Мірзаянава Людміла

 

%d0%b3%d0%bb%d0%b0%d0%b2%d0%bd%d0%be%d0%b5-%d1%84%d0%be%d1%82%d0%be-%d0%bb%d1%8e%d0%b4%d0%bc%d0%b8%d0%bb%d0%b0
З кнігі "Супраць плыні"

Мая размова з  маці палітзняволенага Фёдара  Мірзаяанава Людмілай Фёдараўнай цягнулася дзве з паловай гадзіны. За іх я зразумеў: гэтую жанчыну немагчыма зламаць “праз калена”, да чаго ўлады прызвычаіліся за 17 год свайго панавання. Як і яе сына. Такія людзі не могуць жыць, схіліўшы галаву,  і падпарадкоўваюцца асабістаму сумленню, па вызначэнню.

Не гледзячы на тое што яна пэўны час працавала ў дзяржаўнай установе, доўга пратрымацца пры гэтай уладзе ў Людмілы Мірзаянавай не атрымалася б усё роўна. Не ўпісваецца гэтая жанчына, на мой погляд,  у існуючае зараз асяроддзе. Надта інтэлігентная  і надта разумная. Сёння такія непатрэбныя.

Людміла нарадзілася 6 жніўня 1957 года ў Баку.  На беларускай вёсцы ў тыя часы жылі вельмі голадна, і яе маці Ніна Васільеўна прыехала туды на камсамольскую будоўлю (пад азербайджанскай сталіцай узводзілі гідраэлектрастанцыю). А бацька Фёдар Іванавіч ( таксама беларус)  у тых краях служыў у войску. У выніку знаёмства ўзнікла каханне, а потым і нарадзілася дзяўчынка Люда, якая пражыла ў Азербайджане першыя 10 год свайго жыцця.

Можа быць, там у яе характары і з’явілася тое, што і адрознівае  этнічных беларусаў ад карэнных. Магчыма, камусьці такі вывад падаецца спрэчным, але я лічу, што тыя, хто нарадзіўся за межамі Беларусі, да дзеянняў любой улады ставяцца больш крытычна,  чым “тутэйшыя”.  Яны пратэстуюць на галоўных пляцоўках , а нашы людзі – больш на кухнях.

Сказаць, што дзяцінства Людмілы Мірзаянавай прайшло толькі  на Каўказе, было б няправільна, бо, калі ў яе маці скончыўся “дэкрэтны”, яе адвезлі ў вёску Кавалі Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці і час ад часу дзіцё жыло  ў дзеда з бабай.   А ў дзесяцігадовым узросце дзяўчынка пераехала ў Беларусь жыць пастаянна. Дакладней, у   Нясвіж, дзе пайшла ў пяты клас  сярэдняй школы №2.

Яе бацька і дзед шчыра захапляліся гісторыяй, таму цалкам лагічна, што гэтую галіну абрала і дачка, але па парадзе маці (раптам не пройдзеш конкурс) вырашыла “падстрахавацца” інстытутам замежных моў. Як кажуць у такіх выпадках, быццам бы глядзелі ў ваду.

Пасля інязу былі год працы ў сялянскай школе і Эфіопія, куды  Людміла паехала са сваім першым мужам Мікалаем, бацькам яе старэйшага  сына Антона. А потым зноў было вяртанне ў Беларусь і выкладанне ў педагагічным каледжы ў Баранавічах. Дарэчы, выкладаць належала педагогіку і псіхалогію.  Не гледзячы на дыплом інязу…

Мабыць, на такое рашэнне паўплывала кароткачасовая, але вельмі паспяховая праца ў гарадскім Доме школьнікаў, дзе Людміла рыхтавала святы (без адукацыі інстытута культуры!!! – заўвага аўтара) для ўсяго горада. Спецыяльнай адукацыі не было, але быў досвед асабістай грамадскай дзейнасці, якая вельмі часта факусіравалася на нейкіх канцэртах.

Так лёс “перавёў” дзяўчыну ў зусім іншую галіну чалавечага жыцця.

Хаця педагагічную адукацыю яна ўжо мела, на новай пасадзе гэтага было яўна недастаткова. І Людміла пайшла вучыцца зноў. На базе Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка яна атрымала дыплом “практычнага псіхолага”.

Было гэта ў 1990 годзе. Літаральна напярэдадні нараджэння Фёдара. І праз два гады пасля развітання з першым мужам.

Рым Мірзаянаў родам са сталіцы  Башкартастана Уфы. Яго бацькі Мубарак і Данія прававерныя мусульмане. Бабуля Фёдара Данія, калі выйшла на пенсію, скончыла мусульманскую духоўную школу. Чытае і піша на арабскай мове.

Менавіта ў Башкартастане Фёдар неаднаразова падарожнічаў з сябрамі бацькі  ва Уральскія горы і сплаўляўся па горнай рэчцы Інзер. Яго равеснікі-расейцы  спрачаліся з ім наконт  ролі Расеі і Беларусі  ў сучасным свеце. Працяглыя дыскусіі заўсёды канчаліся спевамі каля кастра. Высоцкі, Акуджава, іншыя барды  збліжалі больш, чым пустыя шматгадовыя размовы пра інтэграцыю.

Ад бацькі Фёдар узяў   стрыманасць і цвёрдасць духу, а ад маці – свабодалюбства.  Падчас Савецкага Саюзу Рым Мубаракавіч скончыў авіяцыйны інстытут (1983 год), пасля якога адбываў свой вайсковы абавязак у Баранавічах.  Там і адбылося знаёмства з Людмілай.

Усе акалічнасці тагачаснай “санта-барбары” пераказваць няма сэнсу. Адзначу толькі, што Cысці ад чалавека, з якім прыжыў дзесяць год – учынак з вялікай літары. І няма нічога дзіўнага ў тым, што праз шмат год Учынкі пачне рабіць і сын Людмілы.

Ніхто не будзе спрачацца з тым, што настаўнік у нейкім сэнсе  актор, бо яму патрэбна   ўмець добра кіраваць тварам, голасам, жэстам і г.д. Усё гэта трэба рабіць эстэтычна, то бок прыгожа. Даруйце “прапісную ісціну”, аднак рыхтаваць сапраўднага выкладчыка азначае не толькі механічную рэтрансляцыю   ведаў ў пэўнай галіне,  але і навуку  перадаваць іх іншым. Можа быць, менавіта па гэтай прычыне прапанаваны Людмілай Мірзаянавай дыдактычны (навучальны) тэатр у айчыннай педагогіцы напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя стаў вельмі значнай з’явай. Настолькі, што, калі звычайны педагагічны каледж атрымаў статус вышэйшага (стаў інстытутам – заўвага аўтара),  яе прызначылі прарэктарам на навуцы. Але спачатку была абарона кандыдацкай дысертацыі (1997 год).

“Кіравала навукай” Людміла  Мірзаянава доўгія сем год. І не проста “ляжала на пасадзе”, што сёння стала амаль прыкметай часу, а  ПРАЦАВАЛА. Маюцца на ўвазе шматлікія Міжнародныя навуковыя канферэнцыі па праблемам прафесійнай адаптацыі, Міжнародныя канферэнцыі моладзі. У Баранавічы пачалі прыязджаць выдатныя навукоўцы ў галіне  псіхалогіі і педагогікі не толькі з Беларусі, але і з Балгарыі, Украіны, Расеі. Дарэчы, многія  пасля арышту Фёдара Мірзаянава будуць пісаць лісты  ў яго падтрымку.

Звычайна іх мерапрыемствы працягваліся некалькі дзён і складаліся не толькі з адных дакладаў, але (пераважна) і з практычных заняткаў, бо для Людмілы Мірзаянавай навуковец — гэта не толькі той, хто ў лабараторыі “дзеля навукі” вывучае нейкую праблему. Яго тэмы  павінны “ісці ад жыцця” і цалкам адпавядаць патрэбам чалавека.

Сёння пра гэта таксама многа гавораць, але далей пустых лозунгаў справа не ідзе.   Людміла Мірзаянава ўсё зразумела  і адразу стала “палітычна ненадзейнай”.

У 2005 годзе ў Нацыянальным інстытуце адукацыі  яна скончыла дактарантуру па педагагічнай псіхалогіі, але абараніцца на тэрыторыі Беларусі не змагла. Пры адпаведным галасаванні не хапіла аднаго голасу…

У 2004 годзе на базе Баранавіцкага вышэйшага педагагічнага каледжа з далучэннем шэрага прыватных навучальных устаноў (цалкам  не падрыхтаваных да такога жыцця)  быў створаны ўніверсітэт. Механічна ўсіх аб’ядналі, памянялі шыльду, атрымалі прэзідэнцкае “дабро” і пачалі “тусавацца”. Нікога  нават не засмуціў відавочны дэфіцыт дастойных выкладчыкаў.

Рэктарам прызначылі чалавека з Горак, звязанага з сельскай гаспадаркай, а ўсіх “мясцовых” “адштурхнулі” ў бок. У тым ліку і Людмілу Мірзаянаву, якой  (як з барскага пляча) прапанавалі ўзначаліць адну з кафедраў. Аднак не на тую нарваліся: ісці на незаконнае “паніжэнне” яна адмовілася і да жніўня мінулага года працавала амаль “простым” выкладчыкам, толькі на прафесарскай пасадзе.

Разуменне “новымі” незаконнасці сваіх дзеянняў  прыводзіла да таго, што ў адрозненне ад іншых крэслаў з верасня па снежань 2004 года месца прарэктара па навуцы было вакантным. Як кажуць, і хочацца і колецца. Нонсэнс: універсітэт працуе, а “за навуку”  ніхто не адказвае.

Людмілу Мірзаянаву нават хацелі на гэтую пасаду вярнуць, і некаторыя  паспяшаліся яе з гэтым павіншаваць. Але – не атрымалася. І зноў па палітычных прычынах. Аднойчы вечарам у яе дзверы пагрукалі і патлумачылі, што праводзяць нейкае сацыялагічнае апытанне. Адразу  пацікавіліся адносінамі да ўлады. Адказваць на яўна правакацыйнае пытанне яна адмовілася, аднак сярод іншага сказала, што, на яе погляд, свабоды ў краіне недастаткова. Гэтага хапіла для таго, каб “сацыялагічнае апытанне” імгненна скончылася…