмовіўся.

Палітра жыцця

 

Магчыма гэтае задужа пафасна, але з гадамі  пачаў разумець, што мы НАРОД, НАЦЫЯ і, каб не згубіцца ў свеце, павінны не забываць адкуль і хто мы. Творчы арыенцір на этнаграфічнасць і гістарычныя партрэты   абраў у той час свядома. Нават у нейкім сэнсе абмежаваў у сабе пошукі “чыстага мастацтва”.

У 1990 годзе пры  Саюзе мастакоў Беларусі была створана суполка “Пагоня”.

Я быў маральна падрыхтаваны да перабудовы, і таму цалкам лагічна тое, што мяне прызначылі загадчыкам кафедры жывапісу Беларускай акадэміі мастацтва. Дагэтуль займаўся вольнай творчасцю  і некалькі гадоў быў галоўным мастаком у мастацкім фондзе БССР. Другімі словамі, адказваў за мастацка-ідэйны ўзровень таго, што рабілася ў нашых вытворчых майстэрнях. Дарэчы, менавіта у той час у Мінску пачалося будаўніцтва метро. Дзякуй Богу, тое-сёе удалося адваяваць, аднак многае выратаваць не атрымалася.

Сумны прыклад – станцыя “Парк чэлюскінцаў”. Керамічныя пласты там рабіў вядомы (светлай памяці) мастак Аляксандр Кішчанка. Ідэалагічная камісія ЦК КПБ і прадстаўнікі гарвыканкама, не гледзячы на яго рэгаліі і вядомасць, загадалі знішчыць ужо зробленае, бо нехта ўбачыў у гэтых пластах эратычная матывы.

Тое ж самае пагражала і вітражам з падсветкай на станцыі метро “Інстытут культуры”. Некаму падалося, што ў шкляной арнаментацыі прачытваецца … фашысцкая свастыка.  І таксама хацелі ўсё знішчыць, але ад гэтага маразму ўдалося адбіцца.

Яшчэ адзін падобны факт. Станцыя метро Якуба Коласа. Каля ўваходу там ёсць пано з выявай прыгожых каласоў. Нехта ўбачыў  у гэтых каласах габрэйскую мінору. І мне прыйшлося звяртацца да галоўнага барацьбіта з сіянізмам і масонствам  Уладзіміра Бегуна, якому ўдалося даказаць, што гэта не так, і што мастакі зусім пра тое не думалі…

Яшчэ ў 1974 годзе я памяняў жодзінскую кватэру, пераехаў у Мінск  і працаваў у Акадэміі мастацтва на кафедры малюнка. А як стаў загадчыкам кафедры жывапісу ў часы перабудовы, здавалася, што ўсё будзе іначай – “дойдзем да Беларусі”. Ды нядоўга тое было. “Прыйшоў новы і мудры гісторык”. І сумна вядомы палкоўнік Замяталін, ягоныя службы выціснулі мяне з пасады загадчыка кафедры. Гэтым самым улады папоўнілі шэрагі праціўнікаў рэжыму. На мой погляд, яны паступілі неразумна, бо тым  самым як бы  падштурхнулі мяне запоўніць нішу нонканфармізму, мастацтва супраціву. І я вымушаны маляваць карціны тыпу “Плошча Каліноўскага”, “Звычайны нацюрморт” і г.д.

Такі лёс і ў іншых творцаў, якім не ўсё роўна, што адбываецца ў краіне.

Часта пытаюся ў сябе: “ Навошта мастаку палітыка?” Я не мазахіст і спецыяльна не раблю, каб нехта мяне ”біў”, арыштоўваў і саджаў за краты. Але не магу інакш. Душа востра рэагуе на падман, знявагу, цемрашальства. Можа ў іншых гэтае адбываецца іначай. І не вінавачу тых мастакоў, пра якіх некалі склаў такія радкі: “Штодня малюю хмызнякі і застаюся на вякі…”Толькі адны хмызнякі маляваць не змагу і не буду. Мне не да душы тая фальш, якая ідзе ад галоўнага брыгадзіра нашай краіны, і якую адчуваю паўсюдна. Асабліва ў культурнай палітыцы.  На жаль, сёння з усяго беларускага (мова, культура) робіцца звычайны сувенір. Каб было што паказаць за мяжой – зубры, буслы, ручнікі і таму падобнае.

Я не магу схавацца пад стол, пад падушку, альбо зрабіць выгляд быццам нічога не адбываецца. Не змагаюся за нейкую пасаду, але і не парываю з Народным Фронтам, у якім я з самага пачатку яго існавання.  Не магу здрадзіць сваім думкам і стаць на калені перад цемрай. А галоўнае — я не адзін такі.

Аўтарскае пасляслоўе

 

Наша гутарка адбылася 28 снежня 2009 года ў майстэрні вядомага мастака, што месціцца ў знакамітым “Доме над Свіслаччу”. Аляксей Антонавіч патлумачыў, што яе  атрымаў яшчэ” у 1992 годзе пры кіраўніцтве Станіслава Шушкевіча. Дарэчы, гэта была апошняя майстэрня, пабудаваная на сродкі Саюза мастакоў пры падтрымцы дзяржавы.

 

%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d1%87%d0%ba%d0%b8%d0%bd1 %d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d1%87%d0%ba%d0%b8%d0%bd2 %d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%b0%d1%87%d0%ba%d0%b8%d0%bd3%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%be%d1%87%d0%ba%d0%b8%d0%bd-2 %d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%be%d1%87%d0%ba%d0%b8%d0%bd-3

SONY DSC

%d0%bc%d0%b0%d1%80%d0%be%d1%87%d0%ba%d0%b8%d0%bd-5