Цімошак Зінаіда

%d1%82%d0%b8%d0%bc%d0%be%d1%88%d0%b0%d0%ba-1

З кнігі "Арытмія, альбо Код супраціву"

Думаю, што існуе шмат людзей, якія лічаць, што ў беларускай апазіцыі многа “генералаў” і мала “радавых”. Гераіня гэтага нарыса менавіта “радавая” ў тым сэнсе, што не піярыцца ў СМІ, а сціпла робіць штодзённую, незаўважную працу.

На жаль, многім “правадырам” такая праца патрэбна толькі для чарговых тэлевізійных сюжэтаў.

Вясковае дзяцінства

Зінаіду Цімошак нават пры вельмі вялікім жаданні нельга назваць “столичной штучкой”. Нарадзілася яна 27 чэрвеня 1955 года ў вёсцы Аксаміты Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Апрача яе ў сям’і было яшчэ чацвёра дзяцей. Амаль усе сталі настаўнікамі, што цалкам зразумела, калі ўлічыць, што большасць іх сваякоў выкладала ў школе. Калі ўсе збіраліся за адным сталом, атрымліваўся “сямейны педсавет”.

Настаўнікамі былі і бацькі Зінаіды Цімошак. Маці Марыя Васільеўна мела “нямецкія карані”. Яе продкі сталярнічалі ў Радзівілаў. Яна выкладала геаграфію ў вясковай школе. Хадзіла на работу за пяць кіламетраў ад вёскі, дзе жыла.

Бацька Вячаслаў Іванавіч даносіў да вучняў беларускую мову і літаратуру. Падчас вайны ён быў партызанам. Захварэў і стаў інвалідам. У юнацтве сябраваў з пісьменнікам Янкам Скрыганам. Любіў слухаць радыё “Свабода” і “Голас Амерыкі”.

Шмат гадоў таму Зінаіда Цімошак расказвала мне, як сялянскія дзяўчынкі тых гадоў выраблялі для сябе лялькі – пачатак кукурузы заварочвалі ў анучкі. І любілі іх не меней, чым сучасныя дзяўчынкі любяць “Барбі”.

Інтарэсы ў дзяцінстве мела рознабаковыя. Запоем чытала кніжкі, кампаніі хлапчукоў ахвотна прымалі яе ў свае каманды падчас гульняў ў футбол і хакей. У дзяцінстве Зінаіда Цімошак часта залазіла на верхавіны дрэваў і чытала там кнігі, чым наганяла на дзяўчынак аднагодак жах.

Сямейны” выбар

Першапачаткова Зінаіда Цімошак паступала ў прэстыжны інстытут (зараз універсітэт) замежных моў, але не прайшла па конкурсу. Не хапіла палову бала.

Каля года працавала на Мінскім шарыкападшыпнікавым заводзе, дзе ёй прапаноўвалі паступаць у РТІ, а потым настаўніцкія “гены” падказалі іншы шлях – педінстытут.

Зінаіда Цімошак абрала “гісторыю і замежную мову”, бо добра ведала нямецкую. У будучым Зінаіду неаднаразова будуць выкарыстоўваць у якасці перакладчыка, а часам і гіда.

Размеркаванне атрымала ў вёску Вёска Салігорскага раёна. Праз два гады выйшла замуж за бухгалтара мясцовага калгаса, які даволі часта мяняў месца жыхарства і працу. Так яна апынулася ў пасёлку Вежы Слуцкага раёна Мінскай вобласці, дзе пражыла 19 гадоў.

Некалі аўтару гэтых радкоў пашанцавала там пабываць. Цудоўныя мясціны. Пасёлак быў пабудаваны для чарнобыльскіх перасяленцаў. З абароны іх правоў у другой палове 90-гадоў і пачалася грамадска-палітычная дзейнасць Зінаіды Цімошак.

Вясковае іншадумства

Справа ў тым, што вяскоўцам забаранялі прыватызаваць новыя кватэры, што значна пагаршала матэрыяльнае становішча. Да таго, як да далучылася Цімошак, яны беспаспяхова змагаліся ўжо тры гады.

За два месяцы жанчына прайшла разам з імі амаль усе ўладныя структуры (у тым ліку і Аміністрацыю Прэзідэнта) і зразумела, што з камуністычным мінулым у нашай краіне развітвацца не збіраюцца.

Па сутнасці, гэта стала штуршком да адкрытага змагання з мясцовай бюракратыяй, у працэсе якога Зінаіда далучылася і да палітычнай дзейнасці.

Да 1996 года жанчына жыла прыватным жыццём. Пасля разводу з мужам выхоўвала дачку, працавала ў школе. Мела шмат сялянскіх клопатаў, вырошчвала садовыя суніцы на продаж.

На прэзідэнцкіх выбарах прагаласавала за Зянона Пазьняка. Вабіла праграмма па Адраджэнню Беларусі. Выбіраючы паміж Кебічам і Лукашэнкам, зрабіла выбар на карысць цяперашняга прэзідэнта. Хацелася пераменаў. Але ўжо падчас першага з’яўлення яго на экране тэлебачання спужалася за будучыню Беларусі.

Падчас восеньскага рэферэндуму 1996 года ўласнаручна прымацавала на дзвярах школы, дзе павінна было праходзіць галасаванне, артыкул Паўла Шарамета “В Беларуси грядет “новый порядок”. Удастся ли перед ним захлопнуть дверь?”.

У разгар рэферэндуму аб наданні прэзідэнту асобых паўнамоцтваў, калі на школьнай сцэне весела спявалі і скакалі заезджыя артысты, з некалькімі аднадумцамі на кухні спраўляла трызну па незалежнай Беларусі.

Калі ў 1997 годзе пачаўся збор подпісаў за стварэнне “Хартыі”, Зінаіда Цімошак не толькі паставіла асабісты аўтограф, але і сагітавала яшчэ больш за 60 землякоў. У дапаўненне да артыкулаў Хартыі вяскоўцы дапісалі яшчэ адзін пункт – “Супраць паліцэйскай дзяржавы”.

Можна толькі ўявіць, колькі негатыўных эмоцый гэта выклікала ў мясцовага начальства. Цалкам зразумела, чаму з гэтага моманту колькасць праверак настаўніцкай дзейнасці Цімошак значна ўзрасла. Не ўлічылі яны толькі два моманты.

Першы – характар Зінаіды Цімошак. З самага пачатку сваёй працоўнай дзейнасці яна не “лебязіла” перад рознымі правяраючымі і ніколі моўчкі не “праглынала” абразы.

Другі. Гэта быў не той чалавек, які будзе трымацца “да пасінення” (на жаль, так бывае са многімі) за сваё працоўнае месца. Нягледзячы на прэссінг, працягвала на ўроках гісторыі і курса “Чалавек. Дзяржава. Грамадства” тлумачыць накірункі развіцця нашай дзяржавы.

Пасля ўвядзення кантрактнай сістэмы адбілася ад спробы звальнення “по истечению срока контракта”. Дабілася таго, што замест звальнення з ёй быў падпісаны кантракт на большую колькась гадоў, чым з іншымі настаўнікамі. Але чапляцца за школу не стала. Сказаліся нервовыя перагрузкі, і праз год пасля падпісання новага кантракта пайшла на пенсію па выслузе гадоў.

Маральна-палітычны выбар

Сказаць, што пасля падпісання “Хартыі-97” Зінаідзе Цімошак было цяжка працаваць, — значыць нічога не сказаць. Не проста цяжка, а вельмі цяжка. Асабліва, калі ўлічыць той момант, што вёска лічыцца традыцыйным апірышчам дзейнага прэзідэнта. А тут такое “выключэнне”…

Больш за тое, пасля падпісання аднаго з самых вядомых апазіцыйных дакументаў Зінаіда атрымала па пошце пагрозы фізічнага знішчэння. Невядомыя аўтары пагражалі, што “ёй вынесены прысуд. У адказ яна ўступіла ў адну з самых вядомых апазіцыйных структур – Аб’яднаную грамадзянскую партыю, у шэрагах якой прабыла да 2001 года.

Для ўлады гэта была аплявуха, якую не даруюць і не забываюць. На мой погляд, менавіта ў той час першы раз мясцовыя чыноўнікі добра запомнілі прозвішча Цімошак. Запомнілі, каб “вярнуць “пазыку” праз 15 год…

У працяг падобных “аплявух” можна дадаць і актыўны збор подпісаў у падтрымку Міхаіла Чыгіра на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года, узначальванне ініцыятыўнай групы яго жонкі на парламенцкіх выбарах у Слуцку ў 2000 годзе.

Калі ў 2001 годзе з’явіўся адзіны апазіцыйны кандыдат у прэзідэнты, кіравала яго агітацыйнай і наглядальнай кампаніяй у Слуцкім раёне. Пад яе кіраўніцтвам актывісты пабывалі і пагутарылі з людзьмі амаль ва ўсіх вёсках Слуцкага раёна.

Пасля актыўна удзельнічала ў зборы подпісаў за Зянона Пазьняка, за падтрыманне беларускай мовы на дзяржаўным узроўні.

І увогуле, Зінаіда Цімошак прымала (у розных якасцях) удзел ва ўсіх выбарчых кампаніях. А гэта больш, як дзесяць год.

Надзвычайнае здарэнне  мясцовага масштабу

Адбылося яно летам 2009 года.

На той час Зінаіда Цімошак цалкам пераключылася на грамадскую дзейнасць. Дакладней, на тую яе частку, якая датычыцца непасрэдна вырашэння штодзённых людскіх праблем. Маюцца на увазе ямы на дарогах, лямпачкі ў пад’ездах, рамонт дамоў, судовыя працэсы і да т.п.

Як і трэба было чакаць, чыноўнікі розных узроўняў не на жарт нерваваліся, калі на канвертах бачылі Зінаіды не па-настаўніцкаму дробны почырк. І як радаваліся, калі бяда здарылася менавіта ў яе.

У той дзень дома яе не было. В падвале дома прарвала трубу і чорная вада з мазутам затапіла двухпакаёвую кватэру Цімошак, якая месцілася на першым паверсе. Шкада, што Казімір Малевіч намаляваў свой знакаміты “Чорны квадрат” значна раней. У той дзень у слуцкім пасёлку “Вежы” для яго таленту была вельмі красамоўная “натура”…

Аднак чорны колер мазуту не ўся бяда, якая звалілася (дакладней, паднялася) на галаву Зінаіды Цімошак. Высветлілася, што ў нас, як заўсёды, няма “крайніх”.

І справа не толькі ў тым, што жыллёва-камунальныя гаспадаркі любяць атрымліваць грошы і ні за што пры гэтым не адказваць. З падвала шматпакутнага дома ўсплыло не тое, што ў тэкстах часта абазначаюць шматкроп’ем, а вельмі “ВЯЛІКАЯ ПАЛІТЫКА”.

Аказваецца, у апошнія гады прыгожы “чарнобыльскі” пасёлак стаў паказушным аграгарадком. То бок з балансу мясцовага калгаса яго знялі, а афіцыйнага новага гаспадара не прызначылі. І ніхто да здарэння з парывам трубы пра гэта не памятаў. Альбо не хацеў памятаць…

Пераказваць далейшыя падзеі няма сэнсу па той прычыне, што друкаваныя словы пра выратавальнае “адно акно” і “сацыяльную справядлівасць” у нас можна ўбачыць ТОЛЬКІ ў дзяржаўных газетах і пачуць ТОЛЬКІ па дзяржаўнаму тэлебачанню…

Тым не меньш праваабаронца здолела сябе абараніць праз суд і атрымаць кампенсацыю матэрыяльных і маральных стратаў…

Церні забытых могілак

Напрыканцы 2009 года Зінаіда Цімошак была вымушана перабрацца ў Слуцк. З гэтага моманту пачалося яе гарадское жыццё. Хаця (як і раней) у вёсках яна бывае даволі часта. Людзям трэба дапамагаць. І не толькі жывым.

Адзін пералік апошніх яе спраў (у большасці грамадзянска-праваабарончага кшталту) зойме даволі шмат плошчы, таму я спынюся толькі на тым, што стала прычынай непрыемнасцей апошняга часу. Гутарка пра могілкі. Дакладней, пра тое, у якім стане тыя знаходзяцца.

Зінаіда Цімошак лічыць, што адносіны да продкаў – гэта адзін з паказчыкаў культурнага стану грамадства. Дзякуючы кампаніі “Кветкі замест асоту”, пад патрабаваннем аб прывядзенні беларускіх вясковых могілак у парадак у Слуцку было сабрана больш за 3000 подпісаў, а у краіне — больш за 5000.

У выніку ўсе аблвыканкамы атрымалі даручэнне ад Міністэрства ЖКГ навесці парадак на месцах пахванняў і па магчымасці пачаць выконваць Закон аб пахаваннях: стварыць спецыялізаваныя брыгады альбо перадаць вясковыя могілкі на баланс ЖКГ.

Аднак, ў Слуцку ўлады не выконвалі Закон аб пахаваннях па-ранейшаму. Зачыненыя старажытныя могілкі, якія знаходзяцца амаль што ў цэнтры горада і займаюць 5,6 гектараў, улетку выглядаюць жудасна. Магілы, што зараслі хмызняком і бур’янам (у тым ліку і паэта-дэмакрата Альгерда Абуховіча), шакавалі многіх, але толькі Зінаіда Цімошак вырашыла зняць з павесткі дня гэту праблему канчаткова.

Усе спробы навесці там парадак з 2008 года з дапамогай уладаў былі безвыніковымі. Мала вынікаў даў і суд па гэтай праблеме. Таму, калі ў раённым Савеце дэпутатаў прапанавалі Зінаідзе Цімошак “правесці суботнік”, яна ўбачыла ў гэтым рэальнае “святло ў канцы тунелю”.

Напэўна, нехта разлічваў, што гэта яе спыніць, але  ў нашым выпадку ён паспяшаўся. Зінаіда Цімошак не толькі не адступілася ад сваёй ідэі, але і вырашыла засяродзіць на ёй як мага больш увагі. Паколькі менавіта раённы Савет дэпутатаў мог дапамагчы фінансаванню ўпарадкавання могілак, яна запрасіла на мерапрыемства 25 дэпутатаў раённага Савету, напісала ліст з просьбай аб арганізацыі суботніка старшыні раённага Савета, размясціла адпаведную аб’яву ў Інтэрнэце.

1 кастрычніка 2011 года на слуцкіх могілках адбыўся незапланаваны (экстраардынарная рэдкасць) уладамі суботнік. Апошнія (як амаль заўсёды) яго дэманстратыўна праігнаравалі, а вось грамадскія актывісты адной з вядомых структур так званага “трэцяга сектару” прынялі такі актыўны ўдзел, што ён і скончыўся судовымі “разборкамі”.

Для кожнага з дэпутатаў (слуцкае ЖКГ сказала пра адсутнасць лапатаў, якімі патрэбна было раскопваць звалкі) актывісты грамадзянскай кампаніі “Наш дом” з іншых гарадоў прывезлі па лапаце, якія з часам ператварыліся ў рэчы “падобныя да крыжоў”.

Шмат чуў пра тое, што ў многіх прадстаўнікоў беларускай апазіцыі гэта выклікае толькі адмоўную рэакцыю, але мне не хацелася б быць тут суддзёй. Як кажуць, што зроблена, то зроблена.  Тым больш, што далей у гэтай гучнай гісторыі будуць і сапраўдныя суддзі.

Дэпутаты на суботнік не прышлі, а пасля напісалі адпаведныя заявы ў мясцовы РАУС, дзе саставілі адміністрацыйны пратакол. 25 лістапада 2011 года адбыўся адміністрацыйны суд, які пакараў Зінаіду Цімошак штрафам у памеры 700 000 беларускіх рублёў.

Некаму гэтага паказалася мала, і чацвёра “народных выбраннікаў” вясной 2012 года зноў звярнуліся ў суд. Трое прасілі кампенсаваць іх “маральныя страты” 5 мільёнамі рублёў, а адзін запатрабаваў 7 мільёнаў. У судзе гэтыя вялікія сумы ператварыліся зноў у 700 000.

І нікога не засмуціў той факт, што засудзілі “без віны вінаватую”, а міліцыянты, якія прысутнічалі на могілках, перашкаджаць “правапарушэнню” ўвогуле не сталі і не склалі ніякіх адміністрацыйных пратаколаў.

Аднак зараз я хачу сказаць не пра гэта, бо, якую нішу ў нашым грамадстве сёння займаюць суды, і так добра вядома.

Уразіла, што тыя, хто па сутнасці “падставіў” Зінаіду Цімошак, не сталі дзейнічаць па агіднаму прынцыпу “ я не я, і кабыла не мая”. Больш за тое, прама ў судзе засведчылі сваю прыналежнасць да інцыдэнту. У дадзены момант ідуць розныя “касацыі”, таму я не буду пакуль называць канкрэтных назваў і прозвішчаў. Але з задавальненнем гэта зраблю, калі будзе пастаўлена канчатковая кропка.

Калі нехта думаў, што судовы пераслед спыніць былую сельскую настаўніцы, ён зноў банальна памыліўся. Як спявалі ў адной савецкай песні, “и вновь продолжается бой”. Да і не магло быць інакш, бо, як вядома, бітвы выігрываюць не генералы, а радавыя…

23.06.12

%d1%82%d0%b8%d0%bc%d0%be%d1%88%d1%8b%d0%ba-5 %d1%82%d0%b8%d0%bc%d0%be%d1%88%d1%8b%d0%ba2 %d1%82%d0%b8%d0%bc%d0%be%d1%88%d1%8b%d0%ba3 %d1%82%d0%b8%d0%bc%d0%be%d1%88%d1%8b%d0%ba4