Рымашэўскі Віталь

%d1%80%d1%8b%d0%bc%d0%b0%d1%88%d1%8d%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%96

 
 
З кнігі “Найноўшая гісторыя ў асобах”
 
ХРЫСЦІЯНСКІ ШЛЯХ
 
Даведка: Віталь Рымашэўскі нарадзіўся ў Бабруйску 3 сакавіка 1975 года. Жанаты, выхоўвае дачку. Інжынер-будаўнік, у 1997 годзе скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт.
Адзін з кіраўнікоў кампаніі «У абарону свабоды сумлення і веравызнання ў Беларусі». Кіраўнік Мінскай арганізацыі БХД, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні гэтай партыі.
Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты падчас выбараў 2010 года. Падчас акцыі 19 снежня на плошчы Незалежнасці збіты спецназам. Затрыманы падчас разгону акцыі, змешчаны ў СІЗА КДБ. З 31 снежня 2010 года знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. Згодна з рашэнням суду атрымаў пакаранне 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады.
 
Мабыць, кадры акрываўленай, забінтаванай галавы былога кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, які бароніць уваход у будынак ЦВК, сталі аднымі з “візітовак” брутальных падзей 19 снежня 2010 года. Адразу было зразумела пра іх паходжанне — міліцэйская гумовая палка, якаю у народзе празвалі “дэмакратызатарам”.
Не многія тады задумваліся над тым, што ёй ударылі па галаве не толькі Віталя Рымашэўскага, але і ўвесь беларускі народ…
 
Нацыянальны выбар
 
Дзяцінства Віталя Рымашэўскага прайшло паміж Бабруйскам, дзе ён нарадзіўся і вучыўся, і вёскай Пацава Слабада Кіраўскага раёну, дзе праводзіў усе вакацыі. Адтуль яго маці Тамара Аляксееўна, чыё дзявочае прозвішча было Комар. Род жа Рымашэўскіх ідзе з Глушчыны, дакладней з вёскі Бярозаўка, дзе нарадзіўся яго бацька Анатоль Іосіфавіч Рымашэўскі. Бацькі бацькі (адпаведна дзед і баба ) пайшлі рана, таму зразумела чаму ўсе вакацыі хлопчыка Віталя праходзілі ў дзядулі і бабулі па матчынай лініі.
Вучыўся ён ў звычайнай сярэдняй школе № 13 г. Бабруйска і заўсёды вельмі цікавіўся палітыкай. У адрозненне ад некаторых аднакласнікаў падабаў нават палітінфармацыі. Быў камандзірам акцябрацкага і піянерскага атрадаў, а вось стаць “камсамольскім важаком” не выпала, таму што тады ўпершыню прыналежнасць да УЛКСМ стала неабавязковай. Пачыналася перабудова, і, зняўшы піянерскі гальштук, Віталь Рымашэўскі сказаў сваёй настаўніцы, што камсамольцам не будзе.
Цікавілі не толькі дакладныя навукі, які тлумачылі стварэнне свету (матэматыка, фізіка, хімія) але і тыя, якія мы адносім да гуманітарных. Накшталт гісторыі. Менавіта з яе і пачаўся шлях да нацыяналізму, які прынята называць “здаровым” .
Патрыётам сваёй краіны Віталь быў заўсёды, толькі ў той час стала зразумела, што гэта не Савецкі Саюз, а Беларусь. Менавіта беларускім нацыяналістам Рымашэўскі і стаў.
А “вінаватыя” у гэтым Мікола Ярмаловіч (яго кнігі) і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Любоў Кірылаўна Новік, якая выкладала ў апошніх класах.
Дарэчы, захапленне беларускай мовай прыйшло да Віталя не адразу. У сёмым класе ўсё было наадварот. Ён нават падняў (у іх тады была благая настаўніца –заўвага аўтара ) супраць яе вывучэння “бунт”. Маўляў, навошта, калі ў Савецкім Саюзе “языком межнационального общения” з’яўляецца рускі, а беларуская мова не выкарыстоўваецца шырока нават у самой Беларусі, вучыць яе ўвогуле. Ідэю падтрымаў увесь клас. І, на мой погляд зрабіў гэта не зусім па нейкім ідэйным меркаванням. З пакон вякоў любым вучням было: чым менш заняткаў, тым лепш.
“Моўны бунт” тады гасіла ўсё кіраўніцтва школы, а праз тры гады “моўны стэрэатып” сумела зламаць Любоў Кірылаўна Новік.
Цікава, што сама яна па паходжанню была рускай і выкарыстоўвала гэты момант вельмі эфектыўна. “Па пашпарце я руская, аднак беларускую мову люблю і паважаю, а вы, беларусы, нічога пра яе не ведаеце.”
Не пагадзіцца з такім аргументам ВЕЛЬМІ цяжка.
Пазней, калі адна дзяўчына сказала, што “у параўнанні з расейскай мовай беларуская значна горш”, на яе абурыўся ўвесь клас.
Даволі паказальны нюанс. Красамоўна сведчыць аб тым, якое ўздзеянне на людзей ва ўсе вякі рабілі настаўнікі. На жаль, сёння давер да іх не такі, як быў раней, бо менавіта настаўнікі складаюць “касцяк” усіх выбарчых камісій краіны…
І можна толькі шкадаваць аб тым, што ў дзеючага кіраўніка краіны, напэўна, такіх настаўнікаў не было…
Віталю Рымашэўскаму заўсёды падабаўся Мінск, які давялося наведаць некалькі разоў у дзяцінстве і дзе дагэтуль жыве яго родная цётка. Таму калі надышоў час пакідаць родны горад, адказ на пытанне, куды ехаць вучыцца ўжо быў ( у яго родным горадзе не было раней і няма зараз (на дадзены момант існуюць толькі філіі ВНУ ) НІВОДНАЙ вышэйшай установы). Пасля сканчэння школы выбар паў на сталічную Політэхнічную акадэмію. Дакладней на яе (вельмі складаны) будаўнічы факультэт.
Для тых, хто не памятае, нагадаю, што ў 1920-м годзе на базе Мінскага політэхнічнага вучылішча быў створаны Беларускі політэхнічны інстытут. У 1991-м годзе яго ператварылі ў акадэмію, а ў 2002-м годзе ўсім вядомы “політэх” стаў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам (БНТУ).
Як ідэйны нацыяналіст, Віталь Рымашэўскі час ад часу наведваў і тагачасныя мітынгі. Вонкава тады ўсё было быццам бы добра. Над адміністрацыйнымі будынкамі (у тым ліку і над Домам ураду) лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Беларусь існавала ў якасці незалежнай краіны і з пункту гледжання нацыянальнага патрыятызму, вострай неабходнасці ўдзельнічаць у палітычным жыцці, мабыць, не было. Але набліжалася тое, што амаль усе дасягненні тых гадоў перакрэсліць.
 
Палітычны выбар
 
На выбарах 1994-га года не гледзечы на тое, што праводзіў актыўную агітацыю сваіх знаёмых у ВНУ і сваякоў у падтрымку Зянона Пазьняка, галасаваць супраць Лукашэнкі Віталь не мог па той прычыне, што яму яшчэ не было 18-ці гадоў, аднак перамогу шклоўскаму папулісту тады забяспечыла зусім не гэта. Былы дырэктар саўгаса гаварыў тое, што электарат хацеў пачуць і абяцаў хутка навесці “парадак”. Праз некалькі год апошні стане стабільнасцю, якая (на думку шмат каго) абнесена калючым дротам самаізаляцыі.
У Політэхнічнай акадэміі зацікаўленасць і нават апантанасць беларускай гісторыяй і мовай выглядала трохі дзіўна. Калі не сказаць, што Віталь Рымашэўскі быў “белай варонай”. Там вучацца людзі іншага складу розуму і вельмі далёкія ад палітыкі. Дарэчы, выкладчыкі “політэху” у адрозненне ад студэнтаў, былі палітызаваны нашмат больш. Калі Рымашэўскага першы раз арыштавалі, яны паставіліся да гэтага даволі спакойна, а некаторыя, наадварот , падтрымлівалі.
Адбылося ўсё на Дзень волі, 25 сакавіка 1996 года. Сам мітынг павінен быў адбыцца на Плошчы Незалежнасці, але збірацца там забаранілі. Усе прыходзілі да Опернага тэатру і ўжо адтуль пачаўся рух. Міліцыянты праз мегафоны казалі пра забарону, нехта крыкнуў “Брэшаце!”, а Віталь Рымашэўскі — пра тое, што брэшуць толькі сабакі. Атрымалася так, што за ім ішоў намеснік кіраўніка Маскоўскага РУУС.
Са словамі “Я табе зараз пакажу, хто такі сабака” ён загадаў схапіць юнака і разам з іншымі міліцыянтамі пацягнуў да “козліка”.
Амаль дзве гадзіны Рымашэўскі правёў у пастарунку, аднак ў тыя часы міліцыянты ставіліся да іншадумцаў значна лагодней чым зараз. Віталя нават адпусцілі, даўшы пісьмовае папярэджанне, але потым нешта пачулі па рацыі, вярнулі (з прыступкаў) назад, парвалі папярэджанне і замест яго выпісалі позву ў суд.
Аказалася ў гэты час Вінцук Вячорка даведаўся пра затрыманне і мегафон крыкнуў: “Калі зараз не вызваляць Віталя Рымашэўскага, то мы пойдзем да РУУС вызваляць яго самі”.
…Потым былі выклікі ў пракуратуру. Віталь падумаў, што гэтым усё і абмяжуецца. Памыліўся.
Менавіта з гэтага затрымання і пачаўся яго шлях у палітыку.
На той момант вучыцца заставалася толькі паўгады (паскораны выпуск), і Рымашэўскі вырашыў больш не хадзіць на мітынгі. Напэўна, так бы і адбылося, калі б камендант інтэрнату не прынесла яму (перад “Чарнобыльскім шляхам”) павестку ў пракуратуру. Гэта было відавочнае прэвентыўнае дзеянне. эфект ад яго атрымаўся супрацьлеглым таму, на які нехта спадзяваўся. Калі раней Віталь Рымашэўскі не збіраўся ісці на мітынг, то ў гэты момант зразумеў, што не пайсці на яго не можа.
Пад час “Чарнобыльскага шляху” 1996 года Віталь Рымашэўскі запоўніў анкету на ўступленне ў Беларускі народны фронт. Не ў партыю, а ў рух, то бок у грамадскае аб’яднанне.
У тыя часы ў “політэху” да палітычнага іншадумства студэнтаў яшчэ ставіліся спакойна. Час ад часу яна нават дапамагала, бо большасць (добрыя прафесіяналы) выкладчыкаў не падтрымлівалі дзеючую ўладу. Словам, да дыплома Рымашэўскі дайшоў без асобых праблем. Размеркавання тады не было, а вось за мінскую прапіску прыйшлося пазмагацца. Атрымаў яе толькі праз некалькі год.
У гэты ж час пачаў працаваць “Малады фронт”. Віталь Рымашэўскі (не гледзячы на пэўныя непаразуменні з Паўлам Сявярынцам) стаў адным з яго лідараў.
 
Асабісты выбар
 
Самае цікавае, што ў дзяцінстве Віталь Рымашэўскі быў перакананым атэістам. Настолькі, што час ад часу спрачаўся на гэты конт са сваёй бабуляй. Паралельна з прыходам у палітыку, адбыўся і яго прыход да веры. Як вядома, гэтаму нельга неяк навучыць. Бог адкрываецца чалавеку сам, і з той хвіліны мы адчуваем Яго існаванне.
Заставім за дужкамі нарыса, як усё адбылося ў Віталя Рымашэўскага, адзначым толькі, што вера дапамагла пераасэнсаваць і палітычны светапогляд: ад ідэйнага нацыяналіста да хрысціянскага дэмакрата, для якога патрыятызм з’яўляецца істотнай але не галоўнай каштоўнасцю.
Яшчэ ў 1996 годзе ён не толькі марыў пра паяўленне беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі, але і прыняў актыўны ўдзел у першай (на жаль, няўдалай) спробе яе стварэння з Генадзем Грушавым. Нават пакінуў дзейнасць у “Маладым фронце”. Рымашэўскага абралі намеснікам кіраўніка Маладзёвага хрысціянска-сацыяльнага саюза (МХСС).
Тады склалася амаль унікальная сітуацыя. Спроба стварыць “Дарослую” не дасягнула поспеху, а яе “маладзёвае крыло” дзейнічала шмат год. Больш за тое, праз сваю актыўнасць Віталь Рымашэўскі стаў сябрам Прэзідыуму Нацыянальнай Рады маладзёвых і дзіцячых аб’яднанняў Беларусі. Пакуль яе не ліквідавалі, гэта была досыць дзейсная моладзевая “парасонавая” структура.
У тыя ж часы Віталя Рымашэўскі працаваў у кіруючым органе Асацыяцыі маладых палітыкаў.
Як вядома, маладзёвым структурам складана існаваць без “партыйная крышы” . Раз хрысціянска-дэмакратычную партыю тады не стварылі, рашэннем большасці чальцоў арганізацыі, МХСС стала “крылом” Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Натуральна, што, калі пачала стварацца хрысціянская дэмакратыя, Віталя Рымашэўскага запрасілі ў аргкамітэт. На той момант ён ужо пачаў працаваць і умоўна складаўся з двух частак. У адной былі вядомыя палітыкі хрысціянскага накірунку (Павел Севярынец, Аляксей Шеін і г.д.), у другой — вернікі розных канфесій. Запрашэнні паступілі адразу з двух.
Было гэта з 2005 годзе, а праз некалькі год адбыў устаноўчы з’езд, дзе Віталя Рымашэўскага абралі сустаршынёй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. З таго моманту БХД праводзіць свае з’езды штогод, але беларускае міністэрства юстыцыі іх ігнаруе, кожны раз адмаўляючы партыі ў афіцыйнай рэгістрацыі.
Думаю, на гэты момант трэба звярнуць увагу асобна. Гутарка пра стасункі паміж Палам Севярынцам і Віталём Рымашэўскім. Разышліся яны ў “Маладым фронце” не вельмі станоўча. Спрадвечная праблема беларускай апазіцыі ў тым, што ў ёй заўсёды пануюць сваркі і спрэчкі. Два чалавекі не могуць зрабіць нават тры крокі разам і не разысціся пры гэтым у розныя бакі. У лепшым выпадку –“мірна разысціся”, а звычайна — пасварыцца.
Севярынец і Рымашэўскі не засталіся пасля “Маладога фронту” сябрамі, таму, калі Павел запрасіў Віталя ў аргкамітэт БХД, апошні аднёсся да гэтага з пэўнай насцярогай. Пагадзіўся, але вырашыў працаваць не некага канкрэтна, а на тыя рэчы, якія будуць мець для Беларусі безумоўную каштоўнасць.
Напрыклад, Віталь Рымашэўскі ўзначаліў праект “Пакаянне”. Неўзабаве ўзнік адпаведны сайт і віртуальны музей былых палітрэпрэсаваных — паспелі запісаць шмат апошніх сведак сталінскіх рэпрэсій.
Можна нагадаць кампаніі “Люблю Беларусь” і збор подпісаў (сабралі беспрэцэдэнтныя больш як 50-т тысяч) за змены ў закон “Аб свабодзе веравызнання”, у распрацоўцы і правядзенні якіх Віталь браў непасрэдны удзел. .
Сумесная праца вельмі станоўча паўплывала на асабістыя стасункі паміж палітыкамі. Больш за тое, калі БХД абрала Віталя Рымашэўскага сваім кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 20010-га года. менавіта Павел Севярынец стаў начальнікам яго перадвыбарчага штаба.
Хочацца звярнуць увагу і на момант сустаршынства. Для Беларусі — з’ява ўнікальная. Усе кажуць, што ў нас не павінна быць “партый лідара”, а трэба стварыць “партыю ідэй”, аднак у рэальнасці ўсё адбываецца наадварот. Кампрамісу ў гэтым сэнсе сумелі дабіцца толькі ў БХД.
Наконт прычын адсутнасці афіцыйнай рэгістрацыі, можна спрачацца даволі доўга. Віталь Рымашэўскі лічыць, што галоўная прычына ў тым, што партыя не з’яўляецца лаяльнай прэзідэнту Лукашэнку, і з гэтым вельмі цяжка не пагадзіцца.
 
Рэлігійны выбар
 
З самага дзяцінства, як і многія равеснікі, Віталь пачаў шукаць сэнс нашага жыцця. Звычайна ў 16-17 год гэта “праходзіць”, аднак Рымашэўскі стаў тут выключэннем. Канешне, як і іншых маладых людзей, яго цікавілі розныя рэчы, але філасофскія (рэлігійныя) пытанні былі самымі галоўнымі. Калі чалавек шукае Бога, то Гасподзь рана ці позна да яго прыходзіць.
З Рымашэўскім усё адбылося ў 1996 годзе. Распавесці такое ў кароткім нарысе немагчыма, таму канстатую толькі факт, што з гэтага моманту ён радыкальна змяніў свае погляды ад атэізму да хрысціянскага верніка.
Праз месяц Віталь па-сур’ёзнаму прыйшоў у праваслаўную царкву, бо хрышчоны быў у дзяцінстве 200менавіта ў ёй. Не хочацца кранацца нейкіх міжканфесійных адносін, але сёння ўлада сама падзяліла вернікаў на “сваіх” і “чужых”. Яна ў нейкім сэнсе манапалізавала праваслаўе, а к усім іншым хрысціянскім канфесіям ставіцца даволі насцярожана. Маўляў, менавіта з іх паходзяць усе, каго сёння адносяць да “пятай калоны”.
Спрачацца з гэтай відавочнай хлуснёй няма сэнсу па той прычыне, што праваслаўе было ў нашай краіне задоўга да таго, як нехта прыдумаў “інтэграцыйныя гульні” і нават раней “ператварэння” Беларусі ў “Северо-западный край”… Другое пытанне, што ў апошнія 18-ць год вера людзей у Бога стала яшчэ і палітычным інструментам…
Тым, хто ў нечым сумняваецца, нагадаю, што ў 1514 годзе ПРАВАСЛАЎНЫ Канстанцін Астрожскі пад Воршай перамог ПРАВАСЛАЎНАЕ маскоўскае войска.
Дарэчы, менавіта з гэтай рэлігійнай канфесіяй звязана другая адукацыя і сустрэча з “другой палавінай”.
Ў 2002 годзе Віталь Рымашэўскі стаў студэнтам Маскоўскага Свята-філарэтаўскага праваслаўнага хрысціянскага інстытута, і нават амаль яго скончыў.
Слова “амаль” тут азначае, што праз чатыры гады вучобы яму не далі абараніць дыпломную працу. І не маглі даць — тая называлася “Церковь и движение национального возрождения в Беларуси”. Сёння гэта зрабіць у Расіі немагчыма па вызначэнню, бо нават лібералы ўспрымалі (і ўспрымаюць) нашу краіну часткай Расіі.
З высновай “за националистические идеи” да абароны Віталя Рымашэўскага банальна не дапусцілі. Аб такой “ўзнагародзе” апазіцыйныя беларускія палітыкі могуць толькі марыць…
Што тычыцца жонкі Насты, то яны пазнаёміліся ў Петрапаўласкім саборы, але “сышліся бліжэй” пад час сумеснай завочнай вучобы ў хрысціянскім інстытуце. У 2009 годзе нарадзілася дачка Ева.
 
Выбар дзеля будучага
 
На думку Віталя Рымашэўскага, самы сумны вынік снежаньскіх падзей 2010 года ў тым, што высновы зроблены не былі, а многія рэчы засталіся недагаворанамі . Ні для ўдзельнікаў Плошчы, ні для тых, хто там не ўдзельнічаў, але потым рабіў розныя заявы. Гэта можа прывесці да кепскіх наступстваў (даруйце таўталогію — заўвага аўтара) на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Дакладней сказаць, “прэзідэнцкай кампаніі”, бо ніякіх выбараў у нас няма ўжо даўным-даўно.
Віна ў тым, што адбылося (перакананне самога Рымашэўскага — заўвага аўтара), ляжыць не толькі на палітыках, але і на журналістах, і ўсіх тых, хто звязаны з дэмакратычным рухам. Калі не рабіць высновы з асабістых памылак, не даваць добрыя і дрэнныя адзнакі, то ў будучым сітуацыя можа стаць яшчэ горшай.
Калі раней рэжым спрабаваў знішчыць усіх, то цяпер робіць гэта не нягегла і брутальна, а паступова. Знішчэнне стала насіць выбарачны характар. Па аднаму распраўляюцца з палітыкамі і іх структурамі. У прынцыпе, такі “працэс” дае права выбару, магчымасць некаторым больш “лаяльным” адстаяцца” у старонцы. Тады менш чапаюць.
Сёння галоўнае пытанне Беларусі — пытанне салідарнасці. І справа тут не толькі ў лістах і перадачах. Гэта таксама патрэбна і важна. Палітыкі павінны бараніць адзін аднаго, бо знішчыць можна не толькі фізічна, але і палітычна.
На жаль, так адбываецца далёка не заўсёды.
Яскравы такі прыклад — Аляксандр Казулін. У свой час для яго вызвалення было зроблена не вельмі многа і зусім мала, каб не дазволіць, калі чалавек “сядзіць,” змясціць яго з кіраўніка партыі, здрадзіць.
Сумна, але гэта працягвае адбывацца на прыкладзе іншых арганізацый, або палітыкаў.
Калі закрываць вочы і спрыяць уладзе, то ў Беларусі хутка зусім не застанецца незалежнага дэмакратычнага руху.
Апошнім часам даволі часта прыходзіцца чуць пра падзел беларускай апазіцыі на “радыкалаў” і “канструктыўных”, “прарасійскія” альбо “празападныя” плыні. Цалкам згодны з тымі, хто лічыць такую класіфікацыю далёкай ад рэчаіснасці і штучнай. І не здзіўлюся, калі некалі высветліцца, што яго прыдумалі існуючыя сёння спецслужбы.

%d1%80%d1%8b%d0%bc%d0%b0%d1%88%d1%8d%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%961 %d1%80%d1%8b%d0%bc%d0%b0%d1%88%d1%8d%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%962 %d1%80%d1%8b%d0%bc%d0%b0%d1%88%d1%8d%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%96-3 %d1%80%d1%8b%d0%bc%d0%b0%d1%88%d1%8d%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%964 %d1%80%d1%8b%d0%bc%d0%b0%d1%88%d1%8d%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%965 %d1%80%d1%8b%d0%bc%d0%b0%d1%88%d1%8d%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%966 %d1%80%d1%8b%d0%bc%d0%b0%d1%88%d1%8d%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%967 %d1%80%d1%8b%d0%bc%d0%b0%d1%88%d1%8d%d1%9e%d1%81%d0%ba%d1%968