Рэвяка Таццяна

%d1%80%d0%b5%d0%b2%d1%8f%d0%ba%d0%b0-1

З кнігі "Арытмія, альбо Код супраціву"

Падрыхтавана да друку 26.08.2011

Хаця абставіны нашай сустрэчы былі вельмі сумнымі, пачалася яна са смеху. Аказалася, Вікіпедыя напісала, што Таццяна Рэвяка з’яўляецца жонкай Алеся Бяляцкага. Давялося выпраўляць памылку, а то б магла пакрыўдзіцца сапраўдная жонка Алеся — Наталля Пінчук.

Пачатак жыцця

Таццяна Рэвяка на самой справе прыгожая жанчына. Гэта не камплімент. Гэта канстатацыя факту. І ён далёка не адзінкавы.

Не так даўно знаёмы Таццяны паскардзіўся на ноч без сну, таму што ў яго дачкі рэзаліся зубкі, і пачуў: «Калі вашай дачцэ будзе столькі ж, колькі маёй, будзеце спаць яшчэ меней». Зразумела, ён пацікавіўся ўзростам Рэвяка-малодшай і быў уражаны — 21 год.

Таццяна Рэвяка (дзявочае прозвішча Ліннік) нарадзілася 17 студзеня 1968 года ў Салігорску. Напісаў і пачырванеў: работа проста прымушае пытацца ў жанчын пра ўзрост. Таму, выкарыстоўваючы гэтую нагоду, я прашу ў іх усіх прабачэння.

Калі за плячамі Таццяны засталася дзявятая агульнаадукацыйная школа, далейшым арыенцірам быў абраны філалагічны факультэт БДУ. Напэўна, на гэтым не варта было б спыняць увагу, каб не абставіны, у якіх быў зроблены выбар.

Справа ў тым, што Таццяна займалася спортам. Дакладней, спартыўным арыентаваннем, «паляваннем на ліс». Калі ўсе здавалі іспыты, каб атрымаць школьны атэстат, яна абараняла гонар БССР на чарговых усесаюзных спаборніцтвах. Па іх завяршэнні ў дзяўчыны засталося ўсяго толькі два тыдні для падрыхтоўкі. Часу вагацца не было, таму абрала яна тое, што было бліжэй да сэрца, — філалогію. Пагадзіцеся, рызыка вельмі вялікая, бо пісьмовыя памылкі — менавіта тое, чаго патэнцыйныя студэнты баяцца больш за ўсё. Школьныя адзнакі (усе «выдатна», акрамя «чацвёркі» па хіміі) давалі шанец. І Таццяна яго не ўпусціла.

Метамарфозы жыцця

Спецыялізацыяй была беларуская і руская філалогія, першым заняткам (1 верасня 1985 года) стала лекцыя па этнаграфіі, якую прачытаў Ніл Сымонавіч Гілевіч. А калі сакурснік Сева Рагойша звярнуўся да Таццяны па-беларуску, гэта яшчэ раз пераканала: выбар зроблены правільны. Асабліва з улікам новага палітычнага фону — абвешчанага Міхаілам Гарбачовым курсу на знакамітую перабудову.

У адной групе з Таццянай вучылася вядомая зараз Паліна Сцепаненка (тады Качаткова), маці якой выкладала ў Алеся Бяляцкага. Прозвішча гэта вельмі часта гучала ў студэнцкім асяроддзі, таму што Бяляцкі быў адным з двух заяўнікаў знакамітых «Дзядоў–88».

Таццяна Рэвяка сябравала з Палінай яшчэ з часоў «абітуры», калі дзяўчаты жылі ў адным пакоі і абмяркоўвалі тры падзелы Рэчы Паспалітай. І хаця Таццяна актыўна цікавілася тэмай іншадумства, нават дапусціць не магла, што некалі лёс на дзесяцігоддзі звядзе яе менавіта з Алесем Бяляцкім.

Падзеі апошніх гадоў існавання СССР вельмі хутка змянялі свядомасць людзей, выводзілі найперш моладзь за межы закаснелых партыйна-камсамольскіх догмаў. У нейкім сэнсе студэнцкі перыяд жыцця кожнага чалавека закладае падмурак яго светапоглядаў. У той час для Таццяны адкрываліся вочы на велізарныя пласты, звязаныя з развіццём культуры, літаратуры, філасофіі.

Размеркавалі дзяўчыну ў адну з мінскіх школаў, але ніводнага дня Таццяна там не працавала, бо пасля дэкрэтнага водпуску (на пятым курсе нарадзіла дачку Насту) пераводам адразу пайшла працаваць у літаратурны музей імя Максіма Багдановіча, дзе дырэктарстваваў Алесь Бяляцкі. Было гэта 20 гадоў таму.

Самае цяжкае выпрабаванне

У жніўні 1998 года Алесь Бяляцкі добраахвотна сышоў з пасады дырэктара музея, а ў кастрычніку ўслед за ім сышла Таццяна Рэвяка. Праваабарончы цэнтр «Вясна–96» стане іх новым прызваннем і грамадзянскім абавязкам.

Нагадаю, арганізацыя, заснаваная ў 1996 годзе, была афіцыйна зарэгістравана ў 1998-м.

У наступным годзе адбылося тое, што стане самым цяжкім за ўсе 13 гадоў працы на новым месцы, — трагедыя на Нямізе. Калі зараз даводзіцца кантактаваць з роднымі і блізкімі тых, хто апынуўся за кратамі пасля падзей 19 снежня 2010 года, адчуваеш, што ў гэтых людзей ёсць надзея на будучыню. У 1999-м яе не было. У тых, хто страціў сваіх дзяцей, родных і блізкіх, засталася толькі памяць пра іх.

Умоўна супрацоўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» падзяліліся на дзве катэгорыі — юрысты і «філолагі». Першыя дапамагалі пацярпелым на Нямізе пісаць грамадзянскія іскі, другія, каб захаваць памяць пра загінуўшых, узяліся за складанне адпаведнай кнігі.

Менавіта гэтай работай і заняліся Таццяна Рэвяка і Паліна Сцепаненка. Можна толькі ўявіць, колькі Таццяна тады ўбачыла чалавечых слёз і перажыла людскіх эмоцый, але ўрэшце кніга ўспамінаў сваякоў загінулых роўна праз год была надрукаваная.

Лад жыцця

Не хачу нікога пакрыўдзіць з апазіцыйных структур, але многія з іх альбо перасталі існаваць, альбо сталі маргіналамі нават ад паловы тых выпрабаванняў, што выпалі на долю «Вясны». Па сутнасці сёння гэта адна з нешматлікіх структур, якая не толькі здолела захавацца на апазіцыйным полі, але і падняць у вачах людзей свой рэйтынг. Упэўнены, менавіта па гэтай прычыне іх і «прэсуюць».

Праваабарончы цэнтр «Вясна» — не проста места працы пэўных людзей. Гэта, як адзначыла сама Таццяна Рэвяка, лад жыцця. Вялікая ступень даверу, павагі і ўзаемаразумення. Знаёмыя ўсім з ранняга дзяцінства іерархічныя прынцыпы дэмакратычнага цэнтралізму дзейнічаюць там даволі ўмоўна. Калі не сказаць — адсутнічаюць увогуле. Як і прынцып: я — начальнік, ты — … усё астатняе.

Для дзяржавы, дзе пануе «вертыкаль», падобны падыход з’яўляецца, мякка кажучы, нетыповым.

Не буду ўзгадваць усе перыпетыі падзей, што наўпрост або ўскосна звязаныя з 19 снежня 2010 года, бо яны і так добра вядомыя. Адных толькі вобыскаў у «Вясне» было аж пяць. Адзін з іх варты таго, каб пра яго расказаць асобна, хаця б па той прычыне, што ён нагадвае нейкі трагікамічны дэтэктыў і здарыўся менавіта ў дзень народзінаў Таццяны Рэвяка.

17 студзеня 2011 года Таццяна, як і мае быць, прыйшла ў офіс «на абцасах» і ўся па-святочнаму «такая прыгожая». Менавіта ў гэты момант да іх таксама «прыйшлі». Мабыць, для таго, каб «даканфіскаваць» тое, што не забралі ў паслявыбарную ноч.

Нагадаю, што офіс «Вясны» месціцца на першым паверсе, і, як звычайна, у мэтах бяспекі вокны там цалкам закратаваныя. І толькі на адным (кухонным) ёсць адпаведны замочак. Яно і не папала пад нагляд спецыяльных службаў. Менавіта праз яго Алесь Бяляцкі і загадаў ратавацца сваім паплечнікам. А сам у гэты момант разам з Валянцінам Стэфановічам праз дзверы «вёў перамовы» з нечаканымі «гасцямі».

Так і зрабілі. Мабыць, калі б нехта «выклаў» на YouTube адпаведны відэаролік, той мог бы стаць сапраўдным хітом, бо ўбачыць, як праз акно лезе на абцасах, з камп’ютарам у руках вельмі інтэлігентная імянінніца — яшчэ тое відовішча.

Можна толькі здагадвацца, што адчувалі «людзі ў цывільным», калі замест дзесяці супрацоўнікаў «Вясны», якія пад іх пільным назіраннем увайшлі ў памяшканне, знайшлі там толькі двух…

Самае нечаканае выпрабаванне

Зразумела, пазбавіцца «бяльма на вачах» было для ўлады нейкай «ідэяй фікс». Праваабарончы цэнтр «Вясна» пад ударамі рэпрэсій увесь час нечым нагадваў ляльку-неваляшку. Улады неаднаразова прыціскалі яго да зямлі, а ён упарта паўставаў ізноў.

Не здзіўлюся, калі некалі высветліцца, што менавіта гэта і сталася прыхаванай асновай абвінавачвання аб «утойванні даходаў у асабліва буйных памерах», бо ўсім зразумела, што арышт 4 жніўня 2011 года Алеся Бяляцкага толькі вяршыня айсберга. Пад вадой хаваюцца сапраўдныя прычыны…

На карысць гэтага вельмі красамоўна сведчыць тое, што многіх арыштаваных пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў дапытвалі па «справе «Вясны» і вельмі моцна цікавіліся фінансамі. Мабыць, хацелі знайсці тут матэрыяльную глебу для якіх-небудзь новых «тэлешэдэўраў» накшталт «Жалезам па шклу». Не атрымалася, і яны пачалі «шыць» нейкія падатковыя прэтэнзіі. Як вядома, калі праблемы няма, яе неабходна стварыць.

Трэба аддаць належнае тым, хто распрацаваў пастку для сваіх літоўскіх альбо польскіх візаві. Не буду гадаць, былі ці не там нейкія грашовыя складнікі. Хай гэта высвятляюць тыя, хто будзе даследаваць усе абставіны агідных казусаў. Пакуль бясспрэчна толькі тое, што «сыр» для сваёй пасткі яны абралі самы знаёмы ў свеце — падаткі. У Ізраілі, напрыклад, будынак падатковай інспекцыі называюць «сцяной плача» нумар два.

Дзеянні літоўска-польскіх чыноўнікаў ад юрыспрудэнцыі пакінем за дужкамі, бо наконт іх матывацыі можа быць шмат версій. Адназначна толькі тое, што, на мой погляд, тыя, хто стварыў «складанасці», павінен ад іх і пазбавіць, а не абмяжоўвацца толькі публічнымі прабачэннямі. Тут я цалкам згодны з Таццянай Рэвяка: карысці ад іх нямнога.

А напісаць гэты нарыс менавіта пра Таццяну Рэвяка я вырашыў не толькі таму, што яна ўзначальвае Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні, а ў 2006 годзе атрымала прэстыжную міжнародную праваабарончую прэмію імя Анны Лінд, а найперш таму, што яе пазіцыя і ўчынкі, як і ўсіх яе калег па «Вясне», сведчаць аб непазбежным: узгаданая «неваляшка» — праваабарончы цэнтр «Вясна» — падымецца зноў. І брутальныя арышты гэтаму не перашкодзяць.

З кнігі "Без палітыкі"

“ДЭФІЦЫТНЫЯ” ХОБІ

Пачну з таго, што гэтага артыкула магло і не быць, бо вядомая праваабаронца Таццяна Рэвяка не вельмі хацела, каб адбылася менавіта такая размова. Па самай распаўсюджанай  прычыне – “ няма хобі”. Напэўна, такі адказ можа даць большасць людзей, але  зараз зусім не пра  адсоткі (няхай даруюць сацыёлагі). Прынцыпова перакананы ў іншым – кожны з нас жадае нечым шчыра захапляцца, але ў яго банальна не хапае  магчымасцей. Не палічыце сентэнцыяй, дэфіцыт вольнага часу вельмі часта  нараджае дэфіцыт чалавечых захапленняў.

— Для размовы на гэтую тэму, — лічыць Таццяна Рэвяка, – мая кандыдатура не падыходзіць, таму што вельмі шмат часу займае работа. Апошнім часам вельмі шмат камандзіровак, гэта звязана з арыштам Алеся Бяляцкага.  Вельмі важна трымаць  пытанне ў фокусе грамадскай увагі, бо сёння самае галоўнае – дамагчыся яго вызвалення.

— Няўжо няма “аддушыны”?

— Час ад часу стараюся іх знайсці. Люблю збіраць грыбы, спяваць, але гэта наўрад ці можна назваць сапраўднымі захапленнямі. Хутчэй гаворка ідзе пра нейкую рэлаксацыю.

Дарэчы, спяваю толькі для сябе. Аднойчы  дачка Насця,  у якой вельмі добры музычны слых і прыемны голас, мужна выслухаўшы мае “спевы”, параіла ў прысутнасці іншых больш гэтага ніколі не рабіць. З таго часу  спяваю выключна для сябе…

Мне вельмі падабаюцца стасункі з жывёламі, і, калі б было больш вольнага часу, я займалася б менавіта гэтым.

Але гэта не хобі, проста ўзнікае  такое жаданне.

— Вось пра яго і пагаворым. Пачнём са здымка, дзе Вы вярхом  на асле?

— Гэта ў Кыргыстане.  У Цэнтральнай Азіі яны лічацца сапраўднымі “трудягами”.  Людзі ослікаў трымаюць толькі “працоўны” час.  З вясны па восень жывёлы працуюць, а на зіму (каб не карміць) іх выганяюць у горы. Выжывуць дык выжывуць, памруць дык памруць.

Вясной вельмі схуднелыя аслы вяртаюцца зноў у гаспадарку. Адданасць гэтага вяртання неверагодна ўражвае.  І так працягваецца да таго моманту, калі яны працаваць не могуць увогуле. Старыя і нікому не патрэбныя жывёлы багата бродзяць па кіргізскіх гарах.

Жудасная гісторыя чалавечай няўдзячнасці.

Яна мяне літаральна шакавала, бо ў прынцыпе людзі ў Цэнтральнай Азіі вельмі душэўныя,  цэняць такія якасці, як адданасць, вернасць, і  шмат у чым гэта “завязана” на рэлігію. Таму такая чалавечая чорствасць мне была, мякка кажучы, незразумелай.

З калегамі  мы шмат гаварылі пра тое, што для гэтых ослікаў трэба зрабіць нешта накшталт прытулку.  Яны гэтага вартыя, бо ўсё сваё жыццё былі адданыя людзям.  Жывёлы не заслужылі такой старасці, такой долі.

— Наколькі мне вядома, Вашы чулыя адносіны да жывёл распаўсюджваюцца не толькі на “парнакапытных”?

— Так.   Я заядлая “сабачніца” і вельмі люблю такс. Калі б была магчымасць,  хадзіла б на ўсе адпаведныя выставы, вадзіла туды сваю сабаку, бо яна ў мяне таксама медалістка-прыгажуня.

У яе дзве мянушкі. Элькай маю сабаку называюць усе вакол. Гэта мянушка штодзённая, а  ў пашпарце напісана афіцыйная — “Евдоха, охотница на тропе”.

Да выбару менавіта гэтай пароды мяне падштурхнуў журналіст Алег Груздзіловіч, які таксама любіць таксаў. У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя яго сучка нарадзіла шчанят. І засталося самае прыгожае —  шакаладная таксачка.  Ён прапанаваў яе мне. Пагадзілася і не пашкадавала.

Гэта парода вельмі падыходзіць для таго, каб жыць сярод нас. З аднаго боку – вельмі верная. З другога – мае свой характар, погляд на жыццё і не саромеецца гэта паказаць.

Звалі  Долькай.

На жаль,  загінула. — трапіла пад колы аўтамабіля. Пасля гэтага мы ўзялі сабаку з вуліцы — бяздомнага кокер-спаніэля, які пражыў у нас да самай старасці. Нягледзячы на тое, што мы яго вельмі любілі, прыхільнасць да таксаў узяла сваё і наступны сабака зноў быў гэтай пароды.

Новую сабаку прывезлі з Пінска, так што яна — “паляшучка”. Жыве ў нас з 2003 года.

Шкада, што такое здарылася:  два з паловай гады таму яна зламала хрыбет і зараз мае пэўныя абмежаванні па руху —  не рухаюцца заднія лапы.

Канешне, праблема вялікая. Але гэта дадало  нейкай пяшчоты, любові і жаху страціць.

Дарэчы, я хацела, каб мая дачка  паехала вучыцца за мяжу, атрымала еўрапейскі дыплом. Аднак яна  сказала: “Мама,  сабаку са зломанай спіной ніхто не возьме. Ты ўвесь час у камандзіроўках. Яе прыйдзецца “ўсыпіць”. Я не магу гэтага дапусціць”.

Словам, яна нікуды не паехала і паехаць у будучым не збіраецца, таму што бачыць у гэтым пагрозу для жыцця сабакі.

Зразумела, што  сабак даволі складана даглядаць. Шчыра кажучы, калі дачка ў дзяцінстве прасіла набыць нешта жывое, у мяне была спакуса пайсці “лёгкім” шляхам і набыць нешта кшталту  хамяка, чарапахі, птушак, рыбак, але яна разважала падобным чынам: так, гэта вельмі прыгожыя стварэнні прыроды, якімі можна любавацца гадзінамі. Аднак тут не будзе  нейкай эмацыйнай  аддачы, цяпла, зваротнай сувязі.   Гэта як зносіны праз шкло, панцыр.

Ніколі над гэтым не задумвалася. Насця “прымусіла” рабіць гэта заўсёды.

–Адчуваецца, адносіны да жывёл у Вас амаль такія, як да людзей – неабыякавыя…

—  Яны без хітрыкаў, ілжы, разліку (гэта ўласціва толькі людзям) і больш шчырыя.

Кніга падрыхтавана да друку  02.11.2011

%d1%80%d0%b5%d0%b2%d1%8f%d0%ba%d0%b0-2 %d1%80%d0%b5%d0%b2%d1%8f%d0%ba%d0%b0-3 %d1%80%d0%b5%d0%b2%d1%8f%d0%ba%d0%b0-4 %d0%a0%d0%95%d0%92%d0%af%d0%9a%d0%90