Сухій Ірына

%d1%81%d1%83%d1%85%d0%b8%d0%b9-1

З кнігі "Арытмія, альбо Код супраціву"

Некалі адзін са стваральнікаў бессмяротных “Дванаццаці крэслаў” вельмі слушна заўважыў: не трэба змагацца за чысціню, трэба падмятаць. Гераіню чарговага нарыса можна аднесці менавіта да катэгорыі тых, хто “падмятае”, бо старшыня грамадскага аб’яднання “Экадом” Ірына Сухій займаецца сваёй справай не толькі тэарэтычна, але і практычна.

Нетыповы пачатак

Сапраўды, зразумець, чаму чалавек пасля двух гадоў вучобы на архітэктурным факультэце сталічнага “палітэха” кідае ўсё і едзе ў Піцер, каб уладкавацца там звычайным дворнікам, вельмі-вельмі цяжка. Ты не менш шлях Ірыны Сухій у “самастойнае жыццё” пачаўся менавіта так.

Дакладней, ён пачаўся ў звычайным сталічным раддоме 16 ліпеня 1963 года. Нарадзілася Ірына ў “намеклатурнай” (яе слова – заўвага аўтара) сям’і. Бацька Георгій Андрэевіч быў дырэктарам ЦУМА, а маці Маргарыта Філіпаўна — загадчыцай кафедры эканомікі гандлю “наргасу”. Бацька (на жаль, з 1991 года яго з намі больш няма) нарадзіўся ў Княгініне Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, а маці родам з Масквы.

Пазнаёміліся яны ў “плеханаўцы”, то бок ў знакамітым маскоўскім “наргазе” (які носіць імя вядомага марксіста Георгія Валянцінавіча Пляханава). Ён вучыўся, Яна (нягледзячы на тое, што на 7 год маладзей) выкладала.

Старэйшы брат Ірына Іван скончыў прэстыжны Маскоўскі Дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў (МДМА). І справа не толькі ў “валасатай лапе”. Хутчэй за ўсё яна адыграла тут не самую галоўную ролю. На мой погляд, паспяховаму паступленню  паспрыялі яшчэ добрыя веды і школьны залаты медаль.

Атрымала яго і Ірына. Спачатку яна вучылася ў 103-й школе “з англійскім ухілам”, а потым аддала перавагу 19-й школе і матэматычнаму накірунку. Матывацыя жыццёвых пераменаў простая – схільнасць да матэматыкі. Яна і дазваляла Ірыне Сухій займаць на матэматычных алімпіядах даволі высокія месцы.

Пасля заканчэння менавіта гэтай школы Ірына Сухій і паступіла на архітэктурны факультэт Політэхнічнага інстытута. Для “матэматычнага складу розуму” – цалкам лагічна. Цяжка логікай успрымаецца тое, што адбылося далей.

Можна толькі спачуваць бацькам Ірыны, калі яны даведаліся пра “ўцёкі ў Піцер”: нармальнае разумнае дзіця ўсё кідае і едзе ў далёкі горад, за 800 км ад роднага дома. І гэта ўсё дзеля далёка не самага прэстыжнага выбару.

Уладкавацца дворнікам не атрымалася па той прычыне, што ў яе яшчэ не было “працоўнай кніжкі”. Пратусаваўшыўся (слова самой гераіні –заўвага аўтара) там некалькі месяцаў, Ірына Сухій вярнулася ў Мінск і стала працаваць памочнікам фатографа. То бок вучыцца абсалютна новай для сябе справе.

Пасля таго, як ёй прысвоілі адпаведны разрад, накіравалі працаваць у адно са сталічным фотаатэлье. Менавіта ў гэты момант на асабістым досведзе Ірына і зразумела сэнс фразы пра тое, што вучоба – святло, а яе адсутнасць – цемра. Прынамсі, зразумела літаральна, бо сутнасць работы Сухій заключалася ў вырабе (8 гадзін) фатаграфій з чужых плёнак. То бок восем гадзін “чырвонага святла”…

Гэта была, мабыць, галоўная прычына рашэння працягваць адукацыю. Ірына Сухій вырашыла не аднаўляцца на старым месцы, а абраць абсалютна новы “маяк”. Ім стаў філалагічны факультэт БДУ. Дакладней, “руская мова і літаратура”.

На “дзённым” дзяўчына правучылася толькі некалькі гадоў, а потым зноў усё пачала “кідаць”. З нейкімі хіпі паехала “аўтастопам” у Рыгу. Потым у Маскву, дзе яе і знайшлі бацькі. Сказаць, што яны перажылі чарговы стрэс – нічога не сказаць. Адзінае, чаго дабіліся ад дачкі, — абяцанне на гэты раз не кідаць вучобу і перавесціся на “завочнае”.

Што Ірына Сухій і зрабіла і пайшла працаваць лабарантам у фотаклуб “Мінск” (па гэты дзень месціцца побач з вядомым магазінам “Акіян”). Узначальваў яго, на жаль, ужо памерлы Уладзімір Лабко. Там была і студыя фатаграфіі, з якой выйшла шмат выдатных прадстаўнікоў сучаснага беларускага фота.

Уяўляю колькасць каментарыяў, якія суправаджаюць чытанне гэтага нарыса. Не буду ні з кім спрачацца. Адзначу толькі, што ў нашым жыцці часта агульна прымальныя каштоўнасці не з’яўляюцца самымі лепшымі… А для некаторых і галоўнымі…

І яшчэ адно назіранне. Звычайна нечага значнага ў жыцці дасягаюць тыя, хто аддае перавагу не ўтульнаму канфармізму, а крокам, якія многім падаюцца незразумелымі.

Нетыповы працяг

Падвал, у якім месціцца фотаклуб “Мінск”, добра вядомы не толькі прыхільнікам фота. У савецкія часы там збіраліся тыя, каго называлі “нефармаламі”. Да рэчы, у суседнім падвале працаваў мастаком-афарміцелем будучы складальнік “Народнага альбома”, вядомы аўтар песень Міхал Амнепадыстаў.

Што тычыцца самой Ірыны Сухій, то нельга сказаць пра выпадковасць новага захаплення, бо ў яе характары заўсёды матэматычная дакладнасць суседнічала з арыгінальным творчым падыходам. Пагадзіцеся, такі сімбіёз даволі часта дае цікавыя вынікі.

Вынікам жа існавання “нефармальнай тусоўкі” з назвай “Беларускі клімат” стала выстава ў Чырвоным касцёле, дзе тады месціўся Дом кіно. Яна складалася з фатаграфій, жывапісных работ і розных інсталяцый. Потым аналагічныя выставы адбыліся не толькі ў Мінску, але і за мяжой.

Брат Ірыны Іван скончыў у МДМА “дацкае аддзяленне” і першы раз у жыцці трапіў у гэтую краіну з нейкай “камсамольскай дэлегацыяй”. Па тых часах — пашанавала. Яны сустракаліся з дацкімі камуністамі і “левымі”, якія задумалі акцыі “Next Stop – Soviet”.

Для зашоранага светапогляду савецкіх людзей гэта было нечым суперрэвалюцыным. На што могуць адважыцца толькі замежнікі. У тыя часы нават існаваў адпаведны тэрмін – еўракамунізм.

Перад гэтым дацкія “левыя” змагаліся з ядзернай зброяй, ужо зрабілі акцыю “Next Stop – Nevada” і вельмі спадзяваліся разбурыць “жалезную заслону”. Нават хацелі зрабіць рок-канцэрт на Чырвонай плошчы Масквы. Сёння ўжо ёсць шмат падобных прыкладаў, а тады намер датчан быў успрыняты, як нешта ірацыянальнае, залюстэркавае – 1988 год.

Самае цікавае, што аднымі размовамі ўсё тады не абмежавалася. Праз некалькі тыдняў датчане купілі тур у Маскву і па прыездзе патэлефанавалі Івану, за што ў тыя часы (нягледзячы на перабудову) можна было нават страціць работу. Сярод іншага яны выказалі жаданне сустрэцца з маскоўскім “нефармальным бамондам”.

Зразумела, што ў Івана такіх кантактаў не было і ён звярнуўся за дапамогай да сястры. Так Ірына зноў завітала ў Маскву.

У наступным годзе акцыя адбылася. У Савецкі Саюз прыехала каля пяці тысяч замежнікаў, якія раз’ехаліся па ўсяму СССР. У адрозненне ад афіцыйных “фестываляў моладзі і студэнтаў”, якія гасцілі толькі ў сталіцах.

Арганізатары дайшлі нават да Гарбачова, і рок-канцэрт адбыўся-такі. Праўда, не на Чырвонай плошчы, а на Ленінскіх гарах. Аднак і гэта было сапраўдным прарывам. Без двукосся.

Напэўна, пакаленню next аўтарскі піетэт будзе незразумелым, бо сёння адносіны паміж людзьмі (у тым ліку і замежнікамі) – звычайная справа, аднак раней усё гэта было нечым экстраардынарным. Усё роўна, што з цемры падвала вывесці чалавека на яркі сонечны свет: спачатку ён будзе жмурыцца, а потым аглядацца і здзіўляцца асяроддзю.

Перабудова зрабіла з савецкімі людзьмі нешта падобнае. Да гэтага рок-музыка ўспрымалася афіцыйнай прапагандай “ідэалагічна чужой”.

Нетыповы шлях

Лагічна было б дапусціць, што Ірына Сухій абярэ далейшую фатаграфічную кар’еру, што ў матэрыяльным плане было б больш прыцягальным, але яна ў чарговы раз паламала агульнапрынятыя стэрэатыпы. Замест прывабнай у матэрыяльным сэнсе фотасправы абрала абсалютна “няхлебны” (асабліва па тых часах) “трэці сектар”.

Новае захапленне прынесла шмат новых кантактаў, паездак. Падчас адной з іх Ірына Сухій і сустрэла на вакзале Святлану Каралёву, якая хутка стала каардынатарам акцыі “Next Stop – Soviet”, што ў савецкіх умовах ператварылася ў своеасаблівы тэатральны карнавал.

Яна і стала падмуркам стварэння першай незалежнай беларускай арганізацыі “трэцяга сектара” — «Next Stop — New Live». Рэспубліканскае моладзевае грамадскае аб’яднанне з такой назвай было зарэгістравана беларускім Мінюстам 25 студзеня 1991 года.

Для ўважлівых чытачоў адзначу, што “Next Stop — New Live» сапраўды пачало дзейнічаць яшчэ ў 1989 годзе як бы “пры камсамоле” (хаця і была для яго альтэрнатывай) і афіцыйнай рэгістрацыі было непатрэбна. Праз два гады ўсё кардынальна змянілася.

Ачоліла “Next Stop — New Live” энергічная Святлана Каралёва, бо Ірына Сухій была тады ў дэкрэтным адпачынку. Калі яна зноў актыўна пачала працаваць, то спачатку курыравала “чарнобыльскія праекты”, а потым і чыста экалагічныя.

Калі пералічваць усе мерапрыемствы, якія праходзілі пад эгідай “Next Stop — New Live», спатрэбіцца вельмі шмат часу. Адзначым толькі адзін вельмі цікавы момант.

Арганізацыя ладзіла свае мерапрыемствы так гучна, што гэта было заўважана нават на самым “версе”. І новы прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка быў вымушаны прыслаць ліст з падзякай “за фестываль «Новыя твары» і актыўную грамадскую дзейнасць”.

Нетыповы выбар

З часам у рамках “Next Stop — New Live” стала крыху “цесна”, у тым сэнсе, што “немагчыма аб’яць неаб’ятнае”. У 1996 годзе паявіўся “Экадом”. У дакументах аб рэгістрацыі асобнай структуры стаяла вельмі знакавая для эколагаў (і самой прыроды) дата – 21 чэрвеня. Дзень летняга сонцастаяння.

Шчыра кажучы, шмат хто ў нашым грамадстве ставіцца да беларускіх эколагаў даволі скептычна. Маўляў, да рэйкаў перад цягнікамі сябе не прыкоўваюць і паляванню на кітоў не перашкаджаюць. З аднаго боку не пагадзіцца з гэтым цяжка. З другога – мэтазгодна такое ў нашых умовах ці не? На мой погляд, пакуль не. На жаль…

Калі я толькі пачынаў свой журналісцкі шлях, адзін з мэтраў спытаў: “Юнак, ведаеш, ад чаго гінуць дрэвы?” І сам адказаў: “Ад таго, што некаторыя называюць іх “зелеными насаждениями”.

Сёння ў беларускай сталіцы яны гінуць  і па прычыне таго, што тыя, хто называе іх “зелеными насаждениями”, яшчэ і загадваюць гэтыя дрэвы рубіць. Прыкладаў такога кшталту можна прывесці даволі многа. Дастаткова ўзгадаць толькі парк імя 40-годдзя Кастрычніка і сталічны мікрараён “Уручча”. Каб не юрыдычная дапамога (у тым ліку і “Экадома”), бензапілы там працавалі б значна больш.

Перафразіруем словы знакамітага кітайскага філосафа і адзначым, што цяжка шукаць логіку там, дзе яе няма. Ніколі не думаў, што ў краіне, якая пацярпела ад Чарнобыля, пачнуць будаваць сваю атамную станцыю. Як і не думаў, што бараніцца ад гэтага пачнуць толькі лічаныя адзінкі… Цалкам нетыповы і нелагічны выбар…

Ірына Сухій – сярод змагароў. Штраф за ліст да расейскага прэм’ера наконт будаўніцтва Астравецкай АЭС – красамоўнае таму пацверджанне. Але сумна не толькі ад гэтага. Сумна ад таго, што адным трэба супрацьстаяць уладзе, а другім не… Падобна на тое, што сёння праблемы ў людзей не толькі з экалогіяй, але і з асабістым светапоглядам….

Палітычная арытмія…

05.07.12