Суднік Генадзь

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

З кнігі "Інтэрв'ю, якіх не было"
  1. Выбар у прафесіі: “чэсны” – “нячэсны”. Ці пралічвалі Вы, чым гэты выбар павернецца для Вас?
  2. Ці былі моманты слабасці, шкадавання? Ці з’яўляліся думкі вярнуцца ці далучыцца да шэрагаў “чэсных”?
  3. Стаўленне блізкіх людзей да Вашага выбару?
  4. Месца і дата народзінаў. Першыя ўспаміны. Кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?
  5. Чаму менавіта журналістыка?
  6. Ваш шлях у прафесію?
  7. Кім і дзе працуеце зараз?”

У 1966 годзе быў прыняты на работу ў рэдакцыю абласной газеты “Магілёўская праўда”. У 1967-м паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які скончыў завочна ў 1974 годзе. Пасля заканчэння Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС у Маскве кароткі час працаваў у Магілёўскім абкаме КПБ. Потым два гады працаваў у аддзеле прапаганды ЦК КПБ у Мінску, дзе і прыняў запрашэнне з Магілёва на пасаду старшыні абласнога тэлерадыёкамітэта.

Прымаў удзел у заснаванні БАЖ. Сябра рады БАЖ. Сябра ПЭН-цэнтра.

У 2002 годзе Магілёўская грамадская асацыяцыя “Кола сяброў” (заснавальнік “Тыднёвіка Магілёўскага”) газету закрыла. З таго часу займаецца вольнай журналістыкай.

1-3

Гэтае азначэнне-супрацьстаянне “чэсны-нячэсны” ў нашай журналісцкай рэчаіснасці з’явілася і, на жаль, замацавалася, здаецца, недзе праз два гады пасля абрання прэзідэнтам краіны чалавека, які, як гаворыцца, з пераменным поспехам кіруе ёю і зараз. Аднак зразумела, што насамрэч такога падзелу ў нашай прафесіі няма. Ёсць падзел на прафесійную журналістыку і адпаведна на прафесійных калег і непрафесійных. Сярод іх (“чэсных” у трактоўцы гэтага азначэння) могуць быць і таленавітыя людзі. Ну, напрыклад, у прапагандзе (а гэта таксама прафесія, якую мы цяпер карэктна называем тэхналогіяй піяру) альбо ў агітацыі і контрпрапагандзе. Але ж гэта не журналістыка. І як толькі мы з гэтым пагодзімся, стане зразумела, што так званы падзел у нашым цэху на прафесіяналаў і непрафесіяналаў існаваў заўсёды. Па меншай меры я, які ўступіў у цэх ажно ў 1966 годзе, калі быў прыняты на пасаду “малодшага літработніка” ў рэдакцыю “Магілёўскай праўды” (менавіта так, а не “Могилёвской правды”, у якую яна перайменавана цяпер), яшчэ ў тыя часы бачыў на свае, тады вострыя і прагныя, вочы гэты заўсёды адчувальны падзел. Вось Аляксей Пысін (той самы, наш знакаміты паэт) альбо Іван Патапаў былі прафесійнымі журналістамі (не ведаю, дарэчы, ці было гэта пазначана ў іх дыпломах), а вось, напрыклад, хто-небудзь іншы — ды й хоць бы і я сам у тыя часы — журналістамі яшчэ не былі (спадзяюся, што я — толькі на той час). Такім чынам, той, хто прыдумаў формулу “чэсны-нячэсны”, насамрэч меў на ўвазе не прафесійныя і нават “не чалавечыя” якасці журналістаў, а выключна іх адданасць ці, наадварот, іх нязгоду з ідэямі, практыкай і складнікамі свайго праўлення і сваёй палітыкі…

І гэтак жа (праўда, больш мякка, як памятаю) імкнулася ўплываць на журналістаў і журналістыку і папярэдняя ўлада. І тады існаваў гэты выбар: альбо ты з прафесіяй, альбо ты з уладай. Спадзяюся, што яшчэ ў тыя часы я свой выбар зрабіў на карысць прафесіі. А таму адначасова з абраннем на вышэйшую пасаду ў краіне чалавека, які ў хуткім часе прыдумаў гэтую дзіўную формулу, я сваю тагачасную пасаду (старшыня аблтэлерадыё) пакінуў, каб выразна і адкрыта, шчыра і свядома застацца з прафесіяй. Ніводнага разу ні я сам, ні мая сям’я не пашкадавалі пра гэта. Гэта нават і не абмяркоўвалася ніколі, настолькі натуральным і адзіным магло быць і сталася такое рашэнне. Больш за тое, сын мой Віктар, не мяркуючы рабіць ніякай уласнай кар’еры, на новым павароце майго прафесійнага лёсу стаў побач: нават не столькі ў высокім значэнні гэтага слова, колькі ў самым што ні на ёсць літаральным сэнсе. Удвох мы з таго часу і далучаны да журналістыкі вольнай, незалежнай ад дзяржавы і ад іншых інстанцый. І ад тых, хто, як здавалася б, меў права намі распараджацца і нам указваць — напрыклад, заснавальнікі газеты “Ратуша”, а пасля (не стану гэтага скрываць) — і нашай гордасці і прафесійнага апраўдання нашага жыцця газеты “Тыднёвік Магілёўскі”. Любы радок у “Тыднёвіку” за ўсе 5 гадоў яго выдання я як рэдактар магу і сёння падпісаць “у свет” з чыстым сумленнем і шчырым сэрцам.

Запрашэнні ж пра вяртанне да “правільных паводзін” і да “сур’ёзнай работы” (ты ж разумны хлопец!) былі, асабліва ў першую прэзідэнцкую кадэнцыю. Яны гучалі як з вуснаў афіцыйных асоб, так і перадаваліся праз былых калег падчас “выпадковых” сустрэч з імі на вуліцы. Таксама падчас сапраўды выпадковых сяброўскіх застолляў (чалавечыя сувязі і кантакты з некаторымі з былых калег не перарваліся і дагэтуль). Праўда, і скончыліся такія запрашэнні і намёкі на іх даволі хутка, і адначасова ад усіх бакоў. З таго часу, трэба прызнацца, засталося пэўнае прыемнае адчуванне, што ніхто ўсур’ёз і не спадзяваўся на тое, што прапановы будуць мною прыняты (гэта чыталася ў вачах тых, хто запрашаў, і чулася ў іх інтанацыях). Шчыра сказаць, некаторыя калегі нават прызнаваліся ў гэтым і (вось яна, загадка чалавечай натуры!) ганарыліся маёй адмовай як сваёй…

4-6

А нарадзіўся я ў РСФСР, у 1943 годзе, у Арэнбургу (тады Чкалаў), дзе мая маці і старэйшыя брат і сястра былі ў эвакуацыі як сям’я афіцэра Чырвонай Арміі. З-за таго, што бацька, Вітольд Іванавіч, яшчэ доўгі час, да 1960 года, заставаўся ў пагонах, сям’я паваландалася па замежжы: Румынія, Украіна (тады ў складзе СССР), ГДР. У выніку мы, дзеці, змянілі ці не па 5 школ. Але затое пабачылі рознае жыццё, розных людзей, пасябравалі з рознымі аднагодкамі. Можа, ад таго і з’явілася цікавасць да журналістыкі, тады яшчэ няўцямная. Спачатку, як амаль і ўсе з нашага выпускнога класа ў магілёўскай СШ № 16, быў токарам на заводзе “Строммашына”. А вось падчас службы ў Савецкай Арміі неяк атрымаў даручэнне (як “камсамолец і выдатнік службы”, бо служыў годна, як хлопец, які вырас у ваеннай сям’і) напісаць у акруговую ваенную газету “Во славу Родины” заметку пра перамогу роднай 5-й танкавай роты ў палкавым спаборніцтве па баявой і палітычнай падрыхтоўцы. І яе, гэтую заметку, над напісаннем якой мне было дазволена некалькі вечароў затрымлівацца ў ротнай канцылярыі пасля адбою, надрукавалі. Разам з паведамленнем пра гэта і, па-мойму, з прысылкай першага ў жыцці ганарару, мне было прапанавана паступіць на завочныя курсы ваенных карэспандэнтаў пры акруговай газеце.

Гэта і была мая першая журналісцкая адукацыя, без адрыву ад “працы”. Потым такім жа метадам, ужо працуючы ў “Магілёўскай праўдзе”, куды мяне прынялі праз паўгода пазаштатнага супрацоўніцтва, я завочна закончыў у 1974 годзе факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Яшчэ адну прыступку журналісцкай адукацыі на парозе 80-х перабудовачных гадоў адолеў у сценах маскоўскай Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС.

Іншыя павароты і складнікі прафесійнай біяграфіі пакінулі тыя ці іншыя творчыя сляды на старонках “Магілёўскай праўды”, у дзейнасці і перадачах абласнога камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні, у газетах “Ратуша” і, яшчэ раз падкрэслю, у “Тыднёвіку Магілёўскім”. Шчаслівы таксама ад удзелу ў заснаванні і працы БАЖ, ад магчымасці час ад часу дзяліцца сваімі думкамі і высновамі з калегамі: раней у “Чацвёртай уладзе”, а зараз у “Абажуры”.

7

Цяпер жа ўсё, што магу і на што здольны, з радасцю і творчым стараннем аддаю (маё прывітанне тым, хто гэтым пільна цікавіцца) — на ўмовах шчырай зацікаўленасці ў праўдзе і вольным слове — першаму незалежнаму беларускаму тэлеканалу “Белсат”.