Шаранговіч Васіль

%d0%a8%d0%90%d0%a0%d0%90%d0%9d%d0%93%d0%9e%d0%92%d0%86%d0%a7

З кнігі "Мазаіка жыцця"

Калі ў 1953 годзе Васіля Шаранговіча прымалі ў камсамол, то спыталіся: “У каго верыш — у Леніна альбо Бога?” Вася адказаў: “У Леніна і Бога”. У тыя часы такі адказ мог каштаваць вельмі дорага, а прыгадаў я гэта для таго, каб падкрэсліць, што ў нашым жыцці не бывае толькі чорна-белых колераў…

Некалі В.П. Шаранговіч прэзентаваў мне кнігу ўспамінаў “Ген жыцця”, якую нядаўна мы дапоўнілі гэтай размовай.

Ген мастацтва

“Мяне хрысцілі 14 студзеня 1939 года. Бацькі, асабліва мама, хацелі назваць Генадзем. Царква ж знаходзілася ў вёсцы Мікасецк, што за шэсць кіламетраў ад родных Качаноў. Кумы, дзядзька Пётра і цётка Ганна, па дарозе забыліся незвычайнае для нашых мясцін імя. Што рабіць? Не вяртацца ж назад у такую сцюжу, а айцец Пятро Пароменскі параіў даць мне імя Васіль, бо 14 студзеня па царкоўным календары лічыцца днём святога Васіля Вялікага. Так і стаў Васілём, хоць у народзе кажуць, што прозвішча даюць родныя, а імя трэба рабіць самому.

У школе займаўся на “выдатна”, з незвычайнай лёгкасцю. Напрыклад, ніколі дома не вучыў на памяць вершы. Да нашай сямігодкі ад дому было паўтара кіламетра, і пакуль ішоў, то, напрыклад, прачытаю па дарозе тое ж “Беразіно” і на ўроку магу расказаць яго на памяць. Ведаў амаль усю “Новую зямлю” Я. Коласа, чытаў яе са школьнай сцэны, а таксама аднавяскоўцам.

Маляваць пачаў недзе з пятага класа, і першым настаўнікам была мама. Яна сама малявала ў вольны час, закончыла шэсць класаў польскай школы і ў юнацтве марыла стаць мастаком. Таму зусім натуральна, што ўсяляк падштурхоўвала маю схільнасць да малявання. Бацька быў слынным кавалём, а таксама сталяром і слесарам, аб чым меў дыплом, атрыманы ў Вільні. Ён і мяне прывучаў да рамесніцкай працы, што ў далейшым жыцці вельмі спатрэбілася.

Думаю, генетычная аснова – амаль галоўны складнік чалавечага лёсу. Гэта я адчуў на сабе, бо многае перадалося ад бацькоў, а можа і ад дзядоў.

Закончыўшы сем класаў з пахвальным лістом, захацелася прадоўжыць вучобу. А для гэтага трэба было ехаць у наш раённы цэнтр Мядзел, да якога трынаццаць кіламетраў. Бацькам клопат: трэба здымаць кватэру, даваць хоць нейкі харч. Сяляне ж пасля вайны жылі вельмі бедна, і таму з далёкіх вёсак рэдка якія дзеці вучыліся ў раённай сярэдняй школе.

Бацька дамовіўся з мядзельскай гаспадыняй, што я буду год кватараваць за пабудаваную ёй веранду, а далей знаходзіў новыя магчымасці сваёй працай аплачваць выдаткі за кватараванне. Бо грошай аніякіх у сям’і не было. Я і сёння ўдзячны бацькам, што, нягледзячы на цяжкія ўмовы, яны ўсімі сіламі падтрымлівалі маё імкненне да вучобы.

А тым часам цяга да малявання пачала памалу знікаць, і я стаў больш думаць аб матэматыцы, якую таксама любіў і якая мне лёгка давалася. Але ў сярэдзіне навучальнага года ў наш клас зайшоў нейкі высокі смуглявы настаўнік і сказаў: “Арганізоўваю гурток малявання, жадаючыя могуць прыходзіць”. Гэта быў Генадзь Ігнатавіч Астроўскі, як я потым даведаўся – настаўнік матэматыкі, які адыграў лёсавызначальную ролю ў маім жыцці.

На першыя заняткі гуртка прыйшло чалавек дваццаць, на другія – я і Міша Чарняўскі (у далейшым знакаміты гісторык-археолаг), на трэція – толькі я адзін. З Астроўскім паўгода мы пастаянна малявалі, сустракаліся пасля заняткаў амаль кожны дзень, і ён, убачыўшы мае поспехі, параіў паспрабаваць паступіць у Мінскае мастацкае вучылішча.

Крыху пра Г. І. Астроўскага. Гэта была асоба неардынарная, з тонкім пачуццём гумару, энергічны і добразычлівы чалавек. Акрамя захаплення мастацтвам, ён прыгожа граў на баяне і гармоні, добра ведаў нотную грамату. У школе ўсе здзіўляліся, што ён са мной, вучнем 8-га класа, вітаецца за руку.

Ген настойлівасці

Закончыўшы восем класаў, я рашыўся падаць дакументы для паступлення ў Мінскую мастацкую вучэльню. Натуральна, ні капейкі ў бацькоў не было, але Астроўскі ўзяў усе выдаткі на сябе, і мы паехалі ў сталіцу. Такі вялікі горад я ўбачыў упершыню. Здалі дакументы і пайшлі ў мастацкую галерэю (Мастацкага музея тады не было), якая месцілася ў доме на плошчы Свабоды, дзе цяпер знаходзяцца розныя прафсаюзы. Наведалі салон-магазін, дзе Астроўскі накупіў фарбаў і пэндзляў, дайшлі да аўтавакзала і паехалі дадому.

Потым, зноў жа з дапамогай майго настаўніка, я прыехаў у Мінск здаваць уступныя экзамены. Спачатку маляваў так, як умеў, але заўважыў, што паступаючыя малююць штрыхамі, і наступны малюнак паспрабаваў зрабіць гэтаксама, але, натуральна, нічога слушнага не атрымалася, бо за яго я атрымаў “тройку”, і зразумела, што паступленне не ўдалося.

Але гэта няўдача ніколькі не засмуціла, і ўвесь наступны навучальны год я працаваў упарта. Зноў падаў дакументы ў вучэльню, выдатна вытрымаў уступныя экзамены. Паколькі я быў выдатнікам у школе, то астатнія экзамены здаваць не трэба было, і дырэктар мастацкага вучылішча сказаў — пакуй чамадан.

А ў каго ў вёсцы мог быць чамадан? Бацька змайстраваў нешта з тоненькіх дошак, з гэтым “самапалам” я і прыехаў у Мінск. Апрануты быў, думаю, таксама вельмі экзатычна: зялёны фрэнч, сінія галіфэ (бацькі танна купілі ў вайскоўца), вышываная маці кашуля, зробленыя бацькам боты. Гэта быў 1955 год. Бацькі далі 100 рублёў (пасля рэформы 1961 года гэта ўсяго 10. – Заўв. аўт.). У “чамадане” — кавалак сала, некалькі яек. Інтэрната ў мастацкай вучэльні не было, патрэбна было шукаць кватэру ці хоць бы вугал для жыцця.

Перад ад’ездам бацька сказаў мне: “Вася, ты накіроўваешся ў вялікую дарогу, дык жыві з людзьмі і сярод людзей”. Яго словы я запомніў на ўсё жыццё і прытрымліваўся гэтага наказу. А яшчэ ён дадаў, што калі нічога не атрымаецца, то каб вяртаўся дадому працаваць разам у кузні.

Два дні я прабавіў у пошуках кватэры. Спаў на вакзале ці на якой-небудзь лаўцы. Так нічога не знайшоўшы, думаў ужо ад’язджаць дадому. І тут пашанцавала. Каля нашай вучэльні, што месцілася тады ў будынку Опернага тэатра, сустрэў двух хлопцаў, з якімі разам паступаў. Яны якраз знайшлі кватэру і шукалі “трэцяга”, якім я і аказаўся.

Калі пачаў вучыцца, то высветлілася, што на першы курс набраны дзве групы: адна з тых, хто закончыў сем класаў, другая – з сярэдняй адукацыяй. Прыйшлося разам з віцебскім хлопцам Васем Ціханенкам ісці ў вячэрнюю школу, каб атрымаць агульную сярэднюю адукацыю.

Днём вучыўся маляваць, а вечарам ішоў у дзявятую вячэрнюю школу, што месцілася на Юбілейнай плошчы. Наступілі сапраўдныя галодныя гады, і я часам на вуліцы страчваў прытомнасць ад малакроўя. Бывала, падаў проста на асфальт.

Настаўнікі вячэрняй школы, як і ў Мядзельскай, зноў раілі мне кідаць маляванне і заняцца сур’ёзна матэматыкай. Я гэтага не зрабіў, але неяк непрыкметна захапіўся шахматамі. А праз нейкі час, ужо будучы студэнтам другога курса, пачаў займацца ў гуртку пад кіраўніцтвам міжнароднага майстра Шагаловіча.

Аднойчы я сыграў з ім унічыю, што стала сенсацыяй. Майстар Шагаловіч пачаў мяне ўгаворваць кінуць мастацкае вучылішча і сур’ёзна заняцца шахматамі, бачачы ў маёй юнацкай асобе будучага гросмайстра.

Тым часам стаў заўважаць, што цяга да шахмат мацнела і ў вучылішча я браў эцюднік і шахматную дошку. І што дзіўна, калі глядзеў на “натуру”, мне мроіліся клетачкі, на якіх бегаюць шахматныя фігуркі.

Я зразумеў, што трэба займацца нечым адным, і праз некалькі дзён, раненька прыйшоўшы да навучальных майстэрань, што непадалёку ад круглай плошчы, спусціўся да Свіслачы і з моста кінуў у ваду шахматы, развітаўшыся з імі назаўсёды.

Ген выпадковасці

Мастацкае вучылішча скончыў у 1960 годзе. Як выдатніку, мне павінны былі выдаць чырвоны дыплом, але нешта пераблыталі і выпісалі сіні. Па маёй як бы “віне” ўсе выпускнікі павінны былі чакаць два дні да атрымання дыпломаў.

У той час выдатнікі мастацкага вучылішча мелі права паступаць у інстытут па сваім жаданні, лепшыя ж павінны былі атрымаць накіраванне Міністэрства адукацыі. Я вырашыў не паступаць у інстытут, а паехаць працаваць у Брэст па размеркаванні. Справа ў тым, што акрамя мяне ў сям’і было яшчэ трое малодшых дзяцей (два браты і сястра), якія таксама хацелі вучыцца і якім трэба было дапамагаць.

Але тут здарылася нечаканае. Выклікаюць у ваенкамат, каб прызваць у армію, і падстрыгаюць “пад нуль”. Я і забыўся, што падчас вучобы была адтэрміноўка. Мне аднакурснікі параілі паступаць у інстытут, бо там ёсць ваенная кафедра.

Паехаў дадому ў свае Качаны, каб параіцца з бацькамі. З мястэчка Мядзел прыйшоў дахаты толькі ноччу, пагрукаў у акно і напалохаў маці, якая ўбачыла на двары нейкага лысага юнака. Бацькі мне сказалі, што лепш вучыцца ў інстытуце, чым тры гады “аддаваць доўг радзіме” невядома за што.

Словам, падаў заяву ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут за гадзіну да заканчэння прыёму дакументаў. Да гэтага да мяне падышоў аднакурснік па вучылішчы Пеця Свентахоўскі і запытаў, на якое аддзяленне я збіраюся паступаць. Пачуўшы, што на жывапіс, ён стаў упрошваць падаць заяву на графіку, бо ўсе, хто меў права паступаць у інстытут, падалі заявы на жывапіс, і ніхто — на графіку. А паступіўшы на графіку, я потым змагу перавесціся на жывапіс, але затое не буду пры паступленні замінаць іншым.

Пагадзіўшыся з такім довадам, перапісаў заяву і паступіў на графічнае аддзяленне. Мне так спадабалася графіка, што я ў далейшым ніколі нават не думаў, каб перавесціся на аддзяленне жывапісу. Вось так выпадкова вырашыўся кірунак маёй далейшай творчай дзейнасці.

Ды і з будучай жонкай я таксама, можна лічыць, сустрэўся выпадкова, хоць тая сустрэча стала “выключэннем на ўсё жыццё”. Адбылося гэта 8 мая 1960 года. Мой сябра, будучы пісьменнік, Адольф Варановіч (на жаль, ужо нябожчык) ніяк не мог пазнаёміцца з якой-небудзь дзяўчынай, тым больш саромеўся свайго імя (вядома ж, водгук вайны). Ён папрасіў мяне пайсці з ім на танцы ў парк Горкага, бо тады існавала такая мода, што дзяўчаты і хлопцы прыходзілі на танцы “парамі”. Мне не хацелася, але трэба ж было дапамагчы сябру. І вось на гэтых танцах я пазнаёміўся з Галяй, як высветлілася пазней, студэнткай філфака БДУ. У далейшым мы сталі сустракацца, а ў 1962 годзе пажаніліся і ўжо 48 гадоў ідзём па жыцці поруч. Жонка жыла ў Віцебску, а я тут, у Мінску, да заканчэння інстытута. А гэта чатыры гады.

Падчас вучобы я многа працаваў у выдавецтве “Беларусь”, афармляў і ілюстраваў кнігі, працаваў для часопісаў “Маладосць” і “Вясёлка”. Дарэчы, будучы студэнтам, праілюстраваў 13 выданняў, некаторыя былі адзначаны дыпломамі рэспубліканскага конкурсу мастацтва кнігі.

Закончыўшы тэатральна-мастацкі інстытут, абараніў дыпломную работу “Ілюстрацыі да паэм Я. Купалы” на “выдатна”. А перад абаронай было абавязковае размеркаванне. Мне хацелася ехаць у Віцебск на выкладчыцкую працу ў педінстытут: там жыла мая жонка, цесць быў значным партыйным начальнікам, і ён, напэўна, дапамог бы атрымаць нейкую кватэру. Гэта пытанне вельмі турбавала, бо я з 13 гадоў туляўся па розных чужых кватэрах і інтэрнатах. У Мінску ж не бачыў ніякіх шанцаў хоць на нейкае сваё жытло.

Аднак старшыня камітэта па друку Р. Канавалаў прапанаваў мне застацца ў сталіцы мастацкім рэдактарам у выдавецтве “Беларусь”, паабяцаўшы за год даць кватэру. І я застаўся ў Мінску.

Праз год мяне запрасілі ў свой жа родны тэатральна-мастацкі інстытут на выкладчыцкую працу, і я звярнуўся да таго ж Канавалава, каб ён адпусціў мяне з работы, бо я працаваў па накіраванні.

Для мяне пачалася новая старонка жыцця. Я адчуваў складанасць выкладчыцкай працы: адна справа – нешта ўмець самому, другая – вучыць іншых. Сам актыўна працаваў творча, мяне ўжо заўважылі, уступіў у Саюз мастакоў, а зараз з усёй адказнасцю ўзяўся за выкладчыцкую працу.

Хутка мяне абралі старшым выкладчыкам, а ў 1972 годзе — загадчыкам кафедры графікі. І гэта ў 33 гады, ды, як кажуць, пры жывым прафесары П. Любамудраве. Такога ў інстытуце яшчэ не было.

Кафедру прыйшлося арганізоўваць практычна з нуля, паколькі ў свой час яна была закрытая, а цяпер адноўленая. Творчую работу не запусціў, а, можна сказаць, стаў працаваць з яшчэ большым імпэтам. На чарговым з’ездзе Саюза мастакоў мяне выбралі старшынёй рэвізійнай камісіі, а праз пяць гадоў — сакратаром Саюза мастакоў і старшынёй камісіі па рабоце з моладдзю, хоць сам я быў яшчэ зусім малады. Гэта грамадская дзейнасць накладвала на мяне яшчэ большую адказнасць. Працаваць давялося вельмі многа, так што сям’і і асабліва маленькай дачцэ мала ўдзяляў увагі. Сыходзіў з дому, калі яна яшчэ спала, і вяртаўся, калі ўжо засынала.

Дзеля праўды трэба сказаць, што мае высілкі на творчым і педагагічным шляху былі належным чынам адзначаны. У 1975 годзе мне прысвоілі званне дацэнта, у 1978 – званне заслужанага дзеяча мастацтваў, а ў 1981 годзе я стаў прафесарам, зноў жа самым маладым у гісторыі нашага інстытута.

70–80-я гады былі самымі плённымі ў творчай працы. Я прадоўжыў работу над паэмамі Я. Купалы, і ў 1978-м выйшаў зборнік яго паэм з 26-ю каляровымі аўталітаграфіямі, а ў 1980 годзе асобным выданнем — “Адвечная песня” Я. Купалы. Па матывах верша “А хто там ідзе” я выканаў манументальную аўталітаграфію.

Доўга і настойліва працаваў над станковай серыяй “Памяці вогненных вёсак”. Гэта тэма мяне даўно трывожыла, бо ў маленстве давялося бачыць жахі спалення вёсак. Серыя складаецца з 9-і каляровых аўталітаграфій. Яна мела вялікі поспех, многа і часта экспанавалася як у Беларусі, так і далёка за яе межамі. Асобныя лісты серыі знаходзяцца ў калекцыях многіх музеяў. Дарэчы, серыя “Памяці вогненных вёсак” адзначана Дзяржаўнай прэміяй.

Хочацца ўзгадаць і вялікую серыю ілюстрацый да паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, якая складаецца з 25 акварэльных малюнкаў. За афармленне гэтай тэмы польскі ўрад прысвоіў мне ганаровае званне “Заслужаны дзеяч польскай культуры”.

Ген непакорнасці

Тым часам у тэатральна-мастацкім інстытуце разгортваліся свае падзеі. У 1984 годзе вымушана была пайсці з пасады рэктара Э.П. Герасімовіч, а на яе месца нечакана быў пастаўлены загадчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва А.В. Сабалеўскі.

Справы ў інстытуце пагоршыліся, калектыў стаў развальвацца проста на вачах, і гэта не засталося незаўважаным у “вярхах”. Небезвядомы І.І. Антановіч, загадчык аддзела культуры ЦК КПБ, пабачыў памылку ў прызначэнні і прапанаваў мне стаць першым прарэктарам (прарэктарам па навучальнай рабоце). Я, напэўна, з паўгода думаў. Угаворвалі як калегі, так і Антановіч. Усё ж такі згадзіўся і на пачатку 1986 года быў прызначаны прарэктарам. І вось цяпер увесь груз выпраўлення становішча ў інстытуце лёг на мяне. Творчая работа адышла на другі план і, як потым высветлілася, вельмі надоўга.

У 1989 годзе рэктар А. Сабалеўскі быў звольнены з пасады, а выконваючым абавязкі рэктара інстытута міністр культуры прызначыў мяне. У гэты самы час уступіла ў дзеянне новае дэмакратычнае правіла – рэктары ВНУ не назначаюцца, а выбіраюцца калектывам, уключаючы студэнтаў, а дакладней прадстаўнікамі прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў. Яны ж у сваю чаргу выбіраюцца ўсімі падраздзяленнямі ВНУ. У першым туры выбараў тайным галасаваннем з сямі прэтэндэнтаў больш як 50 % галасоў набраў адзін я і ў другім туры быў выбраны аднагалосна.

Трэба сказаць, што я стаў першым і апошнім рэктарам, якога выбраў калектыў, бо потым гэта правіла было адменена. Думаю, што выбары кіраўнікоў калектываў адыгрывалі станоўчую ролю. Бо ў такім разе кіраўнік адчувае абвостраную адказнасць перад даверам калектыву, а не перад рознага рангу чыноўнікамі. Усё гэта я адчуў на сабе.

Падчас свайго рэктарства, а 90-я гады былі вельмі складанымі як у эканамічным, так і ў палітычным плане, мне ўдалося правесці шэраг рэформаў. Першае – гэта ў 1991 годзе рэарганізаваць тэатральна-мастацкі інстытут у Беларускую акадэмію мастацтваў. Першапачатковая назва аніяк не адпавядала сутнасці інстытута – была адкрыта падрыхтоўка спецыялістаў кіна-, тэлемастацтва, ужо існаваў факультэт дызайну.

За заслугі перад мастацтвам і мастацкай адукацыяй у 1991 годзе мне прысвоілі ганаровае званне “Народны мастак Беларусі”.

Паступова акадэмія мастацтваў пераходзіла на беларускую мову навучання. Усё справаводства перавялі на яе адразу з маім прыходам на пасаду рэктара. У навучальныя планы былі ўведзены беларуская мова і літаратура, беларуская гісторыя. Увесь калектыў акадэміі не прымусова, а натуральна пачаў карыстацца беларускай мовай.

У 1995 годзе акадэмія шырока адзначыла 50-годдзе з дня заснавання, яе грамадскі аўтарытэт стаў вельмі высокім.

Цягам часу я адчуў пільную ўвагу да акадэміі і асабліва да сваёй персоны з боку ўладных структур. Залішняя дэмакратычнасць, панаванне беларускай мовы, удзел выкладчыкаў і студэнтаў у грамадскіх акцыях – усё гэта не магло задаволіць вышэйшыя эшалоны ўлады.

І вось у 1997 годзе пад канец прыёмных экзаменаў у акадэмію заявілася камісія ў складзе начальніка ўпраўлення паліўна-энергетычных рэсурсаў Дзяржкантролю нейкага Ложачніна і яго паплечніка. Ужо ў размове са мной яны выказалі абсурдныя абвінавачанні. Вядома ж, гэтыя людзі былі далёкія ад мастацтва, як неба ад зямлі. Падвечар таго ж дня яны зніклі, экзамены праз некалькі дзён закончыліся, і я пачаў забываць непрыемную сустрэчу.

А праз нейкі час, прыйшоўшы раней на работу, я яшчэ да 9-ці раніцы пазваніў першаму намесніку міністра культуры У.П. Рылатку, а той у мяне пытаецца: “Вы што, на працы? А газету “Советская Белоруссия” не чыталі? Тады пачытайце”. Адчуўшы нешта нядобрае, выйшаў на вуліцу, купіў і прачытаў, што я зняты з працы за “міфічныя” парушэнні пры правядзенні ўступных экзаменаў. Так “добра” папрацаваў тагачасны віцэ-прэм’ер небезвядомы палкоўнік Замяталін!!!

У тым годзе спаўнялася 30 гадоў маёй педагагічнай і 35 гадоў творчай дзейнасці. Вось дык падарунак!

Неўзабаве мяне запрасіў міністр культуры А.У. Сасноўскі і прапанаваў стаць дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея, але я адмовіўся. Тады міністр прапанаваў узначаліць музей сучаснага выяўленчага мастацтва, якога не існавала, а была толькі пастанова Савета Міністраў аб яго стварэнні. Усё трэба было пачынаць з чыстага ліста, і я згадзіўся.

Стварыў новы ў Беларусі музей, ён стаў папулярным не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі. За час працы там выканаў шэраг творчых работ, бо вольнага часу было больш, чым у акадэміі.

Асабліва хочацца адзначыць работу над новым выданнем “Пана Тадэвуша” А. Міцкевіча і “Новай зямлёй” Я. Коласа, да якой я выканаў больш за дзевяноста акварэльных малюнкаў. За апошнія дзесяць гадоў адбылося некалькі дзясяткаў персанальных выставак як у Беларусі, так і далёка за яе межамі.

А тут незаўважна наблізілася 70-годдзе. Напісаўшы аўтабіяграфічную аповесць “Ген жыцця”, выдаўшы альбом аб сваёй творчасці, арганізаваўшы ў сваім жа музеі юбілейную выставу, я падаў заяву аб звальненні з пасады дырэктара і нарэшце стаў вольным мастаком, аб чым марыў са студэнцкіх гадоў”.

25.09.2017
f1a f003 f009 f016 f018 f028 f030

f031 f034 f052 f053 f061 f080 f086 f087