Падбярэзскі Дзмітрый

%d0%9f%d0%90%d0%94%d0%91%d0%af%d0%a0%d0%ad%d0%97%d0%a1%d0%9a%d0%86

З кнігі "Мазаіка жыцця"

На жаль, мы мала расказваем пра калегаў па журналісцкім цэху, што, на мой погляд, цалкам няправільна. Сярод нас шмат тых, каму ёсць, што ўспомніць. Мой сённяшні госць менавіта такі – Дзмітрый Падбярэзскі.

Шлях у жыццё

“Так атрымліваецца, што я мінчук у трэцім пакаленні. Нарадзіўся ў радзільні на былой вуліцы імя Валадарскага 20 жніўня 1952 года. Жыў з бацькамі ў доме, што ля будынка пажарнай каманды. Крыху пазней, як мой дзед па лініі маці пачаў займаць розныя даволі высокія пасады (дый бабуля ў абкаме партыі працавала), усёй сям’ёй уехалі ў вялікую 4-пакаёвую кватэру на рагу праспекта і Урыцкага.

Бацьку я памятаю даволі дрэнна. Ведаю, што Альберт Дзмітрыевіч потым ажаніўся другі раз, у той сям’і таксама нарадзіўся хлопчык Сяргей Новікаў, цяпер — вядомы тэлеаператар. Так што мы з ім — абодва Альбертавічы.

Неяк так сталася, што бацькаву сястру — цётку Рэню — я нават не распытваў пра лёс Альберта, з якім, дарэчы, мы нарадзіліся ў адзін дзень. Ведаю толькі, што здарылася з ім нейкая цьмяная дрэнная гісторыя. Нібыта яго сябрукі падставілі, і атрымаў бацька тэрмін за крадзеж. Недзе яшчэ ляжаць ягоныя лісты мне з уральскай зоны.

Калі ён выйшаў на волю, мы бачыліся з ім, хіба, пару разоў. А ў 1975 годзе, калі я працаваў у вясковай школе, даведаўся, што бацькі ўжо няма. Зноў жа — цьмяная гісторыя: памёр нібыта не сваёй смерцю, здаецца, тыя ж сябрукі дапамаглі…

Тым не менш на ўласны дзень нараджэння ў думках чокаюся і з бацькам: з днём народзінаў! Не часта, але бываю на ягонай магіле.

Маці пасля іх разводу выйшла замуж у другі раз. Айчымам маім стаў Уладзімір Жыжэнка, у свой час вядомы, аўтарытэтны рэдактар, чые лепшыя часы прыпалі на часопіс “Нёман”. З ім жылося добра, хоць і любіў ён ужываць гарэліцу, што было звычайнай практыкай у рэдакцыйных калектывах часопісаў.

Ён даў мне шмат з таго, што потым спатрэбілася ў жыцці: маю на ўвазе працу са словам, як беларускім, так і рускім. І вудзіць рыбу навучыў…

Ад шлюбу мамы з Жыжэнкам нарадзілася мая сястра Алена (цяпер — Літвіновіч). Скончыла біяфак, працуе ў выдавецтве рэдактарам. Яе дачка Насця — мастачка, як і яе муж Лёша, які, акрамя таго што распісвае храмы, яшчэ і музыка. Ад бацькоў застаўся “маёнтак” у Лепельскім раёне, дзе люблю бываць штогод.

Маці доўга хварэла, я гады з чатыры штораніцы ехаў да яе, каб накарміць. Глядзеў на яе, як яна ляжала ў ложку, і не мог паверыць, што ў свой час тая выдатна плавала, займалася стральбой (у яе нават быў імянны пісталет!). Не мог зразумець, як і чаму гады гэтак змяняюць людзей. У свой час яна насіла мяне на руках, а тут — я яе нашу, нямоглую…

Двойчы на год абавязкова наведваю сваіх “дзядоў”.

Не магу не сказаць колькі слоў пра іх. Дзед з боку бацькі, Дзмітрый Васільевіч Варыёнчык, ваяваў, быў падпалкоўнікам у адстаўцы. Бывала, калі я прыязджаў да яго, ён браў уласны кавалерыйскі карабін-мялкашку з аптычным прыцэлам, і мы ішлі ў Лошыцкі парк. Менавіта гэты дзед прывучыў мяне, як абыходзіцца са зброяй, і потым з ёй праблем ужо не было. На вайсковых зборах ці ў якім ціры — атрымлівалася добра.

Дзед па лініі маці, Пётр Сцяпанавіч Падбярэзскі, у свой час кіраваў кінахронікай, быў старшынёй радыёкамітэта, нават месяцы з тры — намеснікам міністра культуры, курыраваў кінематограф.

Ды ў нейкай вёсцы здарылася трагедыя: пад час кінасеансу згарэў з людзьмі вясковы клуб, і дзед мой, зразумела, аказаўся крайнім, з-за чаго і зляцеў з пасады. Тым не менш адзін час у дзеда быў персанальны аўтамабіль маркі “Шкода”, а летам мы адпачывалі на міністэрскіх дачах у Гарадзішчы.

Дзеда там ведалі ўсе, бо ніхто, акрамя яго, не мог выплысці на цэнтр возера, легчы на спіну, раскінуўшы ногі і рукі, і так заснуць на гадзіну–паўтары. Пры гэтым гучна храпці. Хвароба ў яго такая была: у прэзідыумах ён хвілін праз 15 гэтак жа засынаў з тым самым знакамітым храпам.

А бабуля Фядора Іванаўна працавала ў партыйных органах і асабіста была знаёмая з Машэравым. Паэт Антон Бялевіч неяк стаяў перад ёй на каленях і гразіўся напісаць пра яе паэму.

Жыццё ў кватэры на праспекце (імя многіх каго) мне запомнілася вельмі добра. У нашым пад’ездзе жылі самыя знакамітасці: гросмайстар Баляслаўскі, акторы-купалаўцы Рахленка і Ржэцкая, дыктар радыё Анціпаў. У суседніх — Андрэй Тур, Андрэй Саннікаў. Першыя чатыры класы вучыўся ў 42-й школе, дзе аднойчы атрымаў нездавальняючую адзнаку па паводзінах, калі на ўроку спеваў праспяваў “Союз нерушимый свалился с машины”…

Двор, канешне, быў яшчэ той! Хоць хуліганілі мы, так бы мовіць, інтэлігентна. Ну, залазілі летам на плот ля радзільні і падглядалі, як на свет з’яўляюцца дзеці. Ну, знайшлі недзе шыну ад задняга кола трактара, разагналі яе ўніз па Урыцкага, а там якраз трамвай заварочваў на Інтэрнацыянальную. І тая шына добра так упляжыла ў вагон.

Яшчэ на тым павароце часта клалі гільзачкі ад патронаў з запалкамі, і яны гэтак гучна стралялі пад коламі вагонаў.

Быў у двары за высокім плотам нейкі загадкавы аб’ект. Як мы скемілі, нешта накшталт радыёстанцыі, але не звычайнай, а вайсковай. Там у кантэйнерах для смецця заўсёды ляжалі рознага калібру радыёлямпы, якія адслужылі сваё. Некаторыя былі вельмі вялікія, а таму цаніліся найбольш. Мы забіраліся ў гэтыя кантэйнеры, набіралі лямп, каб потым апусціць іх у вадасцёкавыя трубы на даху нашага дома. Лямпы, калі даляталі амаль да зямлі, з грукатам лопаліся на згібе трубы, чаму мы, падлеткі, дзіка радаваліся, зважаючы на рэакцыю мінакоў.

Яшчэ добра запомніў пажар у будынку рускага тэатра. Пасля пажару ў двары найдаражэйшым абменным матэрыялам былі крышталікі ад люстры, якая ў час пажару абвалілася долу. Сябравалі мы і з кінамеханікамі “Цэнтральнага”, дзе часта глядзелі фільмы з апаратнай. Наведвалі таксама і збудаваны немцамі ў час вайны драўляны кінатэатр “Першы”, які стаяў у двары цяперашняга гатэля “Мінск”.

Шлях у слова

У першым класе навучыўся паліць. Куплялі нейкім чынам папіроскі “Огонёк”, а калі грошай не было, палілі сухое лісце альбо вату. Аднойчы, забраўшыся пад каналізацыйны люк, напаліліся той ватай так, што не маглі адсунуць люк і выбрацца на паветра. Ды неяк атрымалася выратавацца, і з таго часу я ўжо не паліў. Ажно да першага студэнцкага года…

Кватэра нашая была насамрэч вялікая, ажно чатыры пакоі з цёмным дадатковым, дзе жыла нянька. У вялікім вуглавым пакоі стаяў кабінетны раяль, на якім дзед часцяком разам з сябрамі (кампазітары, пісьменнікі) распісваў прэферанс.

Мяне маці спрабавала вывучыць музыцы, дзеля чаго нанялі хатнюю настаўніцу, але аніякай ахвоты займацца на раялі ў мяне не было, пра што цяпер дзіка шкадую. Калі прыходзіла настаўніца, я хаваўся пад ложак, адкуль мяне выкалуплівалі ўсёй сям’ёй. Тым не менш цягам года такіх “заняткаў” я такі вывучыўся дзвюма рукамі выконваць “Петушок, погромче пой…”

Куды больш мяне прыцягвала радыёла з зялёным вочкам, якая стаяла ў пакоі дзядзькі. Калі ён сыходзіў на працу, я забіраўся ў пакой, уключаў радыёлу і з захапленнем слухаў розныя незразумелыя галасы, а таксама музыку. Гэтая кватэра, радыёла прысутнічаюць у маім апавяданні “Дзень добры, Бабуля Яга!”

У школьныя гады ў сувязі з разменам кватэр я памяняў тры школы.

5–8 класы — гэта СШ №73. Жылі на вуліцы Чарнышэўскага ў доме, збудаваным для пісьменнікаў, працаўнікоў выдавецтваў. З тых часоў ведаю і Адама Глобуса, і Толю Кашапарава, і Дзіму Філімонава.

9–10 класы — гэта СШ №23. Там мне вельмі пашанцавала на выкладчыкаў беларускай і рускай літаратур.

Пасля заканчэння школы з двух 10-х класаў ажно шэсць чалавек паступілі на філалогію, у тым ліку і я. Ужо ў школе пачаў шмат слухаць музыку, прычым самую розную, дзякуючы маці з’явіліся першыя “фірмовыя” вінілы — груп “Omega Red Star”, “Czerwone gitary”.

Там жа нешта пачалі пісаць, калектыўна і сольна, а паколькі з дакладнымі навукамі ў мяне былі праблемы, выбар беларускага аддзялення філфака БДУ вырашыўся сам сабой.

Студэнцтва, як, бадай, і ва ўсіх, было вірлівым і захапляльным. З 114 чалавек беларускага аддзялення хлопцаў было недзе 14 чалавек, а гарадскіх — і таго меней. Так склалася, што амаль адразу пасябраваў з вядомым цяпер фалькларыстам Валодзем Васілевічам, цяперашнім рэдактарам Георгіем Кісялёвым, даўно ўжо масквічом Сяргеем Палітыкам, які прамяняў кансерваторыю на філфак і дзякуючы якому я быў сведкам бунту мінскай моладзі каля кінатэатра “Новости дня”.

На другі ці трэці дзень вучобы на філфаку, які тады месціўся на Чырвонаармейскай, здарылася патрапіць на канцэрт Марылі Радовіч, якая выступала проста ў нашай актавай зале. Выпускалі насценную газету “Слово филолога”, вучылі латынь, а таксама нейкія зусім не патрэбныя навукі кшталту навуковага камунізму, ладзілі “Славянские вечера”, гулялі ў КВЗ.

Запомнілася, як разам з групай падтрымкі ад Чырвонаармейскай па цэнтры вуліцы Кірава ішлі ў галоўны корпус на фінальную гульню. Ішлі з крыкамі, барабанамі, нейкімі дудкамі, плакатамі. Цяпер, канешне, за такое былі б, міліцэйскай моваю кажучы, “забратыя”.
На філфаку пачаў актыўна гуляць у баскетбол, чаго не кідаю і цяпер. Актыўна наведваў Клуб турыстаў і альпіністаў. У горы неяк не вельмі цягнула, хоць і там пабываў, а вось у турпаходы хадзіў рэгулярна, пешыя і лыжныя, ездзіў на турзлёты. Тры гады выязджаў у будаўнічыя атрады, пераважна з фізікамі, з многімі і цяпер сябрую. З-за таго, што быў у будаўнічым атрадзе, прапусціў мінскія канцэрты аркестра Дзюка Элінгтана.

Вучыўся ад пачатку добра, ужо на першым курсе пачаў атрымліваць стыпендыю. Сабраныя грошы ўклаў у набыццё магнітафона “Чайка”, пра што не прамінуў пахваліцца перад сугрупнікамі. За што і паплаціўся: нехта “стукнуў” у дэканат, маўляў, нам вунь на ежу не хапае, а ён магнітафон купіў. І з мяне на паўгода знялі стыпендыю.

Выкладчыкі былі розныя. З Барысам Норманам і Уладзімірам Карпавым і ў баскетбол гулялі, і КВЗ ладзілі, з многімі іншымі трымаліся на дыстанцыі. Латынь да 80-гадовага Пільмана хадзіў здаваць 7 разоў, і яшчэ лёгка выблытаўся…

Нам таксама выкладалі Адам Супрун і Мікалай Паўленка. Алесь Адамовіч чытаў рускую класічную літаратуру. Здаецца, за ім ніхто не мог канспектаваць. А як тое зрабіць, калі ён напамяць цытаваў дзённікі Дастаеўскага?!

Я, дарэчы, тады сябраваў з ягонай дачкой Наталляй, бываў у іх дома, што мне не дапамагло, калі Наташын бацька адправіў мяне з экзамену перачытаць легенду пра Вялікага інквізітара. Зрэшты, з другога разу свае чатыры балы я атрымаў…

Два разы мяне адпраўлялі з экзаменаў.

Другі раз — з беларускай мовы. Выкладчык (як пазней сказаў) проста не хацеў мне псаваць залікоўку. Прызнацца, у час навучання беларускай мовай амаль не карыстаўся, дый па сканчэнні ўніверсітэта два гады выкладаў у вясковых школах рускую мову і літаратуру.

Памятаю, як у Волме (цяперашні Сокал) зладзіў літаратурную вечарыну, на якую здолеў прывезці Алега Лойку і Рыгора Барадуліна. Для ўсёй вёскі гэта была сапраўдная падзея: паўнюткая зала вучняў і іх бацькоў!

Шлях у іншадумства

Дыплом аб заканчэнні ўніверсітэта — гэта, бадай, адзіны ў мяне дакумент на бацькава прозвішча. Ад 1974 года я ўзяў прозвішча маці — Падбярэзскі. Як высветлілася, гэты род вядзе адлік ад княства Друцкага, ад XIV стагоддзя.

Адбыўшы на вёсцы два гады (пра што, дарэчы, аніяк не шкадую), паступіў на працу адміністратарам на кінахроніку “Беларусьфільма”, дзе чакаў вызвалення рэдактарскай пасады. Ды не дачакаўся і пайшоў працаваць у літаратурна-драматычную рэдакцыю БТ, куды прымаў мяне асабіста Генадзь Бураўкін.

Працаваў у эфіры шмат, у тым ліку і ў жывым, але пераважна на маладзёжную (“Тэледыскатэка”) і музычную (“Сустрэнемся пасля 11-ці”) рэдакцыі. У літдраме ж быў у асноўным рэдактарам на тэлеспектаклях. У 1982 годзе атрымалася адзняць тэлеспектакль па паэме Купалы “На Куццю”, якая да гэтага года была забароненая. Арыгінал Купалавага зборніка “Шляхам жыцця” — галоўная кніга ў маім кнігазборы.

А ў канцы 1982 года мяне пачалі актыўна сватаць у рэдакцыю часопіса “Мастацтва Беларусі”, якую збіраў Міхась Раманюк. Я доўга ўпарціўся, бо пакідаць тэлебачанне (тэлебачанне!) не бачыў сэнсу, аднак Алесь Гаўрон мяне “дадушыў”, сказаўшы нешта накшталт: тэлебачанне — вар’яцкі дом, а штомесячнік — гэта ж санаторый. І так я апынуўся ў часопісе, дзе адпрацаваў амаль 20 гадоў рэдактарам аддзела музыкі і намеснікам (пры Аляксею Дудараве) галоўнага рэдактара.

І зноў суцэльная сымболіка: маю пасаду скарацілі ў 2002 годзе. Загад быў падпісаны акурат у дзень майго 50-годдзя. А я ўжо быў спадзяваўся атрымаць значок “Выдатнік друку”, асадку з пазалочаным пяром і хрустальную вазу. Але…

Праўду кажучы, рэдакцыю банальна разагналі пад маскай аптымізацыі рэдакцыйнага штату: надта ўжо шмат фронды трапляла на старонкі часопіса, надта смела “Мастацтва” пакусвала гаспадара — Мінкульт. Таму сабаку альбо на ланцуг, альбо вон са двара…

Варта сказаць, што ў журналістыку я трапіў збольшага выпадкова. Тое, што яшчэ ў школе мелася цалкам асэнсаваная ахвота пісаць, безумоўна. У студэнцкія гады, займаючыся плаваннем, напісаў ва ўніверсітэцкую газету колькі заметак пра спаборніцтвы, пісаў і для філфакаўскай насценнай газеты.

Пісаў вершы на рускай мове, а калі паспрабаваў па-беларуску, колькі з іх праз айчыма перадаў на прагляд Уладзіміру Караткевічу. З ягонага водгуку зразумеў, што паэзія не мая справа, але спадар Уладзімір, скарыстаўшы два радкі з майго верша, напісаў свой, і гэты аўтограф для мяне цяпер вельмі дарагі.

Аднойчы разам з сябрам проста на вуліцы пазнаёміўся з Яўгенам Будзінасам, які разам з Сяргеем Ваганавым набіраў курс аддзялення журналістыкі на факультэце грамадскіх прафесій БПІ. Там я правучыўся два гады і ўжо актыўна пачаў пісаць для “Знамени юности”, потым і для іншых выданняў — “Рабочая смена” (“Парус”), “ЛіМ”, “Беларусь” і іншых.

Як ужо згадваў, трапіў у рэдакцыю часопіса “Мастацтва”, дзе прафесіі магутна вучыў нас Алесь Траяноўскі. Пазней ён пісаў для “Белорусской деловой газеты”, газеты “Имя”, рэдагаваў тыднёвік “Бездельник” — усё ўжо і складана згадаць.

Пераканаўся, што своечасова сказанае, да месца і добра аргументаванае слова здольнае хоць крыху, ды змяніць жыццё да лепшага.

Шлях у музыку

Паколькі яшчэ са школьных гадоў цікавіўся музыкай, асноўнай тэмай маёй журналісцкай практыкі яна і зрабілася. Памятаю, як з-за маёй цалкам бязвіннай, выключна інфарматыўнай нататкі пра ансамбль “ABBA” меў вялікія праблемы галоўрэд “Знамя юности”.

Калі пачаў пісаць для “Рабочей смены”, ужо чытаў польскую музычную прэсу.

Вывучаў, у якой стылістыцы ў Польшчы пішуцца музычныя матэрыялы, шмат чаго пераняў і ўвасобіў у беларускай прэсе.

Прыкладам, для той жа “Рабочей смены” прыдумаў рубрыку адказаў на лісты чытачоў пад назвай “С мира по нотке”. Там жа, хіба ўпершыню ў СССР, артыкул пра групу “Queen” суправадзіў дыскаграфіяй калектыву.

У “Мастацтве” ўпершыню ў беларускай прэсе пачаў рэцэнзаваць новыя пласцінкі беларускіх выканаўцаў. Мне проста было цікава падаваць матэрыялы так, як да мяне гэтага ніхто не рабіў, з той толькі мэтай, каб чытачы атрымлівалі найбольш інфармацыі. Прыкладна тое ж здарылася і тады, калі я супрацоўнічаў з беларускай службай радыё “Свабода”.

Мая першая аўтарская праграма называлася “Мэлёдыя дня”. Гэта значыць, кожны дзень ранішні эфір радыё закрывала праграма, да якой я пісаў падводку недзе на 40 секунд, пасля чаго гучала песня ў выкананні нейкага айчыннага саліста альбо групы.

Памятаю, як Аляксандр Лукашук пасля паўгода існавання праграмы запытаўся, ці здолею я пратрымацца да канца года. Я запэўніў: пратрымаюся і магу яшчэ выйсці на другі год. Канешне, даводзілася пабегаць у пошуках фанаграм, але ж у мяне па-беларуску і Кабзон спяваў пра Нёман!

Сёлета гэтую праграму паўторна запусцілі ў эфір. Прыемна. Значыць, няблага было прыдумана і зроблена…

Сваю энцыклапедыю беларускай папулярнай музыкі задумаў недзе ў 2000 годзе. Звярнуў увагу на тое, што ў афіцыйныя энцыклапедычныя выданні трапляюць толькі тыя выканаўцы, якія маюць нейкія званні. Але ж па-за бортам застаюцца дзясяткі музыкаў, чый унёсак у беларускую музыку калі не большы, дык аніяк не меншы за “заслужаных”. Тым не менш, ідуць гады, і пра многіх з іх проста забываюцца. Адзначыць тое, што яшчэ магчыма, і было мэтай маёй працы, на якую я аддаў амаль 8 гадоў, зафіксаваўшы для гісторыі многіх тых, звестак пра якіх цяпер адшукаць амаль ужо немагчыма. Адным словам, лічу, што невялічкі помнік яшчэ пры жыцці я сабе паставіў.

Калі агульна характарызаваць цяперашні стан беларускай папулярнай музыкі, дык мушу сказаць: у гэтым сэнсе я, хутчэй, песіміст, чым аптыміст. Так, у нас хапае вельмі таленавітых, спраўных выканаўцаў, але толькі не ў галіне таго, што называюць “эстрадай”.

Тут — поўны заняпад. Здаецца, і хапае добра падрыхтаваных спевакоў, але практычна аніхто з іх не мае патэнцыялу выйсці па-за межы краіны. Прычыны тлумачыць не буду.

У той жа час у галіне ўмоўна кажучы “неафіцыйнай” музыкі адбываецца шмат цікавага і сучаснага, аднак, не маючы магчымасці жыць выключна з уласнае творчасці, гэтыя выканаўцы і калектывы свой патэнцыял, за рэдкім выключэннем, рэалізаваць не ў стане.

І ўсё ўрэшце рэшт прыходзіць да таго, што музыка для гэтых выканаўцаў робіцца хобі, а таму ні пра якую прафесійную дзейнасць казаць ужо не даводзіцца. Толькі як пра мастацкую самадзейнасць…

Шлях вяртання

Мінулай восенню здарылася нечаканае. Мне патэлефанавала Люда Грамыка, з якой мы былі ў першым наборы часопіса “Мастацтва”, і прапанавала вярнуцца ў рэдакцыю на пасаду намесніка галоўнага. Я прыдушыў у сабе ўспамін, як мяне адтуль турнулі, і пагадзіўся. Аднак неўзабаве з Людай кантракт не працягнулі, 12-ы нумар за 2014 год я па сутнасці выпускаў як галоўны, але ад гэтай пасады адмовіўся.

Не ведаю, колькі там пратрымаюся, бо праца ў дзяржаўнай прэсе пасля 12 гадоў вольнага разгуляева даецца ў знакі, але шчыра імкнуся да таго, каб “Мастацтва” зрабіць, наколькі тое магчыма ў цяперашніх умовах, больш-менш сучасным выданнем.

Канешне ж, каб была мая воля, запрасіў бы яшчэ пару-тройку крэатыўных прыдумшчыкаў-аўтараў, і тады б мы разам зрабілі не часопіс, а цукерку, які б чыталі многія…

Што да гісторыі “Мастацтва”, дык згадваю, калі нам упершыню дазволілі надрукаваць артыкул аб прыездзе ў Мінск Забэйды-Суміцкага. Мы змясцілі ў макет нумара ягонае фота з беларускімі пісьменнікамі, а калі часопіс выйшаў з друку, убачылі: на фота чалавек восем, а ног — дзевяць пар. Адна галава яўна адсутнічала. І зроблена тое было ў друкарні, дакладна. Прыйшлі да высновы: “бдячыя органы” прыбралі адзін твар са здымка, каб не рассакрэціць свайго…

Маё знаёмства з будучай жонкай Таццянай адбылося ў Мінску, хоць яна тады разам з бацькамі жыла ў Запарожжы, але вучылася ў Мінску на журфаку. Дзявочае прозвішча Шаварская, з былой польскай шляхты, яе бабуля жыла на Валыні зусім недалёка ад мяжы з Польшчай. Пазнаёміліся ў кавярні “Рамонак”, калі яна ўжо скончыла журфак і ад’ехала потым у Запарожжа ў рэдакцыю мясцовай камсамольскай газеты. Яна мне адразу спадабалася: прыгожая (само сабой!), упэўненая ў выказваннях. Перапісваліся, пасля чаго, здаецца, па тэлефоне зрабіў ёй прапанову. Атрымаў адлуп, але не адступіў. І потым неяк прыйшлі да згоды, як раптам, калі ўсё было нібыта вырашана, яна зноў адказала “не”. І я раззлаваўся: што такое?! І тут жа кінуўся ў Запарожжа. Квіткоў на самалёт не было, паляцеў да Днепрапятроўска, адтуль “Ракетай” да Запарожжа — і такі ліквідаваў няпэўнасць.

Вяселле нашае, дарэчы, адбывалася ў Доме літаратара, тамадой быў Алесь Камароўскі, які проста бліскуча адпрацаваў! Музыку рабілі хлопцы з дыскатэкі кавярні “Сузор’е”, фатаграфаваў мой зводны брат Сяргей Новікаў.

У выніку жывем разам дагэтуль, часам няпроста, бо мая спагадлівасць нярэдка канфліктуе з той самай запарожскай упэўненасцю ў тым, што “я ведаю, як тое павінна быць”. У выніку два хлопцы-падбярозавікі: Пётра і Даніла, названыя ў гонар нашых дзядоў, а ўжо і ўнук Іван Падбярэзскі маецца. Род працягваецца, дзякуй!

Хлопцы, якія, як і я, не надта сябравалі з дакладнымі навукамі, паступалі на італьянскую мову філфака БДУ. Памятаю, як у час апошняга экзамену ў двары БДУ сустрэў Андрэя Тура. Той пацікавіўся, што я тут раблю. Патлумачыў. Андрэй, які быў у складзе заліковай камісіі, запэўніў: паступяць. Як жа: 40 дзяўчат і ўсяго тры хлопцы-прэтэндэнты. Але потым аказалася: адзін з маіх хлопцаў не дабраў 0,5 бала, і калі камісія на чале з Аляксандрам Казуліным разглядала тую сітуацыю, Казулін запытаўся: “Падбярэзскія? Гэта іх бацька ў “Имени” друкуецца?”, на што, са слоў Тура, той пацвердзіў: так. І аказалася, што пры паступленні ў ВНУ дзейнічае тое ж правіла, што і ў войску: блізняты павінны быць разам. Так і паступілі мае хлопцы ў БДУ.

Дзеці цяпер, абодва, працуюць на тэлебачанні, і так атрымліваецца, што дынастыя Падбярэзскіх на БТ — самая значная. То бок, калі мой дзед кіраваў Дзяржкамітэтам радыё, мой айчым там працаваў рэдактарам, я працаваў на БТ, мая жонка (музычная, спартовая рэдакцыі), а цяпер дзеці, то хто яшчэ больш? Засмуціла тое, што ў музеі Белтэлерадыёкампаніі да нядаўняга часу не было фота майго дзеда, але, здаецца, гэтую памылку выправілі”.

02.11.2015

%d0%9f%d0%90%d0%94%d0%91%d0%af%d0%a0%d0%ad%d0%97%d0%a1%d0%9a%d0%86-1%d0%9f%d0%90%d0%94%d0%91%d0%af%d0%a0%d0%ad%d0%97%d0%a1%d0%9a%d0%86-26%d0%9f%d0%90%d0%94%d0%91%d0%af%d0%a0%d0%ad%d0%97%d0%a1%d0%9a%d0%86-3%d0%9f%d0%90%d0%94%d0%91%d0%af%d0%a0%d0%ad%d0%97%d0%a1%d0%9a%d0%86-8%d0%9f%d0%90%d0%94%d0%91%d0%af%d0%a0%d0%ad%d0%97%d0%a1%d0%9a%d0%86-7%d0%9f%d0%90%d0%94%d0%91%d0%af%d0%a0%d0%ad%d0%97%d0%a1%d0%9a%d0%86-6%d0%9f%d0%90%d0%94%d0%91%d0%af%d0%a0%d0%ad%d0%a1%d0%9a%d0%86-4%d0%9f%d0%90%d0%94%d0%91%d0%af%d0%a0%d0%ad%d0%97%d0%a1%d0%9a%d0%86-5%d0%9f%d0%90%d0%94%d0%91%d0%af%d0%a0%d0%ad%d0%97%d0%a1%d0%9a%d0%86-9 %d0%9f%d0%90%d0%94%d0%91%d0%af%d0%a0%d0%ad%d0%a1%d0%9a%d0%86-11

filara2014_1 saligorsk2014_4filara2014_1