Парфянкоў Васіль

%d0%bf%d0%b0%d1%80%d1%84%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%be%d0%b2

З кнігі "Жыццё пасля кратаў"

ПЕРШАЯ АХВЯРА

Даведка: Васіль Парфянкоў нарадзіўся 30 жніўня 1983 году ў Мінску. Падчас выбараў-2010  супрацоўнічаў з кампаніяй “Гавары праўду!”, быў актывістам штаба Уладзіміра Някляева, збіраў за яго подпісы, праводзіў агітацыю.

4 студзеня 2011 года быў затрыманы.

Апынуўся ў СІЗА на Валадарскага як фігурант крымінальнай справы па арт.293. Прысуд стаў самым першым па справе “19 снежня”: 17 лютага Фрунзенскі суд Мінска асудзіў Васіля Парфянкова на 4 гады калоніі строгага рэжыму.

Добра памятую, як суддзя Вольга Камар, якую выкрыў фэйсбук, апраўдвала свае жорсткія дзеянні, тым што Васіль Парфянкоў “кончаны” крымінальнік. Маўляў, яна адправіла за краты “отпетого рецидивиста”.

Пад час нашай размовы высветлілася, што гэта далёка не так, а пацукі (нават у судзейскіх мантыях) заўсёды баяцца святла…

Жыццёвыя дэбюты

Дарэчы, прыклад суда над Васілём Парфянковым вельмі красамоўна сведчыць аб тым, што трэба рабіць праціўнікам улады. Расказвалі, як адна грамадзянская кампанія “правучыла” міліцыянта, які затрымліваў і хлусіў супраць іх актывіста. Яны прост зрабілі менш за сотню адпаведных улётак і распаўсюдзілі іх у роднай вёсцы ката. Пасля гэтага ў ёй ён не паяўляўся некалькі гадоў – сорамна.

На мой погляд, гэты метад даволі эфектыўны перш за ўсе таму, што катуюць іншадумцаў не толькі добра вядомыя персоны накшталт палкоўніка Яўсеева. Брутальныя загады выконваюць дзесяткі (а то і сотні) нікому невядомых (маецца на ўвазе максімальна шырокая грамадскасць – заўвага аўтара) людзей. Іх прозвішчы даволі часта па за межамі газетных артыкулаў, а гэта стварае ілюзію беспакаранасці любых дзеянняў і таго, што яны “спатрэбяцца любой уладзе”.

Аднак вернемся к нараджэнню Васіля Парфянкова. Пра дату і месца напісана вышэй, таму ёсць сэнс зрабіць акцэнт на яго бацьках.

Маці Валянціна Паўлаўна родам з-пад Беразіно Мінская вобласці

Бацька, Пётр Фёдаравіч Парфянкоў, нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці

У Васіля яшчэ дзве сястры. У 1979-м годзе нарадзілася Вольга, у 1981-м Алеся.

Вучыўся ён у 163-й школе, якая месціцца ў сталічным мікрараёне з  прыгожай назвай “Зялёны луг”. Пасля школьных дзевяці класаў у ПТВ №63, ён атрымаў спецыяльнасць майстра апрацоўчых работ.

У гэты ж час адбыўся яго палітычны дэбют. Ім стаў першы “Марш свабоды”. Пра яго расказаў адзін з выкладчыкаў ПТВ і заклікаў вучняў быць там “вельмі акуратнымі, бо магчымы сутыкненні з міліцыяй.”

Са сваім сябрам  Васіль Парфянкоў пайшоў туды “проста паглядзець”. І ўбачыў, як міліцыянты збіваюць абсалютна невінаватых людзей…

Потым была абарона Курапат.

8 лістапада 2001 года была першая “зачыстка”. Васіль трапіў тады на наступны дзень. Яго вельмі ўразіла тое, што людзі з крыжамі  супрацьстаяць бульдозерам. Нечым гэта нагадвала абароны Масквы, калі за фашысцкімі танкамі ішла пяхота. Толькі ў дадзеным выпадку  — амапаўцы. Іх гумовыя палкі не даравалі нікому… У тым ліку і Васілю Парфянкову…

У Карапатах ён прабыў сем месяцаў. Усю зіму праспаў у намёту. Дамоў прыходзіў даволі рэдка – раз у тыдзень. Толькі для таго, каб узяць прадуктаў і памыцца.

Пазнаёміўся там з Паўлам Севярынцам і Зміцерам Дашкевічам, але ўступіў не ў “Малады фронт”, а ў Беларускую партыю свабоды. Што не перашкодзіла потым прымаць актыўны удзел ва ўсіх мерапрыемствах маладафронтаўцаў. Дарэчы актыўны удзел ён прымаў і ў іншых акцыях – “задалбала” глядзець як з людзей робяць паслухмянае быдла”.

Акрэсцінскі дэбют для яго адбыўся ў лютым 2002-га года. калі за традыцыйную на Дзень Святога Валянціна акцыю Васілю Парфянкову далі першыя “10 сутак”.

З гэтага моманту яго прывозілі “на Акрэсціна” амаль пасля кожнай апазіцыйнай акцыі. Калі палічыць вельмі прыблізна, то з 12 месяцаў, якія складаюць год, 2 ён праводзіў за кратамі.

…Чарговыя “суткі” Парфянкоў атрымаў у 2004 годзе за тое, што пратэставаў супраць рэферэндуму наконт чацвёртага тэрміна Лукашэнка.

У адной камеры з ім акрамя Паўла Сявярынца, Мікалая Статкевіча і іншых адбываў пакаранне і Вячаслав Сіўчык, знаёмы яшчэ па Курапатах. Менавіта ў гэты час на Украіне пачыналася “памаранчавая” рэвалюцыя і той, пасля “адсідкі” збіраўся ехаць у Кіеў.

Гэтак жа вырашыў зрабіць І Васіль Парфянкоў. Разам з Алегам Данільчыкам яны  прыехалі ў украінскую сталіцу, каб падзяліцца сваім досведам і падтрымаць там “каманду Юшчанка” . Сышліся там з моладдзю з “Пары” і актывістамі “УНА-УНСО”.

Менавіта кантакты з апошнімі і прывялі першы раз краты.

“Турэмныя” дэбюты

Мабыць, справа ў  эйфарыі, якая тады панавала на Украіне. Інакш цяжка патлумачыць той факт, чаму Васіль Парфянкоў прыняў удзел  у захваце выбарчага штаба Віктара Януковіча. Разам з іншымі яму прысудзілі за гэта тры гады пазбаўлення волі. Амаль адразу ён напісаў заяву на экстрадыцыю ў Беларусь і хутка трапіў у шклоўскую калонію нумар 17.

Было гэта з 2005 годзе, а ў 2006 годзе туды трапіў Зміцер Дашкевіч, якога асудзілі на паўтары гэты за “дзеянні ад імя незарэгістраванай арганізацыі”

Вызваліўся Васіль Парфянкоў у 2007 годзе. Па ўмоўна-датэрміноваму вызваленню, бо за кратамі прабыў толькі два года і два месяца.

Нічога “цікавага” з пункту гледжання палітыкі ў Беларусі ў той час не адбывалася. Працаўладкавацца на радзіме не выпадала, таму ён пачаў ездзіць у Расію ў якасці звычайнага гастарбайтэра.

У 2009 годзе “подзвігі” Васіля Парфянкова крыху забыліся, і ён сумеў уладкавацца на працу у “Арэсасэрвісстрой”. Нават троху працаваў на будаўніцтве “Мінск-Арэны”.

У 2010 годзе знаёмы Павал Яловік прапанаваў папрацаваць у некляеўскай кампаніі “Гавары праўду”.

Пра тое, што было потым, напісана ўжо нямала, адзначу толькі, што разам з Алегам Гнедчыкам ён быў у дружыне Уладзіміра Няклева, і калі адбылося кімсьці запланаванае біццё шкла, упіраўся рукамі ў дзверы будынку ЦВК, каб не дапусціць далейшых правакацый.

На жаль беларуская Феміда расцаніла гэты крок з дакладнасцю да наадварот. Васілю Парфянкову налічылі 61 “удар” па дзвярам і прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Яго арышт вельмі нагадваў прымітыўны баявік.  Дарэчы, як і многія. Таму бы я забараніў супрацоўнікам спецыяльных службаў іх прагляд. А то нагледзяцца розных крывавых ”экшн” і потым гуляюць у  “ліхіх рэмба”…

Вечарам 4 студзеня 2011 года  Васіль Парфянкоў вяртаўся з работы. Невядома адкуль яму пад ногі прыляцела “свето-шумовая граната”. Такія ж выкарыстоўваліся пад нападу на калону Уладзіміра Някляева, якая рухалася з Нямігі на Кастрычніцкую плошчу. Успышка ўдарыла па вачах.

Калі Парфянкоў прыйшоў у сябе, ён ўжо ляжаў на снезе, а на спіне “сядзелі” чалавека тры-чатыры. У гэты момант да яго падышоў нейкі чалавек у касцюме і паліто. Перад вачамі аказаліся туфлі з доўгімі насамі. З валасы падняў са снегу галаву Васіля і паказаў пастанову на арышт, а потым пастанову на вобыск.

У кватэры канфіскавалі налепкі, падпісныя лісты за Някляева розныя сцягі, і наўчбук, які яго бацька купіў за свае грошы.

Ужо ў калоніі (праз паўгады) Васілю Парфянкову прышлося пісаць даверанасць, каб яго бацька змог забраць з міліцэйскага складу сваю ж маёмасць, якая  стала “вещдокам”. І ўсе таму, што там былі макеты падпісных лістоў…

Каментаваць, тут нешта вельмі цяжка. Адзначу толькі, што калі ў падобныя сітуацыі трапляюць самі міліцыянты, яны адразу успамінаюць пра “правы чалавека”…

9 красавіка 2011 года Васіля Парфянкова этапавалі ў папраўчую калонію № 8, што месціцца у Оршы. Калонія вядомая тым, што ў яе сценах адбывалі тэрміны вядомыя ў нядаўнім мінулым палітвязні Міхаіл Марыніч і Васіль Лявонаў.
Яе лічаць амаль не адзінай, дзе пакуль дзейнічае  “жизнь по понятиям”, то бок законы крымінальнага свету. Напрыклад, у адным з атрадаў “смотрящим” быў знаёмы Васілю яшчэ па школе чалавек. Некалі яны нават разам гулялі ў футбол.

Працаваць Парфянкоў папрасіўся адразу ж, бо так хутчэй бяжыць час. Яго накіравалі ў будаўнічую брыгаду, якая займалася рамонтам цэхаў прамысловай зоны (“промкі”). Праўда, плацілі за гэта такія грашы, што пісаць нават сорамна 25-30 тысяч у месяц. На іх можна было купіць кавалак мыла, нейкую зубную пасту і некалькі рулонаў туалетнай паперы. Выратоўвала “атаварка”. Кожны “зэк” мае свой грашовы рахунак, з якога мае права заказваць тавараў на пэўную суму. Калі ён становіцца “злоснікам” (злосны парушальнік дысцыпліны) яе, у якасці пакарання “уразаюць” да 35 тысяч у месяц.

На асабісты рахунак Васілю Парфёнкову прыходзілі грошы ад цалкам незнаёмых людзей. Прыходзілася прасіць іх не слаць, бо ў “злосніка” магчымасці траціць іх няма. Асабліва балюча была адмаўляць 70-гадовым бабулям, якія  ахвяравалі па 70-100 тысяч са сваіх пенсій. Адпаведная заява пісалася начальніку фінансавай часткі, аднак грошы прыходзілі зноў з лістом не крыўдзіць пенсіянераў.

Шчыра кажучы, для аўтара гэта даволі нечаканы крок людской салідарнасці. Асабліва ад тых, каго лічаць самым надзейным “электаратам” дзеючай улады…

А “злоснікам” Васіль Парфянкоў стаў даволі хутка.

Першы “трое сутак” ШЫЗА ён атрымаў за тое “нядобра выбрыты” ён выйшаў на ранішнюю праверку. Звычайна за такое парушэнне ў штрафны ізалятар не саджаюць…

Другое парушэнне было з-за бязвыхаднай сітуацыі. Васіль памыў сваю робу і па гэтай прычыне быў вымушаны ў сталовую (што абявязкова) прыйсці ў чорным спартовым касцюме. 10 сутак ШЫЗА.

Трэцяе звязана з лістамі салідарнасці, якія ён атрымліваў не толькі з Беларусі, але і з усяго свету. За сем месяц “жыцця” у калоніі іх накапілася 1438 штук. Усе пасля вызвалення  Парфянкоў прывёз дамоў. Як рэліквія яны захоўваюцца па гэты дзень.

Дык вось, захоўваць іх можна было толькі ў “капцёрцы”, дзе бязмежна панавалі мышы. Паперу бы яны з’елі даволі хутка, таму Васіль складаў іх у сваю тумбачку, што нельга па правілах.

Звычайныя зэкі іх не захоўваюць. Калі збіраецца стос – паляць. Васіль так рабіць не мог, бо пісаліся лісты з незвычайнай шчырасцю, “ад усяго сэрца”

Пад час чарговага “шмону” прагучала, што захоўваць іх тумбачцы “не положено”. Парфянкоў пачаў нешта казаць пра мышэй, але афіцэра-рэжымніка гэта не ўразіла. На вачах у Васіля ён пачаў іх рваць. Той вырваў пачку і адштурхнуў афіцэра. Апошні ўпаў. 15 сутак ШЫЗА.

Адбыць увесь тэрмін, на шчасце, не атрымалася. Здарылася гэта 4 жніўня 2011 года, а 12 жніўня  Васіля Парфянкова вызвалі ў штаб распісацца наконт памілавання.

Вымушаны “дэбют”

Было гэта ў дзве гадзіны ночы, а ўжо ў пяць гадзін раніцы (дазволілі памыцца і пабрыцца) яго перавялі ў камеру, дзе “зэкі” праводзяць апошнія часы перад вызваленнем, а потым  (прыблізна ў 11.00) выпусцілі “за вароты” .

На мінскім чыгуначным вакзале яго не чакалі, бо пра вызваленне не ведалі. Дакладней, ведалі  толькі пра колькасць і некалькі прозвішчаў сярод якіх былі Зміцер Дрозд і Сяргей Казакоў. Іх і чакалі, таму крыху прыемна здзівіліся, калі за гадзіну да намечанай сустрэчы ўбачылі Васіля Парфянкова.

Пасля некалькіх дзён у роднай хаце ён вырашыў з’ездзіць у Кіеў, дзе засталося шмат сяброў. Проста адпачыць, падыхаць вольным (у параўнанні з намі) паветрам. Сустрэўся там з Вячаславам Сіўчыкам і нават прыняў удзел, у акцыі (каля помніка Тарасу Шаўчэнка) наконт прыняцця Вярхоўным Саветам 12-га склікання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, якая была прынятай 25 жніўня 1991 года.

Праз тыдзень вярнуўся дамоў і паспрабаваў працаўладкавацца. Доўгі час гэта не ўдавалася, бо як толькі станавілася вядомым, за што ён быў асуджаны, гучала (і прыватных, і дзяржаўных прадпрыемствах) стандартнае – “нам праблемы не патрэбны”. Па яго спецыяльнасці (майстра  апрацоўчых работ) вакансій хапала, але страх перад адпаведнымі службамі перашкаджаў кіраўнікам рознага ўзроўню прымаць разумныя і лагічныя рашэнні.

Работу Васіль Парфянкоў знайшоў толькі праз сем месяцаў пасля вызвалення.

Па зразумелым прычынам я не буду называць назвы  структуры. Адзначу толькі, што даволі часта людзьмі кіруе банальны канфармізм і перастрахоўка і не так, “страшны чорт, як яго малююць”…

Дарэчы, калі стала вядома пра новы тэрмін, у гэтай фірме выказалі гатоўнасць узяць яго на работу зноў. Якасць работы і элементарная чалавечая прыстойнасць тут, мабыць, вышэй нейкіх “скурных інтарэсаў”…

“Нагляд” (па руску — надзор) Васілю Парфянкову далі за тое, што пасля вызвалення ён “не стаў на шлях выпраўлення”. Практычна адразу пасля таго, як ён пакінуў сцены калоніі, Парфянкоў пачаў хадзіць амаль на ўсе апазіцыйныя акцыі і амаль на ўсіх яго затрымлівалі. Шанцавала. бо адпаведных пратаколаў не складалі. Тым не менш адпаведныя службы пільна сачылі за яго паводзінамі.

“Апошняй кропляй” стала акцыя, якая адбылася на першую гадавіну падзей 19 снежня 2011 года. У гэты дзень Васіль сустрэў на Кастрычніцкай плошчы Мікіту Ліхавіда з маці Аленай і  Марыну Лобаву (маці палітвязня Эдуарда Лобава).

Акцыю ладзіў “Малады фронт”. Назва –“Запалі святло надзеі”. Але прынесеных свечак нават не ўспелі запаліць. Іх заўважыў сумна вядомы палкоўнік Яўсеяў і праз пару хвілін не нейкія “людзі ў цывільным” і. як заўсёды, не назваўшы сябе сталі патрабаваць дакументы. На просьбу паказаць нейкія пасведчанні, пачалі хапаць за вопратку. Мікіта Ліхавід уступіўся за маці, Васіль – за Мікіту. У рэшце ўсе апынуліся ў аўтазаку, які адвёз іх у РУУС Цэнтральнага раёна.

Парфянкову “далі” за гэта 13-ць сутак арышту. Новы 2012 год ён сустракаў “на Акрэсціна”, дзе знаходзіўся ў адной камеры з Уладзімірам Яроменкам.

Вызваліўся ён 1 студзеня, а ўжо 5-га Парфянкова выклікалі ў Першамайскі РУУС, адвезлі ў суд, які і прыняў рашэнне пра   прафілактычны нагляд. Для тых, хто не ведае, растлумачу, што гэты рэжым азначае абавязковае знаходжанне дома з васьмі вечара да шасці гадзін раніцы і кожны чацвер “адзнаку” у РУУС (З 11.00 да 18.00). Плюс забарону на выезд за мяжы горада без дазволу міліцыі. Натуральна, за межы краіны – “само сабой”.

За парушэнне гэтага “нагляду” Васіля Парфянкова і судзілі.

Парушэнняў было ўсяго тры.

Першае адбылося, калі Парфянкоў “злётаў” за сігарэтамі у суседнюю краму. Не магу сказаць дакладна пра нейкае “сачэнне”, але як раз у гэты момант яго і праверылі. Пасля васьмі гадзін вечара, прайшло толькі 10-15 хвілін…

Другі выпадак вельмі падобны, бо так сама звязаны са спазненнем з крамы, дзе ён набываў нейкі харч.

Трэцяе папярэджанне таксама тычыцца часу.

У чарговы чацвер Васіль Парфянкоў ехаў на чарговую “адзнаку”. У гэты момант нешта здарылася з токам і трамваі “сталі”. Прыйшлося некалькі прыпынкаў ісці пехам. У рэшце – 15 хвілін спазнення.  І “віншаванне” з трэцім парушэннем, якое дае фармальную магчымасць зноў накіраваць чалавека за краты.

Пра крымінальную справу на гэты конт Васіль Парфянкоў даведаўся толькі праз шмат дзён, 19 красавіка 2012 года.

Замест пасляслоўя

З Васілём Парфянковым мы сустрэліся за некалькі дзён да суда. 29 траўня 2012 года  суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў  яго вінаватым у парушэнні ўмоў прафілактычнага нагляду, хаця пракурор прасіў больш суровага пакарання – год пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі строгага рэжыму. 24 ліпеня Мінскі гарадскі суд пацвердзіў прысуд. 16 жніўня 2012 года яго этапавалі ў следчы ізалятар №6 Баранавічаў.

Там 30 жніўня ён сустрэў свой 29 дзень народзінаў. Цікава, што ў гэты ж дзень святкаваў сваё 58-е нараджэнне прэзідэнт краіны. Той самы супраць якога і змагаецца Васіль Парфянкоў.

%d0%bf%d0%b0%d1%80%d1%84%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%be%d0%b2 %d0%bf%d0%b0%d1%80%d1%84%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%be3 %d0%bf%d0%b0%d1%80%d1%84%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%be%d0%b22 %d0%bf%d0%b0%d1%80%d1%84%d0%b5%d0%bd%d0%ba%d0%be%d0%b24