Паўлаў Анатоль

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

З кнігі "Супраць плыні"

ІНТЭЛІГЕНТ ЗА КРАТАМІ

Даведка:  Анатоль Паўлаў нарадзіўся 18 чэрвеня 1949 года ў Выбаргу Ленінградскай вобласці. Скончыў мінскую СШ № 4, хімічны факультэт БДУ. Працаваў настаўнікам у школе ў Лагойскім раёне, у 1973-1999 гг. – на розных пасадах у БДУ.   Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі АГП, сябра Палітсавета і Нацыянальнага камітэта АГП.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў даверанай асобай кандадата ў прэзідэнты ад АГП Яраслава Раманчука. Затрыманы а 7-й раніцы 20 снежня ў сябе дома. Абвінавачаны па чч. 1 і 2 арт. 293 КК – арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ, адкуль 7 студзеня 2011 г. быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

 Пэўны час ён і Уладзімір Кобец знаходзіліся ў адной камеры “амерыканкі”. Разгадвалі красворды, гулялі ў шахматы. Нават адпаведны турнір хацелі зладзіць. Зразумела, што  нічога іншага ад Паўлава і чакаць было немагчыма. Нават ахоўнікі звярталіся да яго “на Вы” і выключна — “Анатолий Васильевич”.

Не зразумела толькі тое, як самаму выхаванаму і законапаслухмянаму прадстаўніку беларускай апазіцыі можна было “прышыць”  нейкія “масавыя беспарадкі”…

Па закону сумлення

Мабыць, калі б  ён не прыйшоў  19 снежня 2010 года на Кастрычніцкую плошчу, ніхто б не змог адважыцца на пэўную крытыку, бо з усіх апошніх (па часе, а не па ліку) актыўных удзельнікаў ён па ўзросту самы багаты – 62 гады. Аднак Анатоль Паўлаў паступіў інакш, таму што не мог па-іншаму.

Да месца, куды звалі ўсе  кандыдаты ў прэзідэнты, яго падвёз знаёмы, бо Анатоль Васільевіч жыве за горадам. Факт вельмі прынцыповы. Менавіта па званку апошняга з месца “зачысткі” яго потым і “вылічаць”. А яшчэ па размове з журналісткай Марынай Коктыш. Пра тое, што ўсе сотавыя аператары  “злілі” сваіх кліентаў, сёння вядома вельмі добра.

Нікога не засмуціць тое, што  ў тым, што міліцыя пазней назаве “масавымі беспарадкамі”, ён не мог прымаць удзел нават фізічна, бо на той момант разам з былым кіраўніком беларускага ўраду і сябрам Міхаілам Чыгіром  ужо з’ехаў дамоў.   І зрабіў гэта  яшчэ да таго, як пачаўся масавы “хапун…

Аб тым, што было далей, распавядзе сам Анатоль Васільевіч:

“– У сем гадзін раніцы патэлефанавалі ў дзверы.  Праз акно я ўбачыў, што перад нашым домам стаіць мікрааўтобус. Праз гадзіну быў ужо ў кабінеце следчага КДБ, дзе знаёміўся са сваімі правамі.

Трэба адзначыць адразу: ніякай грубасці ў адносінах да мяне не было, па дарозе нават не надзявалі  наручнікі. Спачатку затрымалі (для высвятлення асобы) на трое сутак, а потым працягнулі гэты тэрмін да дзесяці. Далейшы тэрмін арышту прадоўжыў асабіста   галоўны мінскі пракурор Мікалай Кулік.

Інкрымінавалі мне сумна вядомы артыкул, які гразіў 15 гадамі зняволення. Паказалі спіс “арганізатараў масавых беспарадкаў”.  Палову прозвішчаў я не ведаў і ніколі не чуў. Нават кур’ёз быў. Следчы называе прозвішча — я кажу: “Гэтага не ведаю”. А ён тлумачыць, што “гэта дзяўчына”.

У камеры душа больш балела не за сябе, а за блізкіх. Асабліва за жонку. Калі мяне выводзілі “на прагулку”, зверху падаў снег. Я яго праклінаў, таму што разумеў – ёй прыйдзецца яго чысціць лапатай адной.

“Веды” пра такія месцы ў мяне  былі ў асноўным з розных фільмаў. Пераважна адмоўныя. У “амерыканцы” аказалася ўсё не так. Там амаль адны “прыстойныя людзі.

У адной камеры “сядзеў” генерал, у другой – намеснік генеральнага дырэктара Трактарнага завода, у трэцяй – бізнесмен і г.д. Калі б мне Бог хоць на паўгадзіны даў уладу, першымі я б пад падпіску аб нявыездзе вызваліў усіх, хто сядзіць па нейкіх “эканамічных” злачынствах. Потым хай з імі “разбіраюцца” следчыя.

Людзі тыднямі, месяцамі сядзяць, як кажуць, без віны вінаватыя.

А там ужо ўсё… На допыт – наручнікі, з допыту – наручнікі.  Тыя, хто мае падобны досвед, кажуць, што ў калоніі лягчэй. Ёсць нейкі “вольны” час, можна працаваць.

А тут – невінаваты. Віна яшчэ не даказана, а чалавек ужо пакутуе.

Абсалютна зразумела, што, калі нехта здзейсніў злачынства супраць асобы (грабёж, гвалт, разбой, забойства), яго адразу трэба ізаляваць ад грамадства, бо ён небяспечны для іншых людзей. А тут лагічна абмежавацца падпіскай аб нявыездзе. Хай чалавек потым прыходзіць на допыты.

На мой погляд, уся праблема ў тым, што амаль ніхто са следчых  па-сапраўднаму не ўмее працаваць. Няма там спецыялістаў вышэйшага ўзроўню. 

У “амерыканку” я прыехаў у касцюме, белай кашулі, толькі што гальштук не надзеў… Таму мяне адразу  сакамернікі “забяспечылі” некаторымі патрэбнымі рэчамі. Напрыклад, ежай.

Частку першай ночы  правёў на крэсле, бо тапчан з матрацам не было куды ставіць. Да і не спіцца там. Калі нехта кажа, што спаў першую ноч, не верце. Для тых, хто туды трапіў упершыню, зняволенне — моцны стрэс.

На другую частку ночы мне ўступілі “шконку”. За словы з “фені”  на волі мяне потым не адзін раз  лаялі. Маўляў, “набраўся”.

 Квінтэсенцыя жыцця

Пра трагедыю 1986 года на ЧАЭС  вельмі цяжка сказаць нешта новае. Інфармацыі сёння столькі, што нават недасведчанаму ў гэтай галіне чалавеку атрымаць яе даволі проста. Дастаткова “спытаць”   любы інтэрнэтаўскі пашуковік.  Папулярны Яндэкс, напрыклад, выдае 459 тысяч розных спасылак.

Але гэта сёння, а тады абставіны аварыі старанна хаваліся ад грамадскасці, а пра яе памеры можна было толькі здагадвацца, бо ніякіх картаў радыяцыйнага забруджвання яшчэ не існавала.

Менавіта  гэтай справай  (кінуўшы доктарскую дысертацыю) і заняўся  Анатоль Паўлаў. Рызыкуючы асабістым здароўем, ён аб’ездзіў шматлікія “брудныя раёны” і цалкам зафіксаваў дыслакацыю нябачнага ворага.

Праз 25 год дзяржава ў выглядзе сённяшніх уладаў “адплаціла” за гэтую заслугу перад грамадскасцю 18-ю суткамі “амерыканкі”.

Нарадзіўся Паўлаў  18 чэрвеня 1949 года ў расейскім Выбаргу, а восем класаў скончыў на Новай зямлі – вайсковая сям’я.  Пасля гэтага было бацькава звальненне ў запас, пераезд у родны для любога беларуса Мінск і сталічная школа нумар 4, якую Анатоль Паўлаў скончыў у 1966 годзе.

Тады таксама была нейкая чарговая школьная рэформа і таксама сярод выпускнікоў апынуліся адразу два старэйшых класа. Толькі  ў адрозненне ад розных “штрыхаў”, тады (пры усёй дурноце савецкай улады) дзяцей гэта не кранулася. Колькасць бюджэтных месцаў  пабольшылі ў два разы, што  было цалкам лагічна, бо менавіта дзяржава зрабіла гэтую чахарду. Звычайна на хімічны факультэт БДУ прымалі  крыху больш, як 125 чалавек, а тады залічылі ў студэнты 265. Быў сярод іх і Анатоль Паўлаў. 1971 год.

Пасля сканчэння  быў год работы ў адной са школаў Лагойскага раёна, а з сакавіка 1973 года пачынаецца  марафонская праца у БДУ – амаль 27 гадоў. Спачатку малодшым навуковым супрацоўнікам, а ў 1982 г.  Анатоль Паўлаў абараніў “кандыдацкую”  і стаў “старшым”.

У 1989 годзе быў абраны кіраўніком прафкама супрацоўнікаў БДУ. Дарэчы, перамог пратэжэ партыйнага камітэта і рэктарата з перавагай  у адзін голас. І нікому  не прыйшла ў галаву думка перакласці бюлетэнь з аднаго стосіка ў другі. Мабыць, тады  яшчэ не ведалі пра “элегантныя перамогі”…

Потым Паўлаў стаў дэканам падрыхтоўчага факультэта, а з 1 чэрвеня 1995 года яго прызначылі   прарэктарам  БДУ, на гэтай пасадзе прапрацаваў усяго да кастрычніка 1997 года. Натуральна, што новай уладзе на такім месцы быў патрэбны ”свой” чалавек, і   Анатоля Васільевіча, па сутнасці, “сышлі”. Але неканчаткова, бо ў  1999 годзе яго абралі старшынёй Мінскага гарадскога камітэта Беларускага прафсаюза  навукі і    адукацыі. 115 тысяч чальцоў!

Па  гэты дзень сталічныя настаўнікі дадаткова да зарплаты атрымліваюць “тры базавыя велічыні”, якія называюць “паўлаўскімі”, таму што “прабіў” іх менавіта Анатоль Васільевіч. Дакладней, прапанаваў здзейсніць у Мінску тое, што ў Маскве рабіў Лужкоў.

У тыя часы да прафсаюзаў улады яшчэ прыслухоўваліся. А тагачасны  “кіраўнік адукацыі горада” Міхаіл Ціцянкоў  (нядаўна  адхілілі ад пасады) нават запрашаў  на свае пасяджэнні. Менавіта гэты чалавек, разумеючы, што па-чэснаму яму з Паўлавым не справіцца, каб пазбавіцца аднаго няўгоднага чалавека, “дапаможа”  ліквідаваць цэлую галіну прафсаюзаў.

А “дэтанатарам” стануць прэзідэнцкія выбары 2001 года, калі Анатоль Паўлаў пагадзіцца ўзначаліць выбарчы штаб экс-прэм’ера  Міхаіла Чыгіра і ўступленне разам з ім у Аб’яднаную грамадзянскую партыю (АГП).    Пасля гэтага пачаўся пэўны ціск. Ад Паўлава патрабавалі публічна адмовіцца ад сваіх дзеянняў, на што Анатоль Васільевіч адказаў адмоўна.

І ўвогуле, ён не разумеў, што такое зрабіў незаконнае. Партыйнымі справамі займаўся па-за межамі працы, а палітычныя арыенціры – справа асабістая. Што датычыцца прэзідэнцкіх выбараў, то тут усё цалкам у межах Канстытуцыі, працэс  афіцыйна аб’яўлены дзяржавай. Мабыць, візаві гэта разумелі таксама, таму асабліва моцны ціск пачаўся адразу пасля сканчэння выбараў.

“Убраць” Паўлава з дапамогай перавыбараў яны не маглі – надта вялікі аўтарытэт, таму вырашылі пайсці іншым шляхам. Вырашылі ліквідаваць саму структуру. Узгаданы ўжо   “кіраўнік адукацыі горада” заняўся гэтым асабіста. Настаўнікаў усіх рангаў “дабравольна” прымусілі пісаць заявы аб выхадзе са свайго прафесійнага саюза, і гэта стала пачаткам канца.

“Асаблівасць” Паўлава была ў тым, што ён прыйшоў працаваць у прафсаюзы не “зверху”, а “знізу” і з самага пачатку не стаў “приводным ремнем партии”.

Цяжка не пагадзіцца з яго вывадам пра тое, што прафсаюзныя кіраўнікі заўсёды павінны памятаць, дзе атрымліваюць заробак. Калі б гэта было так, мы ніколі не пачулі б анекдатычнай ахінеі пра нейкія “нобелеўскія прэміі”. На мой погляд, з вуснаў Козіка прагучала невыпадковае глупства, бо месяц таму нават афіцыйныя прафсаюзы пад ціскам грамадскасці выступілі супраць шалёнага росту коштаў . За несанкцыянаваны “вяк” ім, мабыць, па-даросламу “ўляцела”, таму нехта і вырашыў “лізнуць аж да прастаты”…

“Грамадска-палітычны” штуршок

Летам 2002 года  Анатоль Паўлаў застаўся без работы. Пагадзіцеся, у 53 гады знайсці нешта прыстойнае вельмі цяжка. Добра, што як раз у той момант былы міністр сельскай гаспадаркі і “зэк” Васіль Лявонаў ствараў свой фонд “За новую Беларусь” і прапанаваў Паўлаву ўзначаліць яго праўленне.  Там ён прапрацаваў да 2008 года.

Я крыху здзіўлены, што некаторыя знайшлі ў маіх нарысах нейкі радыкалізм. Маўляў, нельга бачыць з супрацьлеглага боку толькі чорныя колеры і “не ўсе там такія”. Згодны – не ўсе. Прашу прабачэння, калі ёсць падобная дамінанта, але часам я  проста не магу зразумець тых, хто паводзіць сябе як нешта агідна-пачварнае. А яшчэ хачу, каб усе зразумелі, адкуль падчас вайны  браліся паліцаі і тыя, хто пісаў даносы ў НКУС на суседзяў.

У апазіцыйную галіну Анатоля Паўлава дзяржава літаральна “выпхнула”. Так, як ён, у розных дзяржаўных установах сёння думаюць многія, але ў адрозненне ад іх Анатоль Васільевіч выказвае свае погляды не толькі на асабістай кухні. Таму ён і стаў для існуючых улад амаль ворагам.

Калі б  не ліквідавалі непрыемны ім прафсаюз, магчыма Паўлаў працаваў бы ў гэтай галіне яшчэ шмат год. Калі б  у краіне панаваў закон, а не “тэлефоннае права”, можа, яму б і не прыйшлося выбіраць паміж канфармізмам і актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю:

“–Трагедыя нашага часу ў тым, што прадстаўнікі ўладаў не выконваюць нават тых законаў, якія самі ж і пішуць. Калі тыя па нейкай прычыне  не задавальняюць, сёння даволі проста ўнесці патрэбныя карэктывы. “Ручны” парламент вельмі хутка зафіксуе ўсе неабходныя змены.

Возьмем тую ж адукацыю, пра якую я шмат пісаў, гаварыў і буду гаварыць.  У Канстытуцыі напісана ясна, канкрэтна і зразумела, што кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае права на атрыманне сярэдняй адукацыі і па конкурсу вышэйшай.  Бясплатнай. Хаця і не люблю гэтага слова. Сыр у мышалоўцы таксама не бясплатны, бо кошт там — жыццё. Правільней – бюджэтнага.

 У Законе аб адукацыі гэта таксама прадублявана і дабаўлена, што невялікі адсотак адукацыі можа быць платным. Падкрэсліваю – невялікі. А ў нас  сёння больш як 70 адсоткаў студэнтаў — платнікаў.

 Патрэбныя грошы? Іх лёгка можна знайсці, калі ў два разы скараціць усялякіх “мянтоў”, а то па іх колькасці на пэўную лічбу насельніцтва мы выйшлі на першае месца ў свеце. Нават выхад на расійскі “ўзровень” дазволіць знайсці грошы і на адукацыю, і на ахову здароўя.

Тыя, хто сёння находзіцца “пры ўладзе”, маюць права на выбар шляху, які яны для сябе лічаць самым лепшым.

А калі вы так рабіць не жадаеце, уносьце неабходныя змены ў Канстытуцыю.

 Каб унесці неабходныя змены ў Канстытуцыю, трэба правесці рэферэндум. Праводзьце! Не хочуць, хаця, калі ім гэта было выгадна, праводзілі. Ведаюць, што за тое, каб студэнты вучыліся “на платнай аснове”, ніхто не прагаласуе. Таму робяць усё, “заплюшчыўшы вочы” на законнасць сваіх дзеянняў.

Мая пазіцыя  вельмі простая і зразумелая: трэба жыць па законах. Менавіта па гэтай прычыне я і займаюся грамадска-палітычнай дзейнасцю. Хаця “палітычны” складнік тут даволі ўмоўны, бо ён базуецца толькі на тым, што я ўваходжу ў АГП і ўзначальваю яе сталічную арганізацыю.

… Акрамя снегападаў, з якімі прыйдзецца маёй жонцы змагацца адной (пазней даведаўся, што ёй дапамагалі мой сусед і  Міхаіл Чыгір), для Мужчыны нічога суперскладанага там няма. Ва ўсякім выпадку, не было для мяне.

Непрыемна канешне, што ў камеры ўвесь час гарыць святло. Нават ноччу. Звыкаешся з усім. Ручнік на твар і – спіш.

Амаль армейскі расклад. У шэсць гадзін раніцы – пад’ём, у 10 вечара – адбой.

Я нават любіў хадзіць на допыты, бо праз акно бачна, як людзі ў суседнім доме жывуць звычайным жыццём: п’юць гарбату, смяюцца, глядзяць тэлевізар.

Ахова, якая там працуе пастаянна, ставілася да мяне абсалютна лаяльна. Ніякіх здзекаў у адносінах да сябе я не адчуў.  Пакуль праз пару дзён не прыгналі “маскі-шоў”, усё было нармальна.

Пытанне ў тым: што з імі рабіць потым, куды дзець пасля змены ўлады?..  Можа, паслаць да “барадатых дзядзькаў” у Чачню?… Каб адразу “наклалі ў штаны”, а то тут яны “героі” здзекавацца над  неабароненымі людзьмі…     Маладому і здароваму “быку” лёгка “прэсаваць” пенсіянера…

 Быў эпізод, калі адзін з іх мне рэзка і вельмі моцна “зацягнуў” наручнікі. Я, канешне, выгляду не падаў, і ён хацеў “дабавіць”, але ахоўнік гэта зразумеў, адштурхнуў працягнутую руку і загадаў пачаць рух.

Індывідуальных катаванняў у адносінах  да мяне не было. Як і “расцяжак”.  “ Шмоны”, калі цябе раздзяваюць дагала,  праводзіліся адносна ўсёй камеры.

 Камунікацыі з роднымі ажыццяўляліся выключна праз адваката. Спачатку я напісаў восем пісем, але потым зразумеў, што гэта марная трата часу: ніводнае не дайшло.

Адсутнасць інфармацыі – складанае выпрабаванне. Жонка як раз у гэты час вельмі моцна хварэла. У мяне двое ўнукаў – год і чатыры гады. 18 дзён без сувязі. Цяжка…”

Вольнае паветра 

Першая надзея на вызваленне была перад Новым годам, але яна не спраўдзілася. Свята прайшло, і, калі Анатоль Паўлаў спытаў, чаму яго пакуль не адпусцілі, бо ніякіх “доказаў” няма і быць не можа, следчы толькі паціснуў плячыма. Маўляў, усё залежыць не ад яго.

Другое спадзяванне было на праваслаўнае Раство Хрыстова, але ніякіх “рухаў” не адчувалася ні з раніцы, ні падчас абеду. Пасля яго Анатоль Паўлаў ужо лёг на “шконку” чытаць кнігу пра Кіеўскую Русь, як яго нечакана паклікалі на допыт.

Бібліятэкі ў следчым ізалятары КДБ (як і ў іншых) няма, а кнігі там  застаюцца альбо пасля якога-небудзь вызвалення, альбо пасля перавода ў іншую камеру.

Калі Паўлаў убачыў у руках следчага свой рэмень, то зразумеў: усё — воля.

Пра пачуцці, якія адчувае ў гэты момант чалавек, пісаць адначасова і складана (у кожнага свае асаблівасці), і проста. Агульным для ўсіх з’яўляецца радасць. А яшчэ шма%