Машэрава Наталля

aside_masherova-22

З кнігі "Асобы"

НАТАЛЛЯ МАШЭРАВА — ПАЛІТЫК І ДАЧКА ПАЛІТЫКА

Перанос назвы «праспект Машэрава» з адной найбольш прыгожых вуліц сталіцы на другую не самую «казырную» глыбока пакрыўдзіў Наталлю Пятроўну Машэраву. І гэта зразумела. Я не раз прыгадваў энцыклапедыю, якая дэманструе найбольш яскравы «ўзор» палітычнага сіта. «Прыклад» Наталлі Машэравай таму яшчэ адно сведчанне. Бацька — Пётр Міронавіч Машэраў — там ёсць, а самой Наталлі Пятроўны няма. Быццам у найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі яе не было ўвогуле.

Калі на парламенцкіх выбарах 2000 года ўлада, яўна ў піку Міхаілу Чыгіру, па 102-й Заходняй выбарчай выставіла Наталлю Машэраву, я адразу ж сказаў, што гэта вельмі сур’ёзна. Але слухаць гэта тады ніхто не захацеў. І не таму, што я не быў самым галоўным у ініцыятыўнай групе былога кіраўніка беларускай выканаўчай улады. Проста раней Машэрава ўжо ўдзельнічала ў выбарах і зусім не была там фаварыткай. Праўда, раней не ўжываўся і так званы адміністрацыйны рэсурс.

У дзень выбараў экзіт-пулы праводзілі сацыёлагі знаёмага мне Андрэя Вардамацкага. Некалькі разоў прасіў яго расказаць пра бягучую сітуацыю, але той адмаўляў, бо гэта пярэчыць прафесійнай этыцы, і ён сам сябе паважаць перастане. Аднак на некаторых участках для галасавання такую інфармацыю я атрымаў ад тых, хто непасрэдна праводзіў апытанні. Машэрава з даволі значным адрывам перамагала, што было невыпадковым, бо амаль адусюль была чутна песня «Машэраўскі рай», бо дзяржаўныя СМІ дастаткова часта звярталіся да вобраза Пятра Машэрава. Гэта была дапамога. Нават з тапорным перабольшваннем, што выклікала звычайную для такіх выпадкаў «адрыжку». І што, на мой погляд, перашкодзіла Наталлі Пятроўне атрымаць перамогу ўжо ў першым туры.

Перамагла яна толькі ў другім. У Палаце прадстаўнікоў дэпутат Наталля Машэрава ўвайшла ў склад Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД.

Але ўжо праз год яна нечакана для многіх замахнулася на большае, заявіўшы аб сваім намеры балатавацца кандыдатам у прэзідэнты краіны. Для дзеючага прэзідэнта гэта было непрыемным сюрпрызам, аб гэтым сведчыць выказванне самога А. Лукашэнкі: «Мне толькі крыўдна, вельмі крыўдна, што такія людзі як Машэрава… Кінутай была сям’я, ніхто туды не хадзіў. Вы ж памятаеце, пасля прэзідэнцкіх выбараў я пайшоў у гэту сям’ю, падтрымліваў заўсёды. Шмат зрабіў для абрання гэтага чалавека ў парламент — і тут удар у спіну… Што, яна не разумее, што яна такім чынам грае на руку вось гэтай адвязанай празападнай апазіцыі? Што, не разумее? Разумее. Дык навошта так паступаць? Я не нападаю, зразумейце, гэта проста асабістае».

«Вертыкаль» хутка зразумела новую сітуацыю. А тут яшчэ Масква дала зразумець, што «Балівар не вынесе дваіх». Абяцаная інфармацыйная падтрымка расійскіх СМІ, якая многіх з наменклатуры спачатку заблытала, рэзка прыпынілася. Нечакана для многіх 4 ліпеня 2001 года Машэрава аднесла ў ЦВК заяву аб тым, што яна адмаўляецца ад рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, якая была задаволена ўжо на наступны дзень.

Наталля Пятроўна Машэрава нарадзілася 18 красавіка 1945 года ў горадзе Вілейцы Мінскай вобласці. Яе бацьку, які ў сямідзесятые гады мінулага стагоддзя ўзначальваў ЦК кампартыі Беларусі, сёння ведае амаль кожны, хто жыў у тыя часы. Асоба была даволі складаная, але тое, што тады беларусы жылі лепш за іншых, безумоўна. Як, безумоўна і тое, што Пётр Міронавіч, бачна выдзяляўся з тагачаснага савецкага вярхоўнага кіраўніцтва. Сваёй прастатой, паездкамі і сустрэчамі з людзьмі, нестандартнымі прамовамі. Хадзілі ўпартыя чуткі, што яго забяруць у Маскву, што Касыгін рыхтуе яго сабе на замену. Таму, калі Машэраў у 1980 годзе загінуў у аўтакатастрофе, многія даволі шчыра сумавалі і нават плакалі. Шмат хто і да гэтага часу (у тым ліку і сама Наталля Пятроўна) упэўнены, што тая аўтакатастрофа не была выпадковай. А арганізавалі яе ў Маскве, дзе спужаліся росту папулярнасці беларускага лідара.

Зразумела, што на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта яна паступіла без якіх-небудзь праблем. А пасля заканчэння стала працаваць малодшым навуковым супрацоўнікам, старшым выкладчыкам кафедры рускай савецкай літаратуры, старшым навуковым супрацоўнікам аддзела эфектыўнасці ідэалагічнай работы праблемнай навукова-даследчай лабараторыі сацыяльных даследаванняў свайго «альма матэр». Водгукі аб ёй, як спецыялісце, былі найлепшымі.

А потым пачаўся шлях у вялікую палітыку. Злыя языкі казалі: яна зрабіла ў жыцці толькі адно — стала «дачкой свайго бацькі». І прыводзілі ў доказ два аргументы. Першы: да 2000 года спроба атрымаць дэпутацкі мандат меншага за парламенцкі ўзроўню не была выніковай. Другі: адмовілася ад удзелу ў прэзідэнцкай гонцы, як толькі на яе пачалі «давіць», палітыка ж, які так лёгка адмаўляецца ад барацьбы, нельга лічыць моцным палітыкам.

Ёсць і контраргументы. У прыватнасці, тагачасныя канкурэнты Машэравай імкнуліся зразумець і патлумачыць яе выхад з барацьбы за прэзідэнцкую пасаду. Былы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі назваў яго разумным, а ў мінулым кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын патлумачыў усё «беспрецедентной травлей», якую беларускія ўлады пачалі супраць яе і ўсёй сям’і Машэравых.

Дачка выбітнага і папулярнага дзеяча, вядомасць прозвішча, водбліск бацькоўскай славы — гэта, зразумела, фора для палітыка. І прыкладаў таму не мала ў гісторыі, як даўняй, так і найноўшай. Але гэта — толькі на старце. Далейшы лёс новага носьбіта палітычнай традыцыі сям’і залежыць ужо ад яго самога. Лёс Наталлі Машэравай гэта цалкам пацвяр­джае. Ці стала яна самастойным палітыкам? Безумоўна. Ці аказала яна пэўны ўплыў на фарміраванне палітычнага клімату, палітычнай сістэмы ў Беларусі? Таксама, безумоўна. Ці магла быць яе роля большай? Верагодна. Але ў кантэксце і ў залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі, ад абставінаў моманту, у тым ліку і сямейных (здароўе мужа, клопаты аб дзецях). І адназначна, пры большай паслядоўнасці ўласнай палітычнай лініі, уласных пазіцый (не блытаць з гнуткасцю, без якой не бывае палітыкі і палітыкаў).

Але менавіта тут і закладзены супярэчнасці, абумоўленыя ў многім якраз тым, што яна была дачкой Пятра Машэрава — палітыка савецкай эпохі. Несумненна выбітнага, але і абмежаванага рамкамі свайго часу. Які добра разумеў неабходнасць перамен, аб чым сведчаць многія фрагменты з яго выступаў і практычных ініцыятыў. І які, аб чым ён сам расказаў любімай дачцэ, быў знаёмы з праектамі рэфармавання сістэмы, што патокам ішлі ў ЦК КПСС і… асядалі ў сейфах. Не загінь ён у той аўтамабільнай катастрофе і мы, магчыма, убачылі б эвалюцыю камуністычнага палітыка Пятра Машэрава ў палітыка новага тыпу, накшталт Бразаўскаса. І былі б сведкамі іншага ходу рэформ у Беларусі.

Эвалюцыя палітыка Наталлі Машэравай ішла па адпаведных вехах. Яна была за захаванне СССР, за рэфармаванне (як паляпшэнне), сацыя­лістычнай палітычнай сістэмы. Была за славянскае адзінства. А завяршала свой актыўны палітычны шлях як прыхільнік паслядоўных дэмакратычных пераўтварэнняў, незалежнасці і суверэнітэту беларускай дзяржавы ў добрасуседскіх адносінах як з Усходам, так і з Захадам. Была па той бок барыкад, прыйшла на гэты — у апазіцыю (але са сваёй пазіцыяй).

Аб гэтых асаблівасцях яе палітычнага шляху сведчаць і яе фармальныя пасады. У кнізе пра Палату прадстаўнікоў другога склікання гаворыцца, што Наталля Пятроўна Машэрава была намеснікам Галоўнага ўпраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы і сувязяў з грамадска­сцю — начальнікам упраўлення Сакратарыята Парламенцкага Сходу Беларусі і Расіі, дэпутатам гэтага самага сходу і старшынёй Камісіі па інфармацыйнай палітыцы і ўзаемадзеянні з грамадскімі аб’яднаннямі.

Акрамя гэтага яна ўваходзіла ў дэпутацкае аб’яднанне «За саюз Украіны, Беларусі і Расіі» (»Зубр»), у дэпутацкія групы «Адзіная Беларусь» і «Сябры Балгарыі». Апошняе, канешне, цяжка зразумець, калі ўлічыць, што Балгарыя ўваходзіць у НАТА, але ж славяне, братушкі.

Выдавала «Новую народную газету», якой даволі хутка не стала. Стварыла і была прэзідэнтам Беларускага саюза імя П.М. Машэрава «Зніч».

Назвы структур, якія былі нагаданы вышэй, даволі красамоўна сведчаць аб поглядах Машэравай. Таму невыпадкова, што калі ў 2001 годзе з 22 (усяго іх было 26) ініцыятыўных групаў, якія былі зарэгістраваны ЦВК, аказаліся і прыхільнікі Машэравай, яе адразу ж пачалі называць «праектам Крамля».

Вернемся да пачатку нарыса. Напярэдадні Дня Перамогі 2005 года, калі і быў абвешчаны ўказ аб перайменаванні праспекта Машэрава ў праспект Пераможцаў, Наталля Машэрава, якая заўжды стрымлівае свае эмоцыі, на гэты раз была даволі рэзкай. У інтэрэв’ю «Народнай волі» (ад 14 мая) яна назвала гэты ўказ «похоронкой», што прыйшла на бацьку праз 60 гадоў пасля заканчэння вайны.

11.02.08