Міхалевіч Мілана

%d0%bc%d0%b8%d1%85%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87-2

З кнігі "Супраць плыні"

ПЕРААДОЛЕЦЬ СТРАХ

Вядома, што страх з’яўляецца нармальнай чалавечай эмоцыяй. Больш за тое, бываюць выпадкі, калі не баяцца чаго-небудзь анамальна, таму час ад часу і ўзнікаюць падобныя пытанні да Міланы Міхалевіч. Яна адказвае, што не ведае, калі гэты страх згубіўся, і што баяцца ўсё жыццё таксама ненармальна…

Родам з дзяцінства

Звычайна ў жанчын складана (нават журналістам) высветліць канкрэтную дату народзінаў, але з Міланай Міхалевіч такіх праблем не было.  Больш за тое, яна прынцыпова лічыць,  што хаваць тут нічога не трэба – 29 лістапада 1976 года.  Для тых, хто з’яўляецца прыхільнікам розных гараскопаў,  спецыяльна  адзначу – Стральцоў   (па меркаванням астролагаў) у гэтым годзе чакаюць адны  пазітывы.  Асабліва ў асабістым сэнсе. Зоркі абяцаюць “светлую будучыню”, што складана сказаць пра мінулае, асабліва пасля падзей 19 снежня 2010 года. Але пра гэта ніжэй, а пакуль хацелася б крыху ўзгадаць жыццёвы шлях самой Міланы Міхалевіч.

Яе бацька — Міхась Серафімавіч Шушкевіч. Можна толькі ўявіць, колькі разоў (асабліва ў 90-я гады мінулага стагоддзя) Мілана чула пытанне наконт нейкіх сваяцкіх сувязяў з самымі вядомымі носьбітамі гэтага прозвішча, і кожны раз гучала – “Не радня!”. Хаця са Станіславам Пятровічам (бацька Станіслава Станіслававіча Шушкевіча) Міхась Серафімавіч перасякаўся, калі працаваў у літаратурнай рэдакцыі на Беларускім тэлебачанні.

А пра самога Міхася Серафімавіча павінны добра ведаць тыя, хто паважае розныя музычныя зборнікі, бо ён напісаў словы для шэрагу песень. Самая вядомая з іх “Ты мне вясной прыснілася”. У 60–70-я гады мінулага стагоддзя яна была вельмі папулярная.

Вершы М.С.Шушкевіч пісаў раней і піша па гэты дзень. Толькі робіць гэта “для сябе”, таму што ў адрозненне ад многіх умее вельмі крытычна ставіцца да сваёй творчасці…

Маці Міланы Галіна Анатольеўна таксама філолаг, і па адукацыі, і па жыцці.  З самага пачатку і да выхаду на пенсію яна ўвесь час працавала ў Педагагічным універсітэце. А вось у яе мужа працоўная кніжка больш разнастайная. Спачатку ён працаваў у Акадэміі навук БССР, потым — на тэлебачанні, а “ушли” яго з рэспубліканскага радыё. Да і тое, гэта “ушли” – даволі ўмоўная рэч, бо яна поўнасцю адпавядала ўласнаму жаданню. З новымі начальнікамі,  што прыйшлі да кіраўніцтва пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года, у стыль-рэдактара М.С.Шушкевіча адносіны і не маглі быць іншымі: надта розны ў іх светапогляд.

Менавіта дзякуючы бацьку, з самага дзяцінства Мілана Міхалевіч размаўляе на беларускай мове. А яго маці Вольга Сямёнаўна, якая жыла разам з імі, дадала да гаворкі ўнучкі цудоўны вясковы каларыт. Дарэчы, бацька Вольгі Сямёнаўны, Міланін прадзед, быў вядомым траўнікам, лячыў людзей зёлкамі і замовамі і свае веды перадаў дачцэ, таму ў іх дом вельмі часта прыходзілі з падзякамі і павагай розныя людзі.

Каб падрабязна распавесці пра радавод па матчынай лініі, трэба пісаць асобную кніжку, таму абмяжуемся толькі тым, што паходзяць яны з Бялынічаў, хаця сама Галіна Анатольеўна нарадзілася ў Ленінградзе, дзе тады вучылася яе маці Аляксандра. Было гэта перад самым пачаткам вайны. У Бялынічы яна прывезла дачку гадавалай дзяўчынкай у 1941 годзе, паехала здаваць сесію, а ўбачыла сваё дзіця толькі пасля вызвалення Беларусі. Выжыла Галінка толькі дзякуючы бабулі Аўгінні Афанасьеўне Каласоўскай. Аднойчы ў хату завіталі фашысты. Яны патрабавалі выдаць сына-партызана, але бабуля Аўгіння адмовілася. Яе павялі на расстрэл, але ў апошні момант немец, які наводзіў аўтамат на бабулю, пашкадаваў малое дзіця, якое тая трымала на руках.

На жаль, Аляксандры ўжо няма на гэтым свеце, а вось яе родная сястра яшчэ жыве.  Алене Рыгораўне Каласоўскай 103 гады. Яшчэ ў 2006 годзе яна ўваходзіла ў ініцыятыўную групу  тагачаснага адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах Аляксандра Мілінкевіча і нават збірала ў яго падтрымку подпісы сваіх знаёмых. У 98 год!!!

Дарэчы, менавіта з Аленай Рыгораўнай Каласоўскай звязана адна з найбольш сумных старонак жыцця шматлікай радні Міланы Міхалевіч. Муж гэтай жанчыны Максім Васільевіч Макарэвіч займаў пасаду рэктара Педагагічнага інстытута (зараз універсітэт). Крэсла вельмі хацеў заняць нехта Іван Лакін, якога прыслалі туды з НКУС сакратаром парткама. Скампраметаваць франтавіка Макарэвіча, які прайшоў вайну ад пачатку да канца, меў баявыя раненні, дайшоў да Берліна, было практычна немагчыма, таму, каб прыдумаць кампрамат, пайшлі іншым шляхам. 6 верасня 1946 года “зніклі” (прама як зараз) іх пятнаццацігадовага сына Лёніка. Хлопчык не вярнуўся са школы і імгненна быў абвінавачаны ў тым, што з’ехаў за мяжу. Бацькам прапанавалі адмовіцца ад сына, а калі тыя гэтага рабіць не сталі, Максіма Васільевіча Макарэвіча хутка знялі з пасады без тлумачэння прычыны і прызначылі на ягонае месца “патрэбнага чалавека”. Лёніка не знайшлі па сённяшні дзень.

Гэта я да таго, што ад людзей са спецыяльных службаў можна чакаць самае агіднае паскудства, таму няцяжка ўявіць, якія пачуцці перажывала Мілана Міхалевіч, калі даведалася, што муж збіраецца публічна распавесці пра катаванні ў “амерыканцы”…

Ад бацькоўскага парога

Вельмі цікава ў іх сям’і святкавалі  дні народзінаў, і не толькі дзяцей. На лісце ватману стваралі сваю газету, якая складалася  са здымкаў, віншаванняў, малюнкаў, розных выцінанак-складанак. Галіна Анатольеўна пякла свой фірмовы слаёны пірог, а бабуля — мядовыя бліны. Для пірага Мілане з сястрой Аленай дазвалялася ўзбіваць крэм, а потым тое, што засталося ў місе, “падшкрабаць”.

Заўсёды прыдумляліся нейкія смешныя прадстаўленні: ці дзеці паказвалі лялечны тэатр (прасавальная дошка накрывалася коўдрай, а за ёй паказвалі спектакль з лялькамі), ці дарослыя пісалі  жартаўлівыя частушкі, спявалі песні. Але ўсё гэта было раней, і Мілана зараз нават не ведае, калі  ў іх хаце збярэцца столькі народу, бо некаторыя сваякі пасля падзей 19 снежня 2010 года ў мэтах асабістай бяспекі спынілі з імі ўсе стасункі…

Спачатку Мілана вучылася ў 52-ой сталічнай школе (мікрараён “Курасоўшчына”), а пасля 9-га класа паступіла ў ліцэй пры БДУ. Хто добра ведае парадкі гэтай навучальнай установы, пацвердзіць, што зрабіць гэта складана. Пасля быў філалагічны факультэт БДУ, дзе сярод славянскіх моваў дзяўчына абрала польскую.

Праз год  яна падала дакументы ў Лінгвістычны ўніверсітэт (англійская мова), здала ўступныя экзамены  і пэўны час вучылася адразу ў дзвюх навучальных установах, але потым аддала перавагу інязу. У 1999 годзе скончыла МДЛУ і пачала выкладаць ангельскую мову на кафедры сучасных еўрапейскіх моў  Педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Працавала там і паралельна вучылася ў аспірантуры да нараджэння дачкі Алёны. Аднак на дадзены момант Мілана не ведае, куды будзе вяртацца, бо іх кафедра не так даўно была расфармавана. Мабыць, сучасныя еўрапейскія мовы сёння больш не патрэбны, а “газавыя” пытанні можна вырашыць і на рускай мове…

Пра дэталі знаёмства з Алесем Мілана расказваць адмовілася адразу. І, на мой погляд, цалкам мела рацыю, бо гэта іх асабістае пытанне. Адзінае, што ўдалося высветліць, – вяселле адбылося таксама ў 1999 годзе, а ведалі яны адзін аднаго  на той момант ужо тры гады.  І адбылося гэта па справах Задзіночання беларускіх студэнтаў, якое Алесь Міхалевіч тады ўзначальваў.

Паездка, якой не было

Вечарам 19 снежня 2010 года Алесь перад самым пачаткам тых падзей адвёз сваю жонку і малодшую дачку (старэйшая Леся разам з бабуляй з’ехала на вакацыі) да бацькоў жонкі і паабяцаў сам хутка прыехаць туды начаваць (Міхалевічы жывуць асобна). Яны нават не развіталіся толкам, што было цалкам ім не ўласціва. Развітальны пацалунак у гэтай сям’і — нешта накшталт рытуалу. Былі выпадкі, калі дзеля яго Алесь нават вяртаўся дамоў з паўдарогі. А тут…

Ніхто з іх на  той момант не мог ведаць, што наступнай сустрэчы прыйдзецца  чакаць два месяцы,  у сям’і будзе ажно 7 (!!!) вобшукаў, у кватэры двойчы “вынясуць” дзверы, а першага ліста ад мужа прыйдзецца чакаць больш за тры тыдні.

Як вядома, 13 снежня  ў Варшаве ў польскім Сейме адбылася канферэнцыя, прысвечаная падзеям на Беларусі. На ёй зачыталі выступ Міланы Міхалевіч, якая сама трапіць туды не змагла, хаця і была запрошана польскім Міністэрствам замежных спраў.

Гэта была амаль дэтэктыўная гісторыя, толькі беларускія “байцы нябачнага фронту”  зрабілі ўсё ВЕЛЬМІ гратэскна, тапорна, прымітыўна. І  ніякай здзеклівасці ў маіх эпітэтах няма. Мне хутчэй сорамна за іх, бо сёння там інакш не ўмеюць. Сапраўдныя прафесіяналы  ў гэтых службах больш не працуюць. А не працуюць таму, што ім агідна рабіць нешта падобнае.

Можна толькі ўявіць пачуцці Міланы Міхалевіч, калі напярэдадні паездкі ёй двойчы патэлефанаваў арыштаваны муж і “параіў” нікуды не ездзіць і маўчаць пра гэтую тэлефонную размову. Маўляў, у такім выпадку яна можа пачуць яго на працягу тыдня зноў.

Не трэба глядзець крымінальныя серыялы, каб зразумець, што побач з ім стаялі людзі, якія прымусілі гэта зрабіць. Прашу прабачэння, але на нешта больш арыгінальнае, у іх банальна не хапіла розуму.“Падвох” адчуў бы нават той, хто гэтага вельмі не жадае.

Мілану Міхалевіч такая “просьба” не пераканала. У ноч пасля званка яна села і напісала ліст — зварот да польскага Сейма. Перадала яго – на ўсялякі выпадак –надзейнаму чалавеку. Пачуўшы ад мужа, што “нічога горш, чым ёсць, з ім ужо не зробяць”, яна вырашыла ехаць у Варшаву, але зрабіць гэта не змагла па вельмі банальнай прычыне – не далі.

На наступны дзень за гадзіну да адпраўлення цягніка ў яе кватэры пачаўся чарговы ператрус. Пяць супрацоўнікаў КДБ старанна рабілі выгляд, што нешта шукаюць.

Выканаўшы сваю непрыгожую місію і канфіскаваўшы камп’ютар старэйшай дачкі, супрацоўнікі КДБ сталі спяшацца дамоў. Выглядала гэта так анекдатычна, што, калі стала зразумела пра спазненне на цягнік, Мілана не вытрымала і сама пачала раіць паглядзець тое, што яны да гэтага моманту яшчэ “не ператрэслі”, кшталту скрынкі са сваёй дапісанай дысертацыяй. Яшчэ амаль гадзіну яна “не давала халтурыць”.

Пасля таго, як яны сышлі, сябра Міхалевічаў Юрась Губарэвіч, які жыве па суседству, прапанаваў ехаць у Варшаву на яго машыне. Але і гэтага не адбылося. “Эскорт” з некалькіх аўто пачаў суправаджаць яшчэ ў Мінску, а каля Баранавічаў іх “тармазнулі” супрацоўнікі ДАІ. Чалавек у цывільным прад’явіў пасведчанне на імя старшага лейтэнанта КДБ Віктара Дзмітрыевіча Тукая і сказаў: “Мы ведаем, што ў дадзенай машыне знаходзіцца Мілана Міхайлаўна Міхалевіч, і мне даручана паведаміць, што ёй забаронены выезд за межы Рэспублікі Беларусь”. У выпадку спробы ехаць далей прыгразіў затрымаць яе на мяжы.

Давялося вяртацца ў Мінск. З тым жа самым “эскортам”.

Пра ўсё, што здарылася, Мілана адразу паведаміла ў Польшчу, і раніцай старшыня камітэта дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасць” Іна Кулей зачытала той самы ліст, які быў падрыхтаваны днём раней. У зале, дзе праходзяць пасяджэнні польскага сейма, некаторыя плакалі.

Складаныя крокі

Вярнуўся дамоў  (пад падпіску аб нявыездзе) Алесь Міхалевіч роўна праз два месяцы пасля арышту —  вечарам 19 лютага 2011 года. Радасць, якую людзі перажываюць у такія моманты, падрабязна апісваць не буду па прычыне банальнасці такіх слоў. Скажу толькі, што тады быў пачатак новага развітання, бо 14 сакавіка ў сваім інтэрнэтаўскім блогу Алесь напіша, што знаходзіцца па-за зонай дасягальнасці КДБ, а 18 сакавіка прэсавы сакратар Чэшскага МЗС  Віт Колараж пацвердзіць, што Алесь Міхалевіч папрасіў палітычнага прытулку і ўжо два дні знаходзіцца ў адпаведным лагеры пад Брно.

Па наш дзень стаўленне да гэтага ўчынку неадназначнае. Як і да “гульняў” з галоўнай спецыяльнай службай краіны. Адны робяць з яго амаль што героя, які абхітрыў “байцоў нябачнага фронту”. Другія вінаваць ў палітычнай непаслядоўнасці. Маўляў, нават у тых умовах трэба было праявіць прынцыповасць. Трэція бачаць у дзеяннях Міхалевіча сцэнар “тонкага” плана КДБ.

На мой, погляд, ніхто з іх не мае рацыі на “истину в последней инстанции”, бо сапраўдныя матывы сваіх дзеянняў можа патлумачыць толькі сам Алесь Міхалевіч. На жаль,  за два тыдні зрабіць з ім “віртуальнае” інтэрв’ю ў нас так і не атрымалася , таму прыйдзецца абмежавацца толькі асабістым пунктам гледжання.

Не хачу спяваць нейкія “асаны” гэтаму чалавеку, але (па майму суб’ектыўнаму разуменню) тое, што ён зрабіў, безумоўна заслугоўвае павагі. Але не за тое, што некага “абхітрыў”, а за тое, што першым распавёў пра катаванні ў “амерыканцы”.

Пасля ў той альбо іншай форме пра іх будуць распавядаць фактычна ўсе, хто 19 снежня 2010 года трапіў за краты, аднак першым быў менавіта Міхалевіч. Упэўнены, што ўсе разумелі: там не піянерскі лагер і не санаторый, але ніхто не мог уявіць агіднасці і памераў здзекаў у нашай “стабільнай” краіне.

Калі шэптам (“слухалі” не толькі тэлефон) Алесь пачаў распавядаць пра іх сваёй жонцы, Мілану літаральна трэсла ад эмоцый.  І далёка не самых станоўчых. Жудасны расказ мужа так моцна ўразіў, што яна не памятае, як тады заснула.

Аднак адно — перажыць самому катаванні і зусім другое — расказаць пра гэта іншым. Тут патрэбныя не толькі палітычная рашучасць, але і асабістая  мужнасць, бо пры пэўных “раскладах” перажытае можа паўтарыцца зноў.

Да і публічна расказаць пра свае “хітрыкі” з КДБ – немалая рызыка. Зарабіць на гэтым нейкія палітычныя балы даволі цяжка, а вось на ўсё жыццё атрымаць ярлык “ненадзейнага” вельмі проста.

Памятаю, як гадоў дваццаць таму ў сваёй згодзе быць сексотам КДБ прызнаўся адзін вядомы паэт. Маўляў, ён пагадзіўся на “вярбоўку” толькі для таго, каб гэта не зрабіў нехта іншы і ні на каго са сваіх сяброў не “стучаў”. Высакародны матыў ніхто тады не ацаніў, а на паэце да самай смерці было ганебнае кляймо здрадніка.  Не дапамог нават адпаведны заклік вельмі аўтарытэтнага Васіля Быкава.

Тут, на мой погляд, сітуацыя прынцыпова іншая.

Па-першае, усе разумеюць, што ў тых умовах падобнае выйсце было цалкам маральным. Да таго ж, вельмі часта да маралі іншых некаторыя ставяцца больш крытычна, чым да асабістай. І прымаўка пра “бревно в собственном глазу” ўзнікла невыпадкова.

Па-другое, многія (у тым ліку і аўтар) вельмі ўважліва глядзеў шмат разоў анансаваны “кампрамат” на Міхалевіча.  Як кажуць у такіх выпадках, “гара” ў чарговы раз нарадзіла “мышу”. Дарэчы, менавіта гэтая тапорнасць і прымітывізм даволі яскрава сведчаць аб тым, што ніякага “сцэнару” не было і блізка, таму што сапраўдных прафесіяналаў там зараз амаль не засталося.

Па-трэцяе, нават калі дапусціць нейкую “двурукасць” Алеся Міхалевіча, то за яе айчынныя “нашчадкі жалезнага Фелікса” заплацілі вельмі вялікую цану. Несувымерна вялікую. Асабіста я не ведаю, якія сакрэты павінны быць у беларускай палітычнай эміграцыі, каб за іх можна было заплаціць такую вялікую цану, бо тое, што адбылося 28 лютага 2011 года, нанесла велізарны ўдар па міфе пра “дзяржаву для народа”.

Менавіта ў гэты дзень адбылася тая нечаканая прэс-канферэнцыя, дзе і прагучалі словы пра жудасныя катаванні ў беларускім КДБ. Нечаканая толькі для шырокай грамадскасці, бо некалькі бліжэйшых Міхалевічу людзей пра яе ведалі за пару дзён да сенсацыі ў штаб-кватэры БНФ.

Будзем лічыць, што іх прозвішчы я таксама не ведаю, бо асноўнае не ў гэтым. Галоўнае тое, што апазіцыя ледзь не першы раз за доўгія гады свайго існавання зрабіла ўсё не праз вядомае месца. Я пра тое, што прызнанні  Алеся Міхалевіча сталі поўнай нечаканасцю не толькі для журналістаў, але і для саміх катаў.  Такую  выснову можна зрабіць з іх абсалютнай разгубленасці.

Больш за тое, за пэўны тэрмін да “прэсухі” ён таемна з’ехаў са сваёй хаты і запісаў на відэа ўсё, што будзе казаць журналістам. Набраў на камп’ютары свой зварот, папрасіў яго перакласці на ангельскую мову і даслаў надзейнаму адрасату. Калі б яго забралі напярэдадні, журналістам усё агучыла б жонка Мілана.

Магчыма, некаму гэта нагадвае “бондзіану”, але я не лічу тут нешта звышпатрэбным. Перакананы, айчынныя спецслужбы працуюць  супраць апазіцыянераў даволі эфектыўна толькі таму, што гэтаму дапамагаюць апошнія. Выбачайце за натуралізм, але, як мне сказаў адзін знаёмы, “яны нават  п…ць без нашай каманды не могуць…”

Не, я не дэманізую існуючую ўладу, але бачыць сярод яе праціўнікаў адных “лохаў” таксама не хачу.

У дзяцінстве – будучыня

Калі ў Міланы нарадзілася першая дачка Леся, памерла бабуля Вольга (бацькава маці).  Некалькі месяцаў ёй нічога не казалі. Мабыць, не хацелі моцна хваляваць. Было гэта 15 кастрычніка 2000 года.

Калі дзіця (Лесю)  першы раз прынеслі да маці і паклалі побач, Мілана адразу адзначыла для сябе дзве рэчы —  яркія насычана-блакітныя вочы з  даўжэннымі вейкамі і “ямачку” на падбародку. Як у таты. На прыгажуню  прыходзілі глядзець нянечкі з усяго раддому і казалі, што ў немаўляткі такія доўгія вейкі адразу бываюць вельмі рэдка.

Зараз дзяўчынка вучыцца ўжо ў чацвёртым класе. Настаўнікі, як сапраўдныя прафесіяналы, палітычных пытанняў не закранаюць, а сябры яе вельмі моцна падтрымліваюць. А іх бацькі (на адным з бацькоўскіх сходаў) нават напісалі хадайніцтва, дзе прапанавалі арыштаванага кандыдата ў прэзідэнты ўзяць на парукі і выпусціць  “пад падпіску аб нявыездзе”.   Добра, што менавіта ў гэтым хадайніцтве адмовілі, бо ў падпісантаў сёння , напэўна, узніклі б праблемы. Ды і сам Алесь Міхалевіч па этычных матывах наўрад ці з’ехаў бы за мяжу.

Алёнка-Дамініка (падвойныя імёны дзецям часцей за ўсё даюць па рэлігійным меркаванням) нарадзілася  12 лістапада 2009 года, і слова “тата” вывучыла раней за “маму”. Распавесці што-небудзь цікавае пра яе нараджэнне Мілана Міхалевіч не можа, бо знаходзілася ў той момант пад наркозам. Дзіця выратавалі дактары знакамітай “сямёркі” , якую зараз афіцыйна называюць “Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр “Маці і дзіця”, і адразу накіравалі ў рэанімацыю.

Словам, Мілане тады было не да таго, каб абмяркоўваць з мужам яго планы.  Аб сваім намеры стаць кандыдатам у прэзідэнты ён сказаў ужо дома. Дакладней, паставіў перад фактам. Маўляў, “ у мяне ёсць каманда…людзі ў мяне паверылі… я не магу інакш…”

Мілана Міхалевіч добра разумела рызыку падобнага ўчынку (асабліва у нашай краіне), але ведала і іншае: муж не зможа жыць, займаючыся тым, што яму не цікава. Адзінае – яна папрасіла пакінуць “за межамі” такога выбару сям’ю. І мы сапраўды не ўбачылі рэкламных плакатаў кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча са сваім дачкамі. А інтэрв’ю  самой Міланы з’явіліся ў прэсе толькі пасля 19 снежня 2010 года.

…Практычна ўся наша шматгадзінная размова з Міланай Міхалевіч праходзіла пад “акампанемент” актыўнасці яе малодшай дачкі. Цудоўнае дзіця! Не палічыце пафасам, але за тое, каб такія дзеці без страху маглі рабіць “ладушкі”,  і змагаецца яе бацька…       

%d0%bc%d0%b8%d1%85%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87-3%d0%bc%d0%b8%d1%85%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87-5%d0%bc%d0%b8%d1%85%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87-6%d0%bc%d0%b8%d1%85%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87-7