Саннікаў Андрэй

%d1%81%d0%b0%d0%bd%d0%bd%d1%96%d0%ba%d0%b0%d1%9e

З кнігі “Жыццё пасля кратаў”

 

“ЗЯМЛЯ” САННІКАВА

 

Даведка: Андрэй Саннікаў нарадзіўся ў Мінску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў у 1971 годзе 42-ю мінскую школу, у 1977 годзе – Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў, у 1989 – дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве.   Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі. У 1995-1996 гг. – намеснік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду добраахвотна ў лістападзе 1996 год у знак пратэсту супраць правядзення антыканстытуцыйнага рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартия’97».

Кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.  Падчас разгону мірнай акцыі на Плошчы Незалежнасці быў моцна збіты спецназам, і разам з жонкай Ірынай Халіп жорстка затрыманы па шляху ў шпіталь.

14 траўня 2011 года асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Вызвалены 14 красавіка 2012 года.

 

 

Можна толькі ўявіць, колькі разоў мае калегі выкарыстоўвалі  стаўшы назвай  нарыса штамп. Я таксама вырашыў звярнуцца менавіта да яго па той прычыне, што бачу пэўную сінанімічную сувязь паміж словамі “зямля”- “жыццё”. І тлумачыцца яна вельмі проста — якую ЗЯМЛЮ выбіраюць людзі, такое ў людзей і ЖЫЦЦЁ

Размова рэальная 

 

З Андрэем Саннікавым мы сустрэліся  напярэдадні дня абвешвання прэзідэнцкіх выбараў. Праз некалькі дзень інтэрв’ю было надрукавана ў “Народнай волі”. Тое, што адбылося потым, добра вядома, таму паўтарацца няма сэнсу, а вось яшчэ раз нагадаць частку той размовы цалкам лагічна.

“…

–Наколькі я памятую, паўтары гады ты таксама працаваў пры гэтай уладзе. Атрымліваецца, што  падтрымліваў Лукашэнку?

— Ніколі.

— А за каго галасаваў у 1994 годзе.

— За Пазьняка. У той час я працаваў у Швейцарыі. Праз пэўны час пасля таго, як выбралі Лукашэнку мяне паклікаў прызначаны тады міністрам Уладзімір Сянько. Да яго я і ішоў працаваць. Пад час нашай першай размовы, калі прагучала такая прапанова, я пагадзіўся не адразу. Сустракаліся яшчэ і пазней. Я сказаў, што зацікаўлены ў тым, каб стварыць прафесійны МЗС. Тут нашы інтарэсы супалі.  Менавіта ў тым, каб працягвалася праца напраўленая на захаванне дзяржаўнасці і  незалежнасці Беларусі.

–А як ты ўвогуле стаў дыпламатам?

Нарадзіўся я ў Мінску. З залатым медалём скончыў знакамітую школу №42, якая дала Беларусі шмат вядомы людзей. Упэўнены, што многія з іх адгукнуцца на лічбу “42”. Калісьці яе скончыў і мой бацька. Там працавала мая маці.  Паступіў у інстытут замежных моваў.

Мэтанакіраванай мары стаць дыпламатам не было. Яшчэ пад час вучобы і пасля яе я працаваў перакладчыкам у Пакістане і  Егіпце.  Потым, можна сказаць, у гэтым напрамку быў зроблены першы крок. Я паступіў на курсы перакладчыкаў ААН (за савецкім часам у Маскве такія былі). Пасля сканчэння трапіў у сістэму саюзнага МЗС і з 1981 па 1987 год працаваў у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дакладней у службе рускіх пісьмовых перакладаў. Акрамя беларускай і рускай моў ведаю ангельскую, французскую і польскую.

Пасля даволі нечакана прапанавалі пайсці вучыцца ў дыпламатычную акадэмію. Пагадзіўся таксама не адразу. Іспыты там былі даволі сур’ёзныя. Два гады вучобы. Гэта можна лічыць другой адукацыяй, таму што вельмі адукаваныя і салідныя былі выкладчыкі – амбасадары, палітыкі,  вучоныя. Пасля гэтага было шмат прапаноў. У тым ліку і пайсці працаваць у савецкі МЗС, але ж я заўсёды хацеў папасці ў Беларусь. Мне вельмі пашанцавала, бо ў Маскве вучыўся 1987-1989 гады. Гэта кульмінацыя перабудовы.  Прыехаў у Беларусь тады, калі ўжо было можна працаваць не на частку Савецкага  Саюзу, а на незалежнасць нашай краіны. Тыя часы ўспамінаюцца з асаблівай асалодай.

Менавіта тады я адчуў сябе не абстрактным савецкім чалавекам, а беларусам.

Мне вельмі складана патлумачыць, чаму гэта адбылося. Я не размаўляў па-беларуску, але заўсёды адчуваў сябе толькі беларусам. Усюды дзе  быў. Зразумела, што тут такога пытання не паўставала, але потым  пачалі з’яўляцца сябры ў Расіі і Украіне. Дарэчы, з украінцамі мне заўсёды было прасцей, бо яны не саромеліся, як і я, сваёй нацыянальнасці. Мяне заўсёды здзіўляе, калі ў анкетах на іншаземныя візы пра былое грамадзянства нехта піша “СССР”. Я там заўсёды пісаў пра Беларусь, бо добра ведаю, што ў мяне быў пашпарт, дзе было  “пашпарт”, а не “паспорт”. Іншая справа, што гэта была адзнака ў савецкім пашпарце, але яна БЫЛА.

Быць беларусам мне хацелася заўсёды, хаця прапаноўвалі пераехаць у Маскву. Шмат знаёмых так і зрабілі. Што там хаваць, такіх людзей ёсць нямала і сёння. У тым ліку  і журналістаў. Лічыцца, што там можна лепш сябе рэалізаваць.

У мяне такога жадання не было ніколі. Заўсёды пачуццё радзімы перамагала.

— Наколькі на яго паўплываў твой дзед?

— Хаця ў нашай сям’і і размаўлялі па-руску, але  беларускую мову я чуў пастаянна. Напрыклад, добра памятую, як дзед працаваў некалькі разоў з Макаёнкам і іншымі. Як рэжысёр, актор, а потым і выкладчык тэатральна-мастацкага інстытута. Зразумела, што неаднойчы я хадзіў у тэатр на спектаклі і таксама  чуў там беларускую мову.

Бацька мой быў тэатральным крытыкам і таксама добра  пісаў і размаўляў па-беларуску. А з другога боку маці да нядаўняга часу выкладала расейскую мову замежным студэнтам. Пагадзіся, спалучэнне вельмі цікавае.

На жаль, у школе  беларускую мову я не вывучаў, але яна заўсёды прысутнічала ў маім жыцці.

–Пад час работы ў Нью-Йорку ты ўзначальваў Клуб рускай кнігі і арганізаваў там сустрэчы з некаторымі вядомымі “савецкімі беларусамі”?

— Так мы сустракаліся з Рыгорам Барадуліным, іншымі пісьменнікамі. Арганізоўваў  паказы фільмаў Турава, Пташука, Дабралюбава.”

Напэўна, многія чытачы бачылі мемарыяльную дошку на адным з  дамоў галоўнага праспекта. Усталявана яна ў гонар  Канстанціна Мікалаевіча Саннікава. Менавіта ў гэтым доме жыў славуты беларускі рэжысёр, народны артыст БССР, адзін з заснавальнікаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Дзед героя гэтага артыкула.

 

Размова віртуальная

 

Даводзілася чуць, што некаторыя ўспрынялі ад’езд Андрэя Саннікава ў Вялікабрытанію з пэўным зларадствам. Маўляў,  у камфортных умовах значна прасцей змагацца з “крывавым рэжымам”.  Не буду дыскутаваць на гэты конт.

На жаль,  за апошнія  18-ць год людзей прывучылі глядзець на рэчы вельмі цынічна. І яшчэ адно назіранне — іншым клеяць ярлыкі звычайна тыя, хто сам умее “змагацца” толькі на асабістай кухні…

— Што ты  ўбачыў (з боку палітыкі) на свабодзе?

— Усё, што адбываецца ў палітыцы, было бачна і з турмы. За кратамі абвастраюцца «аналітычныя» здольнасці. Інфармацыі не хапае. Газеты проста не даходзяць. Лісты перахопліваюць. Іншых зняволеных караюць нават за спробы зносін. Таму прыходзіцца па абрыўках інфармацыі, па выпадковых размовах, у тым ліку з турэмшчыкамі, рабіць высновы пра палітычную сітуацыю. Абвастраецца яшчэ і нейкі асаблівы «зэкаўскі» нюх, у тым ліку і на палітыку. Таму было зразумела, што пасля таго як расійскае кіраўніцтва ў чарговы раз бездапаможна падпарадкавалася Лукашэнку ў жніўні 2011 года і зноў вылучыла велізарныя сродкі на захаванне рэжыму, сітуацыя ў Беларусі будзе і далей ўскладняцца. Страчаны чарговы шанец. Зразумела было, што рэжым настолькі перапалоханы падзеямі, якія адбыліся падчас «прэзідэнцкіх» выбараў, што будзе знішчаць сваіх праціўнікаў і кантраляваць ўсё апазіцыйнае асяроддзе.

— Ні было адчування дарэмных пакутаў?

— Не, але было прыкра з-за таго, што пазбавілі волі ў той момант, калі шмат чаго можна было дасягнуць, у тым ліку і перамовамі, і нават у выніку канфрантацыі, але без гвалту.

— Што першае зрабіў на волі?

— Устаў на шлях вяртання да нармальнага жыцця. Старанна вымыўся, каб не дакранацца да сына турэмнымі пахамі і адзеннем, пераапрануўся ў хатняе і стаў чакаць калі ён прачнецца.

— Як складалася “жыццё пасля кратаў”?

–Галоўнае на волі – гэта вяртанне да родных і блізкіх. Занадта доўга мы знаходзіліся ў расстанні. Не так проста было пачаць нармальна размаўляць. Я стала «размаўляў» з імі, калі знаходзіўся за кратамі. І гэтыя размовы ў думках стварылі ілюзію, што мы шмат пра што пагаварылі ў рэальным жыцці.

Усе сябры засталіся сябрамі, і з’явілася вялікая колькасць новых сяброў, з якімі не быў знаёмы да турмы. Усе, хто дапамагаў маёй сям’і, падтрымліваў іх і мяне, сталі сябрамі. На жаль не з усімі паспеў сустрэцца і падзякаваць. Частка сяброў вымушана апынулася за мяжой. Калі выйшаў з-за кратаў, яшчэ не ведаў, што такі ж лёс чакае і мяне. Паспрабаваў узяць спакойны тон пры ацэнцы сітуацыі і магчымых шляхоў выхаду з тупіка, але гэта выклікала вельмі злосную і агрэсіўную рэакцыю рэжыму. Здаровы сэнс знік з ўзаемаадносінФ дыктатуры і апазіцыі. Стала зразумела, што асабіста мне не дадуць не толькі нешта рабіць, але і нават спакойна жыць. А пачуццё адказнасці перад людзьмі, якія паверылі нашай камандзе, пасля выхаду з-за кратаў толькі ўзмацнілася. Гэта ўсё і паслужыла прычынай ад’езду, упэўнены, што часовага.

— У чым сутнасць жыцця за мяжой?

— Я не ведаю, у чым сэнс жыцця за мяжой. Пытанне не да мяне. Я пакуль знаходжуся ў вымушаным ад’ездзе і працягваю займацца беларускімі праблемамі, а не замежнымі.

— З моманту “прэзідэнцкіх” арыштаў прайшоў пэўны час. Думкі на гэты конт?

–Арышты кандыдатаў у прэзідэнты 19-20 снежня для мяне – сведчанне жывёльнага страху рэжыму перад непазбежнымі пераменамі. Так думаў падчас арышту, так думаю і цяпер.

—Што трэба было (з пункту гледжання сённяшняга дня) тады зрабіць не так?

— Шмат што можна было б рабіць па-іншаму, але былі жорсткія ўмовы: абмежаваны час, абмежаваныя (вельмі) рэсурсы і гіганцкія задачы. Думаю, што выціснулі з сітуацыі максімум, у тым ліку, ахвяруючы сабой.

— Навошта працягваць змаганне? Не баішся ?

— Я ў жыцці пазбягаю пафасу. Гэта прынцыпова. Проста працягваю рабіць тое, што рабіў, сыходзячы з сваіх перакананняў, прынцыпаў і разумення сітуацыі.

Як вядома, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, таму пра тое, што магло бы быць калі б 19 снежня 2010 года перамог Андрэй Саннікаў, гадаць не будзем. Адназначна толькі, што адыходзіць у “палітычны цень” ён не збіраецца. А гэта значыць, што мы яшчэ не адзін раз успомнім пра “Зямлю Саннікава”…

%d1%81%d0%b0%d0%bd%d0%bd%d1%96%d0%ba%d0%b0%d1%9e1 %d1%81%d0%b0%d0%bd%d0%bd%d1%96%d0%ba%d0%b0%d1%9e2 %d1%81%d0%b0%d0%bd%d0%bd%d1%96%d0%ba%d0%b0%d1%9e3 %d1%81%d0%b0%d0%bd%d0%bd%d1%96%d0%ba%d0%b0%d1%9e4 %d1%81%d0%b0%d0%bd%d0%bd%d1%96%d0%ba%d0%b0%d1%9e5 %d1%81%d0%b0%d0%bd%d0%bd%d1%96%d0%ba%d0%b0%d1%9e6