Стэфановіч Валянцін

%d1%81%d1%82%d0%b5%d1%84%d0%b0%d0%bd%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87-1

З кнігі "Арытмія, альбо Код супраціву"

Наколькі я ведаю, Валянціну Стэфановічу, як і Алесю Бяляцкаму, прапаноўвалі стаць палітуцекачом. Абодва ад такога статусу адмовіліся. Больш за тое, Валянцін Стэфановіч мае намер заўсёды вяртацца ў Беларусь. І гэта нягледзячы на тое, што пра краты свайго паплечніка па «Вясне» ведае не менш за астатніх. Чаму? Вельмі спадзяюся, што мой нарыс і будзе адным з адказаў на гэтае пытанне.

Жыццёвы дэбют

Звычайна хлапчукоў называюць у гонар іх дзядоў альбо бацькоў. Валянціна Стэфановіча назвалі на памяць бабулі — Валянціны Сухаржэўскай. На жаль, яна не дачакалася немаўля сваёй дачкі, жыццёвы дэбют якога адбыўся 14 кастрычніка 1972 года.

Дарэчы, у гэты ж дзень (толькі ў 1943 годзе) нарадзіўся і другі вядомы праваабаронца — Гары Пятровіч Паганяйла. Нічога не хачу сказаць пра такое супадзенне, а проста канстатую факт. Думаю, для тых, хто кажа пра наканаванасць нашага лёсу, ён будзе вельмі-вельмі цікавым.

Мама Валянціна Антаніна Сухаржэўская (яна не насіла прозвішча мужа) нарадзілася ў Мінску ў 1953 годзе. Праз свайго сібірскага бацьку яна мае выразна азіяцкую знешнасць і ў дзяцінстве праз гэта зведала шмат крыўдаў і ад дзяцей, і ад дарослых, якія праганялі яе ў «Кітай да свайго бацькі Мао Цзэдуна». Часта плакала. Менавіта таму Валянцін Стэфановіч шчыра не прымае расістаў і ўсялякіх аматараў «чысціні нацыі».

Антаніна Сухаржэўская добра малюе. Пасля школы яна паступіла на архітэктурнае аддзяленне Мінскага архітэктурнага тэхнікума, дзе і пазнаёмілася з бацькам (вучыўся ў адной групе) будучага вядомага праваабаронцы.

Па пашпарту бацьку Валянціна Стэфановіча завуць Канстанцін, але сам ён сябе называе спадар Кастусь. Нарадзіўся ў мястэчку Глуск Магілёўскай вобласці ў 1952 годзе. Пасля заканчэння школы паступіў ва ўзгаданую вышэй навучальную ўстанову, але, у адрозненне ад сваёй жонкі, якая 20 гадоў прапрацавала ў праектным інстытуце «Белпроппраект», займаўся практычнай будоўляй. Працаваў прарабам, начальнікам будаўнічых участкаў розных прадпрыемстваў. Каб зарабіць больш грошай, часта быў вымушаны пакідаць сям’ю і ад’язджаць на заробкі на Алтай, у Карэлію.

Валянцін Стэфановіч па гэты дзень памятае, як ён з мамай часта ездзіў сустракаць бацьку на вакзал. Той прыязджаў з вялікай барадой і дзіўнымі падарункамі: кедравымі арэхамі ці рагамі нейкіх горных казлоў.

Першыя цяжкасці

Сям’я Валянціна Стэфановіча, як і большасць у той час, не была заможнай. Перш за ўсё таму, што была вельмі маладой. Маці ўсяго 18 гадоў, бацьку — 19.

Нягледзячы на тое, што нарадзілася дзіця і жонка знаходзілася ў шпіталі пасля родаў, нягледзячы на ўсе цяжкія сямейныя абставіны, увосень 1972 года Кастуся Стэфановіча прызвалі ў войска. Часам Валіка даглядала нават 16-гадовая сястра яго маці, а часам і аднагрупнікі па тэхнікуму. Ніхто тады нават дапусціць не мог, што ў будучым «грамадскі» дзіцёнак будзе самаахвярна абараняць правы гэтага самага грамадства.

У 1980 годзе Валянцін Стэфановіч пайшоў у першы клас сталічнай школы № 25 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы, бо тады жыў на Партызанскім праспекце ў раёне «старога аўтазавода». Праз тры гады сям’я Стэфановічаў замест маленькай «палутаркі», якую пабудавалі нямецкія ваеннапалонныя, атрымала новую «двухпакаёўку» на вуліцы Асаналіева, і хлопец стаў хадзіць у школу № 11, дзе ўжо не было ніякіх «ухілаў».

Пачатак 1990-х гадоў — цікавы і цяжкі час. У людзей адбылася кардынальная змена арыенціраў. Калі раней для чалавека галоўным у жыцці была адукацыя, то цяпер — грошы.

Менавіта ў гэты момант і адбылося тое, што значна паўплывала на ўвесь далейшы лёс Валянціна Стэфановіча. Як і многія сябры, ён хацеў займацца бізнэсам, але бацькі падказалі іншую каштоўнасць — веды, таму што разумелі: вышэйшая адукацыя мае сваю вартасць ва ўсе часы.

У 1993 годзе Валянцін паступіў на юрыдычны факультэт Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносінаў, заснавальнікам якога была ФПБ (Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі), а спецыялізацыяй абраў «Правазнаўства. Адвакатура і натарыят».

Нагадаю, што афіцыйныя прафсаюзы былі тады значна прэстыжней, чым сёння. Студэнцкі курс Валянціна Стэфановіча быў досыць моцным. Адтуль выйшлі адвакаты, следчыя, натарыусы, супрацоўнікі юрыдычных аддзелаў выканкамаў, міністэрстваў і нават цяперашні намеснік Міністра юстыцыі Беларусі Ігар Тушынскі.

Вучыўся Валянцін Стэфановіч з захапленнем. Скончыў ВНУ з «чырвоным дыпломам» і хацеў стаць адвакатам, але лёс вырашыў інакш.

Пасля рэферэндуму 1995 года і публічнага ганьбавання нацыянальнага сцяга Валянцін Стэфановіч даў сабе слова ніколі не працаваць у дзяржаўных структурах новай улады. У 1996 годзе пасля падпісання так званых «саюзных дамоваў» вырашыў, што незалежнасць краіны знаходзіцца пад пагрозай, і прыняў актыўны ўдзел ва ўсіх акцыях «мінскай вясны». Затым прымаў удзел у стварэнні структураў Маладога фронту.

У сакавіку 1997 года Валянціна Стэфановіча ўпершыню затрымалі на акцыі пратэсту. Далі 5 сутак адміністратыўнага арышту. Пры гэтым збілі ў РУУС Кастрычніцкага раёна.

Свядомы выбар

Нічога дрэннага не хачу сказаць пра тых, хто публічна выступае за развіццё беларускай мовы, а ў асабістым жыцці па большасці карыстаецца рускай. На жаль, такая сёння сітуацыя, і аўтар тут не выключэнне. Таму ў мяне і такая павага да сям’і Валянціна Стэфановіча — прынцыпова беларускамоўнай.

І гэта невыпадкова. Валянцін пачаў адчуваць сябе беларусам, палюбіў беларускую мову, стаў размаўляць на ёй выключна дзякуючы свайму бацьку. Менавіта той заўсёды з вялікай любоўю гаварыў пра Беларусь і з горыччу аб знікненні мовы, тоеснасці беларусаў. Напрыканцы 1980-х бацька Валянціна з вялікім энтузіязмам сустрэў з’яўленне руху БНФ. Ідэі нацыянальнага адраджэння, незалежнасці Беларусі былі і застаюцца для яго вельмі важнымі каштоўнасцямі.

Упершыню Валянцін Стэфановіч пачуў, як моладзь размаўляе па-беларуску, на сходзе «Талакі» ўвосень 1988 года, куды яго завёў стрыечны брат, студэнт першага курса БДУ. Валянцін атрымаў вельмі моцнае ўражанне. Юнаку было тады толькі 16 гадоў.

… Валянцін Стэфановіч жанаты ўжо 10 гадоў. Аліна скончыла Мінскі інстытут замежных моў і выдатна валодае англійскай мовай. Перакладае нават «сінхрон», што вельмі цяжка і для прафесійных перакладчыкаў.

Пазнаёміліся яны ў 1996 годзе ў Маладым фронце. Пазней яна была актывісткай ЗБС (Задзіночанне беларускіх студэнтаў). Пажаніліся ў ліпені 2001 года. Старэйшаму сыну Валянціна ўжо 6 гадоў, яго завуць Адам-Дамінік, дачцэ Яне-Вераніцы 7 месяцаў. Размаўляюць усе паміж сабой толькі па-беларуску.

Гуканне вясны

У 1998 годзе Валянцін Стэфановіч атрымаў «чырвоны» дыплом сваёй ВНУ і пачаў працаваць юрысконсультам на Мінскім падшыпнікавым заводзе, а потым па прапанове Алеся Бяляцкага далучыўся да праваабарончага цэнтру «Вясна», які быў адной з «першых ластавак» беларускага «трэцяга сектару».

Праца ў «Вясне» мае розныя бакі. З цяжкіх можна адзначыць тое, што прыходзіцца ўвесь час мець справу з негатывам, з чалавечай бядой. Гэта цяжка найперш маральна. Складана размаўляць з роднымі людзей, якія патрапілі ў бяду.

Пры такой справе вельмі лёгка стаць чэрствым, не ўспрымальным да чалавечага гора, таму для Валянціна Стэфановіча вельмі важна заставацца спагадлівым для людзей, не згубіць спачуванне да іх. І ў яго гэта атрымліваецца. 13-гадовая праца навучыла стрымліваць эмоцыі, падыходзіць да праблемаў з рацыянальнага боку: што і як можна зрабіць у канкрэтнай сітуацыі, дзейнічаць максімальна хутка і эфектыўна.

З цікавых бакоў — магчымасць вандраваць. Праваабарончы цэнтр «Вясна» з’яўляецца сябрам шэрагу міжнародных арганізацыяў, і таму яго супрацоўнікі маюць магчымасць удзельнічаць у шэрагу міжнародных праваабарончых місій, а таксама ў міжнародных дэлегацыях па назіранні за выбарамі.

Арышт Алеся Бяляцкага Валянцін Стэфановіч (як і многія) лічыць выключна палітычнай справай. Але, у адрозненне ад большасці з нас, у сваіх высновах ён кіруецца не эмоцыямі, а юрыдычнымі нормамі.

Цяжка не пагадзіцца з такімі яго словамі: «Цынізм нашых уладаў заключаецца ў тым, што яны выдатна ведалі, на якія мэты выдаткоўваюцца гэтыя сродкі, яны палявалі за імі ўсе гэтыя гады; іх вельмі цікавілі распіскі, якія людзі пісалі за тое, што ім кампенсавалі штрафы, іншыя пытанні. У юрыдычным сэнсе ў дзеяннях Бяляцкага няма складу злачынства, якое яму цяпер інкрымінуюць. Бо толькі прыбытак, паводле нашых законаў, абкладаецца падаткам, і ні пра якое ўхіленне тут і гаворкі няма».

Як вядома, галоўны сэнс «Гукання вясны» ў тым, каб прыблізіць яе надыход. Першы намеснік праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч менавіта гэтым і займаецца. Толькі вясна для яго не прыродная падзея, а палітычная.

24.09.11

З  кнігі  "Без палітыкі"

ЗАХАПЛЕННЕ СА СТАЖАМ

Як я ўжо пісаў, вядомага праваабаронцу Валянціна Стэфановіча два першыя гады жыцця выхоўвала сястра яго маці Вольга і яе аднагрупнікі па Машынабудаўнічаму тэхнікуму, таму песні“BEATLES” хлопец пачаў чуць яшчэ ў самым раннім дзяцінстве і захаваў сваё захапленне па гэты дзень.

Які тады быў год?

— Я нарадзіўся 14 кастрычніка 1972 года. Менавіта ў гэты час у былым СССР пачаўся росквіт цікавасці да “BEATLES”, а свядомае захапленне пачалося ў першых класах школы, калі я сярод бацькоўскіх кружэлкаў знайшоў вельмі маленькую – усяго тры песні (“Let It Be”, “Across The Universe”, “I, Me, Mine”). Мабыць, яе выдалі некалі гадоў таму, бо ўсе яны былі з апошняга альбома гурту (“Let It Be”, 1970 г.). Я яе слухаў шмат разоў – падабалася.

Сярод успамінаў захавалася, як 8 снежня 1980 года ТАСС паведаміла пра забойства Джона Ленана. Я быў яшчэ малы і не мог цалкам асэнсаваць здарэнне, але маіх бацькоў і цётку гэта вельмі расстроіла.

У падлеткавым узросце (1985 год) я знайшоў цёткаву “бабіну” (для тых, хто не ведае, гутарка ідзе пра папулярныя ў нашым дзяцінстве магнітныя стужкі) з запісам песень ранняга перыяду творчасці “BEATLES”. Калі бацька прыехаў з чарговых заробкаў, набыў “бабінны” магнітафон “Нота”. А прагравальнік кружэлак “Эстонія” па гэты дзень стаіць на нашым лецішчы. Праўда, ён ужо даўно не працуе.

Песні “BEATLES” вельмі моцна мяне ўразілі.

З тых часоў і пачалося сапраўднае захапленне. За савецкім часам нейкія запісы было збіраць вельмі цяжка, хаця падчас перабудовы значна лягчэй, чым маёй цётцы ў 1960-х гадах.

Спачатку я збіраў “бабіны”, потым з’явіліся і першыя студыі гуказапісу, так званыя кааператыўныя. За грошы там ужо можна было нешта запісаць.

А некаторыя рэчы купляў проста на “талкучцы”. Не ведаю, якім чынам тыя кружэлкі траплялі ў Савецкі Саюз, але ў фарцоўшчыкаў можна было набыць літаральна ўсё, альбо амаль усё.

— Гэта ж вялікія кошты?

— Так. І таму ў мяне толькі адзін вялікі вінілавы дыск, куплены за 25 рублёў (па тагачаснаму афіцыйнаму курсу каля 50-ці даляраў – заўвага аўтара). Гэта быў сольны канцэрт Ленана 1972 года, перавыдадзены ў 1986-м г. Адбыўся ён у Мэдісан Сквер гардэн у Нью-Ёрку і называўся “Live In New York City”.

У другой палове васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя тое-сёе пачала выдаваць фірма “Мелодыя”. Памятую, было сапраўднай падзеяй, калі яны выдалі дзве вялікія вінілавыя кружэлкі. Адна – альбом “Вечар цяжкага дня” 1964 года. Другая – кампіляцыя песень “BEATLES” з першых альбомаў з назвай “Смак мёду”. Цяпер я ведаю, што гэта цалкам пірацкая рэч, бо ніякай кампіляцыі з такой назвай у творчасці знакамітага гурту не было.

Гэтыя дзве кружэлкі скупалі ўсе меламаны Мінска. Маці іх купіла і мне.

А з часам я сабраў фактычна ўсе альбомы“BEATLES”. Рознымі шляхамі.

— І колькі іх было?

— Нумарных – 13. Так бы мовіць, прыжыццёвых, бо потым было вельмі шмат перавыданняў пасля распаду гурту – розныя зборкі. Калекцыяніраваў і іх. Збіраў усё, што траплялася.

А пазней пачаў калекцыяніраваць і інфармацыю, бо ў Савецкім Саюзе яе было вельмі мала.

— … “Музыка бунту” Арцемія Троіцкага…

— Я таксама чытаў гэтую кнігу, але нашаму пакаленню пашанцавала больш — дапамагаў вельмі папулярны ў тыя часы часопіс “Равеснік”.

Дарэчы, сёння мы будзем рабіць на сайце “Вясны” падкаст, які прысвечаны першаму дабрачыннаму канцэрту ў гісторыі рок-музыкі.У 1971 годзе для Бангладэш ён быў арганізаваны Джорджам Харысанам. Адмыслова для гэтай нагоды я захапіў адпаведны дыск і вельмі стары нумар “Студенческого меридиана”, які быў цалкам прысвечаны творчаму шляху “BEATLES”. Тут сабрана досыць някепская інфармацыя адносна гурту і сольных прац яго ўдзельнікаў.

Пазней пачаў збіраць і сольныя альбомы. Была такая балгарская фірма “Балкантон”, якая выдавала кружэлкі. Іх прадавалі ў СССР, і я набыў альбом Джона Ленана 1971 года “Imagine”.

З цягам часу стаў цікавіцца не толькі “BEATLES”, хаця гэта заўсёды заставалася асаблівым прыярытэтам. Слухаў больш “цяжкіх” “МЕTALLICA”, “AC\DC” і інш.. Потым вельмі моцна захапіўся “савецкім” рокам (“ДДТ”, “НАУЦІЛУС ПАМПІЛІУС”, “КІНО”), які напрыканцы васьмідзясятых вырываўся з андэграўду. З пачатку 1990-тых гг. вельмі люблю наш беларускі гурт “Крама”.

На жаль, зараз, калі ў мяне ўжо ёсць УСЁ, няма саміх “BEATLES”. У тым сэнсе, што яны не робяць нічога новага, а паловы гурта проста няма на гэтым свеце (Джона Ленана і Джорджа Харысана). Перыядычна купляю новыя перавыданні.

Апошні набыты мной дыск прывезла знаёмая з Гамбурга. Як вядома, у клубах гэтага горада і пачыналася музычная кар’ера гурту, таму зроблены кімсьці з фанатаў аматарскі запіс, асабліва каштоўны. Называецца “Канцэрт у Стар-Клубе. Гамбург 1962 год”. Нідзе, акрамя Ліверпуля і Гамбурга, “BEATLES” яшчэ не былі вядомыя.

Зараз у мяне ёсць вельмі вялікая кніжка на англійскай мове, якая называецца “Анталогія “BEATLES”, якая была напісана на падставе іх успамінаў і інтэрв’ю. 1999 год. Шыкоўныя фотаздымкі. Вельмі шкадую, што, калі я быў падлеткам, не было нічога падобнага.

Дарэчы, англійскую мову я пачаў вучыць менавіта дзякуючы“BEATLES”.

Вельмі рады, што пабываў на дабрачынным канцэрце Поля Маккартні ў Кіеве і пачуў яго жыўцом. Ездзіў тады са сваёй цёткай Вольгай. Яна была вельмі шчаслівая і казала: “Калі б мне нехта ў юнацтве сказаў, што пачую каго-небудзь з “BEATLES”, не паверыла б “.

–А што самае каштоўнае ў Вашай калекцыі?

— Цёткава “бабіна”, бо менавіта з яе ўсё і пачалося.

А самы рарытэтны дыск – гамбургскі канцэртны альбом.

Радуе, што іх творчасцю зараз цікавіцца шмат моладзі. Выбачайце сентэнцыю, але класіка ёсць класіка.

— А як Вы ставіцеся да фэстаў у гонар “BEATLES?

— Без імпэту. Не люблю кавер-версій. Мне заўсёды больш падабаецца арыгінал.

Кніга падрыхтавана да друку  02.11.2011

 

%d1%81%d1%82%d1%8d%d1%84%d0%b0%d0%bd%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87-5 %d0%a1%d0%a2%d0%ad%d0%a4%d0%90%d0%9d%d0%9e%d0%92%d0%86%d0%a7