Севярынец Кастусь

%d0%a1%d0%95%d0%92%d0%95%d0%a0%d0%98%d0%9d%d0%95%d0%a6-2

З кнігі "Супраць плыні"

НАРЫС У НАРЫСЕ

“…Нарадзіўся я ў вёсачцы Унорыца, што на Гомельшчыне, у 80 км ад будучай Чарнобыльскай АЭС. Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, потым – у Глыбаўскай сярэдняй, а 10 класаў скончыў ужо ў СШ №3 г. Таураге, тады – Літоўскай ССР. Далей – філфак БДУ (рускае аддзяленне), дзе маімі настаўнікамі былі цудоўныя педагогі, светлай памяці Уладзімір Аляксандравіч Карпаў, Язэп Ігнатавіч Семяжон, Міхась Рыгоравіч Ларчанка ды іншыя. Падчас вучобы, хаця была ў нас і ваенная кафедра, якую потым я таксама асіліў, — два гады тэрміновай службы ў арміі пад Ніжнім Ноўгарадам (колісь горад Горкі). У 1972 годзе ўзнагароджаны медалём “За адвагу на пажары”, бо разам з іншымі вайскоўцамі ўдзельнічаў у ліквідацыі стыхійнага бедству ва Уладзімірскай і Горкаўскай абласцях Расіі.

Скончыўшы БДУ, па накіраванні трапіў на Аршаншчыну. Працаваў дырэктарам васьмігодкі ў Пагосце, у райгазеце “Ленінскі прызыў”, рэдагаваў шматтыражку на заводзе “Чырвоны Кастрычнік” у Барані пад Оршай.

Калі мяне ўзялі на працу ў 1985 годзе ў БЕЛТА-ТАСС уласным карэспандэнтам па Віцебскай вобласці, перабраўся з сям’ёй у  сталіцу Прыдзвіння. У працоўнай кніжцы запісы аб супрацоўніцтве штатным і паўштатным, і чвэрцьштатным на Беларускім радыё, і ў газетах  “7 Дней”, «Советская Белоруссия» (да Якубовіча), “Торговая газета”, “Настаўніцкая газета”, у абласной “Народнае слова”, у часопісе “Служба выратавання 01” і інш.

Як вы разумееце, па маёй просьбе гэтую “даведку” напісаў сам Кастусь Севярынец. Дадам толькі,  што з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя ён  стала працуе ў “Дэтэктыўнай газеце”. За гэты час выйшлі ў свет пяць зборнікаў крымінальных нарысаў. Кастусь Севярынец таксама выдаў на рускай мове зборнік лірыкі “Пока дышу” і зборнік дзіцячых вершаў “Там, где радуга живёт”. Разам з доктарам філалогіі, прафесарам Іванам Чаротам перакладаў з сербахарвацкай мовы для беларускіх выданняў, анталогій і альманахаў вершы паэтаў былой Югаславіі. Таксама пераклаў на беларускую мову тэкст песні “Fairytail” (Казка), з якой Алесь Рыбак перамог на “Еўрабачанні –2009” … Канстанціна Паўлавіча добра ведаюць  і як аўтара розных дзіцячых казак..

“З дзіцячымі кніжкамі выйшла па-дзіцячаму ж. Кажучы словамі Маякоўскага, “разлічыліся славаю”: выдаўцам – грошы, мне – папулярнасць. Гэта доўгая гісторыя. Аднак жа, як удалось збольшага прасачыць па інтэрнэце, мае “Азбукі”, “Лічылачкі” і іншыя вершаванкі выходзілі і ў Маскве, і ў  Екацерынбургу, і ў Смаленску, і ў Растове-на-Доне, і ў Благавешчанску, і дзе толькі не выходзілі! Прычым, акрамя камерцыйных структур, да іх выдання спрычыніліся і  такія салідныя выдавецтвы, як “Просвещение», «Русь» і іншыя. Тыражы выданняў – ад 5 да 20 тысяч экзэмпляраў.

Гуляюць па інтэрнэце і ілюстраваныя аўдыёзапісы зробленых мной казак-пераказак на сюжэты вядомых рускіх казак “Колобок”, “Репка”, “Курочка Ряба”, “Кот в сапогах” і інш. Нядаўна дайшлі чуткі, што кнігі Кастуся Севярынца ёсць у спісе рэкамендаванай літаратуры для студэнтаў аднаго з маскоўскіх педагагічных інстытутаў. Прыемна…

Па інтэрнэт-крамах бачу, што кніжкі за маім аўтарствам прадаюцца і ў Беларусі, і ў Расіі, і нават у … Ізраілі. На жаль, без усялякай матэрыяльнай выгоды для мяне. Ну няма ў мяне камерцыйнай жылкі, хоць плач ці смейся. Смяюся…

Гадоў з дзесяць таму гарачым жаданнем выдаць ажно з паўтара дзясятка дзіцячых кніжак з маім аўтарствам  загарэлася і адно з нашых салідных дзяржаўных выдавецтваў. Аднак сталічны кучаравы літкансультант, адзін з функцыянераў Саюза пісьменнікаў, мой былы калега па працы на радыё, параіў не звязвацца з аўтарам, у якога “неблаганадзейнае” прозвішча. Так і ляснуўся гэты праект, а ўжо мусілі і дагавор падпісаць… Затое без пазначэння аўтарства сям-там усплываюць мае рыфмаваначкі. Як кажуць, пайшоў у народ. І на тым дзякуй!..

Аднак на адсутнасць увагі да маіх сціплых высілкаў у справе дзіцячых рыфмаванак паскардзіцца не магу. Усё, што напісана, надрукавана. І нават у большасці сваёй перавыдадзена. Часцяком ужо без пазначэння аўтарства.

Зусім нядаўна цудоўны паэт і кампазітар з Брылёў, што пад Магілёвам, Мікола Яцкоў напісаў шмат мілых мелодый на мае вершы. Так што, мяне чытаюць і нават спяваюць. Што яшчэ трэба для пішучага чалавека? У гэтым сэнсе  пашанцавала, можа, і больш за іншых, каго несправядліва абыходзяць увагай і хто больш за мяне заслугоўвае гэтай самай увагі і павагі.

… Арышт Паўла не стаўся для мяне нейкай неспадзёўкай. І здагадваўся я пра яго раней, чым пачалі лязгаць міліцэйскія кайданкі,  бо так ужо сталася, што яго забіраюць, так бы мовіць, рытуальна, падсвядома трымаючы за нейкі свой талісман.

А хутчэй, рэагуюць нервова і неадэкватна. Як чорт на ладан.  Перафразуючы вядомы афарызм: без Севярынца – турма няпоўная… Калі пачуў па тэлевізары, што пачаўся “хапун”, адразу зразумеў, што Паўла забяруць таксама. За ім жа “таптуны”, як прывязаныя, швэндаюцца.

… Не бачыў сына з таго крывавага снежаньскага вечара  ажно да пачатку так званага судовага працэсу. Дзесьці з паўгода, хаця час так цягнуўся, што падалося болей. Аднак штодня мы былі побач, бо пісаў яму лісты, а ў інтэрнэце ды перыядычным дэмакратычным друку — вершы, артыкулы, каментары ў блогах, заклікаў да салідарнасці не толькі з Паўлам, але і з іншымі палітвязнямі сваіх сяброў з “Аднакласнікаў”, спрычыняўся да гаспадарчых клопатаў пра перадачы ў СІЗА.

Гэта давала адчуванне ўзаемапрысутнасці, духоўнай еднасці. І быў вельмі ўсцешаны, калі пачуў першыя словы сына ў судзе аб тым, што Беларусь павінна збаўляцца праз любоў і пакаянне. Гэткія ж думкі і мяне апаноўвалі ўвесь час сынавага ўкратавання. Вось жа ні з ніадкуль здарыліся радкі “Радзіма! Ну, няўжо гібець вякамі нам? Мы ж – кожны! – дзеці родныя твае. Хай грэх цяжкі даруе Авель Каіну, А той ніколі брата не заб”е…” Так што, не сустракаючыся твар у твар з сынам, мы ўвесь час былі з ім поплеч духоўна”.

…Павел зараз займаецца тым, чым і заўсёды: робіць высілкі, каб беларусы ўпадабалі саміх сябе, а разам з гэтым і любую Беларусь. Піша раман і публіцыстыку. Сустракаецца з сябрамі і рыхтуецца да чарговай “хіміі”. А яшчэ адукуе бацькоў, штовечар праводзячы сямейныя біблійныя чытанні: за раз асільваем па раздзельчыку Евангелля, параўноўваем розныя пераклады, дзелімся асабістымі меркаваннямі па прачытанаму, бывае, спрачаемся. Маё такое адчуванне: нават у самім факце трымання ў руках Бібліі ёсць нейкая аура заспакаення і філасофскага роздуму пра жыццё і духоўныя чыннікі нашага быцця на грэшнай зямлі. А выхоўваўся ж я ў атэізме! Спачатку скептычна ставіўся да гэтай ідэі, а цяпер, “рассмакаваўшы”, уцягнуўся, і ўжо заранёў сумую, што сына хутка некуды адправяць злыя дзядзькі з камітэта па выкананні пакаранняў. На жаль, іх дзеткі не чытаюць бацькам Святое Пісьмо па вечарах. А шкада! Бо абавязкова нешта б уцямілі, неразумныя…”

02.07.11