Севярынец Павел

%d1%81%d0%b5%d0%b2%d1%8f%d1%80%d1%8b%d0%bd%d0%b5%d1%86

З кнігі "Жыццё пасля кратаў"

ПЛОШЧА І ВОЛЯ

Даведка: Павал Севярынец нарадзіўся 30 снежня 1976 года ў Оршы. Скончыў  віцебскую школу № 25 і геафак БДУ. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”.  У 1999-2003 гг. — намеснік старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 — старшыня «Маладога Фронту». З’яўляецца сустаршынём аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя». У часе прэзідэнцкіх выбараў-2010  быў кіраўніком штабу кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. 20 снежня 2010 года арыштаваны  і змешчаны ў СІЗА КДБ.16 траўня асуджаны на 3 гады “хіміі”.

Шчыра скажу, што быў крыху ўзрушаны, калі Павал Севярынец патэлефанаваў мне з “хіміі”. Дакладней з вёскі Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.  І яшчэ больш узрушаны, калі ў прызначаны намі тэрмін прынеслі гэты артыкул.  Прыемна бачыць, як словы ў чалавека супадаюць са справамі.

На мой погляд, тэкст, які пойдзе далей, вельмі яскрава дэманструе тое, аб чым усім нам трэба памятаць і што трэба рабіць.

Два гады, якія прайшлі з часу Плошчы-2010, можна ўмясціць у некалькі радкоў хронікі Беларусі ХХІ ст.: дзясяткі палітвязняў, тэракт на Кастрычніцкай, эканамічны крызіс, маўклівыя акцыі, мінус “Белтрансгаз”, расейскі Мытны зьвяз і байкот так званых “парламенцкіх  выбараў”.

У кожнай з гэтых падзеяў чуецца рэха тае начы 19 снежня, калі дзясяткі тысячаў беларусаў пратэставалі супраць рэжыму і патрабавалі волі.

Вядома, каб разабрацца ў наступствах, давядзецца сьпярша яшчэ раз акунуцца ў глыбіню Плошчы.

Плошча

Беларусы ўвогуле рэдка збіраюцца разам, у вялікай колькасці – тым больш. Заглыбленыя інтравэрты, мы ўсё жыццё займаемся СВАІМ, і вось ужо тысячу гадоў каб з’яднацца дзеля агульнай справы нам патрэбен цуд.

Але за 16 апошніх гадоў гвалту, здзкаў і хлусні нас ціснулі так моцна, што ў ледзь прыадчыненыя дамовай з еўрапейцамі дзверы двухмесяцовай “лібералізацыі” дружна ламануліся адразу дзевяць кандыдатаў у прэзідэнты, а за імі – 30 тысячаў беларусаў.

Можна спрачацца: лепш было б тут аднаму ці ўдзевяцёх; можна наракаць на адсутнасць цэнтру прыняцця рашэнняў, можна высвятляць , хто, куды і чаму кіраваў (або не кіраваў) масу пратэстоўцаў ці хто біў шкло ў Доме Ураду – але галоўнай прычынай паразы Плошчы насамрэч была адсутнасць ВЕРЫ.

Трыста чалавек біліся з амапам; трыццаць тысяч назіралі, чым гэта скончыцца.  А вось калі б на Плошчу выйшлі трыста тысяч – хапіла б адной супольнай малітвы, аднаго гімну, аднаго духу, каб сістэма затрашчэла па швах.

Памятаю украінскі Майдан: там кожны мітынг пачынаўся з Малітвы – і дзесяткі, і сотні тысяч украінцаў на чале з прадстаўнікамі ўсіх канфесій ядналіся з натоўпу ў нацыю!

І, стоячы тыднямі, мірна, без кропелькі крыві дамагліся перамогі.

Да нашага сораму, і мы самі, хрысціянскія дэмакраты, не здолелі адкрыць Плошчу 2010 года і сэрцаў людзей для Бога. А самі па сабе супраць шматтысячнай, узброенай і згуртаванай нянавісцю сістэмы мы безнадзейна слабыя. Насамрэч усім, хто бярэцца дамагацца свабоды, праўды, справядлівасці, дадзеных беларусам звыш, хто падымае бел-чырвона-белы сцяг Хрыстовага ўваскрашэння, трэба памятаць: без Бога мы асуджаны на правал.

У такі час, якім быў 2010-ты, і ў такіх месцах, як Плошча, усё вырашаюць вера, асабістая ахвярнасць і ступень любові.

Менавіта адсюль – не з геапалітыкі, паліттэхналогіі, грошай, а з нашага беларускага сэрца – і ўсё тое, што адбылося потым.

А калі веры ды ахвярнасці не хапіла 19 снежня, яе давялося выяўляць дзесяткам палітвязняў цэлыя гады далей.

 Палітвязні

Тыя, хто пасля Плошчы апынуўся за кратамі, хто прайшоў збіццё, здзекі, доўгія пакуты холаду, голаду, ціску – сталі жывымі болевымі кропкамі нацыі, без якіх ані  пакаянне, ані вяртанне, ані вызваленне ўсяго народу немагчымыя.

Наколькі моцна Бог працуе праз палітвязняў, добра паказвае выпадак Дашкевіча ў Мазыры. Кіраўнік калоніі зняволіў Змітра менавіта за веру ў Хрыста. У выніку шырокай кампаніі салідарнасці пратэстанцкія цэрквы з Беларусі і Еўропы падтрымалі змаганне беларусаў за свабоду, а епіскап Эвангельскіх  Хрысціянаў Беларусі (да якіх належыць звыш 50 000 вернікаў) выступіў у абарону лідара Маладога Фронту і заклікаў цэрквы маліцца за Дашкевіча. Хацелі маральна знішчыць, прынізіць аднаго – атрымалі абуджэнне дзесяткаў тысяч.

Не дзіва, што менавіта палымянаму верніку Дашкевічу дадалі яшчэ год і накіравалі ў крытую турму – яго баяцца найбольш.

Надзвычай цяжка зараз Яўгену Васьковічу. Вядома, падпал Бабруйскага КДБ – гэта не метад для хрысціянскага дэмакрата, але мужнасць і адвага, з якой хлопец трымаўся на судзе, адданасць прынцыпам вартыя агульнай павагі і падтрымкі.

Звярніце увагу – вернікі розных канфесій, якія на працягу года пасля Плошчы штодня збіраліся для малітвы за Беларусь каля Чырвонага касцёла ў Мінску, з’ядналіся ў праваабарончы рух  “За волю” – і ён стаў найбольш дзейсным сярод астатніх: круглыя сталы, інтэрнэт-ролікі, спеўны марафон, кампаніі салідарнасці… Дзесяткі і сотні людзей, у якіх гараць сэрцы, уключыліся ў беларускую салідарнасць – і гэта таксама вынік 19 снежня 2010 года.

Пашырылася і рэгіянальная, мясцовая салідарнасць. Апроч свайго ўласнага досведу на    пружаншчыне  згадваю круглыя сталы, арганізаваныя БХД у тых рэгіёнах, дзе ўтрымліваюцца палітвязні – Магілёве, Бабруйску, Брэсце, Віцебску.

Адначасова, турма – гэта наймацнейшае духовае  кшталтаванне, звычайна  ТАМ чалавек найбліжэй да Бога. Спадзяюся, беларускія Бібліі, перададзеныя кожнаму з вязняў сумлення, стануць падмуркам для развіцця кожнага з іх як духоўнага лідара.Надзвычай важна, каб да пратэстанта Дашкевіча, каталікоў Бяляцкаг, Лобава і Васьковіча, праваслаўных Статкевіча і Аўтуховіча ды іншых маглі трапіць святары.

Ахвярнасць Дашкевіча, нязломнасць Васьковіча, мужнасць Статкевіча, цярплівасць Бяляцкага, цвёрдасць Лобава, адвага Аўтуховіча, галадоўка Кавлені, прынцыповасць Аліневіча, Францкевіча, Дзядка, Пракапенкі, пакуты Крутога, Парфянкова, Малчанава – гэта тое, чым зараз адкупляецца ад грэху абыякавасці і страху ўвесь беларускі народ.

 Пратэсты

У выніку разгрому Плошчы і судовых працэсаў палітычная апазіцыя здранцвела – дзе ад турэмнага зняволення лідараў, дзе ад вярбоўкі, дзе ад ператрусаў, дзе проста ад страху.

Але гэта дало магчымасць выявіцца глыбіннаму грамадзянскаму пратэсту.

У адказ на дэфіцыт прадуктаў, знікнення валюты, крызіс і тэракт на Кастрычніцкай ўжо ўлетку 2011-га праз Сеціва ў Беларусі раскруцілася штосерадовая чарада маўклівых акцыяў – збор тысяч беларусаў па ўсіх гарадах, што пратэставалі моўчкі або воплескамі.

Негвалтоўныя, надзвычай простыя і рухомыя акцыі сталіся не толькі кашмарам для ўлады (яна вымушана была выяўляць крайнюю жорсткасць пры разгоне) – але і нагодай для развагаў пра беларускую ментальнасць. “Малайцы, беларусы!” – можна было пачуць улетку 2011-га ад расейцаў, украінцаў, палякаў, грузінаў – “Як лёгка!.. Як прыгожа!..”

Маўклівыя акцыі – яскравы прыклад глыбокага беларускага і глыбокага хрысціянскага ў сваёй сутнасці пратэсту – наколькі мірнага, настолькі ж магутнага і псіхалагічна ўражвальнага.

Разам з маўклівымі акцыямі па ўсёй Беларусі ўспыхнулі і грамадзянскія сацыяльна-эканамічныя пратэсты, найвядомейшымі з якіх сталіся “Стоп-бензін” (зноў моўчкі, толькі сігналы аўтамабіляў!”, перакрыццё трасы ў Брузгах (характэрна! – пратэстоўцы спявалі перад АМАПАМ “Мы, беларусы, мірныя людзі…”), хваляванні на гранітным кар’еры ў Мікашэвічах, на “Пінскдрэве”, сярод магілёўскіх будаўнікоў, полацкіх вінаробаў, гомельскіх прадпрымальнікаў… Незалежныя прафсаюзы ўзнікалі то тут, то там, і барацьба за справядлівасць заціналася ад страйкаў і звальненняў.

Новае дыханне набыў і спярша прыгалошаны моладзевы пратэст – акцыі Маладога фронту; “цацачныя перфомансы  “Змены”; бел-чырвона-белыя сцягі па-над дахамі беларускіх гарадоў…

Такім чынам, 2011-2012 гг. сталі часам нараджэння новай платформы грамадзянскага пратэсту – і гэта ўжо тэхнічны зрух.

 Байкот “вырабаў”

Напружанне, народжанае ўціскам і абвальным крызісам, трохразовай дэвальвацыяй і імклівым ростам коштаў, назапашвалася падспудна расло ўсе гэтыя два гады – і вылілася ў тыпова беларускі, ціхі, але дружны БАЙКОТ “ВЫРАБАЎ”.

Так, тое, што адбываецца ў Беларусі пад выглядам “выбараў” насамрэч ёсць ВЫРАБАМ. Не выбар, а выраб “дэпутатаў”, з вядомымі макароннымі вырабамі, якія потым вешаюць на вушы “электарату”… Вырабы – адно слова. Вы – рабы, гаворыць рэжым, і абвяшчае загадзе падрыхтаваныя вынікі.

Вынесем за дужкі бессаромную фальсіфікацыю (гэта агульнавядома), прымусовы загон на датэрміновае галасаванне і сумнеўную тактыку ўдзельнічаць у ВЫРАБАХ асобных дэмакратаў. Насамрэч гістарычнае значэнне мае масавая (большасцю!) адмова беларусаў быць быдлам і рабіць выгляд узаконьвання зла.

Беларускі байкот, або няўдзел, зафіксаваны сотнямі відавочцаў ад Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, незалежнымі назіральнікамі ды журналістамі, рэзка адрывае, адслойвае народ ад рэжыму. Беларускі байкот расхінае ў свядомасці людзей тую прорву, якая ўжо даўно існуе ў маральнай прасторы: гвалт, страх, нянавісць і хлусня рэжыму супрацьстаяць жаданню волі, праўды і справядлівасці цэлай краіны.

Больш таго, менавіта байкот – перспектыва далейшых дзеянняў грамадства. Асабісты байкот катам, злодзеям, нахабнікам – калі прыстойныя людзі перастаюць нават вітацца і паціскаць руку, прадпрымальнікі адмаўляюцца мець справу, на вуліцы адварочваюцца – надзвычай моцны сродак уздзеяння на чалавечае сумленне (і таго, каго байкатуюць, і таго, хто гэта бачыць, і таго, хто гэта робіць)  і выключная аб’яднаўчая сіла для грамады.

Прынцыповы няўдзел у справах зла (згадайце “жить не по лжи” Салжаніцына) – паняцце, блізкае да хрысціянскага практыкавання ў святасці.

 Куплін

Для мяне два гады пасля Плошчы – “амерыканка”, а потым спецкамендатура ў Купліне – былі часам духовага станаўлення. Калі самотны, у своеасаблівай духоўнай пустыні, ды яшчэ пад ціскам – да Бога найбліжэй.

І Госпад працуе, выхоўвае сэрца – для кагосьці ў будучыні, для кагосьці ў вечнасці – і дае сведчыць пра Хрыста “хімікам”.

Тым больш Пружаншчына, Зходняя Беларусь – гэта край жывой веры, з моцным беларускім праваслаўем, дзейсным эвангельскім рухам, поўнымі касцёламі і яшчэ не забытай грэкакаталіцкай традыцыяй. Багата глыбокіх святароў і прыхаджанаў, шматлюдныя набажэнствы. Многія, з кім сустракаемся і хто прыязджае ў госці, далучаюцца да БХД.

Людская салідарнасць тут уражвае: з царквы ( куды дазволена ездзіць раз на тыдзень) выходжу быццам  навагодняя елка, абвешаны пакункамі з прадуктамі. Тутэйшыя актывісты дапамагаюць з транспартам і поштай, краязнаўцы – з матэрыяламі для артыкулаў, вернікі – з кнігамі.

Працаваць даводзіцца  на найбуйнейшым у раёне складзе аўтазапчастак: разгружаю і выпісваю жалеззе, шыны, фарбу, гаруча-змазачныя ды інструменты колішнім калгасам (цяпер акцыянерным таварыствам). Пішу ў “Нашу ніву”. Адпісваю лісты – іх атрымаў больш за 1200. Стараюся дапамагчы, чым магу, хрысціянскім дэмакратам ды маладафронтаўцам.

Тым палітвязням, хто ў турмах, нашмат цяжэй. Але і нацыя, і кожны беларус мусіць прайсці праз гэта, калі хочам волі. Без крыжу няма збавення.

 Беларусь – хрысціянка

І чым далей, тым больш пераконваюся, што Беларусь – гэта нешта куды больш важнае і значнае, чым мы думаем.

Краіна, якая тысячу гадоў сваёй гісторыі пакутавала, ахвяравалася, несла крыж і аддавала сябе іншым (зямлю, гісторыю, культуру, геніяў); краіна ўбогасці духу і пакорлівай ментальнасці, цудаў веры і неверагоднай любові; краіна трэцяй у свеце друкаванай Бібліі на жывой мове народа, унікальнай талерантнасці і найлепшых законаў свайго часу, сабраных у вялікакняжскіх Статутах; краіна, якая вынасіла адноўлены Ізраіль ( а заснавальнікі сучаснай дзяржавы Ізраіль, тры прэзідэнты і сем прэм’ер-міністраў паходзяць менавіта адсюль); краіна з пранікнёна хрысціянскімі сімваламі – гімнам “Магутны Божа”, бел-чырвона-белым сцягам Хрыста і “Пагоняй” з крыжам Ефрасінні тоіць у сабе вобраз і падабенства Божае як сэнс, місію і, у рэшце рэшт, лёс.

Быць БЕЛАРУСАМ – значыць даць Хрысту выявіць сябе ў кожным з нас. Быць беларусам – значыць быць сумленным. Шчырым. Ахвярным. Адкрытым. Быць беларусамі – значыць быць народам праўды, народам чысціні, народам любові.

Сутнасць беларускай нацыянальнай ідэі – ня проста ў адметнасці ад суседзяў, а ў жывым традыцыйным хрысціянстве (праваслаўе, каталіцтва, пратэстанцтва). Гэта ключ для разумення і адраджэння Беларусі.

Што рабіць?

Што ж рабіць?

Першае – пачынаць з сябе. Як асобе, як апазіцыі, як народу. Пачынаць з сябе, яшчэ раз!

Толькі тады, калі мы будзем  ВАРТЫЯ, ГАТОВЫЯ ўзяць адказнасць за ўсю краіну – Госпад нам яе дасць.

Пераконваю вас – у той жа момант. А пакуль мы не можам упарадкаваць сябе, змяніць уласную супольнасць, партыю, горад… Няверны ў малым і ў вялікім няверны, кажа Ісус у Евангеллі.

Базай для перамогі ў Беларусі павінна стаць маральнасць, сумленнасць, праўдзівасць у словах і дзеяннях. Апазіцыя сумлення – вось адзіны шлях дэмакратычнага руху.

А хто ўзначаліць? Адзіны?.. Герой?.. Кааліцыя?..

Адказ, як заўсёды, у Бібліі: калі хто хоча быць між волі галоўным, хай будзе ўсім слугой.

Увогуле, нам усім, палітычнай апазіцыі і грамадскім пратэстоўцам зараз трэба ахвяраваць уласнымі амбіцыямі – і стаць жывымі працоўнымі мосцікамі, жывой тканкай сувязі паміж актыўнай моладдзю, незадаволенымі рабочымі, вернікамі і прадпрымальнікамі, гарадскімі супольнасцямі і заўсёднікамі сацыяльных сетак.

Захад перамог – у веры і салідарнасці.

Паверце, гэта будзе хутчэй, чым здаецца цяпер.

Бо Бог любіць Беларусь.

З кнігі "Без палітыкі"

“… ЧАС ЗБІРАЦЬ КАМЯНІ”

Па маёй просьбе сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец спачатку пачаў адказваць на рускай мове, што давалася яму даволі складана. Перайшлі на беларускую, і я, шчыра кажучы, пераканаўся, што добра  ведаю яе далёка не ва ўсіх галінах…

— Адкуль такое незвычайнае захапленне? 

— З дзяцінства. Мне падабалася, калі жылі ў Барані пад Воршай і ў Віцебску, цэлымі днямі  вандраваць па наваколлю. У старэйшых класах склалася сапраўдная калекцыя і хобі перарасло ў жаданне стаць геолагам.

У той час бліжэйшы да нас Горны інстытут быў у Ленінградзе, а  ў пачатку незалежнасці  на геаграфічным факультэце БДУ было адкрыта геалагічнае аддзяленне. Менавіта гэта і стала прычынай таго, што я не паехаў паступаць  у Расію, а ў 1994 прыйшоў у БДУ.

Самы першы выпуск, які патраніраваў Радзім Гарэцкі. Там да 70 адсоткаў новага прадмета выкладалася па-беларуску, што выклікала  захапленне. На час выпуску я сабраў калекцыю, дзе было больш за дзве тысячы камянёў Беларусі. Усё раскладзена па адпаведных секцыях і, як належыць, апісана – назва, памеры, месца знаходкі, вынікі даследаванняў і г.д. Спадзяюся, што некалі  здолею яе дазбіраць і падараваць геалагічнаму музею нашага факультэта.

— І колькі яшчэ трэба сабраць?

— Гэта залежыць ад памераў самой калекцыі. У тых калекцыянераў, якія прысвяцілі пошукам усё жыццё, ёсць калекцыі, дзе сабраны дзясяткі тысяч камянёў.  Ёсць невялікія, але вельмі якасныя. Нейкіх канкрэтных параметраў тут няма, акрамя пэўных патрабаванняў да захоўвання гэтых узораў. Напрыклад, патрэбна, каб камень быў вымераны, было апісана, калі і ў якіх адкладах ён быў знойдзены. Думаю, падараваць музею некалькі тысяч.

Калекцыя вельмі цікавая перш за ўсё таму, што разбурае міф:  у Беларусі няма ніякіх  карысных выкапняў,  краіна  бедная. Гэта не так. Сярод 40 краін Еўропы мы ўваходзім у дзясятку самых забяспечаных мінеральнымі рэсурсамі (калійныя і каменныя солі, будаўнічыя матэрыялы, торф, падземныя воды, крэйда і г.д.). Нават калі браць ювелірна-вырабныя камяні, тыя, з якіх можна рабіць  упрыгожванні і сувеніры,  Беларусі ёсць чым пахваліцца. Гаворка пра гранаты, халцэдоны, розных відаў кварц, бурштын, кварцыты,  крэмні. Можна стварыць нават цэлую галіну вытворчасці, нарабіць нейкіх чыста беларускіх сувеніраў, якія былі б нашай адпаведнасцю ўральскаму малахіту альбо прыбалтыйскаму бурштыну. Адзін час у мяне была нават такая мара.

Дарэчы,  мая дыпломная работа называлася “Бурштын Беларусі”. Абараніць яе мне дапамог Аляксандр Казулін. Справа ў тым, што яна была напісана на тарашкевіцы і дэкан факультэта кінуў яе мне ў твар са словамі – такой мовы мы не ведаем. Аднак пасля сур’ёзнай размовы з рэктарам Казуліным працу (памятую і перакрэсленую) прынялі і паставілі “выдатна”.

Самая вялікая колькасць у маёй калекцыі жоўтых халцэдонаў. Назва “ халцэдон” паходзіць ад мясцовасці Халкідон, дзе прыходзілі знакамітыя царкоўныя саборы. Гэта адна з мадыфікацыяў кварцу (SіО2), толькі структура ў іх іншая. У кварцу яна крышталічная, у халцэдону – аморфная.  Ён прыгожы, паўпразрысты, нечым нагадвае бурштын. Але бурштын лёгкі для апрацоўкі (гарыць, разбураецца), а халцэдон трывалы і моцны. Вядомыя разнавіднасці халцэдону – хрызапраз, карнеол, сердалік, сардэры. Апошнія два  жоўтыя розных адценняў. У Беларусі іх вельмі шмат. Памятаю, у дзяцінстве мы разам з маім сябрам, пляменнікам Лявона  Баршчэўскага,   шліфавалі іх, рабілі пярсцёнкі, упрыгожванні. Для гэтага ў нас было спецыяльнае кола з алмазным напыленнем. Казалі: “Мы жывем ў краіне не горшай за астатнія. І не праўда, што яна бедная, нічым не прыкметная. Мы нават ювелірныя ўпрыгожванні можам рабіць самі”.

У мяне даволі вялікая калекцыя альмандзінаў — чырвоных гранатаў. У Беларусі яны пашыраны ў асноўным сярод валуноў, друзу і галькі, прынесеных сюды ледавікамі, аднак ёсць і вельмі прыгожыя зярняты.

Шмат у нас  кварцаў. Канешне, горны крышталь сустракаецца рэдка. Гэта не тыя мясціны, дзе можна знайсці нешта буйнае, але бывае так, што прыгожыя дробязі  трапляюць у рукі.

Кварцыты…  Аванцюрыны…

— У назве чутна нешта знаёмае?

— Так. Аванцюрын – камень-падман. На выгляд гэта звычайны шэраваты камень, але пры пэўным нахіле ён грае ўсімі колерамі вясёлкі.Трэба знайсці нейкі ракурс, і камень пачынае блішчэць, ззяць, іскрыцца. Калі ён утвараўся, цякла шклопадобная маса і, застываючы, блёсткі слюды  рабілі зіхоткую плоскасць. Адразу яе не бачна, але камень трэба трохі пакруціць і бачна прыгожае ззянне. Цікавы эфект. Сустракаюцца яны ў нас даволі рэдка, але мне ўдалося пад Віцебскам знайсці. Аблазіў каля дваццаці кар’ераў, ездзіў туды на ровары.

Ёсць цэлыя секцыі будаўнічых матэрыялаў.  Беларусь мае адзін з лепшых у Еўропе комплексаў глін, пяскоў, мергеляў, вапны. Для будаўнічага буму, які абавязкова будзе ў новай Беларусі, у нас ёсць усё. Станем будаваць самі і прадаваць суседзям. У іх такога ўнікальнага антрапагену (масіў адкладаў, што рабіўся пры жыцці чалавецтва) няма. Праз нашу тэрыторыю праходзіла некалькі ледавікоў, і яны сартавалі гэтыя адклады. Ёсць у нас і будаўнічы камень, напрыклад, пад Мікашэвічамі.

Вялікая колькасць даламітаў. Віцебск увогуле  стаіць на буйнейшым у Еўропе радовішчы. На Беларусі шмат кіслых глебаў, што з’ўляецца вялізнай праблемай сельскай гаспадаркі. Але Гасподзь Бог не дае праблемы без таго, каб даць яе рашэнне.  У нас робяцца мільёны тон даламітавай мукі  і праводзіцца вапнаванне. Пад Віцебскам проста велізарныя кар’еры. Паглядзіш — сапраўдныя скалы…

А яшчэ ў Беларусі знайшлі дыяменты — больш за дзесяць зярнятаў. Канешне, для здабычы гэтага вельмі мала, але пэўныя перспектывы маюцца.  Звычайна на дваццаць–трыццаць  лампраітавых трубак ёсць адна з дыяментамі.

У нас у Жлобінскай седлавіне  знайшлі так званыя трубкі выбуху. Калі застывала магма, некаторыя струмяні вырываліся на паверхню і выбухалі.

— Можа быць, па гэтай прычыне афіцыйная Беларусь так раптоўна пачала сябраваць з Паўднева-Афрыканскай рэспублікай?

— Можа быць. Скажу толькі, што падчас нашай вучобы быў заключаны кантракт з адной аўстралійскай фірмай, таму што Аўстралія лічыцца лепшым распрацоўшчыкам лампраітаў. Ёсць версія, што ў адной з трубак знаходзяцца дыяменты і мы зможам іх прамыслова здабываць. Аднак аўстралійскі капітал не задаволілі ўмовы, якія прапаноўваліся новай беларускай уладай, і яны з нашага рынку зышлі.

У БДУ на першым курсе ў нас была геалагічная практыка. Пад Бярозай вельмі цікавы кар’ер. Там адначасова ёсць паклады сляпушча-белай крэйды і чорнага вугалю. Мала таго, у пакладах вугалю ёсць бурштын. А  крэйда перамяжаецца праслоямі крэмню і халцэдонаў,   сустракаюцца цікавыя рэшткі старажытных ракавінаў і  раслінаў, марказітавыя канкрэцыі – рудныя ядры. У адным кар’еры цэлае багацце.

Там я добра зразумеў, якой была залатая ліхаманка на Кландайку. Калі выкладчык сказаў, што ў кар’еры ёсць бурштын і нехта яго знайшоў, пачалося  незвычайнае. Хлопцы і дзяўчаты з маёй групы кінуліся яго шукаць. Усе перапэцкаліся, што тыя афра-амерыканцы. Кожны нешта знайшоў. Першы курс…

— А які камень можна назваць самым любімым?

— Жоўты халцэдон – сердалік. У дзяцінстве я шмат чытаў Буніна, Толкіена, Жуль Верна і  даваў камяням імёны літаратурных герояў, якія мне падабаліся.

— А самы каштоўны ў тым сэнсе, што ён цяжэй за іншых дастаўся?

— Горны крышталь. Дзецьмі мы купаліся на Лучосе (прыток Заходняй Двіны). Бурлівая рэчка, шырынёй метраў дваццаць–трыццаць. Мы былі тады настолькі апантаныя геалогіяй, што спрабавалі перагарадзіць Лучосу плацінай, каб арганізаваць намыўную вытворчасць. Так намываюць золата. Нічога не атрымалася.

— “Мы” — гэта хто?

— Я і пляменнік Лявона Баршчэўскага Алег з малодшым братам.

Там мы і знайшлі горны крышталь. Было гэта гадоў 20 таму, але тую тытанічную працу помню па сёння.

%d1%81%d0%b5%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%8b%d0%bd%d0%b5%d1%861 %d1%81%d0%b5%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%8b%d0%bd%d0%b5%d1%862 %d1%81%d0%b5%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%8b%d0%bd%d0%b5%d1%863 %d1%81%d0%b5%d1%80%d1%8b%d0%bd%d0%b5%d1%864 %d1%81%d0%b5%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%8b%d0%bd%d0%b5%d1%865 %d1%81%d0%b5%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%8b%d0%bd%d0%b5%d1%866 %d1%81%d0%b5%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%8b%d0%bd%d0%b5%d1%867 %d1%81%d0%b5%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%8b%d0%bd%d0%b5%d1%868-%d0%90%d1%81%d0%b0%d0%b1%d1%96%d1%81%d1%82%d1%8b-%d1%85%d1%96%d0%bc%d1%96%d1%87%d0%bd%d1%8b-%d1%87%d0%b0%d0%b9%d0%bd%d1%96%d0%ba %d1%81%d0%b5%d0%b2%d1%8f%d1%80%d1%8b%d0%bd%d0%b5%d1%869 %d1%81%d0%b5%d0%b2%d1%8f%d1%80%d1%8b%d0%bd%d0%b5%d1%8610%d1%81%d0%b5%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%8b%d0%bd%d0%b5%d1%86