
З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было"
- Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
- Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
- Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
- Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
- Чаму менавіта журналістыка?
- Ваш шлях у прафесію?
- Кім і дзе працуеце зараз?”
Друкуецца з 1984 года. Быў уласным карэспандэнтам у Беларусі латвійскіх газет “Советская молодежь”, “Суббота”, “Час”, карэспандэнтам агенцтва БелаПАН, аглядальнікам газет “Знамя юности”, “Имя”, “Белорусская деловая газета”. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябра рэдакцыйнай калегіі Поўнага збору твораў В.Быкава ў 14-ці тамах. Укладальнік кніг: “Дажыць да зялёнай травы… Ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960—2003)”, “Паслаў бы табе душу… Ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай (1954—1971)”. Аўтар кнігі “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах”.
Дыплом Саюза тэатральных дзеячаў “За яскравае і праўдзівае адлюстраванне тэатральнагу працэсу і праблем тэатра на старонках незалежных СМІ” (2000). Прэмія “Bobrov Music Awards 2007” “За ўнёсак у развіццё беларускай рок-музыкі”.
1
Усур’ёз ніколі не далучаў сябе да “нячэсных” журналістаў і, канешне, ніколі не пралічваў, чым тая праца можа для мяне павярнуцца. Я наогул нічога ў жыцці не пралічваю — проста раблю тое, што самому цікава, і што лічу патрэбным.
2
Шкадавання не было, як і думак “вярнуцца” — хоць бы таму, што, уласна кажучы, і “вяртацца” няма куды, бо ўвесь час працаваў толькі ў тых выданнях, пра якія і сёння нясорамна казаць.
3
Без падтрымкі маёй жонкі Наташы мне прыйшлося б у жыцці значна цяжэй.
4
1968-ты, Рыга (тады яшчэ Латвійская ССР).
Першыя ўспаміны — сон (“сон-трава”, калі па-руску), які знайшлі разам з бабуляй у лесе Бікерніеку (гэта на ўскрайку Рыгі). Мне было гады чатыры.
У першым класе хацеў стаць археолагам. Пасля заканчэння школы думаў паступіць ва Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі на кінааператара, хацеў здымаць кіно, але трэба было ўмець фатаграфаваць, а я тады яшчэ не ўмеў.
5
Так само сабой атрымалася. Па-першае, яшчэ ў школе крэмзаў нейкія гумарыстычныя апавяданні. Па-другое, не надта цікава было вучыцца на філфаку, а тут магчымасць сустракацца і гутарыць з Віктарам Цоем, Юрам Шаўчуком, Барысам Грабеншчыковым альбо, скажам, з Васілём Быкавым, Святланай Алексіевіч, Булатам Акуджавам (з гадамі зразумеў, што недарэмна ў школе больш падабалася пісаць пераказы, чым сачыненні — мне заўсёды было цікавей падаваць у газеце не свае, а чужыя думкі). А з іншага боку, гарбачоўская перабудова, з’яўленне Беларускага народнага фронту, па тэлебачанні ідзе праграма “Взгляд”, за газетамі ў кіёскі чэргі… Было цікава не проста назіраць, а нейкім чынам удзельнічаць у бурлівым жыцці. Гэта быў час, калі думалася, што яно, гэтае жыццё, незваротна змяняецца да лепшага, што доля бацькоў абміне наша пакаленне … Канешне, наіўныя тыя думкі сёння можна патлумачыць маладосцю і жыццёвай нявопытнасцю.
6
Усё пачалося з “Советской молодёжи”, у якой у СССР быў амаль мільённы тыраж (у Беларусі рыжскую газету выпісвалі, здаецца, дваццаць тысяч чалавек). Журналістыцы вучыўся на хаду (на журфак не прынялі, хоць тройчы спрабаваў перавесціся туды з філфака, але тое і добра — лічу, што журналістам, як і пісьменнікам, трэба нарадзіцца, а не вучыцца “на яго”). “Советскую молодёжь” рабілі сапраўдныя прафесіяналы і да таго ж добрыя людзі. Гэта газета і была маім першым і галоўным універсітэтам. Трошкі пазней была “Знамёнка”, але тая, старая. Аб ёй таксама засталіся добрыя ўспаміны — пакуль прэзідэнт яшчэ на пачатку свайго “царавання” не змяніў рэдактара, пасля чаго прыйшлося сысці ў нікуды, “па ўласным жаданні”. Затым былі іншыя рыжскія газеты (якія рабілі, дарэчы, выхадцы з “Советской молодёжи”) і, канешне, беларускія: штотыднёвік “Имя” і “Белорусская деловая газета” — нягледзячы на шматлікія цяжкасці добрая школа, добрыя выданні, якія рабілі зноў-такі добрыя людзі. Пакуль газеты гэтыя не прыдушылі — улада і неспрыяльны для праўды час.
7
Жыццё і творасць Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна — вось што найбольш цікавіць апошнім часам.