Пушкін Алесь

%d0%9f%d0%a3%d0%a8%d0%9a%d0%86%d0%9d

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Маё знаёмства з гэтым вельмі таленавітым і цікавым чалавекам адбылося ў 1994 годзе і адразу ўразіла. Упэўнены, многія ведаюць легенду пра тое, што пад час бітвы паранены князь зняў з ілба крывавую павязку і разгарнуў над галавой тое, што пазней стане бел-чырвона-белым сцягам.

Пушкін зрабіў крыху інакш. У медычнай установе ён папрасіў, каб у яго з вены выпампавалі 250 грамаў крыві, а потым на белым палотнішчы (два на метр) правеў ёю чырвоную паласу.

Больш крэатыўнага варыянта засведчыць для гісторыі свой маральны выбар і прыдумаць цяжка.

Малюнкі дзяцінства

“На Божы свет паявіўся 6 жніўня 1965 года, а праз некалькі дзён, калі мяне збіраліся ў першы раз купаць, здарыўся вельмі цікавы і містычны выпадак. Да нас прыйшоў міліцыянер. Побач з мястэчкам здарылася нейкая аварыя, і ён высвятляў усе абставіны. Я даволі часта думаю пра гэты Знак. Шмат хто лічыць: пры першым купанні трэба ўважліва сачыць за ўсім, што адбываецца, бо нешта можа сведчыць пра далейшы лёс немаўляці.

Невыпадкова беларусы лічаць, што яго трэба праводзіць у прысутнасці дзеда і бабы. Кінуць залатую манетку ў ванначку. Альбо пакласці пад яе кніжку, каб дзіця расло разумнае і цягнулася да ведаў. Гэта вельмі важная рэч.

Мабыць, той выпадак паказвае, што праз усё жыццё будзе супрацьстаянне дзяржаўнага чалавека і мяне.

Тата, Мікалай Іванавіч Пушкін, меў тады сорак адзін год. У мястэчку Бобр (Крупскі раён Мінскай вобласці) ён нарадзіўся ў 1924 годзе, а памёр — у 2007-м. Пражыў тут усё жыццё. Дарэчы, адсюль усе нашы продкі па яго лініі. Дзед, Іван Дамэнтавіч Пушкін, жыў з 1898 года па 1978 год. Прадзед, Дамэнта Канстанцінавіч Пушкін, таксама нарадзіўся і памёр у Бабры. Тут са сваімі дзецьмі цяпер жыву і я. Так што, як мінімум пяць пакаленняў Пушкіных паходзяць з гэтага мястэчка.

Вельмі каштоўна, што, нягледзячы на дзве сусветныя вайны, калектывізацыю, часы “чорных варанкоў”, Курапатаў, паездак на цаліну і г.д., наш род аседла жыве на адным месцы на працягу пяці пакаленняў. Ганаруся гэтым і цаню. Мне прыемна, што я хаджу па зямлі, па якой хадзіў мой прадзед, збіраю грыбы ў тым лесе, дзе мой дзед вязаў мётлы, гляджу на рэчку, дзе тата некалі лавіў рыбу.

Тата працаваў электрыкам на Бобраўскім лесапільным заводзе, які вырабляў дэталі для піяніна “Беларусь”. Гэта быў філіял вядомага барысаўскага завода, а дрэвы для распілоўкі туды прывозілі з Усходняй Сібіры – цудоўныя елачкі, якія вытрымалі вельмі моцныя маразы. Вагонамі – у Беларусь, каб тут працягваліся “прыродныя спевы”.

Маці звалася Ганнай Іпалітаўнай Пушкінай (дзявочае прозвішча – Сільмановіч). Яна з вёскі Ухвала, што за трыццаць кіламетраў ад Бабра ў бок Бялынічаў. Калі я нарадзіўся, яна ўжо не працавала. Інвалід другой групы.

Чаму? Адразу пасля вайны яна рабіла ў падсочцы і збірала смалу-жывіцу, з якой потым на каніфольнай фабрыцы выраблялі шкіпінар і каніфоль. У вялікія снежныя пасляваенныя зімы хадзіла ў гумовых ботах. Яе бацькоў нават “да начальства” выклікалі за тое, што яна прыдумала і спявала ў школе частушку: “Слава Сталину-грузину, за то, что выдумал резину…”

Гумовыя боты, у якіх яна збірала тую смалу, і сталі прычынай поліартрыту. Мяне і сястру выхоўвала ўжо хворай.

Святлана, на год старэйшая за мяне, таксама жыве ў Бабры. Я вельмі рады, што мы часта сустракаемся ў бацькоўскай хаце, дзе зараз месціцца мая майстэрня. Вечарамі разам п’ем гарбату і пра нешта гаворым. Для нашага часу гэта даволі рэдкая з’ява. Часцей бывае так, што адзін ва Уладзівастоку альбо ў Алма-Аце, а другі, скажам, у Брэсце.

У мяне быў яшчэ старэйшы брат Сяргей, які ў трыццаць сем гадоў, на жаль, памёр ад гарэлкі. А яшчэ быў – Аляксандр Мікалаевіч Пушкін. Нарадзіўся ён у 1960 годзе і пражыў толькі адзін годзік. На нашых могілках ёсць магіла менавіта з такім надпісам.

Праз чатыры гады яго імя далі мне. Цяпер трэба пражыць “за дваіх”.

Першыя фарбы

Прыкладна з шасці гадоў пачаў маляваць. І быў такім дзіцянём, які не вельмі цягнецца да кампаній. Усе хадзілі на рэчку альбо ў кіно, а я заставаўся дома і маляваў. Калі мне было трынаццаць, у нашым раённым цэнтры праходзіў нейкі конкурс, куды прыехаў мастак з Мінска. Дакладней, са школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка, якая цяпер называецца гімназія-каледж мастацтваў. Звалі яго Пётр Пятровіч Шарыпа. Тады ён быў у нашым раёне ў камандзіроўцы. У райцэнтр сабралі таленавітых дзяцей з вясковых школ, і ён праводзіў тэсты – мы рабілі кампазіцыі, нацюрморт, малявалі алоўкам, акварэллю, а з тыльнага боку пісалі свой хатні адрас і асабістыя даныя.

А пазней атрымалі запрашэнне прыехаць у Мінск на Валгаградскую, 5 (зараз вуліца Макаёнка) і прайсці другі тур экзаменаў на паступленне. Заснаваў гэтую школу-інтэрнат знакаміты Рыгор Шырма, а мэта – сабраць туды з усёй краіны таленавітых дзяцей. Спачатку яна месцілася пры Оперным тэатры, а ў другой палове 60-х гадоў мінулага стагоддзя пабудавалі асобны будынак. У ім яна размешчана і сёння. Жывапіснае месца, парк Чалюскінцаў, пяць карпусоў, якія пераходамі злучаюцца паміж сабой. Гэта побач з дзіцячай чыгункай і насупраць шпіталя КДБ.

Школа была закрытага тыпу, дзе нас выпускалі за яе межы толькі з дазволу выхавацелькі. Зусім як салдат у арміі.

Бацька мой паступіў мудра – магчымасць вучыцца ў сталіцы ён вітаў вельмі шчыра. Так, пасля пяці класаў сярэдняй школы вёскі Бобр я стаў працягваць вучобу ў Мінску.

Да таго ж мой тата ведаў, што ў нашым раёне ёсць адзін мастак-афарміцель, які малюе леніных-марксаў, атрымлівае шмат грошай і можа купляць тыя ж цукеркі “Мішка на поўначы” амаль кілаграмамі, альбо піць самы дарагі каньяк. Ён марыў, каб такім жа багатым, заможным стаў і я. Ён так і казаў: навошта табе ўсё жыццё цягаць дошкі на станок на нашым лесазаводзе, вывучышся, будзеш пісаць нешта накшталт “Слава КПСС!” і зажывеш вельмі добра.

Мы паспяхова здалі тры экзамены, а ў жніўні прыйшоў ліст, дзе пісалася, што я залічаны ў вучэльню. Не скажу, каб для маёй маці гэта было нечым асабліва радасным. У нашым мястэчку “школа-інтэрнат” выклікала пэўныя асацыяцыі з “неблагополучными семьями”, і ёй не вельмі хацелася аддаваць туды свайго сына. Аднак бацька на гэты конт быў непахісны – вучыцца!

Пётр Пятровіч Шарыпа стаў маім першым настаўнікам. Дзякуй Богу, ён жывы і сёння і дагэтуль там выкладае. Не так даўно мы бачыліся на пасяджэнні суполкі “Пагоня” і дамовіліся ў будучым кантактаваць рэгулярна.

Калі ў 1983 годзе абараняў сваю дыпломную работу (“Вясковыя ганчары” з’явіліся пасля паездкі ў Івянец), менавіта ён быў маім кіраўніком і даў характарыстыку на паступленне ў тагачасны Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, які зараз стаў Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў.

У школе-інтэрнаце была капітальная адукацыя. Мы малявалі там цэлымі днямі і начамі. У класе шаснаццаць чалавек – шэсць хлопцаў і дзесяць дзяўчат. За межы школы-інтэрната выходзілі даволі рэдка. Думалі толькі пра мастацтва.

Палітра жыцця

Мая вучоба цягнулася ў інстытуце сем гадоў. Чаму так доўга? Таму што ў іх уваходзяць два гады вайсковай службы. Пасля першага курса прызвалі ў знакамітую 40-ю агульнавайсковую армію, якая ваявала ў Афганістане. Дакладней, у 181-ы верталётны полк, што базіраваўся ў Кундузе. Служыў з 1984-га па 1986 год.

Адразу пасля звальнення ў запас аднавіўся на другі курс. Гэта ўжо быў час (сапраўдны росквіт) перабудовы. У 1990 годзе я зрабіў дыпломную работу “Гісторыя сваёй школы”, якая там вісіць і сёння. Больш за 20 гадоў. Дарэчы, менавіта за яе мяне прынялі ў Саюз мастакоў СССР. Чырвоная скураная кніжачка захавалася дагэтуль.

Беларусь быццам бы прачнулася і пачала хутка адраджацца. Гэтая хваля свабоды захліснула мяне. Я ездзіў на выставы ў Рыгу, Вільню, Маскву, Санкт-Пецярбург. Першыя вольныя соймы маладзёжных суполак. Паяўленне “Талакі”, “Майстроўні”, святкаванне “Гукання вясны” ў парку Янкі Купалы. На базе чацвёртага курса я стварыў першую суполку БНФ.

На гэты ж час прыпадае і першая “адсідка”. Арыштавалі за ўлёткі, якія клеіў на фасадзе інстытута перад “Дзядамі” 1988 года. 15 сутак. Колькі іх будзе потым, я нават і не лічыў. Затым святкаванне 25 сакавіка 1989 года 71-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі. Я стварыў Дэкларацыю сац-арту. Асабіста напісаў 12 плакатаў, якія мы меліся несці на плошчу Леніна, але дайсці нам далі толькі да Дома друку. Там і пахапалі. Арыштавалі 130 чалавек. За гэта мне тады далі два гады ўмоўна і пяць гадоў “поражения в правах”, але вучоба працягнулася. Напэўна, цяпер такой адноснай свабоды ў Беларусі ўжо няма. З навучальнай установы выключылі б адразу…

Тата гэтага зразумець не мог. У іх час мяне б у лепшым выпадку адправілі ў Сібір “валіць лес”, а тут такая дэмакратыя. Словам, на сваім лёсе я адчуў, што ў краіне нешта змянілася.

1990 год. Размеркавалі ў Віцебск і адразу ўзялі на ўлік у мясцовай міліцыі. Працаваў там у мастацкім камбінаце, рабіў персанальныя выставы.

Чаму абраў менавіта гэты горад? Таму што ў Віцебска цудоўная гісторыя. Там працавалі Малевіч і Шагал. Спачатку ўладкаваўся на працу ў мастацкі камбінат і нават атрымаў інтэрнат. Потым знайшоў сабе майстэрню, купіў мальберт і пачаў рыхтаваць першую выставу, якая называлася “Сац-арт. Дэкларатыўнае мастацтва”. Напісаў адпаведны Маніфест і зрабіў перфоманс: сеў на асла і з голубам у руцэ 25 сакавіка (Дзень Волі) пад гукі духавога аркестру праехаўся па Віцебску. І адразу са словамі: “Ён прынясе нам свабоду!” гэтага голуба адпусціў. Ніякіх “дазволаў” на такія мерапрыемствы з боку ўлады тады не існавала. І ўвогуле – час быў іншы.

Мне дазволілі адкрыць першую ў горадзе і адну з першых у краіне прыватную галерэю. 50 квадратных метраў. Недалёка ад музея Марка Шагала. Лабараторыя эксперыменту “У Пушкіна” праіснавала да 1997 года, калі цэнзура вярнулася зноў.

Паралельна некаторы час працаваў мастаком у Віцебскім акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа. І чатыры з паловай гады ездзіў кожны тыдзень у Магілёў. Тры гадзіны на цягніку. Туды мяне запрасіў Фелікс Янушкевіч. Дакладней, Беларуская каталіцкая грамада, якую ён узначальваў. Гэта была пара адраджэння храмаў – каталіцкіх і праваслаўных.

Я рэстаўрыраваў і аднаўляў там катэдру Святога Станіслава, цяпер гэта Кафедральны касцёл Небаўзяцця Святой Дзевы Марыі. Велічэзны.

Тыдзень працаваў у Магілёве, а на выхадныя ехаў у Віцебск. Сілаў хапала на ўсё.

Магілёў – прыгожы горад, ды і час тады быў вельмі цікавы. У горадзе рэстаўрыравалі каля дзвюх з паловай тысяч квадратных метраў фрэсак, стварылі фестываль “Магутны Божа”, правялі шмат выстаў. У тым ліку і маіх.

Дарэчы, менавіта там я пазнаёміўся з будучай жонкай Янінай Дэмух. Яна працавала настаўніцай у сваім Стаўбцоўскім раёне і на вакацыі прыехала ў наш касцёл. Жонка – каталічка, муж – праваслаўны. Вельмі ўласціва для нашай Беларусі.

Бралі шлюб ў 1997 годзе. Выхоўваем дваіх дзетак.

Колеры будучыні

Мястэчка Бобр паходзіць з 1516 года. Гэта афіцыйная дата. Думаю, з’явілася яно крыху раней. У Бабры “да камуністаў” было дзве сінагогі, касцёл і праваслаўная царква. У 1936 годзе яе разабралі і прадалі на дровы.

Сёння ў нашым мястэчку налічваецца 1100 жыхароў, з якіх 78% – пенсіянеры. 50 чалавек раней былі асуджаны. У школе вучыцца 160 хлапчукоў і дзяўчынак, а ў дзіцячы садок ходзіць усяго 30 дзяцей. І адзін – мастак. Прыемна.

Не выпадкова тата, калі там адрадзілі царкву, з гордасцю сказаў: “Яе будзе распісваць мой сын”. Так і павінна быць у жыцці. Прызначэнне чалавека ў тым і ёсць, каб вяртаць “даўгі” зямлі, якая яго нарадзіла і выхавала.

З таго, што я зрабіў у сваім жыцці, гэта работа самая важная. Тая царква з’яднала мой з Янінай лёс. Там я хрысціў сваіх доўгачаканых дзетак (Міколку – ажно шэсць год!). Адпяваў там маму і тату… На жаль, менавіта з гэтай царквой звязана найбольш сумная падзея апошніх пятнаццаці гадоў майго жыцця.

17 лютага 2011 года, з дзвюх да чатырох гадзін раніцы, яе не стала. Калі ў восем гадзін я туды прыйшоў, убачыў адны галавешкі і тры званы, якія засталіся на званіцы. Усе абразы згарэлі, а фрэскі абсыпаліся. Мароз тады быў – мінус 25. Пажарныя палівалі са шлангаў, усё цякло па сценах і замярзала, а потым разбуралася і абсыпалася. Уявіце – на гарачыя сцены льецца ледзяная вада…

Патрэскалася нават падлога з керамічнай пліткі.

Мабыць, такой была Божая воля. Нават калі пажару “дапамаглі” нейкія спецслужбы, без жадання Яго нічога б не адбылося. Як кажуць, факт застаецца фактам. Гэтую царкву адраджалі ўсёй вёскай. Прастаяла 15 гадоў.

Зараз трэба пачынаць з нуля. Быццам бы ўсім нам нехта кажа – калі вы любіце сваю краіну, мястэчка і верыце ў Бога, рабіце ўсё па новай. Атрымліваецца своеасаблівая “перазагрузка”.

Так, былі памылкі. Так, царква распісвалася ў 1996 годзе, калі я эмацыйна рэагаваў на падзеі. Напрыклад, у “Судным дні” намаляваў “пэўных” людзей. Паказваў гэта журналістам, якія зубаскалілі і задавалі складаныя пытанні бацюшку. Той чырванеў і не ведаў, што адказаць.

На тое былі падставы. На фрэсцы па правай старане ад Хрыста стаялі праведнікі, па левай – грэшнікі. Анёл трубіў у трубу, і пад ёй – людзі. Адзін, барадаты мітрапаліт, прыкрываўся крыжам. Другі, з зачосам і вусамі, бараніўся вялікімі кулакамі. За імі — амапаўцы. Усё вельмі добра пазнавалася. Дзякуючы таму, што дакументы ў парадку, а эскіз зацвердзілі, сем гадоў яе ніхто не чапаў.

Пасля таго, як у 2005 годзе яе паказалі “Вести”, на наступны ж дзень у Бобр прыехаў протаіерэй Мінскай епархіі Мікалай Кожыч і з ім два невядомыя чалавекі (не магу знайсці іх прозвішчы). Фрэску замалявалі валікамі.

Цікава, як я ўвогуле пачаў там працаваць. 1995 год. Пасля слоў таты зрабіў і прынёс на пасяджэнне царкоўнага камітэта (зараз іх ужо няма) праект на трох планшэтах. “Дваццатка” (колькасць чальцоў камітэта) усё гэта ўважліва разглядзела, бабулі пасадзілі мяне ў машыну (тры селі побач) і павезлі на споведзь да благачыннага айца Івана Місіюка, які тады быў галоўным у нашай акрузе. Споведзь, як у першых хрысціян, публічная, і калі я нешта спрабаваў замоўчваць пра сваіх дзяўчат, бабулі адразу задавалі адпаведныя пытанні. Толькі пасля таго благачынны даў благаславенне і зацвердзіў яго пячаткай. Гэта потым выратавала і дазволіла фрэскам існаваць да “цэнзарскіх валікаў”.

…Зразумела, што, як царква згарэла, людзі казалі – з-за Пушкіна, бо там намаляваны Лукашэнка. Магчыма, і так. Але менавіта яны вырашылі, што адраджаць фрэскі буду таксама я.

Жартую, што пасля пажару ў мяне заставаліся тры шляхі.

Першы. Спіцца, паламаць пэндзлі, выкінуць палітру, бо такая Божая воля і Яму не да спадобы такое мастацтва.

Другі – з’ехаць у эміграцыю, бо ў Беларусі працаваць мне не даюць.

Трэці шлях. Зноў брацца за работу па аднаўленні нашай царквы.

Яго і абраў.

Узвышанае і зямное

Зараз тая царква ўжо амаль адноўлена, але аб усім па парадку.

11 красавіка 2011 года я падаў на імя нашага Барысаўскага епіскапа Веніяміна праект іканастасу, сутнасць якога – у поўным адраджэнні таго выгляду, што быў у царквы да 1936 года. Дарэчы, той варыянт цалкам адпавядаў рысам беларускай паўночна-ўсходняй драўлянай архітэктуры – шырокі “барабанны” купал, высокая званіца і г.д. А перад гэтым я прапанаваў яго нашаму святару і старшыні мясцовага сельсавета.

Усе згадзіліся, і архітэктар Кандрацьеў прадставіў адпаведны праект. Я ж заняўся непасрэдна іканастасам і вырашыў зрабіць яго ў вельмі рэдкім сёння саламяным стылі. Звярнуўся да знаных спецыялістаў гэтай справы Веры і Аляксандра Салдатавых, з якімі пашанцавала быць асабіста знаёмым.

Гэта выдатныя народныя майстры з Карэліцкага раёна. Яны робяць унікальную рэч, якая існавала толькі на Беларусі – саламяныя іканастасы. Падкрэсліваю – гэта характэрна выключна для Беларусі. Ні Сербія з Грузіяй, ні Расія такога не мелі.

Калі праводзяцца выставы да розных праваслаўных святаў, у Нацыянальным мастацкім музеі заўсёды выстаўляецца саламяная “царская брама” вясковай царквы. Яна захавалася з мінулых стагоддзяў, а рэканструкцыю некалі зрабіла Алена Лось.

Цяпер жа самыя лепшыя майстры – муж і жонка Салдатавы. Дзяржава за адну базавую велічыню прадала ім старажытны фальварак, дзе тыя пасеялі цэлае поле жыта. З яго і быў зроблены іканастас для нашай вясковай царквы.

Так што мая душа павінна быць у гэтым сэнсе спакойнай: нешта я зрабіў, даў накірунак новаму абліччу царквы. Яна стане цалкам новай, бо, як вядома, “нельга два разы зайсці ў адну і тую ж ваду”.

Адразу ж пасля пажару (я яшчэ вагаўся з выбарам) мяне запрасілі на рэстаўрацыю касцёла Дзевы Марыі ў Вішнева, помніка другой катэгорыі, чыім алтарам ужо больш як трыста гадоў. Міністэрства культуры Беларусі чатыры месяцы разглядала маю кандыдатуру, а потым прызначыла навуковым кіраўніком і адказным за касцёл у Вішнева.

Адна чыноўніца тады сказала: “У Саюзе мастакоў больш за тысячу чалавек. Пад асабістую апеку адну царкву альбо касцёл можа ўзяць кожны з іх, бо самі святары (найчасцей так бывае) усё абабіваюць сайдынгам, робяць “залатыя цыбуліны”, выкідваюць старажытныя рэчы, прывозяць з Польшчы сучасны гламур”.

І сапраўды, яна мае рацыю, калі “бярэ на слабо”. Як кажуць, балбатаць – не мяшкі з пяском цягаць…

…Адразу пасля Вішнева “ўзнікла” рэстаўрацыя Сынкавіцкай абароннай царквы. Катэгорыя яшчэ вышэйшая. Такая ж па важнасці, як палацава-паркавыя ансамблі ў Міры і Нясвіжы, Свята-Еўфрасіннеўская царква ў Полацку і г.д. Сапраўдны цуд, да якога меў дачыненне сам Вітаўт.

Словам, адказнасці яшчэ больш.

З Божай дапамогай справіўся і там. Да таго ж, Бог мне даў магчымасць зарабіць грошы, якія амаль усе накіраваў на дапамогу тым дзяўчынкам, што пацярпелі пад час вядомай трагедыі на Купалле, калі ўзарваўся наш святочны “крупнік”.

І яшчэ адзін Божы цуд – прымірэнне і сяброўства са старэйшымі дочкамі Ганнай і Дашай.

Яны нарадзіліся па-за шлюбам. Ды і не патрабавалі іх маці ад мяне нічога такога. Ні штампа ў пашпарце, ні аліментаў… Не было ніякіх “подлец” і “ты меня обманул”… Было шчырае каханне.

Маці Ганны, Маргарыце Стаўбоўскай, было 39 гадоў, мне – 24.

Даша Кабакова – з “віцебскага перыяду”, дзе (смяецца. – Заўв. аўт.) Пушкін “арудаваў” не толькі пэндзлем…

Абедзве – прыгажуні, разумніцы.

Ганна, пасля таго як не прайшла па конкурсе ў Акадэмію мастацтваў, паступіла ў Інстытут сучасных ведаў на модны сёння вэб-дызайн.

Даша скончыла з залатым медалём гімназію, паступіла (бясплатна) на фармакалагічнае аддзяленне Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта. Стараста групы. Атрымлівае павышаную стыпендыю. Добра ведае ангельскую мову, разумее нямецкую.

Жанчынам, мабыць, проста прыйшоў час нараджаць, бо да мяне яны не цяжаралі…

Напэўна, дзяцей “па-за шлюбам” маюць многія, аднак не хочуць гэта прызнаваць, дэклараваць. На мой погляд, такі падыход вельмі ганебны. Не палічыце сентэнцыяй, дзеці — галоўнае ў нашым жыцці.

Дарэчы, з жонкай Янінай Дэмух мы таксама пабраліся шлюбам не адразу. Я прынцыпова лічу, што жонка павінна быць беларускай, каб працягваць беларускі род. А мужчына павінен не быць прымаком, прывесці абраную ва ўласную хату, лепш за ўсё бацькоўскую. Такая вось філасофія.

Яніна з самага пачатку ведала, што абірае вёску Бобр. Сюды прыязджала яе маці, за два гады да нашага вяселля.

Словам, Гасподзь у 2011 годзе тым пажарам даў мне вельмі моцнае выпрабаванне і сам дапамог яго перамагчы”.

02.09.2014

%d0%bf%d1%83%d1%88%d0%ba%d1%96%d0%bd-1 %d0%bf%d1%83%d1%88%d0%ba%d1%96%d0%bd2 %d0%bf%d1%83%d1%88%d0%ba%d1%96%d0%bd-3 %d0%bf%d1%83%d1%88%d0%ba%d1%96%d0%bd-4 %d0%bf%d1%83%d1%88%d0%ba%d1%96%d0%bd-5 %d0%9f%d0%a3%d0%a8%d0%9a%d0%86%d0%9d-6 %d0%9f%d0%a3%d0%a8%d0%9a%d0%86%d0%9d-7 %d0%9f%d0%a3%d0%a8%d0%9a%d0%86%d0%9d-8 %d0%9f%d0%a3%d0%a8%d0%9a%d0%86%d0%9d-9 %d0%9f%d0%a3%d0%a8%d0%9a%d0%86%d0%9d-10