Шаўцовы Дзіна і Сяргей

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

З кнігі "Арытмія, альбо Код супраціву"

МУЖ І ЖОНКА

Напэўна, усё тут невыпадкова…

Назву і структуру нарыса я ўбачыў за тыдзень да таго, як сустрэўся з Дзінай Шаўцовай, яе мужам Сяргеем і не ведаў пра іх захапленне рэлігіяй. А падчас размовы зразумеў, чаму выбраныя былі менавіта гэтыя людзі – шчырасць і дабрата.

Напэўна, усё тут невыпадкова…

Дарога нумар адзін

Для Дзіны Сандыкбаевай усё пачалося 9 жніўня 1965 года (на дзесяць дзён пазней за яе мужа; у адрозненне ад яго яна “чыста гарадскі чалавек”, бо нарадзілася ў Мінску).

Маці завуць Людміла Ільінічна, а бацьку звалі Муслім Есінавіч (у пашпарце — Максум Елеусізавіч). Вучыцца ў беларускі “палітэх” ён прыехаў з Казахстана. Займаўся меліярацыяй. На жаль, два з паловай гады таму яго не стала на гэтым свеце, а калі Дзіне споўнілася 15 год, не стала і іх сям’і – развод.

Вучылася ў 27 школе. Скончыла яе паспяхова, з адной “чацвёркай” па матэматыцы. Яшчэ ў дзявятым класе Дзіна Сандыкбаева вырашыла пайсці на юрфак БДУ і нават уладкавалася на адпаведныя падрыхтоўчыя курсы. Калі ў атэстаце з’явілася адна “добра”, рызыкаваць не стала, бо конкурс на юрфаку БДУ быў нават сярод медалістаў. Абрала аддзяленне правазнаўства ў Тэхнікуме савецкага гандлю, да якога тое мела вельмі ўмоўныя адносіны.

Не раз прыходзілася чуць скепсіс з гэтай нагоды. Маўляў, у такім выпадку трэба дадаткова вучыцца два гады. Факт, як кажуць, “на твар”, але гэта зусім не азначае марна патрачаны час. Вучоба ў тэхнікуме адметная тым, што дае навыкі, якіх амаль няма у “вэнэушных” выпускнікоў.

Напрыклад, Дзіна Сандыкбаева праходзіла практыку ў абласным судзе, якім тады кіраваў сённяшні старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала. Туды ж яе пазвалі пасля заканчэння вучобы. Няглядзячы на чырвоны дыплом тэхнікума, яна абрала ва ўніверсітэце толькі вячэрнюю форму навучання (апошні набор), аднак праз год зразумела, што для нармальнай вучобы гэта не вельмі добра. Перавялася на “стацыянар”.

Скончыла яго ў 1989 годзе і атрымала размеркаванне юрысконсультам на завод “Бальшавік”, што вырабляе скуры. Зараз яго можна знайсці ў пасёлку Гатава, а тады ён яшчэ месціўся на Кастрычніцкай вуліцы Мінска. Аднак па размеркаванню не працавала, атрымала адмацаванне.

Падчас апошніх універсітэцкіх курсаў адзін з аднагрупнікаў Дзіны, які паралельна з вучобай працаваў трэнерам (былы чэмпіён СССР), запрасіў яе ў ваенна-спартыўны клуб “Дзяржынец”. Каратэ (гэта на той час) у сярэдзіне 80-х у Савецкім Саюзе было забаронена.  Яму  вучылі  падпольна і хавалі пад рознымі шыльдамі.  Потым пад ціскам рэчаіснасці дазволілі.

…У такі клуб  і трапіла Дзіна Сандыкбаева, каб з юрыдычнай кропкі гледжання расказаць пра тое, што бывае, калі ў спартсменаў “зносіць дах”.

Там яна і пазнаёмілася з Сяргеем Шаўцовым, які таксама вучыўся на юрфаку БДУ.

Дарога нумар два

Няцяжка “вылічыць”, што Сяргей Шаўцоў нарадзіўся 29 ліпеня 1965 года. Адбылося гэта ў вёсцы Забялышына Хоцімскага (раней – Клімавічскага) раёна Магілёўскай вобласці, хаця яго бацькі жылі тады каля Мінскага аўтазавода. Тлумачыцца “недарэчнасць” вельмі проста.

Справа ў тым, што ў той, даволі вялікай вёсцы, жыла і працавала ўрачом родная сястра маці Сяргея Марыя Мяфодзьеўна. Валянціна Мяфодзьеўна паехала да яе нараджаць. Першыя сем дзён свайго жыцця Сяргей правёў менавіта ў Забялышана, таму, калі жонка з жартам называе яго “вясковым хлопцам”, для гэтага ёсць пэўныя падставы…

Не буду яшчэ раз узгадваць пра пастаянныя і пакуль непаспяховыя спробы айчынных чыноўнікаў далучыць Беларусь да Балонскага працэсу — прафесіяналы гэта зробяць больш аргументавана. У мяне на гэты конт толькі два пытанні. Калі наша сістэма адукацыі “лепшая ў свеце”, то чаму чыноўнікі ўсіх рангаў вучаць асабістых дзяцей за мяжой?.. Чаму сёння кар’ерны рост абумоўлены не узроўнем адукацыі, а шклоўска-магілёўскай прапіскай і палітычнай лаяльнасцю?..

На мой погляд, моцна прапіяраная рэстаўрацыя ўсяго савецкага (мякка кажучы) мае ў сучаснай Беларусі вельмі “своеасаблівы” характар. Сёння ствараецца зусім не тое, што было раней. “Корачкамі” падмяняюцца сапраўды глыбокія веды тых часоў.

Прыклад Сяргея Шаўцова ў гэтым сэнсе вельмі паказальны.

Юрыстам ён вырашыў стаць яшчэ ў восьмым класе. Закончыў 117-ую школу на “выдатна” і “добра”, але гэтага яму (як і будучай жонцы) не хапіла, каб адразу паступіць на юрфак. Год прапрацаваў слесарам-рамонтнікам на прадпрыемстве калёсных цягачоў. Тады яно ўваходзіла ў склад МАЗа, а потым стала асобным заводам. Адтуль пайшоў служыць у армію.

На другім годзе службы Сяргей папрасіў прыслаць яму падручнікі. Працягнуў падрыхтоўку да паступлення і пасля звальнення ў запас (восень 1985 года). Амаль дзевяць месяцаў займаўся на падрыхтоўчых курсах. Днём – работа, вечарам – вучоба.

Летам 1986 года ён стаў студэнтам юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Першы раз сваю будучую жонку ўбачыў у 1987 годзе, калі фарміравалі студэнцкі будаўнічы атрад, а пазнаёміліся яны праз год, як ужо пісалася, у ваенна-патрыятычным клубе “Дзяржынец”.

Перакрыжаванне лёсаў

У клубе студэнты юрфаку вялі прававы гурток.

Разам пачалі займацца каратэ. Як кажуць спартоўцы, Дзіна і Сяргей былі спарынг-партнёрамі і нават не думалі, што калісьці дзявочае прозвішча Сандыкбаева зменіцца на Шаўцову і яны стануць “партнёрамі па жыцці”.

Дарэчы, менавіта з трэніроўкамі па каратэ звязаны адзін цікавы выпадак. Аднойчы моцны ўдар Дзіны Сяргей так жорстка блакаваў, што на назе дзяўчыны, якую тады апалілі яшчэ і залішняй “замарозкай”, па гэты дзень застаўся шрам. Гумарысты з такой нагоды хутчэй за ўсё сказалі б – памеціў…

Нагадаю, што было гэта ў 1989 годзе і нічым большым не працягнулася. Калі так можна сказаць, для Дзіны і Сяргея пачалося “аўтаномнае плаванне”. Кожны паасобку стварыў сваю сям’ю, нарадзіў дзяцей, развёўся.

Зноў сустрэліся яны толькі праз шэсць год, амаль выпадкова. Дзіна тады працавала юрыстам у прыватнай фірме пры спартыўным клубе “Дынама”. Адзін са знаёмых трэнераў (раней разам працавалі) аднойчы расказаў, што сустрэў Сяргея і даў яму яе нумар тэлефона.

Адбылося гэта ў 1995 годзе . Не стану пераказваць усе акалічнасці таго, што было далей, адзначу толькі, што, хаця Дзіна і адчувала рамантычны настрой Сяргея, паўтараць “эксперымент” з другім шлюбам ёй не хацелася.

“Здалася” яна толькі пасля таго, як адчула шчырую дапамогу падчас бяды з сынам, які выпаў з акна чацвёртага паверха і трапіў у бальніцу. І яшчэ. За некалькі месяцаў да гэтага жанчына ўбачыла сон, дзе Сяргей быў названы яе мужам. Як кажуць, нішто ў нашым жыцці не бывае выпадковым…

Аднак пераканала не толькі гэта. Як той “няверуючы Фама”, Дзіна стала прасіць ад Бога нейкі знак. І атрымала – 8 жніўня 1996 года (напярэдадні дня народзінаў) Сяргей Шаўцоў зрабіў прапанову стаць яго жонкай.

5-га красавіка 1997 года яны распісаліся.

Шлях да Храма

У пратэстанцкую царкву Поўнага Евангелля Дзіна Шаўцова прыйшла ў 1992 годзе. Цалкам лагічна, што перад вяселлем туды трапіў і яе муж.

У 1999 годзе яны адкрылі сваю юрыдычную фірму, дзе разам з іншымі (яшчэ пяць чалавек) займаліся гаспадарчымі пытаннямі. Паралельна юрыдычна дапамагалі царкве.

Да сумных падзей на Нямізе ніякіх “наездаў”на вернікаў “не галоўнай” канфесіі не было. Трагедыя стала каталізатарам прыняцця прэзідэнцкага дэкрэта №36, які падрабязна рэгламентаваў правядзенне “масавых мерапрыемстваў”.

Многія кажуць, што гэта было зроблена наўмысна, для таго каб узяць пад кантроль любое іншадумства. Калі раней падобнае было непатрэбна, то пачынаючы з верасня 1999 года (больш актыўна з 2000-га года) на любое пратэстанцкае набажэнства трэба было браць дазвол у выканкаме.

З гэтай жа катэгорыі і “Закон аб веравызнанні”, які ўступіў у дзеянне 31 кастрычніка 2002 года. Пра тое, што ён, мякка кажучы, “унікальны” ў сэнсе дамінавання адных прынцыпаў над другімі, шмат сказана раней і гаворыцца зараз. Адзначым іншае.

Яго нечаканае (выскачыў, як чорт з табакеркі) з’яўленне і вельмі хуткі рух ад праекта да дакумента, які рэгламентуе ўсё рэлігійнае жыццё краіны і прыярытэты адной канфесіі, лагічна вызвалі супраціў усіх іншых. Па прапанове Ірыны Жыхар узнікла новая грамадзянская ініцыятыва, назву для якой прыдумала Дзіна Шаўцова — “За свабоднае веравызнанне”.

Гэта быў прыкметны выклік уладзе. А калі дадаць судовыя спрэчкі паміж “нетрадыцыйнымі” вернікамі, чые інтарэсы адстойвала Дзіна Шаўцова, і Беларускім тэлебачаннем у выглядзе адыёзнага Я.Новікава, то яе запрашэнне ў юрыдычную службу Белтэлерадыёкампаніі выглядае для нашых часоў з меншага вельмі дзіўна. Ваганні на гэты конт прыпыніў вядомы евангелісцкі пастар Веніамін Брук (у 2008 годзе дэпартаваны з Беларусі) — “а чаму не?”.

Пратрымалася там Дзіна Шаўцова да 28-га сакавіка 2006 года. У гэты дзень яна ў рэшце рэшт “грукнула дзвярыма”. І не толькі таму, што яе мужа абсалютна незаконна адправілі на дзесяць сутак за акрэсцінскія краты. Хаця яна і не мела непасрэднага дачынення да “навін”, якія тады суправаджалі “намётавы гарадок”, прынцыпова не хацелася (нават ускосна) мець адпаведны запіс у працоўнай кніжцы.

У дадзены момант Дзіна Шаўцова цалкам займаецца пытаннямі праваабарончага забеспячэння рэлігійнай свабоды. Яе муж, па сутнасці, тым жа самым, плюс юрыдычная падтрымка розных гаспадарчых структур (зарабляе “на хлеб”).

Напэўна, на гэтым месцы трэба было б паставіць кропку, але так зрабіць перашкаджае фраза, якую Сяргей Шаўцоў пачуў у сталічным Ленінскім судзе: у нас ёсць толькі адна праваслаўная канфесія — царква, усё астатняе – баптысцкія секты…

Каментаваць відавочнае глупства, якое стала амаль дзяржаўнай палітыкай, не буду, таму што “маразм ёсць маразм”. Абмяжуюся словамі аднаго кінагероя: гэты шлях не вядзе да Храма…

21.04.12

%d0%bc%d1%83%d0%b6_%d0%b8_%d0%b6%d0%be%d0%bd%d0%ba%d0%b0-2 %d0%bc%d1%83%d0%b6_%d0%b8_%d0%b6%d0%be%d0%bd%d0%ba%d0%b0-3 %d0%9c%d0%a3%d0%96-%d0%86-%d0%96%d0%9e%d0%9d%d0%9a%d0%90-5