Скуратовіч Канстанцін

%d0%a1%d0%ba%d1%83%d1%80%d0%b0%d1%82%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87

З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было" 
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

1 жніўня 1994 года,  быў прыняты на  працу ў “Белорусский рынок” (зараз “Белорусы и рынок”). Мае ганаровы дыплом Беларускай асацыяцыі журналістаў (1999), дыплом амбасады Рэспублікі Польшча ў Мінску (2000). У 2002 годзе стаў лаўрэатам прэміі Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.

Пры савецкай уладзе ў мяне былі дзве публікацыі, неабходныя для абароны кандыдацкай дысертацыі. Адна ў часопісе “Веснік БДУ”, другая як рукапіс была абаніравана ў нейкім інстытуце Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Журналістыка ўвогуле не вабіла. Неяк паспрабаваў надрукаваць свае погляды на міжнародную палітыку ў жлобінскай раёнцы “Камуніст”, там хлопцы толькі пасмяяліся. Гэткія артыкулы “нізавыя газеты” атрымоўвалі зверху, а журналісты пісалі або пра перадавікоў свінагадоўлі, або пра хібы ў працы загадчыка лазні, або нарысы нораваў кшталту “Не праходзьце міма”.

Пісаць пра такое ніякага жадання не было. Нават не вабілі ганарары, якія былі б вельмі дарэчы. Ужо калі прыйшла галоснасць, па беларускаму каналу паказалі праграму з удзелам знаных, як было абвешчана, сталічных журналістаў. Нічым адбітным яны мяне не ўразілі. Культ асобы не было з каго рабіць.

А зачытваўся, калі браць беларускае, ЛіМам, які неяк выпадкова адкрыў для сябе і быў уражаны. Ну, і зразумела, “Огонек”, “Литгазета”, “тоўстыя” часопісы, якія да крыві з носу вялі паміж сабой вострую палеміку. Такія беларускія выданні, як “Политический собеседник”, чытаў з цікаўнасці: “А гэта хто такі? Які гусак тое напісаў?”

Адзначу, што літаральна ад пачатку перабудовы, з восені 1985 года, я пачаў працаваць выкладчыкам філасофіі (як тады казалі, пачасавіком) у БПІ. Прынамсі, у яго жодзінскім вячэрнім філіяле, дзе замяніў Міхася Ткачова. І разам са студэнтамі ўсё гэта прайшоў, прапусціў праз мазгі і сэрца. Памятаю адну з субот напярэдадні святкавання 70-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Я прыйшоў на семінарскія заняткі, і студэнты пачалі правакаваць. Я настойваў, што партыя цвёрда стаіць за галоснасць. А яны тады паставілі пытанне рубам: “За што знялі Ельцына?” Я ж не ведаў, што напярэдадні Палітбюро задаволіла просьбу Барыса Мікалаевіча аб адстаўцы, бо прэса пра гэта спачатку змаўчала, а паведамілі, як заўжды, варожыя галасы. А я іх не чуў…

Дарэчы, студэнты ў мяне першымі і запыталіся, чаму не пакідаю партыйныя шэрагі. Адказваў, што не лічу гэты ўчынак прыстойным, бо партыя зараз адседжваецца ў акопах ды залізвае раны. Вось як пойдзе зноўку штурмаваць палацы, тады я заганю свой партыйны штык у зямлю. Так і адбылося раніцай 19 жніўня 1991 года. З тае пары беспартыйны, хоць спакушаўся ўступіць у БНФ або ў АГП. Але паколькі не пагаджаюся болей дзяліць жыццё на першаснае ды другаснае, лёгка спакусы той пазбег. Бо як-ніяк, а па адукацыі філосаф, па абставінах — журналіст. Інакш давялося б ківацца вакол генеральнай лініі. Да таго ж сталая мая праца была ў эканамічным інстытуце — у мінскай філіі маскоўскага інстытута, які належаў наймагутнейшаму ведамству — Аўтапраму СССР. У гэтай установе былі эканамісты, якія бачылі нашмат глыбей і шырэй за многіх іншых. Што ў Беларусі, што ў Маскве.

У інстытуце праводзіў сацыялагічныя даследаванні на прадпрыемствах, спрабуючы вызначыць стаўленне людзей да рэфармавання існай сістэмы ўвогуле, да эканамічнай рэформы, да канкрэтных праектаў перабудовы іх родных прадпрыемстваў. Зразумела, што працаваў па дагаворы з адміністрацыяй, у цесным кантакце з ёй, і з існаваўшымі тады яшчэ парткамамі. У памяці засталася вялікая зацікаўленасць і “начальнікаў”, і “рабацяг” у тым, каб зрабіць сваё жыццё не горшым, чым у іншых. Гэта потым прыйшлі папулісты ды “сапсавалі танцы”, выцягнуўшы на сцэну тых, хто не мог пачынаць той танец нават ад печкі.

Не магу не прыгадаць добрым словам колішняга намесніка па эканоміцы генеральнага дырэктара ВА МАЗ Уладзіміра Куранкова, чалавека неардынарнага, рашучага і ў нечым нават авантурнага. Дык вось, аднойчы ён прапанаваў мне прачытаць лекцыю аб рынкавай эканоміцы на дырэктарскім дні. А гэта ж вам не студэнты. Гэта па ўсім “мазаўскі” генералітэт на чале з самім Міхаілам Лаўрыновічам. Змусіў тую прапанову прыняць, хоць у душы трымцела. Але і слухалі ўважліва, і пытанні задавалі.

Дарэчы, калі пра аналогіі, то я быў тады менавіта загадчыкам лабараторыі з ліку тых, хто гатовы быў прыспешваць самую радыкальную эканамічную рэформу. Належаў да той адносна маладой і дасведчанай часткі грамадства, якая марыла наблізіць Беларусь па ўмовах сацыяльна-эканамічнага жыцця да Швейцарыі. Я і зараз лічу, што такое калі-небудзь адбудзецца.

А Уладзімір Куранкоў стаў першым міністрам прамысловасці ў першым урадзе Лукашэнкі і першым, каго публічна (у прамым тэлеэфіры) знялі з пасады. У адрозненне ад усім вядомага генерала ён на дзяржслужбу не вярнуўся, арганізаваў сваю паспяховую справу. А дзяржава пазбавілася менеджэра высокага ўзроўню.

Галоснасць дык галоснасць. Аб выніках нашых даследаванняў я рыхтаваў артыкулы, якія друкаваліся ў заводскіх шматтыражках. Пазней з’явілася газета “Новости ассоциации”, створаная БНПА. Мае публікацыі ў ёй тычыліся розных бакоў эканамічнага рэфармавання. А першай публікацыяй “у вялікай прэсе” стала заметачка “Як галасаваць лімітчыку”, дзе я выступіў супраць сумнавядомага савецкаму чалавеку інстытута прапіскі. Было гэта летам 1989 года, і надрукаваў артыкул “ЛіМ”.

Журналістам я сябе ніколі не адчуваў. Проста было жаданне выказацца, якое павінна быць у сацыёлага і філосафа па адукацыі. Дадаткова стымулявала тое, што папярэднія 37 гадоў даводзілася маўчаць. А паколькі чалавек я не мітынговы, то іншага спосабу выказацца і не было. І тут нечакана спраўдзілася вядомае — стукайце, і вам адчыняць. Пасля маёй публікацыі ў “Новостях ассоциации”, прысвечанай монстру менеджменту і тэхналагічнаму генію Генры Форду, на мяне выйшаў Анатоль Ярась, які прапанаваў падрыхтаваць для моладзі шэраг артыкулаў пра знакамітых людзей, якія любілі і ўмелі плённа працаваць без аніякага прымусу звонку. Зразумела, яны мелі свае мэты, але паляпшалі жыццё ўсяму чалавецтву. На жаль, гэта ўжо быў 1991 год — час страшэннага дэфіцыту. І таму “Парусу” (так зваўся той моладзевы часопіс) урад паперы не выдзеліў. Надрукаванымі свае артыкулы я так і не пабачыў.

А потым да мяне завітаў Валерый Тарасевіч з “Юридической газеты” (пасля “Фемида”), для якой я пачаў пісаць розныя па тэматыцы артыкулы. Вось Тарасевіча, а яшчэ Юрыя Тапарашава, які тады таксама працаваў у “Фемиде”, я і лічу сваімі настаўнікамі ў журналістыцы. Юрый Паўлавіч знаходзіў для мяне час і меў жаданне папрацаваць з “маладым” саракагадовым аўтарам. І прыкладна тады здарыўся ў мяне небывалы кар’ерны ўзлёт (іншае слова падабраць цяжка). Беларусь стала незалежнай, ствараўся дзяржапарат, і мяне запрасіў на працу загадчыкам аддзела ва ўпраўленне працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Мінгарвыканкама Аляксандр Грыцкевіч, якога я ведаў яшчэ па Мінскім аўтазаводзе. Адпрацаваў я там два гады, нават атрымаў даволі высокі (пяты) клас служачага дзяржапарату, але ўжо летам 1994 года зразумеў, што на дзяржслужбе трэба ставіць крыж. Бо калі не сам, то гэта зробяць іншыя. І не надта доўга чухаў патыліцу. З ахвотай прыняў прапанову Вячаслава Хадасоўскага, галоўнага рэдактара эканамічнага штотыднёвіка “Белорусский рынок” (зараз “Белорусы и рынок”). Увогуле тым летам рэзка мяняліся заняткі і лёсы многіх людзей. Прыклад: Аляксандр Лукашэнка стаў прэзідэнтам, а я — журналістам. Ды яшчэ на пасадзе з інтрыгуючай назвай — аглядальнік. І я таксама не збіраюся сыходзіць са свайго месца. Думаю “дасядзець” на ім да ўжо хуткай пенсіі. А паколькі памер яе будзе нашмат меншы, чым у тых “чэсных” журналістаў, якія звыкла “к штыку прировняли перо”, прыйдзецца пэцкаць паперу ці не да самай глыбокай старасці.

Але ўлетку 1994 года яшчэ не было гэтага вызначэння статуса журналіста праз супрацьпастаўленне “чэсных” і “нячэсных”. Каб не магчымасць пісаць тое, што думаю, я б ніколі не ўзяўся за пяро. Недахопу ў апанентах, дарэчы, ніколі не было. Так атрымоўвалася, што заўсёды вакол мяне былі разумныя людзі: з імі можна было і паспрачацца, і знайсці сярод іх аднадумцаў. Нават у Мінскай сувораўскай вучэльні, дзе пазней, калі адмовіўся працягваць вучобу ў вышэйшым ваенным вучылішчы, быў вымушаны служыць шараговым вайскоўцам. Хто служыў, той разумее: без асаблівай і мэтанакіраванай увагі да сваёй персоны з боку бацькоў-камандзіраў не абыходзілася. Але ж “прэсаванне” не прынесла аніякага плёну асабліва зацятым з іх. І шмат якіх афіцэраў, з якімі мяне, звычайнага салдата, зводзілі акалічнасці, успамінаю з удзячнасцю. Што казаць, мне нават выдалі накіраванне на падрыхтоўчае аддзяленне БДУ. Хоць скарыстацца ім не давялося: грошай не было, каб ісці на стацыянар. Адстаяў шэсць год у чарзе за дыпломам на завочным. Розныя там былі студэнты, трапляліся і такія, хто на самай справе хацеў стаць спецыялістам. А для мяне ж гэта было адзіным апраўданнем свайго незразумелага многім адмаўлення ад ваеннай кар’еры.

Хацеў быць даследчыкам, як мінімум паважаным, а гэта значыць дасведчаным выкладчыкам. І ў апанентах з ліку калег ды студэнтаў недахопу на адчуваў.

Зразумела, хацелася б большага дабрабыту, асабліва калі параўноўваеш сябе з журналістамі, якія ўмеюць “жыць чэсна”, але тую інтэлектуальную свабоду, якая зараз у мяне ёсць, здаецца, не памяняў бы ні на што. Бо да ўсяго дадаецца і адчуванне прафесійных магчымасцей.

Тут або быць, або не быць. Трэцяга не дадзена.

Ды і быць самім сабой не надта складана. Жыву ў вёсцы, у бацькоўскай хаце, бо мне гэта падабаецца. Калі б былі грошы, то давёў бы яе да толку, наняўшы спецыялістаў, а так што ні лета, то ці рамонт, ці мадэрнізацыя. Але ж сваё, роднае…

                                   *                *               *

Нарадзіўся 17 мая 1952 года ў вёсцы Падыгрушша побач з “мегаполісам” Смалявічы, які быў тады яшчэ звычайным гарадскім пасёлкам. Помню сябе з 56-га года, але не з нагоды ХХ з’езда КПСС, а таму, што вёску нашу тады электрыфікавалі. А я, доўбень, праглынуў востры абломак фаянсавага ізалятара. Мама і бабка бедавалі, але той ізалятар раніцай натуральным шляхам сам пакінуў мой арганізм. Летам 58-га бацька купіў першы ў вёсцы тэлевізар, што вельмі добра памятаецца і як асабістае перажыванне нечага дзіўнага, і як сацыяльна-статусная з’ява ўвогуле. Людзей на прагляд “кіна” ў хату набівалася столькі, што мне карцела наладзіць продаж білетаў.

Але нават і праз 50 гадоў тое лета як натуральна шчаслівае ў жыцці я ўспамінаю не дзякуючы тэлевізару, а таму, што пражыў яго, як той Маўглі, сярод птушак і звяроў. Тады ў кожным вясковым двары былі карова з цялушкай, і вёска на сезон наймала пастуха, да якога па чарзе ўсе малыя траплялі “падпасавічамі”. А гэта было нудна і магло парушыць усе твае планы. Таму старэйшыя хлопцы, а з імі і дзеўкі, папрасілі ў бацькоў дазволу вылучыць сваю жывёлу асобна ды пасвіць кароў, як кажуць, талакой. А пасвілі тады на былых торфараспрацоўках, дзе ручаіны з канавамі пазарасталі хмызам, былі сажалкі, вадзілася рыба, знаходзіліся птушыныя гнёзды. А “за другой дамбай” у старыцы Плісы быццам бы жылі выдры.

Да гэтай пары не ведаю, чаму мяне ўзялі ў кампанію старэйшыя, за што выпала такое шчасце…

Памятаю добра верасень 1968 года, калі вырашыў пасля канікул пакінуць сувораўскае вучылішча, аб чым падаў, як кажуць, рапарт “па камандзе”. Але мяне бацькі-камандзіры не адпусцілі, напалохаўшы родных тым, што прыйдзецца заплаціць добрую капейчыну за з’едзены мною казённы хлеб. Таму ў казарме давялося правесці яшчэ чатыры гады. Надзець шынель лёгка, не тое што зняць. Да таго ж мной, як зразумеў пазней, была зроблена тактычная памылка: менавіта ў верасні 1968 года, калі ваеннае ведамства намагалася павысіць сярод асабовага складу градус савецкага патрыятызму з нагоды ўводу войскаў Варшаўскага дагавора ў Чэхаславакію, мой рапарт меў мінімальны шанц быць задаволеным. І справа зусім не ў маёй асобе: той восенню “па ўласным жаданні” з вучылішча не адлічылі б нават хранічнага двоечніка.

Цікава, што пасля паступлення ў Мінскае сувораўскае вучылішча знаёмыя пыталіся ў майго бацькі, каго і як ён “падмазаў”, каб сына залічылі. А пасля майго адлічэння з Ленінградскага вышэйшага артылерыйскага вучылішча распытвалі, якое такое злачынства я ўчыніў. І чаму так лёгка “адмазаўся” — усяго двума гадамі вайсковай службы звычайным шарагоўцам. Хоць і на гэты раз я сам падаваў рапарт на адлічэнне.

Паважалі тады ў народзе прафесійных ваенных ды армію за тое, што яна давала ім нейкі надзейны дабрабыт. Мусіць, таму, што “на гражданке” нават і напамінаў пра яго не было

                                                           *                            *                      *

У першую і апошнюю газету для сталай працы я трапіў амаль што выпадкова. Хаця хочацца лічыць, што запрашэнне яе рэдактара Вячаслава Хадасоўскага было не зусім выпадковым. Нават па першым часе, калі я яшчэ не зусім добра адчуваў сябе ў новай прафесіі, ён не выказваў адкрытага нездавальнення. А потым я атрымаў амаль што поўную свабоду дзеянняў, зразумела, у межах прымальнай паліткарэктнасці, якая больш тычыцца формы, не прымушаючы да кампрамісу ў поглядах і ацэнках.

І ў гэтым сэнсе “нячэсная” журналістыка дала мне тую інтэлектуальную і творчую свабоду, якой я ніколі не меў пры савецкай уладзе. Яна ніколі і не абяцала яе. З гэтага боку, як той казаў, “жизнь удалась”.

Вядома, хацелася б большага ў матэрыяльным плане, але ж у жыцці за ўсё трэба плаціць. Зразумела, што і ў мяне былі бацькі, якім хацелася бачыць сына больш “заможным”, дзеці, пра якіх трэба было клапаціцца. Але працаваць “па-чэснаму”…

*                    *                      *

Было нейкае здзіўленне, калі мае артыкулы пачалі друкавацца. Але паколькі гэта не прыносіла вялікага матэрыяльнага плёну, то здзіўленне хутка прайшло. А ўвогуле на тое яны і родныя, каб да цябе прыязна ставіцца.

Увогуле са мной добра разумеюцца людзі, якіх я паважаю не толькі як аднадумцаў, а і, што вельмі прыемна, за іх маральныя якасці, высокую культуру. Мірыцца з кім-небудзь таму, што я нягоднік, але наш нягоднік, слава Богу, яшчэ не даводзілася.

Чаму ж часам бывае сумна? А таму, што прадстаўнікам майго пакалення зараз належыць палітычная і эканамічная ўлада ў краіне. На жаль, большасць з гэтых людзей па сваіх асабістых якасцях не адпавядае сваёй высокай місіі. Улада звалілася ў іх рукі ў выніку нейкіх гістарычных катаклізмаў, можна сказаць, выпадкова. І ва ўладзе яны бачаць перш за ўсё той універсальны інструмент, з дапамогай якога можна лёгка кіраваць людзьмі, адбіраць у іх сацыяльную энергію для выкарыстання ва ўласных мэтах. А гэта жудасна непрадукцыйна, з пункта гледжання будучага развіцця Беларусі.

Таму і пра маё пакаленне можна казаць як пра страчанае, але адначасова і прагматычнае, і карыслівае, і лжывае. Яму непазбежна прыйдзецца апраўдвацца, спасылаючыся на дрэнную спадчыннасць і перажыткі “саўковасці”, на тое, што ў іх былі састарэлыя бацькі і малыя дзеці, пра якіх трэба было клапаціцца і даглядаць. Але ўсё гэта будзе ад нячыстага. Спробай перакласці адказнасць на тых, каго ўжо даўно няма, і на тых, хто прыйдзе следам за намі.