Ціхіня Валерый

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

З кнігі "Асобы"

СТАРШЫНЯ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА ВАЛЕРЫЙ ЦІХІНЯ 

Адразу ж падкрэслю, што наўмысна не буду выказваць сваё асабістае стаўленне да гэтага чалавека. Таму вельмі прашу не ўспрымаць мой нарыс як нейкі палітычны прысуд. Па вялікім рахунку, такое права мае толькі гісторыя. Упэўнены, Валерый Гур’евіч Ціхіня гэта добра ведае, таму і імкнецца апраўдаць свае крокі чыста юрыдычнымі нюансамі.

Але спачатку традыцыйна некалькі біяграфічных момантаў.

Валерый Гур’евіч Ціхіня нарадзіўся 1 кастрычніка 1940 года ў гарадскім пасёлку Капаткевічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння ў 1963 годзе юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта працаваў навуковым супрацоўнікам Навукова-даследчага інстытута судовых экспертыз.

У 1966 годзе яго пазвалі працаваць у пракуратуру, дзе Ціхіня быў спачатку памочнікам пракурора раёна, а потым памочнікам пракурора Мінска, пракурорам Ленінскага раёна беларускай сталіцы.

3 1974 года Ціхіня працуе ў БДУ, дзе з’яўляецца старшым выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам, дэканам юрыдычнага факультэта, прарэктарам па вучэбнай рабоце.

У 1989 годзе прызначаны міністрам юстыцыі Рэспублікі Беларусь. У наступным годзе абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і пакідае пасаду галоўнага юрыста рэспублікі.

У гэты ж перыяд яго абралі адным з сакратароў ЦК КПБ. Партыйную кар’еру Ціхіня пачаў рабіць тады, калі КПСС перажывала далёка не лепшыя часы. З новымі жыццёвымі арыенцірамі Валерыю Гур’евічу яўна не пашанцавала.

ПКБ, як вядома, жнівеньскі путч падтрымала, але ж сам путч праваліўся. І адказнасць панеслі ў першую чаргу тыя, хто тады быў на партыйнай перадавой. Калі лідара ПКБ Малафеева сцягнулі з трыбуны, то Ціхіню людзі проста не пусцілі ў будынак Вярхоўнага Савета. У Валерыя Гур’евіча здарыўся сардэчны прыступ, і дружына БНФ мусіла ратаваць яму жыццё.

Пасля гэтага выпадку Ціхіня доўга быў у шпіталі. Можа, сапраўды хварэў. Можа, вытрымліваў звычайную паўзу.

3 1991 года ён працаваў загадчыкам кафедры права Акадэміі кіравання пры Савеце Міністраў. А ў 1993 годзе стаў намеснікам Старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.

15 сакавіка 1994 года Мечаслаў Грыб падпісаў першую Канстытуцыю, а праз кароткі тэрмін Валерый Гур’евіч Ціхіня быў абраны першым старшынёй Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, дзе і адбыліся яго ўзлёт і яго падзенне.

Магчыма, гэта суб’ектыўна, але, на мой погляд, пасада старшыні КС аказалася менавіта той, да якой усё жыццё і імкнуўся Ціхіня. Супрацьстаянне паміж маладым прэзідэнтам Лукашэнка і Вярхоўным Саветам пачалося адразу ж, таму Валерый Гур’евіч станавіўся адным з галоўных людзей у краіне. Больш за тое, гэта разумеў не толькі ён, але і іншыя.

Напрыклад, калі прэзідэнт толькі пачынаў адбудоўваць сваю знакамітую “вертыкаль” і ў Закон аб мясцовым самакіраванні ўнёс пэўныя карэктывы, гэта вызвала адпаведную рэакцыю часткі дэпутатаў і яны звярнуліся ў Канстытуцыйны суд.

Першы востры юрыдычны канфлікт. А. Лукашэнка нават прыпыніў свой адпачынак у Сочы, вярнуўся ў беларускую сталіцу і асабіста прыйшоў у КС. Гутарка адбылася амаль сяброўская, калі меркаваць па тым факце, што напрыканцы ўдзельнікі нават разам сфатаграфаваліся. Ці не вынікам гэтай сустрэчы і сталася “ніякае” рашэнне КС? Такім чынам, першая перамога была атрымана яшчэ да пачатку вайны.

Але гэта не гарантавала законапаслухмянасць у далейшым. За два гады існавання таго складу Канстытуцыйнага суда А. Лукашэнка парушыў Канстытуцыю краіны 17 разоў. Разумелі сапраўдны кошт ціхінінскай пасады і апаненты прэзідэнта. Невыпадкова яны намякалі, што, калі адбудуцца новыя прэзідэнцкія выбары, В.Г. Ціхіня будзе іх кандыдатам.

У той час палітыкі толькі-толькі пачалі ўжываць моднае іншаземнае слова “піяр”, але па поўнай праграме рабілі тое, што ён азначае. Ціхіня не быў выключэннем. Ён сам прапаноўваў журналістам зрабіць з ім інтэрв’ю. Існаваў своеасаблівы “канвеер”. Успамінаю, як, выходзячы ад Ціхіні, я сустрэў у дзвярах кабінета калегу з “Белорусской деловой газеты».

Галоўная ж схватка адбылася вакол лістападаўскага рэферэндуму 1996 года. Нагадаю, што працэс імпічменту прэзідэнту, ініцыяваны часткай дэпутатаў Вярхоўнага Савета, набіраў абароты. Завяршыць яго перашкодзіў менавіта В.Г. Ціхіня.

Подпісы за пачатак працэдуры адхілення А. Лукашэнкі ад улады ў Канстытуцыйны суд прынёс былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка. Услед за ім амаль імгненна ў кабінеце Ціхіні з’явіўся кіраўнік канцэрна “Белнафтахім” Анатоль Мардашоў. Што ён сказаў Валерыю Гур’евічу, вядома толькі ім, але пасля размовы Ціхіня адразу ж накіраваўся ў прэзідэнцкую адміністрацыю. А калі вярнуўся, то прапанаваў пакуль не прымаць ніякага рашэння. Гэта не прайшло, таму што абурыліся іншыя суддзі: справа была тэрміновай. Ціхіня быў вымушаны даручыць Міхаілу Пастухову, як суддзі-дакладчыку, рыхтаваць пасяджэнне.

Гэты момант можна лічыць кульмінацыйным. Першапачаткова з Ціхінем была дамоўленасць, што імёны тых дэпутатаў, якія ініцыявалі імпічмент, застануцца невядомымі, што будзе названа толькі іх колькасць (як пацвярджэнне канстытуцыйнай абгрунтаванасці ініцыятывы). Таму можна зразумець здзіўленне суддзяў, калі яны ўбачылі ў падрыхтаваных матэрыялах прозвішчы падпісантаў. Больш за тое, нейкім чынам спіс трапіў у прэзідэнцкую адміністрацыю. Многія ўпэўнены, што гэта зрабіў Ціхіня, але мы нічога адназначна сцвярджаць не будзем. Гэта пытанне няхай застанецца для гісторыкаў.

Галоўнае, на мой погляд, не хто парушыў нормы маралі, а што было потым.

А “потым” пачалася “обработка”. Размовы, шантаж, ціск. Некаторыя “зламаліся”, але большасць засталася прынцыповай.

Тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савета Іван Крук расказваў, як кожную ноч да яго хаты пад’язджала машына і да раніцы фарамі асвятляла вокны.

Вядомы і другі выпадак: дэпутату, хвораму на рак, прапанавалі – альбо адклікай свой подпіс, альбо не будзем лячыць.

У рэшце рэшт імпічмент, прызначаны на 22 лістапада, не адбыўся, але наконт колькасці подпісаў, якія засталіся, дазволю сабе не прыняць арыфметычную логіку Ціхіні. Ён кажа, што іх засталося толькі 27. Гэта зафіксавана ў інтэрв’ю “Народнай волі” 3 верасня 2005 года.

У самым пачатку подпісаў было 73. Столькі ў Канстытуцыйны суд прынёс генерал Юрый Захаранка. Потым, дакладней пасля таго як стала зразумела, што начныя пагадненні ўлада выконваць не збіраецца, да спіса далучылі свае подпісы яшчэ два дэпутаты. Дарэчы, адзін з іх – Сямён Шарэцкі. Пасля таго як пачалі “давіць”, лік падпісантаў скараціўся, паводле слоў тагачаснага суддзі КС Міхаіла Пастухова, на 12 чалавек. Нават калі падзяліць іх на тры, што мала верагодна, ціхінеўскі вынік не атрымаецца ўсё роўна. Такім чынам, патрэбных 70 подпісаў не было, аднак лічбы, названыя Ціхінем, таксама нельга лічыць сапраўднымі.

Дарэчы, пасяджэнне КС не адбылося не па прычыне недахопу подпісаў. 21 лістапада ў Мінск прыляцелі расійскія “посредники” Чарнамырдзін, Строеў і Селязнёў. Перамовы адбываліся ноччу на Вайсковым завулку. Прэзідэнцкі бок прадстаўлялі Лукашэнка, Мясніковіч і Васілевіч, Вярхоўны Савет – Шарэцкі, Калякін і Карпенка. Апошнія былі проста шакаваны тым, што ўбачылі ў зале для перамоў Ціхіню. Валерый Гур’евіч настойваў, літаральна прымушаў Шарэцкага падпісаць пагадненне як мага хутчэй.

Раніцай Ціхіня прапанаваў сваім калегам не пачынаць імпічменту, але тыя адмовіліся. Тады ён перанёс пачатак пасяджэння, каб з Вярхоўнага Савета паспелі адклікаць подпісы. Пасяджэнне адбылося толькі ўвечары.

Далей, як вядома, пагадненне не было выканана і пагроза імпічменту ўзнікла зноў. Але Ціхіня не спяшаўся і прызначыў пасяджэнне толькі на аўторак 26-га.

24 лістапада 1996 года адбыўся рэферэндум. На наступны дзень Ярмошына хуценька падвяла вынікі. 26 лістапада Лукашэнка падпісаў Закон аб спыненні імпічменту.

Ціхіня не атрымаў нічога.

Калі яго прызначалі старшынёй Канстытуцыйнага суда, В.Г. Ціхіня абяцаў А.Г. Лукашэнку, што пры ім імпічменту не будзе. Свой абяцанак Валерый Гур’евіч выканаў.

Не буду гадаць, што канкрэтна стаіць за такімі паводзінамі, аднак некаторыя крокі даволі цяжка назваць адэкватнымі. Нават тое, як Ціхіня сыходзіў з пасады кіраўніка Канстытуцыйнага суда, выклікае шмат пытанняў.

4 снежня 1996 года ён правёў прэс-канферэнцыю, дзе сказаў, што падаў заяву аб звальненні на імя старшыні Вярхоўнага Савета, што цалкам адпавядае Канстытуцыі краіны. А на наступны дзень, 5 снежня, напісаў яшчэ адну – на імя прэзідэнта. Той вельмі хутка гэтую просьбу задаволіў і крэсла Ціхіні заняў Рыгор Васілевіч, “асабістая думка” якога заўжды супадала з намерамі ўладаў.

Напрыканцы адзначу, што Валерый Гур’евіч абсалютна меў рацыю сцвярджаць тое, што краіна ператвараецца ў нейкі прававы Чарнобыль. І ў першую чаргу таму, што той, хто павінен быў абараняць Закон, менавіта Закону і здрадзіў.