Пачобут Анджэй

%d0%9f%d0%90%d0%a7%d0%9e%d0%91%d0%a3%d0%a2

З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было" 
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

Карэспандэнт “Газеты Выборчай” на Беларусі. Працаваў карэспандэнтам у газетах “Глос знад Немна” (друкаваны орган Саюза палякаў на Беларусі), “Народная Воля”, “Дзень”. Ад красавіка 2005 па чэрвень 2007 быў галоўным рэдактарам “Магазына Польскага” (друкаваны орган не прызнанага ўладамі СПБ). За грамадскую і журналісцкую дзейнасць шмат разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Лаўрэат прэміі “За сумленнае слова” часопіса “ARCHE”.

1

— Прафесійна журналістыкай я заняўся ў 29 гадоў, і на той момант у мяне ўжо цалкам сфарміраваліся погляды на жыццё. Таму ніякіх сумненняў у мяне не было. Вядома, што ва ўмовах цэнзуры я працаваць не хацеў ды і псіхалагічна наўрад бы ці здолеў. Разглядалася магчымасць працы толькі ў “нячэсных”, гэта значыць у недзяржаўных СМІ. Па шчырасці, нейкія “чым павернецца” я пад увагу не браў. Ды яшчэ было невядома, чым усё гэта скончыцца (смех). У 2002 годзе, калі адбываўся першы крымінальны працэс над журналістамі гарадзенскай газеты “Пагоня”, памятаю, мы размаўлялі з Міколам Маркевічам пра тое, якая мэта гэтага працэсу, і нам на той момант здавалася, што гэта спроба запалохаць тых, хто піша найбольш востра.

— Ну, не хочуць жа яны, каб усе газеты ў краіне былі падобныя да “Советской Белоруссии” — пераконвалі мы адзін аднаго. Аказалася, што хочуць. Сёння, калі незалежныя газеты фактычна знішчаны, а тыя, што выходзяць, баяцца свайго ценю, зразумела, што тады менавіта працэсам над журналістамі “Пагоні” пачалося канчатковае вырашэнне пытання са свабодай слова на Беларусі.

Найбольш экстрэмальнымі момантамі маёй журналісцкай кар’еры з’яўляюцца, напэўна, арышты. Два разы мяне арыштоўвалі ў сувязі з выкананнем прафесійных абавязкаў. Першы раз у лютым 2005 года, калі інтэрнэт-газета “Пагоня” рабіла анлайн-рэпартаж з пратэстаў прадпрымальнікаў у Гродне. Тады атрымаў 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. На суддзю ніякага ўражання не зрабіла ні журналісцкае пасведчанне, ні сведкі журналісты, якія ў адзін голас запэўнівалі, што я выконваў журналісцкія абавязкі, ні раздрукоўкі маіх артыкулаў, што апісвалі падзеі на плошчы…

Ужо ў пастарунку начальнік Ленінскага РАУС Уладзімір Сычэўскі, які даволі няёмка адчуваў сябе ў сувязі з такім абсалютна нематываваным арыштам, заявіў мне: “Твая праца, скіраваная на дэстабілізацыю палітычнай, эканамічнай і нацыянальнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, была заўважана не толькі намі”, — і кіўнуў галавой у бок будынка КДБ.

Нейкага асаблівага ўражання на мяне арышт не зрабіў, адсядзеў я 10 сутак і вярнуўся да працы.

У сакавіку 2006 года карэспандэнта “Газеты Выборчай” Вацлава Радзівановіча не ўпусцілі ў Беларусь, і я атрымаў ад рэдакцыі прапанову паехаць у Мінск, каб асвятляць прэзідэнцкія выбары. Я пагадзіўся. Прыехаў за дзень да пачатку датэрміновага галасавання і паспеў нават напісаць першы артыкул пра тое, што такое датэрміновае галасаванне і якое значэнне яно мае ва ўладным сцэнары выбарчай кампаніі. Выйшаў на вуліцу, і мяне затрымаў КДБ. У Мінску я прабыў толькі каля чатырох гадзін. Завезлі ў цэнтральны будынак КДБ. Калі машына ўехала ва ўнутраны двор і прыпаркавалася недалёка ад унутранай турмы — “амерыканкі”, я, шчыра кажучы, падумаў: ну вось, як мінімум 3 гады дадуць. Але ў КДБ ветліва патлумачылі, што прэтэнзій да мяне не маюць і выконваюць пастанову следчага МУС Гарадзенскага аблвыканкама аб дастаўцы мяне на допыт. Адвезлі сваёй машынай у Ліду, там перадалі гарадзенскаму АМАПу, што прыехаў за мной на службовай машыне кіраўніка крымінальнага вышуку. Калі ехалі ў Гродна, міліцыянты, думаючы, што едзе іх шэф, прыкладалі руку да фуражкі. А ў Гродне мяне абвінавацілі ў тым, што я нецэнзурна выказваўся, і мая старая знаёмая Наталля Козел прысудзіла мне 10 сутак. Я абвясціў “сухую” галадоўку. Здавалася, што на гэтым праблемы павінны скончыцца. Але дзе там! У ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС мяне змясцілі ў асобную камеру, і на працягу чатырох сутак я сядзеў адзін, прычым увесь час выклікалі на допыты. Міліцыя, пракуратура, следчы па крымінальнай справе…

Запомнілася размова з кіраўніком аддзела па кантролі за заканадаўствам у галіне дзяржаўнай бяспекі Веньямінам Лук’янавым. Ён зачытаў мне пастанову Камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасцей пры Савеце міністраў РБ, згодна з якой “Магазын Польскі”, які я выдаваў, “распальвае антыпольскія настроі (!!!), міжнацыянальную варожасць і шкодзіць бяспецы Рэспублікі Беларусь”.

— Вы юрыст і павінны ведаць, што гэта значыць.

Побач ляжала папка, у якой я ўбачыў нумар “Магазына Польскага”, пераклад тэкстаў на расейскую мову і вялізны стос дакументаў.

— Так. Гэта крымінальная справа. Але калі вы прыйшлі мяне дапытваць, я да суда ніякіх паказанняў даваць не буду, скарыстаюся сваім правам. Адмаўляюся даваць паказанні, — адказаў я.

— Ну, навошта справу даводзіць да суда? Мы можам паспрабаваць яе вырашыць і так, — пераконваў пракурор.

— Вы ж юрыст. Навошта нам размаўляць пра палітыку? — адказаў я.

Ён мяне яшчэ трохі папалохаў перспектывамі апынуцца на працяглы час у турме і, сказаўшы “Ну, як сабе хочаце”, сышоў.

10 сутак мінула, я выйшаў на волю. І больш ніхто ніколі не ўспамінаў пра пастанову Камітэта і распальванне мной “антыпольскіх настрояў”.

У выніку майго арышту Вацлаў Радзівановіч мусіў ехаць праз Расею ў Мінск, каб газета мела інфармацыю з Мінска. Пасля КДБ спрабавала забараніць яму ўезд не толькі на тэрыторыю Беларусі, але і ва ўсю СНД. Дзякуй Богу, нічога ў іх не атрымалася. Ён можа свабодна ездзіць, скажам, у Расею, але гэтыя падзеі сведчаць пра тое, як беларускія ўлады помсцяць замежным журналістам за сумленную працу ў Беларусі.

2

Рэпрэсіі хоць і ставяць чалавека ў экстрэмальныя ўмовы, але на самай справе не яны найбольш цяжкія. Найбольш цяжкі момант быў у 2004 годзе, калі закрылі газету “День”. Па сутнасці, для мяне гэта быў тупік. У Гродне не было іншых незалежных СМІ, дзе я мог бы працаўладкавацца. Давялося нават папрацаваць на будоўлі з рыдлёўкай. Але нават тады думак аб працаўладкаванні ў дзяржСМІ і такім чынам далучэнне да дзяржаўнага агітпрапу ў мяне не ўзнікала. Былі думкі наконт таго, каб пашукаць сабе іншы занятак, чым журналістыка. Я па адукацыі юрыст, таму сур’ёзна разглядаў магчымасць працаўладкавання па сваёй прафесіі. Меў гутарку нават у адной фірме, што займалася юрыдычным кансультаваннем польскіх бізнесоўцаў, якія збіраліся весці бізнес з беларускімі партнёрамі, але ў гэты самы момант Мікола Маркевіч, былы галоўны рэдактар “Дня”, прапанаваў далучыцца да ягонага інтэрнэт-праекта (pahonia.com), і я з радасцю вярнуўся ў журналістыку. Больш такіх складаных момантаў у мяне, дзякуй Богу, не было.

3

Канешне, ім было цяжка, калі мяне арыштоўвалі, або калі на мяне завялі крымінальную справу. Але разам з тым яны разумеюць сітуацыю.

4

Нарадзіўся 16 красавіка 1973 года ў Вялікай Бераставіцы, што на Гарадзеншчыне, 10 кіламетраў ад мяжы з Польшчай. У 1981 годзе разам з бацькамі пераехаў у Гродна, і ад таго моманту жыву там. Думак пра змену месца жыхарства, хоць такія магчымасці і былі, не ўзнікае. Люблю свой горад. Мне ён падаецца найлепшым месцам на свеце.

5

Адукацыі журналісцкай я не маю, аднак неяк так здарылася, што менавіта журналістыка сталася маёй працай і прафесіяй.

6

Хацеў стаць адвакатам, нават скончыў юрфак. Аднак у той час, калі Лукашэнка яшчэ не скасаваў прыватную адвакатуру, я вучыўся, прабіцца ж у дзяржаўную адвакатуру не атрымалася. Потым нейкі час працаваў выкладчыкам, але гэта было не маё, і так здарылася, што выпадкова патрапіў на працу ў “Глос з над Немна” — газету Саюза палякаў на Беларусі. Так пачалася мая прыгода з журналістыкай. Пазней працаваў у “Местном времени” (вельмі цікавы быў праект, на жаль, хутка закрылі), “Народнай Волі”, газеце “День”, пасля была інтэрнэт-газета “Пагоня”, пачаў друкавацца ў польскай прэсе. У красавіку 2005 года быў прызначаны галоўным рэдактарам “Магазына Польскага” — часопіса, што выдаецца Саюзам палякаў на Беларусі. Недзе ў 2006 годзе пачаў супрацоўнічаць з “Газетай Выборчай”. Спачатку аказійна, потым усё больш шчыльна, і з ліпеня 2007 года “Газета Выборча” з’яўляецца маёй асноўнай працай. Нягледзячы на тое, што я цалкам задаволены, усё ж такі спадзяюся, што яшчэ буду мець магчымасць працаваць у беларускіх незалежных СМІ.

7

Я ўжо казаў, што працаваў толькі ў незалежных СМІ, таму нейкай асаблівай розніцы, звязанай з работай на замежныя СМІ, не заўважыў. Хіба што ўсюды паміж журналістамі розных выданняў існуе моцная канкурэнцыя, на Беларусі ж такога не было. Калі ж казаць пра ўмовы працы, то, канешне, умовы працы карэспандэнта “Газеты Выборчай” (гаворка ідзе, зразумела, аб працы ў Польшчы) немагчыма параўнаць з працай незалежнага журналіста на Беларусі. Пачынаючы ад месца працы і да стаўлення чыноўнікаў і звыклых людзей да выканання табой журналісцкіх абавязкаў. У Беларусі з чыноўнікаў прыходзіцца зубамі выдзіраць інфармацыю, там з гэтым вельмі проста. Нейкую інфармацыю табе ў любым выпадку дадуць, з прэсай сварыцца ніхто не хоча. Калі ж нейкая канфліктная сітуацыя, то, зразумела, цяжэй. Але ўсё адно, параўноўваць з умовамі працы на Беларусі проста немагчыма. Карэспандэнтам замежнага выдання працаваць у Беларусі гэтак жа складана, як і журналісту недзяржаўнага беларускага СМІ.