Шалкевіч Віктар

%d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Ёсць людзі, якія выклікаюць добрую ўсмешку ўжо здалёку, бо ты ведаеш пра іх неардынарнае пачуццё гумару і дасціпнасць. Віктар Шалкевіч – адзін з такіх. Нават сур’ёзны напрамак нашай размовы (на маё шчасце) не прымусіў яго на гадзіну адмовіцца ад гэтых унікальных якасцяў характару. Як кажуць, звычка – другая натура.

Родам з легенды

“Ёсць такое мястэчка – Поразава. Гэта былы Ваўкавыскі павет Беластоцкага ваяводства. Раней – ваяводства Наваградскае. Перад гэтым – Рэч Паспалітая, а потым – Расійская імперыя.

Бацька, Антон Станіслававіч, з 1911 года.

Маці, Эльжбета Іосіфаўна, 1918 года нараджэння.

Бацька нарадзіўся ў царскай Расіі, маці – у незалежнай Польшчы. Старэйшая сястра Яніна — за “першымі Саветамі”. Брат Юрый — ва Усходняй Прусіі. Брат Стась (як і я) – у Савецкім Саюзе. Падкрэсліваю, што размова пра адно і тое ж мястэчка. Мы мянялі падданства, нікуды з яго не выязджаючы.

Дзяцінства ў мяне прайшло ў Поразаве, да 17 гадоў я не бачыў вялікіх гарадоў за выключэннем Бярэсця і Ваўкавыска. Ваўкавыск увогуле для нас быў ледзь не цэнтральным горадам, куды ўсе ездзілі нешта купляць. Напрыклад, згарэўшую лямпу для тэлевізара…

Бацькі ўсё жыццё працавалі і прывучалі да гэтага нас, так што ніхто з Шалкевічаў ніколі не баяўся працаваць.

Памятаю, у дзяцінстве дзеці бягуць па грыбы-ягады альбо купацца, а я пасу гусей ці індыкоў і гляджу, каб іх кот ці сабака не панёс.

У нашым мястэчку працавала і працуе цяпер толькі адна сярэдняя школа. Адзін вучэбны год, пасля вайны, яна была польскай, але нехта палічыў гэта няправільным, і школа стала рускай. Нягледзячы на змену моў выкладання, настаўнікі вучылі нас надзвычай сумленна.

Адзін з іх успамінаецца і зараз. Сяргей Аляксандравіч Шкуноў выкладаў рускую мову і літаратуру. Ён быў без адной рукі, час ад часу звяртаўся да нас: “Гады, варвары!” — за што і атрымаў мянушку Варвар. Акрамя адпаведных урокаў вёў яшчэ драматычны гурток і называў мяне яго душой. Мы нават аднаактоўку Чэхава “Мядзведзь” і апошнюю частку “Рэвізора” паставілі.

Цудоўныя былі часы. Шкуноў прывіваў у вучняў любоў да прыгожага слова і добрых кніжак. Здавалася, сама атмасфера спрыяе самастойнай творчасці. Заўсёды хацелася зрабіць нешта большае. Я спяваў, прымаў удзел у школьных канцэртах, традыцыйных святкаваннях, КВЗ…

У розныя гады ў нашым мястэчку жылі ад паўтары да дзвюх з паловай тысяч чалавек. Нават калісьці яно было цэнтрам раёна. Мама расказвала, што, паводле паданняў, некалі Поразава знаходзілася крыху вышэй, чым цяпер, у Трыгорах, там, дзе пачынаецца рэчка Паразоўка.

Ёсць такая мясціна — Трыгоры. Кажуць, што там, на сярэдняй горцы, стаяла цэркаўка, якая правалілася пад зямлю. Калі ў дванаццаць гадзін дня ў нядзелю прыкласці вуха да гары, можна пачуць, як б’юць званы.

Другое паданне звязана з Маткай Боскай. Яна праходзіла тут з панам Езусам. Іх наспела навальніца. Схаваліся пад ляшчынаю, пад гарэшнікам, а на паблізкім камяні і застаўся яе след.

У мамы быў талент вельмі цікавай расказчыцы. Калі халоднай зімой не патрабавалася недзе працаваць, малыя дзеці забіваліся на печку (нашы і суседскія) і прасілі яе нешта расказаць.

Шмат з пачутага тады я знайшоў потым у  кнігах фалькларыста Міхала Федароўскага …

Дакладна невядома адкуль пайшла назва (версіі існуюць розныя), але адназначна, што Поразава – старажытнае мястэчка. Ужо ў ХV стагоддзі яно сустракаецца ў розных летапісах у сувязі з будаўніцтвам Янам Рымвідам парафіяльнага касцёла.

Падчас Другой сусветнай вайны актыўных баявых дзеянняў у нашых мясцінах не было, аднак улада мянялася, як у фільме “Вяселле ў Малінаўцы”: першыя саветы — немцы –другія саветы…

Напэўна, гэта прагучыць нечым крамольным, але, па расповедах асобаў старэйшых, людзям няблага жылося менавіта пры немцах. Канешне, яны прынеслі ў наш край нямала гора і пераследавалі свае мэты, аднак парадокс – немцы бясплатна мянялі гаспадарам горшае сеўнае зерне на лепшае альбо паляпшалі ў прыватных гаспадарках пароду свойскіх жывёл…

Словам, як казаў Адам Міцкевіч, жыццё ў нас было сельскім і анельскім, хоць сялом Поразава назваць вельмі складана, бо амаль адразу мы атрымалі поўнае Магдэбургскае права. З ратушай, лаўнікамі, самакіраваннем.

Паразаўчане біліся разам са Стэфанам Баторыем з рускім войскам пад Вялікімі Лукамі, удзельнічалі ў паўстанні 1863 года, ваявалі ў 1918–1920 гадах з бальшавікамі. Цяжка паверыць, але ў нас адзін старэйшы чалавек нават быў ад’ютантам Пілсудскага – захавалася фота.

Мясцовыя вызначалі сябе літвінамі. Калі ў 1939 годзе прыйшлі “першыя саветы”, то пачалі з пошукаў памешчыкаў, ад якіх нас “вызвалілі”, і здзіўляліся, што “прыгнёт” быў зусім не такі, пра які тыя думалі. А яшчэ Саветы пачалі ўсіх называць беларусамі, што выклікала адмоўную рэакцыю – усе як адзін сказалі: “Не, мы – палякі!”.

Пачалася вывазка людзей у Сібір, на белыя мядзведзі. Мама расказвала, што пасля вайны падобнае выпрабаванне пагражала і нам, але неяк пранесла.

Дарэчы, каб пазбегнуць трагічнага сцэнару, шмат хто з’ехаў на “нямецкія тэрэны” ў Польшчу. У сямейным архіве захаваліся дакументы пра тое, што так хацеў зрабіць і мой бацька, бо па вайне, за Савецкай уладай людзям жылося неверагодна цяжка. Накладалі падаткі нават на колькасць пладовых дрэваў у асабістым садзе.

Як вядома, Беларусь была “рысай аседласці”, таму значную частку насельніцтва Поразава складалі жыды, аднак ніякага антысемітызму! Я жыдоў ужо не застаў – немцы іх вывезлі ў Майданак і Асвенцым. А што цікава – напрыканцы XIX стагоддзя ў нашым мястэчку нарадзілася Эстэр-Рахель Гальперн, якая потым стала Эстэр-Рахель Камінскай, вялікай акторкай і “мамай прафесійнага жыдоўскага тэатра”. Гэтую вельмі прыгожую жанчыну пахавалі ў Варшаве, але яе бацькі, хутчэй за ўсё, скончылі свой шлях на поразаўскіх жыдоўскіх могілках.

На мой погляд, у Поразаве варта ўсталяваць хаця б мемарыяльную шыльду. Я рабіў на гэты конт захады, але праблема пакуль не вырашана. Спадзяюся, ідэю падтрымае польская амбасада ў Мінску ці Генеральнае Консульства ў Гродне, бо зрабіць гэта варта. Тэатр імя Эстэр-Рахель Камінскай у Варшаве – адзіны ў Еўропе тэатр на ідыш.

Першыя ўспаміны

Пачну з дня, які не магу помніць па вызначэнні – 9 лютага 1959 года (дзень маіх народзінаў).

Доўгі час пасля вайны людзі жылі вельмі цяжка. Многія хаты згарэлі, таму мясціліся, дзе прыйдзецца. Першымі, натуральна, будаваліся хлявы, бо без малака і мяса было б не выжыць увогуле. Калі я пачаў прасіцца на свет, цяжарная мама каля хлява на адмысловым станку стругала шчапу, каб пакрыць дах. Пра шыфер тады ніхто не чуў. Маму хуценька палажылі ў санкі і павезлі ў былы палацык шляхціца Бутаўт-Андрайковіча  — Багудзенкі. Дзесьці па дарозе я і нарадзіўся.

Брат мой, Стась, у гонар гэтага здарэння на ўнутранай частцы дзвярэй хлява намаляваў крыж і паставіў дату.

Усе ж астатнія мае дзіцячыя ўспаміны пераважна звязаны з працай. А яшчэ з каталіцкай эстэтыкай, калі кабеты доўга насілі жалобу па бліжэйшым ці далейшым нябожчыку, ходзячы ў чорных хустках.

Такая паўднёвая Італія!!!

Пахаванні ўвогуле былі неардынарнымі. Нябожчыка адправоджвалі ўсім мястэчкам, з жалобнымі спевамі, не фармальна, а абсалютна шчыра, плачучы і енчачы.

Дарэчы, недалёка ад нашага мястэчка, каля касцёла ў Лыскаве, пахаваны вялікі і папулярны паэт (Паэт Сэрца) — Францішак Карпінскі, які напісаў шмат тэкстаў вядомых польскіх свецкіх і касцельных песняў.

Па нядзелях мама мяне заўсёды брала з сабой у касцёл на імшу, якая цягнулася каля гадзіны. На вялікія святы прыязджаў ксёндз (некалькі разоў на год). Па пятніцах мы не елі нічога мяснога, а пад час Вялікага посту яшчэ і нічога забеленага.

Свайго ксяндза ў Поразаве не было. Імшу ў касцёле людзі правілі самі. Запальвалі свечкі, выходзіў пан Юзаф Буйка, якога ўсе называлі “ксенжулькай”, чытаў пэўныя малітвы, усе абраныя падхоплівалі, разам спявалі. Не пайсці на імшу ці сысці з яе нікому ў галаву не прыходзіла.

Здавалася, праца была штодзённай і бясконцай. Напрыклад, амаль кожны дзень мы з мамай (бацька працаваў на пякарні) ездзілі па траву для свіней. Мама напакуе травы ў мяшок, пагрузіць на ровар, і я малы цягну яго з канца вуліцы аж да нашае хаты. Малы сам, слабы, ровар з мяшком цяжкі, падае, я намагаюся, падымаю, вязу далей – мама засталася ў полі, ірве траву і чакае мяне з другім рэйсам…

Іншага выйсця проста не было, бо я — самы малодшы і адзіны, хто застаўся ў хаце з бацькамі. Усе старэйшыя дзеці ўжо раз’ехаліся, стварылі свае сем’і.

У нашым доме, паўтаруся, увесь час працавалі. З маленства я хадзіў пасвіць кароў, потым, як падужаў, то касіў траву і гроб сена на балоце, дапамагаў дарослым нарыхтоўваць у лесе дровы.

Нават калі маме споўнілася 90 гадоў, яна, пасля кароткага святкавання, узяла ў рукі серп і пайшла ў гародчык нешта жаць…

Добра памятаю, на самым пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя бацька купіў радыё. Па паддашку мужчыны расцягнулі драты, і вечарам усе разам мы пачалі слухаць радыё. Не абы-што, а “Вольную Еўропу”.

Потым паявіўся тэлевізар, але радыё падабалася не менш — там казалі праўду. Гэта быў нейкі культ. Кожны вечар збіраліся каля моцна напаленай галандскай печкі і нехта круціў “корбачку”. Канешне, былі “глушылкі”, аднак гэта не спыняла. Калі не атрымлівалася пачуць рускую мову, “лавілі” польскую.

Яе ўсе разумелі, а мае бацькі і ўвогуле чыталі толькі па-польску.

У дзяцінстве (як і зараз) я вельмі любіў чытаць. Запісаўся ў адну бібліятэку, другую, а потым у трэцюю. Яна была самай вялікай, называлі яе па-старому раённай. Прыносіў маме кніжкі, аднак выбар быў невялікі. У асноўным пераклады на польскую мову “твораў” сталінскіх часоў.

Нармальную класіку я ім пачаў прывозіць ужо пад час вучобы ў інстытуце.

Бацькі ніколі не сядзелі без справы. А калі ў мамы ўжо былі праблемы са зрокам, яна чытала кнігі праз лінзу, павелічальнае шкло.

А яшчэ яна вельмі любіла вязаць і ткаць. Памятаю, у доме зімою заўсёды стаяў ткацкі станок. Вялікія сурвэты і сурвэткі, ручнікі, ходнікі, посцілкі — у нас было робленае шыдэлкам ці саматканае.

А яшчэ ў Поразаве жылі вельмі цікавыя людзі. Сапраўдныя гаспадары, нягледзячы на тое, што іх сагналі ў калгас, кожны ведаў, дзе яго зямля.

Пра кожнага чалавека, пра кожную біяграфію можна было напісаць цэлую кнігу. Кожны з іх перажыў неверагодна цікавае жыццё і мог расказаць шмат розных цікавостак. Расказаць ярка, падрабязна, дасціпна.

Толькі адзін прыклад.

Як вядома, калгас заўсёды саджае сваё і толькі потым прыватнае. З гэтай нагоды апантаны заўзятар геаграфіі Казічко, сын Клеманса, заўсёды жартаўліва прыгаворваў: “Вялікі Савецкі Саюз, ад Амура да Эльбы, а сотак пасадзіць няма дзе”…

Што сёння можа ўспомніць сярэднестатыстычны чалавек? Колькі каштавала раней “чарніла”? А ў іх было пра што расказаць, бо яны вельмі шмат перажылі.

Я вучыўся ў “Б” класе, у нас былі вельмі класныя хлопцы, а ў “А” — прыгожыя дзяўчаты. Пад час вучобы нечакана для ўсіх і сябе самога я пачаў пісаць вершы. Прычым на рускай мове. Адзін з іх быў шлягерам школьнай сцэны гады тры. Стась Сабалеўскі, мой аднакласнік, умеў іграць на гітары. І мы, зрабіўшы з верша песню, выступалі з ёй амаль на ўсіх канцэртах.

Я таксама вельмі хацеў навучыцца іграць на гітары, але не было каму вучыць. Як і самой гітары…

Мама купіла мне яе толькі пасля першага курса вучобы ў інстытуце. Пасля таго інструментаў было некалькі штук, а першая (чарнігаўская) недзе па гэты дзень вандруе па людскіх руках, бо потым прэзентаваў яе знаёмым.

Школу закончыў у 1976 годзе.

Дарогі жыцця

Атэстат у мяне быў даволі прыстойны. Здаецца, 4,8 бала з 5. Доўга выбіраў, куды паехаць паступаць. Вырашыў пайсці ў тэатральна-мастацкі інстытут, які цяпер стаў акадэміяй. Паступіў. Як і ў школе, мне пашанцавала з выкладчыкамі. Гады вучобы праляцелі вельмі хутка, і ў 1980-м мяне размеркавалі ў Гарадзенскі абласны драматычны тэатр.

Распачаўся тэатральны перыяд майго жыцця.

Адносна тэатра ўвогуле скажу так: адна справа, калі вакол цябе харошыя, прыстойныя таварышы ці аднадумцы, якім сапраўды не ўсё абыякава, і зусім іншая, калі трапляеш у рознакаляровы калектыў з адносна сумнеўнымі традыцыямі. Руціна пачынае заядаць, штодзённасць і гэтак далей…

Для мяне тэатр хутчэй за ўсё хобі, прыемнае, але не самае істотнае. Хоць у канцы дзевяностых быў эпізод (я ўжо перайшоў у суседні Лялечны тэатр), які цалкам абверг такую выснову, калі пастаўлены рэжысёрам Мікалаем Андрэевым на французскай мове спектакль “Прышэлец”, з якім мы паехалі ў горад Лімож, у Францыю, тыдзень збіраў поўныя залы гледачоў. Пазней у Беларусі яго назвалі спектаклем года. Несумнеўным поспехам карысталася і п’еса Славаміра Мрожака “Караль” – “Стрыптыз”, паставіць якую ў Гародню спецыяльна прыехаў САМ Мікалай Пінігін.

Дарэчы, на гэтую размову я трапіў таксама дзякуючы спектаклю “Местачковае кабарэ”. Ён ідзе ў Купалаўскім тэатры, паставіў яго таксама Мікалай Пінігін. Творчай глебай сталі тэксты львоўскага пісьменніка-сатырыка Мар’яна Хемара.

Для мяне там прыдуманы герой – Валентый Ядвабкевіч (з рускай мовы на беларускую слова “шёлк” перакладаецца як “ядваб”. — Заўв. аўт.), пясняр з Прыблудзіч. Я спяваю там тры свае песні – “Гарадокскі раманс”, “Яна – праваслаўная, я — каталік” і “Танга Цнота”.

…Ваеннай кафедры ў нашым інстытуце не было, таму мяне (на паўтара года) амаль адразу прызвалі на вайсковую службу.

Менавіта ў гэты час здымалі кіно пра тых, каму пасля ВНУ выпала афіцэрам паслужыць у арміі. Здаецца, рабочая назва ў яго была “Зоркі над палігонам”. Нехта вырашыў зэканоміць на акцёрах і статыстах. Усіх, хто “на гражданке” меў дачыненне да сцэны, сабралі на палігоне пад Дрэтунню. Некалькі месяцаў мы там бегалі перад камерамі…

Большая ж частка маёй вайсковай службы прайшла ў тым будбаце, на базе якога пазней пабудавалі вядомы ўсім мінчукам Уруцкі будаўнічы рынак. Быў сяржантам на нашым КПП – адкрываў і закрываў жалезную браму часці.

Акрамя двух месяцаў, калі знаёмы рэжысёр забраў мяне ў знакамітую 120-ю Рагачоўскую мотастралковую дывізію, дзе мы рыхтавалі святочны канцэрт на 9 Мая.

Пагадзіцеся, гэта лепш, чым валіць лес недзе пад Омскам…

Потым у кіно я здымаўся не раз, аднак з маёй “фактурай” можна прэтэндаваць толькі на ролі нямецка-фашысцкіх захопнікаў…

Вяршыняй кінакар’еры стала роля каменданта Гуфэльда ў фільме Ігара Дабралюбава “Плач перапёлкі”, дзе з сямі серый я быў у дзвюх…

Прыйшлося вывучыць нямецкую мову… Калі пачаліся здымкі, я загаварыў. Адразу падбегла ўзрушаная перакладчыца і спыталася: “Адкуль у вас такі цудоўны ўсходне-берлінскі акцэнт?”…

У 1984 годзе я зволіўся ў запас і вярнуўся ў Гародню. У выніку розных “перабудоў і паскарэнняў” у хуткім часе прыйшлося сысці з драматычнага тэатра. Тры гады ў культасветвучылішчы выкладаў акцёрскае майстэрства і рэжысуру, а ў 1990 годзе ўладкаваўся ў лялечны тэатр, таму што туды прыйшоў кіраваць творчым працэсам Мікола Андрэеў, з якім мы вучыліся на паралельных курсах у тэатральна-мастацкім інстытуце. Потым ён працягнуў вучобу ў Ленінградзе і прыехаў да нас поўны творчага натхнення.

Пачаліся залатыя часы лялечнага тэатра. Мы паставілі спектаклі вельмі вядомых аўтараў Матэрлінка, Мрожака, нашых радзімых Грачанікава, Вярцінскага і г.д.

Потым прыйшлі “ліхія дзевяностыя”. Каб працаваць “за капейкі” трэба было альбо моцна любіць тэатр, альбо лічыць яго сваім хобі. Я абраў другі варыянт і перавёўся “на паўстаўкі”.

Вандроўнік з гітарай

Самая класная ў маім жыцці з’ява – падарожжы. Прычым, у большай ступені, дзякуючы не тэатру, а гітары. Я быў у Злучаных Штатах Амерыкі, Канадзе, Дамінікане, Францыі, Германіі, Вялікай Брытаніі, Чэхіі і, канешне ж, у Польшчы. Нават пабываў на возеры Байкал. Засталося толькі тры мары – Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Аўстралія і Ізраіль.

Асобае пачуццё – застацца аднаму ў вялікім горадзе. Напрыклад, у Нью-Ёрку. Я спыніўся там у Алы Орса-Рамана, нашай добрай зямлячкі і цудоўнай жанчыны. Сяджу я ў яе ў Манхасэце і сяджу…

Аднойчы яна, крыху занепакоеная маёй нерашучасцю, настойліва параіла пераадолець страх і здзейсніць самастойную вандроўку да месца, якое знаходзілася даволі недалёка ад нашага жытла — да Нью-Ёрка.

Пра Нью-Ёрк, як і пра Маму, можна распавядаць бясконца, і месца не хопіць…

Памятаю, мяне запрасілі на фестываль у глыбокую французскую правінцыю, пад Марсель і Тулон. Дабіраўся туды вельмі складана, аднак ужо на месцы (пад вечар) высветлілася, што да мястэчка Шадрон, дзе праходзіў фестываль, аўтобусы ходзяць толькі падчас вучобы дзяцей, якія былі на вакацыях. Адлегласць – з добры дзясятак км. Апошнія 120 франкаў ужо аддадзеныя за квіток на цягнік з Сент-Эцьена да Ле-Пюі-ан-Веле, таксовак увогуле няма.

Я спытаў, як можна дабрацца туды пешку… Мне сказалі: Брыв дэ Шаранзак — Кубон — Шадрон.

І я пайшоў.

Праз маленькія французскія вёскі, дзе на мяне брахалі французскія сабакі. Кожны кіламетр пытаўся пра правільнасць абранага кірунку. У кішэні ні аднаго франка. У адной руцэ – валізка з касцюмамі, у другой — гітара.

Калі да Шадрона заставалася “рукой падаць”, зразумеў, што ісці далей няма сілаў. Стаў галасаваць. Спадарожным аказаўся маленькі фургон. Ён ехаў не туды, куды мне трэба, але вадзіцель пагадзіўся крыху падвезці. Спытаўся, адкуль я. Успамінаю ўсе англійскія і французскія словы, расказваю. Ён у шоку, мяняе маршрут і прывозіць мяне прама ў Шадрон.

Пашанцавала.

Як і ў Чыкага. Я трапіў туды на Дзень Незалежнасці Амерыкі, то бок 4-га ліпеня. Такога прыгожага феерверку ў сваім жыцці не бачыў ніколі. Тым больш, прыгожыя агні адлюстроўваліся ў цудоўным мясцовым возеры. Атрымлівалася, так бы мовіць, “два ў адным”. Пасля сканчэння святочнага феерверку людзі пачалі разыходзіцца. Мы жылі ва ўсходнім канцы Чыкага, трэба было паўгадзіны ехаць. Я падумаў, што аўтобусы ўжо не ходзяць і пайшоў пешку.

Ішоў па абочыне хайвэя – хуткай аўтастрады, дзе амаль не было машын. Праз паўгадзіны ўсё паехала – пачаў хадзіць транспарт. Неяк удалося дайсці да свайго раёна, які і дагэтуль лічыцца ў Чыкага вельмі небяспечным у крымінальным сэнсе. Раней там жылі даволі заможныя людзі, а потым іх выцеснілі афраамерыканцы. З адной цемнаскурай кабетай прыйшлося кантактаваць, каб удакладніць маршрут. Напэўна, яна была крыху ашаломленая нахабным з’яўленнем белага чалавека паначы ў іх раёне. Выратавала толькі тое, што на мне была цішотка з надпісам пра канадскае віскі, і тая прыняла мяне за “дурнога канадца”…

Гаспадары майго жытла потым доўга здзіўляліся таму, як у мяне атрымалася застацца жывым…

А яшчэ я часта знаходжу ў краінах, куды трапляю, грошы. У Канадзе, напрыклад, адразу пяць канадскіх даляраў! Тое ж самае было ў Амерыцы, Польшчы… Нічога не атрымалася толькі ў Расіі… Напэўна, там з гэтым цяжэй…

Нягледзячы на тое, што я шмат дзе пабываў, самае лепшыя падарожжы — у Поразава. Асобная традыцыя – Вялікдзень. Вельмі люблю слухаць старых людзей. Ездзіў заўсёды “на перакладных”, таму спадарожнікаў было надта шмат.

Дарэчы, напісанне маёй першай песні (як музыканта) таксама звязана з, так бы мовіць, падарожжам.

Пад час работы ў культасветвучылішчы для прафарыентацыі мяне накіравалі, здаецца, у Ашмяны. Сутнасць камандзіроўкі была ў агітацыі за паступленне да нас. Я аб’ездзіў тады шмат мясцовых калгасаў і бачыў сельскія клубы, закрытыя на свірнавыя замкі, таму мая агітацыя, мякка кажучы, была дысанансам рэчаіснасці. Па выніках той паездкі і нарадзілася песня “Культасветработнік прымітыў–блюз”.

А ўжо праз тры гады на першым “Басовішчы” я праспяваў аж пяць сваіх песняў.

Дарэчы, у 1987 годзе ў маім жыцці адбылася і яшчэ адна знакавая падзея. Я атрымаў прэмію часопіса “Маладосць” за найлепшы літаратурны дэбют. Напісаў тры апавяданні і, напэўна, зрабіў бы пісьменства галоўным, калі б у час чарговага ад’езду з Мінска не ўбачыў на аўтавакзале ў кіёску “Саюздрук” часопіс са сваімі творамі. З моманту выхаду прайшло даволі шмат часу, яго не хацелі купляць, і часопіс быў напалову пераэцэнены. Хоць многія шчыра раілі болей пісаць, у той момант я зразумеў, што гэты кірунак творчасці не стане для мяне магістральным.

Я не магу пісаць “па графіку”, як гэта робяць некаторыя паэты (кожны дзень па вершу). Лепш твораў будзе менш, але яны будуць вартымі таго, каб быць…

Жыццё ў дарозе

Тыя гады (нягледзячы на фінансавыя праблемы) сталі перыядам надзей. Было цяжка. Каб не базары ў Беластоку альбо Варшаве, дзе палякі (з большасці) куплялі нашы тавары з пачуцця салідарнасці, нам бы, напэўна, не выжыць.

Здаралася ўсё, але ў людзей была надзея на змены.

Існавала шмат прыгожых кампаній, цудоўных, вельмі цікавых людзей, сапраўдных аднадумцаў.

Зараз іх называюць тусоўкамі. Ненавіджу гэтае слова. Шмат сваіх тагачасных сяброў я сустракаю за мяжой. Кампаніі з’ехалі, засталася тусоўка.

Жыць было цікава, кожны дзень — кантакты, сустрэчы, імпрэзы. Думаю, многія памятаюць, як Ядзвіга Станіславаўна Волкава ў Доме літаратура кожны дзень арганізоўвала нейкую новую падзею.

Потым усё гэта некуды знікла…

На жаль, выйшла зусім не тое, пра што мы марылі…

Як казаў адзін вядомы чалавек, “хацелі, як лепш, атрымалася, як заўсёды…”

Банальна, але апроч таго, што ў чалавека ёсць любімая справа, ён павінен яшчэ і карміць сваю сям’ю, забяспечваць асабістыя патрэбы, то бок зарабляць грошы. Бедныя людзі не могуць быць арыстакратамі духу.

Ужо 25 гадоў я езджу з Гародні ў Мінск праводзіць аўкцыёны. Тры з паловай гадзіны дарогі сталі чарговай звычкай.

Пачалося ўсё з прыходу ў Беларусь Міжнароднай фінансавай карпарацыі, якая стала займацца так званай “малой прыватызацыяй”. Дэбютавала яна ў Бярэсці, потым перайшла ў Гародню. Аднойчы мой прыяцель Саша Маліноўскі (на дзяржслужбе працаваў у гэтым кірунку) прапанаваў правесці адпаведны аўкцыён. Я паспрабаваў. Атрымалася някепска. Потым аўкцыёнаў было яшчэ шмат, у тым ліку і ў розных гарадах нашай вобласці. Напрыклад, у Наваградку.

А потым прыехалі людзі з Мінскага гарвыканкама. Паглядзелі на маю работу і прапанавалі зрабіць гэта ў іх. Я пагадзіўся.

Падобна на жарт, але ў Мінску рэальна не было дошчачак з нумарамі, і было вельмі смешна, калі я ездзіў (туды і назад) у цягніках з дзвюма сумкамі гэтых рэчаў…

За чвэрць стагоддзя мне не раз (у тым ліку і па тэатральнай лініі) прапаноўвалі перабрацца ў Мінск, але я не мог, бо вельмі любіў сваіх бацькоў, да якіх у Поразава ездзіў амаль кожны тыдзень. Як люблю, дарэчы, і само наша мястэчка.

Ад Гародні да яго больш як у два разы бліжэй, чым ад Мінска, і значна прасцей (на некалькі гадзін) дабірацца.

Бацькі не стала ў 1991 годзе, маці жыла адна. Яна заўсёды мяне вельмі чакала. Брат Стась расказваў, што нават выходзіла на дарогу паглядзець: іду я ці не…

У сем гадзін раніцы сядаў на аўтобус, у дзесяць ужо быў у мамы. Яна пражыла 90 гадоў, валодала ўнікальнай памяццю. Помніла, што калі ёй было тры гады і гарнастаевіцкі пан Андрайковіч запрасіў яе на калядны прыём, яна была менавіта ў ЖОЎТАЙ сукенцы.

У 2008 годзе мама пайшла ў лепшы свет, я моцна перажываў. Аднак і пасля гэтага не стаў перабірацца ў Мінск. І зусім не таму, што па ўзросце ўжо было пазнавата. Проста ў гэтым адсутнічаў любы сэнс.

Сённяшнія камунікацыі дазваляюць надзвычай хутка вырашыць любую праблему, маршруткі з Гародні на Мінск едуць кожную гадзіну. Жыццё ў правінцыі мне падабаецца больш за сталічнае. Да таго ж па дарозе ты ўбачыш тое, чаго нельга ўбачыць з акна працоўнага кабінета.

Песня “Пра лета, лета, якое мы зноў змарнавалі” так і нарадзілася. Праз аўтобуснае шкло я кожны год назіраю, як мяняцца прырода. Ад сумётаў да зялёнай траўкі, ад вясенніх кветак да першага снегу. На гэтым палягае ўсё наша жыццё.

Ніколі не лічыў, колькі разоў ездзіў у Мінск, магу толькі сказаць, што звычайна гэта адбываецца два-тры разы на тыдзень.

Час ад часу я чую, што свет змяніўся. На мой погляд, людзей гэта не датычыцца. Нягледзячы на колькасць гаджэтаў і іншых карысных прылад, іх натура не стала іншай, у сваіх памкненнях і прыярытэтах людзі з большасці не змяніліся. Калі параўнаць карціны мастакоў-перадзвіжнікаў з сучаснасцю, няцяжка ўбачыць нямала агульных рысаў. Перш за ўсё мяшчанскія паводзіны людзей.

Шмат хто ператварыўся ў прымітыўны планктон, якому акрамя бараў і кактэйляў не будзе аб чым расказаць нашчадкам. Яны не ведаюць, з якога боку падысці да каровы, як правільна набраць ваду ў вясковым калодзежы.

А тут – усё жывое, рэальнае, натуральнае. Калі я еду ў вёску Салацце, дзе збудаваў дом, магу ўбачыць зайца, які сядзіць пры дарозе і паглядае на вагоны, альбо лясную козачку, што перастала пужацца гукаў цягніка. Гэта – здорава! Сапраўдны жыццёвы драйв!

Як і ад вынікаў сваёй працы.

У дадзены момант я працую над сваёй новай кнігай. Яна называецца “Маланабздзейкаўскія гістарычныя хронікі”. У сярэднія вякі жыў легендарны князёк Набздзей Малы па прозвішчы Шакадынец. Калі ён памёр, яго вотчыну, згодна з тагачаснымі традыцыямі, прызналі велікакняжацкай і назвалі Малымі Набздзейкамі.

Раман пачынаецца датай 22 красавіка 2070 года, калі споўніцца 200 гадоў з дня нараджэння Леніна, і вяртаецца да сярэднявечча. Няцяжка здагадацца, што гэта фантасмагорыя, дзе я вырашыў вылажыць на паперу ўсё, што назапасіў за сваё жыццё.

Большая палова рамана зроблена. Трэба, каб усё адляжалася. Спачатку трэба будзе яго закончыць, а потым пачнецца самае складанае – выданне кнігі.

Як толькі яно адбудзецца, у мяне пачнуцца сапраўдныя праблемы…

Дакладна таксама магу сказаць, што сёння мной напісана больш як сто песняў. Плюс некалькі дзясяткаў, зробленых на польскай мове; выйшлі тры кнігі і сем музычных дыскаў.

Я не медыйная альбо палітычная персона, таму, напэўна, ніхто і не робіць акцэнт, што сярод маіх добрых сяброў ёсць, напрыклад, Аляксандр Мілінкевіч. Мне ніякім чынам не перашкаджае наша сяброўства, якому ўжо амаль сорак гадоў. Гэта цудоўны чалавек. Мы ніколі ў жыцці не сварыліся і заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго.

Іншая справа, што такіх лідараў, як ён, усім нам трэба яшчэ заслужыць. Грамадства да яго яшчэ не даспела.

Гэта раз.

Па-другое, мне здаецца, тое, што я раблю, не мае нейкай ідэалагічнай ці палітычнай афарбоўкі…

Вельмі не люблю медыйнасці, хоць паважаю журналістаў і пісьменнікаў. Як толькі нешта з’яўляецца ў медыях, на цябе адразу выліваецца, літаральна, вядро памыяў.

Са мной у жыцці адбывалася рознае. Безумоўна, я мог стаць нейкай палітычнай ахвярай, аднак не хачу. Мая справа – з любой жыццёвай сітуацыі выходзіць пераможцам. Не перамагу толькі ў адным выпадку — калі мяне панясуць “на погост”, але, кажуць, на тым свеце так добра, што яшчэ ніхто адтуль не вяртаўся…

Якая я ахвяра!? Малады, вясёлы, прыгожы, энергічны! Як казалі ў адным мульціку – “мужчина в расцвете сил”. У гэтым жыцці ў мяне пакуль усё нармальна!”

28.09.2017

%d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-1 %d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-2 %d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-3 %d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-4 %d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-5 %d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-6 %d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-7 %d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-8 %d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-9
%d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-10 %d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-11 %d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-13

%d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-14 %d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-15

%d0%a8%d0%90%d0%9b%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%86%d0%a7-17