Печанко Сямён

fota_kniha

З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было"
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

У журналістыцы з 2005 года. У 2008 годзе ўганараваны прэміяй Беларускай асацыяцыі журналістаў “Вольнае слова” ў намінацыі “Лепшая публікацыя літаратурна-мастацкага жанру”. У тым жа годзе атрымаў прэмію “Праваабарончага альянсу” за паспяховую працу ў галіне правоў чалавека.

Нарадзіўся ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці 1 студзеня 1981 года. Найбольш яскравым успамінам з ранняга дзяцінства ў памяці найперш успыхвае ці то сон, ці то мроя: бацькі рыхтуюць у лазніцы ваду для купання, а мы з братам-блізнюком сядзім на кухні і чакаем купелі. Позні вечар, за акном цемра. І тут у фортку запаўзае вядзьмарка — прыгожая, хоць і касавокая, маладзіца з чорнымі кучаравымі валасамі. І ў народным строі. Каб мог, то ўжо тады б зразумеў, што ад адсутнасці фантазіі пакутаваць дакладна не буду. Да самай школы мы з братам расказвалі адзін аднаму на сон гісторыі ўласнай вытворчасці.

Бацькі мае працавалі ў школе. Мама была бібліятэкаркай, бацька — настаўнікам беларускай і рускай моў і літаратуры. Таму мяне не дзівіў той факт, што фізікай з матэматыкай я цікавіўся ў апошнюю чаргу. Шмат чытаў, любіў пісаць пераказы і сачыненні (асабліва на вольныя тэмы). Напрыканцы 80-х мы выпісвалі шмат газет: мне з братам, натуральна, “Зорьку” і “Піянер Беларусі”. З іх мы, малыя, выразалі фотаздымкі, якія сартавалі па катэгорыях — галівудскія зоркі, аўто, зброя. Выразкі дэманстравалі сябрам, некаторыя з іх таксама захапіліся гэтай “хваробай”. Недзе ў бацькоўскім доме і дагэтуль ляжыць той скарб дзяцінства. Мне ж тады здавалася, што людзі, якія працуюць у газетах, самыя шчаслівыя, бо даведваюцца пра ўсё і ўсіх раней за астатніх. І калі мой вестыбулярны апарат мяне ўрэшце пераканаў, што лётчыка з мяне не атрымаецца, я вырашыў стаць журналістам (у запасе, як варыянт, трымаў настаўніцтва). Ды лёс, як высветлілася, ведаў іншую дарогу да маёй мары.

У сярэдзіне 90-х захварэла мама. Мы з братам акурат давучваліся ў 9 класе, і бацькі пачалі ўгаворваць нас паступаць у Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум, каб быць бліжэй да дому. Паступіць туды было досыць проста, а пасля заканчэння з’яўлялася магчымасць паступіць адразу на трэці курс у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, сённяшні Аграрны універсітэт. Гэта быў той час, калі цяжэй за ўсіх у вёсцы жылося настаўнікам, таму думаў я не доўга. Трапіўшы ў Навагрудак, апынуўся на некалькі гадоў нібы ў вакууме — доўгі час у мяне не было сяброў, якія б падзялялі мае думкі. А дзякуючы свайму дзядзьку я выхаваўся, калі так можна акрэсліць, у адраджэнскім духу. Гэта было фактычна дваістае жыццё — удзень вучоба і размовы ні пра што, а ўвечары чытанне незалежнай прэсы і праграмы Радыё Свабода. Чытаў у асноўным знаёмыя па школе “Свабоду” і “Нашу Ніву” (іх у бібліятэку выпісвала мама). Калі чарговую рэінкарнацыю “Свабоды” закрылі канчаткова, пераключыўся на “НН”. Гэта быў 1997-мы, газета была “разумная”, чыталася з цяжкасцю, але адарвацца было немагчыма. З таго часу “НН” стала для мяне выданнем №1.

Потым быў гродзенскі універсітэт, дзе аднойчы на занятках беларускай мовы я вырашыў праверыць выкладчыцу — “наш” яна чалавек, ці не? Яна некуды спяшалася і задала нам пісьмовае заданне — сачыненне на тэму “Чаму я абраў менавіта гэтую прафесію?”. Сачыненне тое я напісаў “тарашкевіцай” і стаў чакаць вынікаў: залепіць “двойку” — значыць, “не наш” чалавек. Атрымаў “5”. У Гродне я ўпершыню пачаў падумваць аб тым, каб напісаць у “Ніву”. Неяк патрапіў на Дзень волі, які тым разам адзначалі ў парку Жылібера. Канечне, тую цісканіну з міліцыяй было не параўнаць з брутальным Маршам свабоды ў Мінску ў кастрычніку 1999 года, але рукі ўсё адно свярбелі. Я нарабіў аматарскіх здымкаў на “мыльніцу” і проста фізічна адчуваў патрэбу нешта зрабіць з імі, а таксама з думкамі, якія апанавалі галаву. Але далей за віншаванні ў рубрыцы “Прыватныя абвесткі” я не пасунуўся.

Папрацаваць па прафесіі мне давялося каля месяца. Размеркаванне закінула мяне ў фантастычныя драздовічаўскія мясціны. Шаркаўшчына, а таксама адлегласць ад дому, натхнілі мяне ўзгадаць практыкаванні ў эпісталярным жанры (да ліставання мяне заўсёды заахвочвалі родныя, асабліва дзядзька і мама). Я пісаў лісты бацькам, радзіне ў Гродна і Жодзіна. Адзін з тых маіх лістоў дзядзька назваў вартым “Нашай Нівы”. Вельмі хутка ліставанне стала сэнсам жыцця, бо мяне прызвалі ў войска. Там напрыканцы службы і здарыўся той паваротны момант, які праз паўгода змяніў маё жыццё. За тыдзень да звальнення я-такі ажыццявіў сваю мару напісаць ліст у “НН”. Збіраўся доўга, але наважыўся толькі пад самы дэмбель. Цэлую ноч у нарадзе пракарпеў над лістом, не маючы асаблівай надзеі, што яго надрукуюць цалкам. Надрукавалі. Сям’я была ў нямым здзіўленні, бацькі не ведалі ці радавацца, ці турбавацца. Але радаваўся я сваёй удачы нядоўга. Праз тыдзень завітаў да нас вайсковы пракурор з адным з маіх ужо былых камандзіраў. Трэслі перад носам газецінай, патрабавалі напісаць абвяржэнне, бо я, маўляў, напісаў пра наша войска суцэльную няпраўду, нібыта ніводны з фактаў у выніку маштабнай праверкі (!) не пацвердзіўся.

Неўзабаве я з’ехаў у сталіцу ў пошуках працы. Уладкаваўся “інжынерам па перамяшчэнні грузаў” на адзін з харчовых складоў. А праз некалькі месяцаў мяне запрасілі ў рэдакцыю “НН”. Здарылася гэта пасля маёй няўдалай спробы заняцца распаўсюдам газет — продаж не заладзіўся з першых жа хвілін, давялося праехацца ў апорны пункт на Камароўскім рынку. У рэдакцыі Андрэй Дынько прапанаваў мне гарбаты і распавёў пра асаблівасці працы ў незалежнай газеце. Казаў пра тэмы, якіх бракуе ў друку па-беларуску (войска, спорт, гаспадарка), пра тое, як складана працаваць (цяпер ён любіць нагадаць, што ён пра гэта папярэджваў і ўсяляк адгаворваў), прыгадаў пра сустрэчу з калегамі з дзяржаўных выданняў, на якой Павал Якубовіч пацікавіўся ў яго аўтарствам таго вайсковага артыкула. Як я разумею, гэта быў мой адзіны шанц выбраць, з кім ісці далей. Але я ні хвіліны не сумняваўся, бо магчымасць быць запрошаным у “Нашу Ніву” здараецца не кожны дзень! Бацькі маю радасць і аптымізм не падзялялі, бо памяталі прыклад Веранікі Чаркасавай, але ўспрынялі як належнае. Мама, якая неаднаразова да таго казала мне, што ў мяне ёсць здольнасць да пісьма, сказала, што лёс не падманеш. Ён вынес мяне да маёй мары іншай дарогай. Натуральна, мае родныя за мяне перажываюць, а пасля сутак на Акрэсціна з трывогай чакаюць чарговай палітычнай акцыі. Я ўдзячны ім за падтрымку і разуменне.

Сам жа падзел на “чэсных” і “нячэсных” для мяне досыць умоўны. Прыгадваю леташні Дзень волі: пасярод натоўпу стаіць аператар БТ і побач з ім — Дзяніс Бальшакоў. Без бэйджа, камера без лагатыпу. Побач хапаюць, валяць на зямлю, б’юць, а іх — не. Праз паўгадзіны я сядзеў у аўтобусе, а на куртцы вісеў бэйджык “Прэса”. І я зразумеў, што Дзяніс не журналіст, а супрацоўнік карных органаў. Як, уласна, і некаторыя калегі з незалежнага лагера, якіх даводзілася бачыць на апазіцыйных мітынгах з пасведчаннем на грудзях, дыктафонам у руцэ і бел-чырвона-белай стужкай на галаве, журналістамі з’яўляюцца вельмі ўмоўна. Праца журналіста неверагодна цікавая. Недахоп ведаў даводзіцца папаўняць на семінарах, часта замежных. Дзякуючы гэтаму я знаёмлюся з іншымі краінамі, людзьмі, а гэта вельмі каштоўны досвед. Але галоўная вучоба адбываецца падчас штодзённай працы — у рэдакцыі, у вандроўках. З задавальненнем вучуся ў сваіх старэйшых калег, з якімі мне давялося пазнаёміцца дзякуючы лёсу. І хоць часам я выдатна разумею, што ёсць у гэтага медаля і адваротны бок — раптам навальваюцца стома, расчараванне і адчай, часам праца не прыносіць жаданага выніку, — але ведаю, што іншага не хачу. Мне цяжка ўявіць сабе працу не проста па-за гэтай прафесіяй, але і па-за той газетай, у якой працую.