Статкевіч Мікола

%d0%a1%d0%a2%d0%92%d0%90%d0%a2%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%98%d0%a7-55

З кнігі "Жыццё пасля кратаў"

ВЯСЕЛЛЕ ЗА КРАТАМІ

Напамін: Мікалай Статкевіч нарадзіўся 12 жніўня 1956 года ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна. Скончыў сярэднюю школу, затым — Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча. У 1991 годзе стварыў і ўзначаліў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў. З 1995 года старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу. У 2009 годзе Кангрэсам еўрапейскага выбару вылучаны кандыдатам у прэзідэнты. 19 снежня 2010 года браў удзел у акцыях пратэсту, за што і быў арыштаваны.

26 траўня асуджаны да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У студзені 2012 года яму быў заменены рэжым пакарання і ён пераведзены на 3 гады ў турму №4 г. Магілёва.

Напэўна, Марына Адамовіч, адна з самых актыўных з тых, каго самі яны называлі “мамажонамі”. Афіцыйная ж назва — камітэт “Вызваленне”. Створаны ён быў адразу пасля арыштаў, якія сталі “візіткай” крывавых падзей 19 снежня 2010 года. Складаўся з маці і жонак тых, хто апынуўся тады за кратамі. Таму і гучыць так смешна — мамажоны.

Не смешна толькі тое, што муж Марыны – Мікалай Статкевіч па гэты дзень знаходзіцца за кратамі…

— Наколькі я памятаю, першыя дні знаходжання Мікалая ў Шклоўскай калоніі складаліся , мякка кажучы, не самых лепшым чынам …

—  Нагадаю, што Міколу этапавалі ў Шклоў 11-га чэрвеня 2011 года. Вельмі добра памятую той дзень, таму што менавіта тады не стала Віталіка Сіліцкага. Да 7-га ліпеня ў мяне яшчэ былі спадзевы на тое, што ў калоніі будуць прытрымлівацца (хаця б у ўрэзаным выглядзе) нейкіх законаў і правоў асобы. З прыездам у Шклоў Лукашэнкі іх не стала.

Новы мясцовы завод газетнай паперы фактычна мяжуе з калоніяй. Пад час выступу і прагучала добра вядомая прапанова пра тое, што “хай напішуць прашэнне аб памілаванні і з’язжаюць”. Былі  таксама надзеі на тое, што “порядочные заключенные им (палітычным) покажут”.

Атрымалася наадварот. Па сутнасці, паўсюды зняволеныя па іншых артыкулах аказвалі падтрымку “палітычным”.

З гэтага  візіту пачаўся неверагодны ціск на усіх палітвязняў. У шклоўскай калоніі (акрамя Міколы Статкевіча — заўвага аўтара) тады “сядзелі” Аляксандр Класкоўскі, Алег Гнедчык,  Уладзімір Лобан і Зміцер Новік.

У дзень народзінаў Міколы (12 жніўня) было аб’яўлена амаль надзвычайнае становішча. За ім ўвесь час хадзілі наглядчыкі — не на хвіліну не пакідалі аднаго. Але, як толькі адварочваліся, на яго ложку нешта з’ўлялася. З суседняга атрада нават умудрыліся перадаць торт.

А чалавек, якога ўвогуле “не грэлі” з волі (не перадавалі перадач —заўвага аўтара), пакінуў лусту хлеба. Мікола напісаў мне гэта ў лісце, але цэнзура праявіла пільнасць. Ліст зачытвалі перад усім атрадам, а Міколу аб’явілі спагнанне.

Мяркую, таму, што тое, што здарылася, цалкам не адпавядала канцэпцыі Лукашэнкі пра тое, што “порядочные заключенные им покажут”…

Тактыка “дробных паскудстваў” (і не толькі дробных) выкарыстоўвалася літаральна ва ўсім. Напрыклад, спілавалі турнік, на якім Мікола займаўся, калі пасля галадоўкі пачаў аднаўляцца…

Цалкам прапала інфармацыя. Зніклі лісты і тэлефанаванні. За тры месяцы я не атрымала ад яго ніводнага ліста. Яго  паставілі на самую цяжкую працу — тартак шклоўскай калоніі, на падноску камлёў дрэваў і адцягванне дошак. Пры гэтым не выдалі ніякага спецадзення, спецыяльнай вопраткі. У гумавых шлёпанцах ён цягаў бярвенні….

Канешне, ” маладыя” імкнуліся большую частку гэтай працы узяць на сябе, але трэба ведаць Міколу.  Дарэчы, на тартак, звычайна ставяць тых, каму да 30-ці год. Мікола смяяўся, што афіцыйна прызнаны маладым.

Гэтая работа нанесла два сур’ёзных пашкоджання. Спачатку ён зламаў рабро, а потым камлём расплюшчыў руку. Канешне, я б аб гэтым  нічога не ведала, калі б не дапамога зняволеных, якія здолелі праз нейкі дзень мне пра гэта паведаміць.  Кіраўніцтва калоніі атрымлівалася імкнулася “схаваць” інфармацыю аб траўме.  Пры іншых абставінах за такое надзвычайнае здарэнне шмат “паляцела б галоў”.

Не гледзячы на тое, што была траўмаваная рука, яго перавялі на верхнія нары. Каб цяжэй было залазіць …

14 верасня іншых “палітычных” выпусцілі. Мікола застаўся там адзін. Ціск, які прыходзілася яму перажываць адносна напісання прашэння пра памілаванне, быў вельмі моцным. Ён адчуваўся літаральна ва ўсім. Аднак “зламаць” ніяк не атрымлівалася.

Нават у такіх звышжорсткіх умовах Мікола змог напісаць два лісты (і перадаць на волю), дзе выкладаў сваё бачанне сітуацыі, звяртаўся да апазіцыі і нашых сяброў за мяжой. 5-га снежня яны былі надрукаваны, а 6-га аўтара “кінулі” у штрафны ізалятар.

Потым я даведалася, што ўсіх, хто вызваліўся незадоўга да публікацыі, “правяралі” асабліва ўважліва. Высвятлялі, якім спосабам адбылася “уцечка інфармацыі”.

Словам, “прыстойныя зняволеныя” не апраўдалі нечых надзей, і Мікола стаў спачатку “злосным парушальнікам”, а потым хутка (за бойку, якой не было) трапіў у так званае памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

ПКТ ёсць ва ўсіх калоніях, і нагадваюць сабой  “крытку”, то бок, сапраўдную турму. У маленькім памяшканні ні было ніводнага акенца. Нейкім чынам з трох бакоў яно агібаецца калідорам. Круглыя суткі за металічным шчытом, у якім прабітыя дзюркі, гарыць лямпачка ў 40-к ват. Плюс звычайная (лёгкая) роба. Спаць можна было толькі на падлозе, прыціснуўшыся да трубы, якая ішла па нізе пад сталом. Месца там было вельмі мала. Каб перавярнуцца на другі бок, трэба было кожны раз вылазіць і зноў “працягваць” сон. На прагулку яго выводзілі ў палове сёмай раніцы. Зімой гэта цемень, таму прыйшлося забыць пра “былы свет”.

Літаральна праз некалькі  дзён было прынятае рашэнне аб пераводзе ў турму і стаў рыхтавацца адпаведны суд. 12 студзеня на тэрыторыі калоніі адбыўся “адкрыты суд” і суддзя Віталь Волкаў (людзі павінны ведаць гэтыя прозвішчы) прыняў рашэнне аб пераводзе Міколы на тры гады ў турму. Этапавалі яго ў той жа вечар.

Як потым высветлілася, адміністрацыя шклоўскай калоніі падрыхтавала некалькі “сюрпрызаў”. Па прыедзе ў Магілёўскую турму нумар чатыры стала вядома, што Мікола “схільны да нападу і уцёкаў” а яшчэ і да самагубства”. Гэта азначае татальны кантроль (ледзь не кожную гадзіну) і патэнцыйную верагоднасць трапіць у так званую “бяспечную камеру”. Прасцей кажучы, у адзіночку.

Апошняе асабліва напружвала, бо ціск наконт напісання просьбы пра адпаведны перавод пачаўся адразу ж. А ў адзіночцы можна зрабіць з чалавекам, што заўгодна. Нават забіць… А потым можна сказаць пра самазагубства…

Акрамя гэтага стала вядома, што за некалькі гадзін паміж судом і этапам ён “атрымаў” яшчэ адно спагнанне, таму па прыездзе у Магілёў Мікола адразу патрапіў у карцар.

Пасля гэтага яго накіравалі не ў памяшканне турмы, а ў памяшканне следчага ізалятара, дзе ён знаходзіцца па гэты дзень, што даволі нахабна парушае ўсё існуючыя  правілы.

Больш за тое, літаральна да лістапада ён знаходзіўся у “транзітнай” камеры. Там няма падлогі, з усіх бакоў — бетон. А перавялі яго ў іншую зусім не па “гуманным” меркаванням — таму што ў “транзітнай” камеры ад вільготнасці, сырасці, холаду пачала абвальвацца тынкоўка. Яе банальна МУСІЛІ “паставіць на рамонт”.

Першыя два месяцы Мікола правёў час разам з чалавекам, які перабалеў адкрытай формай туберкулёзу. Я – урач-эпідыміёлаг і ведаю, што ў турэмных умовах цалкам пазбавіцца ад гэтай хваробы немагчыма.

Потым да яго ў камеру перавялі чалавека, які быў абвінавачаны ў дачыненні да “эскадронаў смерці”, Потым прыйшлося сядзець з зэкам, які прайшоў камеру з хворымі на СНІД і двойчы  спрабаваў ускрыць сабе вены

Нядаўна, у дзень яго народзінаў і ў дзень вайсковай славы (8-га верасня) у гонар Міколы пад сценамі турмы нашы аднадумцы ладзілі феерверк. Турма літаральна “раўла”. З-за кратаў крычалі “Жыве Беларусь!” і “Віншуем!”. Мабыць, яны ведалі, што ў яго  быў дзень народзінаў.

Зараз Мікола находзіцца “на строгім рэжыме”, што азначае адну бандэроль (не больш 2 кг у год) і адно кароткатэрміновае (2-е гадзіны “праз шкло”) спатканне. І афіцыйна папрасіў больш не прапаноўваць яму напісаць прашэнне пра памілаванне.

– Вядома, што год таму ў Вас з Міколам Статкевічам адбылося вяселле. Можна расказаць аб усім падрабязна?

— Гэта мае асабістыя ўражанні.

— Безумоўна. Мяне цікавіць толькі тое, што даступна ўсім.

— Гэта была сітуацыя, якая намагала вельмі вялікіх высілкаў. Шчыра кажучы, не думала, што ў маім узросце на працягу  доўгіх месяцаў прыйдзецца дамагацца шлюбу. Тым больш, што нашы адносіны ніякім чынам не залежаць ад штампу ў пашпарце. Адзінае — гэты момант быў адной з формаў ціску (самай “надзейнай”) на Міколу, бо на волі ў яго ёсць толькі стары бацька, якому ўжо 86 год. Таму цалкам пакінуць без кантактаў і дапамогі, забараніць нам любыя стасункі ,быў самым эфектыўным спосабам маральнага ціску.

Дзеля гэтага ў нетрах КДБ быў “згублены” пашпарт. У яго “пошуках”, а потым і чаканні адпаведнага дазволу за паўгады было зроблена шмат заяў, агучана патрабаванняў, напісана скаргаў. Пашпарт “знайшоўся”, але гэта не перашкодзіла кіраўніцтву калоніі рознымі прычэпкамі даволі доўгі час “вадзіць за нос”.

На мой погляд, дазвол мы атрымалі толькі таму, што яны дакладна ведалі: хутка Мікола пойдзе ў турму. Распісаліся 20 снежня (праз год пасля Плошчы) 2011-га года.

Калонія тады была на “асадным становішчы”, Перакрылі ўсе ўваходы і выхады. Мабілізаваны ўвесь склад мясцовага КДБ.

Але і гэтага камусьці, мабыць, паказалася недастаткова.Нават у такіх умовах, яны рабілі ўсё магчымае, каб гэты дзень быў нам максімальна некамфортным.

Па-першае, спачатку спатканне прызначылі толькі да шасці гадзін раніцы наступнага дня. Гэта значна менш за суткі з таго, моманту, як я была павінна папасці на тэрыторыю калоніі.

Па-другое, было катэгарычна адмоўлена ў вынасе з памяшкання для доўгатэрміновых спатканняў любых прадуктаў.

Словам, былі парушаны ўсе правы зняволеных. І толькі тое, што са мной прыехалі сябры і журналісты, тое, што грубейшыя парушэнні стануць публічнымі, прымусіла іх спыніцца. Доўга з некім раіліся па тэлефоне, потым пашлі на саступкі.

І тым не менш… Я зайшла на тэрыторыю недзе у 11.00, а Міколу з ПКТ прывялі толькі пасля 15.00. Чакала чатыры гадзіны. Пра роспіс яму нічога не казалі. Не дазволілі не пабрыцца, не пераапрануцца з турэмнай робы. Роспіс цягнуўся роўна дзве хвіліны.

З кнігі "Найноўшая гісторыя ў асобах"

Падрыхтавана да друку 07.06.2013

Напісаць нарыс пра Статкевіча трэба было даўно. Але перашкаджалі нашы з Міколам не вельмі ветлівыя ўзаемаадносіны. Падчас прэзентацыі кампаніі «Тыдзень палітвязня» мне стала зразумела, што асабістае заўсёды павінна саступаць месца аб’ектыўнаму.

 Шлях да свету

Пачаць хочацца з кароткага ўспаміну, які прыгадаў сам Мікола Статкевіч у верасні 2006 года ў сваім эсэ, што напісаў у вёсцы Блонь Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, дзе адбываў «хімію».

«Было гэта на адным з палігонаў у казахскім стэпе, куды наша брыгада прыехала з Поўначы для баявых стрэльбаў па паветраных мішэнях. Камандны пункт брыгады, за тэхніку якога я адказваў, месціўся ў бункеры з вельмі складаным уваходам, падобным да лабірынта з перашкодамі. Аднойчы, калі мне трэба было тэрмінова трапіць на паверхню, мясцовы інструктар сказаў, што ёсць яшчэ адзін, вельмі просты выхад — цёмны калідор. Ён зачыніў за мной браніраваныя цяжкія дзверы, і я апынуўся ў поўнай цемры. Хацелася вярнуцца назад, у аператыўную залу каманднага пункта, дзе ў вялікай прасторы зялёным ды сінім свяціліся шматлікія планшэты і экраны. Пайшоў наперад, выставіўшы рукі перад сабой. Амаль адразу наткнуўся на халодную сценку калідора. Узяў у другі бок. Вельмі хутка — зноў сцяна. Пакрысе, усё радзей натыкаючыся на сцены, я выбраў накірунак, які вывеў мяне да такіх жа браніраваных дзвярэй, за якімі было неба і заліты сонцам стэп».

Сімвалічны ўспамін.

Нарадзіўся будучы вайсковец, навуковец і палітык 12 жніўня 1956 года ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна. Яго бацькі былі настаўнікамі, таму разам з навукай жыць ён адразу пачаў асвойваць другую навуку — думаць. Сам жа род Статкевічаў паходзіць са старажытнай беларускай шляхты і мае герб «Касцеша», якім, акрамя іх, карысталіся больш чым 200 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у тым ліку і продкі польскага маршала Юзафа Пілсудскага.

На жаль, маці Міколы на гэтым свеце ўжо няма, а вось яго бацька Віктар Паўлавіч, нягледзячы на салідны ўзрост (86 гадоў) і шматлікія хваробы (рак, язва страўніка), па наш дзень жыве ў Баранавічах і для многіх з’яўляецца прыкладам мужнасці і высакародства.

Кожны год 9 мая яго віншуюць мясцовыя дэмакратычныя актывісты. Падчас вайны юнаком ён разам са сваім бацькам, дзедам Міколы Статкевіча, дапамагаў партызанам. Нават удзельнічалі, можна сказаць, у дыверсійных акцыях: падпілоўвалі слупы з тэлефоннымі правадамі, чым шкодзілі камунікацыям фашыстаў. Аднойчы нарваліся на нямецкага салдата, які стрэліў у Віктара, але яго паспеў засланіць сабой бацька.

У пачатку красавіка 2011 года некаторыя інтэрнэт-рэсурсы паведамілі пра тое, што Віктар Паўлавіч Статкевіч з Беларусі з’ехаў ва Украіну, дзе жыве старэйшы сын Аляксандр. Сапраўды, ездзіў, але ў госці, на вяселле ўнука Андрэя. Там пабачыўся і з другімі сваімі ўнучкамі — Кацяй ды Аняй — дочкамі Міколы, якія разам з сем’ямі прыехалі на вяселле з Германіі. Каця — доктар навук, разам з мужам працуе ў кампаніі «Аўдзі». Аня — хатняя гаспадыня, выхоўвае маленькага сына Лёню, а яе муж займаецца бізнесам.

Вайсковы выбар 

Сярод вайскоўцаў супрацьпаветраная абарона лічыцца не самай спрыяльнай для службовай кар’еры. Пра генеральскія лампасы там амаль не мараць, нават дайсці да падпалкоўніка, палкоўніка вельмі складана. Адзінае, што можа прывабіць, — практычная адсутнасць «асабовага складу», то бок салдатаў. Гэта інтэлектуальнае тэхнічнае войска. У СПА больш думаюць, чым бегаюць.

Магчыма, гэта і стала асноўнай прычынай вайсковага выбару Міколы Статкевіча. А яшчэ — на той час высокі прэстыж вайскоўцаў у грамадстве. Да таго ж, курсанцкія пагоны дазвалялі небагатай настаўніцкай сям’і не хвалявацца за дабрабыт сына.

У 1973 годзе Мікола Статкевіч паступіў у Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча СПА, якое паспяхова скончыў у 1978 годзе. Па размеркаванні яго накіравалі ў Запаляр’е, дакладней, у Мурманскую вобласць.

Праслужыў ён толькі чатыры гады, але за гэты кароткі час паспеў шмат чаго. Напрыклад, быў прызнаны лепшым афіцэрам па сваёй спецыяльнасці ў аб’яднанні супрацьпаветранай абароны, якое абараняла ўсю Поўнач еўрапейскай часткі СССР. Там жа яму прысвоілі вышэйшую баявую класіфікацыю — «Майстар».

У 1982 годзе вярнуўся ў альма-матар, паступіў там у ад’юнктуру, праз некалькі гадоў абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў выкладаць. 

Палітычны арыенцір

Напэўна, шмат хто б на месцы Статкевіча спыніў бы любую актыўнасць. Маўляў, што яшчэ трэба ў жыцці? Прэстыжнае месца службы, высокая зарплата, перспектыва кар’еры… Тым больш, што ў яго асабіста ўсё складвалася як мага лепш. За час службы ў МВІЗРВ ён напісаў болей за 60 навуковых прац у галіне кіравання, эрганомікі і сацыяльнай псіхалогіі. Зрабіў некалькі вынаходніцтваў, быў накіраваны ў дактарантуру.

Напэўна, на гэты дзень ён мог быць доктарам навук, прафесарам. І генералам. Як некаторыя з тых, у каго на той час на пагонах было нават менш зорачак.

Напрыклад, былы маёр Шэйман. Дарэчы, дзякуючы менавіта яму, я трапіў у гісторыю нашай краіны. Было гэта 15 верасня 1992 года, калі чальцы нядаўна створанага па ініцыятыве Міколы Статкевіча Беларускага згуртавання вайскоўцаў і афіцэры запасу прымалі прысягу на вернасць Беларусі. Мой подпіс трапіў на адзін аркуш з подпісам Віктара Шэймана.

Дадам толькі, што гэта вядомае прозвішча не было ў тых спісах адзіным выключэннем. Калі ўзяць атачэнне дзеючага прэзідэнта, то ў гэтым асяродку можна ўбачыць імёны тых, хто тады быў «дэмакратам». Напрыклад, сучаснага міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага…

Якія розныя шляхі

Тая шматтысячная грамадская акцыя прымусіла ўрад прывесці да прысягі незалежнай суверэннай Беларусі ўсіх афіцэраў сілавых структур. І ніхто тады нават уявіць не мог, што праз колькі гадоў яны будуць прысягаць зноў: быць вернымі не толькі сваёй краіне, але і яе прэзідэнту…

Аднак звернемся да біяграфіі Міколы Статкевіча, якая размешчана на яго сайце. «Яшчэ да распаду Савецкага Саюза распрацаваў і надрукаваў канцэпцыю стварэння беларускага войска, якая была рэалізавана пасля атрымання нашай краінай незалежнасці. У пачатку 1991 года ў знак пратэсту супраць падаўлення танкамі дэманстрантаў у Вільнюсе выйшаў з КПСС. 20 жніўня 1991 года адзіны з вайскоўцаў у Беларусі публічна выступіў супраць путчу ў Маскве. Тады ж аб’явіў аб стварэнні Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), якое паставіла на мэце стварэнне беларускага войска, абарону незалежнасці і гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамадства».

Адмыслова раю звярнуць увагу на даты. Тады яшчэ ніхто не ведаў, на чыім баку будзе перамога. Затое адназначна можна сцвярджаць іншае: вайсковец Мікола Статкевіч вельмі добра ведаў, што чакае асабіста яго і паплечнікаў у выпадку паразы.

І яшчэ адзін важны момант. У 1993 годзе Мікола Статкевіч выступіў супраць Дамовы аб калектыўнай бяспецы з ваюючымі краінамі (Арменія, Таджыкістан і інш.), па ўмовах якой Беларусь павінна была накіроўваць сваіх салдат на чужыя войны. За гэта яго звольнілі з вайсковай службы. За месяц да плануемай абароны доктарскай дысертацыі.

Пасля шырокай грамадскай кампаніі ў падтрымку Статкевіча беларускі парламент ратыфікаваў усё ж Дамову аб калектыўнай бяспецы, але з умовай не адпраўляць нашых салдат у «гарачыя кропкі».

Партыйны калейдаскоп

Добра ведаю супрацьлеглыя меркаванні розных людзей пра тое, што адбывалася тады і адбываецца зараз у беларускім сацыял-дэмакратычным асяроддзі. Але мой нарыс біяграфічны. Таму пакідаю за дужкамі любыя каментары. Абмяжуюся толькі канстатацыяй фактаў і адной рэмаркай: беларускіх сацыял-дэмакратаў можна назваць рэкардсменамі па колькасці ўнутраных расколаў. І ў кожным з іх адным з падводных камянёў была праблема лідарства.

Мікола Статкевіч трапіў у гэты лагер амаль з самага пачатку яго існавання, калі ў сакавіку 1991 года па ініцыятыве Міхася Ткачова была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада. Старшынёй тады абралі Міхася Ткачова, першым намеснікам — Алега Трусава. Праз год, пасля заўчаснай смерці Ткачова, Трусаў стаў на чале партыі і кіраваў ёй да лета 1995 года.

У 1995 годзе замест Алега Трусава старшынёй БСДГ абралі Міколу Статкевіча. У 1996 годзе прайшло аб’яднанне Сацыял-дэмакратычнай Грамады з Партыяй народнай згоды і была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада). Мікола Статкевіч стаў старшынёй БСДП (Народная Грамада).

У 2005 годзе была яшчэ адна спроба аб’яднання і яшчэ адзін раскол. Утварылася БСДП (Грамада), лідарам якой абралі Аляксандра Казуліна. На дадзены момант БСДП (Грамаду) узначальвае Ірына Вештард. Прыхільнікі Міколы Статкевіча сфарміравалі аргкамітэт па стварэнні адноўленай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), абралі яго сваім старшынёй.

Цярністы шлях

За час палітычнай дзейнасці Статкевіч больш 30 разоў меў адміністратыўныя арышты, якія заканчваліся «суткамі» альбо штрафамі, 3 разы супраць яго распачыналіся крымінальныя справы, двойчы пакаранні не былі ўмоўнымі.

У 2005 годзе разам з Паўлам Севярынцам ён быў асуджаны да 3 гадоў абмежавання свабоды за арганізацыю мірнай дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму. Па выніках гэтага рэферэндуму прэзідэнт атрымаў права знаходзіцца ва ўладзе неабмежаваную колькасць тэрмінаў.

На «хіміі» Статкевіч год працаваў электрамеханікам на прадпрыемстве ў Баранавічах, потым слесарам у калгасе. У 2006 годзе міжнародная арганізацыя «Amnesty Іnternatіonal» прызнала Мікалая Статкевіча вязнем сумлення. У ліпені 2007 года яго вызвалілі па амністыі.

У 2009 годзе кангрэсам «Еўрапейскай кааліцыі», лідарам якой Статкевіч з’яўляецца з 2003 года, ён быў вылучаны ў якасці кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года. 19 снежня 2010 прымаў удзел у дэманстрацыі на плошчах Кастрычніцкая і Незалежнасці. Пасля разгону акцыі быў затрыманы.

26 мая 2011 года ў Ленінскім судзе горада Мінска суддзя Людміла Грачова вынесла прысуд – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На дадзены момант Мікола Статкевіч — адзіны былы кандыдат у прэзідэнты, які застаецца за кратамі.

Усе падрабязнасці яго арышту і вандровак па калоніях пералічваць не буду. Раю ў віртуальнай бібліятэцы паглядзець мае кнігі «Супраць плыні» і «Жыццё пасля кратаў». Адрас http://kamunіkat.org/usіe_knіhі.html?pubіd=20069. Пра ўсё вельмі дакладна там расказвае жонка Міколы Марына Адамовіч.

Галоўнае, што вызначае палітычны лёс Міколы Статкевіча, гэта тое, што пры любых абставінах ён трымаецца праўды. За гэта сёння і пакутуе. Але не падпісвае аніякіх пакаянных лістоў і прашэнняў аб памілаванні.

%d0%a1%d0%a2%d0%90%d0%a2%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%98%d0%a7-33 %d0%a1%d0%a2%d0%90%d0%a2%d0%9a%d0%95%d0%92%d0%98%d0%a7-44

%d1%81%d1%82%d0%b0%d1%82%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87-00 %d1%81%d1%82%d0%b0%d1%82%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%8722 %d1%81%d1%82%d0%b0%d1%82%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%87-1