Мясніковіч Міхаіл

1525424364_1013343563

З кнігі "Асобы"

ГАСПАДАРНІК  МІХАІЛ МЯСНІКОВІЧ

Адразу падкрэслю, што гэты нарыс не мае адносінаў да з’езда навукоўцаў, які праходзіў на пачатку лістапада. Акрамя таго, вельмі спадзяюся, што спадар Мясніковіч, як кіраўнік усіх афіцыйных вучоных, добра ведае, што, згодна з усімі варыянтамі Канстытуцыі, я маю права на асабістую думку.

Цікава, але спробы знайсці афіцыйную біяграфію Міхаіла Уладзіміравіча з дапамогай «пашукавіка» інфармацыйнага агенцтва БелТА аказаліся безвыніковымі. Яе там, у адрозненне ад менш важных дзяржаўных чыноўнікаў, няма. Што, на мой погляд, таксама невыпадкова.
Аднак пра ўсё пазней, а пакуль распачнём традыцыйна.
Міхаіл Мясніковіч нарадзіўся ў вёсцы Новы Сноў Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. У 1972 годзе скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, а ў 1973-м пачаў працаваць інжынерам у вытворчым аб’яднанні «Мінскводаканал», дзе за чатыры гады зрабіў неблагую кар’еру. Спачатку стаў кіраўніком аднаго з вядучых аддзелаў, а потым галоўным інжынерам дырэкцыі па будаўніцтве аб’ектаў воднай гаспадаркі.
У 1977 годзе Мясніковіч стаў галоўным інжынерам упраўлення прадпрыемстваў камунальнага абслугоўвання Мінгарвыканкама, а затым і начальнікам. Менавіта з гэтага часу Мясніковіча пачалі лічыць «крепким хозяйственником». А калі ў 1983 годзе яго абралі (быў і такі час) старшынёй выканкама Савецкага раённага Савета народных дэпутатаў, а праз год прызначылі намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, да гэтага дадалося — апаратчык.
Паласа партыйная і паласа гаспадарчая ў іх пярэстым перапляценні выткуць канву жыцця і спраў Міхаіла Мясніковіча. У поўнай сувымернасці з характарам. У згодзе з самім сабой. Без сутыкненняў з уласным сумленнем. Але ці па здольнасцях і магчымасцях? Для сябе самога і для краіны. Разы два ў яго жыцці выпадалі моманты, калі ён мог выйсці на першую лінію і істотна (а можа, і вырашальным чынам) паўплываць на шлях развіцця краіны — да свабоды, дэмакратыі і дабрабыту. Быццам бы і спрабаваў — і адступаўся…
У 1985 годзе Міхаіл Уладзіміравіч стаў сакратаром Мінскага гаркама КПБ, а ўжо ў 1986-м яго прызначылі міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР. У 1989 годзе скончыў Вышэйшую партыйную школу, а ў 1990-м стаў намеснікам старшыні Савета Міністраў і кіраўніком Дзяржаўнага камітэта па эканоміцы і планаванні. Нікога не здзівіла, што ўжо ў 1991 годзе Кебіч прызначыў яго сваім першым намеснікам. На мой погляд, цалкам абгрунтавана. З усіх намеснікаў Кебіча Мясніковіч быў амаль самым тыповым для таго часу і самым перспектыўным на будучыню.
Асабіста я не здзівіўся б, калі б магчымы прэзідэнт Кебіч прызначыў Мясніковіча кіраўніком яго ўраду. І справа не толькі ў тым, што Міхаіл Уладзіміравіч кіраваў яго перадвыбарчым штабам. Проста іншага выбару ў Кебіча не было б. І вельмі б здзівіўся, калі б Кебіч з Мясніковічам дамовіліся пра ракіроўку і вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты не Кебіча, а Мясніковіча.
Мясніковіч разумеў неабходнасць рэформ, але… У яго і Кебіча не хапіла мудрасці і волі для распрацоўкі і рэалізацыі адпаведнай палітыкі. Здаецца, што, як тыповыя прадстаўнікі савецкай наменклатурнай школы, яны так і не паспелі зразумець, што «лінія партыі» цяпер залежыць ад іх, што ініцыятыву трэба цалкам браць на сябе, як і рызыку несці адказнасць у выпадку няўдачы. Мясніковіч быў нейкім каталізатарам прарасійскай арыентацыі. Невыпадкова, што менавіта яго Лукашэнка сваім указам за нумарам два прызначыў 22 ліпеня 1994 года адным з намеснікаў прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра. Крок выглядаў алагічным, бо Міхаіл Уладзіміравіч зусім нядаўна быў самым галоўным агітатарам за яго праціўніка. Больш за тое, Лукашэнка не адзін раз абяцаў Мясніковіча «пасадзіць», але рэальныя крокі зрабіў супрацьлеглыя.
Часткова згодны з тымі, хто лічыць гэта своеасаблівай індульгенцыяй за кебічаўскі правал на выбарах. Але ёсць і іншая прычына. З самага пачатку Лукашэнка разумеў: для таго, каб захаваць уладу, трэба зрабіць нешта падобнае на тое, што было раней. І зрабіць гэта магчыма толькі з дапамогай Расіі, а яна вельмі жадае бачыць у яго атачэнні Міхаіла Мясніковіча.
Акрамя таго, хадзіла легенда, што Мясніковіч з’яўляўся нефармальным лідарам старой партыйна-савецкай наменклатуры, якая па сутнасці захавала ўладу і ў новых структурах, заняла вядучыя пазіцыі ў бізнэсе. Такім чынам, з’яўленне Мясніковіча ў першым урадзе першага прэзідэнта стала вынікам не сімпатый ці антыпатый, а чыстага прагматызму.

Калі ў лістападзе 1994 года многія газеты напісалі пра загад прэзідэнта «цэны назад», Мясніковіч неаднаразова падкрэсліваў, што як «рыначнік» пойдзе ў адстаўку, калі крок на лібералізацыю не будзе падтрыманы кіраўніком дзяржавы. Але гэта былі толькі словы. Міхаіл Уладзіміравіч не з тых людзей, хто пакідае месца ва ўладных структурах добраахвотна. Больш за тое, менавіта падчас прыходу Мясніковіча ў прэзідэнцкую адміністрацыю на месца Леаніда Сініцына (нагадаем, што адбылося гэта 11 кастрычніка 1995 года) краіна павярнула ў бок адмовы ад якіх-небудзь эканамічных рэформаў. Канешне, гэта зрабіў не сам Мясніковіч, але тое, што ён дапамог гэта зрабіць — безумоўна. Апошняе, аднак, не перашкодзіла Міхаілу Уладзіміравічу абараніць доктарскую дысертацыю. Яе тэма была менш радыкальнай, чым кандыдацкая «Умовы і фактары станаўлення рынкавай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь (палітычна-эканамічны аналіз)».

Я нічога не хачу сказаць пра тое, як робяцца навуковыя працы, калі нехта займае адну з галоўных пасад у краіне. Падкрэслю толькі, што пра выключную ролю Мясніковіча ў беларускай навуцы было вядома мала, і амаль выключна ў калідорах урада і прэзідэнцкай адміністрацыі. Ва ўсякім разе, чагосьці рэвалюцыйнага ў беларускай эканоміцы не адбылося.

Таму амаль для ўсіх было абсалютна нечаканым, калі Мясніковіча прэзідэнцкім указам 19 кастрычніка 2001 года прызначылі кіраўніком Акадэміі навук. Рызыкну дапусціць, што і для самога Міхаіла Уладзіміравіча. Рызыкну дапусціць таксама, што на новай пасадзе Мясніковічу неяк няёмка і па сённяшні дзень. Кіраваць акадэміяй без рэальнага аўтарытэту навукоўца і, хай сабе і фармальнага, статуса акадэміка, ці хаця б член-карэспандэнта, вельмі цяжка. Статус фармальны, але даецца гэта званне толькі праз таемныя выбары. Ці не апошняя дэмакратычная працэдура, што ацалела. Мясніковіч кіруе. Адзін раз ён ужо хацеў павысіць свой статус. Няўдала. Наколькі мне вядома, у бліжэйшы час плануецца яшчэ адна спроба. Яна і будзе своеасаблівым «момантам ісціны».

Нагадаю, Мясніковіч быў вызвалены ад пасады кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі 12 верасня 2001 года. Літаральна праз тры дні пасля чарговай «элегантнай перамогі». І адразу ж прызначаны дарадцам прэзідэнта па асаблівых даручэннях. Сэнс тут не толькі ў тым, што «маўр зрабіў сваю справу». У той час вельмі настойлівымі былі чуткі пра тое, што Масква паставіць менавіта на Мясніковіча. І ўсе разумелі, што гэта магчыма, бо толькі Мясніковіч мог арганізаваць нейкі «апаратны» пераварот. Першым зразумеў гэта Лукашэнка.

Акрамя таго, Мясніковіч не хаваў свайго сяброўства з Міхаілам Марынічам. Больш за тое, вельмі многія лічылі, што Марыніч намінальная фігура, што вылучацца на прэзідэнта мусіў сам Мясніковіч, але ў апошні момант было прынята іншае рашэнне. І на авансцэну выйшаў міністр і пасол Міхаіл Марыніч, за спінай якога стаяў Міхаіл Мясніковіч. Ніхто б не здзівіўся, калі б, у выпадку поспеху, за Марынічам на галоўную пасаду ў краіне прыйшоў бы Мясніковіч. Таму чыноўніцкі лёс гэтага чалавека і вырашыўся так хутка. На слэнгу, вельмі зразумелым для ўлады, Мясніковіча проста «апусцілі». Адна справа — быць у абойме галоўных людзей у дзяржаве, зусім іншая — кіраваць некалькімі тысячамі супрацоўнікаў Акадэміі навук. Калі раней Мясніковіч мог спрабаваць выратаваць Віннікаву, то зараз ён зусім у іншай вагавай катэгорыі.

Як вядома, мінулым летам няўдачу пацярпеў праект з вывадам на ар­біту беларускага спадарожніка, і многія чакалі, што за гэты правал Мясніковіча зробяць «крайнім». Але абышлося. На мой погляд, па той прычыне, што ўсе ведалі, каму сапраўды належаць «касмічныя амбіцыі».

Напярэдадні першага з’езда вучоных з’явіліся чуткі, што Мясніковіча «уйдут». З’езд быў сапраўды першым. Такога ніколі не было ні ў былым СССР, ні ў адной краіне, якія ўзніклі пасля развалу Савецкага Саюза. Гэта чыста беларускае «ноу-хау». Двукоссе не выпадковае. Для таго, каб гэта зразумець, трэба шчыра адказаць самому сабе толькі на адно пытанне: «Для чаго вучоныя збіраліся і што такое вельмі важнае яны вырашылі?»

Што тычыцца магчымай адстаўкі, то час усё пакажа. Зразумела толькі: сам ад улады Мясніковіч не адмовіцца.

07.11.07