Пазьняк Зянон

%d0%bf%d0%b0%d0%b7%d1%8c%d0%bd%d1%8f%d0%ba

З кнігі "Асобы"

ЛІДАР БНФ ЗЯНОН ПАЗЬНЯК

Падрыхтавана да друку  28.08.2007.

Адразу ж падкрэсліваю: вельмі паважаю зробленае Зянонам Станіслававічам і лічу яго адным з самых уплывовых палітыкаў двух апошніх дзесяцігоддзяў. Яго імя ўжо ўвайшло ў гісторыю Беларусі, як лідара першай постсавецкай хвалі дэмакратызацыі і ўсталявання Беларусі ў якасці незалежнай суверэннай дзяржавы. Ён стаяў у вытокаў і быў прызнаным лідарам дэмакратычнага руху пад назвай Беларускі народны фронт, які ўвасабляў сабой незадавальненне і пратэст літаральна ўсяго грамадства спарахнелай савецкай таталітарнай сістэмай. Галоўны праціўнік кіруючай партнаменклатуры, з якім яна вымушана была лічыцца і якому яна, нягледзячы на ўладныя пазіцыі, прайграла першы этап.

Аднак, аднак, аднак…

Чакаю, што гэты нарыс выкліча бурны пратэст, але лічу Пазьняка ў нейкім сэнсе “галоўным выбаршчыкам Лукашэнкі”. На мой погляд, менавіта Пазьняк ускосна вінаваты ў тым, што адбываецца зараз. Сваім радыкалізмам адштурхнуў ад БНФ шмат патэнцыяльных прыхільнікаў. І не толькі тых, каго называюць наменклатурай. Расказвалі, што, калі Пазьняку сказалі пра магчымую перамогу Лукашэнкі на першых прэзідэнцкіх выбарах, ён доўга смяяўся. Гэта была далёка не апошняя памылка.

На жаль, хвароба на аўтарытарызм, на непагрэшнасць, уласную выключнасць у посттаталітарных грамадствах не мінае і дэмакратычную апазіцыю, яе дзеячаў.

З часам з аднаго з самых перспектыўных нацыянальных лідараў Пазьняк ператварыўся ў маргінальную ікону. Гэта зразумелі нават самыя шчырыя паплечнікі, якія пайшлі на такі непатрэбны раскол. Другой альтэрнатывы ў іх не было. Рэйтынг БНФ у грамадстве хутка падаў. Ад яго “адышлі” многія даволі паважаныя людзі.

І яшчэ. З самага пачатку Пазьняка пачалі лічыць русафобам і антысемітам, на што пэўную падставу давалі яго выказванні ў адпаведнай інтэрпрэтацыі афіцыйнай прапаганды. Палітык мусіць быць вельмі ўзважаным і абачлівым у сваіх публічных выступах, ведаць, калі і што сказаць, не даваць зачэпак для падвойных трактовак. Гэтага Зянону не хапала заўсёды. Як і паліткарэктнасці, асабліва ў дачыненні да калег па дэмакратычным лагеры.

Калі прачытаць артыкулы Зянона Станіслававіча ў храналагічным парадку, то будзе цяжка знайсці імя таго з палітыкаў, нават з учарашніх саратнікаў, каго б ён не абвінаваціў у сур’ёзных, ажно да супрацоўніцтва з КДБ, грахах. У рэшце рэшт вельмі значную частку электарату БНФ страціў.

Зянон Станіслававіч Пазьняк нарадзіўся 24 красавіка 1944 года ў вёсцы Суботнікі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Дарэчы, быў яшчэ адзін Пазьняк, дзед Зянона. Звалі яго Янка, і нарадзіўся ён таксама ў Суботніках. Было гэта ў 1887 годзе. Янка Пазьняк быў вядомы як выдатны публіцыст, грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

Першым працоўным месцам Зянона Станіслававіча стала пасада загадчыка Хілевіцкага сельскага клуба. У 1969 годзе Пазьняк стаў аспірантам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Пасля атрымання статуса кандыдата мастацтвазнаўства ён працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам гэтай установы, а ў 1983 годзе стаў адным з супрацоўнікаў Інстытута гісторыі ўсё той жа Акадэміі навук.

9 кастрычніка 1988 года ў газеце “Московские новости” быў надрукаваны артыкул “Куропаты. Народная трагедия, о которой должны знать все”. Дзякуючы яму ўвесь свет даведаўся пра тое, што адбылося ў лесе пад Мінскам.

А яшчэ раней, 3 чэрвеня 1988 года, у газеце “Літаратура і мастацтва”, якую тады ўзначальваў знакаміты паэт Анатоль Вярцінскі, з’явіўся артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога смерці”.

З гэтага пачаўся новы этап беларускай гісторыі, бо артыкул стаў тым дэтанатарам, які падарваў бомбу савецкіх міфаў.

Роўна праз 10 гадоў яго перадрукавалі “Навіны”. На жаль, актуальнасці артыкул не страціў па сённяшні дзень.

Нагадаем, што 19 кастрычніка 1988 года быў створаны арганізацыйны камітэт руху БНФ за перабудову “Адраджэнне”. А ў наступным годзе, дакладна 24-25 чэрвеня 1989, у Вільні адбыўся ўстаноўчы з’езд.

У 1993 годзе з’явілася партыя БНФ, якую, як і рух, узначаліў Зянон Пазьняк.

Безумоўна, узгаданы артыкул паспрыяў стварэнню БНФ, але не ён быў асноўным. “Фронт” узнік таму, што павінен быў узнікнуць. Справа ў тым, што людзі стаміліся ад кіруючай ролі КПСС і стварэнне незалежных грамадскіх структур было аб’ектыўным працэсам.

10 студзеня 1990 года на Усебеларускім Дэмакратычным Форуме, які адбыўся па ініцыятыве БНФ, быў утвораны перадвыбарчы Беларускі дэмакратычны блок. На выбарах ён атрымаў 60 дэпутацкіх месцаў. Стаў дэпутатам і Зянон Станіслававіч, які перамог тагачаснага сакратара Мінскага гаркама Пятра Краўчанку.

У Вярхоўным Савеце стварыўся так званы Дэмакратычны клуб, а з яго вылучылася фракцыя БНФ (37 дэпутатаў). Каардынатарамі сталі Баршчэўскі, Голубеў і Навумчык, але ўсе разумелі, што галоўны там – Пазьняк.

Пасля правалу жнівеньскага путчу 1991 года пад уплывам БНФ наша краіна пачала называцца Рэспублікай Беларусь, а дзяржаўнымі сімваламі сталі “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг. Многія лічаць гэта самай галоўнай палітычнай перамогай Зянона Пазьняка.

На пачатку 1992 года пад эгідай БНФ была створана ініцыятыўная група для правядзення рэферэндуму, які павінен быў вырашыць лёс тагачаснага Вярхоўнага Савета. У падтрымку ініцыятывы сабралі 446 601 подпіс, аднак 29 кастрычніка 1992 года Вярхоўны Савет прыняў пастанову аб забароне правядзення гэтага рэферэндуму. Многія наменклатурныя дэпутаты добра разумелі, што могуць страціць свой дэпутацкі мандат, таму пайшлі насуперак высновам ЦВК.

Летам 1994 года адбыліся першыя ў Беларусі прэзідэнцкія выбары. У першым туры Зянон Пазьняк заняў толькі трэцяе месца. Праз год ён зноў вырашыў вярнуцца ў рэальную публічную палітыку, але ўлады ў склад Вярхоўнага Савета яго больш не пусцілі. Тады Пазьняк перамог, але выбары “не состоялись».

26 красавіка 1996 года адбыўся чарговы “Чарнобыльскі шлях”. Памятаю, у тыя дні я напісаў, што не здзіўлюся, калі з цягам часу высветліцца: за эміграцыю Зянона Пазьняка нехта атрымаў нечарговыя “зоркі” на пагонах. Чамусьці Сяргей Навумчык прыняў гэта як намёк на сябе і стаў з таго часу на мяне крыўдзіцца. Карыстаючыся магчымасцю, скажу, што меў на ўвазе зусім не яго.

Выпіхнуць Пазьняка з Беларусі было вельмі выгадна ўладам. Новы рэжым яшчэ не склаўся і не ўмацаваўся настолькі, каб нейтралізаваць такога вядомага і ўплывовага (нягледзячы на розныя да яго адносіны) лідара апазіцыі. Распаволеная энергія людзей, абуджанае пачуццё гонару, адчуванне свабоды яшчэ не былі прыдушаны рознага роду забаронамі і рэпрэсіямі. Арышт Пазьняка выклікаў бы сапраўды масавыя вулічныя пратэсты і вельмі гучны міжнародны рэзананс. Прычым не толькі з Захаду, але і з Расіі. Дастаткова нагадаць хвалю салідарнасці з арыштаванымі Юрыем Хадыка і Вячаславам Сіўчыкам. Хадыку вымушаны былі вызваліць пасля званка Барыса Ельцына.

Пасля Чарнобыльскага шляху, на чале якога ішоў Зянон Станіслававіч, пасля яго выступлення перад мітынгуючымі тысячамі людзей, што прыйшлі да тэлецэнтра па вул. Камуністычнай, застанься Пазьняк у Беларусі – пераўтварыўся б у агульнанацыянальнага лідара.

Але ў гэтым, безумоўна, была вялікая рызыка. І таму ніхто не мае права на папрок Зянону Станіслававічу за яго сыход у эміграцыю. Аналізаваць і ацэньваць можна толькі яго словы і дзеянні, як палітыка. Да ад’езду і з эмігранцкага далёка.

З Польшчы Пазьняк паехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе і атрымаў палітычны прытулак.

Гэтымі падзеямі завяршаецца яго прысутнасць у “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”.

Пазней удзел Пазьняка ў беларускай палітыцы абмежаваны толькі лістамі і праславутымі факсамі.

У 1999 годзе ў БНФ адбыўся сумна вядомы раскол. Узніклі дзве структуры КХП-БНФ і партыя БНФ. Лідарам першай па сённяшні дзень і з’яўляецца З.С. Пазьняк.

Па вялікім рахунку, асабіста я не лічу эміграцыю Пазьняка чарговай памылкай. Больш таго, на мой погляд, яна на той час была вельмі аргументаванай. Памылка ў тым, што эміграцыя працягваецца ўжо шмат гадоў. Неаднаразова ў друку былі паведамленні, што Пазьняк вернецца ў бліжэйшы час. На жаль, гэты час пакуль не настаў.

Як вядома, Пазьняк перастаў быць лідарам усяго БНФ пасля так званых альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў, аднак гэта справа толькі самога БНФ. Мяне хвалюе іншае. Праз два месяцы пасля вядомага ліста “Праект “Чыгір” апошняга арыштавалі. Былы кіраўнік беларускага ўрада правёў за кратамі восем месяцаў, а Пазьняк нават не прынёс прабачэнні.

Я наўмысна не жадаю выказваць асабістыя адносіны да двух партый, якія ўзніклі з аднаго БНФ. Гэта зусім іншая размова. Адназначна толькі тое, што ад “кланіравання” выйгралі ўлады. На мой погляд, каб захаваць адзінства, Пазьняк павінен быў адысці ўбок.