Палажанка Наста

%d0%bf%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%b6%d0%b0%d0%bd%d0%ba%d0%b0

З кнігі "Найноўшая гісторыя  ў асобах"

...Усе 22 гады (з самага нараджэння) свайго жыцця Наста Палажанка правяла ў Мінску. Яе бацькі (Галіна Уладзіміраўна і Уладзімір Міхайлавіч) пераехалі сюды з Кіраўска, каб мець лепшую перспектыву для свайго жыцця і даць яе дзецям.

На жаль, 16 гадоў таму Галіны Уладзіміраўны не стала, таму ўвесь цяжар па выхаванню дзяцей лёг на плечы яе мужа.

Брат Насты Сяргей старэйшы за яе на дзевяць гадоў. Універсітэт ён скончыў з чырвоным дыпломам і зараз працуе індывідуальным прадпрымальнікам у галіне IT- тэхналогій.

Вучоба ж самой Насты пачалася ў 1997 годзе, калі яна першы раз пайшла ў першы клас сталічнай школы №73. Напэўна, яе і скончыла б, каб не дзве абставіны.

Першая звязана з сяброўствам у “Маладым Фронце”: праблемамі ў выглядзе міліцэйскіх візітаў і ўзбуджэння крымінальнай справы  ў 2007 годзе.

Другая – абранне дырэктрысы Насты дэпутатам мясцовага Савету.

Так атрымалася, што гэта адбылося амаль адначасова.

І яшчэ адзін вельмі прынцыповы, на мой погляд, момант. У Насты і яе школьнай дырэктрысы былі кардынальна супрацьлеглыя погляды на тое, што адбываецца ў краіне. Апошняя была перакананай прыхільніцай улады, таму, калі яе “абралі”, пачалося тое, што называецца здзекамі над адным пікантным месцам… Тым самым, якое некалі паэт Саша Чорны называў “седалищем”…

Даходзіла нават да таго, што адміністрацыя школы дэманстратыўна не віталася з Палажанкай. Цярпела Наста да сярэдзіны адзінаццатага класа, а потым не вытрымала, вырашыла змяніць месца навучання.

Той, хто думае, што ў нашай “сацыяльна-стабільнай” краіне такія рэчы робяцца вельмі проста, фатальна памыляецца. Разам з бацькам Наста Палажанка аб’ехала шмат сталічных школ. Вучылася яна добра (тут перашкодаў не было), але, калі ў новым месцы з дапамогай “камп’ютарнай базы” даведваліся пра “палітычна-міліцэйскія” праблемы, адразу адмаўлялі. Пагадзіліся толькі ў сярэдняй школе № 37 з эстэтычным ухілам.

Дарэчы, кампанію Насці склалі яшчэ трое яе сяброў. Такая праява салідарнасці сёння сустракаецца вельмі рэдка. Асабліва калі ўлічыць, што гэта была другая палова выпускнога адзінаццатага класа…

У “Малады Фронт” дзяўчына прыйшла ў 2004 годзе. Ёй было тады чатырнаццаць гадоў і вучылася яна ў восьмым класе. “Глеба” ж для гэтага была падрыхтаваная значна раней. З самага дзяцінства хацелася ведаць сапраўдную гісторыю сваёй краіны, размаўляць на роднай мове.

Сумна, але гэтае жаданне прыйшлося менавіта на той час, калі на ўсім гэтым афіцыйна быў “пастаўлены крыж”. Асабліва пасля рэферэндуму 1995 года, калі ў кране прынялі “двухмоўе”. Не трэба быць нацыяналістам, каб убачыць, як імкліва з нашага жыцця пачало знікаць усё беларускае, а патрабаванне “говорить нормально” стала не толькі вельмі распаўсюджаным, але і амаль абавязковым.

Некалькі месяцаў таму выпала пабываць у добра вядомым яшчэ з савецкіх часоў “Доме дружбы”. Такога раней не было, але мне сапраўды прыйшлося тлумачыць, што “аднолькавы” на рускай мове азначае “одинаковый”. На жаль, сярод сучаснай моладзі час ад часу сустракаецца і падобнае.

Таму можна толькі ўявіць, колькі разоў у сваім пакуль кароткім жыцці Наста Палажанка адчувала сябе “белай варонай”…

Нехта з сяброў прапанаваў схадзіць і паглядзець на тое, як у скверы Янкі Купалы будуць святкаваць Дзень бітвы пад Оршай. Хто будзе арганізоўваць імпрэзу, яна не ведала. Так лёс звёў яе з хлопцамі з “Маладога Фронту”. Там і даведалася пра прынцыпы, каштоўнасці гэтай арганізацыі, а неўзабаве ўжо і прыйшла на першую для яе маладафронтаўскую Управу.

Першыя два гады бацька і старэйшы брат ставіліся да яе захаплення палітыкай насцярожана. На гэтай глебе былі нават сваркі. І вельмі сур’ёзныя. У іх доме панавала сапраўдная вайна. Асабліва пасля першага затрымання.

“Пералом” у стаўленні бацькі да яе “заняткаў палітыкай” адбыўся пасля таго, як на Насту завялі крымінальную справу за дзейнасць у складзе незарэгістраванай арганізацыі. Уладзіміра Міхайлавіча выклікалі ў гарадскую пракуратуру і сказалі пра тое, што яго дачка стала падазраванай.

Па адукацыі бацька Насты ваенны палітолаг (вучыўся ў памежным вучылішчы пры КДБ СССР) і таму вельмі добра разумеў, што можа тут атрымацца.

Ён прысутнічаў на многіх допытах Насты. Разумеў яе правату і тое, што дачка будзе ісці далей.

Уразілі ператрус, які адбыўся ў іх кватэры ў адсутнасці Насты (такога бязмежжа бацька не мог нават уявіць), і суд над ёй. Вакол будынка тады сабралася каля трохсот чалавек, а ў самой зале прысутнічалі амбасадары, журналісты, палітыкі. Мабыць, тады Уладзімір Міхайлавіч і зразумеў, што Наста не адна і што ёсць людзі, дзеля якіх яна ўсё гэта робіць.

Было гэта ў 2007 годзе. За дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі  суд вынес дзяўчыне (як непаўнагадовай) папярэджанне.

Пасля школы Наста Палажанка хацела паступіць на філасофскі факультэт БДУ, але добра разумела складанасці, якія могуць узнікнуць з далейшай вучобай у Беларусі. Канчатковы выбар быў аддадзены Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту, які сёння вымушаны працаваць у Вільні.

Шляхам Зміцера

У яго пашпарце напісана, што Зміцер Дашкевіч нарадзіўся 20 ліпеня 1981 года ў вёсцы Кушняры Івацэвічскага раёна Брэсцкай вобласці, але гэта не адпавядае рэчаіснасці. У рэальнасці месцам нараджэння будучага лідара “Маладога Фронту” была вёска Багуцічы Ельскага раёна той самай вобласці.

Справа ў тым, што бацькі Зміцера былі журналістамі і іх “насіла” па свеце. У Беларусь яны прыехалі ў госці да сваякоў. Маці была цяжарнай, таму рэальным геаграфічным месцам нараджэння стала вёска Багуцічы, а ў пасведчанні аб нараджэнні запісалі радзіму таты Вячаслава Уладзіміравіча вёску Кушняры, што дазваляла тагачаснае заканадаўства.

Пра гэта аўтару распавёў сам Зміцер Дашкевіч чатыры гады таму, калі ішла праца над кнігай “Будзіцелі”. Як і пра тое, што пасля заканчэння сярэдняй школы ў Старых Дарогах (лёс у 1986 годзе “закінуў” туды бацькоў) ён цэлы год правучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным сельскагаспадарчым інстытуце. А пасля зразумеў, што гэта “не яго” і паехаў паступаць у Мінск на журфак БДУ.

Так атрымалася, што туды Зміцер не трапіў, затое трапіў у “Малады Фронт” і восенню гэтага ж года (2001) прыняў актыўны ўдзел у абароне (250 дзён) месца масавых расстрэлаў у Курапатах.

У 2004 годзе пратэставаў супраць рэферэндуму, у выніку якога Лукашэнка атрымаў права вылучацца прэзідэнтам і на трэці, і на чацвёрты тэрмін.

У гэтым жа годзе стаў кіраўніком “Маладога Фронту”.

На прэзідэнцкіх выбарах 2006 Зміцер Дашкевіч працаваў у камандзе Аляксандра Мілінкевіча. Быў адным з арганізатараў акцый пратэсту, а таксама лідарам намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы. У верасні 2006 года яго арыштавалі па абвінавачванні ў “дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі” і 1 лістапада асудзілі на паўтары гады зняволення.

23 студзеня 2008 года Зміцера Дашкевіча нечакана вызвалілі са Шклоўскай калоніі. Менавіта тады мы асабіста і пазнаёміліся. І я ўпершыню ў сваёй практыцы сутыкнуўся з тым, што патэнцыйны герой пачынае “інтэрв’ю” са смажання пельменяў на маёй кухні. Прыгатаваў іх тады Зміцер вельмі хутка і смачна, але справа не толькі ў гэтым. Аказалася, у маладога хлопца на тое, каб нармальна паесці, проста не хапае часу. І гэта не “фактура” для самапіяру, гэта аб’ектыўны факт.

Памятаю, тады яшчэ падумалася, што, калі такія людзі прыйдуць да ўлады, яны ў працоўны час не будуць гуляць у хакей… А падчас размовы стала зразумела, што іх немагчыма “зламаць”, таму што яны шчыра (амаль фанатычнга) вераць у Бога і ў тое, што робяць…

Пра падзеі, якія адбыліся 18 снежня 2010 года, вельмі падрабязна расказана ў кнізе “Супраць плыні” (у нарысе пра Эдуарда Лобава), таму паўтарацца няма сэнсу. Дадам толькі, што 24 сакавіка 2011 года суд Маскоўскага раёна беларускай сталіцы “адзначыў” Зміцера Дашкевіча пакараннем у выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але потым камусьці гэтага падалося мала.

28 жніўня 2012 года за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі” Дашкевічу “дадалі” яшчэ адзін год турмы.

Шляхам выпрабаванняў

З Настай Палажанкай Зміцер Дашкевіч пазнаёміўся ў 2004 годзе, падчас чарговага вызвалення з Акрэсціна. З часам звычайнае знаёмства перарасло ў каханне, а сёння, калі (па зразумелым прычынам) у журналістаў няма магчымасці пагаварыць з самім Зміцерам, Наста Палажанка стала своеасаблівым інфармацыйным мостам паміж ім і астатнім светам. Прычым самым надзейным. Таму менавіта яе я і папрасіў расказаць пра тое, што адбывалася ў іх жыцці пасля таго, як быў агучаны прысуд.

— Адразу пасля затрымання Зміцер знаходзіўся ў мінскім ІЧУ. Пасля этапам адбыў у Жодзіна. Прабыўшы там некалькі месяцаў, быў накіраваны на “Валадарку”, затым зноў перавялі ў Жодзіна, а адтуль адбыўся этап у Горкаўскую калонію. На пяты дзень свайго знаходжання там Зміцер трапіў у штрафны ізалятар. Потым больш за месяц да яго не пускалі адваката, і мы зусім не ведалі, што там адбываецца.

“Малафронтаўцам” тэрмінова прыйшлося праводзіць актыўную інфармацыйную кампанію ў яго падтрымку, акцыі і мітынг каля самой калоніі з патрабаваннем прапусціць адваката. Скончыўся ён адміністрацыйнымі арыштамі ўдзельнікаў, і свой Дзень нараджэння (2 жніўня — заўвага аўтара) я “святкавала” ў дрыблінскай турме.

Пасля гэтай інфармацыйна-супраціўнай акцыі да Зміцера прапусцілі адваката, і мы сталі атрымліваць інфармацыю пра здзекі, пагрозы, абразы, якія ён там перажывае. Сталі гэтаму даваць адпор, падаваць адпаведныя заявы ў Дэпартамент па выкананню пакаранняў, пракуратуру, розныя суды. У адказ улада пачала “страхаваць” кіраўніцтва горкаўскай калоніі, і 19 верасня 2011 года Зміцера зноў этапавалі.

Напэўна, каб я не магла прыняць нейкі ўдзел у кантролі за тым, як адбываецца этап Зміцера, ды нічога не ведала, мяне ў гэты ж дзень разам з Уладам Яроменкам затрымалі ў Мінску за акцыю “Горад наш”. У мяне забіраюць тэлефон і з яго дасылаюць усім маім сябрам паведамленне, што нас некуды вязуць і я не ведаю, дзе будуць судзіць. Зроблена гэта было для таго, каб у судовай зале падчас пасяджэння нікога не было. Шчыра кажучы, я крыху здзівілася пустой зале, бо ў “Маладым Фронце” так не прынята, нават у самыя небяспечныя часы як мінімум адзін чалавек ад нас падчас суда быць павінен. Хаця б для таго, каб пачуць прысуд…

Як мудрыя жанчыны, маці Мікіты Ліхавіда —  Алена, і Эдзіка Лобава — Марына, разумелі, што ў рэшце рэшт нам “дадуць” суткі і прывязуць на Акрэсціна. Мне прысудзілі 12 сутак, Уладзю Яроменку – 13.

Міліцыянты, якія былі ўпэўненыя, што ўтаілі месца нашага знаходжання, нешта не “пралічылі”, і нас на гэты раз не завезлі аўтобусам за плот, а, як звычайных алкаголікаў ці бамжоў, каторыя грамадскасці нецікавыя, “выкінулі” каля ўваходу, а ўсе дакументы перадалі дзяжурнаму.

У гэты момант да нас і падышлі Алена Ліхавід і Марына Лобава. Ад іх я і даведалася пра этап Дашкевіча, з іх дапамогай патэлефанавала свайму бацьку і расказала пра “суткі”, а таксама папрасіла, каб ён звязаўся з адвакатам і максімальна прасачыў за Дзіміным рухам…

Увесь час маёй “адсідкі” Зміцера “кідалі” з СІЗА ў СІЗА — Магілёў, Віцебск і г.д. Ягоны этап адбываўся больш за тыдзень, пакуль не скончыўся ў Глыбоцкай калоніі.

— Наколькі я ведаю, Глыбоцкая турма з’ўяляецца адной з самых жорсткіх у краіне?..

— Так. Перад тым як “пераехаць” у гродзенскую “крытку”, мы прайшлі самыя “крутыя” калоніі ў Горках, Глыбокім і Мазыры.

Такім чынам, напрыканцы верасня Зміцер прыбыў у Глыбоцкую папраўчую калонію № 13 і прабыў там амаль год. Потым яму “дадалі” год нібыта за сталае парушэнне рэжыму ўтрымання. Этапавалі на месяц у Віцебскае СІЗА, а адтуль у Мазыр, дзе Зміцер прабыў некалькі месяцаў.

Затым адбылося пасяджэнне (пра яго Зміцер не ведаў) аб пераводзе ў крытую турму. Так ён апынуўся ў Гродна.

— У ноч на 26 красавіка 2011 года не стала Вольгі Дашкевіч, якой было толькі 53 гады… Як Вы пра гэта даведаліся?

— З гэтай нагоды мне патэлефанаваў бацька Зміцера Вячаслаў Уладзіміравіч. Сказаў, што прыйшла бяда. Адразу зразумела, з чым гэта звязана, бо маці Зміцера вельмі балюча пераносіла ўсе яго пакуты.

Зранку я ўжо была ў пахавальным бюро і пачала збіраць неабходныя дакументы дзеля таго, каб суд Маскоўскага раёна Мінска (Зміцера судзілі менавіта там) даў магчымасць развітацца з маці.

У той момант Зміцер знаходзіўся яшчэ на “Валадарцы”, таму што 5 траўня разглядалі яго касацыйную скаргу.

Хавалі Вольгу праз два дні, таму ў нас шмат часу не было і суд мусіў прыняць тэрміновае рашэнне. Не ведаю, з кім яны раіліся, але такі дазвол быў атрыманы. Як толькі я аб ім даведалася, паімчала на “Валадарку”, але там ужо нікога з начальства не было.

Наступнай раніцай (27 красавіка — заўвага аўтара) кіраўніцтва сумна вядомага следчага ізалятара спачатку адмаўляла магчымасць развітання. Маўляў, няма канвою. І толькі судовае рашэнне прымусіла іх адвесці Зміцера ў Слуцк, да маці.

У гэты ж дзень са следчага ізалятара выехала машына і накіравалася ў Слуцк. Мы ехалі з ёй побач і ведалі, што там знаходзіцца Зміцер. У мяне па гэты дзень захаваўся нумар тэлефона канваіра, якому тлумачыла, куды і як трэба дабірацца.

Ведаю, што нейкія здымкі на гэты конт ёсць у інтэрнэце, але я не лічу, што ў такія моманты этычна нешта здымаць…

Гэта быў адзіны (за апошнія 19 месяцаў) момант, калі мы мелі зносіны не праз лісты.

Давайце вернемся да моманту Вашага арышту?

— На тым, што адбылося вечарам 19 снежня на плошчы Незалежнасці, падрабязна спыняцца не буду па той прычыне, што там мне пашанцавала (калі ўвогуле ў такіх умовах можна выкарыстоўваць гэты дзеяслоў) не трапіць пад амапаўскія “дэмакратызатары” і ў аўтазак. Больш за тое, атрымалася трапіць на кватэру, якую перад выбарамі здымаў Зміцер, і сабраць для яго перадачу з цёплых рэчаў, якія я ранкам планавала прынесці яму ў ІЧУ.

Дамоў я трапіла толькі недзе каля трох гадзін ночы. Стала пісаць Зміцеру ліст. На трэцяй старонцы ў дзверы нашай кватэры пазванілі, і я зразумела, што гэта “за мной”. Так яно і было.

Спачатку думала не адчыняць, але яны працягвалі званіць, пабудзілі майго тату. А потым я вырашыла адчыніць: узломяць дзверы. Падумалася, што мяне забяруць, а тата застанецца ноччу са зломанымі дзвярыма…

Папрасіла 10 хвілін на тое, каб пераапрануцца. Яны пагадзіліся. Гэта кажа пра тое, што гарадзенскія чэкісты пакуль не такія нахабныя, як мінскія. Пачала збіраць свае рэчы. Тата вельмі хваляваўся. Я яго супакоіла і папрасіла сабраць ежу, бо думала, што паеду “на суткі”, а там харчавыя перадачы забароненыя. Ён пайшоў на кухню, паклаў у мой пакет катлеты. Хацеў пакласці яшчэ хлеб, але я спыніла: у турме яго хапае.

Дарэчы, потым іх у КДБ скралі, таму, калі пасля следчы казаў пра нейкі “чэкісцкі гонар”, я распявала пра скрадзеныя катлеты… Каму раскажы – не паверыць: крадуць у самай “крутой” турме краіны…

Маршрут, па якім мяне вазілі, красамоўна сведчыў пра тое, што ў іх быў загад “забраць” і іншых сяброў “Маладога Фронту”.

Шчыра кажучы, я думала, што мяне павязуць на Акрэсціна, а аказалася “амерыканка”. Гэтую навіну ўспрыняла спакойна, бо там калісьці “сядзелі” Зміцер Федарук і Алег Корбан, а значыцца, “мы” праз гэта ўжо праходзілі.

Доўга вялі па нейкіх калідорах, пакуль мы не прыйшлі да кабінетаў следчых. Адны дзверы былі адчыненымі, і я ўбачыла там паўсоннага Анатоля Лябедзьку. Я вельмі “ўзрадавалася” знаёмаму твару і адначасова спалохалася ад думкі: ці шмат нас там?.. У той час яшчэ не ведала наколькі шмат…

Потым быў допыт, дзе даведалася пра тое, што мне “свеціць” ад “пяці да пятнаццаці”. Следчы, які “кімарыў” на ўласным кулаку. Каля чатырох гадзін чакання канваіра, бо яны не спраўляліся з ТАКОЙ колькасцю арыштаваных. Адсутнасць лістоў і ўсякай іншай інфармацыі. Прысуд.

— Навошта Вам усё гэта? Замест “амерыканкі” прымалі б удзел у якіх-небудзь конкурсах прыгажосці…

— Напэўна, гэта з малаком матулі. Я вельмі рана зразумела, што ў нашай краіне робіцца нешта не тое. На мой погляд, кожны чалавек павінен вырашаць праблему, якая яго кранае. Мяне кранае занядбаная палітычная воля беларусаў і абыякавасць да ўсяго вакол.

Шлях да храму

Падчас працы над гэтым нарысам стала вядома, што ў гарадзенскай турме паляць лісты Зміцера Дашкевіча. Не ведаю, чым кіруюцца тыя, хто прымае такія рашэнні. Магчыма, сапраўды нейкай “энергаэканоміяй”. Калі так, то адно яны сэканомілі дакладна – сумленне.

Магчыма, некаторыя памятаюць фільм Тэнгіза Абуладзэ “Пакаянне” і фразу пра тое, што не ўсе дарогі вядуць да храму. На мой погляд, Наста Палажанка і Зміцер Дашкевіч абралі менавіта той шлях, які да храму ў рэшце рэшт і прывядзе. Праз якія б пакуты не прышлося прайсці.

Пасляслоўе

Калі гэтая кніжка была амаль гатовая да друку, прыйшла вельмі прыемная навіна. 26 снежня 2012 года ў Гродна Наста Палажанка і Зміцер Дашкевіч пабраліся шлюбам. З гэтага дня прозвішча ў Насты – Дашкевіч, як у яе суджанага. І агульны, зараз ужо сямейны, шлях у будучыню.

%d0%bf%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%b6%d0%b0%d0%bd%d0%ba%d0%b01 %d0%bf%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%b6%d0%b0%d0%bd%d0%ba%d0%b02 %d0%bf%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%b6%d0%b0%d0%bd%d0%ba%d0%b03 %d0%bf%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%b6%d0%b0%d0%bd%d0%ba%d0%b04 %d0%bf%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%b6%d0%b0%d0%bd%d0%ba%d0%b05 %d0%bf%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%b6%d0%b0%d0%bd%d0%ba%d0%b06 %d0%bf%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d0%b6%d0%b0%d0%bd%d0%ba%d0%b07