Марцэлеў Сяргей

%d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d1%9e

З кнігі "Жыццё пасля кратаў"

ПЕРЫЯДЫ ЖЫЦЦЯ

Даведка: Сяргей Марцэлеў нарадзіўся 29 красавіка 1977 года ў Мінску ў сям’і патомных навукоўцаў. Унук Станіслава Марцэлева, кіраўніка Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Таксама ўнук акадэміка-філосафа Леаніда Яўменава.

На прэзідэнцкіх выбараў 2010 года кіраваў перадвыбарчым штабам Міколы Статкевіча.  Уначы 23 снежня быў зняты з цягніка, на якім ехаў у Варшаву на здымкі перадачы тэлеканала “Белсат”. Арыштаваны, змешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачваўся ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 4 красавіка абвінавачанне зменена на арт. 342 КК.16 траўня асуджаны на 2 гады ўмоўна.

Дзякуючы герою гэтага нарыса я даведаўся, што ўсіх палітвязняў 19 снежня 2010 года ў КДБ падзялі на дзве групы –  “зачыншчыкі” і “пагромшчыкі”. Да першай катэгорыі адносіліся тыя, каго абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. “Пагромшчыкамі” называлі тых, хто (толькі) прымаў удзел у ажыццяўленні сілавых акцый.

Сяргей Марцэлеў адносіўся да першых заўсёды. Нават калі жорсткі крымінальны артыкул яму змянілі на “больш мяккі”…

Дзіцяча-юнацкі перыяд

“Нарадзіўся ў Мінску, у сонечным красавіку. Дакладней 29 красавіка 1977 года. Мой дзед па ліні бацькі Станіслаў Віктаравіч Марцэлеў у тыя часы быў сакратаром ЦК КПБ па культуры,  сябрам Акадэміі навук Беларусі, дзе потым да самай смерці ўзначальваў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. На жаль, ужо чатыры гады яго з намі няма…

Другога майго дзеда завуць Леанід Фёдаравіч Яўменаў, паэт, дыпламат, акадэмік. У свой час ён узначальваў Камітэт ААН па правах чалавека.

То бок я нарадзіўся ў вельмі добрай і паспяховай сям’і.

Бацька, Уладзімір Станіслававіч Марцэлеў, – падпалкоўнік запасу. За год да прыходу да ўлады спадара Лукашэнкі зволіўся з войска і пачаў  займаецца бізнесам. Займаецца ім і зараз.

Маці, Тацяна Леанідаўна Яўменава,  выкладала гуманітарныя дысцыпліны ў розных вышэйшых навучальных установах. Зараз гэта паліталогія  ў Беларускім інстытуце правазнаўства.

Так атрымалася, што ў маім дзяцінстве бацькі разышліся.

Я закончыў школу №64, якая спецыялізуецца на паглыбленым выкладанні англійскай мовы.  Потым паступіў на бюджэтную форму навучання факультэта міжнародных адносін БДУ, што было не вельмі проста. Курсам старэй вучыўся сярэдні сын Лукашэнка Віця. Так што некаторы час я меў сумніўнае здавальненне бачыць яго ў атачэнні натоўпу падхалімаў.

На першым курсе я ўступіў у “маладзёвае крыло” сацыял-дэмакратычнай партыі – Маладую грамаду. У 1996  годзе мы правялі некалькі яркіх акцый. Дарэчы, традыцыю святкаваць Міжнародны дзень правоў чалавека першай увяла менавіта Маладая грамада. Мы зладзілі тады пікет каля будынка Нацыянальнага банку Беларусі. Як раз гэты быў дзень адкрыцця першага “Макдональса” у Мінску.

Як раз у той час у турме за верш “Забій прэзідэнта” знаходзіўся Славамір Адамовіч, і мы раздавалі ўлёткі са слоганам “Я не ем гамбургераў”

Па галоўным мінскім праспекце праязджаў “всенародновыбранный”, які па чутках хацеў адведаць заморскую страву, але мы  сустрэлі яго дружным улюлюканнем і картэж праехаў міма.

Гэты быў мой палітычны дэбют, які скончыўся першым арыштам, але тады, на шчасце, усё абмежавалася штрафам і вельмі строгім папярэджваннем ад дэканата нашага факультэта.

Такі пачатак.

Потым былі дзве “адсідкі” – за арганізацыю студэнцкіх акцый і за святкаванне Першамая. Агульна тады, здаецца, “набраў” 12 сутак. Прынамсі з другога пакарання я “саскочыў”, бо аб’весціў у камеры сухую галоўку. Як вядома, без вады доўга пратрымацца немагчыма. Праз пяць сутак мяне з Акрэсціна адвезлі ў рэанімацыю. Назад  не вярнуўся, бо тэрмін дзеяння  адміністрацыйнага арышту распаўсюджваецца толькі на два месяца – тады яшчэ імкнуліся трымацца законаў.

1997 год.

Пры затрыманні  мяне “крыху памялі” (зламалі рэбры і г.д.), таму вырашылі больш не чапаць. Цікава, што пракуратура Савецкага раёна была гатова тады ўзбудзіць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, але мне не хацелася далей высветляць з імі адносіны. Уражвае сам факт, які па нашым часе ўжо не магчымы. Усё тады было другім…

Зразумела, з чацвёртага курсу факультэта міжнародных зносінаў мяне адлічылі. І не скрывалі за што. Дэкан нашага факультэта растлумачыў  сапраўдныя прычыны. Афіцыйнай жа падставай стала тое, што я не здаў залік па медыцынскай падрыхтоўцы. Прадмет гэта факультатыўны, таму многія здавалі яго да самага сканчэння БДУ…

Да мяне ж паставіліся, мякка кажучы, “вельмі ўважліва”. Сабралі цэлы кансіліум, які ў рэшце рэшт паставіў  “неуд” за адсутнасць навыкаў правільна рабіць уколы.

Аднаго будучага дыпламата  не адбылося…

Дарэчы, факт майго адлічэння па палітычным матывам быў зафіксаваны ў дакладзе Дзярждэпартамента ЗША і вядомай міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Human Rights Watch».

Пачаліся звычайны для нашага часу прадстаўленні. Пастаянна сталі прыходзіць нарады  міліцыі, і на некаторы час я быў вымушаны пакінуць межы нашай краіны. Вярнуўся ў лютым 1998 года на з’езд “Маладой грамады”, дзе  аднагалосна абралі старшынёй арганізацыі, якую ўзначальваў два гады. Тады ў нас яшчэ была дзяржаўная рэгістрацыя. Рэспубліканскі маштаб. “Пад ружжом”  знаходзіліся 1300 чалавек “личного состава”.

Пералічваць  усе мерапрыемствы “Маладой грамады” няма сэнсу. Дастаткова сказаць, што ба дадзеным сацыёлагаў з Недзяржаўнага інстытута сацыяльных, палітычных і эканамічных даследаванняў арганізацыя была   трэцяй па пазнавальнасці. Пасля БПСМ, які потым стаў БРСМ і “Маладога фронту”, ад якіх яны адсталі на 0,2 адсотка.

Польска-беларускі  перыяд

У 2000 годзе я выйграў конкурс міністэрства адукацыі Польшчы, і паехаў вучыцца  у Інстытут імя Адама Міцкевіча ў Познані, які разам са знакамітай кракаўскай “ягелонкай” і Варшаўскім універсітэтам  уваходзіў у тройку лепшых у краіне. А наш факультэт паліталогіі і ўвогуле лічыўся самым лепшым.

Словам, за час вучобы “базіс”  атрымаў вельмі грунтоўны. Хаця і былі два “акадэмічных адпачынку”, бо  паралельна з вучобай увесь час займаўся і прафесійнай (палітычнай) дзейнасцю.

Справа ў тым, тады я быў яшчэ і каардынатарам міжнародных праектаў аднаго з польскіх фондаў. Гэта займала шмат часу. Мы працавалі для грамадзянскай супольнасці і палітычных партый Беларусі і Украіны, арганізоўвалі 15 міжнародных праектаў у год. Працаваў там чатыры гады. Пасля двух мяне значна павысілі – зрабілі сябрам праўлення.

Аднак, як кажуць, усё добрае некалі канчаецца.

Са змяненнем палітычнай кан’юнктуры ў Польшчы дзейнасць нашай структуры прыпынілася. Дарэчы,  у польскай (па складу работнікаў) структуры я быў адзіным беларусам і вельмі ганаруся тым, што мы рабілі. Працавалі ў асноўным з калегамі з сербскага  “Адпору”, што прыняў актыўны ўдзел у звяржэнні Мілошавіча.

Мае заслугі “прызнала” і украінскае кіраўніцтва, якое перад “памаранчавай” рэвалюцыяй  дэпартавалі з краіны. Было гэта перад першым турам прэзідэнцкіх выбараў 2004 года. Дакладней – 12 кастрычніка.

Паралельна з аэрапорту дэпартавалі сербаў, а я ехаў на цягніку. У іх “мабільны” працаваў, а мой быў заблакаваны, таму яны сталі героямі тэлерэпартажаў, а я не. Ціха “выкінулі” за памежны шлагбаум.

Чалавечны момант. Калі ўкраінцы мяне “выставілі” (на “нейтралку”  падвёз   на сваім амаль новым БМВ сёмай мадэлі маёр іх памежнай варты), я падышоў да польскага памежніка і патлумачыў сітуацыю. Ён моўчкі спыніў першую ж машыну, сказаў, што не будзе іх старанна даглядаць, калі тыя падвязуць да бліжэйшай чыгуначнай станцыі і высадзяць прама насупраць вакзала.

Потым  спытаў мяне – грошы ёсць?. Я вырашыў, што гэта звычайнае пытанне чалавека, які высвятляе матэрыяльнае становішча таго, хто перасякае мяжу, і хацеў паказаць свае грошы, але ён сказаў, што гутарка не пра гэта. Польскі памежнік быў гатовы фінансава дапамагчы, калі ў гэтым была патрэба… Такое высакародства  шчыра кранула сэрца…

З таго моманту ў  мяне  на пяць гадоў была забарона на у’езд на Украіну. Дамаю, Юшчанку яе адмяніў, аднак праверыць гэта магчымасці не было, бо наступны раз я трапіў у гэтую краіну толькі ў 2009 годзе.

Напэўна, «зорны час” у “польскім” перыядзе майго жыцця быў тады, калі я стаў саветнікам шэфа палітычнага кабінету віцэ-прэм’ера Польшчы. Адбылося гэта, калі, у выніку выбараў Марэк Пол стаў намеснікам кіраўніка польскага ўраду, а кіраўніца нашага фонду Катэжына Матушэўская  ўзначаліла палітычны кабінет.  Я  кансультаваў іх па ўсходнім напрамку.

Марэк Пол займаўся пытаннямі  эканомікі і  інфраструктуры. Магчыма, гэта і абумовіла будучую тэму маёй магістэрскай работы.

У 2007-м годзе я вярнуўся ў Беларусь, а ў годзе наступным ужо быў у камандзе Аляксандра Казуліна. Потым ён трапіў за краты і я два гады  працаваў ў грамадзянскай ініцыятыве “Свабоду Аляксандру Казуліну”. Быў выпускаючым рэдактарам іх сайта, а калі  Вольга Казуліна балатавалася ў парламент, працаваў у яе піяр-менеджэрам.

Перад самымі парламенцкімі выбарамі 2008 года Аляксандр Уладзіслававіч вызваліўся. Даволі хутка стала зразумела, што ён шукае новыя шляхі  ў палітыцы і неабходнасць у асабістым сродку масавай інфармацыі адпала.

У наступным годзе мяне запрасілі  працаваць у якасці каардынатара “Зялёнай сеткі”, якая з’яўляецца своеасаблівай “парасонкавай”  структурай   незалежных экалагічных арганізацый Беларусі.

На прыёме ў гонар “Дня Еўропы”, які штогод адзначаецца 9 траўня, я сустрэў даўняга знаёмага Мікалая Статкевіча. Ён прапанаваў стаць   паліттэхнолагам і ўзначаліць  перадвыбарчы штаб.

Палітычна-турэмны перыяд

Перад тым як далучыцца да каманды Статкевіча  я амаль месяц падарожнічаў па  Паўночнаму Каўказу.

Магчыма, некаторыя не пагодзяцца з такім поглядам, але ён (як і ўсе іншыя) мае права на жыццё. На маю асабістую думку, напярэдадні  падзей 19 снежня 2010 года ў лідараў апазіцыі не было ніякага агульнага плана дзеянняў, сумеснай тактыкі. Адсутнічала нават агульнае бачанне самога працэсу.

Не гаворачы пра нейкі  “сговор”,  які так упарта шукалі у КДБ…

Адзінае аб чым тут можна сказаць – дакумент, які перад выбарамі падпісалі некаторыя (далёка не ўсе) кандыдаты ў прэзідэнты. На мой погляд, ён носіць выключна дэкларатыўны характар, і накіраваны перш за ўсё на тое, каб пратэстны патэнцыял не быў так бяздарна “прафуканы”, як гэта адбылося ў 2006 годзе. Грамадства нам гэтага не даруе.

Перакананы, большасць з тых, хто трапіў тады за краты (асабліва тых, хто знаходзіцца там зараз) нельга назваць  выпадковымі ахвярамі. Яны пайшлі на гэта свядома. Тое, што  зрабілі і робяць зараз – свядомы чалавечы УЧЫНАК. Можна сказаць, ПОДЗВІГ.

Тое, што адбылася  ў штабе Някляева  (непасрэдна напярэдадні Плошчы) агучваць яшчэ раз няма сэнсу, бо пра гэта шмат разоў казалі іншыя. Адзначу толькі: некаторыя рэчы мне не зразумелыя па гэты дзень. Напрыклад, неўразуменне выклікае цэлая “гадзіна маўчання” (замест перамоваў),   якая папярэднічала пачатку руху на Кастрычніцкую плошчу…

Як вядома, гукаўзмацняльную апаратуру мы туды давесці не змаглі, а апошні раз я ўбачыў Мікалая Статкевіча на прыступках Палаца прафсаюзаў, дзе паціснуў яму руку…

На мой погляд, правільна зрабілі, што з адной плошчы пераходзілі на другую  па галоўным праспекце. Як паліттэхнолаг цалкам падтрымліваю такі выбар.

На жаль,  тое,  што адбылося на плошчы Незалежнасці цяжка зразумець з  пункту гледжання нармальнай логікі. Адназначна толькі тое, што нехта надта хацеў, каб паўтарылася трагедыя на Нямізе. Паніку натоўпу літаральна правакавалі пры дапамозе франтальных атак спецназу Унутраных войсках і спецыяльных сродкаў.  На шчасце, у іх нічога не  атрымалася.

Далей буду карыстацца сухой мовай міліцэйскіх пратаколаў.

Калі крочыць гэтаму правілу, то можна сказаць, што  “мерапрыемства” я пакінуў у 22.55, калі з 40 (з нечым) тысяч дэманстрантаў, засталося толькі каля пяці тысяч і пачалася другая хваля “амапаўскай зачысткі”. Зноў сталі чутнымі выбухі света-шумавых гранат.

Адной з прычын майго сыходу стала тое, што я быў крыху кантужаны яшчэ падчас “экспрапрыяцыі” тэхнікі на Нямізе, і адчуваў сябе вельмі дрэнна.

Праз некалькі хвілін ад журналістаў  Нямецкай хвалі даведаўся: Статкевіч арыштаваны, што потым ён пацвердзіў  асабіста.

З гэтай нагоды няспынная   “прэс-канферэнцыя” ў мяне цягнулася да пяці гадзін раніцы – расказваў журналістам пра падзеі на Нямізе і плошчы Незалежнасці.

На наступны дзень па савету праваабаронцаў адразу пачаў займацца арганізацыяй прававой абароны Мікалая Статкевіча. Знайшоў для яго патрэбнага адваката, разам  з  будучай жонкай Статкевіча  Марынай Адамовіч сабраў і перадаў цёплыя рэчы.

21 снежня мне патэлефанавалі з Белсата і запрасілі на публіцыстычную перадачу Зміцера  Гурневіча. Вечарам 22 снежня  сеў у цягнік і быў гатовы да таго, што да Варшавы  не даеду. У  Бярэсці (ужо 23 снежня) мяне затрымалі памежнікі, а праз дзень з “экскортам” з міліцыі і КДБ прывезлі ў Мінск, у “амерыканку”.

Там пад час допыту прапанавалі  хлусіць супраць Міколы Статкевіча. Маўляў, мы рыхтавалі металічныя штыры, “кактэйлі Молотава”, фінансаваліся заходнімі спецслужбамі.  Я адмовіўся і на пяць месяцаў трапіў за краты.

16 траўня 2011  вызвалілі ў зале судовых пасяджэнняў  суда Заводскага раёну  горада  Мінска. Прысуд – два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады за “арганізацыю групавых дзеянняў, які груба парушаюць грамадскі парадак”.

Сказаць, што там было дрэнна – нічога не сказаць. Напэўна іншыя ўжо шмат расказалі пра кадэбэшныя пакуты, таму я  буду засяроджваць увагу толькі на некаторых момантах.

Самая галоўная выснова майго знаходжання  за кратамі – разуменне сапраўднай сутнасці сяброўства. Сябар гэта не той, хто за кубкам, альбо келіхам піва кавы кажа табе кампліменты…

Што такое сябар я зразумеў ўжо пад час першай унутракамернай “разборкі”, калі адзін з асуджаных “пачаў качаць” правы. Да нас падышоў Саша Атрошчанкаў (сядзеў некаторы час разам). Пару яго словаў хапіла, каб пагасіць канфлікт… Ён не вагаўся не адной хвіліны…

Так паступае толькі сапраўдны сябар…

Цікава, як улада патлумачыла з’ўленне “маскі-шоў”. Нідзе гэтага ў прэсе не бачыў.

Пасля падзей 19 снежня 2010 года ВЫКОНВАЮЧЫМ АБАВЯЗКІ начальніка (звяртаю ўвагу на гэты момант)  прызначылі Аляксандра Уладзіміравіча Арлова. Справа ў тым, што дзеючы начальнік “амерыканкі” Піскуновіч (чалавек, які па маёй інфармацыі мае афіцэрскі гонар), адмовіўся выконваць абсалютна незаконныя загады наконт “палітычных”. Ён сышоў,  а гэты месца заняў “выконваючы абавязкі”, якога вызвалілі ад пасады пасля таго, як пасля судоў нас там не стала зусім. То бок гэтага чалавека “выкарысталі” выключна для “палітычных”.

Літаральна адразу пасля яго прызначэння з усіх камер “зніклі” правіла ўнутранага распарадку, якія рэгламентавалі правы заключаных, іх кантакты з ахоўнікамі. Зроблена гэта было для таго, каб ніхто не мог выступіць супраць кэдэбэшнага бязмежжа і спаслацца пры гэтым на нормы закона.

Разам з імі “зніклі” тэлевізары. Пры гэтым усім “зэкам” сказалі, што вінаватыя ў гэтым “палітычныя”. Такім чынам, яны хацелі іх нацкаваць на нас.

Дарэчы, улады вельмі “клапаціліся” становішчам апошніх.

Паяўленне людзей у чорных масках, патлумачылі тым, што “ у следчы ізалятар КДБ  у перыяд з 20-га па 26-га снежня была дастаўлена беспрэцэдэнтна вялікая колькасць людзей, якіх вінавацяць па асоба цяжкім артыкуле (гэта дапускае іншыя працэдуры абыходжання – заўвага аўтара), таму ў мэтах падтрымання ўнутранага парадку і абароны   праў астатніх заключаных было ўведзена спецыяльнае падраздзяленне”.

Маўляў, у “амерыканцы” сёння столькі “асабліва небяспечных”, што ад іх трэба абараняць астатніх…

Удзячны Алесю Міхалевічу. Пасля яго прэс-канферэнцыі на сядзібе БНФ аб кэдэбэшных пакутах і здзекаў стала лягчэй, “маскі-шоў” убралі.

Агідна-жахлівы перыяд

Дарэчы, яго прыклад вельмі красамоўна сведчыць аб тым, што змагацца за свае правы можна нават  у нашых  жахлівых умовах.

Час ад часу  чую пытанне – навошта мне гэта патрэбна? Адказ  просты – не магу інакш. Мяне  выхоўвалі на аксіоме, што зло павінна быць пакараным заўсёды.

Па спецыяльнасці я палітолаг, які спецыялізуецца на выбарчых тэхналогіях, але пры сённяшняй уладзе гэта не можа быць запатрабаваным па вызначэнню.

Як асуджаны я стаю на ўліку у міліцыі. Дык вось гэтыя “добрыя” людзі нават паабяцалі станоўчую характарыстыку , калі я пагаджуся працаваць дворнікам  альбо грузчыкам…

Упэўнены, тыя, хто зараз за кратамі абавязкова выйдуць на волю. Для мяне вельмі важна, каб ахвяра 19 снежня 2010 года не была дарэмнай. Каб тое, што тады было дасягнутым калі нармальныя людзі ў нашай краіне і за яе межамі убачылі, што адбываецца  ў цэнтры Еўропы, які завецца Рэспублікай Беларусь, не замазалі пустымі словамі і не забылі пра палітзняволеных.

На маю думку на наступных прэзідэнцкіх выбарах змяніцца многае. Логіка палітычнага развіцця такая, што абавязкова наступае “кропка кіпення”, калі спажывецкая ідэалогія у  умах людзей непазбежна сутыкаецца з неабходнасцю сацыяльных і эканамічных перамен. А гэта вядзе людзей да разумення, што такое палітыка. Хай нават у вульгарным, абывацельскім кантэксце, але яна прыйдзе абавязкова.  Калі пэўныя ліберальныя рэформы не адбываюцца, абывацель дарастае да пазіцыі Грамадзяніна.”

%d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d1%9e1 %d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d1%9e2 %d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d1%9e3 %d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d1%9e4 %d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d1%9e5 %d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d1%9e6 %d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d1%9e7 %d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d1%9e8