Мілінкевіч Аляксандр

%d0%bc%d0%b8%d0%bb%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%871

З кнігі "Лёсы"

Менш за ўсё хацелася б, каб гэты аповед нагадваў выбарчую агітку, менавіта таму ў ім будзе так мала бягучай палітыкі. І гэта, на мой погляд, абсалютна правільна. Шмат хто ведае Аляксандра Мілінкевіча па ўлётках і Руху “За Свабоду”. Мне ж хочацца, каб усе болей даведаліся пра ягонае жыццё.

Фізік

Нарадзіўся ў Гародні 25 ліпеня 1947 году. У сям’і амаль усе былі настаўнікамі – бацька, маці, дзядуля, брат. І першая жонка, і другая напачатку таксама былі педагогамі. Словам, абсалютна педагагічны асяродак.

Бацькава сям’я праваслаўная, у дасавецкі час – заможная сялянская, з Пілюкоў, што ў 12 кіламетрах ад Гародні, калі ехаць па старым віленскім тракце на Азёры. Іх раскулачвалі, нават на расстрэл вялі. Скончылася ўсё канфіскацыяй на карысць калгасу. Дзед Іван Антонавіч быў вельмі суровага характару, прагны да працы і майстра на ўсе рукі. Мог і воз, і бочку змайстраваць, і хату паставіць. Усяго дасягнуў сам, сваім розумам і працаю ад світання да сутоння. Ён быў тыповы прадстаўнік дамастрою. Ягоная жонка, мая бабуля, Марыя Мікалаеўна, была вельмі добрай і настолькі ціхай, што я нават кепска памятаю яе голас.

Бацька мой, Уладзімір Іванавіч Баран, чвэрць стагоддзя быў дырэктарам школы, лепшай у Гародні. Вядомы ў горадзе чалавек, заслужаны настаўнік рэспублікі. Меў урадавыя ўзнагароды, у тым ліку і вышэйшую – ордэн Леніна. Нядаўна ў Аляксандра Фядуты выйшаў першы нумар беларускага біяграфічнага альманаха “Асоба і час”, там бацька – адзін з персанажаў. Таленавіты педагог, моцны настаўнік. Да вайны скончыў Варшаўскі ўніверсітэт. Географ. Працаваў у элітным ліцэі Стэфана Баторыя ў сталіцы Рэчы Паспалітай. Палякі, як даведаюцца пра тое, здзіўляюцца. Малады праваслаўны беларус – і ў такім прэстыжным месцы. Такое здаралася даволі рэдка ў той час.

Маці звалі Марыя Аляксандраўна Мілінкевіч. Яе бацька быў сынам і ўнукам паўстанцаў 1863 году. Род Мілінкевічаў, які я ведаю да восьмага калена, – гэта служылыя людзі. Жылі яны ў вёсцы Зубрава, недалёка ад Берштаў, на беразе рэчкі Котры. Сёння гэта самая мяжа з Літвой. Яны з XVII ст. былі на службе ў караля, потым цара асочнікамі –наглядчыкамі – пушчы. А ў часы манаршых паляванняў былі яшчэ і егерамі. Дарэчы, за ўдзел у паўстанні матчынага дзеда і бацьку пазбавілі ўсяго нажытага і выселілі на пустое месца ў той жа пушчы.

Сярод маіх сваякоў па лініі Мілінкевічаў тыя, хто ходзіць у царкву, лічаць сябе беларусамі, а тыя, хто ў касцёл, – палякамі.

Маці была чалавекам высокай культуры і эрудыцыі, цёплы і чулы чалавек. Захавальніца хатняга ачагу. Яна мела самы вялікі ўплыў на маё выхаванне. Да вайны скончыла Гарадзенскую прафесійную школу па спецыяльнасці “Хатняя гаспадарка”. Нашая хата заўсёды была поўнаю чашай, хаця пасля вайны мы ўтрох жылі на адзін бацькавы заробак. Яна была ўнікальнай гаспадыняй, усё магла: шыць, гузаць, а ў склепу заўсёды былі нарыхтоўкі – саленні, варэнні, вельмі смачнае хатняе віно.

Маці яшчэ дзіцём да кастрычніцкага перавароту і падчас грамадзянскай вайны паездзіла па Расіі: Пецярбург, Лібава, Варонеж, дзе яе бацька служыў на чыгунцы. У 30-я гады яны разам з маім бацькам працавалі ў Варшаве ў прытулку для дзяцей-сірот “Наш дом” на Бялянах. Яны прайшлі там цудоўную школу ў выбітнага педагога, доктара і пісьменніка Януша Карчака.

Летам 1939 году маці прыехала ў вёску Бершты, што пад Гародняй, пагасціць у маіх бабулі і дзядулі. 19 чэрвеня нарадзіўся мой старэйшы брат Уладзь, а 1 верасня пачалася вайна. Бацьку давялося перабірацца да сям’і з Варшавы праз новую нямецка-савецкую мяжу пешшу. Яго двойчы арыштоўвалі. І, калі немцы адпусцілі пасля допыту, то чырвонаармейцы прысудзілі да расстрэлу. У апошнюю хвіліну прысуд адмянілі: выратавала, што бацька вольна гутарыў па-руску. Дапамаглі гады навучання ў Расіі ў час эвакуацыі з бацькамі ў Сібір падчас першай сусветнай.

Увосень 1943 ледзь не расстралялі ўсю нашу сям’ю ўжо немцы. Родных забралі як закладнікаў у гарадзенскую турму, 100 чалавек былі расстраляныя, а яны апынуліся 120-я па спісе…

Маці падчас вайны яшчэ раз зазірнула ў вочы смерці. Нашы суседзі на Цагляным завулку, габрэі Лапіны, гаспадары даваеннай гарадзенскай фабрыкі па вытворчасці гульнявых картаў, апынуліся ў гета. Маці востра перажывала іх драму і па начох часта насіла ім ежу. За гэта пагражаў расстрэл на месцы, але яна рызыкавала і, нягледзячы ні на што, праз калючы дрот перадавала Лапіным клуначкі з харчамі. Аднойчы, аддаўшы перадачу, яна адчула, што нешта жорстка ўперлася ў спіну. Гэта была вінтоўка нямецкага ахоўніка. Чаму ён адпусціў яе, яна так ніколі і не даведалася. Мо  прыгажосць уратавала ёй жыццё. А можа – проста прачнулася пачуццё чалавечай спагады ў жаўнера…

Я нарадзіўся пасля вайны, быў жаданым дзіцём, але дакладна не запланаваным. Рос дужым, да 7 год ні разу не хварэў. Але ў першым класе падхапіў жудасную ангіну: нароўся ў буйных слязах на марозе з прычыны з’ехаўшай у глыбокі яр пазычанай у майго сябра лыжыны… Паднялася тэмпература –42 градусы, рэўматызм, парок сэрца, частковы параліч ног. Дактары дамовіліся: калі і выжыве, то наўрад ці будзе паўнавартасным фізічна. І выжыў, і з дапамогаю спорту прымусіў адыйсці парок сэрца. Аўтар сямейнага цуду – перш за ўсё мая звышвалявая і клапатлівая маці разам са сваёй блізкай сяброўкаю, дзіцячай доктаркай Ядзвігай Сельвестраўнай Урбановіч.

Мой старэйшы брат Уладзімір (дома мы яго клікалі Дзіма: Уладзімір – Уладзім – Дзім) скончыў школу ў 16 год. Марыў пра мора, выправіўся ў ленінградскую мараходку. Прыехаў у Ленінград і даведаўся, што стаць у ягоным узросце курсантам шанцаў няма. Вярнуўся вельмі засмучаны. Бацька параіў, каб не губляць часу, пайсці ў педінстытут на фізіку. А потым, калі будзе такое жаданне, зноўку паехаць у мараходку. Але пазней жаданне не з’явілася.

Скончыў навучанне Ўладзімір у 20 год, бо ў педінстытуце тады вучыліся 4 гады. І пайшоў настаўнікам у маю школу. Вучыў і мяне. У яго Боскі дар “на пальцах” тлумачыць усё, нават самае складанае, у фізіцы. Асабліва быў ён аматарам “лузгаць” складаныя задачкі. З тройкаю ў атэстаце па ягоным прадмеце многія паступалі ў сталічныя тэхнічныя ВНУ. Натуральна, што гэта ён зрабіў мяне фізікам. Я пра тое ніколі не шкадаваў, усё ж такі гэтая навука “абвастрае мазгі”, робіць мысленне лагічным і дыялектычным.

Дзяцінства, можна сказаць, у мяне было “складаным”: брат – настаўнік, бацька – дырэктар школы… Заўсёды трэба было быць “узорна дысцыплінаваным”. Балазе, па натуры я чалавек спакойны.

Рэгаліяў у брата асаблівых няма, але ў Гародні яго ведаюць многія. Магчыма, калі кажуць “Мілінкевіч”, брата ўзгадваюць не меней за мяне. А можа быць, нават і болей. Зараз ён на пенсіі, большасць часу бавіць на малой радзіме, у Берштах.

Навучаўся я ў школе цэлых 11 год. Гэта з-за моды на “працоўнае навучанне”: апроч атэстату я атрымаў яшчэ і пасведчанне “рысавальніка-дэталіроўніка”. Навошта краіне былі патрэбныя цэлыя класы аднолькавых спецыялістаў, застаецца таямніцаю.

У Гародні ў год майго выпускнога не было яшчэ ўніверсітэту, і ў педінстытут пайшоў асэнсавана. Было гэта ў 1965 годзе. Быць кімсьці, апроч настаўніка, я проста сабе не ўяўляў. Гэтая праца бачылася вельмі цікавай і важнай. Маючы залаты медаль, мог паехаць і ў БДУ. Веды былі добрыя і школа – лепшая ў горадзе. У нашым класе з 42 вучняў ледзь не палова была медалістамі. Фантастыка! Клас быў вельмі сяброўскім. Да сённяшняга дня часта збіраемся на сустрэчы выпускнікоў. Прыязджаюць аднакласнікі здалёк, хаця большасць засталася ў Гародні.

Навучацца ў педінстытуце з выдатнаю школьнай падрыхтоўкай было вельмі проста. Я аддаваў усяго сябе баскетболу. У нас была адна з лепшых студэнцкіх камандаў Беларусі. Да і зборная Гарадзенскай вобласці на чэмпіянатах рэспублікі стала была ў прызёрах. Трэніраваўся шмат і фанатычна. Спорт шмат у чым сфармаваў мой характар: настойлівасць, воля, трыванне, любоў да працы – адтуль.

Было і хобі: праз арганізацыю студэнцкага турызму “Спадарожнік” вазіў у студэнцкія гады польскія турыстычныя групы ў якасці гіда-перакладчыка. Аб’ездзіў паўсаюза, экскурсіі па Эрмітажы быў у стане правесці самастойна. І ў Крыме, і ў Кіеве, і ў Вільні, і ў Самаркандзе, і ў Растове Вялікім, і ў тузіне іншых цудоўных гарадоў пабываў. Мову засвоіў выдатна і сяброў па ўсёй Польшчы здабыў.

Выкладчыкі раілі пайсці ў аспірантуру, а мне гэтага чамусьці не вельмі і хацелася. Я аддаваў перавагу школе. Вельмі любіў дзяцей. Часам лавіў сябе на думцы, што нават у дзіцячым садочку хацеў бы папрацаваць.

З адзнакаю скончыў педінстытут, пачаў выкладаць. Колькі месяцаў папрацаваў у школе, але потым усё ж працягнуў вучобу ў аспірантуры. Справа ў тым, што адной з маіх інстытуцкіх выкладчыкаў была Клаўдзія Аляксееўна Акімава. Яны прыехала да нас з Ленінграда, выдатная фізік-тэарэтык. Доўга пераконвала, давала чытаць дадатковую літаратуру. Пераканала. Нізкі ёй паклон.

У 1969 годзе паступіў у аспірантуру Інстытуту фізікі Акадэміі Навук БССР. Шчыра кажучы, узровень тэарэтычнай падрыхтоўкі ў сталіцы быў вышэй за гарадзенскі.

У фізіцы дысертацыі ня робяцца хутка. Я займаўся тэорыяй лазераў. Разлікі рабіў на адной з першых савецкіх ЭВМ (Электронна-Вылічальная Машына) “Мінск-1”. Гэта быў прататып сённяшняга кампутара. Яна займала цэлую залю, працавала тады яшчэ не на паўправадніках альбо інтэгральных схемах, а на электронных лампах. Працаваў вельмі часта ноччу: задачы былі аб’ёмныя, з разлікамі на тыдзень, а ўдзень можна было атрымаць часу на паўгадзіны-гадзіну. Але колькі было рамантыкі, якая была атмасфера ў інстытуце!

Кіраўніком у мяне быў Андрэй Міхайлавіч Самсон, які ўжо пакінуў нас. Доктар фізіка-матэматычных навук, а потым і член-карэспандэнт Акадэміі навук. Цудоўны фізік, жыццялюб і чалавек з добрым пачуццём гумару.

Родам ён быў з Давыд-Гарадку і ў маім станаўленні як беларуса згуляў дастаткова вялікую ролю. Помніцца, ён сказаў: “Трэба, каб у цябе першая праца па фізіцы была толькі на беларускай мове”. Я спрабаваў супярэчыць і казаць нешта наконт таго, што ніхто тады не прачытае, але ён заставаўся непахісным. Маўляў, калі я свядомы беларус, які любіць сваю краіну, то і пісаць мушу па-беларуску. Толькі праз гады я пачаў разумець да канца ягоныя мудрасць і патрыятызм.

Другім кіраўніком быў Вадзім Аляксандравіч Савва. Ён прайшоў выдатную маскоўскую школу тэарэтычнай фізікі, дысыдэнт па натуры. Рахманы, разважлівы, ураўнаважаны, нават крыху замкнёны. Менавіта ён навучыў мяне бачыць за графікамі і дыяграмамі складаныя фізічныя працэсы і… ўвёў мяне ў кола зусім новай літаратуры – Платонаў, Булгакаў, Галіч, – знаўцам якой зьяўляўся.

Жыццё ў Інстытуце фізікі было разнастайным і вельмі цікавым для мяне.

Велізарнае ўражанне пакінулі цудоўныя лекцыі Юрыя Хадыкі аб старажытнабеларускай культуры ў суправаджэнні каляровых слайдаў. Ён, выдатны фізік, у душы сваёй пранікнёны лірык, глыбокі знаўца гісторыі нашага мастацтва. З групаю энтузіястаў з Акадэміі навук ён праехаў і прайшоў амаль усю Беларусь у пошуках шэдэўраў нашай сакральнай культуры ў той атэістычны час, выратаваў іх ад знішчэння і сабраў унікальную музейную калекцыю.

Пасля трох год навучання ў аспірантуры яшчэ тры з паловаю гады прапрацаваў у АН БССР і пасля таго абараніўся. У нас у інстытуце не выпускалі на абарону сырых прац. Маёй спецыяльнасцю была “Фізічная электроніка, у тым ліку квантавая”. Дысертацыя была прыстойнай і звалася “Генерацыя звышмагутных лазерных імпульсаў”. Адным з навуковых апанентаў быў Анатолій Мікалаевіч Рубінаў, які потым зыйшоў ва ўладу. Ніколі ў той час не думаў, што ў нас з ім настолькі несумяшчальныя погляды на гісторыю і грамадства.

У 1972 годзе я ажаніўся з Патлаценкай Наталляй Якаўлеўнай. Мы пазнаёміліся падчас маёй педпрактыкі ў гарадзенскай СШ №16 у 1967 годзе. У 1974 годзе ў нас нарадзіўся першы сын Аляксандр, а ў 1989 – другі, Вітаўт.

Пасля абароны мне хацелася застацца ў Менску: навука давала велізарнае задавальненне. Але шанцаў атрымаць тут кватэру не было, а заробкі ў навукоўцаў напачатку заўсёды былі невялікія. Давялося пераехаць у Гародню, дзе на базе нашага педінстытуту збіраліся заснаваць універсітэт. Хаця “давялося” – не зусім верна, я бясконца люблю свой родны горад, ведаю яго да мілых дробязяў, якія складаюць шарм заходняй сталіцы. Я вярнуўся да сябе.

Напачатку ў маёй альма-матар не было вакансіі, і я колькі месяцаў працаваў інжынерам у навуковым аддзеле. Потым выкладаў, вельмі хутка стаў дацэнтам. Фактычна, у Гарадзенскім універсітэце я прапрацаваў каля 25 год і мой лёс шмат у чым знітаваны менавіта з ім.

Была ў маім жыцці і яшчэ адна даволі цікавая прыгода. Паездка ў Афрыку. У 1979 годзе ва ўніверсітэт прыйшла прапанова з Міністэрства вышэйшай і сярэдняй адукацыі СССР для двух фізікаў паехаць у камандзіроўку ў адну з “краін развітых Азіі і Афрыкі”. Толькі два кандыдаты і знайшліся. Мне казалі, што ў Маскве, каб патрапіць у такую групу, трэба было даваць сур’ёзныя хабары альбо мець “касматую руку”. У нас – перыферыя, боязна, комплексы. Да таго ж трэба ехаць у Маскву, Ленінград, Кіеў вывучаць за 10 месяцаў замежную мову да дасканаласці.

З гэтым эпізодам і звязанае маё ўступленне ў партыю. У камунізм я тады не верыў, у “сацыялізм з чалавечым тварам” – так. Беспартыйнасць у тыя часы была, як правіла, шлагбаумам для павышэння па службе, асабліва ў навучальнай установе. А для паездкі за мяжу ў камандзіроўку, дый яшчэ і на працяглы тэрмін – патрэбны былі выключна члены КПСС.

Мову я вучыў у Кіеўскім універсітэце на адмысловых курсах “для афрыканцаў” – дацэнтаў, якія рыхтуюцца да “дэсанту” ў Афрыку. Цудоўныя выкладчыкі, па тым часе – суперлінгвафонныя кабінеты ва ўніверсітэце і інтэрнаце. Праз 10 месяцаў я прыстойна размаўляў па-французску і меў уласна напісаныя на гэтай мове канспекты лекцыяў меркаваных курсаў.

Напярэдадні паездкі ў Алжыр за поспехі ў навучанні патрапіў яшчэ на стажыроўку ў Францыю ў адзін са старэйшых еўрапейскіх універсітэтаў горада Монпелье ў раёне Лазурнага ўзбярэжжа.

У алжырскім горадзе Сітыф прапрацаваў чатыры гады. Узначаліў катэдру. У мяне ў падначаленні было 27 чалавек: французы, палякі, румыны, в’етнамец, немцы з ГДР. Болей за ўсіх – французаў, “мілітэраў” – тых, хто замест службы ў войску абраў працу ў развітых краінах. Універсітэты краіны ўжо тады былі абсталяваныя як у Еўропе. Алжыр – багатая краіна, шмат газы, нафты. На адукацыі не эканомілі. Поўнач Афрыкі прыгожы. Тут і субтропікі з Міжземным  морам, і горы, дзе я працаваў, і, натуральна, самая вялікая экзотыка – Сахара з казачнымі аазісамі.

Лірык

Я заўсёды быў вельмі актыўным чалавекам – чальцом грамадскай рады пры гаркаме ЛКСМБ, старастам студэнцкай групы, сябрам прафкому. Удзельнічаў у гульнях КВЗ, тады яшчэ не было запісу – і ўсе жарты ішлі толькі ў простым эфіры. Хто паверыць, што такое было ў 1969? Але гэта факт.

І ў палітыку я, па сутнасці, патрапіў з-за свайго захаплення краязнаўствам. Бацька выкладаў геаграфію, гісторыю, і ў нас дома была цудоўная бібліятэка старых паштовак, фотаздымкаў, шмат кнігаў, у тым ліку і на польскай мове, французскай, нямецкай.

З іх і ад бацькі я і спазнаў сапраўдную гісторыю Беларусі, а не тую, што выкладалі ў школе. Верагодна, калі б не гэтае хатняе фармаванне гістарычнай самасвядомасці, мой лёс быў бы іншым.

Мяне заўсёды цікавіла пытанне: ёсць свая гісторыя ў расейцаў, ёсць у палякаў, а ў нас чаму ж няма? Калі па школьным падручніку – то, здаецца, і расейцы, але другога гатунку, бо беларусы.

У 1986 годзе, пасля вяртання з Алжыру, мне прапанавалі весці на гарадзенскім тэлебачанні аўтарскую перадачу “Па вулках старога горада”. “Перабудова”, “галоснасць” –  для Гародні гэта было, у першую чаргу, адраджэнне культуры, мовы, гістарычнай праўды. Не выпадкова нашае гарадзенскае адраджэнне ў 1980-х пачыналася з краязнаўства, беларускай культуры і мовы. І першая грамадзянская ініцыятыва, як тады казалі “нефармальнае аб’яднанне”, – “Паходня” – нарадзілася на гэтай хвалі прагі да сваіх каранёў.

На экране прабыў амаль 9 год. Перадача была папулярнаю, выходзіла мінімум раз на месяц. Звычайна рабілася гэта так: перад камерай я распавядаў нейкія невядомыя гісторыі пра наш край і горад, паказваў гледачам старыя паштоўкі, гравюры, слайды. У мяне іх – сотні. Я здымаў іх з натуры і ў архівах многіх краінаў. У прыватнасці, у Санкт-Пецярбургу, Маскве, Вільні, Варшаве, Кракаве, Мінску, Гародні. Перадачы гэтыя былі вельмі папулярнымі. Людзі нібыта нанова адкрывалі свой горад. Многія, хто не навучаўся ў Гарадзенскім універсітэце, думалі, што я не фізік, а гісторык.

У захапленні гісторыяй былі дзве падзеі асабліва цікавыя.

У 1988 годзе добрая знаёмая маёй маці, сёння 98-гадовая Марыя Рамуальдаўна Гратулевіч, наглядальніца ў музеі знакамітага Фарнага касцёлу, неяк кажа: “Ты ведаеш, Сашанька, мы з маім мужам Іосіфам з 1944, як пераехалі ў Гародню з Полацку, год 10 заводзілі гарадскі гадзіннік, той, што сёння на касцёльнай вежы. Потым прыйшлі нейкія гэбісты, сказалі, што такім чынам мы “адпраўляем камусьці сігналы” ў суседнюю з намі турму – і гадзіннік на доўгі час прыпынілі”. Яна папрасіла мяне як фізіка, тэхнара, паглядзець механізм і, калі нешта патрэбна, выправіць. Час ужо быў іншым – адліга.

…111 стаптаных прыступак вежы. Мы забраліся туды са старэйшым сынам Аляксандрам. Гадзінніка амаль не бачна з-за птушынага памёту, таму што кратаў на вокнах не было і там дзесяцігоддзямі абжываліся галубы. Першае, што мы зрабілі, прыбралі ўвесь памёт. Рукамі. Пякучы ён, горш за любую хімію. Натуральна, я тады нічога ў гадзіннікавай справе не разумеў, аднак адразу ж адчуў, што гэта, напэўна, рэч унікальная, старажытная. Механізм старажытнай коўкі, прыблізныя памеры – метры два на метр з нечым, і вышынёю з мяне. На дубовай аснове – фундаменце. Не было ківача, не хапала механізму бою чвэрцяў, але з часам атрымалася іх запусціць.

З дапамогаю … кампартыі, дакладней, першага сакратара гаркаму Аляксандра Алешына. Як потым высветлілася, выпускніка Ленінградскага політэха, аматара і знаўцы старой тэхнікі. Далучылі завод карданных валаў, дзе ў механічных майстэрнях выраблялі тое, чаго не хапала ў механізме. Вырабілі новыя цыферблаты па эскізе майго сябра, мастака-рэстаўратара Уладзіміра Кіслага. Але да гэтага трэба было перачытаць шмат кніг, прасядзець нямала дзён у архівах, нашых, польскіх, і расейскіх. У Літве знайшоў цудоўнага кансультанта – краязнайцу Рамуальдаса Юшку з Вільні.

Добра памятаю, што запуск працягваўся вельмі доўга і скончыўся ў дзень народзінаў маёй маці, то бок 14 красавіка. Гэта не выпадковасць, а падзея ў яе гонар.

Магчыма, прагучыць рамантычна-пафасна, але, калі гадзіннік усё ж пайшоў, мне падалося, што зноўку пачало грукатаць сэрца старажытнага гораду. Радасць нельга апісаць! Аб гэтым гадзінніку я напісаў артыкул у “Зборнік па гісторыі навукі і тэхнікі АН СССР”, і ў Гародні вельмі хутка з’явіліся спецыялісты з Эрмітажу. Таксама фізікі, праўда, ядзершчыкі, фанаты старажытных гадзіннікаў, на чале з Юрыям Платонавым, якія ў Ленінградзе займаліся рамонтам музейнай калекцыі гадзіннікаў. Калі яны пабачылі тое, што ёсць у нас, то пачалі гарадзенскі гадзіннік ледзь не абдымаць і казаць пра цуд. Па іх ацэнках, яму было амаль паўтысячы год, а не так, як я меркаваў – трыста. Гэта самы першы вежавы гадзіннік у Беларусі. Думаю, што ён і самы стары дзеючы гадзіннік і ва ўсёй Усходняй Еўропе.

Ён быў спрацаваны невядомым майстрам на пераломе ХV і ХVI ст.ст. пасля атрымання Гародняй поўнага Магдэбургскага права. Дарэчы, дзіўнае супадзенне: гэты акт пра права нашага гораду на самакіраванне, валодання гербам, сцягам, пячаткаю і пабудову “Ратушы з гадзіннікам” быў падпісаны Вялікім князем Аляксандрам менавіта ў маіх родных Берштах “у дзень Святога Бенедыкта 1496 года”. Першапачаткова ён стаяў на гарадской ратушы, якую ў сярэдзіне XVII ст. разбурылі войскі рускага цара Аляксея Міхайлавіча. Потым мясцовыя габрэі пачалі збіраць грошы на ягонае аднаўленне, але ратушу ўсё ніяк не маглі адбудаваць. І тады гарадзенскія іезуіты змясцілі гадзіннік спачатку на вежы калегіума, а пасля, з 1725, на сваім касцёле на Рынкавай плошчы, дзе ён і знаходзіцца па сённяшні дзень. Але гадзіннік два стагоддзі да прыходу “другіх саветаў” лічыўся гарадскім і абслугоўваўся магістратам.

Старажытныя помнікі тэхнікі звычайна захоўваюцца шмат горш за творы мастацтва, таму што з часам іх мяняюць на лепшыя і больш сучасныя. У міжваенных гарадзенскіх архівах я прачытаў, што ў 1939 годзе механізм гарадзенскага гадзінніку таксама хацелі замяніць, але перашкодзіла вайна. Атрымоўваецца, што гэтая трагедыя яго і ўратавала…

Другая гісторыя звязаная з пошукам месца захавання Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У той час я  даволі актыўна займаўся вывучэннем гісторыі Гародні XVIII ст. Гэта была эпоха імклівага развіцця майго гораду. Гарадзенскім старастам служыў Антоній Тызенгаўз, сябар дзяцінства і юнацтва апошняга польскага караля. Калісьці яны сустрэліся ў Волчыне, сёння гэта ўжо не мястэчка, а вёска ў Камянецкім раёне на самой мяжы з Польшчай. Тады там была рэзідэнцыя Чартарыскіх. Старажытны беларускі род. З яго паходзіла маці Станіслава Аўгуста. Апошні Польскі кароль і Вялікі князь Літоўскі меў беларускія карані.

Вельмі спрэчная была постаць. І да сёння ідуць дыскусіі. З аднаго боку – рэфарматар, фундатар, прамотар культуры, мастацтва, адукацыі, “філосаф на троне”, як казаў пра яго Жан-Жак Русо. З іншага боку – пры ім Рэч Паспалітая прыпыніла сваё існаванне ў выніку трох падзелаў. Гэта быў адзін з каханкаў Кацярыны ІІ. Яна спрыяла ягонаму ўзыходжанню на прастол, і яна ж потым змясціла яго з трону.

Пасля таго, як у Гародні яго пазбавілі кароны, цэлы год ён правёў пад хатнім арыштам у нашым замку. На той момант руская імператрыца памерла, да ўлады прыйшоў яе сын Павал, які маці, як вядома, не любіў і бачыў Расею іншай. Ён запрасіў да сябе ў Пецярбург Станіслава Аўгуста. Прымалі яго як караля, хаця ім той ужо і не з’яўляўся. Размясцілі ў Мармуровым Палацы, які пасля Зімняга быў па прыгажосці і значэнні другім. На ўсіх прыёмах да яго звярталіся “Ваша каралеўская вялікасць” і нават часткова абяцалі аднавіць Польскае каралеўства. Птушка ў залатой клетцы.

Праз год знаходжання ў Санкт-Пецярбургу Станіслаў Панятоўскі памёр. Пахавалі яго ў касцёле Святой Кацярыны, што на Неўскім праспекце.

У 1937 годзе пачалася камуністычная перабудова горада Петра. Вось тады і прапанавалі польскаму ўраду забраць свайго караля на радзіму. Але тое была, паўтаруся, постаць неадназначная. Дыскусія ў Польшчы разгарнулася не на жарт. Пра тое распавядаў мне і бацька. Адны лічылі яго здраднікам, іншыя называлі выбітнейшым чалавекам мінулага. Тым, хто заклаў фундамент польскай адукацыі і дамогся незвычайнага росквіту культуры. У рэшце рэшт, вырашылі, што яму не месца на Вавэлі ў Кракаве побач з тым, хто з шабляю ў рукох нядаўна адрадзіў польскую незалежнасць, — Юзэфам Пілсудскім. Ды і Варшава – не месца для караля сумнеўнай рэпутацыі. Было вырашана перапахаваць у Воўчыне, які ў тыя гады быў польскім. Чаму? Ён там нарадзіўся ў маёнтку маці. Дарэчы, як адзін з варыянтаў разглядаўся і Гарадзенскі фарны касцёл.

З Ленінграду парэшткі перавезлі таварным цягніком у Стоўбцы, потым перадалі польскім уладам. Пасля былі Баранавічы, адкуль на паштовым грузавіку патаемна ўночы іх даставілі ў волчынскі касцёл.

Гэта быў пачатак 1938 году, а ў 1946 амаль уся каталіцкая палова насельніцтва Воўчына рэпатрыіравала ў Польшчу. Як распавядалі мне мясцовыя жыхары, той жа ноччу касцёл абрабавалі. Зрабіла гэта завуч школы са сваім мужам па прозвішчу Хлыст, які быў камісарам пагранатраду. Яны адчынілі грабніцу, якая складалася з трох трун – велізарная сасновая, потым цынкавая, а самі парэшткі ляжалі ўжо ў дубовай. Шукалі, натуральна, каштоўнасці, але дарма, бо Панятоўскі быў пахаваны даволі сціпла. Затым у Воўчынскім касцёле савецкая ўлада зрабіла склад хімікатаў. Дах пачаў працякаць, ацынкаваная бляха ці то прадзіравілася, ці то яе банальна скралі.

Я наведваў Воўчын першы раз яшчэ ў 1979 годзе. Але цікавасць да гісторыі нашага апошняга манарха жыла ў мне, і я лёгка пераканаў зноўку паехаць туды майго сябра, прафесара-археолага Міхася Ткачова, і музэйшчыка-рэстаўратара Валодзю Кіслага. Стан касцёлу быў, мякка кажучы, аварыйны, на зламаных дзвярох надпіс: “Небяспечна для жыцця”. Пралезлі ўнутр. Зверху звісаюць у храм вялізныя кроквы. Груды цэглы, адломкі невялікай гадзіннікавай вежы. Пачалі аглядаць касцёл. Мой сын Аляксандр у адной з нішаў даволі хутка знайшоў бурую тканіну з польскім арлом, у цэнтры якога быў знак Цяльца. Гэта герб роду Панятоўскіх. Стала зразумелым, што мы на магіле караля Станіслава Аўгуста. Да канца дня мы знайшлі і напоўнілі некалькі мяхоў магчымымі фрагментамі пахавання. Не было толькі костак. Цалкам верагодна, што яны спарахнелі яшчэ падчас частых павадкаў Нявы ў сталіцы імперыі.

Не было шпагі і кароны. Тамтэйшы настаўнік распавядаў, што шпагу звезлі літоўцы, якія прыязджалі сюды ў 70-х гадах. Цынкавую труну мясцовы каваль парэзаў на часткі і зрабіў “дабрэзныя вёдры”. Ён жа, калі напіваўся, апранаў на галаву карону караля і ў ёй танчыў. Карона была вельмі простай, бронзавай з лёгкай пазалотаю. Потым і зусім знікла. У Воўчыне казалі, што яе проста здалі ва ўтыльсыравіну “як каляровы метал”.

Усё знойдзенае мы перавезлі ў музей да Кіслага. А праз год беларускае Міністэрства культуры перадала парэшткі манарха адмысловай польскай дзяржаўнай камісіі. Сёння польскае грамадскае меркаванне практычна рэабілітавала Станіслава Аўгуста. Большасць гісторыкаў і палітыкаў лічаць, што ягоная дзейнасьць шмат у чым спрыяла таму, што Польшча здолела адрадзіцца праз 120 год няволі. А віну за падзелы Рэчы Паспалітай нельга персаніфікаваць, іх прычыны нашмат глыбей.

Зараз знойдзеныя намі фрагменты перапахавалі ў варшаўскім катэдральным касцёле Святога Яна, дзе калісьці і каранавалі гэтага караля.

За заслугі перад польскай культурай нас трох – Міхася Ткачова, Уладзіміра Кіслага і мяне – узнагародзілі ордэнамі Рэчы Паспалітай.

Хоць для мяне гэта і наша беларуская спадчына, наша культура, ды і кароль агульны. Для нас Станіслаў Панятоўскі заўсёды будзе апошнім нашым манархам – Вялікім князям Літоўскім, Рускім, Жамойцкім. Але ці падрыхтаваныя мы да таго? Відавочна, покуль не. Таму і беларускі каралеўскі пантэон у Воўчыне і дагэтуль у руінах.

Палітык

На першых часткова свабодных выбарах 1989 году кіраўнік “Паходні” Міхась Ткачоў балатаваўся ў Вярхоўны Савет СССР. Усе дэмакраты Гародні працавалі на яго. Але мы прайгралі, набралі ля 30% галасоў. Нам супрацьстаяў “гарадзенскі Ельцын” – сакратар абкому партыі Ўладзімір Сямёнаў, прыхільнік дэмакратызацыі КПСС.

Наступным годам былі выбары ў Вярхоўны Савет БССР. Мяне вылучылі ад універсітэту насуперак рашэнню парткаму, членамі якога з’яўляліся і мы з Ткачовым. Тады спрабавалі рэфармаваць КПСС праз “Дэмакратычную платформу”.

 

Першы з ідэяй “аддаць” мяне ў палітыку прыйшоў Яўген Пятроўскі, аспірант-фізік, сёння бізнэсмэн. Ён сказаў: “Мы на “сацыялцы” (лабараторны корпус на вуліцы Сацыялістычнай) вырашылі, што вас трэба вылучаць у кандыдаты. Група падтрымкі – вялікая: і студэнты, і людзі з НДСа (навукова-даследчага сектару). Імкнуцца ў бой. Перапоўненая заля ўніверсітэту. Мой супернік – прафесар Сцяпан Сокал.

Цудоўны чалавек, дэкан юрфаку, вядомы прафесар. Адміністрацыя ў напружанні, студэнты – акрыленыя “перабудоўчымі” вятрамі. Большасць прагаласавала за мяне. Мяне выклікала ў абком партыі сакратар па ідэалогіі Марыя Міхайлаўна Бірукова. Пераконвала, што я ня маю права ісці насуперак лініі партыі, казала вядомыя рэчы пра партыйную дысцыпліну. А я ёй – пра дэмакратызацыю і свабоду думкі.

… У агітацыі ўдзельнічалі ледзь не ўсе студэнты фізфаку, дый ня толькі. Прычым, абсалютна добраахвотна. Прыдумлялі ўлёткі, праводзілі сходы, сустрэчы. Ніхто не перашкаджаў. Лібералізацыя. Ладзілі пікеты, хадзілі “ад дзвярэй да дзвярэй”. Не было тэхналогіяў, ніхто не чуў пра піар. Але быў велізарны энтузіязм, малады імпэт, вера ў перамены і ў сябе. Нам падавалася, што свабода прыходзіць назаўсёды.

У першым туры я з вялікім адрывам перамог усіх шэсць канкурэнтаў, у другім таксама быў першы і афіцыйна набраў 49,7%, але выбары не адбыліся. У выніку ў Вярхоўны Савет не патрапіў. І, мяркую, так было нават лепей.

Аднак у палітыцы, як кажуць, засвяціўся. Потым былі выбары мэра Гародні дэпутатамі гарсавету. Самыя першыя, рэальныя выбары. Ледзь-ледзь выйграў Сямён Домаш, якога тады яшчэ дэмакраты лічылі партыйнай наменклатурай. Яны ж і паставілі Домашу ўмову – узяць сабе ў намеснікі па сацыяльных пытаннях каго-небудзь з нашага лагеру. Пазней я зразумеў, што гэтая ўмова была для яго не вельмі складанаю.

Памятаю, патэлефанаваў мне стары сябар, гарадзенскі краязнаўца Андрэй Майсяёнак, зараз член-карэспандэнт Акадэміі Навук, і кажа: “Зараз табе будзе званіць новы мэр і прапануе пасаду свайго намесніка. Толькі не надумай адмаўляць. Гэта важна для нашага гораду, для нашай справы”. Майсяёнак жыў з Домашам на адной лесвічнай пляцоўцы.

Нашая сустрэча з Сямёнам Мікалаевічам была нядоўгай. Я дагэтуль яго не ведаў і нават не бачыў ніколі. На ягоную прапанову адказаў, што падумаю, што мне цудоўна працуецца ва ўніверсітэце, да таго ж я не ведаю адміністратыўнай працы ў органах улады. “Мне Вас парэмамендавалі людзі, якім я веру. А ў тым, чаго не ведаеце, абяцаю дапамагаць. Я не супраць, каб Вы працягвалі выкладаць і на сваім фізфаку”.

Так і адбылося. Домаш – чалавек слова, надзейны і чэсны. Можа занадта асцярожны і часам марудны ў прыняцці рашэнняў, але вельмі рашучы і паслядоўны пры іх выкананні.

Ён – інтуітыўны дэмакрат, ад прыроды. Зрабіў сябе сам, без “касматай лапы”. У 40 год стаў мэрам Гародні, у 43 – быў абраны кіраўніком вобласці. Тэхнар, не палітрук. Ужо ў той час шчыра адчуваў неабходнасць нацыянальнага адраджэння. З ім працавалася добра, я заўсёды адчуваў сябе абароненым сваім шэфам, і мы без вялікіх праблемаў знаходзілі ўзаемапаразуменне.

А было няпроста. Велізарная інэрцыя апарата. Ва ўладных структурах вобласці я – амаль не адзіны “дэмакрат”. Але часта і гэтага было дастаткова. Час такі – дух пераменаў. Усе разумелі, што з грамадскім меркаваннем трэба лічыцца.

Напачатку стаўленне да мяне старой наменклатуры было насцярожаным, але не варожым. Многія чакалі, што я пачну чысткі ў падпарадкаваных мне аддзелах адукацыі, культуры, аховы здароўя, спорту, міжнародных адносінаў, моладзевым, рэстаўрацыі помнікаў. Замены кадраў, канешне, былі, але не рэвалюцыя. Шмат працаваў. Уплываў словам, дзеяннем, пазіцыяй. Нават лекцыі чытаў са слайдамі па гісторыі Гародні для супрацоўнікаў гарвыканкаму.

Апроч звычайнай штодзённай працы: функцыянаванне школаў, шпіталёў, палацаў мастацтва, стадыёнаў, будаўніцтва новых аб’ектаў, – былі пытанні, якія выклікалі вялікі грамадскі рэзананс: беларусізацыя дзіцячых садкоў і школаў, вяртанне гістарычнага гербу гораду, гістарычных назваў вуліцам, адраджэнне і рэстаўрацыя архітэктурнай спадчыны, падтрымка творчых людзей і нацыянальных культураў, адрадзілі “Гарадзенскую капэлу”, якая існавала яшчэ пры старасце Тызенгаузе.

У горадзе з’явіліся мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя памяці паўстанцаў 1863 году, Грунвальдскай бітве. Дэтэктыўная гісторыя здарылася з помнікам Вітаўту Вялікаму. Літоўскі Фонд культуры замовіў аднаму з народных майстроў драўляную скульптуру князя Вітаўта і падараваў беларускаму боку для ўсталявання ў адным з памятных месцаў. Нашы ўлады пасля непрацяглых дыскусіяў падарак прынялі, але ставіць не сталі: “Што мы будзем увекавечваць іх князя?”. Дэпутат Абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Майсяёнак пасля аднаго з пасяджэнняў нашай гарадской камісіі па тапаніміцы падышоў да мяне і паведаміў, што скульптура Вітаўта парахнее пад адкрытым небам аднаго з Лідскіх ПТВ. “Давай забярэм і паспрабуем паставіць у горадзе”. Для нас не было сумневаў, што ён, Вітаўт, – выбітная постаць нашай гісторыі, гарадзенскі па праве, тут пачынаў сваю палітычную кар’еру, называўся “Rex Grodnensis”, тут пабудаваў свой першы замак. Паехалі ў Ліду, пагрузілі кранам на грузавік, прывезлі ў Гародню. Усталявалі звыш хутка. Узгаднілі з Домашам. Вышэй і не спрабавалі, адчувалі – шансаў няшмат.

Аблвыканкам выказваў абурэнне: няма іх дазволу, няма пастановы Саўміну, зямля пад помнікам належыць не гораду, а абласным уладам… Але помнік аднаму з самых вялікіх гарадзенцаў і сёння стаіць там, дзе мы яго паставілі.

Нам гэта спадабалася і праз колькі год мы паспрабавалі замяніць чырвоную зорку на спічаку Новага замку на сімвал патрона горада – Святога Губерта. Святога з аленям з крыжам паміж рогаў вырабіў выбітны мастак-каваль Юрась Мацко. Я дамовіўся з дырэкцыяй “Азоту” наконт крана са звышдоўгай стралой. Але аблвыканкам гэтым разам быў напагатове і абараніў сымбаль савецкага мінулага. Каралеўская рэзідэнцыя была ў іх на балансе…

Мы ў Гародні першымі ў краіне вярнулі вернікам усе храмы, на якія яны прэтэндавалі: і праваслаўныя, і каталіцкія, і лютэранскую кірху, і Вялікую сінагогу. Асабліва цяжка было вызваліць Бернардынскі манастыр для духоўнай семінарыі. Там месціліся, падаецца, 7 ці 8 арганізацыяў. Атрымалася. Пры вялікім жаданні ўсё па сілах. Менавіта тады я вельмі зблізіўся з Тадэвушам Кандрусевічам, які пачынаў сваю службу ў Гародні ксяндзом-пробашчам Францішканскага касцёлу. Чалавек мудры і адначасова вельмі просты, адкрыты і даступны. З цудоўным пачуццём гумару. Рэдкай моцы хрысціянскі прапаведнік. Побач з ім робішся адразу мацней, лепей, праўдзівей. Я думаю, мая сённяшняя вера адбылася шмат у чым дзякуючы нашым тагачасным сустрэчам і абмеркаванням, хаця мы і людзі розных канфесій. Думаю, што Бог трымае нас, беларусаў, у сваім клопаце, вярнуўшы архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з Масквы на Радзіму.

Напачатку 90-х я ачольваў гарадскую камісію па тапаніміцы, у склад якой уваходзілі вядомыя гісторыкі, культуролагі і краязнаўцы. Нашай галоўнай мэтай было вяртанне гістарычных назваў вуліцам і пляцам горада. Рашэнне прымаў Савет дэпутатаў, а мы мусілі былі рыхтаваць прапановы. Усё гэта выклікала вір эмоцыяў. У мяне захаваўся архіў “лістоў ад грамадзян” – цікавейшы матэрыял для будучага даследчыка настрояў постсавецкай эпохі. У нас атрымалася часткова вярнуць гістарычную тапаніміку старой Гародні: на плане горада нанова з’явіліся вуліцы Гараднічанская, Калючынская, караля Стэфана Баторыя, Вялікая і Малая Траецкая, князя Давіда Гарадзенскага, пляц старасты Антонія Тызенгауза. Калі камуністычная бальшыня дэпутатаў аддала нам Урыцкага, Крупскую, Кашавога і нават частку Леніна, то за вуліцы Сацыялістычную і Савецкую стаялі насмерць. Ім меркавалася вярнуць назовы Вітаўта Вялікага і Віленскай. Для новых мікрараёнаў замест традыцыйных Кветкавых, Бярозавых і Ліпавых мы прапанавалі імёны паўстанцаў 1830 і 1863 гадоў. Рэалізацыя праекту ў сілу вядомых прычынаў, як вядома, адкладзеная.

У тыя гады Беларусь адчынялася свету. У гарадоў з’яўляліся новыя магчымасці наладжвання пабрацімскіх сувязяў – вельмі папулярная форма развіцця гарызантальнага супрацоўніцтва. Мы падпісалі дамовы з нямецкім Міндэнам, французскім Ліможам і польскім Беластокам.

… Я пакінуў выканкам па ўласным жаданні ў 1996, на шостым годзе працы віцэ-мэрам. Ужо рыхтаваўся другі рэферэндум, завяршаўся антыкарупцыйны пераварот. Было відавочна, што я мушу альбо стаць часткаю ідэалагічнай машыны, якая пачала фармавацца, альбо зысці, захаваўшы твар. Пасля першага рэфэрэндуму я яшчэ мог часткова супрацьстаяць новай палітыцы: практычна захаваў беларускія класы і нават часткова сімволіку, прапанаваўшы ў школах побач змяшчаць “нацыянальную гістарычную і новую дзяржаўную”. Зараз маіх паўнамоцтваў ужо не хапала. Краіна вярталася да рэжыму аднаасабовай улады. Газета “Пагоня” адгукнулася на мой зыход артыкулам “Глядзіце – хто пайшоў”.

Я вельмі любіў працу ва ўніверсітэце, і ўсе гады, покуль быў у аблвыканкаме, не пакідаў там выкладанне. Каб не згубіць формы, захаваць кантакт з калегамі і з моладдзю. Але вяртацца толькі на сваю ранейшую працу мне не вельмі хацелася. Я быў заангажаваны ў мностве гарадскіх справаў, асабліва ў культуры, адукацыі, міжнародных сувязях, рэстаўрацыі старога горада. Адным словам, стаў грамадзкім актывістам.

Як выкарыстаць гэты патэнцыял? Я не ведаў.

Спачатку прыняў прапанову гарадзенскага бізнэсмэна і фундатара Аляксандра Таўканіцы, спонсара гарадзенскай баскетбольнай каманды “Крош”, пазней – “Гродна-93”, і стаў прэзідэнтам клубу. Узяўся з імпэтам, усё ж такі галоўнае захапленне маладосці. У Гародні вялікія баскетбольныя традыцыі, яшчэ да вайны стала з Варшавай змагаліся за чэмпіёнскі тытул.

У Таўканіцы былі ў добрым сэнсе напалеонаўскія планы: гуляць у Еўрапейскім Кубку чэмпіёнаў, пабудаваць Палац спорта для гульнявых відаў спорту. Гэта заінтрыгоўвала. Мы адразу выправіліся ў горад-пабрацім Лімож, баскетбольная каманда якога па шчасліваму збегу абставінаў была ў той момант уладальнікам як раз таго кантынентальнага кубку. Дамовіліся з імі пра супрацоўніцтва, стажыроўку гульцоў, трэнерскі абмен. Затым паляцелі ў Маскву на сустрэчу з нашым земляком Іванам Ядзешкам, алімпійскім чэмпіёнам, былым гульцом ЦСКА і зборнай СССР. Да таго Ядзешкі, які даў на мюнхенскай алімпіядзе знакаміты “залаты” пас за тры секунды да канца матчу праз усю пляцоўку Аляксандру Бялову, які зрабіў пераможны кідок. Я трошкі хваляваўся перад сустрэчай: жонка Івана Ларыса, таксама былая баскетбалістка, – маё першае школьнае каханне. Мы не бачыліся больш дваццаці год…

Цудоўная сустрэча, цёплыя ўспаміны. Праўда, пераканаць Івана Ядзешку папрацаваць  з гарадзенскай камандай не атрымалася, нягледзячы на нашы вельмі выгадныя прапановы. Дамовіліся пра кансультацыі.

Тым годам “Гродна-93” стала чэмпіёнам Беларусі. Можа, вялікай маёй заслугі ў гэтым і няма, але было вельмі прыемна. Я ганарыўся. Але разумеў усё больш, што гэта не маё. Надта вузка ўжо для мяне.

І тут ужо ў другі раз мой лёс крута змяніў мой стары сябар Андрэй Майсяёнак. Ён сустрэўся са мной і сказаў, што ў Беларускага фонду Сораса ёсць праект пашырэння сваёй дзейнасці на рэгіёны. У іх ёсць свае філіялы ў Віцебску і Гомелі, але яны плануюць адкрыць аддзяленні ва ўсіх абласных цэнтрах. А гэта новыя вялікія магчымасці для падтрымкі культурных, адукацыйных, выдавецкіх праграмаў на Гарадзеншчыне. “Ты – лепшая кандыдатура, Аляксандр. Працягнеш многае, што рабіў у выканкаме”. Варыянт для мяне ідэальны, але наконт таго, што я – лепшы, Андрэй паспяшаўся. Дырэктар фонду Пітэр Бэрн напачатку і слухаць не хацеў: “Мне не патрэбная адстаўная наменклатура. Мы не бюро па працаўладкаванні”. Майсяёнак ня з тых, хто здаецца з першага разу. Падключыў Сямёна Домаша, тады ўжо апазіцыйнага дэпутата Вярхоўнага Савету, падпісаўшага імпічмент, і яны ўдвох пераканалі Бэрна падтрымаць маю кандыдатуру. У аргументах быў увесь набор маіх гарадзенскіх “дэмакратычных заслугаў”. Пазней Пітэр казаў мне, што ані разу не пашкадаваў пра тое.

Для мяне на самой справе гэта быў ідэальны варыянт заняцца цікавамі і важнымі справамі.

Мы вырашылі не адкрываць філію, а стварыць новую арганізацыю – “Ратушу”, партнёрскую фонду Сораса. Па сутнасці, гэта была рада лідараў найбольш вядомых грамадскіх аб’яднанняў вобласці і яны сталі заснавальнікамі “Ратушы”. Мы сталі адным з рэгіянальных рэсурсных цэнтраў. Напачатку 2000-х была ўжо асацыяцыя такіх цэнтраў з 72 арганізацыяў. Яны ўзялі на сябе абавязак садзейнічаць развіццю грамадзянскіх ініцыятываў на мясцовым узроўні. Мы гойсалі па рэгіёнах, шукалі “ненармальных” людзей, неабыякавых, актыўных, таленавітых. Навучалі іх самаарганізацыі, працы з уладаю і СМІ, з дабрачыннымі фондамі, дапамагалі ў афіцыйнай рэгістрацыі, шукалі партнёраў. Усё гэта ў цывілізаваных краінах называецца пабудоваю грамадзянскай супольнасці. Касцяк складалі абласныя рэсурсныя цэнтры: магілёўскае “Кола сяброў”, берасцейская “Вежа”, гомельскія “Грамадзянскія ініцыятывы”, віцебскі фонд Льва Сапегі і наша “Ратуша”. Пазней – мінская “Супольнасць”.

За колькі год сеціва арганізацыяў, звязаных з Беларускай Асацыяцыяй Рэсурсных Цэнтраў – БАРЦам, вырасла да некалькіх сотняў з дзясяткамі кірункаў дзейнасці. У прынцыпе, рэгіянальны дэмакратычны кандыдат у прэзідэнты 2001, экс-кіраўнік вобласці Сямён Домаш быў у першую чаргу кандыдатам гэтага грамадскага сектару.

Спачатку пасля разгону Вярхоўнага Савету ён ачоліў гарадзенскую дэмакратычную кааліцыю “Гарадзенская ініцыятыва”, у якую ўваходзілі 34 партыйныя і грамадскія арганізацыі. Пазней мы стварылі кааліцыю рэгіянальных кааліцыяў – “Рэгіянальная Беларусь”. Гэта не была новая партыя, а супольнасць мноства грамадскіх аб’яднанняў, актыўных людзей па ўсёй краіне, са сваёй гісторыяй, разнастайнымі мэтамі, розных кірункаў дзейнасці. Але напярэдадні кампаніі 2001 года – аб’яднаную ў адну каманду аднадумцаў, якія мелі за мэту дамагчыся свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.

На месцах супрацоўніцтва заўсёды было больш эфектыўным за Менск. Болей рэальных спраў робіцца разам, а амбіцый паменш. Ідэя вылучыць кандыдатам у прэзідэнты Домаша належыць мне, Алесю Астроўскаму, тады сябру БНФ, прафесару Гарадзенскага медуніверсітэту, і Віктару Карнеенку з Гомеля. Пазней яе падтрымалі і іншыя лідары рэгіянальных кааліцый.

Гэта было вельмі ўдалае рашэнне.

Пасля завяршальнага выступу на беларускім тэлебачанні Сямёну Домашу зрабілася кепска: шырокі інфаркт. У яго, у чалавека з бездакорным здароўем, актыўнага спартсмена? Я і сёння маю згрызоты сумлення, калі ўзгадваю цёмна-сіні кубак з вадой, які яму паставілі ў тэлевізійнай студыі…

Калі ў 2006  годзе я рабіў свой кандыдацкі выступ на БТ, то прыйшоў са сваёй мінеральнай вадой.

Аўтарскае пасляслоўе

Гэтая гутарка была запісаная 15 лістапада 2008 года. Перад сустрэчай я шмат чуў, як яго называюць “мяккім” палітыкам, а падчас размовы зразумеў, што прычына зусім у іншым. Мілінкевіч – інтэлігент, а мы ад гэтага ўжо пачынаем адвыкаць.

%d0%bc%d0%b8%d0%bb%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%873

%d0%bc%d0%b8%d0%bb%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%872

%d0%bc%d0%b8%d0%bb%d0%b8%d0%bd%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%874