Ткачоў Міхась

%d1%82%d0%ba%d0%b0%d1%87%d0%b5%d0%b2

З кнігі "Асобы"

МІХАСЬ ТКАЧОЎ – ВУЧОНЫ І ПАЛІТЫК

Падрыхтавана да друку  05.02. 2008 

Восенню 2006 года ў Гродне распачалася так званая рэканструкцыя. Галоўны інструмент гэтай “рэканструкцыі” – бульдозер. Больш дакладна сказаў на гэты конт кандыдат гістарычных навук, вядомы археолаг, старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы” Алег Трусаў: “Гістарычныя помнікі знішчаюцца перш за ўсё ў тых гарадах, дзе спіць грамадская свядомасць. У канцы 1980 Гродна было цэнтрам нацыянальнага адраджэння. Пакуль дзейнічаў гісторыка-культурны клуб “Паходня” на чале з Міхасём Ткачовым, пакуль Аляксандр Мілінкевіч на пасадзе віцэ-мэра курыраваў пытанні культуры, усё было нармальна. Ткачоў памёр, “Паходня” распалася, Мілінкевіч заняўся палітыкай…”

Нарадзіўся Міхась Аляксандравіч Ткачоў 10 сакавіка 1942 года ў горадзе Мсціслаў Магілёўскай вобласці. У гэтым жа годзе загінуў пад Ленінградам яго бацька. Гадавалі хлопчыка маці і айчым. Мсціслаўскую дзесяцігодку № 3 Міхась скончыў з трыма чацвёркамі і падаў дакументы на гістарычны факультэт БДУ.

Але якраз у той год Міністэрства адукацыі праводзіла чарговы эксперымент: школьнікі, якія не мелі двух гадоў працоўнага стажу, першы курс мусілі вучыцца завочна. Міхась жа меў стажу толькі 14 месяцаў: “набраў” ён іх падчас школьных канікулаў, працуючы ў мясцовай цагельні штогод, пачынаючы з шостага класа. 10 месяцаў не хапала, таму пасля таго, як стаў студэнтам, вярнуўся дадому і ўладкаваўся на працу ў прыгарадны калгас імя Варашылава. Абганяў бульбу, вазіў салому, вывозіў з цялятніка гной на поле.

Ткачоў быў сакратаром калгаснай камсамольскай арганізацыі, а раённы камсамол узначальваў Аляксей Камай. У будучым, калі апошні будзе другім сакратаром ЦК КПБ, яны з Ткачовым стануць ідэйнымі праціўнікамі.

Гісторыя, як выбар прафесіі, была для Міхася не толькі поклічам таленту, але і спосабам рэалізацыі ідэй беларускага нацыянальнага адраджэння, культурнага і дзяржаўнага. Юнак шмат чытаў, і сярод россыпаў гістарычных звестак, хаця і старанна прасеяных праз савецкае інтэрнацыянальнае ідэалагічнае сіта, трапляліся і нацыянальныя зярняткі. Свой уплыў аказала і гісторыя роднай Мсціслаўшчыны, якой ён, дарэчы, прысвяціў і сваю дыпломную работу. Абараніў на выдатна.

Менавіта ў студэнцкія гады і склалася вакол Ткачова тое ядро нацыянальна свядомых інтэлектуалаў, якое з першымі пробліскамі перабудовы стане актывістамі новай адраджэнскай хвалі. Разам з імі ён будзе ствараць клуб “Паходня”, Беларускі народны фронт, Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду.

Яны не рыхтавалі рэвалюцыю, не будавалі планаў захопу ўлады. Звычайнае нефармальнае кола сяброў, свайго роду асветніцкі гурток з вельмі абачлівым прыцягненнем новых сяброў па крытэрыях не толькі асабістых сімпатый, але і схільнасці да ўспрыняцця ідэй нацыянальнага адраджэння. Найперш праз веданне гісторыі, якую вывучалі з шырокім выхадам за межы праграм, адшукваючы дзе толькі можна кніжкі, што былі пад забаронай з канца 20-ых гадоў (таго ж Вацлава Ластоўскага, Усевалада Ігнатоўскага ды іншых). Аднак доўгатэрміновую задачу – для сябе і нашчадкаў – ужо тады сфармулявалі са здзіўляючай дакладнасцю: праз асвету, праз уваходжанне нацыянальна свядомых людзей у дзяржаўныя і партыйныя структуры рыхтаваць і ажыццяўляць перамены эвалюцыйным шляхам. Цікавая дэталь: згодай на прапанову аб уступленні ў шэрагі КПСС Міхась Ткачоў адказаў толькі пасля парады з сябрамі гуртка.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Міхась Ткачоў быў размеркаваны ў Жодзіна, на ўскрайку якога якраз пабудавалі новую школу для саўгаса “Зарэчча”. На пяць гадоў яна і стане для яго роднай: выкладаў гісторыю, загадваў вучэбнай часткай. Малады, высокі, спартыўны, камунікабельны. Любімы вучнямі, паважаны калегамі.

Гуляў за зборныя па валейболу і баскетболу, удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці – спяваў, танцаваў, граў на гармоніку і нават складаў надзённыя прыпеўкі. Там ажаніўся, там у Ткачовых нарадзіўся сын. Быт? Звычайны, савецкі. Маладая сям’я з трох чалавек месцілася ў прышкольнай старожцы (тры чалавекі на адзінаццаці квадратных метрах).

Але матэрыяльна, па тых жа савецкіх мерках, Міхась забяспечваў сям’ю на прыстойным узроўні. Зарплата завуча, плюс лекцыі па палітэканоміі на бухгалтарскіх курсах і лекцыі па філасофіі для вячэрнікаў філіяла БПІ. Здавалася, трывала ўвайшоў у жыццёвую каляіну, з якой мала хто з настаўнікаў вырываўся. Міхась вырваўся. Вялі мэта і мара, талент і характар, які патрабаваў руху, справы, новых дарог, штурму новых вяршынь.

Таму зразумела яго і жонка, калі ён вырашыў ісці ў аспірантуру, хаця, вядома ж, сто аспіранцкіх рублёў не натхнялі. Кандыдацкі мінімум Міхась здаваў у Акадэміі навук. Чаму не ў родным БДУ? Туды яго не пусціў сумна вядомы Лаўрэнцій Сямёнавіч Абэцэдарскі, які на той момант быў загадчыкам кафедры гісторыі Беларусі. Гэту прычыну назваў сам Ткачоў у 1991 годзе, калі даваў інтэрв’ю для кнігі “Іншадумцы”.

У 1968 годзе Ткачоў стаў супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. З напісаннем і абаронай кандыдацкай дысертацыі ён уклаўся, рэдкі выпадак, дакладна ў тры гады. Абраў археалогію і ніколі з ёй не развітваўся, літаральна да апошняга дыхання. Яна прынесла яму аўтарытэт і вядомасць не толькі ў асяродку навукоўцаў. Кнігі Ткачова “Замки Белоруссии” (Мн., 1987), “Замкі і людзі” (Мн., 1991), па сутнасці навуковыя манаграфіі, зрабіліся бестселерамі. Без штучнай актуалізацыі, выключна на гістарычнай аснове ён здолеў увесці старажытныя замкі ў кантэкст сучаснага жыцця, пераўтварыць іх у інтэлектуальныя цытадэлі новай хвалі беларускага адраджэння.

З працай у Акадэміі навук у Міхася Іванавіча Ткачова было ўсё ў поўным парадку. А вось з жыллём, як і ва ўсіх (акрамя наменклатуры) савецкіх людзей, праблемы – чарга гадоў на дзясятак, а то і больш.

Таму, калі ў 1978 годзе ў Гродне адкрыўся ўніверсітэт, і Ткачову прапанавалі там месца выкладчыка, гэта і стала рашаючым фактарам. Восенню Ткачоў з сям’ёй пераехаў у Гродна: дацэнт, прафесар, а ў 1983 годзе – загадчык кафедры.

Як гісторыку, Міхасю Ткачову вельмі спадабаўся старажытны беларускі горад Гродна, які ён называў музеем пад адкрытым небам. Засмучала толькі, што самі жыхары вельмі дрэнна і павярхоўна ведалі гісторыю свайго горада. З’ява, на жаль, даволі распаўсюджаная і для сённяшняй Беларусі. Але калі нехта называе беларускі народ манкуртамі, хай задумаецца над прычынамі. Стагоддзі мэтанакіраванай, на ўзроўні дзяржаўнай, палітыкі вынішчэння і скажэння гістарычнай памяці дарэмна не праходзяць. А рэанімацыя памяці патрабуе часу.

Менавіта ў Гродне Ткачоў бліжэй пазнаёміўся з прыгаданым вышэй былым дэпутатам Вярхоўнага Савета РБ Алегам Трусавым. Разам яны зрабілі адкрыццё: падчас археалагічных раскопак вучоныя прыйшлі да высновы, што дзяцінец старажытнага Гродна быў абведзены мурам яшчэ ў XII стагоддзі, што з’яўляецца проста ўнікальным для тых часоў.

І зноў гістарычная асвета паўстала для Міхася Ткачова як сучасная задача. Але ўжо на іншым узроўні. Вучоны стварае сваю знакамітую “Паходню”, клуб, які аб’яднаў шырокае кола аматараў беларускай даўніны. Цікава, што ў мясцовым гаркаме партыі гэтую назву пераклалі на рускую, як “странники”, а Ткачова разам  выклікалі “на ковер”. Там і высветлілася, што слова “Паходня” таксама з гістарычнай скарбніцы і нясе ў сабе зусім не той сэнс, які так спужаў партыйную наменклатуру. Хаця, як высветлілася пазней, куды больш небяспечны – факел, агонь, які асвятляе шлях.

З-за гістарычнай спадчыны і яе захавання ўзнікла і судовая справа Ткачова. Галоўны архітэктар Гродна падаў на яго ў суд “за клевету на органы Советской власти”. Далёка не ўсе памятаюць, у чым яе сутнасць. І, на мой погляд, дарэмна.

Сёння ў Гродне адбываецца амаль тое, за што ў мінулым стагоддзі хацелі судзіць Ткачова. Справа ж была ў тым, што за кошт так званай швейцарскай даліны, якая з’яўляецца гістарычнай часткай горада, чыноўнікі надумалі зрабіць велічную плошчу Леніна, дзе планавалася ўзвесці новы гаркам партыі.

Гісторыкі рашуча паўсталі супраць. І перамаглі. А што будзе зараз, стане зразумелым у бліжэйшы час. Адназначна толькі тое, што “бульдозерная рэканструкцыя” не спрыяе росту павагі да мінулага нашай краіны. Зноў спашлюся на словы Алега Трусава: “… Пакуль у Гродне не адродзяць “Паходню”, пакуль не паявіцца нефармальны лідар, а мясцовая інтэлігенцыя не пачне сістэматычнаю работу з насельніцтвам, ніякіх зменаў не будзе. Сёння вучні Ткачова – прафесары ўніверсітэтаў. Яны павінны першымі біць трывогу”.

Знакамітыя “Дзяды-88” каталізавалі працэс стварэння Беларускага народнага фронту “Адраджэнне”. У мінскім Доме кіно, які ў тыя часы быў у чырвоным касцёле, стварылі не толькі “Мартыралог Беларусі”, але і аргкамітэт БНФ. Міхась Ткачоў прыехаў для гэтага з Гродна, таму што не мог не прыехаць. Дэ-факта ён быў яшчэ ў КПСС, але дэ-юрэ з’яўляўся ідэалагічным праціўнікам кампартыі.

У год стварэння БНФ адбыліся выбары народных дэпутатаў СССР. Міхася Ткачова вылучыў працоўны калектыў вядомага аб’яднання “Азот”, але з-за хваробы прыняць у іх удзел ён не змог. Сутнасць “хваробы” тлумачылася вельмі проста: Ткачова моцна пабілі ў пад’ездзе. Зразумела, як заўсёды, “невядомыя”. Не будзем гадаць, хто імі кіраваў, аднак перамог тады будучы першы сакратар абкама кампартыі Сямёнаў.

Але вятры перамен ужо мацнелі. Вядомасць і аўтарытэт Міхася Іванавіча Ткачова ўжо дасягнулі дзяржаўнага маштабу. Разам з тым, яго разважлівасць, стрыманасць, разуменне палітычнай сітуацыі з перспектыўным прадбачаннем яе развіцця, майстэрства дыпламатыі не палохалі радыкалізмам слабеючую савецкую наменклатуру. У 1989 годзе Ткачову прапануюць вярнуцца ў Мінск і ўзначаліць рэдакцыю гісторыі Беларусі выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”. У красавіку 1992 года ён становіцца галоўным рэдактарам выдавецтва. І менавіта на “часы Ткачова” прыпадае час найлепшых дасягненняў энцыклапедыі, якая пазбаўляецца ідэалагічнага адбітку, цэнзуры і набліжаецца да прынятых міжнародных стандартаў – па крытэрыях усебаковасці, аб’ектыўнасці і факталагічнай дакладнасці.

У 1989 годзе ў Вільнюсе адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту, дзе Міхася Ткачова, як аднаго са стваральнікаў руху, абралі намеснікам старшыні БНФ “Адраджэнне”.

Ён яшчэ паспеў спрычыніцца і да справы стварэння шматпартыйнай дэмакратычнай сістэмы ў Беларусі. У сакавіку 1991 з яго ініцыятывы і яго з аднадумцамі высілкамі адраджаецца беларуская сацыял-дэмакратыя, ствараецца Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. Партыя, якую ў 1918 годзе знішчылі бальшавікі. Міхась Ткачоў стаў старшынёй Цэнтральнай рады БСДГ. Яшчэ паспеў сфармуляваць, выказаць і нават ініцыяваць ідэю аб’яднання ўсіх палітычных сіл сацыял-дэмакратычнай скіраванасці (у прыватнасці з Партыяй народнай згоды, якую ўзначальваў тады Генадзь Карпенка), але не паспеў узяцца за справу.

31 кастрычніка 1992 года Міхась Ткачоў нечакана для ўсіх памёр. Нечакана, бо мала хто ведаў пра яго даўнюю хваробу нырак, бо нават блізкім сябрам ніколі ні на што не скардзіўся і працаваў як апантаны, без перадыху.

Развітваліся з ім 3 лістапада ў Доме літаратара. На развітанне прыйшлі тысячы людзей, што сведчыць аб вялікай павазе і любові да гэтага сапраўднага патрыёта Беларусі.

Яму было толькі 50, але колькі ж паспеў! Толькі падрыхтаваныя ім навуковыя і публіцыстычныя работы яшчэ выходзілі некалькі гадоў. У 1994 годзе свет пабачыла пасмяротнае выданне кнігі Міхася Ткачова пад такой роднай і сімвалічнай назвай “Паходня”.

Ён паспеў запаліць сваю паходню, паспеў пабачыць рэалізацыю сваёй мары аб свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. І паспеў закласці ў яе падмурак такія важкія камяні, што няма сумніву: адкат, адыход ад гэтага шляху – часовая з’ява.