Статкевіч (Адамовіч) Марына

%d1%81%d1%82%d0%b0%d1%82%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%873

З кнігі  "Супраць плыні"

МАНАЛОГ СА СЛЯЗАМІ НА ВАЧАХ  

Шчыра кажучы, назву гэтага артыкула я прыдумаў на самым пачатку нашай размовы, а напрыканцы хацеў памяняць, бо слёз, па сутнасці, не было. Вочы Марыны Адамовіч заблішчалі толькі адзін раз. Калі яна ўзгадвала галадоўку Мікалая Статкевіча і тое, што ён тады амаль не памёр.

І ўсё ж такі назва засталася. Для таго, каб кожны з нас больш яскрава разумеў, што давялося перажыць гэтай мужнай жанчыне.

Погляд у мінулае

Падрабязнасці расказваць  не буду, бо мы заўсёды імкнуліся зберагчы сваё асабістае жыццё для сябе. Скажу толькі, што пазнаёмілася з Міколам Статкевічам 18 гадоў таму. Дакладней, 27 траўня 1993 года. Гэта былі часы перамен і спадзявання на лепшае. У пэўным сэнсе нават эйфарычнага стаўлення да жыцця, бо кожны дзень прыносіў нешта новае – досвед, веды, радасць.

Цэлы год мой сябра Мікола Міхноўскі “праядаў плешку”, расказваючы пра тое, які цудоўны хлопец  Мікола Статкевіч, што нядаўна стварыў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў (БЗВ). Асабіста мы знаёмымі не былі, хоць часта абодва  наведвалі кабінет Дома літаратараў, дзе Міхноўскі працаваў разам з паэтам, які, на жаль, ужо памер, Алесем Емельянавым.

27 траўня – дзень нараджэння Міколы Міхноўскага.  Традыцыйна штогод заходзіла яго павіншаваць і  аднойчы сустрэла там яшчэ двух Міколаў – Статкевіча і Бірукова (на жаль, яго таксама ўжо няма). Два сябры,  заснавальнікі БЗВ, падпалкоўнікі, выкладчыкі.

Так што знаёмству нашаму вельмі шмат гадоў, ну а  разам пачалі жыць толькі чатыры гады таму, пасля вызвалення Мiколы з «хiмii», падчас якой быў разбураны яго шлюб.

Дата  майго нараджэння  – 28 ліпеня. Вёска Бараўцы Вілейскага раёна. Мая маці Ніна Фёдараўна працавала там дырэктаркай школы. Цікава, што першапачаткова яна выкладала рускую мову, а потым пад уплывам  “дзіцяткі” перайшла на беларускую і апошнія 20 год сваёй прафесійнай дзейнасці займалася менавіта гэтым – выкладала беларускую мову i лiтаратуру i прызнавалася, што атрымлiвала ад гэтага сапраўдную асалоду.

Аднойчы, калі я ноччу змагла “разгрузіць” на мытні “фуру” з лекамі, што да гэтага нiяк не ўдавалася зрабіць, мытнік спытаў, кім  працую, і даў свой каментар — “специалист по разрешению неразрешимых ситуаций”. Сапраўды, у жыцці я  шмат што ўмею.

Адукацыяў у мяне таксама шмат, але самая галоўная і любімая – медыцынская. Я скончыла Медыцынскі інстытут, калі ён яшчэ не быў універсітэтам, і стала эпідэміёлагам.

Акрамя гэтага, у першай палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі здавалася, што  ў нашай краіны прывабныя перспектывы, я пайшла вучыцца на юрфак БДУ. Хацелася быць прыватным  адвакатам.

Як вядома,  другая вышэйшая адукацыя у нас заўсёды “платная”, таму, каб зарабіць на яе грошы, я скончыла яшчэ і  курсы бухгалтараў-эканамістаў. Апроч гэтага ўмею рабіць “мелкую пластыку”, скураныя ўпрыгожваннi,  малявала акварэлі і г.д. У цяжкiя часы бывала, што гэтым зарабляла нашмат больш, чым працай выкладчыка…

Зарабляла i перакладамі (калісьці такое было распаўсюджана) з рускай мовы на беларускую.

У 1995 годзе разам з Кастусём Цвiркам i Генадзем Вiнярскiм дачынiлася да стварэння “Беларускага кнiгазбора».

Беларусчына — гэта з 59-й школы. Мы тады ўжо жылi ў Мінску. Спачатку нам з настаўнікамі  не шанцавала, а потым беларускую мову пачала выкладаць Анфіса Іванаўна Пыльчанка. Менавіта яна ў межах пазакласнага чытання прапанавала мне прачытаць  летам “Каласы пад сярпом тваім”   Уладзіміра Караткевіча. У маёй душы з гэтага моманту адбыўся сапраўдны пераварот: пачала вельмі моцна цікавіцца ўсім БЕЛАРУСКІМ.

Дарэчы, гэта быў у нашай хаце не першы твор Уладзіміра Караткевіча. Калісьці сябра майго бацькі лячыў знакамітага пісьменніка. Той падарыў “Зямлю пад беламі крыламі”.

Калі  не памыляюся,  наведваць Нацыянальную, а тады яшчэ Ленiнскую, бiблiятэку, каб больш грунтоўна вывучаць пэўныя рэчы, тады маглі толькі студэнты, пачынаючы з трэцяга курса, таму я не магла дачакацца моманту самастойнага вывучэння закрытай для грамадскасці айчыннай гісторыі. Таму падчас з’ялення прац Ермаловіча, мне не зусім было зразумела, чаму іх сустрэлі з такім захапленнем, таму што ўсё гэта я ўжо ведала і яно падавалася мне абсалютна відавочным.

Пра  бацьку хацелася б расказаць асобна. На жаль,  Міхаіл Філіпавіч сышоў ад нас тры гады таму. Можна сказаць, яго лёс  пачаўся цудоўна адразу ж. Бацька з’явіўся на свет 26 ліпеня 1933 года ў памежнай Вілейцы. Так бы мовіць, “за польскім часам”.

Праваслаўная сям’я. Ніхто не верыў, што дзіця выжыве. Яго цётка выйшла з радзільні на вуліцу і папрасіла першага сустрэчнага пахрысціць дзіця, каб можна было яго нармальна пахаваць. Гэтым чалавекам аказаўся прадстаўнік тагачаснай польскай адміністрацыі. Каталік пагадзіўся падпарадкавацца ў гэты момант праваслаўнаму абраду. Бацька быў ахрышчаны, але падняўся  такі скандал, што прымусіў гэтага чалавека з’ехаць з Вілейкі ў Польшчу.

Ён быў упэўнены, што  немаўлятка памерла, і толькі ў 60-я гады мінулага стагоддзя, калі прыехаў сюды з турыстычнай групай, даведаўся ад  цёткі, якая папрасіла  пахрысціць немаўля, што дзіця выжыла. Потым  яны нават  сустракаліся.

Чаканне выпрабаванняў

Напэўна, каб ён не “пайшоў у прэзідэнты”, я б крыху здзівілася, таму што Мікола  нiколi не хаваў сваіх мэтаў. Але  зусім не тых, якія старанна  агучваюць яго палітычныя “сябры”. Яму стварылі імідж “вулічнага байца”.  Насамрэч, усё не так. Магчыма, гэта будзе суб’ектыўна, але ніхто мне пакуль у самастойных поглядах  не адмаўляў.

Дык вось. Так, ён вельмi мужны чалавек, таму i ўзначальваў раз за разам “вулiчныя” акцыi: нехта ж павiнен… Але ж, у маім уяўленні, нікога роўнага яму ў беларускай палітыцы сёння няма. Па аналітычных здольнасцях, па здольнасці разумець, што адбываецца ў нашай краіне,  па здольнасці  прагназаваць развiццё сiтуацыi i рабiць тое, што неабходна рабiць.

…На жаль, і вядомасць, i iмiдж чалавека вельмі часта залежаць не ад яго сапраўдных вартасцей, а ад выкарыстання пэўных тэхналогій. Не будзем гадаць — добра гэта ці дрэнна, але тое, што з “нічога” можна зрабіць асобу, падзею, чалавека, відавочна…

На мой погляд, Мікола – Асоба з самага пачатку. Можа гэта здаецца высокімi словамi, але ён, сапраўды, больш за ўсё на свеце любіць Беларусь. Такі выбар зрабіў яшчэ на мяжы 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя,  і усё, што было зроблена потым, ідзе ў фарватары менавіта гэтага выбару.

Падсумоўваючы, скажу так.

Па-першае, Мікола ніколі не адмаўляў таго, што ён гатовы пайсці на гэтыя выбары і гатовы ўзяць на сябе адказнасць за лёс краіны.

Па-другое,  ён, як ніхто і, мабыць, ледзь не адзіны, дакладна ведаў, што трэба рабіць на гэтых выбарах. Ён не ішоў на электаральную кампанію, бо добра ведаў, што  з 2001 года ніхто не лічыць галасы, і ілюзіяў, спадзяванняў на нейкі другі тур у яго не было ніколі.

Не перастаю здзіўляцца кранальнай наіўнасці людзей, якія яшчэ вераць ці ў “добрага цара”, ці ў нейкія дзівосы. У гэтай улады зусім іншая сутнасць.

У краіне, дзе няма выбараў, грошы ў “электаральныя” кампаніі можна ўкладваць  цi дзеля нейкага піяру, цi з наiўнасцi.

Мікола гэта  ведаў добра. І я таксама.

У пэўнай ступені ён прыносіў сябе ў ахвяру, бо разумеў, з чым і з кім  прыйдзецца змагацца,  у якiх умовах. Шчыра кажучы, спадзеву на нейкія імгненныя змены не было з самага пачатку. Такую ўладу так проста не аддаюць. Ды i  народ яшчэ не быў гатовы да нейкіх кардынальных дзеянняў.

Бацька Міколы Віктар Паўлавіч увесь час прычытаў: “Навошта табе гэта”. А я яму гаварыла, што Міколу нельга спыняць, яму можна толькі дапамагчы.

Безумоўна, Мікола чалавек з амбіцыямі, але іх сутнасць не ў асабістай уладзе. Больш за тое, Мікола быў гатовы зняць сваю кандыдатуру на карысць іншага чалавека, каб удалося дамовiцца на «адзiнага». Але толькі  з пэўнымі  ўмовамі, якія тычыліся ўсёй краіны. На жаль, гэтага не адбылося.

Афіцыйна я ў  гэтай выбарчай кампаніі Міколы не ўдзельнічала: хацеў мець надзейны тыл. Як высветлiлася пазней, цалкам меў  рацыю: на допыце ў КДБ мяне пужалi, абяцалі “пасадзіць”. У іх не было падстаў.

Чамусьці ўсе думалі, што ў дзень выбараў улада не пойдзе на нешта жорстка-брутальнае. Я так не думала. Гледзячы на гістэрыю кіраўніка дзяржавы, я была абсалютна ўпэўнена: будуць біць. Лукашэнка трымаўся з апошніх сіл.

Вечарам 19 снежня мы  былі ўчатырох. Сярод прысутных панавала поўная эйфарыя. Гэта быў першы выпадак за доўгія гады, калі людзі, убачыўшы, што іх вельмі шмат, адчулі сябе такімі разняволенымі, шчаслівымі, годнымі. Яшчэ на Кастрычніцкай плошчы мы дамовіліся, што нізашто не выпусцім у выпадку небяспекі рукі адзін аднаго і ні пры якіх абставінах не пабяжым. Гэта і дазволіла не паддацца паніцы, асабліва, калі “праз нас” пабег народ. Безумоўна,  была спакуса зрабіць тое ж самае, але стрымала папярэдняя дамова. Мы толькі счапілі моцна рукі.

Пачатак выпрабаванняў

Ён прыйшоў туды, куды і абяцаў прыйсці сваім выбарцам. На Кастрычніцкую плошчу. Добра вядома, што адбылося дагэтуль. Дадам толькі, што падчас  “бандыцкага” нападу на “калону Някляева” Мікола быў адзіным, хто адрэагаваў на гэта адпаведна свайму вайсковаму мінуламу. Ён здолеў прыціснуцца спіной да машыны ДАІ і пачаў адбівацца. Адзін хлопец спрабаваў прыкрыць яго сваім целам, але Мікола падумаў, што галава гэтага хлопчыка нічым не горшая за яго галаву, і стаў прыкрываць таго рукамі. Менавіта па гэтай прычыне яны ў яго былі так моцна  збітымі.

“Дастаць”  нападнікі не змаглі, і тады адзін з іх папоўз да яго па снезе. Адзінае выйсце  — даць яму нагой па галаве. Мікола разумеў гэта, але замешкаўся, так не зрабіў: усё ж ударыць чалавека у твар, ды яшчэ нагой – мы ж не на вайне i гэта не вораг… Прынамсi, так мы лiчылi да 19-га. Пашкадаваў. І  страціў прытомнасць: збілі з ног, нанеслi некалькi ўдараў па галаве. Прыйшоў у сябе, калі на ім ўжо “сядзела” некалькі чалавек  у масках і бязлітасна біла.

Пазней ён найшоў кіраўніка свайго выбарчага штаба  Сяргея Марцалева і яны разам сталі прабірацца на Кастрычніцкую плошчу. Ён абяцаў гэта людзям, а абяцанні свае прыстойны чалавек павінен заўсёды выконваць. І не важна, у якім ён стане.

Атрыманыя падчас нападу траўмы, як пазней высветлілася, аказаліся значна больш сур’ёзнымі, чым гэта падавалася на першы погляд. Ногі былі так збіты, перабiта калена, што ён фізічна не змог падняцца на прыступкі помніка Леніну. Пра ўсё гэта я даведалася толькi праз пяць месяцаў.

На плошчы ўвесь час   імкнулася трымаць Міколу ў полі зроку і “згубіла” яго толькі  каля Дома ўрада. На судзе высветлілася, што яго з Саннікавым нейкі афіцэр міліцыі запрасіў на “перамовы” з урадам.  Гэта быў даволі подлы і цынічны падман, бо замест перамоў пачаўся “хапун”.

Я пастаянна тэлефанавала Міколу, аднак змагла пагаварыць толькі, калі ён выйшаў да Глаўпаштамту. Ён параіў  ехаць да мацi ў “Лошыцу”, а сам з дапамогай ахоўнікаў накіраваўся ў Міхайлаўскі сквер.

Дарэчы, калі мы выходзілі з плошчы Незалежнасці, то я заўважыла, што ў вонкавым ачапленні стаяць звычайныя вайскоўцы, а не спецназ альбо ўнутраныя войскі, навучаныя “ваяваць” з бяззбройнымi людзьмi. Калі мы iшлi паўз iх i глядзелi ў вочы, то там-сям нас з гэтага “кола” выпускалі, яны нават хавалі вочы. Гэта азначае, што ў выпадку “нешта не так” улады былі гатовыя прымяніць супраць людзей армію.

З Міхайлаўскага сквера Мікола патэлефанаваў Алесю Iванавічу Арэстовічу, бо адчуваў сябе вельмі дрэнна. Той прыехаў. Яны выклiкалі таксоўку, але літаральна праз некалькі метраў былі заблакаваныя машынамі. Без асобых сантыментаў  разбілі шкло, выкінулі гаспадара з яго таксоўкі,  селі самі за руль і павезлі ў невядомым напрамку.

Пэўны час яго тэлефон яшчэ адказваў. Я вельмі доўга была каля плошчы, таму што нашы “праваахоўныя органы”  не цырымоніліся з дэманстрантамі. Адны выходзілі з разбітымі галовамі, другім зламалі рэбры.  Трэба было людзям дапамагаць.

Мікола сказаў, што, мяркуючы па Чыгуначнай вуліцы, яго (хутчэй за ўсё) вязуць на Акрэсціна. Так яно і было, але потым нешта “перагулялі”. У нас сёння так шмат розных спецыяльных службаў, што няма нічога дзіўнага ў тым, што час ад часу паміж імі адсутнічае элементарная  каардынацыя.

“Бралі” Міколу, верагодна, міліцыянты. Яны і павезлі  па знаёмым маршруце – на Акрэсціна.  І толькі потым высветлілася, што “даставіць  Статкевіча” трэба было ў “амерыканку”.

Аднак я ўсяго гэтага не ведала. І, пачуўшы пра Акрэсціна, крыху супакоілася. Маўляў, абышліся “малой крывей” – 15 сутак. На наступны дзень паехала туды яго шукаць. Але безвынікова. Тое ж самае было на “валадарцы”і ў “амерыканцы”.

Тады мне параілі перадаць перадачу. У “амерыканцы” яе прынялі, і я зразумела, што Мікола менавіта там. Нават у межах аднаго ведамства поўная разбалансаванасць. У адным акне ілгуць: “Статкевіча няма”, а ў другім – прымаюць для яго перадачу…

Праз выпрабаванні – да перамог

Калі Мікола аб’явіў галадоўку, я баялася, што ён можа загiнуць, але добра разумела, што так ён і павінен быў паступіць.

Першую “цыдулку” (некалькі слоў) я атрымала ад яго 18 студзеня 2011 года, то бок, праз месяц пасля арышту. Напісана яна была вельмі тонкім почыркам, які Мiколу не быў уласцівым. Датаваная яна была 13 студзеня і атрымлівала толькі інфармацыю пра тое, што ён мусiў спыніць галадоўку. Параілася з адвакатам і iншымi людзьмi, якiм давяраю, i мы разам прышлі да высновы, што КДБ вельмі важна, каб навіна пра спыненне галадоўкі паявілася  напярэдадні абмеркавання “беларускага” пытання Еўрапарламентам. Стала  страшна: а раптам гэта дэзынфармацыя, Мiкола не спыняў галадоўкi, яго жыццё у небяспецы, а мы «згуляем» па правiлах КДБ? Вырашылі яе не агучваць.

Як высветлілася потым,  супрацоўнікі спецслужб вывезлi яго з СIЗА, прыкавалi да ложка, паказалi аналiзы, якiя, сапраўды, былi вельмi дрэнныя, i сказалі – заўтра ты страцiш прытомнасць i мы зробім з табой, што захочам.

Не, Міколу яны не зламалі. Проста ён  дайшоў да мяжы самакантролю, а для яго страшна– перастаць кантраляваць сябе “ў стане ворага”.

Не дачакаўшыся ад мяне патрэбнай ім інфармацыі, улады абвясцiлi аб cпыненнi галадоўкi самi, абнародаваўшы адпаведны ліст пракуратуры.

Такога не пажадаеш нават ворагу, але я ведала, што Мікола гатовы прынесці сябе ў ахвяру. Адзінае, на што было спадзяванне, – смерць кандыдата ў прэзідэнты нявыгадна ўладзе, і яны зробяць усё, каб яе не дапусціць. І дзякаваць Богу!

Як гэта яны зрабілі, для мяне і сёння загадка, таму што ў тым стане, у якім Мікола знаходзіўся, рэдка дасягаецца поспех. На шчасце, у іх атрымалася.

Спіс прадуктаў, якія яны праз лiст прасілі тады прынесці, уводзіў мяне амаль у гістэрыку, бо на 1000 адсоткаў супярэчыў майму медыцынскаму досведу. Уявіце, для вываду чалавека з галадоўкі яны прасілі прынесці смятану  ці сметанковае масла, кефір, тварог і т.п. Магчыма, гэта з невядомай мне медыцыны катастрофаў…

На ўсе мае просьбы i патрабаванні даць нам спатканне  і не чыніць перашкод ў ліставанні з КДБ, пракуратуры, следчых органаў  ішлі выключна адмоўныя адпіскі. У першы раз я яго ўбачыла толькі, калі пачаўся судовы працэс – 11 траўня 2011 года. Спатканне нам далі, калі прагучаў прыгавор.   З трох гадзін яны подла “скралі” 20 хвілін.

Цяпер Мікалай знаходзіцца ў Шклоўскай калоніі і тыя ж рэчы адбываюцца нанова. Зноў пачаліся праблемы з ліставаннем, і я бачу тут адну руку. Яны зноў злуюцца і не ведаюць, што рабіць, а ў такіх выпадках, як вядома,   нічога разумнейшага не знаходзяць, чым рабіць подласці.  Вакол нас зноў пачалося нейкае непрыемнае варушэнне.

Пайшоў другі месяц, а я атрымала ад Міколы толькі тры лісты. Сказала аб гэтым публічна і, калі я 27 чэрвеня туды паехала з перадачай, зайшла да начальніка. Ён мне прапанаваў напісаць ліст проста там. Маўляў, цэнзар сядзіць у суседнім кабінеце, таму Мікола яго атрымае праз 15 хвілін. Я так і зрабіла.

У Шклове раз на тыдзень ім дазваляюць тэлефанаваць.  Праз два дні  ён мне патэлефанаваў, падзякаваў за перадачу, а на пытанне пра ліст адказаў, што нічога не было. Тады я “села на каня” і выказала ў слухаўку ўсё, што думаю пра афіцэрскі гонар.   Неўзабаве, Мікола атрымаў-такі мой ліст, але …з мінскім паштовым штэмпелем. Той самы, які быў напісаны па “прапанове” начальніка калоніі…  Мабыць, як з жартам выказаўся Мікола, яны ўсё яшчэ шукаюць таемныя чарніла і мае лісты ідуць выключна праз беларускую сталіцу…

14.07.11
%d0%a1%d0%a2%d0%90%d0%a2%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%98%d0%a7-2 %d0%a1%d0%a2%d0%90%d0%a2%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%98%d0%a7-6 %d0%a1%d0%a2%d0%90%d0%a2%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%98%d0%a7-7