Шарэцкі Сямён

%d1%88%d0%b0%d1%80%d0%b5%d1%86%d0%ba%d0%b8%d0%b91

З кнігі "Асобы"

СЯМЁН ШАРЭЦКІ — АПОШНІ СПІКЕР ВС

Сваё першае інтэрв’ю з Шарэцкім я рабіў у 1997 годзе. У гэты час ён ужо быў у апазіцыі. Сямён Георгіевіч запрасіў мяне дамоў у Малінаўку, быў вельмі ветлівы і гасцінны. Але ўразіла не толькі гэта. Звычайная шматпакаёвая кватэра ў абсалютна звычайным доме, які, мякка кажучы, далёка ад цэнтра горада.

А яшчэ запомніўся пах ежы, якую рыхтавала яго жонка, — вараная квашаная капуста. Звычайная сялянская ежа. Нават не верылася, што перада мной былы спікер Вярхоўнага Савета.

Сямён Георгіевіч нарадзіўся 23 верасня 1936 года ў вёсцы Лаўрашова Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Мабыць, менавіта гэтыя абставіны і паўплывалі на тое, што сярод палітычнай эліты ён заўжды лічыўся «деревенским». У вёсках нарадзіліся амаль усе беларускія палітыкі, але з часам іх менталітэт змяніўся. У Шарэцкага — не.

Памятаю, адзін з калег са смехам расказваў, што быў сведкам, як падчас віртуальных выбараў Шарэцкі з Ганчаром зайшлі ў кавярню паесці. Ганчар пачаў чытаць меню і спытаў, што Шарэцкі будзе есці. Той важна з выразным сялянскім акцэнтам адказаў — суп з акульіх плаўнікоў…

У 1959 годзе С.Г. Шарэцкі скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і стаў працаваць у калгасе «Звязда». Спачатку намеснікам старшыні, а з 1963 года — старшынёй. У 1970 годзе ён скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ і шэсць гадоў у ёй працаваў старшым выкладчыкам, а ў 1976 годзе ўзначаліў кафедру эканомікі і арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.

У 1972 годзе Шарэцкі абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1984 — доктарскую. Я не вельмі добра абазнаны ў навуковых рэгаліях, таму без каментароў проста пералічу яго званні, азначаныя ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». У 1989 годзе Шарэцкі стаў прафесарам, у 1996 — акадэмікам Акадэміі аграрных навук РБ, а таксама членам-карэспандэнтам Расійскай сельскагаспадарчай акадэміі, акадэмікам Украінскай акадэміі аграрных навук і Міжнароднай акадэміі інфармацыйных працэсаў і тэхналогій.

У 1984 годзе Шарэцкі зноў вярнуўся «на зямлю». Па савецкай традыцыі, з дапамогай выбараў яго прызначылі старшынёй калгаса «Чырвонае Знамя» Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Але гэта быў не проста калгас, а ў задуме — буйны аграрны камбінат, новая форма, якая нараджалася па ініцыятыве кубанскіх аграрыяў. Сямён Георгіевіч выступаў тут наватарам і шчыра верыў, што гэтым шляхам можна вывесці сельскую гаспадарку на перадавыя рубяжы.

Адтуль праз сем гадоў Кебіч забраў Шарэцкага да сябе дарадцам. Пачыналася новая гістарычная паласа ў жыцці краіны, і новыя старонкі біяграфіі Сямёна Георгіевіча аказаліся зусім непадобнымі на, здавалася б, даўно прадвызначаныя.

У 1994 годзе ён стварае Аграрную партыю Беларусі. Праз год абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання, а ў студзені 1996 — старшынёй парламента. Сябры Аграрнай партыі склалі самую буйную фракцыю ў парламенце. З’яўленне ў Вярхоўным Савеце фракцый можна смела аднесці да несумненнай заслугі Шарэцкага, лічыць яго буйным палітычным поспехам. Гэта быў важны крок да трансфармацыі ВС у сапраўдны парламент.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, Аграрная партыя, наколькі я ведаю, існуе і сёння. Толькі самога Шарэцкага ў ёй няма. «Ушли» яго ў 1997 годзе, як толькі стала канчаткова відавочна, што «Акела прамазаў».

Калі прытрымлівацца логікі Калінкінай і Шарамета, то выпадковымі бываюць не толькі прэзідэнты, але і спікеры. Мякка кажучы, Шарэцкі быў не зусім тым чалавекам, які павінен займаць другую пасаду ў краіне. Ды яшчэ ў той складанай і драматычнай сітуацыі.

Тым не менш, здарылася так невыпадкова. Добра памятаю, як на пачатку 1996 года абіралі чарговага старшыню Вярхоўнага Савета. Сярод тых, хто рэальна мог прэтэндаваць на гэта крэсла, выдзяляліся тры дэпутацкія фракцыі: камуністычная, аграрная і прапрэзідэнцкая. Каб атрымаць перамогу, патрэбны быў альянс. Кіраўнік ПКБ Сяргей Калякін успамінаў: яны тады дамовіліся з аграрыямі, што спікерам стане той, чыя кандыдатура ў першым туры набярэ больш галасоў. За Калякіна прагаласавалі 60 чалавек, за Шарэцкага — 61. Камуністы слова стрымалі. Унікальны выпадак у нашай найноўшай гісторыі: у першы і апошні раз адзін дэпутацкі мандат вырашыў лёс усёй краіны…

Адзін з вышэйшых кіраўнікоў тых часоў мне раскаваў, што калі б Лукашэнка наблізіў да сябе Шарэцкага, то ніякіх канфліктаў проста не было б. Адносіны паміж палітыкамі не склаліся адразу ж, яшчэ ў 1994 годзе, калі Лукашэнку і Шарэцкаму арганізавалі тайную сустрэчу. Перш за ўсё таму, што падобнае не было патрэбным Лукашэнку. Мяркую, ён адразу ж не ўбачыў у Шарэцкім вартага праціўніка. А, як вядома, сіла прызнае толькі сілу. Кажуць, што яго вельмі парадавала абранне кіраўніком Вярхоўнага Савета менавіта Шарэцкага, а не Калякіна.

Яшчэ раз нагадаю, што ў студзені 1996 года С.Г. Шарэцкі стаў старшынёй Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Ніякай містыкі, але пакуль 13-ы ВС — апошні. А сам Шарэцкі – апошні спікер.

Гэтая прыступка не была самай высокай у яго палітычнай кар’еры, бо 20 ліпеня 1999 года Сямён Георгіевіч стаў выконваючым абавязкі прэзідэнта. Але ўсе разумелі, што пасада віртуальная, як і тыя выбары, што абвясціў Ганчар.

Разумелі ўсе, аднак некаторыя былі вымушаны гэта прыняць. Дарэчы, у тым, што яны выдавалі жаданае за рэальнае, вінаваты, перш за ўсё, сам Шарэцкі. Тым, што «здаў» генерала Захаранку і «Народную газету». Прызначэнне і адстаўка міністра ўнутраных спраў былі прэрагатывай Вярхоўнага Савета, а «Народная газета» — яго органам.

Тое, што літаральна праз восем-дзевяць месяцаў Шарэцкі страціў усе рычагі ўплыву, найбольш яскрава высветлілася, калі ў жніўні 1996 года на пашыраную нараду не прыехалі ўсе кіраўнікі аблвыканкамаў. І справа не толькі ў тым, што на той час іх прызначаў прэзідэнт. Гэтым яны выказалі і свае адносіны да Сямёна Георгіевіча. У тым ліку быў нават гродзенскі губернатар А. Дубко, якога яшчэ два гады таму кандыдатам у прэзідэнты «двигала» менавіта Аграрная партыя Шарэцкага.

Улада была страчана дэ-факта, а дэ-юрэ гэта высветлілася восенню 1996 года, асабліва ў сітуацыі з адхіленнем ад пасады Віктара Ганчара.

А пасля скасавання паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета 13-га склікання стала відавочна, што ў Шарэцкага ўвогуле нічога няма: ні партыі, ні магчымасці на што-небудзь рэальна ўплываць. Засталася толькі пасада, якую ва ўсім свеце лічылі легітымнай. Але і яна была толькі намінальнай, асабліва пасля ад’езду ў эміграцыю ў Вільню.

Аднойчы мне пашанцавала Шарэцкага там бачыць. Магчыма, два ахоўнікі за яго спіной былі патрэбнымі, але выглядала гэта даволі тэатральна. У 2001 годзе Шарэцкі атрымаў палітычны прытулак у ЗША, з ім — яго сям’я. Яны жывуць зараз у штаце Каліфорнія.

Некаторы час таму Беларускае тэлебачанне расказала, што Шарэцкі стаў у Амерыцы амаль бамжом. Канешне, гэта звычайныя фантазіі: узровень яго дабрабыту там абсалютна нармальны па амерыканскіх стандартах, а па нашых — дык і значна пераўзыходзіць.

Бясспрэчна, на жаль, іншае. У Беларусі яго пачынаюць забываць. Што мог — не зрабіў. Вельмі сумныя для палітыка вынікі.